Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(89)/2019
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Інтэрв’ю
Размова Крыстыны ЛЯЛЬКО з біскупам Аляксандрам КАШКЕВІЧАМ
«БУДЗЬМА АПТЫМІСТАМІ І ДАВЯРАЙМА БОЖАМУ СЛОВУ»
У святле Бібліі
Інтэрв’ю

ПАПА-ВАЛАДАР

НЕ ЎЦЯКАЙ АД СТРАХУ
Постаці
Мастацтва
Прэзентацыя
Музыказнаўства
Спадчына

МІЛЕЙЧЫЦЫ. ЦАРСКАЯ БРАМА
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ

ПАЛАТНО ДЛЯ МАМЫ
Асобы
Архітэктура

Валеры БУЙВАЛ

МАЙСТАР ГІСТАРЫЧНАЙ КАРЦІНЫ

Пётра Сергіевіч.
«Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 года», 1955.

Творчасць беларускага мастака Пётры Сергіевіча (1900–1984), які большасць свайго жыцця пражыў у Вільні, на наш погляд, дагэтуль не атрымала належнага адлюстравання ў напісанай гісторыі нашага нацыянальнага мастацтва. Гэтая постаць у прынцыпе мала вядомая бальшыні беларускага грамадства, а наша мастацтвазнаўчая навука яшчэ толькі збірае па фрагментах і паступова асэнсоўвае ягоную спадчыну. Ёсць аналітычныя артыкулы даўнейшага часу і нашых сучаснікаў, невялічкая і грунтоўна напісаная манаграфія-нарыс Арсеня Ліса 40-гадовай даўніны. Але дагэтуль не створана і не выдадзена вялікая акадэмічная манаграфія (або, прынамсі, зборнік артыкулаў) аб ягоным жыцці і творчасці, не распаўсюджаны рэпрадукцыі ягоных карцін і малюнкаў у культурнай прасторы Беларусі. Мастаком ён быў шматгранным, працаваў у розных жанрах. Але нам хацелася б падкрэсліць значэнне ягонай творчасці ў развіцці гістарычнага жанру ў беларускім жывапісе ХХ стагоддзя, і больш за тое, у станаўленні нацыянальнага мыслення, абуджэнні цікавасці і павагі да нашай гісторыі ў душах многіх беларусаў некалькіх пакаленняў, без чаго немагчымымі былі б грамадскія пераўтварэнні, што адбыліся 30 гадоў таму. Песняр велічнай беларускай мінуўшчыны, нашай культуры і цывілізацыі — так наважымся мы вызначыць месца і ролю мастака ў нацыянальнай культуры. Калі звярнуцца да параўнанняў, то значэнне Пётры Сергіевіча ў эвалюцыі нацыянальнага духу ідэнтычнае, напрыклад, значэнню Яна Матэйкі для польскага грамадства і культуры, пры тым, што колькасць твораў на гістарычную тэматыку нашага мастака непараўнальна меншая, чым у польскага класіка. Аднак, па-першае, катэгорыя колькасці не вырашальная ў мастацтве — кожны твор ёсць светам у сабе. А, па-другое, і, што яшчэ больш важна, лічаныя гістарычныя карціны Сергіевіча — найкаштоўнейшыя з’явы ў надта кароткім шэрагу твораў пра беларускую гісторыю ў нашым мастацтве 1940–1960 гадоў. У перыяд татальнага панавання «камуна-інтэрнацыяналісцкай» ідэалогіі з яе канонамі, штампамі і жорсткімі абмежаваннямі сюжэты з нацыянальнай гісторыі былі заменены эпізодамі з жыццяпісаў сталіных, леніных, арджанікідзэ, фрунзэ, а ў лепшым выпадку драматычнымі або рамантычнымі па вобразнай трактоўцы творамі на тэму партызанскага змагання ў 1941–1944 гадах. На фоне гэтага прымусовага збяднення карціны Сергіевіча, на наш погляд, роўныя самотнаму творчаму подзвігу скульптара Аляксея Глебава, які стварыў свой шэдэўр — драўляную скульптуру «Скарына» (1954), што паслужыла правобразам для прыўкраснага помніка Скарыну ў Полацку, адлітага ў бронзе ў 1967 годзе, ужо пасля смерці скульптара. Не выключана, што большая тэматычная свабода творчага дыскурсу Сергіевіча была звязана з тым, што ён жыў і працаваў у Вільні, не прыняўшы пасля вайны запрашэння на пераезд у Мінск ад гаспадароў БССР.

Ніхто ў Беларусі ў 1947 годзе не дэкламаваў уголас верш Янкі Купалы «Песня званара». Створаны ў 1909 годзе, у перыяд грамадскай дэпрэсіі пасля паразы Рэвалюцыі 1905–1907 гг., верш ёсць квінтэсэнцыяй беларускага нацыянальнага змагання і нашай народнай драмы. У ім гучыць вешчае прадказанне геніем трагічнага лёсу ягонага пакалення, але ў фінале сцвярджаецца ўпэўненасць у тым, што «вялікіх дум цвет» узрасце ў будучыні. Мы, сведкі гэтай будучыні — нашай цяпершчыны, ведаем, што прадказанне Купалы збылося. Менавіта ад святых курапацкіх магіл, з абуджанай памяці, з «крушні камення» пачалося новае нацыянальнае адраджэнне беларусаў, і яго не здолее спыніць ніякая рэакцыя.

І вясна, і зіма. Быў званар — і няма.
Ціха, ціха на белым прасторы.
Толькі жыў нежывы звону гул вечавы,
Аб тым шэпчуць дубы, ясакоры.

Йдзе, сыходзіць лет шмат. Званара помніць брат,
Помніць звон, а сястрыца — званіцу.
Аб высокай гарэ, дзе ніхто не арэ,
Казкі-байкі ліюцца крыніцай.

Як у прошчу па лек стане йсці чалавек
К мохам высланай крушні камення, —
Ад звана чарапок, цэглы — муру кусок —
Будуць несці падмогу ў цярпенні.

Буду ўсё званаром, хоць даўно пад дзярном
Спіць мая галава маладая.
Эх, бо ведае свет, што вялікіх дум цвет
Адно толькі на зломе ўзрастае!

Праца над карцінай па матывах літаратурнага твора адрозніваецца ад пераасэнсавання тэксту кніжным ілюстратарам. Калі мастак-ілюстратар (прынамсі, паводле класічнай традыцыі) абавязаны строга прытрымлівацца канвы літаратурнага правобраза, то жывапісец значна больш вольны, ён вырываецца на прастору, натхнёны паэзіяй. Адбываецца раўнапраўны дыялог паміж мастаком і паэтам. Карціна Сергіевіча «Званар» (1947) — адзін з выпадкаў у гісторыі мастацтва, калі твор жывапісу па сваім значэнні для нашай культуры і нацыянальнай ідэі роўны паэтычнаму твору. На вялікі жаль, гэта да канца не ўсвядомлена дагэтуль. Адзін з трох варыянтаў карціны Сергіевіча знаходзіцца ў экспазіцыі Літаратурнага музея Янкі Купалы ў Мінску...

Арсень Ліс, манаграфія якога заснавана на размовах з мастаком, так распавёў пра фармаванне асобы юнага жывапісца ў Вільні: «З беларускай кнігай Сергіевіча пазнаёміў студэнт-паляк Цырскі. Ён быў шчырым прыхільнікам беларускага мастацкага слова, часта пазычаў у Беларускай кнігарні розныя выданні і заахвоціў да іх Сергіевіча. Мастак прыгадвае, што першы раз папала яму кніжка Янкі Купалы «Шляхам жыцця» ў 1926 годзе. Узгадаваны беларускай народнай стыхіяй, Сергіевіч натуральна і проста засвоіў тое, што развівала яе на вышэйшай ступені, набірала форму грамадскіх ідэалаў»1.

У карціне «Званар» Сергіевіч, ужо спелы майстра, раскрываецца з нечаканага боку, дэманструе развітую мастацкую культуру і імпэтны тэмперамент. У ягонай творчасці гэта самае экспрэсіўнае палатно. Светлая постаць маладога званара паказана ў найвышэйшым напружанні сілаў. Усё ахоплена рухам і поўнае дынамікі. Грамадзіна звана цяжка навісае над фігурай юнака, але гэта ён завесіў звон і прымушае служыць яго народу. Прырода адгукаецца на гулкі покліч: неба поўніцца хмарамі, хіляцца дрэвы, маланка вырываецца, нібыта голасам звана. У кантрасце з чыстай беллю постаці званара прыглушаныя фарбы краявіду набываюць яшчэ больш драматычную інтанацыю. Намалявана карціна рэзкімі, кідкімі мазкамі шырокага пэндзлю. У кожным фрагменце кампазіцыі адкрываецца валёрнае багацце пульсуючай фарбавай масы. Адчуваецца, што мастак маляваў карціну ў вялікім захапленні, натхнёны паэзіяй, а, магчыма, нават у стане творчага трансу. Падобнага мы не сустрэнем у беларускім жывапісе 40-х гадоў ды і яшчэ доўгі час.

Арсень Ліс глыбока пранікся творам мастака: «Сергіевічаў званар — гэта пераасэнсаваны збіральны вобраз таго селяніна, «пана сахі і касы», які здольны пайсці туды, дзе «кроў ліецца», дзе «за волю барцы на вісельні ідуць». У манументальнай, поўнай дынамізму постаці яго можна пазнаць купалаўскага Сымона Зябліка, які кліча людзей «на вялікі сход! Па Бацькаўшчыну!»2.

Пётра Сергіевіч.
«Скарына ў друкарні», 1957.

Працу над дэ-факта забароненымі ў Беларусі гістарычнымі тэмамі Пётра Сергіевіч працягнуў у 1950-я гады, звярнуўшыся да вобразаў Францішка Скарыны і Кастуся Каліноўскага. Карціна «Скарына ў друкарні» (1957) застаецца лепшым творам жывапіснай скарыніяны ў нашым мастацтве. Для мастака гісторыя — гэта жывая, трапяткая матэрыя, не проста далёкі водгук, што застыў у летапісах і музейных вітрынах. Усё гарманічна ў кампазіцыі палатна. Сцэна замкнёна ў параўнальна невялікай прасторы майстэрні, дзе асноўная дзея разыгрываецца на першым плане. Паказаны той радасны момант рэалізацыі асветніцкай ідэі, таямнічае імгненне нараджэння Кнігі. Скарына прыняў ад работніка-друкара толькі што аддрукаваны аркуш і ўсхвалявана ўзіраецца ў яго, асцярожна трымаючы на выцягнутых руках. Вялікі беларус сваім творчым высілкам далучае наш народ да культуры Рэнесансу, робіць адраджэнскую працу разам з плеядай еўрапейскіх тытанаў. Мы не ведаем, які з аркушоў зіхаціць яшчэ не прасохлаю фарбаю перад вачыма Скарыны. А раптам гэта адна з ксілаграфій, вобразы і формы якой наш творца ўспрыняў і пераасэнсаваў, звяртаючыся да гравюраў свайго вялікага нямецкага сучасніка Альбрэхта Дзюрэра? Руцінны працоўны момант — справа на першым плане ляжыць пачак падрыхтаванай паперы, а на падлозе — забракаваны аркуш, які набывае рысы трыумфу. Урачыстая гама чырвонага, чорнага і белага ў колеравай трактоўцы фігуры Скарыны ўзмацняе гэты настрой. Дзеля стварэння такой атмасферы мастак нават пайшоў на пэўную карэкцыю гістарычнай дзеі. Можна быць упэўненым, што Скарына ў майстэрні быў апрануты ў такую ж працоўную вопратку, як і ягоныя работнікі. Звяртае на сябе ўвагу таксама фігура маладога друкара, намаляваная мастаком з вялікай сімпатыяй. Ягоны твар асветлены розумам, стомленыя рукі (праца на друкарскім станку патрабавала вялікіх фізічных намаганняў) намаляваны далікатна і пяшчотна. Сергіевіч падкрэслівае, што Скарына не быў адзінокі ў сваёй стваральнай працы, разам з ім працавалі сыны простага люду. Дуга скляпення на фоне рэхам паўтарае рух цэнтральнай фігуры, завяршаючы суладдзе палатна.

«Скарына ў працоўным кабінеце» (1960) – яшчэ адзін твор скарыніяны Сергіевіча. Гэта ўжо класічны па вырашэнні гістарычны партрэт. Перададзены момант творчай працы: Скарына стаіць перад пісьмовым сталом, з пяром у руцэ перад разгорнутай кнігай. Кнігі паўсюль у невялікай прасторы пад гнуткім скляпеннем. Сапраўды, толькі Аляксей Глебаў дасягнуў такой вобразнай сілы і мастацкай гармоніі ў творах, прысвечаных беларускаму генію. Дасягненні абодвух творцаў – жывапісца і скульптара – дагэтуль застаюцца непераўзыдзенымі ў нашым мастацтве.

І нарэшце — вобраз Кастуся Каліноўскага. Дзве карціны, прысвечаныя беларускаму змаганню і яго лідару, таксама сведчаць аб творчым пранікненні мастака ў гісторыю. Карціна «Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 года» (1955) выканана паводле акадэмічных правілаў шматфігурнага палатна. Флангі кампазіцыі замыкаюць так званыя «дзяжурныя фігуры» байцоў, павернутыя спінай да гледача. Маса ўзброеных людзей арганізавана па-майстэрску, надаючы сцэне натуральнасць. Колькі тут партрэтаў і характараў! Адчуваецца, што мастак доўга і плённа працаваў з натуршчыкамі. Усе слухаюць прамову Кастуся, фігура якога выдзелена светлаю фарбаю. Створаны велічны вобраз беларускага народа, які змагаецца за сваю волю.

Значна больш дынамічная работа Сергіевіча — «Кастусь Каліноўскі і Валеры Урублеўскі аглядаюць паўстанцаў» (1959), заснаваная на рэальным эпізодзе, што быў адлюстраваны ва ўспамінах удзельнікаў падзей. Перад доўгімі шэрагамі Беларускага народнага войска па зімовай дарозе крочаць кіраўнікі паўстання. Кастусь вітае змагарную эліту – аддзел касінераў. І змагары з энтузіязмам сустракаюць Каліноўскага: усміхаюцца, здымаюць шапкі, імкнуцца да яго. Няма ў гэтым войску параднага бляску рэгулярных армій, што служылі манархам, але ёсць больш важнае – народная салідарнасць, адданасць свабодзе і гатоўнасць змагацца з самым магутным ворагам.

Карціны Пётры Сергіевіча не дазволілі сцерці і сказіць гістарычную памяць народа ў адзін з самых глухіх і цёмных перыядаў нашай гісторыі, разбуральныя наступствы якога мы бачым дагэтуль. Гэтыя рэдкія мастацкія скарбы жывілі новае пакаленне беларускіх творцаў, якое ў 1970–1980-я гады звярнулася да гістарычнай тэмы і ўславіла веліч нашай мінуўшчыны: Георгія Скрыпнічэнку, Міколу Купаву, Алеся Марачкіна, Міхася Басалыгу, Уладзіміра Слабодчыкава, Святлану Гарбунову…

Гл. таксама:
НАДЗЕЯ УСАВА :: КАРЦІНА, ЗНОЙДЗЕНАЯ НА ГАРЫШЧЫ ::
ЛІДЗІЯ КАМІНСКАЯ :: «Я АДПЛАЦІЎ НАРОДУ, ЧЫМ МОЦ МАЯ МАГЛА...» ::


  1. Арсень Ліс. Пётра Сергіевіч — Мінск, 1970. — С. 34–35.
  2. Тамсама, с. 54.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY