Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(89)/2019
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Інтэрв’ю
Размова Крыстыны ЛЯЛЬКО з біскупам Аляксандрам КАШКЕВІЧАМ
«БУДЗЬМА АПТЫМІСТАМІ І ДАВЯРАЙМА БОЖАМУ СЛОВУ»
У святле Бібліі
Інтэрв’ю

ПАПА-ВАЛАДАР

НЕ ЎЦЯКАЙ АД СТРАХУ
Постаці
Мастацтва
Прэзентацыя
Музыказнаўства
Спадчына

МІЛЕЙЧЫЦЫ. ЦАРСКАЯ БРАМА
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ

ПАЛАТНО ДЛЯ МАМЫ
Асобы
Архітэктура

Лідзія КАМІНСКАЯ

«Я АДПЛАЦІЎ НАРОДУ, ЧЫМ МОЦ МАЯ МАГЛА...»

Леў і Сяргей Гумілеўскія.
«Янка Купала», 2008.

У гэты раз на другой вокладцы нашага часопіса мы вырашылі змясціць твор Пётры Сергіевіча «Званар», і ўзялі мы яго з альбома-каталога «Я адплаціў народу, чым моц мая магла...», які выйшаў улетку (у чэрвені) у выдавецтве «Беларусь» да 75-годдзя заснавання Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Мы звярнуліся менавіта да гэтага твора, таму што вобраз званара — будзіцеля, вестуна, супадае з вобразам Янкі Купалы, як супадае і з вобразамі тых, каго П. Сергіевіч маляваў на партрэтах і на гістарычных палотнах, — з вобразамі Усяслава Полацкага, Францішка Скарыны, Кастуся Каліноўскага, Францішка Багушэвіча, ксяндза Станіслава Глякоўскага. Супадае гэты вобраз і са слынным Купалавым гусляром, да постаці якога звярталіся многія беларускія мастакі (Р. Грамыка, В. Ціхановіч, У. Мінейка, М. Бельскі, П. Сергіевіч, М. Басалыга, А. Кашкурэвіч) і скульптары (А. Ліпень, А. Шаціла, А. Курачкін). Многія іх працы змешчаны ў альбоме-каталогу, старонкі якога стануць для прыхільнікаў беларускага мастацтва і радасным знаёмствам, і прыемным адкрыццём — альбом сапраўды ўнікальны і адразу наводзіць на думку пра тое, што мастацкая купаліяна, сабраная музейшчыкамі за 75 гадоў, вартая вялікіх выставачных залаў, якіх так не хапае музею, дзе мастацтва цесна месціцца ў цесных фондах, у тым ліку 14 палотнаў П. Сергіевіча, з якім сябравала (захавалася перапіска) Уладзіслава Францаўна — слынная Купаліха з французскага роду Манэ, энергіяй і любоўю якой і быў заснаваны ўжо ў 1944 годзе музей, і гэта яна збірала першыя мастацкія творы. Згадаўшы імя Уладзіславы Францаўны, адразу скажу, што музею ад пачатку і да сёння шанцуе менавіта на дырэктарак, кожная з іх рабіла для музея Янкі Купалы сапраўды штосьці важнае, яркае, адметнае: Жанна Казіміраўна Дапкюнас з мастаком Эдуардам Агуновічам у 1970-я гады стварыла выдатную экспазіцыю, і, здавалася б, быць гэтай экспазіцыі вечнай, але Алена Раманаўна Ляшковіч, прыйшоўшы на дырэктарства, вырашыла напоўніцу заглыбіць Купалу і яго творчасць у сучасныя тэхналогіі, і таксама атрымалася выдатна. Менавіта Алена Ляшковіч і стала аўтарам ідэі і навуковым кіраўніком праекту альбома-каталога «Я адплаціў народу, чым моц мая магла...», які ствараўся на працягу двух гадоў. Разам з ёю ўкладальніцамі альбома сталі вядучы навуковы супрацоўнік музея Валянціна Ціханавецкая і галоўны захавальнік фондаў музея Надзея Саевіч, якія да дробязяў ведаюць, чым багатыя іх фонды. Па-майстэрску дасканала зрабіў сваю працу фатограф Сяргей Калтовіч, а ў цэлым выпуск выдання быў ажыццёўлены па заказе і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Арлен Кашкурэвіч.
«Янка Купала ў Пецярбурзе», 1981.
Арлен Кашкурэвіч.
«Янка Купала ў Ляўках», 1981.

Увогуле мастацкая купаліяна ў музеі складаецца з 2 500 адзінак захавання, а ў альбоме-каталогу змешчаны ўсяго (!) 482 мастацкія работы, аб’яднаныя ў чатыры раздзелы: партрэты паэта; скульптура; Купалавы мясціны; ілюстрацыі да твораў Янкі Купалы — пра гэта ў кароткім суправаджальным уступе напісала В. Ціханавецкая, якая згадала ўсіх былых музейшчыкаў, што мелі дачыненне да збору і захавання мастацкай купаліяны на працягу доўгіх гадоў сваёй працы: Уладзіслава Францаўна Луцэвіч, Ядвіга Юльянаўна Раманоўская, Жанна Казіміраўна Дапкюнас, Марыя Кандратаўна Чабатарэвіч, Фаіна Аляксандраўна Ваданосава, для якіх музей быў адзіным месцам працы ў іх працоўнай біяграфіі.

Мікола Купава. «Смольня», 1982.

Істотнаю адметнасцю альбома-каталогу з’яўляецца тое, што гэта не толькі і не проста найпаўнейшы збор купаліяны, але яшчэ і маляўнічая панарама дасягненняў нацыянальнай школы выяўленчага мастацтва ад 1920-х гадоў да сённяшніх дзён, і ў тым ліку пра гэта цікава разважае ў грунтоўным уступным артыкуле мастацтвазнаўца, гіторык мастацтва Таццяна Бембель, якая, падкрэсліваючы, прыцягальнасць асобы і творчасці Янкі Купалы, называе яго «архітэктарам» нацыянальнай самасвядомасці. «Візуальная прэзентацыя нацыянальнага героя (у дадзеным выпадку героя нацыянальнай культуры) — рэч няпростая, — піша Таццяна Бембель. — <...> Ад таго, хто названы героем у бягучы момант, залежыць і наша адзнака часу, эпохі. Мы бачым кожны дзень, як многія з былых герояў цалкам страцілі сваю вядомасць, часта штучную, а нехта, наадварот, выняты з нябыту насуперак намаганням былых «будаўнікоў гісторыі». Якім мы бачым Купалу цяпер? Якімі мы бачым сябе ў ім? Купала, як атрымліваецца фактычна, — герой ва ўсе часы. <...> Матэрыялы альбома-каталога, сістэматызаваныя, пракаментаваныя, структураваныя па храналогіі і тыпалогіі, даюць магчымасць праз вобразныя інтэрпрэтацыі аблічча Янкі Купалы, зробленыя некалькімі пакаленнямі мастакоў і сабраныя ў музеі, здзейсніць тую ўнутраную працу, якую здзяйсняе кожны homo culturae, сустракаючыся са сваім нацыянальным геніем літаральна твар у твар. Музей Янкі Купалы падрыхтаваў для гэтага працэсу акадэмічна вывераную глебу»...

Лазар Ран.
«Могілкі. Вёска Корань»
(з серыі «Па купалаўскіх
мясцінах»), 1960-я гг.
Янка Раманоўскі.
«Партрэт Янкі Купалы», 1963.

Менавіта гэтай сустрэчы «твар у твар» адпавядае і назва альбома-каталога «Я адплаціў народу, чым моц мая магла...», бо яна міжволі змушае кожнага творцу, кожнага свядомага беларуса запытацца ў самога сябе: «А ці адплаціў я?», і да гэтага адказу заклікае нас і Купалаў званар, і сам Купала, які, бязлітасна скінуты са званіцы сваёй творчасці ў лесвічны пралёт, пакінуў у прасторы вечнасці вечны голас-звон свайго слова, паспеўшы сказаць: «Я буду маліцца і сэрцам і думамі...», і гэта яго абяцанне пасланае кожнаму беларусу, які, магчыма, запытаецца ў самога сябе: «А я?».

Лідзія Камінская

Гл. таксама:
ВАЛЕРЫ БУЙВАЛ :: МАЙСТАР ГІСТАРЫЧНАЙ КАРЦІНЫ ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY