Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(89)/2019
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Інтэрв’ю
Размова Крыстыны ЛЯЛЬКО з біскупам Аляксандрам КАШКЕВІЧАМ
«БУДЗЬМА АПТЫМІСТАМІ І ДАВЯРАЙМА БОЖАМУ СЛОВУ»
У святле Бібліі
Інтэрв’ю

ПАПА-ВАЛАДАР

НЕ ЎЦЯКАЙ АД СТРАХУ
Постаці
Мастацтва
Прэзентацыя
Музыказнаўства
Спадчына

МІЛЕЙЧЫЦЫ. ЦАРСКАЯ БРАМА
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ

ПАЛАТНО ДЛЯ МАМЫ
Асобы
Архітэктура

Андрэй ШПУНТ

МІКАЛАЙ УЛАДЗІСЛАЎ ЮДЫЦКІ —
МАЛЬТЫЙСКІ РЫЦАР

Герб «Радван зменены».

25 кастрычніка 2009 г. падчас урачыстай літургіі ў мінскай архікатэдры арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, з рук рыцара, каменданта Суверэннага Ваеннага Мальтыйскага Ордэну Паўля Фрыдрыха фон Фурхэра, атрымаў ордэн Вялікага Крыжа.

У асобе нашага арцыпастыра Беларусь зноў стала ў шыхты гэтых авеяных славай і легендамі воінаў і манахаў, як за чатыры стагоддзі дагэтуль стаў князь Жыгімонт Караль Радзівіл, узначаліўшы ў 1610 г. Сталовіцкую камандорыю, «каб гэты ордэн і ў нашай Айчыне, у Вялікім Княстве Літоўскім, атрымаў годную аснову, як і ў іншых хрысціянскіх дзяржавах свету».

Але не Радзівілы, вядомыя не толькі ў нас, і не мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, славуты цудоўнымі гаміліямі, маюць пільную патрэбу ў жыццяпісах, а тыя, што ляжаць пад пылам забыцця, як, напрыклад, мальтыйскі рыцар, наваградскі кашталян і рэгіментарый войскаў літоўскіх Мікалай Уладзіслаў Юдыцкі герба «Радван зменены».

Ён нарадзіўся ў славутай сваімі ратнымі заслугамі для Бацькаўшчыны сям’і, аселай у Рэчыцкім павеце ў часы Жыгімонта ІІ Аўгуста. Калі — дакладна невядома. Першыя звесткі трапляюцца ў апошнія два гады падчас вайны са Швецыяй (1600–1629) за панаванне на Балтыцы, бо тады Юдыцкі камандаваў артылерыяй Рэчы Паспалітай, а ў 1640 г. яго імя было ўпісанае ў кнігу студэнтаў Падуанскага ўніверсітэта.

У 1640-я гг. ён быў у Рыме пры двары папы Урбана VIII, уступіў у Мальтыйскі ордэн, змагаўся з карсарамі і туркамі ў Алжыры, Бізэрце і на Крыце. Паводле панегірыку, уварваўся ў турэцкі порт і спаліў набітыя здабычай пірацкія караблі.

Баявыя подзвігі пад харугвамі ордэну — гэта толькі эпізод у біяграфіі Юдыцкага, але ён расцягнуты амаль на дзесяць гадоў, таму варта зрабіць сціслы агляд яго гісторыі, апярэджваючы якую, трэба прывесці эпітэты, тым болей каштоўныя, бо яны былі дадзены ў 1984 г. у штогодніку «Религии мира. История и современность». Аўтар, Міхаіл Забораў, указваючы на «сапраўднае аблічча» іанітаў-філантропаў, «што дарэмна імкнуцца затрымаць неадольны ход гісторыі чалавецтва на шляху міру і сацыяльнага прагрэсу», адначасова не ў стане стрымаць захаплення — «стойкія», «нязломныя», «адважныя», «храбрыя», «аплот Еўропы супраць асманскай небяспекі».

Урбан VIII.
Піястр Папскай дзяржавы
(аверс; срэбра),
1643 г.

Пачаткі ордэну слаба распазнаюцца ў скупых звестках сярэднявечных храністаў, што апісваюць крыжовую выправу 1096–1099 гг., падчас якой купец з Францыі Тамаш Герхард адрокся ад свету і пабудаваў шпіталь на Святой Зямлі, а шматлікія цноты здабылі яму павагу нават сярод сарацынаў. Герцаг Готфрыд Бульёнскі даручыў тады Герхарду апеку над параненымі крыжакамі, і некалькі рыцараў згадзіліся дапамагаць яму: яны прынялі манаскія абяцанні, і іх адзеннем стаў чорны плашч з белым васьміканцовым крыжам.

15 лютага 1113 г. булай папы Пасхалія ІІ пачалася гісторыя ордэну шпітальнікаў, ці іанітаў, таксама вядомага як Ерузалемскі, Радоскі і Мальтыйскі Суверэнны Ваенны ордэн святога Яна; мальтыйскіх рыцараў).

Члены ордэну падзяляліся на тры класы: 1. Рыцары (збройная абарона Гробу Пана і барацьба з ворагамі Хрыста, дагляданне хворых і пілігрымаў); 2. Святары; 3. Браты (дапаможная служба ваенная і шпітальная).

Паступова фарміравалася адміністрацыйна-тэрытарыяльная арганізацыя. У розных частках Еўропы паўставалі камандорыі, злучаныя ў бальяжы (вялікія камандорыі), бальяжы — у прыёрствы (вялікія прыёрствы), а гэтыя апошнія — у «языкі», ці правінцыі (Праванс, Авернь, Францыя, Арагон, Кастылія, Італія, Англія, Германія, Партугалія).

Шпітальнікі былі ўніверсальнаю прыладаю ў барацьбе з нявернымі і ажыццяўленні справаў міласэрнасці. «Стойкія», «нязломныя» — іх «кароткая гістарычная даведка» зрабіла б гонар любой сучаснай вайсковай часці. Згадаем іх заслугі і подзвігі.

1154 г., жнівень — узяцце Аскалона.

1187 г., 3 ліпеня — бітва пад Хіцінам, у якой загінулі ўсе рыцары разам з магістрам, але нават пасля страты Ерузалема

2 кастрычніка шпітальнікі разам з тампліерамі заставаліся адзінай баяздольнай сілай на Святой Зямлі.

1191 г. — узяцце Акі.

1244 г., 18 кастрычніка — пад Газаю з поля бою вярнулася толькі 26 рыцараў.

«Бясспрэчную мужнасць» (паводле Падручнай касцёльнай энцыклапедыі, Варшава, 1910) яны паказалі пры абароне Палестыны.

Цытадэль ордэну Крак дэ Шэвалье (Ліван) з 1110-га да 1271 г. вытрымала 12 аблогаў сарацынаў. Цытадэль Маргат пратрымалася да 1285 г.

1291 г., 18 траўня — апошні аплот крыжакоў, Акра, пала пасля 1,5 месяцаў аблогі. Шпітальнікі ў шэрагах 12 000 абаронцаў біліся супраць 200 000 мамлюкаў. Цяжка паранены вялікі магістр і рэшткі рыцараў перабраліся на Кіпр, а адтуль у 1309 г. — на Родас, дзе затрымаліся больш чым на два стагоддзі. Перасяленне на Родас амаль супала з трагічным канцом тампліераў, большая частка маёмасці якіх паводле булы папы Клімэнта V «Ad providam» была перададзена радоскім (як цяпер яны называліся) рыцарам.

Шпітальнікі 1160–1305 гг.
(рэканструкцыя пісьменніка і мастака-рэканструктара Крысты Хук).

Атрыманыя сродкі ішлі як на пашырэнне дабрачыннасці (будаўніцтва шпіталяў, выкуп палонных хрысціянаў), так і на ўзмацненне ваеннай магутнасці. Марская справа атрымала ў гэты перыяд шырокае развіццё, аб чым красамоўна сведчыла, напрыклад, краса флоту «Святая Ганна» — шасціпалубны, абшыты свінцовымі пласцінамі, узброены гарматамі першы ў сусветнай гісторыі браняносец.

Страта Святой Зямлі не азначала заканчэння барацьбы. Цяпер гэта была барацьба за само існаванне хрысціянскай еўрапейскай цывілізацыі. Маладая Асманская імперыя за палову стагоддзя захапіла землі Візантыі, Балгарыю, Сербію, Валахію, Македонію. Спробы французскіх, англійскіх і германскіх рыцараў спыніць агрэсара скончыліся катастрофай 25 верасня 1396 г. пад Нікапалем, і толькі разгром асманаў Тамерланам у ліпені 1402 г. пад Ангорай (цяпер Анкара) спыніў націск, але часова. Пасля падзення Канстанцінопаля Родас стаў галоўнаю мэтаю турак на шляху ў Еўропу. З шалёнай упартасцю імі на працягу дзясяткаў гадоў прадпрымаліся спробы захапіць востраў, пакуль у чэрвені 1522 г. Сулейман ІІ не з’явіўся на ўзбярэжжы з 400 судоў і 200 000 войскам. Насупраць заваёўнікаў Візантыйскай імперыі стаялі ўсяго 219 шпітальнікаў і 7 500 генуэзскіх і венецыянскіх маракоў, лучнікі з Крыта і апалчэнне вострава. Гэтая жменька герояў паўгода стрымлівала турэцкае войска, страціўшае амаль 90 000 жаўнераў. Дайшло да таго, што Сулеймана ІІ пачалі ўжо наведваць думкі аб адыходзе, калі напрыканцы снежня вялікі магістр Філіп дэ Вілье дэ Іль Адам аддаў загад узарваць усе касцёлы, пасля чаго султан згадзіўся на ганаровую капітуляцыю. 1 студзеня 1523 г. рэшткі рыцараў і жыхароў вострава са сцягамі і гарматамі пакінулі востраў.

У сакавіку 1530 г. Карл V падараваў ордэну востраў Мальта. З таго часу шпітальеры пачалі называцца мальтыйскімі рыцарамі, а Мальта стала аплотам Еўропы ў барацьбе з туркамі.

У траўні 1565 г. 40 000 турак высадзіліся на востраве. Абаронцы — 700 рыцараў і 8 000 жаўнераў — вытрымлівалі адзін штурм за другім, паступова пакідаючы ўмацаванні. Тыдзень праходзіў за тыднем, а зламаць супраціў не ўдавалася. У варожым лагеры пачаліся хваробы, заканчваліся харчовыя і боепрыпасы. У верасні аблога была знятая. У Канстанцінопаль вярнулася 15 000 стомленых і дэмаралізаваных заваёўнікаў.

У 1571 г. адбылася вялікая перамога над турэцкім флотам пры Лепанта. Ордэн знаходзіўся у зеніце магутнасці і славы.

Нароўні з умацаваннем флоту павялічвалася і колькасць шпіталяў. Так, у 1573 г. у Ля Валеце быў адчынены шпіталь, які прымаў у пачатку XVIII ст. да 4 000 хворых штогод. Гэта была самая вялікая бальніца ў Еўропе і адна з лепшых у свеце. Пры шпіталі працавалі школы анатоміі, хірургіі і фармацэўтыкі. У галіне грамадскай гігіены таксама была зроблена вялікая праца. Мальта, нібыта ахоўная вежа, стаяла на шляху сярэднеземнаморскіх камунікацый, будучы скалістым (246 км²), адкрытым усім вятрам выступам, неўрадлівым і амаль пазбаўленым пітной вады. У першай палове XVII ст. былі зроблены захады па забеспячэнні насельніцтва вадой і праведзеныя дрэнажныя працы, у выніку чаго зніклі частыя дагэтуль эпідэміі.

З цягам часу, з-за неспрыяльных знешніх і ўнутраных абставінаў, ордэн страчвае пазіцыі ў Еўропе, але не дае сябе знішчыць, дэманструючы дзіўную жыццяздольнасць, захаваную праз розныя гістарычныя эпохі.

У Вялікім Княстве Літоўскім ордэн не карыстаўся такой папулярнасцю, як у іншых краінах Еўропы. На гэта быў шэраг прычынаў, у тым ліку сутыкненні з крыжакамі на нашых заходніх межах. Першая і адзіная камандорыя ордэну была заснаваная ў 1609 г. намаганнямі Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі і ўзначаленая яго сынам Жыгімонтам Каралем. У 1643 г. сталовіцкім камандорам стаў Мікалай Уладзіслаў Юдыцкі.

На Радзіму Юдыцкі вярнуўся ў нядобры час. Постаць героя губляецца ў краявідзе, узрушаным ваеннымі кантынгентамі на тле палаючых местаў і розных жудасцяў, з дакументальнай дасканаласцю зафіксаваных на гравюрах 30-гадовай вайны. У 1648 г. разнёй габрэяў, шляхты і ксяндзоў казакамі Хмяльніцкага ва Украіне пачалася грамадзянская вайна. Што можа быць горш? Можа. У траўні 1654 г. абрынулася маскоўская навала. Юдыцкі змагаецца з казакамі, а потым, як дакладна паведамляе «Польскі слоўнік біяграфічны», «пад кіраўніцтвам Януша Радзівіла адбыў маскоўскую кампанію» (маецца на ўвазе кампанія 1654–1655 гг.). Сапраўды, што яшчэ можна дадаць пра вайну ў краіне, для якой ні да ні пасля не было нічога больш жудаснага? На пачатку жніўня 1654 г. Януш Радзівіл, адыходзячы на Жмудзь, пакінуў Юдыцкага на левым беразе Віліі за 5 км ад сталіцы. На плячах адступаючых у горад рынулі маскоўскія палкі. «Невядомая вайна» Генадзя Сагановіча павінна была б стаць вядомай кожнаму беларусу, але пакуль гэтага не адбылося, нагадаем наступныя радкі: «Асаблівай прынадай для казакаў і царскіх ратнікаў былі віленскія храмы, а дакладней — іхняе начынне, званы, упрыгажэнні. Яны абдзіралі арганы, алтары, разбуралі надмагіллі… У касцёле святога Міхала забралі ці знішчылі ўсё, што было магчыма, а пахаванні фундатара храма, славутага беларускага канцлера Льва Сапегі ды ягонай сям’і, парушылі і абрабавалі. Мерцвякоў выкідвалі з дамавінаў, у кляштарах забівалі чарніц. Моцна пацярпеў і езуіцкі касцёл святога Казіміра, што на рынку, у якім былі пазрываныя пліты з надмагілляў роду Гасеўскіх. За Вострай Брамай на Росах захопнікі спалілі і праваслаўную царкву».

Спаліўшы мост, Юдыцкі разам з гетманам Гансеўскім адыходзіў да Радзівіла, страціўшы па дарозе абоз, захоплены казакамі, у якім з віленскай катэдры вывозілася частка каштоўнасцяў нацыянальнага значэння, у прыватнасці — алтарны крыж вялікага князя Вітаўта і кубак Ягайлы.

Тым часам на Польшчу абрынуліся шведы, а ў Вялікае Княства Карл Х Густаў накіраваў корпус Магнуса Дэлагардзі. Януш Радзівіл не бачыў выйсця, як, абраўшы з дзвюх бедаў меншую, паддацца пад шведскую пратэкцыю. Ратуючы Радзіму, вялікі гетман здзейсніў дзяржаўнае злачынства, пацягнуўшы за сабою частку шляхты, якая паставіла свае подпісы пад пагадненнем са шведамі ў Кейданах. Юдыцкі застаўся верным Яну Казіміру, за што «быў перададзены Радзівілам шведам і трымаўся ў зняволенні ў Прусіі, адкуль збёг у 1656 г.». Да таго часу Януш Радзівіл памёр, а разам з ім памерла і Кейданская унія. Масква, уступіўшы ў канфлікт са Швецыяй, падпісала мірнае пагадненне з Рэччу Паспалітай у Вільні. Замірэнне выйшла нетрывалае, але за кароткі перадых наша дзяржава здолела павялічыць найманае войска да 56 000 (для Вялікага Княства такія высілкі абярнуліся фінансавай катастрофай).

Восенню 1656 г. ваенныя дзеянні ўзнавіліся і йшлі з пераменным поспехам, хаця поспех гэты спачатку больш схіляўся на бок маскоўскіх ваяводаў.

Не будзем стамляць чытача падрабязнасцямі другога этапу вайны Маскоўскага царства з Рэччу Паспалітай з усёй разнастайнасцю сутычак, бітваў, геаграфічных назваў, а таксама ўсялякіх унутраных супярэчнасцяў і ўзрушанняў у нашых войсках, што вынікала з дзяржаўнага ладу і вайсковай арганізацыі. Толькі сцісла пазначым, што 8 лютага 1660 г. Юдыцкі на чале 4000-га войска церпіць сакрушальную паразу ад 10 000 войска маскоўскага ваяводы Івана Хаванскага на замерзлых багнах возера Нарач і адступае ажно да Наваградка.

8 кастрычніка таго ж года ён удзельнічае ў вальнай бітве на рацэ Бася (каля Чавусаў), дзе ў той дзень сышліся 12 000 войскаў Рэчы Паспалітай і 15 000 маскоўскіх. Пасля некалькіх гадзінаў бою вораг адступіў, страціўшы сцягі, гарматы і пакідаючы загінуўшых.

У другой палове сакавіка 1661 г. Юдыцкі аблажыў Дзісну і, пераследуючы Хаванскага, які адступаў з Полацка, дайшоў да Пскова, вяртаючыся ў ВКЛ. 29 сакавіка Дзісна адчыніла брамы перад войскамі Юдыцкага. 4 лістапада ў бітве пад Кушлікамі корпус канфедэратаў ВКЛ (12 000) і каронная дывізія Стэфана Чарнецкага ўшчэнт разграмілі 20 000-е войска ваяводаў Хаванскага і Нашчокіна. Праз тыдзень пад ногі Яну Казіміру былі кінутыя 130 сцягоў, было ўзята шмат палонных і трафеяў, у тым ліку славуты абраз Найсвяцейшай Панны Марыі.

2 снежня 1661 г. была вызвалена Вільня.

9 красавіка 1662 г. Юдыцкі ў выніку раптоўнага ўдару з некалькімі сотнямі войска ўзяў Себеж.

Напрыканцы снежня 1663-га і на пачатку 1664 г. Юдыцкі ўдзельнічае ў выправе палявога пісара Аляксандра Палубінскага на Рослаўль і Бранск. Ён арганізоўваў партызанскія атрады (500 і больш чалавек) з сялянаў Полацкага і Себежскага паветаў, дзейнасць якіх перакінулася на маскоўскія землі. Сярод сялянаў і мяшчанаў Юдыцкі карыстаўся вялікаю павагаю. Артылерыю ВКЛ узначальваў да апошніх дзён.

«Вялікі прыхільнік езуітаў», як піша Севярын Урускі, Юдыцкі ў набытым ў 1666 г. мястэчку Новая Мыш фундаваў езуіцкі калегіум (не захаваўся). Трэба дадаць, што ў Падуі, дзе вучыўся Юдыцкі, была езуіцкая студэнцкая суполка.

Ён памёр перад вераснем 1670 г. Пахаванне адбылося 16 сакавіка 1671 г. у Вільні, у касцёле святых Францішка і Бэрнарда.

Кароткая біяграфічная даведка

Мікалай Уладзіслаў Юдыцкі, мальтыйскі рыцар, рэгіментарый войскаў літоўскіх, каралеўскі дваранін.

1627–1629 гг. — «старэйшы над арматай» (генерал артылерыі ВКЛ).

1636 г. — скарбнік рэчыцкі.

1640 г. — стольнік рэчыцкі.

1654 г. — каралеўскі пасол на рэчыцкі соймік.

11 красавіка 1654 г. — генерал артылерыі ВКЛ і камандуючы войскам.

19 студзеня 1658 г. — «дырэктар войскаў ВКЛ».

1660 г. — наваградскі кашталян.

26 кастрычніка 1660 г. — камандуючы дывізіямі правага крыла войска ВКЛ (гусарскія, панцырныя, казацкія, татарскія і валоскія харугвы, чужаземныя найміты, вугорская пяхота. Усяго 12 310).

Літаратура

  1. Сагановіч Г. Войска Вялікага Княства Літоўскага ў XVI–XVII стст. — Мінск, 1994.
  2. Сагановіч Г. Невядомая вайна 1654–1667. — Мінск, 1994.
  3. Чырвінскі В. Беларусь у войнах. Асобы і падзеі. — Мінск, 2016.
  4. Бёмер Г. История ордена иезуитов/Пер. с нем. Н.Попова. — Смоленск, 2002.
  5. Гергард // Энциклопедический словарь, Брокгауз и Ефрон. Т. 4. — Москва: Сов. Энциклопедия, 1993. — С. 14.
  6. Госпитальеры [Электронны рэсурс].Рэжым доступу: https://ru.wikipedia. org/w/index.php?title=Госпитальеры&oldid=78627419. Час доступу: 18.06.2016.
  7. Заборов М. Мальтийские рыцари: историческая эволюция ордена иоаннитов//Религии мира. История и современность. Ежегодник. — Москва, 1984. — С. 150–174.
  8. Мальтийский орден [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: file://commons.wikimedia.org/wiki/Category:Sovereign_Military_Order_
    of_Malta? uselang=be-tarask. Час доступу: 18.06.2016.
  9. Хольц Л. История христианского монашества/Пер. с нем. Т. Донцова. — СПб., 1993.
  10. Joannici//Podręczna encyklopedia kościelna. T. XIX–XX. — Warszawa, 1910. — S. 90–93.
  11. Uruski S. Judycki h. Radwan odm. // Rodzina. Herbarz szlachty polskiej. T. VI. — Warszawa, 1909. — S. 109–112.
  12. Wasilewski T. Judycki Mikołaj Władysław//PSB. T. XI. — Wrocław–Warszawa–Kraków, 1964–1965. — S. 314–316.
  13. Windakiewicz S. Księgi nacyi polskiej w Padwie. — Kraków, 1888. — S. 49.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY