Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(7)/1999
На кніжнай паліцы

ЭНЦЫКЛІКА FIDES ET RATIO
Юбілей святарства
Сведчанне

«ПРАЗ ТУНЭЛЬ НАДЗЕI»
Мастацтва

ЦУДОЎНАЯ МАЦІ З БОРУ
Роздум аб веры

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Постаці
Пошукі і знаходкі
Нашы святыні

ЗАНЯДБАНАЯ СВЯТЫНЯ
Навука

СВЯТАСЦЬ ЮЗАФА З НАЗАРЭТА
Паэзія

ВЕРШЫ
Пошукі і знаходкі

ЗНАК АСАБЛIВАЙ ПАШАНЫ
Проза

ХЛЕБ. АПАВЯДАННЕ
Архітэктура
Haereditas
Традыцыя

ВІЛЕНСКІЯ ПАЛЬМЫ

Мікола КУПАВА

РАМАНТЫЧНАЯ ЗАГАДКА БЕЛАРУСКАЙ КУЛЬТУРЫ

М. Купава. Аршанскі замак на пачатку ХVІ ст. Спроба рэканструкцыі.
У 1398 годзе, паводле меркаванняў некаторых беларускіх гісторыкаў, быў закладзены Аршанскі замак. Гэтую дату лічыў пачаткам будаўніцтва адной са стратэгічных і буйных фартэцаў на ўсходзе Вялікага Княства Літоўскага вядомы беларускі навуковец доктар гістарычных навук Міхась Ткачоў. Значыць, мы толькі што былі сведкамі унікальнага 600-гадовага юбілею Аршанскага замка? Іншыя даследчыкі Оршы лічаць, што Аршанскі замак пачалі будаваць значна раней, у першай палове ХІV стагоддзя за вялікім князем Альгердам. Такой думкі трымаюцца навукоўцы Ю.Драгун, І.Слюнькова і В.Ляўко. Старажытная гісторыя Оршы, такая загадкавая і рамантычная, змушае нас зазірнуць у тыя далёкія часы і паспрабаваць разгадаць гэткую дзіўную загадку з’яўлення Аршанскага замка. Але ці толькі з нагоды вялікага юбілею мы згадваем пра такую значную з’яву і звяртаем свае думкі і позірк за далягляд нашай памяці?

У цывілізаваным грамадстве айчынная гісторыя і нацыянальная спадчына — неад’емная частка духоўнага і культурнага жыцця народа, яго штодзённы клопат і натхненне, прадмет вывучэння і папулярызацыі. Гэта тады, калі помнікі нацыянальнай спадчыны не парушаны і іх не толькі можна ўбачыць, але і дакрануцца рукой. Гэтак можна зрабіць у Рыме і Парыжы, у Вільні і Гародні, у Нясвіжы, Лідзе, Міры і іншых гарадах і мястэчках. Аднак ці шмат жыхароў Оршы ведаюць, дзе быў замак? А ці мала выпадкаў, калі народ, апантаны ідэяй адраджэння, аднаўляў з падмуркаў замак або гістарычны цэнтр горада? Гісторыя можа даць нам унікальныя і павучальныя ўрокі.

Час заснавання Оршы губляецца ў сівой мінуўшчыне — у бронзавым і жалезным вяках, — але мае зусім канкрэтныя межы і месца. Будаўніцтва Аршанскага гарадзішча пачалося з умацавання дзядзінца на мысе пры ўпадзенні рэчкі Аршыцы ў Дняпро. Менавіта тут на маленькім кавалку зямлі нашыя продкі сталі ўзводзіць першае ўмацаванае паселішча, якое займала тэрыторыю прыблізна 0,57 гектара. На фоне гэтых звестак 900-гадовыя юбілеі горада выглядаюць, мякка кажучы, дзіўна...

