|
|
№
1(7)/1999
На кніжнай паліцы
Юбілей святарства
Сведчанне
Мастацтва
Роздум аб веры
Постаці
Пошукі і знаходкі
Нашы святыні
Навука
Паэзія
Пошукі і знаходкі
Проза
Архітэктура
Haereditas
Традыцыя
|
Яшчэ падчас майго лячэння хіміятэрапіяй, што скончылася самаперасадкай, шмат хто з маіх сяброў настойваў, каб я набраўся смеласці і апісаў гэты мой васьмімесячны досвед. Адказам на гэтыя просьбы, хіба, і ёсць гэтае сведчанне. Я не пытаўся ў іх, адкуль гэткая настойлівасць, але магу зразумець, што іхняя цікаўнасць і іхнія ўгаворы пэўным чынам выкліканы жаданнем даведацца, так бы мовіць, з першых вуснаў аб рэальнасці, якая ўсё больш пашыраецца, і аб тым, што я зведаў на ўласнай скуры. Можа быць, такое сведчанне пасля дапаможа некаму, хто апынуўся на тым самым шляху і тым, хто спадарожнічае і дапамагае на гэтым шляху. Яны маглі б, можа, зразумець і знайсці суцяшэнне, бо часам дапамагае ўсведамленне, што хтосьці ўжо пабываў у такой сітуацыі і ў такіх варунках, і што хтосьці пакутваў і спадзяваўся гэтаксама, як мы, мучыўся, але верыў у выздараўленне. Некаторыя з сяброў прасілі аб тым жа, але мелі на ўвазе нешта падобнае да «споведзі» св. Аўгустына, бо досвед святара, і тым больш біскупа, ягоны пераход у цемры і з болем праз тунэль надзеі, якім ёсць хіміятэрапія, напэўна, можа стаць духоўнай падтрымкай для тых, хто выпраўляецца таксама па гэтым шляху з адвагай і надзеяй. Так ці іначай, мой намер узяцца за пісанне не павінен разглядацца як жаданне даць нейкія парады таму, хто мусіць прайсці той самай дарогай. (...) Пішучы гэтыя радкі, я звяртаюся непасрэдна да цябе, дарагі чытач, і спадзяюся, што ты прабачыш мне такую фамільярнасць, прабачыш, што лічу цябе сябрам, і нават, калі мы незнаёмыя, бачу ў табе брата, сястру, калі не па хрысціянскай веры, дык, прынамсі, па нашым агульным чалавечым лёсе. З пачуцця такту імёны асобаў, якія былі ў адной звязцы са мной у маім узыходзе на гару, праз тунэль, і дзякуючы каму я ўсё гэта пераадолеў, імёны, названыя ў гэтай кнізе, — выдуманыя. Мне здаецца апраўданаю такая стрыманасць, якая, хіба, павінна быць характэрнаю для кожнага твору святара. Калі некага не цікавяць мае разважанні, звязаныя з пытаннем маёй веры ў Бога, то ён можа спакойна апусціць гэтыя раздзелы. Менавіта дзеля гэтага я паспрабаваў злучыць мае думкі, маю споведзь у часткі больш агульныя, а затым падзяліць іх на невялікія раздзелы, каб аблегчыць чытанне. Я спадзяюся ўсім сэрцам, што яно прынясе карысць.
ПАЧАТАК ХВАРОБЫ З АСАБІСТАГА Мяркую, што неабходна распавесці штосьці з майго асабістага жыцця. Перш за ўсё я хацеў бы прызнацца: тое, што здарылася ў мінулым студзені, — гэта ўжо была не першая мая сустрэча з ракам. (...) Калі мне было каля дванаццаці гадоў, пагрозлівы цень гэтай хваробы ледзяным подыхам закрануў мяне, выклікаўшы жах. На самой справе, як можа пачуваць сябе беднае дзіця сярод уздыхаў, недамовак, намёкаў на тое, што яно, магчыма, смяротна хворае? Памятаю, што я меў вялікую пухліну на тыльным баку сцягна, з’яўленне якой выклікала столькі хвалявання ў маіх родных. Быў запрошаны стары барадаты прафесар. Дагэтуль захавалася ў маёй памяці цырымонія медагляду, якая шмат у чым нагадвала ахвяру Ісаака. І сапраўды, адбылося нешта падобнае: вялікі стол у нашай кухні быў засланы коўдраю, і мяне паклалі на яго ўніз жыватом. Як білася маё сэрца, калі я падчас агляду разважаў аб магчымасці смерці і ўсур’ёз пытаў у самога сябе, ці існуе іншы свет! Але ўсё лопнула, як мыльная бурбалка, і чорная пухліна перастала існаваць, дзякуючы словам прафесара, які пасля кароткага агляду з задавальненнем канстатаваў: «Гэта — кіста». Прывід знік. Але праз шмат гадоў з’явіўся зноў. (...) Пасля нечаканай шасцімесячнай затрымкі ў Зімбабвэ, місія прывяла мяне ў Мазамбік, горад Мапута, у вельмі цяжкія абставіны партызанскай вайны. Бо, як мне сказалі, ніхто лепш за мяне не быў падрыхтаваны да гэтага пасля майго побыту ў Замбіі і на Мальві, на Кубе і ў Магрэбу (Алжыр, Туніс, Марока і частка Лівіі) і ўрэшце пасля ў Партугаліі, дзе я быў вымушаны авалодаць і партугальскай мовай. Здаецца, гэта быў 1993 год. Нечакана, пасля нязначнай хірургічнай аперацыі, мая левая нага неяк аслабла і пачала балець. Зрабілася вельмі цяжка хадзіць. Штосьці здарылася. Я мусіў паляцець у Прэторыю, дзе мяне вельмі цёпла прынялі мае калегі з Апостальскай дэлегацыі. Але і на гэты раз вынікі аналізаў прынеслі палёгку і аддалілі зноў той даўні, халодны і смутны прывід. Памятаю, нібыта сёння, маё чаканне прысуду: як я сядзеў на лаўцы, апрануты не зусім па-святарску, разам з усімі такімі ж, як я, што былі «пад падазрэннем». Але і яшчэ адзін раз прысуд быў скасаваны: «Нічога сур’ёзнага, невялікая праблема з падкаленным суставам, неабходна толькі гімнастыка і фізіятэрапія». На шчасце ці на няшчасце (бо з прычыны вайны), шпіталь у Мапута быў вельмі добра абсталяваны ў гэтым сэнсе. І такім чынам, цень раку ізноў растаў, як снег (але не гэты Кіліманджарскі) на сонцы. Ды новая сустрэча з ім чакала ў Мінску, куды прывяла мяне місія ў студзені 1994 года, пасля пяці гадоў, праведзеных на Мадагаскары і трох у Танзаніі ў якасці прадстаўніка Папы, альбо інакш — нунцыя Апостальскай Сталіцы. Так і цяпер былі свае матывы майго прыезду ў Мінск у якасці «амбасадара Святой Сталіцы». Мой побыт на Беларусі стаў для мяне вялікім, часам вельмі цяжкім досведам. Я быў там ажно да снежня 1995 года, пакуль не пачаліся моцныя болі страўніка, вантробаў, спіны. На працягу месяца, каб не перапыняць дыпламатычных і пастырскіх абавязкаў, я трываў гэты боль з дапамогаю болепатольных сродкаў, пакуль мне не параілі вярнуцца ў Італію, каб зрабіць абследаванне. Я быў схільны думаць, што маю каліт, гастрыт ці нешта падобнае... Але... Пакінуўшы Мінск 29 снежня, ужо 2 студзеня я зрабіў першыя аналізы... І раніцай, калі павінен быў пайсці па іх вынікі, заўважыў на шыі нейкую пухліну, якой раней не было. З недаверам я ўпершыню агледзеў яе і, як ранішнюю ахвяру, вынес на суд медыкаў. І ўсё ж такі, падумаўшы, прыгадаў, што я адчуваў яе, але меншых памераў, некалькі месяцаў назад, ды не надаў ёй аніякай увагі... Тым больш, што не меў часу займацца гэтым: быў у Мінску адзін, меў столькі неадкладных спраў... Гэта была памылка... Бо зло пусціла свае карані і пагражала знутры...
Такім чынам мая пухліна стала цэнтрам увагі і прычынаю для хвалявання. Мяне паклалі ў шпіталь, рабілі аналізы (о, колькі бяссонных начэй, праведзеных у чаканні на ўкол, які б суцішыў боль, з заклікам да сяброў і сястры-смерці, вызваліцелькі ад гэтай пакуты, як калісьці ў Мінску!) і праз нейкі дзесятак дзён — прысуд. Прывіду больш не было, але нешта вельмі рэальнае — цела з майго цела, кроў з маёй крыві. Я быў пакліканы на прыём да ўважлівага прафесара. Ён ведаў, бо я яму неяк ужо казаў, што між намі мусіць панаваць поўная шчырасць, і што я хачу ведаць праўду, каб пражыць апошнія дні як належыць у выпадку, калі засталося мала часу. І ён вельмі шчыра і ветліва, але з жалем паведаміў аб заключэнні медыкаў, такім цяжкім для ўсведамлення: — Мне вельмі шкада, але гаворка ідзе аб лінфоме, высокай злаякаснасці. Спачатку мы спадзяваліся, што гэта ўсяго толькі нейкая інфекцыя, падхопленая ў Афрыцы, але..., — і адразу ж дадаў, каб дапамагчы маёй чалавечай слабасці, якая так палохаецца смерці і болю, — сёння працэнт станоўчых вынікаў гэтай хваробы вельмі ўзрос, вельмі-вельмі, і вы ведаеце, як ні дзіўна, але сапраўды так: больш высокая злаякаснасць — большая верагоднасць поспеху лячэння хіміятэрапіяй. Так, урэшце падлічана, што недзе каля 50 адсоткаў выпадкаў, аналагічных майму, заканчваецца паспяхова. Іншыя потым будуць, хіба, больш шчодрымі ў гэтых падліках ступені верагоднасці, калі пачнуць зважаць на іншыя наяўныя фактары (пашыранасць хваробы, узрост хворага, ступень злаякаснасці). І такім вось чынам хіміятэрапія ўвайшла першы раз і без жартаў у маю свядомасць. Раней я нешта чуў пра яе, але вельмі прыблізнае, нешта накшталт «чорнага звера». І цяпер мне яе прапанавалі, як тунэль надзеі, дзе паважнасць лячэння з пабочнымі эфектамі — цяжкімі і балючымі — (асабліва, калі дасі згоду на поўны новы тып праграмы, так званай «цвёрдай») спалучаюцца з бляскам надзеі, што смяротная хвароба цябе пакіне, можа, нават цалкам, а магчыма, наступіць поўнае выздараўленне. Праўда, яно будзе пацверджана толькі праз некалькі гадоў абследаванняў і станоўчых вынікаў. І так я быў пераведзены ў адпаведнае аддзяленне шпіталю. Але цяпер я хацеў бы зрабіць невялікае адступленне для тых, хто мяне чытае, каб адкрыць вам маё сэрца і апавесці, што я адчуваў, калі пачуў прысуд: «лінфома». Можа нехта з вас перажывае падобнае. Хацеў бы таксама закрануць праблему: трэба ці не замоўчваць праўду аб стане здароўя, аб адносінах медыка і пацыента (мне падабаецца гэты тэрмін, ён больш, чым які іншы, акрэслівае рэчаіснасць, аб якой пойдзе гаворка...)1. Калі быць шчырым, то трэба прызнацца, што, слухаючы словы прафесара, якія выяўлялі жудасную праўду, я думаў, што знаходжуся ў іншым свеце, што гэтыя словы адносяцца не да мяне, што гаворка ідзе аб чыімсьці выпадку, а не аб маім. Мне згадваецца прызнанне майго добрага сябра, які меў тое самае пачуццё ў сітуацыі, аналагічнай маёй. Ён, прачытаўшы ў медыцынскай карце, якую атрымаў у незапячатаным выглядзе, дыягназ «рак лёгкага», адразу падумаў, што адбылася нейкая памылка, нават нягледзячы на тое, што на карце было напісана яго імя і прозвішча. Немагчыма было, каб гаворка ішла менавіта аб ім, не, напэўна гэта датычыць некага іншага. Няшчасная чалавечая істота, заўсёды гатовая да ўцёкаў, толькі б не прымаць на сябе ўдар! Але трэба быць памяркоўным нават да саміх сябе — на ўсё свой час. У кожным разе я быў у замяшанні пасля такой навіны і разам з тым спакойным, такім, якім заўсёды быў і да хваробы, нават калі адчуваў сябе ў скуры таго, хто атрымаў удар па галаве. Такім жа было пачуццё пасля майго падзення, калі я паслізнуўся ў аэрапорце ў Мінску, у момант майго развітання з Беларуссю. Урэшце я даў згоду на лячэнне хіміятэрапіяй. Хутка прыйшоў у сябе, і адразу нейкі дзіўны спакой ахінуў душу. Прынамсі, цяпер я ведаў абрысы маёй бліжэйшай будучыні і мог вырашыць, што рабіць. Я быў рады, урэшце, што прафесар мне адкрыў усё, ці амаль усё, бо ці можна сказаць усё? Гэта немагчыма. Цяпер чарга за хваробай і за лячэннем, а таксама за медыкамі, каб шукаць разумення, каб увайсці на таямнічы абшар хіміятэрапіі, паступова раскрываючы яе развіццё, адхіленні на яе шляху, яе пабочныя эфекты.
Праблема ўзаемаадносінаў пацыент — медык (на першае месца свядома стаўлю хворага) у кожным выпадку існуе і з’яўляецца фундаментальнаю. Звычайна медыкаў бывае больш, чым адзін, у той час, калі павінен быць (ці павінен быў бы быць) хтосьці, хто асабіста займаецца пэўным пацыентам, ведае дасканала яго гісторыю хваробы. І гэта жыццёва неабходна. Бо такім чынам узаемаадносіны між імі, завязаныя асабістыя стасункі могуць зняць з медыка маску прафесійнай «халоднасці». (...) Медыку цяжка, разумею гэта, асабліва, калі ён добры і сумленны, знайсці раўнавагу ў такім пункце, асабліва з пэўнымі хворымі і пэўнымі хваробамі, што самі па сабе працінаюць сэрца. Калі гавару пра гэта, маю на ўвазе і mutatis mutandis (змяняючы тое, што мусіць быць змененым) і іншы медыцынскі персанал. Ва ўзаемаадносінах пацыент — медык, як я ўжо казаў, ініцыятыва адкрыць душу і патрабаванне даведацца аб поўнай праўдзе уласнай сітуацыі, па-чалавечы, з падрыхтоўкай, паступова, прынамсі для некаторых, мусіць зыходзіць, у першую чаргу, ад хворага. Вядома, што сёння сярод медыкаў усё больш пашыраецца меркаванне аб неабходнасці казаць усё, як ёсць, нават самым жорсткім чынам. Гэта не вельмі добра. Нядобра таксама, калі медыцынскі персанал перад усімі каментуе вынік і аналізы хворага. Колькі развагі, мудрасці і, у выніку — спачування, любові патрабуецца ад тых, хто сутыкаецца з хворымі, менавіта таму, што яны хворыя, таму, што пазбаўлены вялікага дару — здароўя. Паміж пацыентам і медыкам павінен узнікнуць дыялог у атмасферы даверу і з улікам «згубы часу». Мне асабіста, здаецца, пашанцавала ў гэтым сэнсе. Але тут я заклікаю ўсіх у гэтым свеце з яго шалёнымі тэмпамі, што сталі сутнасцю сучаснага свету і так званага прагрэсу: трэба знаходзіць час на размовы. Я не кажу пра пустую балбатню, я маю на ўвазе дыялог. Каб даць і атрымаць дары, якія кожны хавае ў сваёй душы, і якія неабходна раскрыць без упартасці, але з пакораю.
Але вярнуся да храналогіі майго аповеду, каб апісаць развагі пасля пачутага прысуду, які вы ўжо ведаеце, і пасля майго пераводу ў анкалагічнае аддзяленне шпіталю. Тады, перш за ўсё, я хацеў пачуць, што скажа галоўны ўрач аддзялення. І, такім чынам, я сустрэўся з тым, у чыіх руках знаходзілася маё жыццё і хто нёс усю адказнасць, калі не на ўвесь час майго лячэння (бо, урэшце, да гэтага вымушалі самі яго наступствы, благія ці добрыя) дык, прынамсі, на працягу некалькіх месяцаў. Гэтая сустрэча зрабіла на мяне вельмі добрае ўражанне. Прафесар вытлумачыў прапанаваную ім праграму лячэння хіміятэрапіяй, так званы «пратакол» (трэба заўважыць, што мне — дыпламату — гісторыя хваробы заўсёды нагадвала нешта накшталт афіцыйнага пратаколу). Гэтая праграма была адною з найбольш выпрабаваных, найбольш цяжкіх, але і найбольш пашыраных у свеце. Яе ўжываюць не толькі амаль паўсюль у Італіі, але і ў Злучаных Штатах і ў іншых краінах. І працэнт станоўчых вынікаў лячэння вельмі вырас. Прафесар мяне падбадзёрваў. Я даў згоду і нават выбраў месца лячэння — найбольш блізкае да майго роднага дому (нібы адчуваў, як будзе патрэбна на маім шляху праз тунэль прысутнасць родных, самых блізкіх мне людзей, і сяброў, а таксама хатняе і прыязнае асяроддзе). Але ўсё ж заставалася яшчэ адно далікатнае пытанне. І я запытаўся адкрыта ў майго суразмоўцы аб прафесійнай якасці аддзялення. Гэта было неабходна не толькі для мяне, але і для маіх блізкіх, і для маіх іерархаў у Рыме, якія маглі падумаць, што я выбраў месца больш па волі сэрца, чым розуму, без крытэрыя, скажам, «навуковасці». Але сэрца павінна ісці за розумам. Прафесар належным чынам зразумеў маё пытанне і пазнаёміў мяне са свяцілам у гэтай галіне, вялікім спецыялістам па захворваннях лінфомай і лейкеміяй. Мне пашчасціла ў гэтым. Але ведаю, што, на жаль, не ўсім маім сябрам па няшчасці пашанцавала так, як мне, прынамсі не з такой лёгкасцю. Няхай яны прабачаць мне мае «багатыя» магчымасці і няхай павераць, што я заўсёды хацеў не быць, ці, прынамсі, не паводзіць сябе як багаты з маёй хваробай менавіта таму, што я — біскуп. Мне падабаецца, калі да мяне ставяцца як да ўсіх, мне падабаецца стаяць у чэргах, мяшацца з людам, які для мяне «Божы». У кожным выпадку, заўсёды напачатку (а не напрыканцы) нашага захворвання, трэба збіраць парады з усіх магчымых крыніцаў інфармацыі і рабіць для гэтага ўсе магчымыя захады і высілкі, нават, можа, рызыкуючы ў нечым. Мне пашанцавала, што свяціла, з якім я пазнаёміўся, вырашыў усе мае сумненні наконт прапанаванага пратаколу. Праглядзеўшы вынікі маіх аналізаў і абследаваўшы мяне, выказаўшы задавальненне маім маладжавым выглядам, нягледзячы на мае 56 гадоў, ён даў сваё заключэнне «nihil obstat», што можна было зынтэрпрэтаваць так: што датычыць мяне, то нічога не перашкаджае, каб распачаць хіміятэрапію. І вось так яна была распачата, яе першая фаза. Напачатку, што да цяжкасці лячэння, мне здалося яно не надта й цяжкім. Але гэта было толькі ўражанне. Мне здалося, што не так ужо гэта й страшна... Як жа я памыляўся...
ПРАЗ ТУНЭЛЬ ПАЧАТАК Такім чынам я ўвайшоў у цёмны тунэль і мусіў крочыць па ім, нягледзячы ні на што. Напачатку ён мне не падаўся вельмі змрочным, бо яшчэ даходзіла трохі святла звонку. Я не адчуваў сябе надта кепска, прымаючы хімічны кактэйль, які мне быў прапісаны, каб зменшыць памер хворых лімфатычных вузлоў. Мяне не ванітавала, як многіх пацыентаў, якіх я сустракаў на калідоры, у чакальнай зале, у палатах. Адчуваў я сябе даволі добра і мог пасля працэдуры дайсці дамоў пешкі. Адзінае — я згубіў апетыт, нягледзячы на ўсё кулінарнае майстэрства маёй маці. Паступова, паволі, але няспынна знікала пачуццё здушанасці, якое выклікала ў мяне лімфатычная сістэма. Нібыта паступова развязваліся путы, якімі было павязана ўсё маё цела. Нібы разблытваліся вузлы яе павуціння, што душылі мяне. І так напрыканцы прадугледжаных трох месяцаў я адчуў сябе амаль што вызваленым ад цяжару хваробы і ўздыхнуў з палёгкай. Вялікае пачуццё вызвалення — такім было маё дасведчанне, і гэта ж пацвердзілі і заключныя аналізы: пачатковы перыяд закончыўся паспяхова, лімфатычныя вузлы прыйшлі ў норму. Гэта была добрая прыкмета. Лячэнне можна было працягваць. Натуральна, нельга было спыняцца, бо тут, як з пустазеллем: няма сэнсу касіць яго — трэба вырываць з каранямі. Так і з хваробай: калі не выдаліць яе з коранем, то праз нейкі час яна, як тое пустазелле, нарасце — злосная, як і раней. Такім чынам, паядынак павінен быў працягвацца. Адным з уражанняў гэтага першага перыяду быў востры боль ад бясконцых унутрывенных ін’екцый хімічнага раствору. Жылы мае былі амаль нябачныя, і не так проста іх было знайсці, а з цягам часу месца, куды ўводзілі іглу, ператварылася ў суцэльную рану. А яшчэ неабходна было метадычна браць з жылы кроў для аналізаў. Але колькі такіх, як і я, мучыліся, і значна больш, чым я. Ці мне скардзіцца?.. Натуральна, што праз нейкі час я ўжо ведаў, якая з медсёстраў была больш здольная, каб хутка знайсці мае жылы, і цешыўся, калі трапляў, так бы мовіць, у яе рукі. І, наадварот, у сэрцы злаваўся, калі трапляў да сястры не дужа спрытнай. Бачыш, нават і тут праяўляецца наша чалавечая слабасць, якая шукае любых шляхоў, каб толькі пазбегнуць болю, зменшыць цярпенне. У кожным разе мне напачатку не ўвялі катэтар, які, нават пры пэўнай рызыцы інфекцыі, усё ж такі дапамагае пацыенту, прынамсі, пазбегнуць такіх вось ранаў.
Іншае пачуццё, якое мяне пераследавала на працягу гэтых трох месяцаў, — дзіўны сверб, асабліва рук, дакладней, пальцаў і далоняў. Яны былі вечна сухія, часам беспачуццёвыя, не ведаю нават, як акрэсліць: часта нейкія друзлыя, з неўласцівымі зморшчынамі. Аб гэтым мяне з самага пачатку папярэджвалі лекары. Мне каштавала шмат, каб цярпець гэты сверб. Ён быў найбольш датклівым спадарожнікам на маім шляху праз тунэль. А яшчэ — вушы і дзёсны: іх павышаная адчувальнасць на ўсё. Але, што найбольш мяне ўразіла, прызнаюся ў тым крыху з сорамам, — гэта выпадзенне валасоў, якія я заўсёды лічыў прыгожымі. Нават, калі само жыццё, абавязкі даўно ўжо вызначылі ўласцівае месца для гэтай старажытнай і заўсёды новай «прыгажосці», маё даволі моцнае эстэтычнае пачуццё паўставала супраць такога наступства хіміятэрапіі. Узнікаў унутраны пратэст супраць вонкавага, бачнага выніку, нават калі гэта быў адначасова і відавочны знак, што хіміятэрапія нешта змяняла ў маім арганізме. Я з сумам разважаў аб гэтым, бо ўсведамляў, што ўва мне панавала разбуральная моц хваробы. Медыкі, нібы жартуючы, казалі: «З цягам лячэння вынікі будуць штораз лепшыя, але вы будзеце адчуваць сябе ўсё горш». Нельга дакладней акрэсліць маё становішча. Усё было менавіта так. Лячэнне пасоўвалася наперад з добрымі вынікамі, але я гэтага зусім не адчуваў. Але вярнуся да майго аповеду. Кожную раніцу я з жахам назіраў, як пасмамі выпадаюць мае валасы, а пасля бровы і вейкі... Нешта заставалася толькі каля самых каранёў, пакуль наступныя працэдуры, больш цяжкія, не закончылі канчаткова гэтай знішчальнай справы. Такім чынам, я, як і ўсе простыя смяротныя, што прайшлі тым самым шляхам, праз нейкі час дэманстраваў свету аголеную акругласць майго чэрапа, задуманую Стварыцелем, ці, кажучы свецкай мовай, маці-прыродай. Пасля гэтага брыдкага досведу лічу, што лепей было напачатку самому пастрыгчы валасы «пад нуль». Спачуваю ў гэтым сэнсе жанчынам, маім сёстрам па няшчасці. Магу сабе ўявіць, якая гэта пакута для іх.
Пачаўся новы перыяд лячэння: пасля кожнай ін’екцыі высокай дозы хімічных рэчываў я павінен быў заставацца ў шпіталі на два тыдні. Пачатак гэтага быў не вельмі ўдалы, бо некаторае ўскладненне, аб якім я скажу пазней, паставіла пад пытанне ўсю праграму хіміятэрапіі, не кажучы ўжо пра тое, што пад пагрозай аказалася само жыццё. Першая сустрэча са шпіталем уразіла мяне і сваім вонкавым выглядам (напрыклад, што ўсе насілі маскі з-за пастаяннай небяспекі інфекцыі) і ўнутранай рэальнасцю: цярпенні, маладыя і ўжо немаладыя жыцці на ложку болю, пакуты, самоты. Адсутнасць белых шарыкаў у крыві, што значыла паслабленне ўсёй імуннай сістэмы, а разам з тым і рэзкае памяншэнне чырвоных крывяных шарыкаў, што вяло да астэніі і малакроўя — усё гэта вынік высокіх дозаў уведзеных хімічных медыкаментаў — прыводзіць не толькі да пастаяннай рызыкі заражэння, але і да амаль поўнай самотнасці. Нават разумеючы, што пэўныя «правілы» паводзінаў неабходныя, каб абараніць хворага, — рэч, якая мне каштавала найболей, — гэта абсалютная забарона не толькі абняць маіх родных, але нават дакрануцца да іх, нават падаць руку. (...) Памятаю, як я перажываў, калі адзін пацыент выпісаўся і, развітваючыся са мной, папрасіў абняць мяне, і як я менавіта таму, што хацеў яму дабра, мусіў адмовіць яму ў гэтым. Гэта сяброўскае парыванне перайначылася ў боль і страх зрабіць кепска іншаму. (...) Цярлівасць — вось што неабходна. Унутранае станоўчае стаўленне да ўсяго. Усведамленне, што ўсё, што робіцца, робіцца дзеля твайго дабра. Быць пэўным, што ўсё міне і ўсё вернецца да свайго нармальнага стану. Павінна быць зычлівае стаўленне да хіміятэрапіі, як да сяброўкі, да антыбіётыкаў, якія неабходна ўвесь час прымаць, і ўвогуле да ўсіх лекаў. Давер — вось што мусіць панаваць у стасунках хворы — медык. Уладкаванне кропельніцы патрабавала зрабіць невялікую хірургічную аперацыю, вельмі простую, але для мяне яна стала вельмі цяжкім досведам. Хіба паўздзейнічала асяроддзе, вельмі мала падобнае да аперацыйнай залы, дый размова хірурга аб зусім старонніх рэчах з іншымі асобамі — усё гэта мне дало адчуванне, што, урэшце, нікога не турбую ні я, ні мой катэтар. Можа, гэта і паўплывала на тое, што падчас гэтай аперацыі разарвалася нешта важнае і, як вынік, неабходна было наноў рабіць наркоз, каб пазбегнуць непрыемнасцяў. На шчасце, рэнтген пацвердзіў, што ўсё было ў парадку, катэтар быў уведзены і, такім чынам, мае бедныя жылы былі ўратаваныя ад ранаў на некалькі месяцаў. (...) Мяркую, што ўжо калі я пачаў, дык трэба апавесці і аб тым, як, так бы мовіць, «вылоўлівалі» мае крывяныя вытворныя клеткі, што садзейнічалі новаму прадукаванню белых і чырвоных крывяных шарыкаў. Іх «лоўля» ў крыві пасля пачатковага перыяду «цяжкой» хіміятэрапіі і іх перанос, дзякуючы спецыяльным ін’екцыям са спіннога мозгу ў крывяную перыферыйную сістэму, дапамаглі самаперасадцы. (...) Калі табе пашанцуе, дык звычайна два дні запар, па тры-чатыры гадзіны ў дзень, твая кроў праходзіць праз спецыяльны апарат, які з дапамогай тоўстай іглы нібы ўкрыжоўвае цябе. Але такім чынам можна дасягнуць вынікаў. Гэтая працэдура зусім новая і, дзякуючы ёй, пазбягаецца традыцыйная, пакутная перасадка спіннога мозгу. (...)
Мы сутыкаемся, прынамсі, так мне здаецца, з вельмі далікатнаю праблемаю ва ўзаемаадносінах: медык — сваякі — медперсанал — хворы, якая закранае, я сказаў бы, фундаментальныя стасункі, якія я б вызначыў «цела — дух» і якія можа быць іншыя назвалі б «воля — цела» альбо «розум — ракавая хвароба». Каб вытлумачыць лепей, што я маю на ўвазе, апавяду вам пра два выпадкі, што здарыліся са мной падчас майго знаходжання ў шпіталі. Дык вось, калі я адчуваў сябе вельмі кепска і паскардзіўся некаму, адразу знайшоўся нехта, каб прамовіць мне казанне (прызнаю, што прапаведваць мне, біскупу, было не так ужо і лёгка). Казанне было наступнае: «Вы не павінны падаць духам, трэба быць моцным, неабходна быць аптымістам!» Але хто гаворыць адваротнае? Хто гаворыць, што я ўпаў духам, так бы мовіць, маральна? Я ўсяго толькі прызнаўся, што адчуваю сябе, нібы ануча. Мне здавалася, што такім чынам я кажу проста праўду. І хапіла, каб мой гемаглабін ужо на наступны дзень вырашыў узняцца, як я мог сказаць усё той жа асобе, ад якой выслухоўваў павучанне, што адчуваю сябе даволі добра. Другі выпадак адносіцца да перыяду, калі я не мог нічога есці. Я адчуваў боль у страўніку, мяне ўвесь час ванітавала. І вось знайшоўся адзін, які вызначыў, што «ўсё залежыць ад мозгу», які мусіць дамінаваць страўнік, што трэба падпарадкаваць яго розуму... Я дазволіў сабе адзначыць, што тут ідзе гаворка аб дамінаванні «палітычным», а не дыктатарскім. Але ўрэшце я сам, пакуль мяне не закранула асабіста гэта праблема, раіў маім братам-пацыентам зрабіць высілак і спрабаваць есці, нягледзячы ні на што... Бо яшчэ не разумеў, што гэта значыць... Мне здаецца, гэтыя два выпадкі закранаюць сферу, якую цяжка дакладна акрэсліць, праблему стасункаў: «цела — дух». Сёння існуе псіха-анкалогія. Дык вось, калі ў недалёкай мінуўшчыне існавала тэндэнцыя не браць пад увагу «дух» і ягоны ўплыў на цела, сёння, мне здаецца, надаюць яму задужа ўвагі і з адмоўнымі вынікамі для хворага. Іншымі словамі: «Калі ты захварэў — ты сам у гэтым вінаваты». Разважаць гэтак, у псіхасаматычных тэрмінах, можа і добра, але да пэўнай ступені, бо нельга абвінавачваць хворага, якому ўжо і так цяжка ўсвядоміць сваё становішча, які шукае адказ на пытанне «чаму?»... Я памятаў, як адзін мой «калега» з надзіва годнай самаўпэўненасцю вызначыў, што мая лінфома — гэта саматызацыя экзыстэнцыяльнай траўмы — вынік цяжкіх умоваў, якія я спаткаў на Беларусі. Ён мне выказаў гэтае сваё заключэнне ў твар, і за гэта я яму ўдзячны, бо думаю, што іншыя таго не гаварылі, але самі так думалі. Такім чынам, хворы вінаваціцца ў тым, чаго нельга давесці і што, асабіста я лічу, нічым не абгрунтавана. Мне гэта пацвердзіў у размове той доктар-свяціла, аб якім ужо ішла гаворка. Я падчас кансультацыі яго ні аб чым не пытаўся і нічога не казаў, нават калі ўнутрана мне карцела даведацца ягоную думку на гэты конт. Але ён сам па сабе, спантанна, сказаў мне больш-менш наступнае: «І толькі ні ў якім разе не бярыце да галавы, нібы гэта хвароба — плён нейкай духоўнай турботы ці ўнутранага неспакою. Сёння гэта модна — рабіць высновы такога тыпу. Можаце сабе ўявіць, мне нядаўна сказалі, што адзін медык дадумаўся, нібы прычынай лейкеміі ў некаторых дзяцей з’яўляецца тое, што іх мамы не прынялі іх падчас цяжарнасці...» І ўсё ж такі хворага вінавацяць не толькі ў зачатку хваробы, нават без усялякай на тое прычыны (тут я не адмаўляю, што магчымы памылковыя паводзіны асобы), але гэта працягваецца і падчас лячэння. (...) І не разумеюць, што ў выніку хворы пакутуе не толькі ад болю, але церпіць і ад свайго, так бы мовіць, недахопу аптымізму, волі да жыцця, ад свайго душэўнага знясілення. Гэта праблема вельмі складаная і, мяркую, гэтаму трэба надаваць больш увагі. (...) Патрэбна больш такту, больш чалавечнасці. (...)
Бракавала б нечага вельмі важнага, калі б я не апавёў, мой дарагі чытач, колькі няшчасных выпадкаў, паваротаў сустракаецца на шляху праз тунэль. Заўсёды, альбо амаль заўсёды, здараецца нейкая нечаканасць. Будзе гэта інфекцыя ці грыбок, ці праблемы з сэрцам, страўнікам і г.д. Для мяне такім ускладненнем стаў пералом пляча. У момант майго наведвання Мінска, паміж першым і другім этапам лячэння, я паслізнуўся на лёдзе, упаў і зламаў плячо. Гэта мне дадало цярпення. І, апроч таго, вынікам пералому сталася вельмі небяспечнае ў маёй сітуацыі запаленне лёгкіх, якое магло скончыцца фатальна. Запаленне было вельмі цяжкае, нават паўстала пагроза прыпынення праграмы хіміятэрапіі ці, прынамсі, запавольвання ў яе рытме. На шчасце, усё гэта не справакавала адмоўных вынікаў. Мінула і гэтая небяспека, хоць і пакінула сваю «адзнаку», бачную на рэнтгене, на ніжняй частцы лёгкага. Адышла тая навала, але з’явілася іншая — трамбоз на левай назе, пад каленам. Ізноў небяспека. (...) Яна была пераадолена на працягу 15 дзён вымушаных вакацый у лячэнні хіміятэрапіяй, дзякуючы ін’екцыям, якія мне ўводзілі ў жывот. Гэта зрабіла на мяне, скажам так, «уражанне» — страшэннае адчуванне агіды. Але лячэнне працягвалася. Дало трохі праблемаў таксама і сэрца, але не задужа. Вось такое яно і ёсць жыццё...
Якасны скачок адбыўся ў апошні месяц лячэння. Ён, па сутнасці, быў зусім непадрыхтаваны псіхалагічна. Дзве папярэднія фазы хіміятэрапіі, вельмі моцныя, блізкія па часе, вынікам якіх было амаль поўнае абязводжванне арганізму, усяго на адзін дзень апярэдзілі аўтаперасадку. Разам з ёю распачаўся вельмі цяжкі і доўгі перыяд аплязіі з цяжкім вынікам для ротавай поласці і страўніка. Немагчыма было праглынуць ежу, нават ваду. На працягу дзесяці дзён мяне кармілі праз катэтар. Боль быў такі, што мне вымушаны былі ўводзіць морфій. Паступова, з «гераічным» высілкам, я пачаў глытаць. Нават, калі адзіным маім жаданнем было зрабіць усё магчымае, каб толькі пазбегнуць гэтай працэдуры, гэтай Сізіфавай працы, праглынуць адну лыжку ежы, адзін позірк на якую, акрамя ўсяго, выклікаў у мяне пачуццё агіды і ванітаванне. Малітва перад пасілкам займела дадатак: «Учыні, калі ласка, каб гэтая ежа засталася ўнутры». (...) І мой страўнік таксама адмаўляўся прымаць ваду і лекі. Але паступова ўсё прыйшло да свайго завяршэння. У тым сэнсе, што паступова наступіла паляпшэнне і палёгка, нават калі якая-ніякая праблема ўзнікала і пасля маёй выпіскі са шпіталю. Каб ачуняць канчаткова, патрэбны быў час...
НЕ АДЗІН МЕСЦА ЛЯЧЭННЯ Хіба вы ўжо зразумелі з усяго сказанага, што, каб адолець хіміятэрапію, вельмі важнае значэнне мае месца лячэння. Дык вось, мне заўсёды падабалася наведваць хворых. Калі быў на Мадагаскары, я рабіў гэта сістэматычна, кожную нядзелю. Але адна справа, наведаць шпіталь будучы здаровым чалавекам, і іншая — увайсці туды хворым, асабліва, калі аддзяленне, у якое цябе паклалі, сведчыць аб цяжкасці твайго захворвання. (Я ўжо адзначаў, што адна толькі неабходнасць пастаяннага ўжытку масак ці абавязковы рытуал мыцця рук спецыяльным растворам — усё гэта робіць даволі складаным твой уваход у шпіталь.) Для многіх наведвальнікаў гэта становіцца перашкодай, цяжкасцю, але тое ж самае адчуваюць і пацыенты. Сэрца пачынае біцца мацней, і ахоплівае нейкая туга. Але што вызначае такое месца? Напэўна, гэта і сам будынак, новы ці стары, зручны ці не, з неабходным абсталяваннем ці без яго, вялікі ці малы, светлы ці цёмны, чысты ці не вельмі. (...) Тое, што вызначае шпіталь — гэта медперсанал, санітаркі, карацей — усе тыя, хто ўвесь час знаходзіцца каля цябе. (...) Сярод іх, хіба, найважнейшую ролю выконвае старшая сястра, ад якой залежыць амаль усё: арганізацыя працы і яе каардынацыя, заахвочванне і праграмаванне, дысцыпліна ў аддзяленні і гэтак далей. (...). Спадзяюся, што ніхто з медыкаў і, перш за ўсё, галоўурач, не пакрыўдзяцца, што ў гэтым кантэксце я пра іх тут не распавядаю. Без сумніву, ад іх таксама залежыць твар аддзялення, ягоны аўтарытэт, яны з’яўляюцца мозгам, кіраўніцтвам шпіталю. Але іх прысутнасць я б назваў «урыўкавай»: абходы робяцца два разы на дзень; яны — найістотнейшыя, але, разам з тым, — эпізадычныя. Гэта зусім не значыць, што медперсанал і асабліва галоўны ўрач, не «вывучае» нашых выпадкаў, не думае пра сваіх пацыентаў, якія патрабуюць асаблівых працэдур ці аперацый. Можа, гэтага проста не відаць. (...) Думаю, і для іх існуюць складанасці ў каардынаванні розных аддзяленняў. (...) Але ўсё ж такі само асяроддзе, спакой, клопат аб пацыенце, захаванне цішыні, наведванне — усё гэта залежыць ад медсёстраў. (...) І яшчэ: заўсёды побач знаходзіцца твой сусед па палаце. А значыць, іншы чалавек са сваімі звычкамі, сваімі праблемамі. Тут табе можа пашанцаваць, а можа і не. Патрэбна вялікая цярплівасць, каб ужыцца з іншым, усведамляючы, што і ты таксама не анёл, але нясеш увесь цяжар сваёй чалавечасці, раздражнёнай болем ці бояззю альбо нудою бясконцасці лячэння...
Усё гэта пацвярджае, што на шляху праз тунэль ты — не адзін, але заўсёды разам з некім у адной звязцы. Разам з табою крочыць таксама і твая сям’я: патрэбна яе шчыльная блізкасць. Нават выбар месца лячэння павінен у значнай ступені залежаць ад магчымасці тваіх родных быць заўсёды побач. Іх прысутнасць, паверце мне, надзвычай важная для станоўчага выніку лячэння, нават калі бываюць хвіліны, што хочацца пабыць аднаму, каб не задаваць дадатковага цярпення блізкім, шукаючы спосаб аддаліць іх, асабліва ў найбольш цяжкія перыяды хіміятэрапіі. Жаданне адначасова блізкасці і дыстанцыі спалучаюцца ў тваёй душы, а часам цябе кране нават і зайздрасць у адносінах да тых, хто адчувае сябе добра і хто можа выйсці са шпіталя напрыканцы тыдня, у той час, калі ты мусіш заставацца ў аддзяленні ў гэтыя, такія доўгія суботы і нядзелі... Пазнаеш зайздрасць і да тых, хто перш за цябе выпісваецца са шпіталю і хто адчувае сябе лепей, чым ты. Нельга паддавацца гэтым пачуццям, але нельга і зневажаць іх, проста трэба жадаць іншым дабра, спадзеючыся, што хутка і ты выйдзеш «на волю». А калі ты хрысціянін, то знойдуцца і іншыя матывы, каб сэрца стала вялізнае, нібы мора. І кожны раз, калі сэрца разбіваецца ў грудзях, дай гэтыя аскепкі твайму Пану, а Ён падаруе табе іншае, падобнае да Свайго, вялізнае, нібы мора. І сапраўды, у кожным ёсць памкненне «займацца», «цікавіцца» справамі іншых, даведацца, як там яны. Гэта вечнае пытанне св. Пятра, памятаеш? Калі пасля трохразовага прызнання ў любові, якое змывае яго мінулае, тое трохразовае адрачэнне, Пётр чуе ад Езуса: «як састарэеш, то выцягнеш рукі твае, і другі цябе падпяража і павядзе, куды не захочаш». Гэтае ж сказаў, паказваючы, якой смерцю Пётр уславіць Бога. І, сказаўшы гэтае, кажа яму: «Ідзі за Мною». Пётр жа, аглянуўшыся, бачыць за ім вучня, якога любіў Езус (...), і сказаў: «Пане, а ён што?» (...) Езус яму адказаў: «...што табе да гэтага, ты ідзі за Мною» (Ян 21, 18-22). У маім пераходзе праз пустыню мне пашанцавала з маёю сям’ёю і асабліва — з маёю сястрою, якая ўвесь час была пры мне. Мая сястра — мне двойчы сястра: па крыві і па духу, бо яна — законніца. Як яна мне дапамагла сваёю пастаяннаю прысутнасцю, стрыманаю, але разам з тым рашучаю і паслужліваю. Яна заўсёды ўмела падтрымаць мяне, каб не паддацца абыякавасці, не запусціць сябе. Прыносіла розныя прысмакі, каб неяк абудзіць апетыт, бо мяне пераследавала млоснасць. А якая духоўная падтрымка была ў супольнай малітве! Апроч сваякоў, былі таксама побач сябры, калегі. Падчас хваробы, асабліва калі яна такая доўгая і такая цяжкая, лепш пазнаюцца людзі. Нехта здаецца вельмі стрыманым, не з’яўляецца, не тэлефануе, ні аб чым не пытаецца — усё з-за боязі патурбаваць, а потым даведваешся, што гэтая асоба ўвесь час моліцца за цябе, памятае, нягледзячы на доўгае маўчанне; іншы, наадварот, клапатлівы, нешта табе прыносіць, часам аж занадта. Але ёсць і такія, што забудуць пра цябе, пакінуць... Усё залежыць ад характару асобы, кожны на свой лад выяўляе свае пачуцці, мае свой спосаб быць побач з табою, але для хворага вельмі важна адчуваць гэтую блізкасць людзей, якіх ты заўсёды лічыў сябрамі. Прызнаюся, што адсутнасць некаторых з іх я перажыў вельмі балюча і з вялікім жалем, але гэта, думаю, дапамагло, у пэўным сэнсе, майму духоўнаму ачышчэнню. У малым смяротная хвароба дае табе магчымасць убачыць, што адбудзецца пасля тваёй смерці. Гэта вельмі важна, бо доўгая хвароба з магчымым смяротным зыходам выпрабоўвае не толькі цябе, але і іншых. І так пазнаюцца людзі, якія сапраўды прывязаны да цябе, любяць цябе, ты наноў адкрываеш старых сяброў ці тых, з кім даўно расстаўся і якія адклікаюцца менавіта тады, калі ты аказваешся ў бядзе. І сапраўды, як напісана ў Кнізе Прыслоўяў: «Сябра любіць у кожны час, ён табе брат у смутныя дні» (17, 17). У канцы хацеў бы заахвоціць усіх быць блізка да хворага, адпаведна сваім магчымасцям, шукаючы, як дапамагчы яму, каб ён не адчуваў сябе самотным і пакінутым. Як, якім чынам, гэта падкажа кожнаму яго сэрца.
З БОГАМ ЁН ТАМ, У ТУНЭЛІ, З ТАБОЮ Я ўжо казаў, што на шляху праз тунэль ты не адзін, але заўсёды разам з іншымі. Дык ці можна думаць, што побач з табою няма Бога ў такі цяжкі момант твайго жыцця? Памятаю адну, здаецца, бразільскую прыпавесць. Ведаў я яе даўно і ўжыў у казанні падчас Велікоднай Святой Імшы, якую адправіў разам з маім сябрам-святаром для хворых нашага аддзялення. У ёй гаворыцца аб пачуццях чалавека, які лічыць сябе «забытым Богам». І такое пачуццё можа перажыць нават вернік, асабліва ў найбольш цяжкія хвіліны жыцця. Дык вось, адзін чалавек убачыў у сне, што ён разам з Панам ідзе берагам мора, па пяску, і бачыць на небе, нібы ў люстэрку, усе дні свайго мінулага жыцця. І ў той час, калі на небе мінаў адзін дзень, на пяску з’яўляліся дзве пары слядоў: яго і Боскага Настаўніка. Але ў некаторыя дні на пяску заставалася толькі адна пара слядоў, і тады чалавек, думаючы, што гэта толькі ягоныя сляды, вырашыў, што менавіта ў моманты найцяжэйшага выпрабавання Хрыстус пакідаў яго. І тады ён сарваўся і закрычаў: «Пане, я выбраў жыццё ў Табе, і Ты абяцаў мне, што ніколі не пакінеш мяне. Чаму Ты пакідаў мяне ў найбольш цяжкія для мяне хвіліны?» І вось ён пачуў лагодны дакор: «Сыне, ты ведаеш, што Я люблю цябе і ніколі цябе не пакідаю: калі на пяску ты бачыш толькі адну пару слядоў, у тыя дні я нёс цябе на руках». Гэта прыпавесць дапаможа ўвайсці ў такую праблематычную тэму, як адносіны з Богам, які часта ўяўляецца як Нехта, хто запускае ў цябе стрэлы са свайго помслівага каўчану: хваробы, смерць — толькі б працяць наскрозь бедную людскую істоту. Выраз «воля Божая» ў гэтым сэнсе вельмі часта скажаецца. А трэба быць надзвычай асцярожным у гэтым сэнсе, асабліва, калі закранаецца адвечнае пытанне: «Што я зрабіў такога кепскага, чым заслужыў такую хваробу? Чаму менавіта са мной гэта здарылася?». Малю Бога, каб паслаў мне свайго анёла, які б ачысціў мае вусны палаючым вуглём; каб я мог завостранаю іглою пісаць аб Ім з усёю далікатнасцю; і каб мне даў простую мову, калі буду гаварыць пра боль і пра смерць.
Перш за ўсё я хацеў бы сказаць, што маўчанне, поўнае любові і пашаны да таямніцы, трэба браць пад увагу, калі гаворка ідзе пра іншага, з вялікай літары, пра Бога, пра Айца, Сына і Святога Духа. У гэтым сэнсе для мяне і для хворых увогуле, каб ахарактызаваць адносіны Бога да нас, здаецца, больш падыходзіць слова «дазваляе», чым слова «жадае». Тут важнае пытанне пэўнай «аўтаноміі» (як вызначыў гэта ІІ Ватыканскі Сабор, гаворачы пра часовую рэальнасць)2 так званых «другарадных прычын» у стасунку да Першапрычыны (гэта значыць, да самога Бога), аўтаноміі чалавецтва, якое таксама мае сваю адказнасць. Усвядоміць гэта даволі цяжка, часта перашкаджае гэтаму і біблейская мова, калі мы не навучымся мець на ўвазе, што Святыя Аўтары Святога Пісання ўжывалі старагабрэйскую мову, у якой была вельмі жывая тэндэнцыя прыпісваць усё Богу, нават некаторыя сітуацыі, якія прымушаюць нас зніякавець. Божая дапамога, не лічачы цудоўнага аздараўлення (бо цуды... гэта цуды), рэалізуецца так, як гэта апісвае св. Павел у сваім лісце да Рымлянаў: «Мы ведаем, што тым, хто любіць Бога..., усё дапамагае на дабро» (8, 28). І ў гэтым сутнасць праблемы, сутнасць усіх філасофій, тэалогіі і гісторыі, як сусветнай, так і асабістай. Наш Бог — гэта Бог, які зло перайначвае ў дабро, аж да таго, што мы можам назваць першародны грэх «FELIX CULPA» — шчаслівая віна, бо «заслужыла такога вялікага Збаўцу» — Езуса Хрыста. І я ўпэўнена абраў гэты шлях. Бо нават маю хваробу і ўрэшце нават маю смерць Пан здолее перайначыць на дабро для мяне, для іншых, для свайго Касцёла. Калі Ён гэта дазваляе, дык, напэўна, дзеля большага духоўнага плёну. Гэта як пакліканне, падобна пакліканню Пятра, перад абліччам пакутніцкай смерці, пасля трохразовага вызнання любові, пасля яго трохразовага адрачэння, словы Хрыста: «Ты ідзі за Мною!» Я спадзяюся, напэўна, вы ўжо зразумелі, што ўсё пытанне ў мове. І гэта праблема вельмі актуальная сёння ў рэлігійным асяроддзі. Бо мова павінна ўвесь час аднаўляцца, як вопратка, але так, каб нічым не парушыць асновы веры. Гэткім было ў свой час вялікае памкненне папы Яна ХХІІІ і ІІ Ватыканскага Сабору.
Сапраўднае дабро для мяне, для нас — гэта асвячэнне, абагаўленне дзеля братоў, дзеля ўсяго чалавецтва. Напачатку — гэта ўсведамленне глыбіннай таямніцы жыцця, яго каштоўнасці, сэнсу, жыцця як Божага дару3. І тады хвароба — гэта нагода спыніцца, задумацца, паглыбіцца, вызваліцца з павуціння «жахлівай штодзённасці», якія цісне, забівае дух... І сапраўды, адным са станоўчых вынікаў хваробы можа стаць дар новага, больш глыбокага погляду на свет, на людзей, я акрэсліў бы гэты погляд як сузіранне — як чын вяртання жыцця, калі адкрываеш унутры самога сябе хвалю захаплення стварэннем, творамі людскіх рук. Адным словам, адкрываеш у сабе гэтую нечаканую блізкасць, саўдзел з усім навакольным. І, магчыма, асабліва ў той момант, калі ты мусіш пакінуць гэты свет. І, можа, менавіта гэтая туга — найвялікшае дабро для цябе. Мне казаў адзін малады чалавек (назавем яго Дэльф), якога я спаткаў у шпіталі: «Тут, у шпіталі, жыццё часта мне бачыцца зусім інакш. Калі выйду адсюль, дык распачну ўсё наноў, не буду нават думаць пра грошы і поспех. Але цяпер я хачу толькі любіць жыццё, у ягонай прастаце, любіць прыроду, хачу сапраўднай радасці, сапраўднага сяброўства...» Колькі прыгажосці і дабрыні ў гэтым парыванні! Але для некаторых не надта проста зрабіць такі паварот на 1800. Другі юнак, Карло, неяк пасля майго запрашэння да малітвы абарваў мяне вельмі шчырымі, хоць і цвёрдымі словамі: «Навошта маліцца цяпер, калі я ніколі дасюль не рабіў гэтага». І так вось ён адышоў з гэтага свету насустрач «невядомаму» Пану. Але да сваіх апошніх хвілін ён ніколі не забываў паварушыць прынамсі адным пальцам, каб прывітаць мяне. Бо ягонае цела ўжо больш не падпарадкоўвалася яму. І я маліў у яго гэтай адзнакі сваёй прыязнасці да мяне, спадзеючыся, што такім вось чынам, праз мяне, ён станецца сябрам Некага Іншага.
Калі напачатку я ўзгадаў пра «асвячэнне», то думаў таксама і пра сябе. Я лічыў, што ў шпіталі буду мець шмат часу для малітвы, для духоўных разважанняў. Дзе там! Мой дзень быў перапоўнены столькімі рэчамі, абавязкамі (якія асабліва ўскладніліся з-за пералому пляча і неабходнасці фізіятэрапіі), што я мусіў нават высільвацца, каб захаваць звычайны рытм малітвы і штодзённага адпраўлення Імшы, чытання Брэвіарыя, адмаўлення ружанца. І ўрэшце я зразумеў слушнасць выказвання некаторых духоўных аўтараў, што чалавек памірае ці рыхтуецца адысці ў іншы свет такім жа чынам, як і жыве. Нават калі могуць быць і выключэнні. У малітве хворага, апроч падзякі і ўхвалення, заўсёды ёсць просьба за сябе ці за іншага. Бо сама хвароба спрычыняецца да гэтага. Але ў маім выпадку было крыху іначай. Я ніколі не прасіў аздараўлення: «Няхай будзе Яго воля, няхай усё станецца паводле Яго волі». (Але я заўсёды буду ўдзячны тым асобам, якія маліліся за мяне.) Дый урэшце, як я мог маліць Яго аб паляпшэнні майго здароўя, калі бачыў вакол мяне людзей, што знаходзіліся ў значна горшай сітуацыі за маю і якія былі маладзейшыя за мяне альбо мелі сем’і, дзяцей? Чаму павінен быў выздаравець я, а не яны? Але затое памятаю, як я маліў Пана на апошняе Божае Нараджэнне, каб мець сілы і выканаць сваё абяцанне — паехаць на Беларусь, у Магілёў, бо быў запраграмаваны мой візіт у Магілёўскую катэдру. Апроч таго, я павінен быў выконваць таксама ролю і кіроўцы. Гэтаксама, як і падчас майго апошняга развітальнага наведвання гэтай краіны, узімку. Тады ўсё, здавалася, адбылося як мае быць, аж да самага моманту майго падзення ў аэрапорце, але пра тое я ўжо апавядаў вышэй. Вельмі важны момант у малітве — гэта ахвяраванне сябе самога. І гэта можа адбыцца ў любы момант дня. (...) І тут адна справа, калі ў адзіным парыванні ахвяруеш усё і ўся. І іншая справа, калі ў манатоннай нудзе дзён, гадзін, хвілін, тыдзень за тыднем, на працягу месяцаў, да канца. (...)
У гэтым месцы, хіба, было б дарэчы нешта сказаць і пра маю асабістую малітву: сэрцам сэрцу. Адчуваю пэўны духоўны сорам, закранаючы гэтую тэму, і, можа быць, таму, што ведаю сваю нягоднасць перад абліччам маёй Любові, Любові з вялікай літары. І ўсё ж такі штосьці трэба сказаць: крочыць праз ноч духу, нібы бачыць нябачнае, роўнае містыкам — ці не гэта крыніца благаславення і заслугі перад Найвышэйшым, перад Усемагутным і Добрым Панам? Таямнічая гэтая малітва, спыніцца ў містычным чаканні Яго, — шлях сяброўства і любові, нават калі нічога не чуваць. Гэта — як крочыць крыжовым шляхам, ізноў пачуць прыглушаныя словы: «Ойча, чаму Ты мяне пакінуў?» — месца спаткання любові і болю. Асабістая малітва павінна стацца спатканнем з «актам» любові. Памятаеш? «Божа найлепшы! Мілую Цябе ўсёй маёй істотаю і над усё чыста, а з любові да Цябе мілую і бліжняга майго, як самога сябе. О Божа, запальвай ува мне штораз гарачэйшы агонь Тваёй любові».
Хіміятэрапія не можа аддзяліць ад Божай любові. Хто і што можа аддзяліць нас ад любові Пана, пытаецца апостал Павел: «Хто адлучыць нас ад любові Божае? Гора ці ўціск, ці пераследаванне, ці голад, ці нагата, ці небяспека, ці меч?.. Бо я пэўны, што ні смерць, ні жыццё, ні анёлы, ні ўлады, ні сілы, ні цяперашняе, ні будучае, ні вышыня, ні глыбіня, ні другое якое стварэнне не могуць адлучыць нас ад любові Божай, што ў Хрысце Езусе, Пане нашым» (Рым 8, 35-39). Жадаю і Табе, дарагі чытач, калі табе надарыцца такая навала, няхай лячэнне, праз якое Ты мусіш прайсці, дапаможа не толькі твайму целу, але і духу.
Аўгустыно, біскуп «на бюлетэні»
Вельмі павольна, але мінулі ўжо два гады з таго дня, як апошнім этапам хіміятэрапіі — аўтаперасадкай — закончылася мая «шпітальная гісторыя». І цяпер я нібы адчуў абавязак ізноў узяцца за пяро. Тады я «вяртаўся ў свет» і, ужываючы больш тэалагічную мову, чым лекарскую, вяртаўся ў свет, бо мне было «цалкам адпушчана», нават калі яшчэ нельга было гаварыць пра поўнае выздараўленне з лінфомы. Нельга гаварыць пра гэта нават цяпер, трэба чакаць наступныя тры гады. Але цяпер, і я гэта кажу з радасцю, я адчуваю сябе добра. Такім чынам, я распачаў свой амаль нармальны рытм працы. Нават здолеў злятаць у Албанію са спецыяльнай місіяй, і ў найбольш гарачыя моманты для гэтай краіны — падчас крызісу ў Сараеве. Але пакуль што я не рызыкую ізноў выправіцца надоўга ў якуюсь замежную краіну. Бо лічу гэта пытаннем разважнасці і нават увагі да іншых, бо ведаю з уласнага вопыту, наколькі дыпламатычная служба патрабуе маральных і фізічных высілкаў. Але я пішу вось гэтыя старонкі, каб надаць смеласці тым, хто знаходзіцца ў той самай сітуацыі. Пішу, каб аддаць шацунак медыцыне ўвогуле і таксама ўшанаваць праўду. (...) Два гады таму я нават не спадзяваўся, што змагу адчуваць сябе так добра, як цяпер. Два гады, калі падумаць, — гэта вельмі кароткі перыяд, які аддзяляе мяне ад тунэлю, няхай сабе і ад тунэлю надзеі. Несумненна, медычныя абследаванні працягваюць нагадваць мне, што я жыву ў стане пастаяннага чування. Але ў гэтым ёсць нешта евангелічнае. Ці ж мы не павінны, адпаведна словам Пана, пастаянна чуваць? І гэта справядліва і неабходна дзеля нашага ж дабра. І так распачынаецца жыццё, тое нармальнае, будзённае жыццё. Проза... знікла. Паэзія ў пэўным сэнсе больш даступная, нават калі і такая балючая. Ізноў кантэмпляцыя стаецца больш цяжкай, бо інтэнсіфікуецца праца. І я паступова пачынаю адкрываць у сабе псіхалагічныя наступствы маёй хваробы і лячэння. Напрыклад, адчуваю, што менш пакутую за іншых. Маё сэрца, а можа, і мая асоба, нібы зацвярдзела, можа, з-за самой хваробы, а можа, з-за самога змагання за жыццё падчас лячэння. Я настолькі адпакутваў у сваім целе, што, здаецца, зацвярдзеў у самім сабе. І ў стасунках з іншымі. Для многіх я яшчэ застаюся тым, хто прайшоў праз пустыню. У выніку гэта ў нейкай ступені закранае «нармалёвасць» адносінаў. І сапраўды, я знаходжуся крыху ў інакшай, адметнай сітуацыі, чым іншыя, і гэта неяк вылучае мяне і робіць адрозным ад іншых. Да некаторых жа, прынамсі навідавоку, вярнулася нармальная ўвага да мяне не як да хворага, і да гэтага я сам далучыўся з вялікай для мяне прыемнасцю. Я ўсведамляю, што адкрываю нейкія ўрыўкавыя пачуцці, якія хаваюцца на самым дне маёй душы. Але я хачу адкрыць яшчэ адзін раз маё сэрца, каб дапамагчы іншым, а не здзівіць некага ці застрашыць. Адным словам, я адчуваю вялікую цяжкасць распачаць «нармальнае» жыццё, нібы нічога не здарылася два гады таму. Я пытаю ў самога сябе, ці гэта ідэальнае выйсце з сітуацыі і звычайна сумняваюся ў гэтым. І ўсё ж такі, калі-нікалі я адчуваю сябе як нехта, хто перажыў караблекрушэнне, як нехта, адзіным дабром для каго было жыццё, а цяпер ён баіцца яго згубіць. Таму ўзношу маё сэрца да Бога з вялікай удзячнасцю, бо мінула пагроза, бо знік боль і мне дадзена яшчэ колькі часу, каб паслужыць Касцёлу і іншым. Я хацеў бы, каб і іншыя далучыліся да мяне ў гэтай удзячнасці, каб разам са мной малілі ў Пана за тых, хто знаходзіцца напрыканцы тунэлю, — прыняць з любоўю ўсё тое, што прыйдзе пасля яго. А таксама я хачу маліць Бога, каб даў надзею тым, хто павінен прайсці праз гэты тунэль, хто ўжо ўнутры яго. Нельга забыць і тых, хто не перажыў гэты цяжкі пераход праз тунэль і ўзышоў да Бога і бачыць Яго — Бога жывога, Пана Адвечнай Прыгажосці і Вечнай Радасці. Ён — адзіная мэта ўсёй нашай дзейнасці, нашага цярпення і радасці, нашых сустрэч і растанняў, нашых народзінаў і нашай смерці. Ён — жыццё кожнага чалавека на зямлі.
|
|
|