|
|
№
1(7)/1999
На кніжнай паліцы
Юбілей святарства
Сведчанне
Мастацтва
Роздум аб веры
Постаці
Пошукі і знаходкі
Нашы святыні
Навука
Паэзія
Пошукі і знаходкі
Проза
Архітэктура
Haereditas
Традыцыя
|
Cамым вядомым абразом гістарычнай Берасцейшчыны з’яўляецца Кодэньскі абраз Маці Божай, каранаваны ў Вялікім Княстве Літоўскім другім пасля Троцкага (1723 г.). Кодэнь—мяcтэчка на левым беразе Заходняга Буга, заснаванае разам з замкам у 1511 г. маршалкам і сакратаром Вялікага Княства Літоўскага Іванам Сапегам, з якога пачалася кодэньская галіна знакамітага беларускага рода Сапегаў. Сын Івана Павел, наваградскі ваявода, пабудаваў у замку вядомую ў гісторыі архітэктуры гатыцкую царкву Святога Духа (1530 г.). Мікалай Сапега (1581—1644), харонжы літоўскі, пазней ваявода менскі і берасцейскі, кашталян віленскі, у 1629—1636 гг. вымураваў касцёл святой Ганны на ўзор базылікі святога Пятра ў Рыме. 8 студзеня 1636 г. падчас асвячэння касцёла луцкім біскупам сюды быў перанесены з замка абраз Маці Божай Гвадэлупскай (пазней названы Кодэньскім). Паводле легенды, скульптура Маці Божай з дзіцем, знойдзеная ў 1313 г. у скалах над ракою Гвадэлупэ (Іспанія), паходзіць з Грэцыі і як быццам выразана самім евангелістам Лукою. У канцы VІ ст. цэсар Маўрыцый падараваў яе папе Грыгорыю, і тады ж яна трапіла ў Іспанію. У Рыме знаходзіўся яе жывапісны паўтор, нібыта намаляваны святым Аўгустынам.
Гісторыя Кодэньскага абраза напісана кашталянам, пазней канцлерам, Янам Фрыдрыхам Сапегам (1680—1751) і спачатку была надрукаваная пад прозвішчам кс. Валіцкага (Walicki ks. J. Historia przezacnego obrazu kodeńskiego Panny Maryi. Toruń, 1720). Пазней яна перавыдавалася пад уласным імем аўтара (J.F.Sapieha. Monumenta antiquitatum Marianarum, Warszawa, 1721; Monumenta albo zebranie Starożytnych Ozdób... Warszawa, 1723), увайшла ў кампендзіум Яна Астроўскага-Данейковіча «Swada łacinska i polska» (Lublin, 1745), пераказвалася касцёльнымі гісторыкамі ХVІІІ—ХІХ стст. (гл., напр., «Kodeń Sapiehów, jego koscioły i starodawny obraz Matki Boskiej Gwadełupskiej». P.J.K. Kraków. 1898) і нават стала асновай для гістарычнай аповесці (Zofja Kossak-Szczucka. Beatum scelus. 1924, Błogosławiona wina, 1953). Cучасны гісторыёграф Сапегаў не знайшоў пацвярджэння архіўнымі дакументамі драматычнага эпізоду вывазу абраза з Рыма ў Кодэнь (Dom Sapieżynski. Warszawa. 1995. c. 234, аўт. Mirosław Nagielski). Мяркуецца, што кніга з запісамі першых цудаў абраза згарэла ў 1680 г., аднак фактычна культ Кодэньскай святыні распачаўся з кнігі Яна Фрыдрыха Сапегі, асабліва, калі праз яго ж намаганні 15 жніўня 1723 г. са згоды папы Клеменса ХІ абраз быў каранаваны. У раздзеле ІХ «Monumenta» пералічаны цуды (ці ласкі) ад абраза, сярод якіх перш за ўсё значыцца ацаленне Мікалая Сапегі ад ламаты ў касцях. Многія іншыя Сапегі таксама адчулі дапамогу Маці Божай. Казімір Сузін уратаваўся, калі яго панеслі коні; Мацей Глембоўскі — ад утаплення; паправіўся селянін Іван, пакалечаны мядзведзем; маляр Раман Растоцкі; уніят млынар Андрэй і г.д.
Абраз намаляваны алеем на палатне памерам 223 х 128 см у пачатку ХVІІ ст. (так лічаць сучасныя гісторыкі мастацтва). Маці Божая адлюстраваная ў поўны рост, фігура высокая, франтальная; Яна ў цёмна-чырвонай, доўгай (да падлогі), расшыранай ўнізе сукенцы, ахінутая цёмна-зялёным плашчом і такім жа платам-хусткай. У сагнутай правай руцэ — скіпетр, на левай — маленькая фігурка Езуса ў шырокім малінавым плашчы. Твары з ідэальнымі рысамі, над галовамі — каралеўскія кароны. Вакол галавы Маці Божай — агромністае радужнае ззянне. Унізе — стужкі з напісам «Sancta Maria Miraculosa de Gvada Luppe».
Абраз намаляваны алеем на палатне, наклееным на дошку памерам 120 х 80 см, закрыты акладам. Сюжэт святыні мае заходнееўрапейскае паходжанне. Як сцвярджае польская даследчыца Марыя Каламайская, абраз мае першаўзор у Марціна дэ Воса (1532—1603), яна ж указвае на два іспанскія абразы блізкай кампазіцыі (Maria Kałamajska-Saeed. Ostra Brama w Wilnie. Warszawa, с. 92-93). Магчыма, у берасцейскага абраза ёсць нейкі графічны прататып, аднак нельга выключыць і іспанскія сувязі дамініканцаў. Сюжэт абраза даволі рэдкі. Марыя, ледзь схіліўшы галаву і склаўшы рукі перад сабою, з замілаваннем глядзіць на Дзіця, якое спіць на яе каленях. З-пад аклада відаць круглы тварык Езуса з кароткімі цёмна-рудымі валасамі і маленькая ручка, няўмела пакладзеная пад шчаку. Злева, побач з Маці Божай, папераджальна прыклаўшы палец да вуснаў, схіліўся перад Езусам малы Ян (Хрысціцель). Твар Марыі малады, з выразнымі рысамі. Жывапіс абліччаў аб’ёмны, каларыт цёплы, светлы, з лёгкімі ценямі. Абраз закрыты металічным акладам з высокім, густа чаканеным рэльефам з раслінным арнаментам (бутоны розных кветак, парасткі) у стылі барока. Над галовамі Марыі і Езуса яшчэ нядаўна знаходзіліся старадаўнія прыгожыя кароны з камянямі і перламі. (На жаль, гэтыя кароны заменены новымі, слабымі ў мастацкіх адносінах, не адпаведнымі выдатнаму барокаваму акладу). Уверсе тло аклада ўтвараюць клубы воблакаў, сярод якіх два анёлкі-пуцці трымаюць гравіраваную пласціну з выявай Маці Божай на воблаках, абведзеную «ормушэльнай» рамкай. Аклад, бясспрэчна, з’яўляецца выдатным узорам дэкаратыўнага мастацтва эпохі барока. Няпісаная гісторыя сцвярджае, што спачатку абраз захоўваўся ў дамініканаў — у Шараўцы, на Падоллі (касцёл быў заснаваны тут ваяводам падольскім у 1607 г. з умовай маліцца за душу караля Уладыслава, палеглага пад Варнай, Стэфана Баторыя і яго жонкі Ганны, а таксама фундатараў; Słownik geograficzny ziem Polskich i innych krajów sіowiańskich. t.XI. Warszawa, 1890). У час казацкіх войнаў татары захапілі абраз разам з іншым рабункам, але генерал падольскіх зямель Мікалай Патоцкі нагнаў іх, адабраў здабычу і змясціў абраз у сваёй капліцы. Жонка М.Патоцкага Святаслава — пратэстантка, дачка мінскага ваяводы Дунін-Раецкага — перайшла ў каталіцтва. Святаслава Дунін-Раецкая выходзіла замуж чатыры разы: за падкаморага берасцейскага Вацлава Ляшчынскага (+1656), ваяводу смаленскага Адама Саковіча (+1662), генерала падольскага Мікалая Патоцкага (+1676, шлюб адбыўся паміж 1662 і 1666 гг.; Polski słownik biograficzny, t.XXVIII/1 z.116), надворнага кароннага харонжага Пражмоўскага (+1685-PSB, XXVIII/3, z.118). Пасля смерці М.Патоцкага Святаслава выйшла замуж за старосту Ломжынскага Войцеха Пражмоўскага і аддала абраз брэсцкім дамініканам. Аднак манаграфія «Cudowne obrazy Matki Najswiętszej w Polsce, zebrał i wydał ks. Sadok Baracz. Lwów. 1891», падаючы такія звесткі (с. 36—37), разам з тым паведамляе, што яшчэ ў 1740 г. касцёл у Шараўцы меў абраз, слынны ласкамі, аздоблены сярэбранай сукенкай і каронамі (с. 373 са спасылкай на рукапіс падкамянецкі «Monumenta Conventuum»). Тым самым, шараўскае паходжанне берасцейскага абраза не зусім пэўнае. Не выключана, што Дунін-Раецкая атрымала яго нейкім іншым шляхам. Зыходзячы з датаў смерці Патоцкага і Пражмоўскага, можна вызначыць час з’яўляення абраза ў Брэсце: 1677—1685. Напэўна, тады ж Раецкая заказала аклад для абраза, аб чым сведчыць змешчаны на ім унізе фамільны герб Дунін-Раецкіх «Лебедзь» з ініцыяламі «S.D.Z.R.P.CH.K.N.S.L.» вакол картуша, якія азначаюць «Swiętosława Zofja Dunin-Rajecka Prazmowska Chorażyna Koronna Nadworna Starostowa Łom380yńska». (Herbarz polski Kaspra Niesieckiego, przez Jana Nep. Bobrowicza, t. III. Lipsk. 1839; t. VIII. Lipsk. 1841). Невядомы запісаныя цуды абраза, аднак сама яго складаная гісторыя ёсць найвялікшы цуд: ён перажыў шматлікія іншаземныя нашэсці, скасаванне брэсцкіх кляштараў і поўнае знішчэнне старога Брэста ў 1830-я гг., дзве сусветныя вайны, разгул атэістычнага вандалізму. У згаданай вышэй кнізе Я.-Ф. Сапегі пра Кодэньскі абраз пералічаны святыя месцы з абразамі Маці Божай: некалькі касцёлаў у Брэсце, Пінску, Вістычах, Падкамені, Лясной, Верхавічах, «таксама ў маетнасцях маіх дзедзічных слыне візарунак старадаўні Найсвяцейшай Панны Караля Хадкевіча, гэтага польскага багатыра, пад час вайны інфлянцкай пратэктаркі асаблівай» (с. 209—210). Наколькі можна зразумець гэты тэкст, абраз Маці Божай у Верхавічскім касцёле (ён згадваецца ў літаратуры) калісьці належаў слыннаму палкаводцу гетману Каралю Хадкевічу. Пра абраз у Вістыцкім кляштары цыстэраў, пераведзеным сюды з Бучэмлі Яўстахіем Тышкевічам у 1678 г., піша Piotr Pruszcz. (Morza łaski Bożej... Kraków, 1750), дадаючы досыць працяглы вершаваны панегірык Станіслава Прытульскага цудадзейнай святыні. Кляштар зачынены з 1834 г., мураваны цыстэрскі касцёл перададзены пад царкву; абраз, можна меркаваць, застаўся на месцы. Магчыма, гэтая святыня выяўлена на хорах Вістыцкай царквы экспедыцыяй Музея старажытнабеларускай культуры ІМЭФ НАН Беларусі ў страшэнна пашкоджаным стане і вывезена ў музей. Аснова абраза складаецца з дзвюх дошак, змацаваных урэзанымі шпонкамі; памер — 107 х 66 см; жывапіс тэмперна-алейны па высокім ляўкасе. Іканаграфія наступная: Маці Божая Адзігітрыя (выява пабедраная) трымае Дзіця на левай адведзенай руцэ, а правая, якая ўказвае на Сына, прытрымлівае крыжык на ланцужку. Фарбамі намаляваны твары і рукі, адзенне выканана ў тэхніцы графічна-плоскага разьбянага па ляўкасу рэльефу, пасярэбранага і пазалочанага; вакол галоў абрысаваныя граф’ей німбы з язычкоў полымя; абапал — кірылічныя манаграмы Маці Божай і Хрыста. На тле — густы арнамент у выглядзе акантавых парасткаў і лісця. Абраз адметны дэкаратыўнасцю, характэрнай для апoшняй трэці ХVІІ ст., належыць да беларускай школы іканапісу. Трэба адзначыць, што шанаванне абразоў «рускай» і «грэцкай» іканаграфіі ў каталіцкіх храмах не такая ўжо рэдкая з’ява для ХVІІ стагоддзя на Беларусі.
|
|
|