|
|
№
3(89)/2019
Вялікія містыкі
Інтэрв’ю
Размова Крыстыны ЛЯЛЬКО з біскупам Аляксандрам КАШКЕВІЧАМ
«БУДЗЬМА АПТЫМІСТАМІ І ДАВЯРАЙМА БОЖАМУ СЛОВУ» У святле Бібліі
Інтэрв’ю
Постаці
Мастацтва
Прэзентацыя
Музыказнаўства
Святлана ШЭЙПА
«КАРОТКІ НАРЫС УПАДКУ КАСЦЁЛЬНАЙ МУЗЫКІ Ў ЗАХОДНІХ ГУБЕРНЯХ ІМПЕРЫІ Ў ХІХ СТАГОДДЗІ» А. МІЛЕРА Спадчына
Паэзія
Асобы
Архітэктура
|
— Хіба найбольш красамоўным для нашага ўяўлення сімвалам адмаўлення ад трыумфальнасці з’яўляецца тыяра — папская карона, якую Павел VI у 1960-я гады перадаў на дабрачынныя мэты. Тыяра ганарова спачывала на скронях Папаў сотні гадоў і азначала значна больш, чым проста пашану да святога Пятра, рыбака, першага вікарыя Хрыста на зямлі.
— Рыбак стаў патрыярхам Захаду... — Нават больш. Паводле некаторых тэолагаў пачатку XIV стагоддзя, Папа быў кіраўніком усяго свету і малым богам, які можа ствараць рэчы ex nihilo і экскамунікаваць анёлаў. Ён панаваў на зямлі і ў небе. Пераломным момантам у фармаванні трыумфальнага, ганаровага Касцёла, які трымае ўладу, і не толькі духоўную, але і палітычную, было VII стагоддзе. Папства таго часу можна параўнаць з кінутым дзіцем, якое раптам павінна самастойна з усім спраўляцца, бо бацькі вельмі занятыя. Бацькам у гэтай метафары мог быць візантыйскі імператар, які насамрэч фармальна мусіў абараняць Касцёл, але знаходзіўся далёка і ў дадатак уцягнуўся ў вайну з мусульманамі. Папа Марцін І не толькі застаўся адзін, але і пачаў усё больш балюча адчуваць сваю аддаленасць ад імператара, асабліва ва ўмовах вялікай тэалагічнай спрэчкі, якая працягвалася ў той час па пытанні аб тым, меў Хрыстус адну або дзве волі. На Усходзе праблему вырашыў імператар, забараніўшы ўвогуле дыскусіі на гэтую тэму. Тым самым ён de facto стаў на бок ерэтычнага мыслення, паводле якога ў Хрысце Боская воля ўвабрала ў сябе чалавечую. Папа абараняў праўду: паколькі натура Хрыста была дваякая — Боская і чалавечая, значыць Ён меў і дзве волі. З-за гэтага Святы Айцец уступіў у канфлікт з імператарам, быў вывезены ў Канстанцінопаль і асуджаны на смерць (пад уплывам мясцовага патрыярха пакаранне было заменена ссылкаю ў Крым). Заходні Касцёл паступова ўсведамляў, што на Усход не толькі няма чаго разлічваць, але што ён увогуле варожы. Чарговым важным фактарам было з’яўленне ерасі іканаборства. На пачатку VIII стагоддзя імператар Леў ІІІ Ісаўр забараніў культ абразоў і распачаў акцыю па іх знішчэнні. У выніку дэкрэту аб забароне культу абразоў многія імігранты прыплылі з Візантыі ў Італію. Нарастала апазіцыя ў адносінах да імператара. Для Папы гэтая сітуацыя не была камфортнаю: Заходні Касцёл застаўся адзінокім у сваёй артадоксіі, яму не хапала падтрымкі «свецкага пляча» — кагосьці, хто дапамог бы фізічна бараніць Рым і прылеглыя тэрыторыі, бо нарастала пагроза з боку лангабардаў — народа, які асеў на тэрыторыі паўночнай і цэнтральнай Італіі і цэліўся на Рым. На Візантыю не было чаго разлічваць, з лангабардамі не асабліва можна было весці перамовы.
— Што заставалася? — Паразуменне з добра арганізаваным людам, які жыў на тэрыторыі сучаснай Францыі, Бельгіі і Галандыі, або з франкамі. З V стагоддзя імі кіравалі Меравінгі. У VIII стагоддзі каралі былі ўжо толькі марыянеткамі, а рэальную ўладу мелі кіраўнікі двара, маярдомы. Усе пачулі пра іх пасля 732 года, калі маярдом Карл Мартэл адбіў мусульманскую навалу пад Пуацье. Вестка пра перамогу дайшла таксама да Рыма. Папа Захарый (741–752) устанавіў дыпламатычныя кантакты з маярдомамі Меравінгаў і папрасіў аб дапамозе. Карл Мартэл паставіўся да гэтага скептычна: пад Пуацье адным з найбліжэйшых саюзнікаў франкаў былі лангабарды... Сітуацыя змянілася, калі пасаду маярдома заняў сын Карла, Піпін Кароткі. У ім нарастала пачуццё фрустрацыі: нягледзячы на тое, што ён de facto кіраваў дзяржаваю, каралеўская карона спачывала не на яго галаве. Піпін Кароткі пастанавіў пакласці канец фікцыі, але яму неабходна была ідэйная падтрымка. Здавалася, што Папа з далёкага Рыма — ідэальны варыянт для гэтага. У 750 годзе ён выслаў Захарыю ліст, у якім нібыта пры нагодзе спытаў: ці з’яўляецца сапраўдным кіраўніком у дзяржаве той, хто пануе, ці той, хто рэальна кіруе ёю? Папа адказаў (удаючы, што не ведае, у чым справа), што відавочна другі. Такім чынам, Піпін меў у руках доказ таго, што Біскуп Рыма, заходні патрыярх, лічыць, што Меравінгам прыйшоў час «падзякаваць». Таму запрасіў апошняга з Меравінгаў, Хільдэрыка ІІІ, на размову, падчас якой учыніў сімвалічны акт абразання яму валасоў, тым самым пазбаўляючы яго каралеўскай улады. Хільдэрык быў высланы ў кляштар і праз пяць гадоў памёр. Піпін пераняў уладу, а ў 751 годзе быў каранаваны місіянерам, святым Баніфацыем, прысланым з Рыма. Тым не менш, ён адчуваў, што яму патрэбна яшчэ мацнейшая прававая падтрымка.
— Ён сустрэўся з Папам? — У гэты час папа Захарый памёр і змену на троне выкарысталі лангабарды, якія распачалі кампанію супраць Рыма. Папа Стэфан вырашыў папрасіць аб дапамозе Піпіна. У 753 годзе ён адправіўся ў Франкію. Сустрэча караля з Папам была напоўненая сімволікаю: Піпін, вітаючы Стэфана, саскочыў з каня і схапіў за аброць папскага скакуна. А на наступны дзень Папа з’явіўся да Піпіна, апрануты ў пакаяннае адзенне, сыплючы сабе попел на галаву і па-жабрацку просячы дапамогі для Рыма. У выніку заключаных дамоваў у 754 годзе адбылося паўторнае намашчэнне Піпіна, яго жонкі і двух сыноў. Піпін напаў на Італію і перамог войска лангабардаў, змусіўшы іх кіраўніка, Айстульфа, да заключэння з франкамі міру, які гарантаваў бы, што ён не будзе атакаваць папскія тэрыторыі. У хуткім часе Айстульф парушыў слова, пасля чаго Піпін перамог яго яшчэ раз — лангабарды панеслі вялізныя страты і ўжо ніколі больш не пагражалі Рыму. Кароль франкаў пасля гэтай пермогі вырашыў адарыць Папу, зрабіўшы так званы «Піпінаў дар», гэта значыць, ахвяраваўшы Святому Айцу Patrimonium Sancti Petri — тэрыторыі вакол Рыма і ўсходнія землі Італіі. Папа стаў сапраўдным землеўласнікам, ён быў ужо не толькі Біскупам Рыма, але і атрымаў таксама канкрэтную палітычную ўладу як адзіны сярод патрыярхаў. Такім чынам узнікла так званая Папская вобласць (ліквідаваная толькі ў 1870 годзе). Папа меў сваё войска, мог збіраць падаткі, яго прызналі іншыя манархі Захаду (візантыйскі імператар яшчэ доўга лічыў яго землі збунтаванаю правінцыяй). Гэта быў кіраўнік, які адначасова з’яўляўся каралём і святаром. Папы хутка заўважылі, што ў іх асобах ажыццяўляюцца словы з чатырнаццатага раздзела Кнігі Быцця — яны дзейнічалі «на ўзор Мэльхізэдэка». Гэтая ідэя стане падмуркам новага мыслення пра папскую ўладу. Яна яшчэ больш умацуецца праз няпоўныя 50 гадоў, калі Папа карануе на караля Карла Вялікага, сына Піпіна Кароткага.
— Такім чынам, узнікненне Папскай вобласці было вынікам гістарычнай неабходнасці? — Несумненна, яе ўзнікненне ў VIII стагоддзі не было вынікам імкненняў Папы. Папа як уладар свету — гэта ідэя, якая ўзнікла на 600 гадоў пазней. У VIII стагоддзі мы сапраўды можам гаварыць пра гістарычную неабходнасць, пра тое, што Касцёл мусіў адказаць на пэўныя палітычныя патрабаванні. У перыяд станаўлення ў Еўропе ранняга Сярэднявечча той, хто хацеў, каб з ім лічыліся ў палітычнай мазаіцы, павінен быў валодаць зямлёю. Патрыярхі Канстанцінопаля, Антыёхіі, Александрыі і Ерузалема былі марыянеткамі ў руках імператара, не мелі ніякай аўтаномнасці і рэальнай улады. Тым часам Папа як зямны ўладар аказаў уплыў на фарміраванне цывілізацыі.
— Аднак пазней распавядалі, што калі Піпін уручаў Папу акт валодання Папскай вобласцю, той выцягнуў з-за пазухі іншы дакумент, даводзячы, што ўжо мае права на гэтыя тэрыторыі. Такім чынам, Піпін на самай справе мог яму іх проста вярнуць... — Відавочна, што гэта легенда. Згаданы дакумент — знакаміты «Канстанцінаў дар» — падпісаны нібыта імператарам Канстанцінам І Вялікім і папам Сільвестрам І у 315 годзе, узнік у 30-я гады IX стагоддзя. Гэта хіба самая вядомая фальсіфікацыя ў гісторыі. Згодна з «Канстанцінавым дарам», Латэранская базыліка станавілася галоўнаю сядзібаю Папы, Святы Айцец атрымліваў трон у Рыме і меў дазвол насіць чырвоны плашч і тыяру, стаўшы імператарам Захаду. У IX стагоддзі дакумент быў уключаны ў збор найважнейшых папскіх дакументаў. Яго выкарыстоўвалі як падмурак ідэалогіі, якая абвяшчала папскую ўладу над усім Заходнім Касцёлам, а ў рэальнасці — над усім светам. Аднак у XV стагоддзі асяродак гуманістаў Рэнесансу прызнаў, што гэта фальсіфікацыя. Па-першае, у тэксце згадваецца патрыярх Канстанцінопаля, а гэты горад узнік на 15 гадоў пазней. Па-другое, дакумент быў напісаны не стылем лаціны імператарскага двара — яго мова хутчэй нагадвала школьны стыль, акрамя таго, у ім выкарыстоўваліся тэрміны, якія не існавалі ў IV стагоддзі (напрыклад, слова «сатрап»).
— Хто стварыў гэты дакумент і навошта? — Дакладна тое, што Папа не прыкладаў да гэтага рукі і не даручаў нікому фальсіфікацыі. Адносна ўзнікнення дакумента ёсць дзве пераканальныя гіпотэзы. Паводле першай, «Канстанцінаў дар» быў напісаны каля 830 года ў асяроддзі Гільдуіна, абата Сэн-Дэні пад Парыжам. Абат меў зацікаўленасць у падробцы такога дакумента, бо ў той час працягвалася сур’ёзная спрэчка паміж імператарам франкаў і мясцовым духавенствам. Для духоўных асобаў было відавочна: каб атрымаць аўтаномнасць, яны павінны абаперціся на нейкі знешні аўтарытэт. У такой сітуацыі бясцэнным быў дакумент, які даказваў, што найвышэйшай улады на Захадзе не мае ніводзін манарх, толькі Папа Рымскі. Фальсіфікацый, падобных да «Канстанцінавага дару», у той час узнікла шмат — напрыклад, вядомыя ілжэісідоравы дэкрэталіі. Папы неаднаразова да іх звярталіся. Напрыклад, папа Мікалай ІІ, ведучы спрэчку з арцыбіскупам Гінкмарам з Рэймса і абапіраючыся на гэтыя дакументы, даводзіў, што мае права ўмешвацца ў справы дыяцэзіі, звальняць біскупаў з пасады або ануляваць пастановы Сіноду. — Папы не мелі з-за гэтага згрызотаў сумлення? — Напэўна, гэтыя дакументы ім з неба ўпалі... Хто ж бы не скарыстаўся ў крызіснай сітуацыі доказам, які спыніў бы спрэчку?
— Аднак хлусня застаецца хлуснёю. — Я сказаў бы, што ў дадзеным выпадку мы маем справу не столькі з махлярствам, колькі з фальсіфікатам. Тут была інтэнцыя паказаць праўду, бо прымат Папы — гэта тэалагічны факт. Інтэнцыі былі добрыя, аднак шлях быў выбраны скарочаны. Прымат Папы можна даказаць без звароту да выдуманых дарчых актаў IV стагоддзя.
— А якой была другая гіпотэза ўзнікнення «Канстанцінавага дару»? — Яна звязаная з горадам Аквізгранам (Аахенам) і славутай акадэміяй, заснаванай пры каралі Карлу Вялікім і яго сыне Людвіку Пабожным. Там фарміравалася канцылярыя — служачыя, якія потым працавалі пры імператарскім двары ці пры біскупскіх катэдрах. Служачыя мусілі набываць пэўныя навыкі, у тым ліку па складанні дакументаў. І паводле некаторых гісторыкаў, «Канстанцінаў дар» — адно з такіх студэнцкіх практыкаванняў.
— Не вельмі пераканальна... — Я думаў гэтаксама, пакуль не даследаваў збор нататкаў маіх сабратоў з XVIII стагоддзя. Я знайшоў там казанні, напісаныя адным і тым жа аўтарам з прычыны пахавання Аляксандра VI, святога Гіяцынта, Казіміра Вялікага, а таксама з нагоды шлюбу каралевы Ядвігі. Вялікі дыяпазон часу... Таму што гэта былі практыкаванні, у якіх будучы прапаведнік вучыўся дастасоўваць форму казання да абставінаў. І я не здзівіўся б, калі б які-небудзь студэнт аквізгранскай школы атрымаў падобнае заданне — скласці дакумент, які Канстанцін Вялікі мог бы выслаць папу Сільвестру І. Лёс хацеў, каб гэтае студэнцкае практыкаванне, вырванае з кантэксту акадэміі і знойдзенае праз некалькі гадоў, магло функцыянаваць як аўтэнтычны дакумент. Адно не падлягае сумненням: Піпін і папа Стэфан напэўна нічога не ведалі пра «Канстанцінаў дар». Ён быў адкрыты толькі ў ІХ стагоддзі, падчас спрэчак паміж папам Грыгорыем VII і Генрыкам IV, калі нанова фарміраваліся адносіны паміж папствам і свецкімі ўладамі. Аднак найбольшы Папа-тэакрат, Інацэнт ІІІ, на некалькіх дзясятках старонак, якія напісаў на тэму зямной магутнасці папства, толькі сем разоў спасылаўся на «Канстанцінаў дар». З гэтага вынікае, што дарчы акт не быў галоўным падмуркам папскага прымату. Папы звярталіся да іншых аргументаў — са Святога Пісання, з Традыцыі Касцёла. «Канстанцінаў дар» быў двусечным мечам: паколькі імператар, свецкі ўладар, даў штосьці Папу, то ён мог бы гэта і забраць. А папства пачало б залежаць ад шчодрасці свецкіх.
— Нельга ўтаіць, што ўзнікненне Папскай вобласці і пазнейшая справа «Канстанцінавага дару» — гэта элементы будавання вобраза Папы як зямнога валадара. — У найгоршай сітуацыі ва ўсім гэтым апынуўся Канстанцін Вялікі. Ён жа даў Касцёлу свабоду, паклаў канец пераследам. А сёння яго імя звязваюць з фальшывым дакументам, якога ён ніколі не выдаваў. Праўда, Дантэ змяшчае Канстанціна ў небе, але дакарае яго за тое, што сваім дарам ён учыніў шкоду Касцёлу, упусціў атруту ў яго жылы, адорваючы зямною ўладаю. Зямныя ўладанні Касцёла — гэта той фактар, які павінен быў гарантаваць яму бяспеку ў свеце. Гэтая эпоха цалкам завяршылася пасля Другога Ватыканскага Сабору. Папская тыяра спачыла ў Метраполітэн-музеі ў Нью-Ёрку. Потым Папы навучалі, што Касцёл не павінен быць бяспечным і свецкім. Ён не мае мэты шукаць выгоднага месца ў свеце і ствараць нейкае пабожнае каралеўства на зямлі. Касцёл павінен быць для свету знакам супраціву, соллю, якая не толькі кансервуе, але і раздражняе. Паводле святога Тамаша Аквінскага, адносіны «дзяржава — Касцёл», «зямная ўлада — духоўная ўлада» можна параўнаць з узаемасувяззю паміж натураю і ласкаю. Ласка не знішчае натуры, але ўдасканальвае яе, узвышае і напаўняе. Касцёл і духоўная ўлада павінны ўдасканальваць, узвышаць, напаўняць свет і свецкую ўладу толькі з адною мэтаю — паказваць кірунак і канчатковую мэту чалавека, гэта значыць — неба. Папа не можа быць прэзідэнтам усяго зямнога шару. Калі Касцёл упадзе ў трыумфальнасць, ён ператворыцца ў вялікі ўрад з панылымі і расчараванымі супрацоўнікамі і раздражнёнымі наведвальнікамі. Ён замкнецца ў мурах, палацах і — як гэта было з Папскаю вобласцю — у межах. Складана быць Папам-рыбаком з цяжкаю тыяраю на галаве і ў тоўстым чырвоным каралеўскім плашчы на плячах. З такім рыштункам не ўдасца выплысці на лоўлю рыбы. Чалавек, які плавае ў басейне, ніколі не адкрые новых земляў. Для гэтага патрэбны бязмежныя моры і акіяны. Сапраўды, межы ў зямной іерархіі даюць пачуццё бяспекі, аднак Касцёл не мае і не можа мець межаў, слупоў, агароджаў, пунктаў кантролю і мытнікаў. Калі мы пабудуем сабе такі бяспечны куток на Зямлі, рана ці позна сыдзе Дух Святы, які знясе муры і межы і, як гаварыў Тамаш Аквінскі, «вырве нас з бяспечнага Касцёла». Ён зрабіў гэта з вучнямі ў дзень Пяцідзясятніцы і не дазволіў ім стварыць бяспечную Рэспубліку Вячэрнік са шчыльна зачыненымі дзвярыма.
Пераклала з польскай мовы Паводле: «W drodze», № 8, 2018 г.
|
|
|