Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(7)/1999
На кніжнай паліцы

ЭНЦЫКЛІКА FIDES ET RATIO
Юбілей святарства
Сведчанне

«ПРАЗ ТУНЭЛЬ НАДЗЕI»
Мастацтва

ЦУДОЎНАЯ МАЦІ З БОРУ
Роздум аб веры

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Постаці
Пошукі і знаходкі
Нашы святыні

ЗАНЯДБАНАЯ СВЯТЫНЯ
Навука

СВЯТАСЦЬ ЮЗАФА З НАЗАРЭТА
Паэзія

ВЕРШЫ
Пошукі і знаходкі

ЗНАК АСАБЛIВАЙ ПАШАНЫ
Проза

ХЛЕБ. АПАВЯДАННЕ
Архітэктура
Haereditas
Традыцыя

ВІЛЕНСКІЯ ПАЛЬМЫ

Ігар ГАНЧАРУК

РЫМА-КАТАЛІЦКІ КАСЦЁЛ У ГРОДЗЕНСКІМ ПАВЕЦЕ (1800 — 1830 гг.)

У першай трэці ХІХ ст. на тэрыторыі Гродзенскага павета дзейнічалі як свецкія, так і ордэнскія структуры рыма-каталіцкага Касцёла, якія мелі свае асобныя адміністрацыйна-тэрытарыяльныя арганізацыі. Так, усе парафіі свецкага духавенства ўваходзілі ў склад Гродзенскага дэканата, межы якога адпавядалі межам Гродзенскага павета, а кляштары былі ў складзе пэўных ордэнскіх правінцый, цэнтры якіх знаходзіліся за межамі Гродзенскага павета.

Як вядома, дэканат з'яўляецца элементам развітай дыяцэзіяльнай арганізацыі рыма-каталіцкага Касцёла. Перад падзеламі Рэчы Паспалітай на тэрыторыі Віленскага біскупства, якое, за выключэннем Берасцейшчыны, ахоплівала амаль усю сучасную Беларусь, было 26 дэканатаў. Гродзенскі дэканат у 1772 г. уключаў 23 парафіі, а таксама 10 філій і публічных капліцаў. Яго тэрыторыя абмяжоўвалася на ўсходзе Азёрамі, на захадзе - Краснаборам і Ялінамі (цяпер у Польшчы), на поўначы - Перавалкай, а на поўдні - Малой Бераставіцай і Крынкамі1.

У перыяд расійскага панавання тэрыторыя Віленскага біскупства была значна скарочана ў сваіх памерах і ўключана ў склад Магілёўскага арцыбіскупства. У першай трэці ХІХ ст. яно было абмежавана губернямі Гродзенскай, Віленскай (акрамя Жмудскай дыяцэзіі) і Курляндскай. Нягледзячы на значныя тэрытарыяльныя страты, лік дэканатаў у Віленскай дыяцэзіі пастаянна ўзрастаў. Так, калі ў 1800 г. было ўстаноўлена 18 дэканатаў, дык у 1836 г. налічвалася ўжо 262.

Утварэнне дэканатаў залежала ад дыяцэзіяльнага біскупа. Паводле ўказа ад 12 ліпеня 1796 г. межы дэканатаў павінны былі супадаць з межамі паветаў. Гродзенскі дэканат у новых межах згадваецца ў пастырскім лісце віленскага біскупа Яна Касакоўскага ад 24 сакавіка 1800 г.3 У ім жа новы дэканальны падзел тлумачыцца неабходнасцю паскарэння паштовай сувязі паміж біскупскай сталіцай і парафіямі. З рэгулярных справаздачаў гродзенскага дэкана з 1812 па 1825 гг. відаць, што ў 1812 г. у дэканаце налічвалася 13 парафій, а ў 1813-1825 гг. - 14. А менавіта: Гродзенская фарная, Гродзенская Занёманская, Індурская, Крынская, Малабераставіцкая, Вялікабераставіцкая, Эйсмантаўская, Луненская, Свіслацкая, Квасоўская, Гожская, Азёрская, Каменская і Мастоўская. Уласна кіраўнікі парафій мелі тытул плябана і толькі некаторыя на аснове спецыяльнага бенефіцыя тытулаваліся пробашчамі. Найбольш забяспечаныя з іх валодалі фальваркамі і падданнымі сялянамі. Напрыклад, Гродзенскаму пробству належаў фальварак Русота.

Не абавязкова дэканам прызначаўся ксёндз з Гродна. Так, не пазней за 1803 г. і да 1812 г. уключна дэканат узначальваў пробашч з Індуры, з канца 1812 г. - з Каменкі, а ў 1832 г. - з Вялікай Бераставіцы. Звычайна дэканат меў не менш чым тры парафіі, адміністратарамі якіх былі вышэйшыя іерархічныя асобы каталіцкага Касцёла. Так, у 1812 г. Гродзенскае фарнае пробства ўзначальваў член Віленскай капітулы і асэсар Рыма-Каталіцкай Духоўнай Калегіі пралат Ігнацы Контрым, Індурскую плябанію - член Віленскай капітулы і Віленскай Духоўнай Кансісторыі, намеснік віленскага біскупа і канонік Мінскай капітулы пралат Ст. Ляхніцкі, а Вялікабераставіцкую - біскуп суфраган Курляндскі Адам Капаноўскі. Каменскі плябан Дамінік Машулевіч, які быў ў гэты час гродзенскім дэканам, меў ганаровае званне брэсцкага каноніка4.

Функцыі дэканаў рэгуляваліся выдадзенымі ад імя вышэйшай духоўнай улады ці імператара інструкцыямі. Паводле гэтых дакументаў яны павінны былі збіраць статыстычныя звесткі аб касцельных будынках у дэканаце, асабовым і маёмасным стане духавенства, кантраляваць і турбавацца аб захаванні фундушаў, здзяйсняць штогадовыя візітацыі. У Віленскай дыяцэзіі дэканы сачылі таксама за знешнім выглядам ксяндзоў і праходжанні імі рэгулярных рэкалекцый у кляштарах; назіралі за перамяшчэннем духавенства па тэрыторыі дэканата.

У Гродзенскім павеце рыма-католікі складалі ў 1828 г. другую па колькасці групу вернікаў пасля уніятаў (38,75%, гл. табл. 1). Амаль усе уніяты (грэка-католікі) знаходзіліся ў павеце, а рыма-католікі, акрамя значнай лічбы ў павеце, у горадзе саступалі толькі іудзеям. Мізэрная лічба уніятаў у горадзе (27) тлумачыцца, на наш погляд, наступствамі распачатага ў краіне курса на ліквідацыю уніі і пераходам уніятаў у лік рыма-католікаў ці праваслаўных.

Табліца 1.
Канфесійны склад вернікаў у Гродне і Гродзенскім павеце. 1828 г.*
Горад, паветправа-
слаўных
лютэ-
ранаў
рыма-
католікаў
грэка-
католікаў
іудзеяўмусуль-
манаў
усяго

коль-
касць

коль-
касць
%коль-
касць
%коль-
касць
%коль-
касць
%коль-
касць
%коль-
касць
%
Гродна
Гродз. павет
885
-
6,9
-
237
14
1,9
00,2
4457
33158
35
38,8
27
39325
0,2
46
7185
12944
56
15,1
-
129
-
0,2
12791
85570
Усяго8850,92510,33761538,239352402012920,51290,198361
*НГА Беларусі ў Гродне, ф. 1, воп. 3, с. 422, а. 140 (звесткі канцылярыі гродзенскага губернатара).

Што тычыцца рыма-каталіцкага духавенства, дык асабліва шматлікім было ордэнскае, якое складала 84,7% (гл. табл. 2). Перавага апошняга была ўласцівая для зямель Вялікага Княства Літоўскага, асабліва для яго ўсходніх тэрыторый, дзе ордэнскае духавенства вяло актыўную місійную дзейнасць і мела свае парафіі. Праўда, у Гродзенскім павеце кляштары, акрамя двух францішканскіх, парафіяльнай дзейнасцю не займаліся. Практыкавалася толькі дапамога мясцовым плябанам, як гэты было ў Вялікай Бераставіцы, дзе працавалі манахі бернардзінцы, аднак правінцыйнае кіраўніцтва ордэна ішло на гэта вельмі неахвотна5. Акрамя парафіяльных касцёлаў, каталіцкае духавенства прысутнічала ў філіяльных касцёлах, у капеланіях пры жаночых кляштарах і памешчыцкіх сядзібах. Звычайна ў парафіях працаваў адзін ксёндз і толькі ў асобных - 2-3. Супастаўленне канцэнтрацыі духавенства па населеных пунктах за тры гады, з 1828 па 1831, адлюстроўвае яго пераразмеркаванне і адсутнасць тэндэнцыі да колькаснага павелічэння. Лічба ксяндзоў у парафіях не лічылася задавальняючай. З мэтаю паляпшэння сітуацыі па вырашэнню дыяцэзіяльных уладаў пры касцёлах Віленскай дыяцэзіі, і ў Гродзенскім дэканаце ў прыватнасці, заводзіліся адпаведныя кнігі для запісаў духоўных асобаў, якія шукалі сабе месца6.

Табліца 2.
Колькасць свецкіх ксяндзоў, манахаў і манашак
у Гродне і Гродзенскім павеце. 1828 г.*
Горад,
павет
свецкіх
ксяндзоў
манахаў і манашакусяго
усягоу тым ліку
манахаў           манашак
коль-
касць
%коль-
касць
%коль-
касць
%коль-
касць
%коль-
касць
Гродна
Гродз.
павет
5
15
4,5
71,4
105
6
95,5
28,6
68
6
61,9
28,6
37
-
33,6
-
110
21
Усяго2015,311184,77456,53728,2131
*НГА Беларусі ў Гродне, ф. 1, воп. 3, с. 422, а. 47, 63-64 (звесткі канцылярыі гродзенскага губернатара).
Што да колькасці касцёльных будынкаў, дык усяго іх налічвалася 23 (7 у горадзе і 16 у павеце). З іх - 2 парафіяльных у Гродне і 12 - у павеце. Адпаведна касцёлаў без парафіі было 5 у горадзе і 4 - па-за месцам. У горадзе гэта былі кляштарныя касцёлы, а ў павеце - філіяльныя. У Гродне ўсе касцёлы былі мураваныя (драўляны касцёл баніфратаў у канцы 1820-х гадоў не дзейнічаў), а ў павеце, за выключэннем трох, выключна драўляныя7. Будаўніцтва новых касцёлаў стрымлівалася царскім урадам шэрагам абмежаванняў (наяўнасцю на парафію не менш за 100-150 двароў, пэўнай адлегласцю ад уніяцкіх і праваслаўных цэркваў і інш.). Тым не менш, у чэрвені 1826 г. быў атрыманы дазвол на закладку філіяльнага касцёла ў Вярэйках8.

Важным відам дзейнасці парафіяльнага духавенства быў улік вернікаў. У спецыяльных кнігах штогадова адзначалася колькасць народжаных, памерлых, хрышчаных, прывітых ад воспы, узяўшых шлюб, разведзеных, прыступаючых да сакрамантаў, старых, якім за 90 гадоў і інш. У перыяд з 1819 па 1828 гг., напрыклад, у павеце разам з горадам зарэгістравана 13.861 народжаных, 675 незаконнанароджаных, 7.045 памерлых, 3.166 узяўшых шлюб, 8 скасаваўшых шлюб9.

Ксяндзы надзяляліся таксама функцыямі кантролю. Яны сачылі, каб вернікі рэгулярна наведвалі касцёл і прыступалі да сакрамантаў. Лічылася, што да споведзі неабходна прыступаць не радзей аднаго разу на год - на Вялікдзень і ў сваім касцёле. Калі споведзь адбывалася ў іншым касцёле, неабходна было мець аб гэтым даведку. Тыя вернікі, якія без паважлівых прычынаў прапускалі велікоднае прычасце, больш не павінны былі дапускацца на богаслужэнне, а пасля смерці іх забаранялася хаваць на могілках, а «толькі ў полі на ростанях»10. Не маглі прыступіць да споведзі і тыя з вернікаў, якія не ведалі асноў веры. З распараджэння кіраўніка Віленскай дыяцэзіі ад 21 мая 1830 г. відаць, што ўсе дэканы павінны былі даць спісы асобаў, якія не адбылі велікоднай споведзі і не прынялі прычасця з мэтай далейшай перадачы спіса ў суд «для ўчынення над вінаватымі папярэджвання ці пакарання»11. Акрамя таго, духавенства павінна было сачыць і спыняць шкодныя, на думку касцёла, забабоны (выпадкі ў дэканаце, калі сяляне, каб абараніцца ад голаду і розных пошасцяў, рабілі на вокнах «чырвоныя рысаваныя фігуры»), звычаі свабоднага (без папярэджвання ксяндзоў) пахавання памерлых на індывідуальных месцах, не на могілках, складаць спісы на тых памешчыкаў, якія прымушалі сваіх сялянаў працаваць у святочныя і нядзельныя дні і інш.

Абавязкам дэкана быў нагляд за падуладным яму духавенствам. Так, дэкан меў права па даручэнню біскупа экзаменаваць свецкіх і ордэнскіх ксяндзоў па тэалогіі і абрадах, правяраць метрыкі, патрабаваць, каб богаслужэнні ішлі ў адпаведнасці з канонам, каб перад іх пачаткам праводзілася навучанне асновам веры (катэхізацыя), а казанне заўсёды было б абавязковым і даступным па зместу. Звычайна недахопы ў пастырскім служэнні выкрываліся падчас візітацый біскупа ці дэкана. Часам праверкі здзяйсняліся па спецыяльных даручэннях. Напрыклад, у 1813 г. у Свіслацкі кляштар францішканаў быў накіраваны адміністратар Луненскай парафіі для пошуку манаха, які служыў у французскім войску12. Аб злоўжываннях духавенства духоўнае кіраўніцтва даведвалася са скаргаў, якія траплялі да яго ад розных асобаў, у тым ліку ад фундатараў, як гэта было ў 1817 г. у скарзе на гожскага ксяндза за занядбанне апошнім душпастырскіх абавязкаў13.

Сістэма ўсеагульнага нагляду ў царскай Расіі патрабавала і ад мясцовых плябанаў, каб яны паведамлялі дэканам аб прыбыцці ў сваю парафію любых духоўных асобаў. Так, у снежні 1812 г. гожскі плябан даносіў, што ў Пшэломскім маёнтку гродзенскага маршалка Абламовіча знаходзіўся былы дамініканец ксёндз Цыбульскі, які прыехаў з Варшаўскага княства14.

Архіўныя звесткі сведчаць, што царскія ўлады імкнуліся абмежаваць дзейнасць каталіцкага духавенства колам сваіх вернікаў. Пад пагрозай самага жорсткага пакарання ксяндзам забаранялася не толькі навяртаць праваслаўных у каталіцкую веру, але і весці ўсякую прапаганду сярод іх. Забаранялася таксама хрысціць ці даваць шлюб у касцёле пратэстантам. Што тычыцца іудзеяў, дык, як вынікае з распараджэння гродзенскаму паддэкану ад 1818 г., прыняцце імі каталіцтва абмяжоўвалася пэўнымі ўмовамі - апытаннем у паліцыі і атрыманнем адтуль пісьмовага дазволу15.

