***
Камяні раскладзеныя
па посцілцы змененага краявіду
зацягнуліся пацінай снегу.
Падарожнікі ў часе,
магчымыя сведкі паўночнага ззяння,
завяршэння ледніковага перыяду
ля зааранай дарогі Сімакава – Любна.
Я занадта канкрэтызую, так?
Так, бо раптам нехта забудзецца,
і краявід стане настолькі абстрактным,
што больш не будзе мець значэння
ні месца, ні мясцовасць,
толькі шматаблічная цішыня і велічны холад
затуляць камяні сваімі далонямі,
як некалі асілкі, што раскідалі іх
па нашай зямлі.
А можа быць паціна
стане настолькі густой,
што зацягне ўсё наваколле…
Як тады мы вернемся дадому,
не знаходзячы болей дарогі
Сімакава — Любна?
І я задумалася пра існаванне рэчаў,
пакінутых без нагляду
сам-насам з холадам, зімой, ваўкамі,
у хатах, замкнёных па завяршэнні сезону,
пад аховай заледзянелага саду.
Я паспрабавала ўявіць,
як ранішняе святло
праточваецца праз завешаныя фіранкі
і пасля штодзённага шпацыру
па сценах, па маіх кнігах
ператвараецца ў прыцемкі,
як запальваецца адзіны ліхтар
на ўскрайку пустой вуліцы,
асвятляючы дарогу лесарубам,
што цяпер гаспадараць у наваколлі.
Як мы вернемся дадому,
калі яны высекуць лес?
Я адчуваю пах дыму,
што праплывае над снегам,
і пах сасновай ігліцы,
і пах смалы на ссечаных галінах…
Але я — у горадзе гарадоў
захінаюся цёплаю хусткай
ад паўночных вятроў,
спалучаю рэальнасць таго, што недзе,
з ілюзорнасцю таго, што тут,
спасцігаю трэцяе вымярэнне,
пракладаючы новы маршрут
між касмічных прастораў
родных зычных і родных галосных,
назіраю, як з дахаў спаўзае снег,
разумею — адлегласці сэнс
вельмі адносны.
Вартае толькі тое,
што назаўсёды з намі.
Між сваімі і чужакамі.
|