Мост праз канал, які вядзе на замчышча.
Збудаваны ў 1902 г.
Горад будаваўся і рос. Надышоў новы час, новыя гістарычныя варункі — ХІV стагоддзе. Новая дзяржава на тэрыторыі Беларусі — Вялікае Княства Літоўскае — умацоўвала свае межы. Усходнія землі ўжо адчувалі пагрозу з Масквы. Надзённай справай стала трывалае ўмацаванне ўсходнебеларускіх гарадоў. Будаваліся гарадскія ўмацаванні, замкі і інкастэляваныя храмы ў Смаленску, Магілёве, Мсціславе, Полацку, Віцебску, Быхаве, Крычаве, Оршы, Дуброўне і г.д. За вялікім князем Альгердам да Аршанскага гарадзішча прырошчваюцца тэрыторыі напольнай часткі горада і будаўніцтва замка пашыраецца ўжо на тэрыторыі 3,15 га; прычым старажытнае гарадзішча становіцца складовай часткай новага замка. Аршанскі замак атрымаў своеасаблівае архітэктурнае рашэнне: у яго будаўніцтве часткова прымяняліся драўляныя канструкцыі, а часткова — каменная муроўка. Сцены таўшчынёй да 1 сажня і вышынёй звыш 3 сажняў выкладваліся з дзікага каменю. Быў пракапаны новы канал, які злучыў Аршыцу з Дняпром і такім чынам павысіў абароненасць замка з усходу. Аршанскі замак узводзіўся ў надзвычай выгаднай тапаграфічнай сітуацыі. З поўдня ён быў цалкам абаронены водамі шырокага і хуткаплыннага Дняпра, з захаду і поўначы — Аршыцай, а з усходу яго абараняў ужо згаданы намі глыбокі штучны канал. На вытоку канала з Аршыцы ўзвышалася галоўная вежа замка — уязная, — у якую траплялі двума шляхамі: мостам праз Аршыцу або мостам праз канал. У вежы было тры брамы — дзве ўязныя, а трэцяя вяла непасрэдна ў замак. Усяго Аршанскі замак меў 5 вежаў.

Вялікі князь Альгерд.
У 1368, 1370, 1372 гадах Альгерд выпраўляўся на Маскву і прыязджаў адтуль з перамогай. Не выключана, што Аршанскі замак быў месцам збораў войска вялікага князя перад важнымі вайсковымі паходамі.

Новую рэканструкцыю замка ажыццяўляў вялікі князь Вітаўт. Па сутнасці ў гэты час (1398 г.) замак узводзіўся наноў. Яго будаўніцтва вялося з улікам стратэгічнага размяшчэння крэпасці. На запрашэнне вялікага князя Вітаўта ў будаўніцтве замка браў удзел майстар-муляр з Каралеўца (Кёнігсберга). Замак будаваўся доўга, і кожная эпоха дадавала да аблічча фартэцы новыя штрыхі і свае адметнасці. У канцы ХV — пачатку ХVІ ст. за вялікім князем Аляксандрам Казіміравічам адбываўся наступны этап будаўніцтва Аршанскага замка. Яго сцены звонку абмуравалі каменем (вежы да сярэдзіны, на адзін паверх былі таксама выкладзены з каменю). Знутры муры ўмацавалі дадатковымі гароднямі. На вежах і мурах зрабілі «абланкі», з якіх было зручна весці агонь.

Аршанскі замак ХVІ ст. беларускі даследчык, гісторык і археолаг З.Даўгяла лічыў адзіным прыкладам падобных архітэктурных формаў у крапасным дойлідстве Беларусі.

Апошняя рэканструкцыя замка была ажыццёўлена на пачатку ХVІІ стагоддзя. Замкавыя муры надбудавалі і завяршылі цаглянымі зубцамі, усе вежы вымуравалі з каменю. У браме галоўнай вежы на ўездзе стаяла вялікая бронзавая гармата. На другім паверсе знаходзілася меншая, жалезная. Брама мела сістэму запорных умацаванняў, зачынялася «ўзводам» — пад’ёмным мостам.

У вежах з боку Дняпра меліся гарматы. Баявыя галерэі ўздоўж муроў былі таксама ўмацаваныя гарматамі. У галоўнай вежы вісеў вялікі звон, у які званілі падчас небяспекі. Перыметр мураванага замка складаў 354 м. У замку размяшчаліся бажніца, вялікакняскі палац даволі значных памераў з жылымі і гаспадарчымі карпусамі і агародамі, двары старасты і ваяводы, а таксама дамы гараджанаў і вайсковы гарнізон: 11 дамоў «зямянскіх»; 8 мяшчанскіх і 9 жаўнерскіх.

У 1593 г. Аўстра-Вугорскі амбасадар Мікалай Варкач пісаў у сваім дзённіку: «...рана прыехалі ў Оршу: гэта вельмі абшырны горад, ляжыць на дзвюх рэках Аршыцы і Дняпры, там ёсць каралеўскі, зрэшты драўляны замак, які, напэўна, значная каменная крэпасць, і лічыцца моцнай...». У гэтым жа годзе маскоўскі дзяк Т.Карабейнікаў занатаваў, што «городок Орша каменный, стоит на реке Непре на берегу с Литовской стороны, а верхний бой на стене и башнях деревянный».

М. Купава. Вялікі князь Вітаўт. Акварэль.
Каля 1620 г. Аршанскі замак быў цалкам збудаваны. Мяркуючы па звестках, якія данесла нам гістарычная літаратура, вышыня муроў каменнага замка дасягала 5,3—8 метраў, а таўшчыня — 2 метраў. Гэта быў дзяржаўны замак з рэзідэнцыяй вялікіх князёў і ў далейшым каралёў Рэчы Паспалітай двух народаў. З самага пачатку будаўніцтву замка асаблівую ўвагу надавалі беларускія манархі Альгерд, Вітаўт, Аляксандр, Жыгімонт ІІІ і іншыя вялікія князі. Брук Аршанскага замка памятае цокат коней гэтых дзяржаўцаў і іншых палкаводцаў. Замак найчасцей быў непрыступны і, трывала захоўваючы традыцыю свайго папярэдніка, — старажытнага гарадзішча — не раз вытрымліваў аблогі. Ужо ў 1367 г. яго не пасмелі браць кіеўскія князі, а ў 1397 г. горад адбіў напад смаленскага князя Святаслава. У 1410 г. ваяры Аршанскай харугвы выправіліся на пераможны бой да Грунвальда пад сцягі вялікага Вітаўта. Орша ўстаяла падчас аблогі маскоўскім войскам у 1507 г. У 1514 г. пад мурамі Аршанскага замка адбылася эпахальная перамога беларускага войска над маскоўскімі захопнікамі, якая карэнным чынам надоўга змяніла ваенна-палітычную сітуацыю ў маскоўска-беларускіх стасунках і прадухіліла поўную акупацыю нашай краіны. Пэўна, у Аршанскім замку выспявала стратэгія будучай перамогі, якую спланаваў і ажыццявіў геніяльны палкаводзец, найвышэйшы гетман Кастусь Астрожскі. Новы паход на Оршу арганізавалі маскоўскія ваяводы ў 1519 г. Горад і замак зноў выстаялі. У студзені 1564 г. пад Оршай адбылася яшчэ адна бітва, якая завяршылася перамогаю беларускага войска над маскоўскімі заваёўнікамі. Пад камандаваннем аршанскага ваяводы Філона Кміты і мсціслаўскага ваяводы Юрыя Осціка 2-тысячны конны корпус прымусіў уцякаць 50-тысячны авангард рускай групоўкі, якая збіралася праз Оршу ісці на Менск і Вільню.

Гэтыя красамоўныя факты сведчаць пра імкненне нашага народа захоўваць незалежнасць краіны, пра здольнасць у жорсткіх змаганнях адстойваць свабоду, пра вайсковы талент нашых палкаводцаў і, што асабліва важна, пра дойлідскае ўмельства, надзвычай шырокі размах горадабудаўніцтва, у тым ліку крапаснога, пра вайскова-інжынернае мастацтва, якое ў краіне дасягнула асаблівага росквіту. Па ўсёй дзяржаве будаваліся замкі, храмы абарончага тыпу, дамы-крэпасці, узводзіліся іншыя гарадскія ўмацаванні. Тады нашу Бацькаўшчыну называлі краінай замкаў. Сама гісторыя адвяла Оршы адно са значных месцаў у шэрагу развітых і ўмацаваных гарадоў.

У ХVІІ ст. развіццё Оршы было абумоўлена актыўным будаўніцтвам каменных кляштараў, храмаў, дамоў магнатаў і гараджанаў. У 1620 г. вялікі князь Жыгімонт ІІІ падпісаў прывілей на магдэбургскае права горада. Гэты прывілей пацвердзіў права гараджанаў на самакіраванне, а таксама фіксаваў іх правы і абавязкі па абароне горада, будаўніцтве і рамонце замка. У горадзе з’явілася ратуша з гадзіннікам, сюды з замкавай брамы быў перанесены галоўны гарадскі звон. У ратушы размяшчаліся ўлады гарадскога самакіравання і мястовы суд. На флюгеры ратушнага шпілю нёс службу дзяржаўны герб Вялікага Княства «Пагоня». У гэты ж самы год вялікім князем быў зацверджаны герб горада і пячатка з выяваю сярэбранага роўнаканцовага крыжа пасярэдзіне залатога паўмесяца ў блакітным полі.

Герб Оршы.
Рэальныя сімвалы незалежнасці дзяржавы і горада вызначалі Оршу як горад еўрапейскі і цывілізаваны.

На прыкладзе Оршы, як і соцень іншых буйных і сярэдніх гарадоў краіны, мы пераконваемся ў тым, што ў ХV—ХVІІ стст. беларуская культура ўжо мела ярка выяўленыя ўрбаністычныя формы.

Аршанскі замак быў выдатна ўмацаваны, а ягоны гарнізон добра ўзброены агнястрэльнай зброяй, артылерыяй, забяспечаны боепрыпасамі. Вакол горада ішла яшчэ адна лінія абароны — гарадскі мур і драўляназемляныя бастыёны з глыбокімі равамі, запоўненымі вадой. У горад вялі ўязныя брамы — Дняпроўская, Віцебская і Магілёўская. На падыходзе да мураванага замка з усходу, поўначы і захаду, на скрыжаваннях вуліц былі ўзведзены дзесяткі велічных храмаў і кляштараў праваслаўнай, каталіцкай, уніяцкай і кальвінскай галінаў хрысціянства: бернардзінцаў, францішканаў, кармелітаў, дамініканаў, бенедыктынцаў, брыгітак, марыявітак, трынітараў, базыльянаў.

У сярэдзіне ХVІІ ст. Орша была адным з найбуйнейшых і квітнеючых гарадоў Беларусі. Тут жыло звыш 5 тыс. чалавек. Але гэта ўжо быў закат цывілізаванай гісторыі горада, яго культуры, як і ўсёй краіны.

У 1654 годзе Масква пачала самую жудасную вайну супраць Беларусі і Рэчы Паспалітай двух народаў. Яна доўжылася ажно да 1667 года. Была акупаваная ўся тэрыторыя Вялікага Княства, у тым ліку Вільня. Маскоўскаму цару актыўна дапамагалі знішчаць нашу Бацькаўшчыну ўкраінскія казакі. Беларусь апынулася сам-насам перад збродняй і магла разлічваць толькі на мужнасць беларускіх ваяроў і партызанаў.

У гэтай вайне загінуў кожны другі жыхар Беларусі, тысячы людзей апынуліся ў рабстве. Многія гарады былі цалкам зруйнаваныя і спустошаныя. Тройчы з рук у рукі пераходзіла Орша на працягу 7 гадоў акупацыі. У 1661 г. горад вызвалілі беларускія войскі. Горад і замак былі моцна разбураныя, абрабаваныя ўсе гарадскія кляштары і храмы. Друкарню куцеінскага манастыра вывезлі ў Іверскі манастыр, у Маскоўскае царства... Места Орша абязлюдзела і заняпала.

Паслы замежных краін, якія праязджалі праз Воршу ў другой палове ХVІІ ст., адзначалі, што «горад і замак да спусташэння іх масквіцянамі, як паказваюць руіны, быў выдатны і вялікі». З-за татальных разбурэнняў Оршы Сойм Рэчы Паспалітай двух народаў на 4 гады вызваліў горад ад усіх падаткаў. Аднак залячыць раны гораду так і не ўдалося. Праз 47 гадоў, у 1708 г. разбурэнне места давяршылі войскі Пятра І, якія спалілі дашчэнту замкавы комплекс з дварамі старасты і ваяводы і тыя гарадскія ўмацаванні, якія яшчэ заставаліся з мінулай вайны. У гэты час, адступаючы на Украіну, Пятровы войскі — казакі і калмыкі — цалкам выпалілі Магілёў, Віцебск, Быхаў, Дуброўну, Смаляны. Сам Пётр уласнаручна забіў у Полацкай Сафіі беларускіх уніяцкіх манахаў. Пасля дзвюх войнаў ХVІІ і ХVІІІ ст. з 5 тыс. жыхароў Оршы ў сярэдзіне ХVІІ ст. у 1772 г. засталося ўсяго 793 чалавекі...

Пасля гвалтоўнага далучэння Беларускага Прыдняпроўя да Расейскай імперыі ў выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай двух народаў Оршу працягвалі і надалей знішчаць. Акупацыйныя ўлады проста прадавалі камень і цэглу замка гараджанам на прыватнае будаўніцтва. Замак разбіралі...

Потым былі яшчэ войны, якія, вядома, не міналі горада. Але вось дзіва!.. Пасляваенныя здымкі Оршы (а іх мне давялося выявіць нямала) сведчаць, што ў 1944 г. многія выдатныя помнікі архітэктуры былі яшчэ жывыя і іх можна было захаваць. Многія помнікі занатавала мая дзіцячая памяць у 1950-х гадах. Але захаванне помнікаў мінуўшчыны не ўваходзіла ў планы камуністычных уладаў Оршы. Зразумела, гэта не унікальная з’ява: так было па ўсёй Беларусі. У тыя ж самыя гады, калі палякі з энтузіязмам узнаўлялі старое места Варшавы, знішчанае гітлераўцамі ў час вайны, а летувісы — замак у Троках, на Беларусі ўлады працягвалі вайну з нацыянальнай культурай, з рэшткамі архітэктуры.

У 1950-60 гады былі зруйнаваныя многія беларускія гарады, у тым ліку і тыя помнікі архітэктуры Оршы, якія засталіся пасля апошняй вайны. Так канчаткова зніклі з тла горада касцёл Святой Троіцы Трынітарскага кляштара 1714 г., у 1958 ці 1959 г. — сабор Нараджэння Багародзіцы ХVІІ ст., які стаяў на правым беразе Аршыцы, насупраць замка. У гэты час зніклі рэшткі Францішканскага касцёла і кляштара, у 1969 г. быў знішчаны помнік беларускай архітэктуры ўзору Віленскага барока — уніяцкая святыня Апекі Маці Божай сярэдзіны ХVІІІ ст. Фрагменты Езуіцкага кляштара захаваліся часткова толькі таму, што тут яшчэ царызм уладкаваў гарадскую турму, якая «шчасліва» праіснавала да нядаўняга часу. Захаваўся і Дамініканскі касцёл св. Язэпа, у якім у пасляваенным часе дзейнічаў гарадскі дом культуры.

Пакаленне аршанцаў, якое нарадзілася 30—40 гадоў таму, ужо застала Оршу такой, якой яна сёння і ёсць. Горад цалкам страціў сваё гістарычнае аблічча і мастацкі вобраз. Але менавіта гарадское асяроддзе, якое складвалася цягам многіх сотняў гадоў, здольнае фармаваць патрыятычныя пачуцці новых пакаленняў гараджанаў, іх эстэтычныя густы, маральнае здароўе і наогул самыя лепшыя якасці, што і робяць народ паўнацэннай нацыяй.

Адсутнасць гістарычнага гарадскога асяроддзя падрывае фармаванне асобы, знішчае культурны патэнцыял народа, выхоўвае пачуццё непаўнавартаснасці і абыякавасці да свайго лёсу, да лёсу нацыі.

Гэта цудоўна разумелі тыя, хто на працягу стагоддзяў метадычна і паслядоўна разбуралі нашу культуру, знішчалі нашу гістарычную памяць. Так былі знішчаны нашыя замкі і гарады, храмы і кляштары разам з навучальнымі ўстановамі, тэатры, паркі, нават могілкі. На Усход і Захад былі вывезены тысячы твораў выяўленчага і ўжытковага мастацтва, кнігі (часткова спаленыя) і дакументы.

Орша і яе замак — гэта адзін трагічны лёс з тысячаў падобных, як і лёс усёй Бацькаўшчыны — Беларусі.

Натуральна, што ў грамадзянаў горада паўстае пытанне: як жыць нам, каму баліць душа за культурную спадчыну, якая, дзякуй Богу, яшчэ часткова захавалася, і асабліва за тую, што беззваротна знікла з тла горада і з нашай памяці? Змірыцца з існуючым станам і быць асуджанымі на бяспамяцтва, ці заняцца цяжкаю працаю збірання камянёў раскіданага гмаху айчыннай культуры?

Першая дарога вядзе да выраджэння, другая — да культурнага, духоўнага, маральнага адраджэння.

Узнікла грамадская ініцыятыва стварэння нацыянальнага фонду «Аршанскі замак і старое места». Аргкамітэт па стварэнні фонду і распрацоўцы ягонага статута лічыць, што ў фондзе змогуць аб’яднацца ўсе зацікаўленыя людзі і арганізацыі, якія сваімі дзеяннямі будуць спрыяць канчатковай мэце — узнаўленню большасці помнікаў горада. Першачарговая ж задача фонду — навуковае даследванне і вывучэнне Аршанскага замка і іншых помнікаў архітэктуры і культуры горада, іх навукова-мастацкая рэканструкцыя і папулярызацыя ўсімі даступнымі сродкамі (праз выданні, выставы, тэле- і радыёперадачы, кінафільмы, мастацкія творы і г.д.), музеефікацыя, выкарыстанне і, самае галоўнае, кансервацыя і ахова помнікаў згодна з нацыянальным заканадаўствам і міжнароднымі пагадненнямі ў сферы культуры. (Кантактны тэлефон Аргкамітэту ў Менску (017)283-56-46.)


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY