|
55 — прыемная лічба!
Сёлетні год у мяне багаты на помныя даты: адна з іх, адзначаная нядаўна, — 55 гадоў з дня шлюбу. Мы з жонкаю вучыліся ў педагагічным інстытуце ў Берасці, там пазнаёміліся і пабраліся шлюбам. Выгадавалі сына і дачку, у нас — пяцёра ўнукаў. Ідучы ў памяці з мінулага да нашых дзён шляхам сямейнага жыцця, скажу коратка: мы паспяхова выходзілі з розных жыцейскіх праблемаў, бо жылі і жывем у добрай згодзе. Імя ў жонкі — Вера. Яна ж і надзея мая, і любоў. Я — прыхільнік глыбокіх пачуццяў, кахання і любові, устойлівай сям’і, пра што сведчаць і мае вершы.
|
|
***
Ясна так дзень пачынаецца,
Сонцам абняты прастор.
Краскі ў траве прачынаюцца,
Птаствам абуджаны бор.
Дай жа руку мне, каханая, —
Рай гэты кліча зямны.
Краю ляснога падданыя,
Пойдзем у ранак лясны.
Ёсць калі штосьці трывожнае,
Вераю ў цуд спапялі.
К сэрцу майму заварожана
Сэрца сваё прытулі.
Дальняе, ды незабыўнае
Хлынула ў вочы мае…
Нам пра жыццё хуткаплыннае,
Чуеш, салоўка пяе.
2019, красавік
|
Жаданае спатканне
Крокі твае
Рытм задавалі вершам маім,
Калі набліжаліся.
Вочы твае
Рыфмы дарылі,
Калі мне ўсміхаліся.
Сэрца тваё
Даравала натхненне і плён,
Калі грукала гулка
З маім ва ўнісон.
2016
|
Трыялет
Кажы, чаго душа баліць,
Адна ты бойся несці болі —
З цябе здыму я іх паволі,
Кажы, чаго душа баліць.
Табе я зычу добрай долі,
Таму гатовы паўтарыць:
Кажы, чаго душа баліць,
Адна ты бойся несці болі.
2003
|
Калі мы разам...
Хай зразумеў я не адразу:
Мы зрушыць можам бедаў горы
І вычарпаць праблемаў мора,
Калі ў жыцці шчыруем разам.
Здалося: не было паразаў,
Ні слоты, ні цяжкой дарогі,
Адны ёсць толькі перамогі,
Бо па жыцці мы крочым разам.
Невыпадкова мне здаецца:
Пачуць магу я твае мары…
Калі жывецца добра ў пары,
То й радасць Госпадам даецца.
2010
|
Не раўнуй
Будзе лад
Ва ўзаемінах нашых,
Буднях нашых і святах,
Будзе лад у гасподзе,
Ты адно, калі ласка,
Мяне не раўнуй
Да паэзіі, прозы,
Да бібліятэкаў, кнігарняў,
Вечарынаў, сябрынаў,
Бальшакоў і сцяжынаў,
Падкарочаных ночак –
Да ўсяго да таго, што
Замінае
Быць з табою даўжэй.
2019
|
Пазітыўны настрой
Звычайна так проста верыцца,
Што новая прыйдзе раніца
І што да мяне зноў звернецца
Ласкава мая абранніца;
Што лепшае ўсё абудзіцца
Для дзеі высакароднае
І што Беларусь адбудзецца
Свабоднай краінай роднаю!
2019
|
Трыяда
Ваша са мной трыадзінства,
Вера, надзея, любоў,
Я не губляюся, бо
Ваша са мной трыадзінства.
На пуцявіне любой
Вы мне апора з дзяцінства.
Ваша са мной трыадзінства,
Вера, надзея, любоў.
2008
|
Сям’я
Маленькую крыўду ўявілі вы драмай,
Трагічнай здалася няўдача свая,
Але вы вярнуліся зноўку да храма
З высокай і простаю назвай «сям’я».
Забудзьце няўдачы і крыўды таксама,
Змяніце хутчэй, калі ласка, настрой —
Чакае вас храм, цёплы, радасны самы,
Святыня чакае, не здрадзьце вы ёй!
Утульныя святы, сямейнае веча
Сабе не дазвольце на вецер пусціць,
Бо ўсё зруйнаваць гэтак лёгка за вечар,
Што так будавалася плённа ў жыцці!
2000
|
|
|