Пастырская дзейнасць ксяндзоў насіла шматбаковы характар. У касцёлах праводзілася навучанне рэлігіі, прамаўляліся казанні і дадатковыя набажэнствы за ўраджай, выбаўленне ад голаду і інш. У касцёле вернікаў знаёмілі з асноўнымі падзеямі ў краіне і за мяжой, а таксама з рознымі пастырскімі лістамі і энцыклікамі, якія дазвалялася абвяшчаць. Падчас святаў асабліва шануемых святых парафіяне даведваліся аб іх дзейнасці, эпосе, у якой яны жылі, гісторыі з'яўлення іх абразоў у мясцовых касцёлах. Нярэдка вернікаў заклікалі дапамагчы пацярпелым ад неўраджаю ці на будаўніцтве касцёла ў глыбінцы Расіі. Спецыяльныя богаслужэнні і рытуал здзяйсняліся з прычыны смерці папы і абрання новага пантыфіка. Распараджэннем духоўных уладаў у 1812 г. у гродзенскім фарным касцёле, таксама як і ў Вільні, павінны былі праводзіцца набажэнствы з удзелам манаскіх ордэнаў і рамесных цэхаў. Асаблівай урачыстасцю адрозніваліся мерапрыемствы падчас святкавання Юбілейнага года, які ў Гродне адзначаўся на працягу месяца - з чэрвеня 1826 г., а ў павеце - у кастрычніку таго ж года. У гэты час, акрамя богаслужэнняў, масава праводзіліся катэхізацыя, споведзь, прычасце, канфірмацыя. Трэба адзначыць, што большыя магчымасці ў задавальненні рэлігійных патрэбаў мелі жыхары Гродна, дзе была сканцэнтравана значная колькасць адукаванага духавенства. У вясковай жа мясцовасці, як паказваюць візітацыі, казанні і навучанне рэлігіі маглі праводзіцца нерэгулярна, значнай увагі патрабаваў там нагляд над гаспадаркай плябаніі.

Важным бокам рэлігійнага жыцця была арганізацыя і дзейнасць рэлігійных брацтваў. Напрыклад, пры фарным касцёле ў Гродне функцыянавала свята-траецкае брацтва, якое карысталася прывілеем папы Пія ІV ад 1560 г. Прывілей гэты быў такі вялікі, што калі б брацтва пастанавіла што-небудзь да свайго парадку ці адмяніла, дык гэта мела б такую моц, як усё роўна было б зацверджана Апостальскай Сталіцай16. Вялікія цяжкасці напаткалі брацтва св. Тройцы на рубяжы ХVІІІ-ХІХ стст., калі ў 1782 г. фарны касцёл пацярпеў ад пажару, а ў 1804 г. быў аддадзены ў ведамства рускай праваслаўнай царквы. У гэты час другое брацтва пры гэтым касцёле - св. анёла-ахоўніка - відаць, так і не было адноўлена, бо кніга яго братчыкаў даведзеная толькі да 1794 г.; не ўзгадваецца яно і ў інвентарах ХІХ ст. У 1798 г. функцыі фарнага касцёла былі перададзены былому касцёлу езуітаў. Пры ім працягвала дзейнічаць і свята-траецкае брацтва. У 1808 г. братчык Якуб Зарэка за свой кошт пабудаваў на могілках фарнага касцёла драўляную капліцу з алтаром Укрыжаванага Хрыста і перадаў яе ва ўпраўленне брацтву. Акрамя таго, намаганнямі братчыкаў даглядаўся ў касцёле алтар св.Тройцы, адліваліся званы, паднаўляліся абразы, утрымоўваўся арганіст. Узначальваў брацтва бурмістр горада, а яго членамі былі вядомыя ў горадзе людзі.

Традыцыйна пры касцёлах арганізоўваліся не толькі рэлігійныя брацтвы, але і шпіталі, у якіх звычайна знаходзілася 3-5 састарэлых асобаў. Яны не мелі спецыяльных фундушаў і дзейнічалі за кошт плябана і парафіянаў. Сапраўдную медыцынскую дапамогу можна было атрымаць у спецыялізаваных шпіталях, якія мелі некаторыя манаскія ордэны ці свецкае духавенства. Такіх установаў было няшмат. У Гродне хворымі апекаваліся баніфраты. У канцы ХVІІІ ст. ва ўпраўленні фарнага касцёла знаходзіўся разлічаны на 24 убогіх мураваны шпіталь і касцёл Св. Духа. Аднак у гэты час будынкі шпіталя былі ў занядбаным стане, а пасля рамонту на пачатку ХІХ ст. перайшлі на баланс гарадскіх уладаў. Касцёл, які знаходзіўся пры шпіталі ў канцы 1820-х гадоў, разабралі.

Духоўныя ўлады заклікалі ксяндзоў пры кожным касцёле ўтрымліваць не толькі шпіталі, але і парафіяльныя школы. Аднак у Гродзенскім павеце толькі пры Вялікабераставіцкім касцёле дзейнічала такая школа17. Па губерні іх было больш - 39, чатыры з якіх даглядаліся ордэнскім духавенствам, у тым ліку дзве базыльянамі18.

Акрамя свецкага духавенства, на тэрыторыі Гродзенскага дэканата дзейнічалі шматлікія манаскія ордэны (бернардзінцаў, дамініканцаў, францішканцаў, кармелітаў босых, баніфратаў, бернардзінак і брыгітак), якія ўваходзілі ў склад пэўных ордэнскіх правінцый і мелі ўласную адміністрацыйную структуру. Усе іх кляштары былі сканцэнтраваны ў Гродне, а францішкане мелі яшчэ кляштар у Свіслачы. Усяго, такім чынам, налічвалася 8 кляштараў - 6 мужчынскіх і 2 жаночых. Найбольшую мясцовую традыцыю мелі бернардзінцы, якія атрымалі фундацыю яшчэ ў 1494 г. Дамініканцы, францішканцы і кармеліты босыя з'явіліся адпаведна ў 1632, 1635 і 1676 гг., а баніфраты - у 1727 г. Кляштар бернардзінак быў заснаваны каля 1618 г., а брыгітак - у 1634 г. У арганізацыйных адносінах першы быў падпарадкаваны віленскаму біскупу, а другі - правінцыйнаму кіраўніцтву ордэну бернардзінцаў.

Сярод мужчынскіх кляштараў найбольш колькаснымі былі дамініканскі (26-30 манахаў) і бернардзінскі (21-26 манахаў), далей ішлі - кармелітаў босых (7-14 манахаў), два францішканскіх (5-6 манахаў у горадзе і 4 у Свіслачы), баніфратаў (3-4). Амаль усе манахі паходзілі з Гродзенскай, Віленскай, Менскай, Магілёўскай губерняў, Беластоцкай акругі і 9 - з Каралеўства Польскага (гл. табл. 3). Нягледзячы на нязначную лічбу манахаў, кляштар францішканцаў у Гродне быў цэнтрам пэўнай акругі - кустодыі, у якую ўваходзілі кляштары з шасці іншых месцаў. З двух жаночых кляштараў больш колькасным з'яўляўся брыгіцкі (24-25 манашак), бернардзінак жа было напалову менш (13 у 1828 г. і 10 у 1831 г.)19. Кляштары кармелітаў босых, дамініканцаў, бернардзінак і брыгітак мелі свае навіцыяты.

Табліца 3.
Склад манахаў гродзенскіх кляштараў па месцы паходжання. 1832 г.*
МанахіГр.г.**Віл.г.Мн.г.Мг.г.Вцб.г.Бел.а.КПС.-Пцб.Усяго
францішканцы3-11-1--6
баніфраты3-------3
бернардзінцы1172---1-21
кармеліты босыя--4---3-7
дамініканцы3811255126
базыльяне--1--2--3
усяго102592289166
*НГА Беларусі ў Гродне, ф. 1, воп. 3, с. 1239, а. 76—82 (звесткі канцылярыі гродзенскага губернатара).
**Скарачэнні: Гр.г. — Гродзенская губерня, Віл.г. — Віленская губерня, Мн.г. — Менская губерня, Мг.г. — Магілёўская губерня, Вцб.г. — Віцебская губерня, Бел.а. — Беластоцкая акруга, КП — Каралеўства Польскае, С.-Пцб. — Санкт-Пецярбург.
Кожны кляштар у сваёй дзейнасці меў адрозныя асаблівасці. Пэўнае ўяўленне пра іх можа даць асабовы склад кляштараў (гл. табл. 4), дзе прадстаўлены ксяндзы, якія маглі праводзіць богаслужэнні, прапаведнікі, спаведнікі, клерыкі, што атрымлівалі адукацыю, настаўнікі і інш. З іншых крыніцаў вядома, што францішканцы займаліся парафіяльнай працай і мелі ў Гродне шпіталь на 4 асобы. Пры гэтым жа касцёле дзейнічала рэлігійнае брацтва св. Антонія, якое пашырала культ святога і цяпер папулярнага ў гэтай парафіі. Пры касцёле ў Свіслачы існавала брацтва Маці Божай Шкаплернай. Бернардзінцы выконвалі капеланскія абавязкі ў жаночых кляштарах, займаліся душпастырствам у павятовых парафіях, а таксама мелі свой шпіталь. Апекаваліся шасцю ўбогімі і кармеліты - спачатку ў будынку драўлянага шпіталя (у 1764-1816 гг.), а потым у сваім флігелі. Доглядам пяці хворых, галоўным чынам вар'ятаў, займаліся баніфраты. Яны мелі таксама драўляны касцёл Найсвяцейшай Маці Божай, які, праўда, на пачатку 1820-х гадоў з-за сваёй спарахнеласці перастаў дзейнічаць. Вядома толькі, што ў 1825 г. абраз Маці Божай, які знаходзіўся ў гэтым касцёле, павінны былі перанесці ў капліцу Гродзенскага таварыства дабрачыннасці, будынак якога перадаваўся пад нагляд баніфратаў20. Трэба адзначыць таксама, што агульным абавязкам для ўсіх кляштараў, акрамя баніфрацкага, было выкананне духоўных паслуг для зняволеных у гродзенскай турме.

Табліца 4.
Асабовы склад гродзенскіх мужчынскіх кляштараў. 1832 г.*
Кляштарынастаяцельпам.**прап.кс.клер.ман.сп.прак.настаў.Усяго
францішканскі1113-----6
баніфрацкі1--2-----3
бернардзінскі111-852-321
кармелітаў босых1--6-----7
дамініканскі1-1-6--41426
базыльянскі1--2-----3
усяго62313145241766
*НГА Беларусі ў Гродне, ф. 1, воп. 3, с. 1239, а. 76—82 (звесткі канцылярыі гродзенскага губернатара).
**Скарачэнні: пам. — памочнік настаяцеля, прап. — прапаведнік, кс. — ксёндз, клер. — клерык, ман. — манах, сп. — спавяднік, прак. — пракуратар фальваркаў і вёсак.

Шмат увагі надавалі гродзенскія кляштары адукацыйнай дзейнасці. Так, кляштары кармелітаў босых, бернардзінцаў і дамініканцаў трымалі для сваіх манахаў навучальныя ўстановы, якія называліся студыямі. Дамініканцы мелі генеральную студыю вышэйшага ўзроўню з выкладаннем філасофіі і тэалогіі. У студыі кармелітаў выкладалася філасофія, у курсе якой вывучаліся геаграфія, матэматыка, фізіка, метафізіка, логіка і красамоўства. У бернандзінскім кляштары, акрамя філасофіі, выкладалася маральная тэалогія. Да 1832 г. студыі захавалі толькі дамініканцы і бернардзінцы.

Акрамя навучання клерыкаў, гродзенскія кляштары, за выключэннем францішканскага, прымалі ўдзел у навучанні свецкай моладзі. На пачатку ХІХ ст. пры бернардзінскім кляштары дзейнічала прыватная элементарная школа. Кармеліты босыя ўтрымоўвалі за свой кошт 3-4 хлопчыкаў і навучалі іх пачатковым ведам. Самую значную ролю ў адукацыі адыгрывалі дамініканцы. У 1797-1825 гг. яны кіравалі школай, якая мела статус павятовай, а ў 1825-1833 гг. - гімназіяй і павятовай вучэльняй. Акрамя таго, у іх было парафіяльнае вучылішча і канвікт (інтэрнат). Ва ўсіх дамініканскіх школах у першай трэці ХІХ ст. навучалася 336-357 вучняў. Пры гродзенскай гімназіі існавала бібліятэка, якая налічвала 10.000 тамоў, хімічны і фізічны кабінеты, а таксама прыродазнаўчы музей з калецыі мінералаў, раслін і розных дзівосных прадметаў. У школе выкладалі вядомыя ў той час выкладчыкі-правінцыялы Ян Сцірпейка і Фелікс Цяцерскі, актыўны місіянер і аўтар одаў Якаў Фалькоўскі і інш. Для вучняў школы друкаваліся падручнікі21. Так, у 1806 г. у Вільні ў перакладзе з французскай мовы гродзенскага дамініканіна А.Кажанеўскага быў надрукаваны трактат па фізіцы.

Бернардзінкі і брыгіткі займаліся дабрачыннай дзейнасцю. Першыя ў 1804-1828 гг. трымалі для 18-26 дзяўчынак школу з канвіктам, а другія ў канцы ХVІІІ - пачатку ХІХ ст. утрымоўвалі і выхоўвалі 12 дзяўчынак-сіратаў. Акрамя таго, брыгіткі мелі яшчэ шпіталь для сваіх падданных сялянаў. Вядома таксама, што брыгіцкі кляштар быў месцам, куды паліцыя перадавала для духоўнага пакаяння жанчын, асуджаных за злачынствы. У 1827 г. ён стаў месцам зняволення Ксаверыі і Карнеліі Рукевіч - сясцёр дзекабрыста Міхаіла Рукевіча22.

Важным элементам хрысціянскай культуры і рэлігійнасці масаў з'яўляўся той комплекс рэлігійнай практыкі, які быў звязаны з назвамі касцёлаў і капліцаў, а таксама асабліва шануемых у іх абразоў і рэліквій. Гэта перш за ўсё: правядзенне святочных урачыстасцяў, атрыманне індульгенцый і адпустаў, супольныя малітвы, спецыяльныя набажэнствы, ватыўныя ахвяраванні і інш. Значная іх частка ў Гродне была звязана з марыйным культам. Так, з 8 гарадскіх касцёлаў 5 былі прысвечаны Маці Божай, 2 - Св. Крыжу і 1 - св. Францішку Ксаверыю (фарны, былы езуіцкі). У гонар Маці Божай былі асвечаны касцёлы кляштараў дамініканцаў (Маці Божай Ружанцовай), францішканцаў (Маці Божай Анёльскай), баніфратаў (Найсвяцейшай Маці Божай), брыгітак (Звеставання), бернардзінак (Нараджэння Найсвяцейшай Марыі Панны). Св. Крыжу былі прысвечаны касцёлы кляштараў бернардзінцаў (Адшукання Св. Крыжа) і кармелітаў босых (Узнясення Св. Крыжа). Былы фарны касцёл, перададзены рускай праваслаўнай царкве, таксама быў асвечаны ў гонар Маці Божай. У гэтых касцёлах асаблівай увагай карысталіся Лярэтанская капліца ў бернардзінскім касцёле і капліца Маці Божай Кангрэгацкай у фарным, а таксама абраз Маці Божай Ружанцовай у дамініканскім касцёле.

У першай трэці ХІХ ст. касцёлы і кляштары, што знаходзіліся на тэрыторыі Гродзенскага павета, мелі ў цэлым трывалае эканамічнае становішча. Яны захоўвалі права на зямельную ўласнасць і валоданне прыгоннымі сялянамі. Інвентары найбольш буйных зямельных уласнікаў брыгіцкага кляштара і фарнага касцёла ў Гродне сведчаць аб захаванасці ў межах Расіі маёнткаў, якія ім належалі з часоў Рэчы Паспалітай. Канцылярыя гродзенскага губернатара не зарэгістравала актаў канфіскацый зямель парафіяльных касцёлаў і кляштараў, якія ў Гродзенскай губерні валодалі 106.709 дзесяцінамі зямлі і 24.489 сялянамі. У Гродзенскім павеце ім адпаведна належала 6.597 дзесяцінаў зямлі і 1.670 сялян23. Для параўнання адзначым, што руская праваслаўная царква была прадстаўлена ў губерні толькі двума храмамі - у Гродне і Брэсце - і таму не магла скласці канкурэнцыі каталіцкаму Касцёлу. Што тычыцца дзяржаўных і прыватнаўласніцкіх сялянаў, дык у павеце іх налічвалася адпаведна 2.760 і 24.553, а ў губерні - 25.998 і 227.93924.

Табліца 5.
Зямельныя ўладанні парафіяльнага духавенства і
мужчынскіх кляштараў у Гродзенскім павеце. 1828.*
Назва зямельнага
ўладання
Колькасць
сялянаў
Дзесяцінаў зямлі ў асаблівасці
усяговорнайпад лугаміпад лясамі
фальварак Русота285940530130280
вёска Барбарычы422501804030
юрыдыка ў Лунне
і вёска Пілкі
171108030-
юрыдыка ў Крынках,
пасад Сверачыншчызна
2913010030-
юрыдыка ў Індуры,
вёска Пракаповічы
23653044090-
фальварак Глыбокае9031025060-
вёска Дашкаўцы7471048090140
фальварак Мошны,
Бурсаўшчызна, Дубляны
5251460103034090
фальварак Пятроўцы3114011030-
пасад Квасоўка1117016010-
фальварак Калбасіно,
Малышчын, Мінчыкі
(дамініканцаў)
12486572011035
фальварак Грандзічы,
вёска Казіміраўка
(кармелітаў босых)
16773052090120
фальварак Панямунь
(францішканцаў)
392522202012
усяго1670659748201070707
*НГА Беларусі ў Гродне, ф. 1, воп. 3, с. 422, а. 53 адв. (звесткі канцылярыі гродзенскага губернатара).
Зямельная ўласнасць касцёлаў у павеце была размеркавана нераўнамерна. Не ўсе касцёлы і кляштары валодалі фальваркамі ці вёскамі. Напрыклад, гродзенскія бернардзінцы і баніфраты не мелі іх увогуле, а кляштар брыгітак па-ранейшаму заставаўся найбуйнейшым землеўласнікам. Апошні ў сваіх пяці фальварках Гродзенскага, Ваўкавыскага і Слонімскага паветаў валодаў 16.970 дзесяцінамі зямлі і 3.755 сялянамі (з іх у Гродзенскім павеце 1.720 дзесяцінамі і 216 сялянамі)25. Другі жаночы кляштар - бернардзінак - меў толькі адзін фальварак у Гродзенскім павеце. З мужчынскіх кляштараў найбольш багатым лічыўся дамініканскі. У Гродзенскім павеце яму належала тры фальваркі з 865 дзесяцінамі зямлі і 124 сялянамі, акрамя таго, дамініканцы мелі ўладанні ў Брэсцкім павеце (гл. табл. 5). Размеркаванне зямельнай уласнасці сярод парафіяльных касцёлаў і мужчынскіх кляштараў паказана ў табл. 5.

Каталіцкі Касцёл меў розныя крыніцы даходаў, як ад працы сялянаў, так і грашовыя. Апошнія складаліся з падымных збораў, прадпрымальніцкай дзейнасці, арэнды, аплаты рэлігійных паслугаў, працэнтных даходаў і штогадовых выплатаў пенсій у адпаведнасці з указам ад 15 кастрычніка 1796 г., гэта значыць, тым асобам, кляштарам і касцёлам, якія атрымлівалі грошы з даходаў былых каралеўскіх эканомій.

Напрыклад, грашовыя даходы Гродзенскага пробства былі забяспечаны фальваркам Русота, 2 юрыдыкамі ў Гродне, арэндай памяшканняў дома пробашча, у якіх знаходзілася аптэка, працэнтнымі сумамі і банкаўскай выплатай паводле ўказа 1796 г. У 1805 г. даходы пробства складалі 8.756 злотых.

Акрамя зямельнай уласнасці ў павеце, усе кляштары валодалі нерухомасцю ў горадзе. Гэта былі як асобныя дамы, так і юрыдыкі. Небагаты кляштар баніфратаў меў невялікую юрыдыку з 4 дамоў. Апрача таго, ён атрымліваў 450 руб. асігнацыямі з Гродзенскай скарбовай палаты і меў нязначныя фундушавыя сумы. У 1808 г., каб арганізаваць добры шпіталь, цар Аляксандр І падарыў манахам мураваны будынак бровара, які, праўда, так і не быў перададзены кляштару26. Кляштар брыгітак валодаў юрыдыкай, якая ў 1830 г. складалася з 29 пляцаў і давала штогадовы даход 97 злотых. Агульны ж даход брыгітак разам з арэндай ад 15 корчмаў, млынамі і іншымі прадпрыемствамі складаў у 1830 г. 11.097 руб. срэбрам27.

Яшчэ адной крыніцай даходаў каталіцкага духавенства была аплата за рэлігійныя паслугі: капеланскія, хрост, царкоўны шлюб, метрычныя запісы, біццё ў званы. З канца ХVІІІ ст., калі з'яўляюцца могілкі як спецыяльная інстытуцыя з вызначаным месцазнаходжаннем (за мяжой населенага пункта) і рытуалам, адбылося вызначэнне пахавальнай таксы, размеркаванай асобна для розных груп насельніцтва. Бясплатнаму пахаванню падлягалі толькі асобы, якія памерлі ў шпіталях, жабракі і сіраты.

Валодаючы маёмасцю, духавенства часта адстойвала свае правы на яе праз суд. Часам такія працэсы вяліся на працягу доўгіх гадоў і тычыліся як фундушавай маёмасці, так і нованабытай.

Такім чынам, даходы каталіцкага Касцёла забяспечваліся фундушамі, ахвяраваннямі і тэстамэнтамі, а таксама дазволам духоўных уладаў на аплату рэлігійных паслуг і дзяржаўнымі законамі. Наяўныя грошы маглі паступаць ад падданых сялянаў, з касцёльных юрыдык, ад прыватных асобаў і ад дзяржавы ў выпадках, прадугледжаных заканадаўствам.

Аналіз становішча каталіцкага Касцёла ў першай трэці ХІХ ст. на тэрыторыі Гродзенскага павета паказвае, што змены адбыліся перш за ўсё ў дзяржаўна-прававой сферы і адміністрацыйнай. З арганізацыі пануючай у Рэчы Паспалітай Касцёл у Расіі ператварыўся ў церпячую і залежную ад праваслаўнай дзяржавы ўстанову. Ён страціў прыярытэт у вырашэнні шэрагу пытанняў, нават тых, што тычыліся ўнутрыцаркоўнага жыцця: такіх, як утварэнне дыяцэзій і правядзенне місійнай дзейнасці, зносіны з Касцёлам за мяжой і інш. Змены адбыліся таксама ў спосабе кіравання мясцовым Касцёлам. Шырокую юрысдыкцыю над усім духавенствам, як свецкім, так і ордэнскім, атрымаў магілёўскі мітрапаліт Ст.Сестранцэвіч. Да таго ж Касцёл быў пастаўлены ў моцную залежнасць ад свецкіх уладаў, якія аказвалі на яго ўплыў праз Духоўную Калегію, адпаведныя міністэрствы і Сенат. Прэрагатыва ў найбольш важных для Касцёла пытаннях, такіх, напрыклад, як зацвярджэнне кандыдатураў біскупаў ці правінцыйнага кіраўніцтва манаскіх ордэнаў, належала імператару, хоць зразумела, што для кананічнага зацвярджэння біскупаў неабходна была перш за ўсё санкцыя папы Рымскага.

Нягледзячы на адміністрацыйна-прававыя змены ў становішчы Касцёла на беларускіх землях, яго пастырская, адукацыйная і дабрачынная дзейнасць працягвалася без істотных зменаў. Сярод духавенства, як і раней, пераважала ордэнскае, якое галоўным чынам было сканцэнтравана ў горадзе і, акрамя францішканцаў, не мела сваіх парафіяў. Прадстаўнікі духавенства ўладамі пакуль не пераследаваліся. Парафіі і кляштары яшчэ не ліквідаваліся, захоўвалі сваю зямельную ўласнасць і мелі такія ж крыніцы даходаў, як і ў ХVІІІ ст. Але падкрэслім, што гэта была толькі першая трэць ХІХ стагоддзя.


  1. Litak S. Kościół łaciński w Rzeczypospolitej około 1772. Lublin, 1996, s. 123.
  2. Kumor B. Ustrój i organizacja kościoła polskiego. 1772—1918. Kraków, 1980, s. 551.
  3. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Гродне (далей НГА Беларусі ў Гродне), ф. 886, воп. 1. с. 3. а. 30-31.
  4. НГА Беларусі ў Гродне, ф. 886, воп. 1, с. 6, а. 32; с. 7, а. 3—16.
  5. Тамсама, с. 7, а. 64 адв.
  6. Тамсама, ф. 886, воп. 1, с. 6, а. 91.
  7. Тамсама, ф. 1, воп. 3, с. 422, а. 63 адв.-64.
  8. Тамсама, ф. 886, воп.1 с. 7, а. 84 адв.
  9. Тамсама, ф. 1, воп. 3, с. 422, а. 66—75.
  10. Тамсама, ф. 886, воп. 1 с. 6, а. 3.
  11. Тамсама, с. 27, а. 26.
  12. Тамсама, с. 7, а. 12 адв.
  13. Тамсама, а. 42-43.
  14. Тамсама, а. 15адв.
  15. Тамсама, ф. 1721, воп. 1, с. 19, а. 53—58; ф. 886, воп. 1, с. 7, а. 45, 70.
  16. Тамсама, ф. 259, воп. 2, с. 2, а. 1, 49-50.
  17. Тамсама, ф. 886, воп. 1, с. 7, а. 51. Паводле І.Ляхніцкага, парафіяльная школа знаходзілася ў Малой Бераставіцы. Гл.: Lachnicki I. Statystyka gub. Litewsko-Grodzieńskiej, Wilno, 1817, s. 74.
  18. Lachnicki. Statystyka gub. Litewsko-Grodzieńskiej, Wilno, 1817, s. 74-76.
  19. НГА Беларусі ў Гродне, ф. 1, воп. 3, с. 422, а. 43—48, с. 1238, а. 6—9.
  20. Тамсама, воп. 2, с. 1340, а. 2; ф. 886, воп. 1, с. 13, а. 141.
  21. Тамсама, ф. 1, воп. 3, с. 34, а. 14; воп. 4, с. 41, а. 1-2.
  22. Тамсама, ф. 1, воп. 2, с. 1892; ф. 1783, воп. 1, с. 153, а. 3—8.
  23. Тамсама, воп. 3, с. 422, а. 18, 58, 71-72.
  24. Тамсама, а. 143.
  25. Тамсама, а. 59 адв.-60.
  26. Тамсама, воп. 2, с. 10, а. 47.
  27. Тамсама, ф. 1783, воп. 1, с. 188, а. 15, 54.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY