|
|
№
1(7)/1999
На кніжнай паліцы
Юбілей святарства
Сведчанне
Мастацтва
Роздум аб веры
Постаці
Пошукі і знаходкі
Нашы святыні
Навука
Паэзія
Пошукі і знаходкі
Проза
Архітэктура
Haereditas
Традыцыя
|
Bёска Зембін — адно з найстарэйшых паселішчаў, размешчаных пры старой віленскай дарозе недалёка ад Барысава, на беразе рэчкі Зембінка (прытока Гайны). На думку беларускага даследчыка В.Жучкевіча (аўтара «Кароткага тапанімічнага слоўніка Беларусі»), назва вёскі з цягам часу паступова, але значна змянялася: першапачатковай формай хутчэй за ўсё было асабістае імя «Жаба», якое трансфармавалася ў «Зембін» у наступнай паслядоўнасці: Жабін — Жэбін — Зебін — Зембін. У ХVІ ст. мястэчка належала знакамітаму ў Рэчы Паспалітай роду Кішкаў (герб Dabrowa). Вядома, што ў 1612 г. віцебскі ваявода Станіслаў Кішка падзяліў усе свае шматлікія ўладанні паміж чатырма сынамі. Зембін атрымаў старэйшы сын (таксама Станіслаў) — віцебскі схаластык і сакратар польскага караля Сігізмунда ІІІ (акт права на спадчыну быў пацверджаны запісам у Кнізе Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага). На пачатку ХVІІ ст. Зембін стаў уласнасцю Саковічаў (на жаль, крыніцы не паведамляюць, як гэта адбылося). Пазней мястэчкам валодала Святаслава Раецкая (другая жонка Адама Саковіча, якая пасля яго смерці выйшла замуж за Мікалая Патоцкага), а потым — Пражмоўскія. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 г.) зембінскі маёнтак, які ўжо належаў роду Храптовічаў, быў секвестраваны ў дзяржаўную казну, але неўзабаве выкуплены Яўхімам Храптовічам (1729—1812), падканцлерам ВКЛ. Сын Я.Храптовіча Ірыней, якому належаў маёнтак, пасля ад’езду бацькі ў Варшаву ў 1807 г. прадаў Зембін Яну Ліхадзіеўскаму, а ў 1834 г. жонка апошняга ўступіла маёнтак Арону Тайну. Дакладна вядома, што касцёл* дамініканскага кляштара быў пабудаваны ў 1640 г. на ахвяраванні тагачаснага ўладальніка Зембіна Адама Мацея Саковіча і яго жонкі Марцыяны Тышкевіч. Да канца ХVІІІ ст. зембінскі кляштар уваходзіў у рускую правінцыю; апекуном рыма-каталіцкага Касцёла ў Расіі з'яўляўся святы Яцак. Кляштарам (ён быў драўляны) апекаваліся ўладальнікі мястэчка, якія не шкадавалі сродкаў на ўтрыманне касцёла, аднак толькі Мар’ян Храптовіч ахвяраваў, як сведчаць архіўныя дакументы, 10 сакавіка 1766 г. 30000 польскіх злотых на будаўніцтва новага цаглянага касцёла ў сваім маёнтку. У «Візіце» 1796 г., дзе даецца апісанне драўлянага кляштара, не паведамляецца, калі распачалося будаўніцтва цаглянага касцёла, але перапіска па гэтым пытанні, захаваная ў фондах НГАБ, сведчыць пра яго актыўную падрыхтоўку. Так, 29 красавіка 1799 г. ксёндз зембінскага касцёла дамініканскага кляштара прыор Чэслаў Зястымскі паведамляў у мінскую губернскую ўправу пра намер пабудаваць са згоды браціі і паводле загаду біскупа Цецішэўскага «касцёл і кляштар цагляныя». У «Ведамасці», пададзенай у 1798 г. у Духоўную рыма-каталіцкую кансісторыю, ёсць звесткі пра тое, што касцёл, які з даўніх часоў знаходзіўся ва ўласнасці ксяндзоў-дамініканцаў, па распараджэнні віленскага біскупа адначасова з’яўляецца і парафіяльным; у канцы ХVІІІ ст. ён знаходзіўся на тэрыторыі маёнтка Храптовічаў, якія выдзялілі значную фундушавую суму на будаўніцтва новага касцёла «...у адпаведнасці з Указамі 1763 г. ліпеня 28 і 6 і 1769 г. лютага 12 і 1798 г. красавіка 28...» На жаль, дакладна невядома, хто распрацоўваў праект пабудовы цаглянага касцёла. Адзначым, што ва ўсіх выяўленых намі апісаннях касцёла паведамляецца, што будаўніцтва пачалося ў 1790 г., але прамых дакументальных пацверджанняў гэтай даты няма. Можна толькі меркаваць, што праект новага касцёла ўжо тады існаваў і дазвол на яго будаўніцтва быў атрыманы, але палітычная сітуацыя, якая склалася ў канцы ХVІІІ ст. з-за падзелаў Рэчы Паспалітай, а таксама адміністрацыйныя змены (па Указе Правячага Сенату 28 красавіка 1798 г. была зацверджана Мінская рыма-каталіцкая Епархія) зацягнулі пачатковы этап будаўніцтва. У лісце першага мінскага біскупа Якуба Дадэркі ад 4 мая 1799 г. паведамляецца, што, нягледзячы на мноства перашкодаў, будаўніцтва касцёла ўжо вядзецца і не толькі «падрыхтаваныя матэрыялы, але і зроблены па плану фундаменты і нават сцены касцёла вышынёю на 2 аршыны пабудавалі». У дакументах 1801 г., апрача ўжо прыведзеных звестак, паведамляецца, што пабудова касцёла ў маёнтку Яна Ліхадзіеўскага цалкам яшчэ не завершана, але дах ужо зроблены і ў тым жа годзе мяркуецца заканчэнне будаўнічых работ. Прывядзем цытату з «Візітнага апісання касцёла» (ад 1804 г.), у якім адлюстраваны тагачасны стан будынка і маецца сведчанне, што на той час існавалі два касцёлы: «...касцёл ад першага фундуша драўляны, з-за даўнасці пабудовы паўразбураны»; і другі: «...за тым касцёлам — новы касцёл, у 1798 г. пачаты, будуецца даўжынёю 52, шырынёю 38 локцяў**. Закрыстыя, скарбец і сцены касцёла ўзведзены цалкам, касцёл накрыты гонтаю. З абодвух бакоў даха, на шырыню трох частак (наваў. — С.А.) у самым версе частка яшчэ не пакрытая. Новы касцёл не мае ... вокнаў, дзвярэй і падлогі, але звонку і ўнутры атынкаваны і пабелены. На самым версе касцёла знаходзіцца адзін ... купал, пакрыты бляхаю, з жалезным пафарбаваным крыжам, на фасадзе і ў цэнтры ёсць другі жалезны крыж з промнямі, умацаваны ў сцяне франтона. На будаўніцтва гэтага касцёла ў 1766 г. Мар’ян Літавор Храптовіч у сваім тэстаманце пакінуў 4 500 руб.... Кляштар зембенскі драўляны, узведзены больш як 40 гадоў таму, размешчаны ў 25 лок. ад старога касцёла, 1-павярховы, у форме крыжа, мае 5 келляў, сталовую, пакрыты гонтай, патрабуе рамонту і новага пакрыцця». Пры кляштары існавала парафіяльная школа, у якой навучалі чытанню, пісьму, маральным навукам і арыфметыцы дзяцей парафіянаў (дырэктарам школы быў Я.Вялунскі). Праца, якая ў 1801 г. практычна падыходзіла да заканчэння, зацягнулася і толькі праз 8 гадоў паспяхова завяршылася, дзякуючы намаганням ксяндза Вінцэнта Хіліньскага, плябана і вікарыя кляштара. 15 жніўня 1809 г., у дзень Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і пад гэтым жа тытулам адбылося асвячэнне касцёла. Урачысты акт здзейсніў біскуп Мінскай Епархіі кс. Якуб Дадэрка ў прысутнасці каноніка кс. Чэслава Мянцінскага. Праз тры гады праз мястэчка прайшлі напалеонаўскія салдаты, якія рабавалі ўсё, што траплялася на шляху: дамы жыхароў, царкву, дамініканскі кляштар. Касцёльны будынак і яго маёмасць былі моцна пашкоджаныя. Наступствы гэтага варварства адлюстраваныя ў інвентарных вопісах кляштара пасляваенных гадоў: нават у дакументах 1818 г. ёсць звесткі пра выбітыя вокны, выламаныя дзверы, пашкоджаныя карнізы... Поўнае апісанне касцёла пасля завяршэння яго будаўніцтва і асвячэння ёсць у «Інвентарным вопісе» за 1813 г. Асноўныя звесткі з гэтага дакумента патрабуюць цытавання, каб надалей адзначаць толькі тыя змены, што адбываліся ў абліччы касцёла і яго інтэр’еры. Як сведчыць наступная частка вопіса, інвентар быў складзены «пасля рэвалюцыйных падзей і пасля смерці кс. В.Хіліньскага, вікарыя кляштара ... 23 жніўня 1813». «Касцёл франтонам стаіць да вуліцы, мае ў даўжыню 52 сажні, у шырыню — 34. З боку галоўнага фасада трохвугольны франтон завяршаецца крыжам жалезным, каля якога знаходзяцца каменныя вазоны. Дах касцёла гонтавы, над прэзбітэрыем — купал, у якім вісіць сігнатурка, завяршаецца жалезным крыжам. Купал знізу пакрыты гонтаю, а зверху — бляхаю пакрыты... Драўляныя падвойныя дзверы пафарбаваныя... З прытвору ў касцёл вядуць двое малых дзвярэй, а насупраць уваходных — вялікія, якія ў час рэвалюцыі былі паламаныя і падпаленыя. Над прытворам знаходзяцца хоры каменныя з пазітывам, таксама падчас рэвалюцыі пашкоджаным... З хораў вядуць каменныя ў сцяне ступені на зводы, пад касцёльны дах. У касцёле з абодвух бакоў маюцца па дзве калоны, каменныя і атынкаваныя, на адной з якіх знаходзіцца амбона драўляная, старая з старога касцёла перанесеная... Рашотка, што аддзяляе прэзбітэрый, драўляная з падвойнымі дзверцамі... Закрыстыя для ксяндзоў каменная і атынкаваная з падлогаю цаглянаю, з двума вокнамі... Дзверы да цвінтара і да кляштара драўляныя, на завесах... Скарбец таксама каменны ... пад ім і закрыстыяй знаходзяцца на 2-м паверсе такія ж вялікія кладовыя. Ложы ўпоравень са сценамі касцёла, без столі, падлогі і тынкоўкі. Столь ва ўсім касцёле каменная, атынкаваная, падлога цагляная, большаю часткаю ў часе рэвалюцыі пашкоджаная. Вокны ... з абодвух бакоў касцёла па тры — усяго 6, часткова ў часе рэвалюцыі разбітыя, у ніжняй закрыстыі і ў скарбцы па два, два цалкам разбітыя; зверху над скарбцам або ў ложах па адным вакне, ззаду касцёла, побач з абразом Божай Маці, — 2, на фасадзе над дзвярыма — 1... усяго — 16 вакон. ...Многія дзверы ў часе рэвалюцыі пашкоджаны...» У дакументах канца 20-х гг. ХІХ ст. зноў адзначаецца кепскі стан тынкоўкі на фасадзе. З інвентара 1829 г. вядома, што ў 1828 г. у касцёле быў устаноўлены новы пазітыў на хорах, бо папярэдні, перанесены з старога драўлянага касцёла, у 1812 г. быў практычна знішчаны. Іншых значных зменаў у інтэр’еры касцёла ў гэтыя гады не было: лесвіца ў сцяне адной з калонаў па-ранейшаму выводзіла на старую драўляную амбону; усе сцены, скляпенні і калоны былі атынкаваныя (пра наяўнасць жывапісу сведчанняў няма); ва ўсім касцёле падлога была каменная, гэтак жа, як у прэзбітэрыі, галоўны алтар і менса былі каменныя, бакавыя алтары — св. Дамініка і св. Антонія — перанесеныя з старога касцёла, на думку аўтара «Візіты» 1818 г., не адпавядалі абліччу новага касцёла і патрабавалі замены. Пасля паўстання 1830—1831 гг. многія кляштары і парафіяльныя касцёлы, якія знаходзіліся на тэрыторыі Расейскай імперыі, былі альбо зачыненыя і перададзеныя ў грамадзянскае падпарадкаванне альбо пераасвечаныя пасля рэканструкцыі ў цэрквы. Зембінскі дамініканскі кляштар рашэннем Калегіі № 1712 ад 12 жніўня 1832 г. таксама быў зачынены, аднак, на шчасце, касцёл застаўся ў падпарадкаванні Мінскай рыма-каталіцкай Епархіі (яго толькі перавялі ў ранг парафіяльнага). У апісанні касцёла ад 1845 г. зноў адзначаецца кепскі стан тынкоўкі вонкавых сценаў і асабліва — франтону галоўнага фасада. Пасля рамонту над старым каменным алтаром зрабілі новы алтар. У гэтыя гады ў касцёле, апрача галоўнага, было ўжо чатыры, а не два, як раней, бакавых алтары: з правага боку — Найсвяцейшай Багародзіцы (з новым абразом); св. Фадзея (з новым абразом); св. Антонія (з старым абразом); св. Фёклы (з новым абразом у раме). Усе бакавыя алтары былі драўлянымі. У сярэдзіне 1840-х гг. у зембінскай парафіі, якая належала да 5 класу, налічвалася 1283 парафіяніны. Я.Тышкевіч у сваёй кнізе «Апісанне Барысаўскага павету» пісаў пра тое, што ў касцёле знаходзіліся астанкі аднаго з найвышэйшых чыноў французскага войска, магчыма, генерала, які быў смяротна паранены ў часе Бярэзінскай пераправы.
У інвентарных вопісах 1856 і 1867 гадоў адлюстраваны пэўныя змены ў стане касцёла: так, у інвентары 1856 г. паведамляецца, што ў 1844 г. дах касцёла накрылі новаю гонтаю, але тынкоўка на трохвугольным франтоне па-ранейшаму кепская і ў многіх месцах асыпалася. У інвентары касцёла ніякія змены не адзначаны. Напэўна, у сярэдзіне 1850-х гадоў пры касцёле пабудавалі новую драўляную багадзельню, пакрытую дранкай (відаць, сродкі касцёла былі вельмі абмежаваныя). Побач знаходзілася плябанія, «таксама драўляная, вельмі старая, пакрытая дранкаю". Пробашчам зембінскага касцёла ў 60-я гады ХІХ ст. быў кс. Кліаноўскі. У гэты час, асабліва пасля паўстання пад кіраўніцтвам К.Каліноўскага, зноў узмацніўся ціск на каталіцтва: пракацілася новая хваля рэпрэсій з боку расейскага ўраду, зноў зачыняліся і перабудоўваліся касцёлы і кляштары; выйшаў Указ весці набажэнствы ў касцёлах па-руску. На кс. Кліаноўскага, які адмовіўся выконваць гэта распараджэнне, была заведзеная справа. Нават дзекан Барысаўскага і Ігуменскага паветаў Б.Сенчыкоўскі не падтрымаў «мяцежнага» святара. У 1870 г. кс. Кліаноўскага звольнілі са службы. У 1877 г. старую багадзельню разабралі і вызвалены матэрыял пайшоў на рамонт плябаніі. У «Візіце» ад 1886 г. паведамляецца, што ў галоўным алтары, «зробленым з цэглы і пафарбаваным», знаходзіўся абраз Збаўцы пэндзля жывапісца Яна Дамеля. У 1844 г. абраз быў змешчаны ў алтары зембінскага касцёла, у яго верхнім ярусе, над якім у круглым рознакаляровым акенцы вісеў абраз Багародзіцы ў шаце. Усе астатнія алтары — Укрыжавання Збаўцы, св. Фадзея, Найсвяцейшай Багародзіцы (з абразом св. Антонія) і св. Фёклы Велікамучаніцы — былі драўляныя і пафарбаваныя. У 1886 г. быў складзены інвентарны вопіс маёмасці касцёла, сярод якой згадваюцца 2 спавядальні, 22 лаўкі чорнага колеру, ліхтары і абразы вялікага памеру — 8; сярэдняга і малога — 7; статуі, у тым ліку фігура Уваскрэсення Збаўцы, 2 вялікія фігуры анёлаў у вялікім алтары і 2 малыя; шмат культавых прадметаў з металу (некаторыя пазалочаныя) і з дрэва. Уся маёмасць у 1893 г. была прынятая арганістам зембінскага касцёла Станіславам Чайкоўскім, а ў 1898 г., як сведчаць дакументы, перададзена Антону Адамовічу, які прыняў парафію. Доўгая адсутнасць пробашча негатыўна адбілася на стане касцёла. Сціплыя сродкі на рамонт былі выдзелены толькі на пачатку ХХ ст. У гэты час Зембін знаходзіўся ва ўласнасці Міхала Ліхадзіеўскага. У мястэчку Успенскаму касцёлу належала 6,82 дзес. зямлі, частка прысядзібнай зямлі ва ўрочышчы Смоліна, сенакосы ў Зембіне, Быховічах і іншая зямля — усяго 41,02 дзесяцінаў. У часе капітальнага рамонту, зробленага ў 1903 г., падлога ў касцёле была выкладзеная цэментнай пліткай чорнага і шэрага колераў. Мяркуючы па апісанні, алтары зноў пераабсталявалі. Апрача Вялікага («у выглядзе ларэту, уверсе з абразом, дзе адлюстраваны Езус Хрыстус»), меліся: «2) алтар Маці Божай, 3) Укрыжаванне Езуса Хрыста, 4) св. Юзафа, 5) св. Антонія»; прэзбітэрый аддзяляўся ад асноўнай часткі касцёла чугуннаю рашоткаю. Будынак ацяпляўся дзвюма печкамі, абкладзенымі белаю кафляю. У касцёл вялі дзверы — вонкавая драўляная і ўнутраная жалезная, а злева знаходзіўся яшчэ адзін уваход з драўлянымі дзвярыма ў касцёл і такі ж — у рызніцу. З прытвору ў касцёл вялі шкляныя дзверы: адны, вялікія, былі насупраць дзвярэй, а іншыя, меншыя, знаходзіліся збоку; дзверы ў рызніцу таксама былі драўляныя. Усе дзверы і вокны (відаць, зробленыя нанова падчас рамонту) былі пафарбаваныя маслянаю фарбаю «пад дуб». Касцёльны цвінтар абкружала агароджа (перад галоўным фасадам — жалезная, з астатніх бакоў — драўляная). Сёння касцёл, які мае статус помніка рэспубліканскага значэння і павінен ахоўвацца дзяржаваю, знаходзіцца ў аварыйным стане.
**Локаць — 0,42 м.
|
|
|