Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(7)/1999
На кніжнай паліцы

ЭНЦЫКЛІКА FIDES ET RATIO
Юбілей святарства
Сведчанне

«ПРАЗ ТУНЭЛЬ НАДЗЕI»
Мастацтва

ЦУДОЎНАЯ МАЦІ З БОРУ
Роздум аб веры

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Постаці
Пошукі і знаходкі
Нашы святыні

ЗАНЯДБАНАЯ СВЯТЫНЯ
Навука

СВЯТАСЦЬ ЮЗАФА З НАЗАРЭТА
Паэзія

ВЕРШЫ
Пошукі і знаходкі

ЗНАК АСАБЛIВАЙ ПАШАНЫ
Проза

ХЛЕБ. АПАВЯДАННЕ
Архітэктура
Haereditas
Традыцыя

ВІЛЕНСКІЯ ПАЛЬМЫ

Дадатак да артыкула - Галерэя
Надзея УСАВА

БЕЛАРУСКІЯ ВАНДРОЎКІ ЮЗАФА ПЕШКІ

Юзаф Пешка ў нас не вядомы не толькі аматарам мастацтва, але і спецыялістам-мастацтвазнаўцам, хоць ён пражыў у Краі каля 20 гадоў. На Беларусі сёння зберагаецца адзіны ягоны твор, а такая малая спадчына, вядома ж, не спрыяе вывучэнню творчасці мастака. Але і ў Польшчы, на радзіме творцы, няма аб ім ані кніг, ані альбомаў, хоць Варшава, Кракаў і Вроцлаў маюць добры збор твораў першага дырэктара Кракаўскай Акадэміі Мастацтваў. Там сціплае мастацтва Юзафа Пешкі засланілі больш бліскучыя імёны.

Для беларусаў творчасць Пешкі — польскага мастака-вандроўніка — асабліва вартая ўвагі: ён стаў адным з першых партрэтыстаў і хранікёрам своеасаблівага ладу жыцця беларускіх мястэчкаў і гарадоў канца ХVІІІ — пачатку ХІХ стагоддзя. Таму варта згадаць асноўныя вехі ягонага шляху — у прамым і пераносным сэнсе.

«Curruculum vitae» (жыццярыс) Юзафа Пешкі, які захоўваецца ў Ягелонскай бібліятэцы ў Кракаве, адлюстроўвае толькі галоўныя падзеі ў жыцці мастака — тыповага прадстаўніка эпохі Асветніцтва — і амаль не звяртае ўвагі на «дробязі», якія для нас найбольш цікавыя: факты ягонай творчасці на Беларусі. Але пра гэта досыць выразна гавораць шматлікія творы, на шчасце, датаваныя і падпісаныя.

Юзаф Пешка нарадзіўся 19 лютага 1767 г. у найпрыгажэйшым горадзе Рэчы Паспалітай — старажытным Кракаве. Жыццё яго прайшло ў бурлівы і неспакойны час: у юнацтве мастак перажыў уладарніцтва аўстрыякаў у ягоным родным горадзе, у сталыя гады — разгром паўстання Тадэвуша Касцюшкі і арміі Напалеона, з якім польская шляхта звязвала свае надзеі на вяртанне незалежнасці, і нарэшце, у канцы жыцця, лістападаўскае паўстанне 1830 года. Такіх гістарычных катаклізмаў хапіла б не на адзін лёс, але жыццё мастака прайшло як бы на фоне трагічнага часу палітычных навальніцаў і катаклізмаў і паралельна яму, не абламаўшы крылаў творцы.

Жыццё і творчы лёс Юзафа Пешкі ўкладваецца ў тры перыяды: варшаўскі (1786—1793), «вандроўны» (1793—1813) і кракаўскі (1813—1831).

Першапачатковую адукацыю малады Пешка атрымаў у Кракаве ў паслядоўнага класіцыста Дамініка Эстрэйхера, які шмат гадоў пражыў у Італіі. Па пратэкцыі віленскага біскупа Ігнацыя Юзафа Масальскага Пешка ў 19-гадовым узросце паступае ў прыватную мастацкую школу, якую адкрыў у 1785 годзе ў Варшаве каралеўскі стыпендыят у Рыме Францішак Смуглевіч (1745—1807).

Варшаўскі перыяд жыцця мастака — гэта вучнёўства і актыўнае засваенне ўсіх канонаў класіцызму ў італьянізаваным варыянце, прыхільнікамі якога былі ягоныя настаўнікі. У гэты час ён працуе пад кіраўніцтвам Ф.Смуглевіча: на заказ біскупа ўпрыгожвае разам з ім Віленскую катэдру, выконвае партрэты дзеячаў Чатырохгадовага сойму для варшаўскай ратушы, капіруе карціны з каралеўскай галерэі.

Партрэты дзеячаў польскага асветніцтва пачатку 1790-х — А.Чартарыйскага, С.Малахоўскага, М.Сабалеўскага і іншых — былі напісаны ў «касмапалітычнай» гладкай манеры модных на той час пры двары аматара мастацтваў Станіслава Аўгуста заходніх майстроў — Бачарэлі і Крафта. Падчас напісання гэтых партрэтаў малады мастак часта сустракаўся з апошнім польскім каралём, што, аднак, ніяк не адбілася на ягоным лёсе.

Даўняя цэхавая традыцыя вандровак вучняў, немагчымасць канкурэнцыі з славутымі замежнымі майстрамі пры варшаўскім каралеўскім двары прымусілі мастака шукаць шчасця «на крэсах» Рэчы Паспалітай.

У 1793 годзе, напярэдадні паўстання Т.Касцюшкі, ён прыязджае ў Гародню. З гэтага падарожжа пачынаецца другі этап ягонага жыцця — перыяд творчых вандровак. Аб ягоных маршрутах можна меркаваць па назвах і датах некаторых твораў мастака.

У кабінеце гравюраў «Ossolenium» у Вроцлаве захоўваецца ягоная невялікая акварэль «Выгляд Гародні з боку Каложы» (1809), якая сведчыць пра тое, што мастак прыязджаў у горад яшчэ раз. Гэтую працу вызначае не толькі архітэктурная дакладнасць, але і карціннае мышленне — майстэрская перадача маляўнічых узгоркаў, на якіх ляжыць горад. У гэтай маляўнічасці і настраёвасці ўжо адчуваецца прарамантычны ўплыў на вучня апантаных класіцыстаў.

Далей шлях Пешкі ідзе ў Вільню, у якой ён затрымліваецца на некалькі гадоў (1794—1798). Тут мастак цалкам аддаецца творчай працы — малюе партрэты па замовах віленскіх святароў і шляхты. У 1795 годзе ў Вільню з Варшавы, якая пасля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай ператварылася ў правінцыйны горад прускай імперыі, пераехаў настаўнік Пешкі Ф.Смуглевіч, які стаў прафесарам пры заснаванай у Віленскім універсітэце кафедры жывапісу і малюнку (1797).

Вядомыя імёны прафесуры, якая згуртавалася пры універсітэце пад апекай куратара Віленскай навучальнай акругі князя Адама Чартарыйскага, зрабілі ў далейшым Вільню «літоўскімі Афінамі» — сталіцай адукацыі і гуманізму, калыскай патрыятычнага выхавання моладзі. У 1898 г. Ю.Пешка разам з Я.Рустэмам становяцца ад’юнктамі пры кафедры жывапісу. Напэўна, у гэтыя гады з’яўляюцца партрэты Францішка Смуглевіча — фактычнага заснавальніка віленскай мастацкай школы.

Але Пешка не працягвае педагагічнай працы. Пасля візіту рускага імператара Паўла з сынамі ў Мінск і Вільню для агляду набытых земляў (1797) Ю.Пешка разам з Ф.Смуглевічам па запрашэнні імператара ад’язджае на два гады ў сталіцы Расійскай імперыі — Маскву (1799) і Пецярбург, дзе прымае ўдзел ва ўпрыгожванні любімага імператарскага Міхайлаўскага замка. У Маскве ён упершыню пачынае ствараць свае знакамітыя краявіды: захаваліся 10 ягоных надзвычай дакладных, амаль пратакольных акварэляў Масквы і яе ваколіцаў («Чырвоная брама», «Крэмль і мост праз Маскву-раку» і г.д.). Малюнкі сепіяй, у якіх Пешка пераймае манеру свайго настаўніка, больш натуральныя і вольныя па трактоўцы.

Вяртанне з Расіі расцягнулася на некалькі гадоў — мастак выкарыстоўваў любую магчымасць для працы і знаёмства з новымі мясцінамі. Краявіды Магілёва і Шклова, якія захоўваюцца ў Львове (БАН), сведчаць, што Пешка вяртаўся ў Вільню праз Магілёўскую губерню ў 1802 годзе. Некалькі акварэляў прысвечана Віцебску, які ў 1802 г. стаў губернскім. Асабліва вабілі мастака старажытныя замкі. Архітэктурная дакладнасць, з якой творца маляваў кожную дэталь, жанравыя сцэнкі на першым плане, панарамнасць выявы — тыповыя рысы жанру ведуты — гарадскіх краявідаў. Гэтыя сціплыя акварэлі маюць сёння вялікую мастацкую і гістарычную каштоўнасць як першыя выявы беларускіх гарадоў (яны і тады карысталіся поспехам: вядома, што іх бачыў і высока адзначыў імператар Аляксандр).

На пачатку ХІХ ст. мастак зноў жыве і працуе ў Вільні: піша партрэт-алегорыю «Тры музы» (жанчыны з сям’і мастака, партрэт сямейства Борхаў (1806—1807), нечакана рамантычны партрэт віленскага хірурга Мацея Баранкевіча (1807), робіць мноства рэпартажных малюнкаў («Адкрыццё Дабрачыннага Таварыства ў Вільні», 1807). Па-ранейшаму ён шмат падарожнічае (захаваліся ягоныя акварэлі з выглядам замкаў у Наваградку, у Лідзе і Любчы, якія мастак імкнуўся «ажывіць» побытавымі сцэнкамі).

Вестка пра смерць Францішка Смуглевіча (1807) застае Пешку ў Нясвіжы, дзе ён працуе над партрэтам апекуна гаспадара замка Дамініка Радзівіла — князя Мацея Радзівіла. За гэты партрэт князь добра заплаціў. Мастак стаў прыдворным партрэтыстам Радзівілаў, але ўсё ж пачаў клапаціцца пра больш сталае матэрыяльнае становішча — месца прафесара на віленскай кафедры жывапісу па Смуглевічу. Справа зацягвалася: на месца прэтэндавалі і іншыя вучні Смуглевіча — І.Аляшкевіч, Я.Рустэм, Я.Дамель. У чаканні выбару Пешка жыве ў Нясвіжы, дзе стварае яшчэ некалькі міфалагічных і гістарычных кампазіцый, прысвечаных Баляславу Крывагубаму.

Прыватныя замовы шляхты прыводзяць яго на Міншчыну. Каля 1809 года ён прыязджае ў Мінск і некаторы час жыве ў судовага чыноўніка Ежы Кабылінскага. Захаваўся акварэльны пейзаж Мінска з гарадской драўлянай сядзібай роду Ваньковічаў, карчмой з заезжым дваром побач на скрыжаванні вуліц. З Мінска мастак выязджае ў Лошыцу (сядзібу мінскага падкаморыя Станіслава Прушынскага), Смілавічы (маёнтак Манюшкі, дзеда славутага кампазітара, дзе стварае групавы партрэт ягонай сям’і). Ён капіруе творы прадстаўніка рымскага акадэмізму мастака Сымона Чаховіча ў мінскіх касцёлах, да юбілею Грунвальдскай бітвы піша карціну «Ахвяраванне Ягелле мячоў перад бітвай» (1810).

Клопаты аб атрыманні прафесуры ў Вільні не далі выніку (яе ў 1811 г. пры падтрымцы Адама Чартарыйскага атрымаў Ян Рустэм). Пешка становіцца магістрам прыгожых мастацтваў Віленскага універсітэта. У 3-м томе «Гісторыі беларускага мастацтва» сцвярджаецца, што ў гэты час, выконваючы заказ магната Абуховіча, мастак стварае карціны «Перамога Сабескага пад Венай» і «Хрыстос перад Пілатам» (месца знаходжання не вядома). Расчараванне вымушае да ад’езду ў Пецярбург І.Аляшкевіча, Пешку затрымлівае ў Вільні пачатак напалеонаўскай кампаніі. Ён адлюстроўвае ў малюнку тушшу ўваход арміі Напалеона ў Вільню ў чэрвені 1812 года.

Пад штандары французскага імператара стаў былы патрон мастака малады Дамінік Радзівіл, які на ўласныя сродкі ўзброіў цэлы кавалерыйскі полк. Напэўна, у Вільні ў гэты час з’яўляецца партрэт другой жонкі князя, ягонай кузіны Тэафілы Мараўскай у вобразе Геры — сястры і жонкі Зеўса. Гэта тыповы «ампірны» партрэт з выразным метафарычным сэнсам: Тэафіла-Гера корміць вялікага арла — сімвал адраджэння Рэчы Паспалітай. Вельмі хутка з’яўляюцца яшчэ некалькі палотнаў, прысвечаных французскаму імператару — «Напалеон з літоўскімі абывацелямі» і «Алегарычная сцэна з Напалеонам» (Нацыянальны музей у Варшаве). Літаратурная крыніца апошняга палатна — «Энеіда» Вергілія. Напалеон у творы Ю.Пешкі выступае ў вобразе Энея, Дзідона сімвалізуе паміраючую Польшчу. Мяркуюць, што гэта карціна прысвечана развітанню імператара з Марыяй Валеўскай, якая ўвасоблена ў вобразе сястры Дзідоны — Ганны, што падтрымлівае паміраючую. На заднім плане — фігуры багіні помсты Гекубы і пасланкі багоў Ірыс.

Алегарычныя працы не вельмі даваліся партрэтысту Пешку: складаная заблытаная кампазіцыя з пляскатымі постацямі фігур з цяжкасцю перадае сэнс алегорыі і патрабуе расшыфроўкі.

Разгром армій Напалеона, арышты і высылкі прыхільнікаў імператара не давалі надзеі не толькі на кар’еру, але і на жыццё ў Краі. Гэтыя драматычныя абставіны вымушаюць Пешку ў 1813 годзе (як і ягонага апекуна князя Дамініка Радзівіла) пакінуць Вільню і вярнуцца «на кругі свае» ў родны Кракаў. Трэба было ўсё пачынаць спачатку.

Апошні (кракаўскі) перыяд жыцця мастака прайшоў у намаганнях за адкрыццё мастацкай школы пры Кракаўскім універсітэце. Ю.Пешка робіць шматлікія праекты гэтай установы і нарэшце ў 1817 г. становіцца галоўным прафесарам факультэта прыгожых мастацтваў пры літаратурна-філасофскім факультэце. Напэўна, у гэты час напісаны поўны годнасці і гонару вялікі парадны «Аўтапартрэт з сям’ёй» (Нацыянальны музей, Варшава, Вілянув).

Пасля гадоў бясконцых вандровак наступае самы сталы і, здаецца, шчаслівы час ягонага жыцця, апафеозам і канцом якога (літаральна ў год смерці) было прызначэнне на пасаду дырэктара Акадэміі Мастацтваў. Праўда, педагогам, як пішуць польскія даследчыкі, ён аказаўся не бліскучым. Сваё становішча Ю.Пешка выкарыстоўваў для творчай працы: стварыў мноства партрэтаў — ідэалізаваных і прыўзнятых — з выявамі гарадской эліты, больш шчырых і натуральных — з выявамі мяшчанаў.

Сярэдзінай 1820-х гадоў датуе старшы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Т.А.Карповіч партрэт работы Юзафа Пешкі са збору мінскага мастака пачатку ХХ ст. Зянона Ленскага (1864—1927). Магчыма, што гэта партрэт ягонага дзеда — Антонія Ленскага (1797—1873), старшыні Мінскага межавога суда (на час ад’езду Ю.Пешкі з Краю яму было толькі 16 гадоў, і партрэт мог быць напісаны пазней, падчас паездкі ў Кракаў). Не выключана таксама, што гэта партрэт вядомага астранома, матэматыка, філосафа, мастака і тэарэтыка эстэтыкі, кіраўніка абсерваторыі і дэкана факультэта філасофіі Кракаўскага універсітэта Станіслава Ленскага (1760—1825), які Зянон Ленскі, вядомы калекцыянер, мог набыць за мяжой. Ідэалізацыя і «амаладжэнне» ўзросту — тыповая з’ява таго часу, які не любіў прыкметаў старасці: Юзаф Пешка на сваім аўтапартрэце выглядае амаль аднагодкам сваіх дарослых дзяцей. У любым выпадку партрэт дэманструе асноўную эстэтычную ідэю беларуска-польскага Асветніцтва — спалучэнне ідэалаў сарматызма з новым рамантычным мышленнем. Рамантызаваны архаізаваны сарматызм, дапоўнены класіцыстычнымі дэталямі — вось дзіўнае стылістычнае спалучэнне, характэрнае для шматлікіх партрэтаў Пешкі, асаблівасць ягонай позняй манеры. Акрамя партрэтаў, Ю.Пешка (і ў гэтым ён сапраўдны паслядоўнік Ф.Смуглевіча) звяртаецца да гістарычнай тэматыкі ў 60-ці малюнках тушшу — «Pomysly z dzieow Polski», — якія ілюстравалі дзіцячыя кнігі. У ягоных малюнках ёсць і адлюстраванне нядаўніх падзей — «Сцэна з паўстання Касцюшкі» і «Венскі кангрэс». Стары ўжо мастак штудзіруе польскія хронікі і спрабуе па-мастацку асэнсаваць падзеі, якія сталі глабальнай гісторыяй. Яго падарожны дзённік — гарадскія краявіды мясцінаў, дзе ён пабываў, страчваюць сентыментальнасць, становяцца больш побытавымі.

Юзаф Пешка — мастак пераходнага часу — класіцыст з рысамі рамантыка. Паводле светаўспрымання ягоная творчасць усё ж бліжэй да мастацтва ХVІІІ стагоддзя, чым да ХІХ — эпохі рамантызму, уплыў якога адчуваецца ў прыёмах, знешне засвоеных мастаком.

У мастацтве Ю.Пешкі — шчырым і дакладным, наіўным і рамантычным, сентыментальным і праўдзівым — з прыцягальнай сілай адбіўся той час і яго ідэалы.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY