 |
1 |
Ад касцельнай брамы да нябеснай —
гэта самы пакручасты шлях.
Па гарах, узгорках, па палях
ён імчыцца ручаінай весняй.
Ён гасцінцы роўныя мінае,
пнецца між кустоў і між балот.
І ягоны новы паварот
гасіць хуткасць і маршрут мяняе.
Проста ў неба яснае чамусьці
ён не любіць бегчы нацянькі.
Ён ляціць, крыўляючы ўбакі,
покуль шал нарэшце не адпусціць.
І тады ён паслухмяны самы,
хоча роўным і звычайным быць.
Як жа цяжка выбіць і адмыць
пыл і гразь ля запаветнай брамы.
|
2 |
Ад касцельнай брамы да нябеснай —
гэта час, як з сэрца б’е фантан,
неспакойны твой душэўны стан
і заўсёды ў запаведзі цесна.
Дзе налева — хочацца направа,
дзе святліста — хочацца ў імжу.
Моцна цягне перайсці мяжу
самых добрых і надзейных правіл.
Кроў звініць у жылах, як сірэна,
да шчаслівых дзён рукой падаць...
Не спыняюць ні рака, ні гаць.
Што яны! І мора па калена.
Вецер сціхне шумнага буяння —
зжухне беглай радасці трава.
І сама кладзецца галава
на святую плаху пакаяння.
|
3 |
Ад касцельнай брамы да нябеснай
цягне нас да ўсіх зямны уцех.
Вабіць сэрца бесклапотны смех,
што пануе ў гутарцы гарэзнай.
З радасцю якой замілаванай
кружымся спакуслівай вясной!
Песцім прывід ласкі незямной,
ласкі той, што стане занядбанай.
Толькі б сэрца на пасля хапіла,
каб адчуць Нябесную Любоў.
А яно вось выйшла з берагоў
і бальшак да Бога затапіла...
Сэрца, беспрытульна не каціся
і зямны спакой не варушы.
Як хутчэй да кінутай душы
сцішана, пакорліва вярніся.
|
4 |
Ад касцельнай брамы да нябеснай
горкіх дзён і хвіляў не злічыць.
Нібы нехта хоча пагарчыць
нашу долю, каб не стала прэсна.
Нібы хтосьці сыпле соль на раны,
зверху на кашулю сыпле соль.
Ад укусаў лёсу моцны боль —
хтось яго падпітвае старанна.
Як ні клічам — шчасця ані звання,
ад яго — адзін туман і дым.
Мы ўздыхаем і штодзень гарым
на агні сваіх расчараванняў.
Горка думаць, што твой век кароткі,
хоць жыццё бяскрайняе, як стэп.
Ты забыўся пра нябесны хлеб,
вечны хлеб, які заўжды салодкі.
|
5 |
Ад касцельнай брамы да нябеснай —
россыпы маркотныя няўдач.
І плыве, плыве нязводна плач
гулкаю мелодыяй балеснай.
Колькі галасоў аб дапамозе
чуецца! На ўсіх ці хопіць лек?
Колькі слабых, хворых і калек
журыцца на выбітай дарозе!
І вядзе іх доля, як сляпая,
хіба ёй ты скажаш: «Выручай!»
Як сабака, круціцца адчай,
самых кволых за душу хапае...
Ах, бядак, чакаеш дабрадзея,
ты ў надзеі змучана стаіш.
Ты на долю, як на ўласны крыж,
абапрыся — тут твая надзея.
|
6 |
Ад касцельнай брамы да нябеснай
адчувай цяпло чужых плячэй.
Іншых грэй. І будзе шмат лягчэй
у бядзе і ў радасці сумеснай.
Не журыся на зямлі без меры —
з позіркам, апушчаным у дол.
Паглядзі: пасталі навакол
сёстры і браты твае па веры.
Нібы снег, твае растануць мукі —
гэта дзіва спасцігаеш сам.
Бо заўсёды лечаць, як бальзам,
на цябе пакладзеныя рукі.
Шчодрасць сэрца вычарпай да донца,
стань жывой крыніцай у жыцці.
Добрым сэрцам іншым пасвяці,
стань для іншых запаветным сонцам.
|
7 |
Ад касцельнай брамы да нябеснай
скрозь вясну ступаеш і зіму.
Радуйся расчулена ўсяму,
што тваё жыццё табе прынесла.
Калі будзеш ты аблюбаваны
весялосцю чыстай ці журбой,
хай заўжды стаіць перад табой
Воблік Бога, маці і каханай.
Цемра шляху стане значна меншай,
абміне твая дарога гаць,
калі будзе прамяніста ззяць
над табою Вобраз Найсвяцейшай.
Радуйся такому паяднанню!
Цешыцца яму заўжды душа,
хоць была і сумнаю спярша...
І змярканне стане, як світанне.
|
8 |
Ад касцельнай брамы да нябеснай —
гэты шлях між брамамі дзвюма.
Хай жа стане у Тваё Імя
праспяванай урачыстай песняй.
Хай жа будзе ў гэтай песні злітным,
паяднаным на усё жыццё
нашае дыханне-пачуццё
з радаснымі словамі малітвы.
Каб адчуць у цішыні глыбокай,
што па нотах сонечных сыграў.
Рэха ўсіх тваіх будзённых спраў
стане хай мелодыяй высокай.
Перажыўшы ўсе зямныя драмы,
перамогшы стомленасць і зло,
лёгка як упасці на святло,
што зыходзіць ад нябеснай брамы.
|
|
 |