|
Мама ткала палатно
Разгулялася сёння завея,
Белай птушкаю б’ецца ў акно.
Мама ціха вячэру сагрэе,
Потым зноў сядзе ткаць палатно.
Люты свет маразамі застудзіць,
І пад стук згаладалых сініц
На навой яна мякка накруціць
Белы колер зімовых Грамніц.
Да вясны, да вясёлага маю
Ляжа шэрая скруха на дно.
Мама! Я так моцна жадаю:
Хай адбеліць твой лёс палатно.
Завіруха не сціхне да ночы,
Ручаёчкам спявае чаўнок.
Мама ўздыме стамлёныя вочы:
— Павячэраў? — кладзіся, сынок.
|
***
Я прыеду дамоў ціхім жнівеньскім ранкам
І па кладачцы тонкай іду ля вады.
Гэта кладка над рэчкай маёй Шавялянкай
Наймацней за любыя на свеце масты.
І на сэрцы зноў ціхая радасць сустрэчы,
Вось і родная хата, прыспешваю крок.
Паднялася ўжо мама, падпальвае ў печы,
І над дахам струменіцца шэры дымок.
Яшчэ белы наліў не паспеў тут апасці,
Настаяўся за ноч сад наш пахам густым.
І, здаецца, вось-вось дацягнуся да шчасця,
Бы ў дзяцінстве да яблыка ў садзе чужым.
|
Спагада
Вазьму я ў дарогу і солі, і хлеба
І выйду на досвітку — шлях мой далёкі.
Святлее паціху высокае неба,
Ужо ружавеюць на ўсходзе аблокі.
Як трэба нам сёння, ах як жа нам трэба,
Каб вечна душа за кагосьці балела,
Каб нас ратавалі спагада і неба,
І свечка нязгасная ў храме гарэла.
Дайду да змяркання, а можа, да ночы,
На родным парозе стаю, вінаваты,
Спагадай і радасцю свецяцца вочы —
Святлее усмешкай матулінай хата.
|
***
Над роднай хатай свецяць зоркі,
І знічка падае ў цішы.
Маўчаць палі, маўчаць пагоркі
Па вечнай матчынай душы.
Рабіны гронка над магілай,
Асірацеў мой родны кут.
Ніколі голас яе мілы
Я не пачую болей тут.
Дамоў заве не тэлеграма,
І я, прыехаўшы здалёк,
Скажу ізноў:
— Дзень добры, мама!
Ды не пачую больш:
— Сынок...
|
Сон
Зорнай ноччу прыснілася маці —
Увайшла і сядзіць ля ваконца.
Быццам коткі гулялі па хаце
Залатыя праменьчыкі сонца.
Ах, які быў у сне я шчаслівы!
Ну а мама была — маладая,
Гэты свет стаў ізноў справядлівым,
Справядлівым, бо мама — жывая!
Ды праз сон напаўзала трывога —
Чорнай хмарай завісла над хатай
І змяёю паўзла ад парога —
Адчуваннем і болю, і страты.
Я прачнуся, у хаце — нікога,
Спатыкаецца сэрца-падранак,
І скрабецца дзесь мыш пад падлогай,
Устрывожаны выйду на ганак.
Затаілася вёска пустая,
А на сэрцы — балюча і горка,
Паміж хмараў высока міргае
Памінальнаю свечкаю зорка.
|
Пакінуты дом
Стукаў голай галінкаю бэз у вакно
І па шыбе дажджынка слязою сцякала,
Засталося у куфры тваё палатно,
Што калісьці даўно ты, матуля, наткала.
І выстуджвалі хату штогод халады,
Сумавалі ў кутах непатрэбныя рэчы,
Вартаваў дом пакінуты месяц руды,
У туман захінуўшы азяблыя плечы.
Аджыло, адышло і назад не вярнуць
Ні цяпла і ні ласкі бацькоўскага дому,
Толькі зноўку на покуці пражу снуюць
Павукі, каб завесіць старую ікону.
Бераглі многа год гэты дом ад бяды
Ўкрыжаваны Хрыстос і нябесныя сілы,
Толькі час не спыняў свае порсткай хады
І завеі-вядзьмаркі нам лёс варажылі:
Шлях няблізкі — сынам, адзіноту — бацькам
І грамнічныя свечкі, і дзве дамавіны…
А пакінуты дом — як пакінуты храм,
Дзе ў душы ажываюць і сум, і ўспаміны.
|
Вяртанне
Цемра дыхае страхам у скронь,
У вяртання майго прысмак горкі,
Не жыве ў гэтым доме агонь,
Толькі ў вокнах люструюцца зоркі.
Тут дзядоўнік густы ля варот,
Спеюць гронкі здзічэлай рабіны,
Пахіліўся расхістаны плот
І мае тут баляць успаміны…
|
***
Я жыву чвэрць стагоддзя без мамы,
На радзіме маёй апусцелай
Ходзяць ціха ўспаміны палямі,
Ходзіць сум мой па сцежцы ўтравелай.
Там, дзе колісь матуля хадзіла,
Ржышчам раніла босыя ногі,
Там зноў жыта надзіва ўрадзіла
Ля ускрайку нябеснай дарогі.
Дзе рассыпаны зорачкі-зёрны
На таку звечарэлага неба,
Дзе гулі навальнічныя жорны
І дзе месяц — акрайчыкам хлеба.
Дзе канчаецца сцежка зямная —
Узыходзіць высокі Шлях Млечны
І па ім, як па ржышчы, ступае
Басанож сум зямны, чалавечы.
|
|
|