Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(89)/2019
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Інтэрв’ю
Размова Крыстыны ЛЯЛЬКО з біскупам Аляксандрам КАШКЕВІЧАМ
«БУДЗЬМА АПТЫМІСТАМІ І ДАВЯРАЙМА БОЖАМУ СЛОВУ»
У святле Бібліі
Інтэрв’ю

ПАПА-ВАЛАДАР

НЕ ЎЦЯКАЙ АД СТРАХУ
Постаці
Мастацтва
Прэзентацыя
Музыказнаўства
Спадчына

МІЛЕЙЧЫЦЫ. ЦАРСКАЯ БРАМА
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ

ПАЛАТНО ДЛЯ МАМЫ
Асобы
Архітэктура

Кс. праф. Вальдэмар ХРАСТОЎСКІ

Універсітэт імя кардынала Стэфана Вышынскага ў Варшаве

КЛЕНЧАННЕ ЯК МАЛІТОЎНАЯ ПАСТАВА Ў СВЯТЛЕ БІБЛІІ

«Трэба зноў навучыцца кленчыць»

Бэнэдыкт XVI

Пасля Другога Ватыканскага Сабору (1962–1965) у каталіцкай літургіі і пабожнасці адбылося своеасаблівае пераасэнсаванне кленчання як малітоўнай паставы1. Многія сцвярджаюць, што для гэтага, па сутнасці, няма біблійных падставаў, бо «габрэі перанялі гэтую паставу ад суседніх народаў, але выкарыстоўвалі яе рэдка»2. Як у дачыненні да малітоўнай паставы вызнаўцаў рабінічнага юдаізму, так і ў Касцёле чуюцца меркаванні тых, хто аддае перавагу малітве стоячы ці замяняюць кленчанне прыкленчваннем, а дакладней, хвілінным прыкленчваннем на правае калена3. Таму, здаецца, будзе карысным зазірнуць у Біблію, каб даць праўдзівы адказ на пытанне, якое месца займала кленчанне як малітоўная пастава ізраэльцянаў да ўзнікнення рабінічнага юдаізму.
Стары Запавет

У першай частцы хрысціянскай Бібліі згадваюцца розныя жэсты і паставы, большая частка якіх звязана з культам і малітвай4. Найбольш часта гаворыцца пра такія жэсты, як схіленне галавы або цела, а таксама кленчанне ці ўпаданне на твар5. На старонках Святых Кніг амаль 30 разоў сустракаецца назоўнік bērēk«калена» i дзеяслоў bārak«кленчыць», «згінаць калені». Паходзяць гэтыя выразы ад кораня brk6, які мае свой адпаведнік ва ўгарыцкай мове7. Значна часцей, амаль 500 разоў8, корань brk выкарыстоўваецца ў Габрэйскай Бібліі ў другім значэнні, a менавіта ў значэнні «благаслаўленне» i «благаслаўляць», а таксама ва ўласных імёнах, утвораных ад яго9. Існуе меркаванне, што абодва значэнні выводзяцца са старажытнага семіцкага звычаю прыняцця благаслаўлення, асабліва бацькоўскага, стоячы на каленях (Быц 48,9-13), у паставе кленчання, якая выражае найбольшую пашану, а таксама сведчыць аб прызнанні залежнасці ад кагосьці10. Выразы, якія выкарыстоўваліся ў адносінах паміж людзьмі, a таксама пастава i жэсты, якія спадарожнічалі благаслаўленню або выяўлялі моц, боязь i павагу11, былі перанесены ў сферу адносінаў людзей з Богам12.

У адносінах паміж людзьмі кленчанне ці ўпаданне на калені спалучалася з узнясеннем просьбаў i з маленнямі. Другая кніга Валадарстваў апісвае паводзіны пасланнікаў караля Ахозіі да прарока Іллі: «Трэці пяцідзясятнік, калі прыбыў, упаў на калені перад Іллёю і прасіў аб літасці» (пар. 2 Вал 1,13). Кніга Эстэры згадвае пра аддаванне пашаны на каленях Аману, ворагу габрэяў: «Усе слугі караля, якія былі ў каралеўскай браме, кленчылі і кланяліся Аману, бо так загадаў кароль» (Эст 3,2). Мардахей, аднак, гэтага не робіць: «Калі Аман убачыў, што Мардахей не кленчыць і не кланяецца яму, напоўніўся Аман гневам» (3,5).

Аналізаванне акалічнасцяў, пры якіх станавіліся на калені перад людзьмі, паказвае, што пастава кленчання была перанятая ў першую чаргу для малітвы ўпрошвання. У псальме 95[94], які з’яўляецца гімнам пахвалы і падзякі Богу, ёсць заклік:

«Прыйдзіце, паклонімся і ўпадзем, укленчым перад Панам, які нас стварыў» (в.6).

Няма ніякага сумнення, што кленчанне было вядомай i распаўсюджанай паставай у кульце старазапаветнага Ізраэля13, больш за тое, і пра гэта сведчыць заахвочванне псальміста — «прыйдзіце», гэтая пастава мела месца падчас пілігрымавання да ерузалемскай святыні. Таму кленчанне не з’яўляецца паставай, прынятай ад суседніх народаў, але ёсць паставай, закаранёнай у літургіі і пабожнасці біблійнага Ізраэля, якая мае вельмі старажытнае паходжанне.

Біблія адносіць кленчанне падчас малітвы да перыяду патрыярхаў Ізраэля. Пра гэта сведчыць эпізод, які апісвае прыбыццё Эліазара, слугі Абрагама, у Арам-Нахараім, што ў Месапатаміі, у пошуках жонкі для Ісаака (Быц 24,1-67). Слуга, задаволены надзвычай паспяховым завяршэннем сваёй місіі, адказваючы на спагаду Рэбэкі, адразу ж дзякуе Богу: «Тады ўпаў гэты чалавек на калені і пакланіўся Пану. Затым сказаў: „Няхай будзе благаслаўлёны Пан, Бог майго гаспадара Абрагама, які не адмовіў у сваёй ласкавасці і вернасці майму гаспадару. Мяне ж Пан вёў дарогаю да дому брата майго гаспадара”» (в.26-27). Калі ён з’явіўся перад Лабанам, братам Рэбэкі, расказаў пра тое, што сталася, i закончыў свой аповед так: «Пасля я ўпаў на калені і пакланіўся Пану, і благаславіў Пана, Бога майго гаспадара Абрагама, які прывёў мяне адпаведнай дарогаю, каб узяць дачку брата гаспадара майго ягонаму сыну» (в.48). Пастава кленчання спалучаецца таксама з глыбокімі паклонамі, якія падкрэсліваюць пашану да Бога і ўдзячнасць Яму. Трэба заўважыць, што дакладнае адрозненне паміж кленчаннем і паклонамі ці прастрацыяй14 бывае немагчымым, бо гэтыя паставы маюць шмат агульнага, а кленчанне можа разумецца як спрошчаная форма прастрацыі ці яе пачатковая фаза, якая можа трываць даўжэй ці карацей, у залежнасці ад інтэнцыі таго, хто моліцца, і ад акалічнасцяў.

Існуе погляд, што ў рэлігійнай сферы кленчанне было знешнім праяўленнем пашаны не толькі да Бога, але таксама да ідалаў15. Для пацвярджэння наяўнасці паставы кленчання ў язычніцкім кульце прыводзіцца прыклад паклікання прарока Іллі дзеля намашчэння новых каралёў, а таксама яго наступніка Елісея (1 Вал 19,15-21)16. У Першай кнізе Валадарстваў чытаем: «Пакіну ў Ізраэлі сем тысяч тых, хто не схіліў калені перад Баалем, і чые вусны не пацалавалі яго» (в.18). Не ідзе гаворка пра малітву, якая выяўляе ўнутраны стан чалавека, але пра бачны жэст, які выяўляе падпарадкаванне (кленчанне) i пашану (пацалунак), падобнае да падпарадкавання каралю і пашаны да яго ці іншай асобы, якая мае ўладу. Паколькі заслугоўваюць пахвалы ізраэльцяне, верныя Богу, якія не ўпалі ў ідалапаклонства, то выглядае, што ізраэльцяне, а было іх вельмі шмат, якія кленчылі перад Баалем, не столькі пераймалі паводзіны язычнікаў, колькі пераносілі ў язычніцтва паставу i жэсты, якія практыкавалі вызнаўцы адзінага Бога. Калі лічыць такое тлумачэнне слушным, мы мелі б выразны аргумент, што пастава кленчання ўжо ў IX ст. да Н. Х. была ўласцівай культу і пабожнасці ізраэльцянаў.

Некаторыя лічаць, што ў Старажытным Ізраэлі падчас малітвы пераважала пастава стаяння17, як і сёння ў паслябіблійным, або рабінічным юдаізме18. Аднак гэтаму супярэчыць тое, што ў Старым Запавеце рэдка згадваецца пра паставу стаяння падчас малітвы19. Нельга, канешне, бачыць у гэтым паўсюдна прынятую, a тым больш абавязковую малітоўную паставу ізраэльцянаў, якія ведалі і практыкавалі таксама іншыя паставы і жэсты20. Больш за тое, дзеяслоў ‘amād«стаяць», калі выкарыстоўваецца ў кантэксце малітвы і культу, не заўсёды азначае паставу стаяння, але з’яўляецца terminus technicus (тэхнічным тэрмінам. — Заўв. перакл.), які азначае поўную гатоўнасць да сустрэчы з Богам21. Сведчыць пра гэта нарацыя ў Першай кнізе Валадарстваў пра перанясенне Каўчэга Запавету, асвячэнне ерузалемскай святыні і малітву Саламона (1 Вал 8,1-66). Ва ўступе да малітвы караля гаворыцца: «Саламон стаў перад ахвярнікам Пана, перад усім сходам Ізраэля, узняў рукі да неба і сказаў» (в.22). Аднак у канцы, пасля малітвы караля, якая выпрошвае ласкі ў Бога для народу, выразна гаворыцца пра паставу кленчання: «Пасля, калі Саламон скончыў узносіць да Пана ўсе гэтыя малітвы і просьбы, падняўся ад алтара Пана, з месца, дзе кленчыў і працягваў рукі да неба, стаў і благаславіў увесь сход Ізраэля» (в.54-55). Сэптуагінта, або інакш Грэцкая Біблія, якая ўзнікла ў III i II стст. да Н. Х., дае такі пераклад: «Калі Саламон скончыў малітву да Пана і прадставіў усе свае просьбы і мольбы, устаў ад алтара Пана, перад якім кленчыў з узнятымі да неба рукамі»22.

Пасля ўважлівага чытання гэтага фрагмента ўзнікае пытанне: ці кароль Саламон маліўся стоячы (в.22) ці на каленях (в.54)?23 Адказ на гэтае пытанне даў Д. Р. Ап-Томас (Dafydd Rhys Ap-Thomas. — Заўв. перакл.), кажучы, што ў многіх біблійных тэкстах дзеяслоў ‘amad’«стаяць», або ‘amad lipney’«стаяць перад (Богам)» датычыць не паставы стаяння, але гатоўнасці аддаваць пашану Богу на малітве24. Такую думку i тлумачэнне падтрымлівае таксама знакаміты знаўца біблійнай гебраістыкі С. Р. Драйвер (Samuel Rolles Driver. — Заўв. перакл.). Ён кажа пра ідыёму, якая выражае гатоўнасць i ўважлівасць, a значыць стаянне — гэта пастава служэння25, уласцівая ў старажытнасці слугам і нявольнікам, а таксама прыдворным асобам26. Нарацыю пра малітву Саламона знаходзім таксама ў Другой кнізе Кронікаў (5,12-42). Спачатку гаворыцца, што Саламон «стаў перад алтаром Пана ў прысутнасці ўсяго сходу Ізраэля і ўзняў рукі» (в.12), a затым чытаем, што было зроблена ўзвышэнне з бронзы, на якое ўзышоў кароль, «упаў на калені ў прысутнасці ўсяго сходу Ізраэля» і, узняўшы рукі да неба, распачаў сваю малітву (в.13). Пастава стаяння і кленчання спалучаліся паміж сабою: першая як знак гатоўнасці, а другая як малітоўная пастава. Жэст узняцця рук, што спадарожнічаў малітве Саламона, які стаяў на каленях, выяўляе моцнае жаданне атрымаць тое, аб чым ён просіць27. Іншыя прыклады, якія пацвярджаюць выкарыстанне дзеяслова ‘amad’ для таго, каб падкрэсліць няспынную гатоўнасць28, гэта фрагмент з 1 Вал 10,8 (каралева Сабы прыходзіць да Саламона: «Шчаслівыя людзі твае, шчаслівыя слугі твае і тыя, хто заўсёды стаіць перад табою і слухае тваю мудрасць»), а таксама фрагмент з Ліч 16, 9, дзе вызначаны абавязкі і прывілеі левітаў: «Ці мала вам таго, што Бог Ізраэля выбраў вас сярод сходу Ізраэля, каб вы маглі набліжацца да Яго, служыць у скініі Пана, стаяць перад сходам i служыць ім?»29

Першая кніга Кронікаў злучае паставу кленчання з паводзінамі Давіда, які моліцца. За малітвай аб дабрадзействах для народу ідуць словы: «Пасля Давід сказаў усяму сходу: „Благаславіце Пана, вашага Бога”. І ўвесь сход благаславіў Пана, Бога айцоў сваіх, упаўшы на калені i кланяючыся да зямлі перад Панам і каралём» (1 Кр 29,20). Малітва на каленях спалучалася з біццём паклонаў, якія былі знакам праслаўлення і просьбы. Другая кніга Кронікаў кажа, што просьба, якая ўзносіцца на каленях, павінна была гарантаваць Язафату, каралю Ерузалема, перамогу ў барацьбе з ворагамі: «Язафат упаў на калені тварам да зямлі, і ўсе жыхары Юды і Ерузалема таксама ўпалі перад Панам, каб пакланіцца Яму» (2 Кр 20,18). Кленчанне i паклоны былі таксама элементам урачыстасці ачышчэння святыні пры панаванні караля Эзэхіі: «Калі здзейснілі ўсеспаленне, кароль і ўсе, хто быў з ім, сталі на калені i нізка пакланіліся. Кароль Эзэхія i кіраўнікі загадалі левітам праслаўляць Пана словамі Давіда i празорцы Асафа. Яны ж праслаўлялі з вялікай радасцю, падалі на калені i кланяліся да зямлі» (2 Кр 29,29-30).

У другой частцы Кнігі Ісаі (г.зв. Дэутэра-Ісая), якая паходзіць з перыяду бабілёнскага выгнання ці непасрэдна пасля яго (VI ст. да Н. Х.), у фрагменце, які падкрэслівае ўніверсальнасць справы збаўлення (Іс 45,20-25), знаходзіцца заклік да навяртання, а таксама прадказанне паўсюднага панавання Бога: «Звярніцеся да Мяне, усе межы зямлі, і будзеце збаўлены, бо Я — Бог, і няма іншага! Прысягаю на самога сябе, з вуснаў Маіх выходзіць справядлівасць, слова нязменнае. Бо перада Мною схіляецца кожнае калена, на Мяне прысягаць будзе кожны язык, і скажа Мне: „Толькі ў Пану справядлівасць і моц!”» (в.22-24). Кленчанне, якое суадносіцца з прадказанай эсхаталагічнай будучыняй, набывае ўніверсальны характар, становіцца элементам паўсюднай цэлебрацыі справядлівасці i моцы Бога.

Важная згадка пра кленчанне падчас малітвы-просьбы ёсць у Кнізе Ездры. Пасля вяртання з бабілёнскага выгнання i прыбыцця ў Ерузалем святар Ездра даведваецца, што мясцовыя габрэі масава заключалі змешаныя сужэнствы, у выніку чаго «святы род змяшаўся з людзьмі гэтых зямель, а князі і кіраўнікі былі першымі ў гэтым злачынстве» (пар. Езд 9,2). Драматычныя навіны моцна ўстрывожылі Ездру, які — падобна да Ёва — доўга моўчкі сядзеў, што выяўляла яго слабасць і бездапаможнасць. Далей чытаем: «У час вечаровай ахвяры ён падняўся з месца нядолі сваёй і, разарваўшы шаты і плашч, упаў на калені свае, і працягнуў свае рукі да Пана Бога свайго» (Езд 9,5), а пасля ідзе малітва-просьба Ездры (9,6–15). Пастава кленчання, з далонямі, выцягнутымі да Бога, выклікала моцную рэакцыю сведкаў гэтай падзеі: «Калі Ездра маліўся і вызнаваў грахі, плакаў і кленчыў перад Божым домам, сабраўся вакол яго вельмі вялікі натоўп з Ізраэля, мужчын, жанчын i дзяцей, бо і народ моцна плакаў» (10,1). Малітоўная пастава Ездры нагадвае паставу Саламона, які, стоячы на каленях, узносіў да Бога малітву-просьбу на вачах народу. Вобраз святара, які моліцца на каленях і просіць аб дараванні правінаў, глыбока ўзрушыў землякоў і заахвоціў іх аддаліць жонак-чужаземак.

У Кнізе Даніэля ёсць істотнае адрозненне малітоўнай паставы Даніэля, вернага шанавальніка Бога, ад паставы язычнікаў, якія моляцца. У фрагменце, які апісвае распачацце праз Навухаданосара культу залатога ідала (Дан 3,1-7) чытаем: «Таму сабраліся сатрапы, намеснікі, военачальнікі, дарадцы, скарбнікі, суддзі, магістраты i ўсе кіраўнікі правінцый на пасвячэнне ідала, якога ўзнёс кароль Навухаданосар, і сталі перад ідалам, якога ўзнёс Навухаданосар» (в.3). Знаць, тытулы якой маюць акадыйскае і персідскае паходжанне,30 разам са сваім валадаром збіраецца на малітву пасвячэння ідала ў паставе стаяння. У ёй адлюстроўваецца пашана і павага да зямнога караля, а таксама гатоўнасць служыць яму, што пераносіцца ў рэлігійную сферу i датычыць ідала. Аўтар Дан 3 лічыць паставу стаяння ўласцівай культу бажкоў31. Перад сабранымі, якія стаялі, вяшчальнік голасна казаў: «Як толькі пачуеце гучанне рогу, флейты, лютні, арфы, псалтыра, дудаў i розных музычных інструментаў, падайце на твар і кланяйцеся залатому ідалу, які ўзнёс Навухаданосар. Калі хто не ўпадзе на твар і не паклоніцца, тут жа будзе кінуты ў распаленую печ» (в.5-6). Падчас малітвы пасвячэння, якая ўзносілася перад залатым ідалам, язычнікі таксама падалі на твар і білі паклоны (в.7.10.11.12.14.15.18). Гаворка ідзе не пра кленчанне, але прастрацыю, якая была паўсюдна прынятай у прыдворных звычаях i ў старажытных язычніцкіх культах.

Інакш маліўся Даніэль: «Вокны ў яго верхнім пакоі адкрываліся ў бок Ерузалема. Тройчы ў дзень ён падаў на калені, маліўся і праслаўляў Бога, як рабіў гэта раней» (Дан 6,11)32. Малітва Даніэля мае тры агульныя рысы з малітвай, якую пазней рэкамендавалі рабіны. Па-першае, скіраванне твару ў бок Ерузалема; па-другое, спалучэнне просьбы i праслаўлення; па-трэцяе, патройнае прамаўленне малітвы на працягу дня. Аднак яна выразна адрозніваецца ад распараджэння рабінаў у адным, a менавіта ў тым, што датычыць малітоўнай паставы33. Калі Даніэль, «як рабіў гэта раней», моліцца, стоячы на каленях, рабіны забаранялі вызнаўцам юдаізму кленчыць, абавязваючы іх маліцца стоячы.

Пастава стаяння, якая часам супрацьпастаўляецца кленчанню, была вядомая ў кульце i пабожнасці Ізраэля (Ер 18,20; Пс 106[105],30-31). У старажытных культурах было прынята ўставаць перад асобай старэйшага ўзросту ці больш высокага рангу (Лев 19,32; Ёв 29,8), каб выказаць ёй пашану i выслухаць яе. Гэта ж пераносілася ў рэлігійную сферу. Аднак пастава стаяння падчас малітвы была прынятая сярод габрэяў адносна позна, толькі пасля вяртання з бабілёнскага выгнання. Вяртаючыся на радзіму, яны прынеслі гэтую малітоўную паставу, пераймаючы звычаі асяроддзя, у якім жылі на чужыне, але вядомую, кажучы па праўдзе, ім раней, хоць і не вельмі распаўсюджаную.

Больш частае практыкаванне малітвы ў паставе стаяння было звязана таксама з пачаткам, пасля вяртання з выгнання, практыкі чытання і тлумачэння Святых Кніг34, а таксама са з’яўленнем і ўмацаваннем інстытуцыі Сінагогі. Кніга Нээміі, кажучы пра пачатак звычаю публічнага чытання і тлумачэння Торы (Нм 7,72–8,18), што адбывалася паблізу ерузалемскай святыні, змяшчае інфармацыю пра паводзіны ўдзельнікаў гэтай акцыі: «І разгарнуў Ездра кнігу перад вачыма ўсяго народу, а стаяў ён вышэй за народ. Калі разгарнуў яе, увесь народ устаў» (8,5). Пастава стаяння падчас слухання Божага слова выражае гатоўнасць слухаць. Знамянальна тое, што адбываецца пасля: «Благаславіў Ездра Вялікага Пана Бога, а ўвесь народ, падымаючы рукі свае, адказаў: „Амэн! Амэн!“. І кланяліся, і падалі на калені, тварам на зямлю, перад Панам» (8,6). Выразна бачна, што слуханне Божага слова адбывалася ў паставе стаяння, але аддаванне пашаны Богу — у паставе кленчання разам з паклонамі.

Далейшая нарацыя ў Кнізе Нээміі, якая датычыць вызначанага Ездрам дня пакуты (Нм 9,1-37), сведчыць, што чытанне Закону настолькі паўплывала на слухачоў, што яны сабраліся паўторна, «у посце, валасяніцах і з попелам на сваіх галовах» (в.1). Характар гэтага сходу быў дваякі: «І аддзялілася племя Ізраэля ад чужынцаў, яны сталі і вызналі свае грахі і правіны сваіх бацькоў. І стаялі на месцы сваім, і чвэрць дня чыталі з кнігі Закону Пана, свайго Бога, а чвэрць гадзіны вызнавалі грахі і кланяліся Пану, свайму Богу» (в.2-3). Тут таксама трэба ўказаць на дзве паставы вызнання грахоў: стаяння падчас слухання Закону і, напэўна, рахунку сумлення, а таксама кленчання падчас праяўлення скрухі i жалю. Першая, якая перажывалася стоячы, мела рысы суду i служыла таксама для аднаўлення правільных адносінаў паміж вызнаўцамі. Другая, у паставе кленчання, мела мэту аднаўлення правільных адносінаў з Богам.

Апошняе старазапаветнае сведчанне малітвы, якая ўзносілася на каленях, захавалася ў дэутэракананічнай Другой кнізе Макабэяў, якая датуецца канцом II ст. да Н. Х. У ёй ёсць нарацыя пра варожую выправу Антыёха V Эўпатара (2 Мак 13,9-26). Калі пра яе пачулі ў Ерузалеме, Юда Макабэй загадаў габрэям няспынна ўсклікаць да Бога. «А калі ўсе так зрабілі і разам малілі на каленях міласэрнага Пана са слязьмі і ў посце тры дні без перапынку, Юда прамовіў да іх і загадаў, каб яны былі гатовыя» (в.12)35. Уся супольнасць узносіла гарачую малітву тры дні, а спадарожнічала ёй пастава кленчання ці ўпадання на твар як выраз просьбы аб выратаванні.

Новы Запавет

Пастава кленчання як выраз міжчалавечых адносінаў шматразова згадваецца ў Новым Запавеце. У пачатку нарацыі пра аздараўленне эпілептыка чытаем: «Калі прыйшлі да натоўпу, падышоў да Яго [Езуса] нейкі чалавек і, упаўшы перад Ім на калені, сказаў: „Пане, змілуйся над маім сынам!”» (Мц 17,14-15). Падобна паводзіць сябе пракажоны, просячы аб аздараўленні: «Вось прыйшоў да Яго пракажоны і, упаўшы на калені, прасіў Яго, кажучы: „Калі хочаш, можаш мяне ачысціць”» (Мк 1,40). Не інакш паводзіць сябе багаты юнак: «Калі [Езус] выходзіў у дарогу, падбег да Яго адзін чалавек, упаў перад Ім на калені і спытаўся ў Яго: „Настаўнік добры, што мне рабіць, каб унаследаваць жыццё вечнае?”» (Мк 10,17).

Як у Старым Запавеце, так і ў Новым мы сустракаем шмат інфармацыі пра кленчанне падчас малітвы. Яна вельмі важная, бо даказвае, што малітоўная пастава кленчання не была запазычана з суседніх культур, але была прынятая з веры і пабожнасці старазапаветнага Ізраэля. Грэкі і рымляне, а таксама эліністычная культура, у кантэксце якой нарадзіўся Касцёл і хрысціянства, не толькі не практыкавалі кленчання, але адназначна гэтую паставу адкідалі36. Лічылася, што кленчанне нявартае свабоднага чалавека. У святле гэтага яшчэ больш выразнымі становяцца заўвагі пра кленчанне падчас малітвы, якое абсалютна не адпавядала тагачасным язычніцкім звычаям і практыкам.

Нягледзячы на тое, што ў самым пачатку хрысціянскай эры сярод габрэяў была прынятая пастава стаяння падчас малітвы, згадванне пра яе ў Новым Запавеце не зусім адназначнае. У Евангеллі паводле св. Мацвея, габрэйскі кантэкст і каларыт якога не падлягае сумненню, сярод парадаў, якія даваў Езус, ёсць такая: «І калі молішся, не будзь, як крывадушнікі. Бо яны любяць маліцца, стоячы ў сінагогах і на рагах вуліц, каб паказацца перад людзьмі. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду» (Мц 6,5). Прыходзяць тут на думку дзве рэчы. Па-першае, «стаянне» на рагах вуліц спалучана з наведваннем сінагогі, што непасрэдна пацвярджае сувязь малітоўнай паставы стаяння з сінагагальнымі набажэнствамі. Па-другое, гаворка ідзе пра малітвы напаказ, разлічаныя на прызнанне i апладысменты народу, а значыць такія, якія супярэчаць прыродзе і мэтам правільна зразуметай i перажыванай малітвы. Паколькі Евангелле паводле св. Мацвея адлюстроўвае самы пачатак напружаных адносінаў паміж габрэямі, якія сталі вызнаўцамі Езуса Хрыста, і іншымі габрэямі, якія не паверылі ў Яго, то ў згадцы пра малітву, якая ўзносіцца ў сінагозе і на рагах вуліц, можна заўважыць негатыўны вынік узаемных непаразуменняў і канфліктаў паміж Касцёлам і Сінагогай.

Цікавая інфармацыя знаходзіцца сярод наказаў Езуса, скіраваных да вучняў і захаваных у Евангеллі паводле св. Марка ў фрагменце пра вынікі праклёну смакоўніцы (Мк 11, 20-25): «І калі стаіце на малітве, даруйце, калі што маеце супраць каго-небудзь, каб і Айцец ваш, які ў нябёсах, дараваў вам правіны вашыя» (в. 25). Выраз «стаіце на малітве» можна разумець дваяка: як аднясенне да канкрэтнай малітоўнай паставы стоячы ці як акрэсленне гатоўнасці да малітвы. Пры гэтым не ўдакладняецца, якая пастава і жэсты спадарожнічаюць ёй, таму «стаянне» можа ўспрымацца як terminus technicus, падобна як у Старым Запавеце.

Евангеллі сведчаць, што Езус маліўся часта, аднак у іх не акрэсліваецца Яго малітоўная пастава, бо зразумела, што тагачасныя адрасаты добра яе ведалі. Таму яшчэ большае значэнне маюць тэксты, якія выразна ўказваюць на паставу і жэсты, якія ёй спадарожнічалі. Яскравым сведчаннем з’яўляюцца сінаптычныя нарацыі пра малітву Езуса ў Гетсэманскім садзе, больш вядомым у традыцыі як Аліўны сад. У Евангеллі паводле св. Мацвея чытаем: «І, адышоўшы крыху ўперад, упаў на твар, маліўся і казаў: „Ойча Мой, калі гэта магчыма, няхай абміне гэты келіх Мяне. Аднак, не як Я хачу, але як Ты [няхай станецца]”» (Мц 26,39). Таксама ў Евангеллі паводле св. Марка: «Адышоўшы крыху ўперад, упаў на зямлю і маліўся, каб, калі магчыма, абмінула Яго гэтая гадзіна» (Мк 14,35). У Евангеллі паводле св. Лукі чытаем: «А сам адышоў ад іх, як кінуць камень, укленчыў і маліўся» (Лк 22,41). Нарацыя Мацвея і Марка можа падказваць, што маецца на ўвазе прастрацыя, а паведамленне Лукі кажа пра малітву ў паставе кленчання. Абедзве паставы маюць шмат агульнага, бо кленчанне — гэта спрошчаная форма прастрацыі, і таму абедзве версіі верагодныя. У каментарыі да Евангелля паводле св. Лукі Давід Стэрн напісаў: «Калі не лічыць малітвы ‘Aleinu, якая чытаецца падчас Rosz-ha-Szana i падчас Jom Kippur, габрэі ўжо не кленчаць падчас малітвы, бо лічаць гэта чужым звычаем, а дакладней — хрысціянскім. Аднак хрысціянства пераняло яго з юдаізму!»37

У Дзеях Апосталаў гаворыцца, што пасля спаслання Духа Святога Апосталы адправіліся ў ерузалемскую святыню, аднак — што вельмі важна! — не для прынясення крывавых ахвяраў, але каб памаліцца. У нарацыі пра аздараўленне кульгавага (Дз 3,1-11) чытаем, што «а дзявятай гадзіне [дня] Пётр і Ян уваходзілі ў святыню на малітву» (в.1), г.зн. у гадзіну смерці Езуса38. Лука, аўтар Дзеяў Апосталаў, не кажа пра іх малітоўную паставу, таму нельга выключаць, што гэта магла быць пастава кленчання, бо заклік да яе захаваўся ў Пс 95[94], а нядаўнія пасхальныя падзеі, якія перажылі Апосталы, спрыялі праслаўленню Бога.

Важную інфармацыю падае нарацыя Лукі пра мучаніцтва Стэфана (Дз 7,1-60). Напрыканцы, пасля паведамлення пра пачатак каменавання, ідуць словы: «І каменавалі Стэфана, які маліўся, кажучы: „Пане Езу, прымі мой дух”. Упаўшы на калені, ён усклікнуў моцным голасам: „Пане, не лічы ім граху гэтага”. Сказаўшы гэта, памёр» (в.59-60). Спачатку Стэфан маліўся стоячы, але пад градам камянёў ён падае на калені і моліцца аб прабачэнні граху для пераследнікаў. Нават калі кленчанне было вымушаным праз катаў, згадванне пра яго, вельмі выразна падкрэсленае Лукою, сведчыць аб тым, што яно было малітоўнай паставай, прынятай сярод першых хрысціянаў, і практыкавалася імі, асабліва ў хвіліну мучаніцтва. Можна здагадвацца, што падчас крывавых ганенняў, якія перыядычна ўзнаўляліся аж да пачатку IV ст., яе прынялі i наследавалі многія хрысціянскія мучанікі.

У нарацыі пра цуды Пятра (9,32-43), пры апісанні яго прабывання ў доме Табіты ў Яфе, Лука піша: «Пётр, адправіўшы ўсіх са святліцы, стаў на калені і памаліўся» (в.40). Стоячы на каленях, Пётр узносіць у самоце, як калісьці Даніэль, які прабываў на чужыне, малітву-просьбу. Не выглядае, што яго пастава была выпадковым дзеяннем, наадварот, яна была сталым звычаем, які спадарожнічаў сфарміраванаму малітоўнаму жыццю. Аналогія з малітвай Даніэля пацвярджае працяг старазапаветнай традыцыі кленчання як габрэйскай малітоўнай паставы.

Наступнае сведчанне падае нарацыя пра развітанне Паўла з кіраўнікамі Касцёла ў Эфесе, якое мела месца ў Мілеце (Дз 20,14-38). Павел быў габрэем, які паходзіў з дыяспары, дасканала ведаў эліністычную культуру, якая адкідала паставу кленчання, і таму яго пастава і навучанне ў гэтай сферы маюць асаблівае значэнне. Пасля хвалюючай прамовы, якая заканчвалася цытаваннем словаў Езуса: «Больш шчасця ў тым, каб даваць, чым у тым, каб браць!», чытаем: «Сказаўшы гэта, ён [Павел] укленчыў і маліўся разам з імі ўсімі. Тады ўсе ўзнялі вялікі плач, кідаліся Паўлу на шыю і цалавалі яго. Найбольш смуткавалі з-за слова, якое ён сказаў, што ўжо больш не ўбачаць яго» (вв.36-38). Важным з’яўляецца агульны настрой гэтага эпізода. Павел спантанна падае на калені, a значыць, гэта была звычайная для яго практыка i адначасова спантанная малітоўная пастава, а не аднаразовыя i выключныя паводзіны. Гэтак жа, як ён, зробяць кіраўнікі Касцёла ў Эфесе. Пастава кленчання была ім добра знаёмаю і прынятаю ў іх супольнасці. У малітве, якую яны разам узносілі, развітваючыся з Паўлам, чуліся розныя патрэбы і пачуцці — ад праслаўлення Бога і падзякі Яму, да просьбаў і маленняў за Паўла.

Чарговае згадванне пра малітву на каленях сустракаем у далейшай нарацыі Лукі аб заканчэнні трэцяга місійнага падарожжа Паўла. Будучы ўсё бліжэй да Ерузалема, Павел і яго паплечнікі ўсё мацней адчувалі напружанне, звязанае з прыбліжэннем да Святога Горада, бо не ведалі, як будуць далей развівацца падзеі. Калі ж прыбылі ў Тыр і знайшлі вучняў, заставаліся там сем дзён і, «натхнёныя Духам, казалі Паўлу не ісці ў Ерузалем» (Дз 21,4). Паколькі Павел не змяніў сваіх планаў, Лука паведамляе, што мясцовыя хрысціяне з жонкамі і дзецьмі праводзілі іх за горад. «Укленчыўшы на беразе і памаліўшыся, мы развіталіся адзін з адным і селі на карабель, а яны вярнуліся да сябе» (21,5-6). Гэтая хвалюючая сцэна пацвярджае, што малітва ў паставе кленчання была прынятай у раннехрысціянскіх супольнасцях і практыкавалася вызнаўцамі Езуса Хрыста. Гаспадары, якія тыдзень прымалі Паўла ў Тыры, былі габрэямі, што ў чарговы раз пацвярджае, што звычай кленчання падчас малітвы меў спецыфічна габрэйскі характар, закаранёны ў веры і пабожнасці біблійнага Ізраэля.

Напрыканцы Паслання да Рымлянаў, заахвочваючы да ўзаемаразумення (Рым 14,1-12), Павел цытуе тэкст Іс 45,2339: «Бо напісана: „Паколькі Я жыву, — кажа Пан, — перада Мною схіліцца кожнае калена, і кожны язык будзе вызнаваць Бога”. Так кожны з нас адкажа за сябе перад Богам» (в.11-12). Пастава кленчання мае тут эсхаталагічнае вымярэнне, якое павінна рэальна ўплываць на жыццё хрысціянаў. Павел цытуе канкрэтны тэкст са Старога Запавету не толькі для падмацавання сваёй тэалагічнай аргументацыі, але таксама як важны ўказальнік для чынаў вызнаўцаў Хрыста і іх паводзінаў падчас малітвы.

У першай частцы Паслання да Эфесцаў (1–3), пасля свайго прадстаўлення як прапаведніка таямніцы Езуса Хрыста сярод язычнікаў (3,1-13), Павел распачынае малітву аб з’яднанні верных з Хрыстом словамі: «Таму я схіляю калені мае перад Айцом, ад якога бярэ сваю назву кожны род на нябёсах і на зямлі, каб Ён вам даў, паводле багацця славы сваёй, умацаваць сілы Ягоным Духам дзеля духоўнага чалавека» (Эф 3,14-16). Апостал народаў, на гэты раз звяртаючыся непасрэдна да словаў прарока Ісаі, на каленях выяўляе пашану перад веліччу Бога і ўзносіць малітву-просьбу за вызнаўцаў Хрыста.

Эсхаталагічны характар выразна бачны таксама ва ўзнёслым хрысталагічным гімне, змешчаным у Пасланні да Філіпянаў (2,5-11). Пасля прадстаўлення Хрыста як узору найбольшай пакоры другая частка гімна пачынаецца словамі: «Таму Бог узвысіў Яго і даў Яму імя па-над усялякае імя, каб на імя Езуса схілілася кожнае калена стварэнняў нябесных, зямных і падземных» (в.9-10). Спасылаючыся на тэкст Ісаі (49,4), падкрэсліваецца, што толькі Бог заслугоўвае пашаны, а ў дзень Пана схіліцца перад Ім кожнае калена, нават тых, хто аддаваў пашану Баалю ці іншым ідалам40. Кленчанне, як знак пакоры і падпарадкавання, становіцца ўвасабленнем нябеснай літургіі. Увесь створаны свет, згодна са старажытнымі касмалагічнымі паняццямі, схіліць калені перад укрыжаваным і ўзвялічаным Панам41.

* * *

Калі пад канец дахрысціянскай эры інстытуцыя Сінагогі, побач з ерузалемскай святыняй і прынясеннем крывавых ахвяраў, была прынятая як паралельная плынь габрэйскай пабожнасці, чытанне Торы і Прарокаў, а таксама слуханне Божага слова адбывалася ў паставе стаяння. Аднак надалей захоўвалася кленчанне падчас малітвы, што прынялі і працягвалі вызнаўцы Езуса Хрыста, сярод якіх былі не толькі габрэі, але i язычнікі. Маючы на ўвазе той факт, што Новы Запавет ахоплівае адносна кароткі час, усяго некалькі дзесяцігоддзяў, у ім захавалася шмат кароткай інфармацыі пра малітву, якую ўзносілі ў паставе кленчання.

З таго часу, як шляхі вызнаўцаў юдаізму і вызнаўцаў Езуса Хрыста ўсё больш разыходзіліся42, вызнаўцы юдаізму, сканцэнтраваныя вакол Сінагогі, усё часцей практыкавалі малітву ў паставе стаяння i спалучалі яе з калыханнем43, аддзяляючыся ад хрысціянаў, якія маліліся, стоячы на каленях. У Мішне, рэдакцыя якой была закончана недзе каля 220 г., ёсць наказ, які загадвае вызнаўцам юдаізму захоўваць паставу стаяння падчас малітвы (m.Ber. 5,1). З цягам часу гэта стала адным з галоўных вызначальных элементаў ідэнтычнасці Сінагогі і Касцёла, як, напрыклад, нашэнне ярмолкі, да чаго былі абавязаныя вызнаўцы юдаізму з часоў Сярэднявечча, бо раней, таксама і ў біблійныя часы, яны маліліся з непакрытай галавой44.

У адказ на адмаўленне габрэяў кленчыць падчас малітвы хрысціяне надалей практыкуюць гэтую паставу і нават выразна яе рэкамендуюць. Эўзэбій з Цэзарэі, цытуючы Дзённікі Егезіпа, перадаў традыцыю на тэму Якуба, «брата Пана»: «Толькі ён мог уваходзіць у Святое Месца, бо насіў не ваўнянае адзенне, але палатнянае. Адзін уваходзіў у святыню, і бачылі, як ён кленчыў і маліўся за свой народ, каб ён атрымаў прабачэнне. Яго калені сталі тоўстымі, як у вярблюда, бо заўсёды так кленчыў перад Богам і вымольваў прабачэнне для народу»45. Гэта важнае пацвярджэнне таго, што кленчанне было малітоўнай паставай габрэяў так доўга, пакуль існавала ерузалемская святыня, а таксама, што ў святыню, пакуль яна існавала, г.зн. да 70-га г., юдэахрысціяне хадзілі не для таго, каб прыносіць крывавыя ахвяры, але каб маліцца.

Доказ вялікага прызнання малітвы на каленях захаваўся таксама ў адным з аповедаў, які прыпісваецца айцам Пустыні. У ім гаворыцца, што калі абату Апалону паказаўся д’ябал, ён не меў каленяў, а значыць быў няздольны кленчыць і аддаваць пашану Богу.

На заканчэнне варта працытаваць словы кардынала Ёзафа Ратцынгера, папы Бэнэдыкта XVI: «Дзе знікае пастава кленчання, там трэба зноў навучыцца кленчыць».

Пераклад з польскай мовы
Марыны Пашук.

Гл. таксама:
МАРЫНА ПАШУК :: КСЁНДЗ ПРАФЕСАР ВАЛЬДЭМАР ХРАСТОЎСКІ ::


  1. Пар. W. Danielski, Uczestnictwo wiernych we mszy świętej w świetle jej struktury liturgicznej, у: ён жа, Wprowadzenie do liturgii, Poznań, 1967, с. 274–277; H. Sobeczko, Postawy wewnętrzne i zewnętrzne w czynnym uczestnictwie wiernych we mszy świętej, Ruch Biblijny i Liturgiczny 42/1989, с. 222; W. Głowa, Znaki i symbole w liturgii, Przemyśl 1995, с. 131–132.
  2. M. Straszewicz, Klęczenie, Encyklopedia Katolicka, т. IX, Lublin, 2002, кал. 132.
  3. Гл., напр., арт. Klękanie, у: E. A. Livingstone (апрац.), Encyklopedia Kościoła, т. 1, Warszawa, 2004, с. 1164.
  4. Пар. Gesty, у: L. Ryken, J.C. Wilhoit, T. Longman III, Słownik symboliki biblijnej. Obrazy, symbole, motywy, metafory, figury stylistyczne i gatunki literackie w Piśmie Świętym, Prymasowska Seria Biblijna 20, Warszawa, 2003, с. 207–210.
  5. Пар. J. M. Efird, Gesty, у: B.M. Metzger, M. D. Coogan (нав. рэд.), W. Chrostowski (канс. пол. выд.), Słownik wiedzy biblijnej, Prymasowska Seria Biblijna 5, Warszawa, 1996, с. 197.
  6. Пар. J. Scharbert, brk; berakhāh, у: J. Botterweck, H. Ringgren (рэд.), Theological Dictionary of the Old Testament, т. 2, Grand Rapids, MI, 1975, с. 279–280; Berek, у: L. Koehler, W. Baumgartner, J. J. Stamm, P. Dec (нав. рэд. пол. выд.), Wielki słownik hebrajsko-polski i aramejsko-polski Starego Testamentu, т. 1, Prymasowska Seria Biblijna 30, Warszawa, 2008, с. 152.
  7. Пар. W. C. Williams, brk, у: W. A. VanGemeren (рэд.), New International Dictionary of Old Testament Theology and Exegesis, т. 1, Carlisle, 1997, с. 755.
  8. Пар. M. L. Brown, brk, у: тамсама, с. 757.
  9. Падрабязней гл. C. W. Mitchell, The Meaning of BRK, «To Bless» in the Old Testament, 1987; гл. таксама: W. Chrostowski, Błogosławieństwa i ich znaczenie w Starym Testamencie, у: ён жа, Trzecia Świątynia w Jerozolimie i inne studia, Rozprawy i Studia Biblijne 44, Warszawa, 2012, с. 545–566.
  10. Пар. G. H. Davies, Kneeling, International Dictionary of the Bible, т. 3, Nashville 1988, с. 41–42. Не ўсе навукоўцы згаджаюцца з гэтым, гл. M. L. Brown, brk, с. 757.
  11. Пар. C. Toll, Ausdrucke fur «Kraft» im Alten Testament mit besonderer Rucksicht auf die Wurzel BRK, Zeitschrift fur die alttestamentliche Wissenschaft 94/1982, с. 111–123.
  12. Пар. Klękać, kolano, у: B.M. Metzger, M. D. Coogan (нав. рэд.), W. Chrostowski (канс. пол. выд.), Słownik wiedzy biblijnej, с. 301.
  13. Пар. G. H. Davies, Psalm 95, Zeitschrift fur die alttestamentliche Wissenschaft 85/1973, с. 191–192.
  14. Лац. prostratio — ляжанне тварам да зямлі, часта з распасцёртымі рукамі, з’яўляецца сведчаннем вялікай пакоры перад Богам і глыбокай малітвы. — Заўв. перакл.
  15. Пар. O. Keel, The Symbolism of the Biblical World: Ancient Iconography and the Book of Psalms, New York, 1978, с. 308–323.
  16. Пар. Klękać, kolano, у: B. M. Metzger, M. D. Coogan (нав. рэд.), W. Chrostowski (канс. пол. выд.), Słownik wiedzy biblijnej, с. 301.
  17. Гл. M. Bockmuehl, «Shall We Kneel to Pray?», Crux 26/1990, с. 14–17; H. Schungel, Postawa modlitewna, у: A. Grabner-Haider (рэд.), Praktyczny słownik biblijny, Warszawa, 1994, кал. 1007.
  18. Істотнай з’яўляецца заўвага, што паміж рэлігіяй біблійнага Ізраэля i паслябіблійным юдаізмам (рабінічным) — гэтак як паміж рэлігіяй біблійнага Ізраэля і хрысціянствам — і ёсць працягласць, і няма, бо ёсць таксама важная навізна; падрабязней гл. W. Chrostowski, Ku katolickiej teologii judaizmu. Inspiracje kard. J. Ratzingera/Benedykta XVI, Studia Nauk Teologicznych PAN 11/2016, с. 185–205; Prawda, Chrystus, Judaizm. Z księdzem profesorem Waldemarem Chrostowskim rozmawiają: Grzegorz Górby i Rafał Tichy, Warszawa, 2018.
  19. Пар. D. R. Ap-Thomas, Notes on Some Hebrew Terms Relating to Prayer, Vetus Testamentum 6/1956, с. 225–241.
  20. Падрабязней гл. O. Keel, The Symbolism of the Biblical World.
  21. Пар. B. M. Metzger, M. D. Coogan (нав. рэд.), W. Chrostowski (канс. пол. выд.), Słownik wiedzy biblijnej, с. 226.
  22. Septuaginta czyli Grecka Biblia Starego Testamentu z księgami deuterokanonicznymi, apokryfami żydowskimi oraz onomastykonem, tł. R. Popowski, Prymasowska Seria Biblijna 41, Warszawa, 2014, с. 463.
  23. У спасылцы да гэтага тэксту Р. Папоўскі зазначае: «У 22-м вершы не гаворыцца пра кленчанне». Гл. тамсама.
  24. Пар. D. R. Ap-Thomas, Notes on Some Hebrew Terms Relating to Prayer, с. 226. Дэвід Рыс ап Томас (1912–2011) — славуты валійскі тэолаг, даследчык Старога Запавету. — Заўв. перакл.
  25. Пар. S. R. Driver, A Critical and Exegetical Commentary on Deuteronomy, International Critical Commentary, Edinburgh 1902, с. 123; ён жа, Notes on the Hebrew Text and the Topography of the Books of Samuel, Oxford, 1913, с. 136. Самуэль Роллес Драйвер (1846–1914) — ангельскі бібліст. — Заўв. перакл.
  26. У сённяшняй культуры яна бачная ў паставе афіцыянтаў ці гатэлевых працаўнікоў адміністрацыі.
  27. Пар. J. M. Efird, Gesty, с. 197.
  28. Габрэйскае слова мае свой адпаведнік у акадыйскай мове; гл. A. L. Oppenheim, Idiomatic Accadian, Journal of the American Oriental Society 61/1941, с. 285.
  29. M. I. Gruber, Aspects of Nonverbal Communication in the Ancient Near East, Studia Pohl 12/1, Rome, 1980, с. 146–151.
  30. Пар. M. Parchem, Księga Daniela. Wstęp — Przekład z oryginału — Komentarz, Nowy Komentarz Biblijny XXVI, Częstochowa, 2008, с. 259.
  31. Пар. M. I. Gruber, Aspects of Nonverbal Communication in the Ancient Near East, с. 157.
  32. Пар. M. Parchem, Księga Daniela, с. 413–415.
  33. Пар. M. I. Gruber, Aspects of Nonverbal Communication in the Ancient Near East, с. 162.
  34. Пар. W. Chrostowski, Natura i geneza zjawiska targumizmu, Przegląd Powszechny 10/1987, с. 82–96.
  35. Р. Папоўскі (Septuaginta czyli Biblia Grecka Starego Testamentu, c. 789) дае пераклад «плачучы, посцячы i ўпадаючы на твар».
  36. Гэта можа быць галоўнай прычынай таго, што Грэцкая Біблія (Сэптуагінта), адлюстроўваючы эліністычныя настроі i думаючы пра адрасатаў-негабрэяў, абмяжоўвае да мінімума звесткі пра кленчанне, замяняючы іх або інтэрпрэтуючы як блізкія паставы і жэсты (паклоны, ляжанне на зямлі і г.д.).
  37. D. Stern, Komentarz żydowski do Nowego Testamentu, Prymasowska Seria Biblijna 23, Warszawa, 2004, с. 252. Паставу кленчання неадпаведна тлумачыць Ф. Міцкевіч, калі піша, што Езус «паводзіць сябе не так, як кожны габрэй, які звычайна маліўся стоячы (гл. 18, 11)»; ён жа, Ewangelia według św. Łukasza rozdziały 12–24. Wstęp — Przekład z oryginału — Komentarz, Nowy Komentarz Biblijny III/2, Częstochowa, 2012, с. 475.
  38. Гэта найстарэйшы ўспамін пра малітву вучняў i вызнаўцаў Езуса Хрыста ў «гадзіну міласэрнасці».
  39. Раней, у Рым 11,4, у сувязі з сітуацыяй Ізраэля пасля прыйсця Езуса Хрыста, Павел цытуе 1 Вал 19,18.
  40. Пар. Klękać, kolano, у: B. M. Metzger, M. D. Coogan (нав. рэд.), W. Chrostowski (канс. пол. выд.), Słownik wiedzy biblijnej, с. 301.
  41. Пар. J. Flis, List do Filipian, Nowy Komentarz Biblijny XI, Częstochowa, 2011, с. 257–265.
  42. Пар. H. Shanks (рэд.), W. Chrostowski (перакл. i рэд. пол. выд.), Chrześcijaństwo a judaizm rabiniczny. Historia początków oraz wczesnego rozwoju, Podręczniki Biblijne 2, Warszawa, 2013.
  43. Розныя спробы яго тлумачэння гл. A. Unterman, Encyklopedia tradycji i legend żydowskich, Warszawa, 1994, с. 185.
  44. «Сёння пакрыццё галавы адрознівае габрэяў ад гояў, у першую чаргу хрысціянаў, якія, уваходзячы ў касцёл, здымаюць галаўны ўбор»; тамсама, с. 196.
  45. Цыт. за: Euzebiusz z Cezarei, Historia Kościelna (tł. A. Caba), II. 23.6, Kraków, 2013, с. 127.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY