Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(89)/2019
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Інтэрв’ю
Размова Крыстыны ЛЯЛЬКО з біскупам Аляксандрам КАШКЕВІЧАМ
«БУДЗЬМА АПТЫМІСТАМІ І ДАВЯРАЙМА БОЖАМУ СЛОВУ»
У святле Бібліі
Інтэрв’ю

ПАПА-ВАЛАДАР

НЕ ЎЦЯКАЙ АД СТРАХУ
Постаці
Мастацтва
Прэзентацыя
Музыказнаўства
Спадчына

МІЛЕЙЧЫЦЫ. ЦАРСКАЯ БРАМА
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ

ПАЛАТНО ДЛЯ МАМЫ
Асобы
Архітэктура

Данута БІЧЭЛЬ

СЛЯПЫ ПАЭТ У СТОГАДОВАЙ ДЗЕДАВАЙ ХАЦЕ


Да 60-годдзя Алеся Чобата

«Яму прыходзілася жыць не толькі ва ўласнай слепаце, але і ў слепаце навакольнага свету» — гэта словы з казання Папы Рымскага Францішка 30 мая 2019 г. на беатыфікацыі сямі біскупаў Грэка-каталіцкай Царквы Румыніі, пакутнікаў за волю і любоў да свайго народа. Урачыстая літургія адбывалася на тым полі, дзе загінулі румынскія біскупы, цяпер ужо благаслаўлёныя.

Гэтыя словы можна аднесці і да Алеся Чобата, да якога звяртаюся са шчырым словам з нагоды 60-годдзя яго жыцця і 30-годдзя літаратурнай творчасці, каб павіншаваць яго з гэтымі датамі, шэсць апошніх гадоў з якіх прыпадае на поўную цемру. І дасюль Алесю Чобату прыходзілася жыць адзінока, а цяпер слепата дыктуе яму свае законы побыту і творчасці...

Я прачытала ў інтэрнэце, што ў цемры жыве 40 мільёнаў чалавек (некаторыя называюць 39 мільёнаў). З іх 70-80% можна было б часткова і нават цалкам вярнуць зрок, але гэтыя людзі жывуць у краінах са слабаразвітай эканомікай. Алесь Чобат у 2013 годзе лячыў гематому правага вока, яго лячылі цэлы год з перапынкамі, але вярнуць зрок яму не змаглі...

80% інфармацыі чалавек атрымлівае праз вочы.

Сярод людзей, якія нарадзіліся невідушчымі або аслеплі ў раннім узросце, шмат сапраўдных геніяў у навуцы і ў розных галінах мастацкай творчасці. «Слепата — гэта не проста страта зроку. Слепату трэба ўспрымаць як адзін са стыляў чалавечага жыцця» — гэтыя словы належаць Хорхе Луісу Борхесу, якога я буду цытаваць і далей.

Параўноўваць лёсы людзей, як і развіццё краінаў — прывычка шкодная, бо кожны чалавек унікальны, створаны і прысланы ў свой час і ў сваё месца Найвышэйшым Творцам. Тым не менш, некаторыя знакі схіляюць да параўнанняў: напрыклад, даты нараджэння. Борхес нарадзіўся 24 жніўня 1899 года ў Буэнас-Айрэсе, у Аргенціне. У шэсць гадоў усе ў доме ведалі, што ён будзе пісьменнікам. Гэта было родавае прадвызначэнне, яго бацька не здолеў раскрыць пісьменніцкі талент з-за слепаты. Сын пачаў траціць зрок у 27, аслеп пасля 55-ці, перанёсшы восем аперацый…

Я прагледзела дакументальны фільм, у якім мама Борхеса, Хорхе донья Леанар (памерла ў 1975 г., калі ёй было 99 гадоў) гаворыць, што яна 13 гадоў чытала кнігі сляпому мужу, 14 гадоў чытала кнігі сляпому сыну: «Гэтае іх няшчасце было маім шчасцем…» Пасля ў сына з’явілася на 40 гадоў маладзейшая за яго сяброўка — Марыя Кадамо, якая цяпер кіруе Фондам Борхеса.

Я нават не адразу заўважыла, што Борхес быў сляпы. Ультраіст, постмадэрніст… Непрадказальны, містычны, парадаксальны, невідушчы бібліятэкар, які думаў, што рай знаходзіцца ў бібліятэцы, з якой ён амаль не выходзіў усё жыццё, але шмат вандраваў, сляпы вандроўнік. У большасці пісьменнікаў творчасць абапіраецца на ўласны вопыт. У Борхеса галоўнай крыніцай творчасці былі кнігі, уяўленне і фантазія. Яго слепата давала яму не толькі адчуванне замкнёнасці ў свеце вобразаў, але і свабоду ў абыходжанні з канцэптам нябыту. Таму, сляпы, ён шмат пісаў.

Алесь Чобат шмат чытаў і здолеў захаваць прачытанае ў памяці. І шмат вандраваў, дакладней, ездзіў у камандзіроўкі, пакуль працаваў на савецкіх заводах. За амаль дзесяць гадоў працы на заводах ён аб’ездзіў многія прамысловыя гарады Савецкага Саюза, набыў вялікі жыццёвы вопыт, зразумеў, як перадавая савецкая тэхналогія адстае ад сусветнай…

Ён не паспеў напісаць кнігі аб прыгодах з вытворчых камандзіровак, бо трэба было пісаць пра галоўнае, пра што беларусы павінны ведаць і не забываць, каб не блытацца: хто і чаму мы такія, куды мы коцімся… Ён пачынаў шмат разоў пісаць кароткую, правільную, гісторыю Беларусі, бо такой гісторыі так і не напісалі. У тым месцы, дзе гісторыкі збіваюцца або на расейскую, або на польскую гісторыю, Чобат спыняўся і пачынаў зноў. І калі вясной 2016 года ён дыктаваў мне своеасаблівыя паэмы ў прозе, звязкі паміж вершаванымі раздзеламі кнігі «Планета», уся гісторыя Беларусі заняла тры лісты тэксту, і ён апраўдваўся: «Гэта ў мяне атрымалася лёгка, бо я вельмі шмат пра гэта думаў і пракручваў у памяці». Я тады прапанавала яму ўсё ж не палохаць чытачоў такой сваёй «Планетай», а напісаць нейкі больш светлы прозаверш у канцы кнігі. І ён прадыктаваў «Хатынь. Замест эпілога». З галавой у Чобата ўсё добра, нягледзячы на тое, што сляпое вока цячэ ўвесь час. Ён памятае ўсе свае тэксты, як празаічныя, так і вершаваныя. Але вершы пісаць ён адмовіўся, бо ў працэсе яго вершатворчасці павінен удзельнічаць сонечны навакольны свет.

Ён вельмі акуратна ўпарадкаваў свае творчыя здабыткі, сам уклаў іх у тры кнігі: «Кароткая гісторыя Беларусі», кніга «Выбраных вершаў» (2014), «На дзікай прэрыі над Котрай, Гаўяй і Шчарай», кніга «Выбраных апавяданняў» (2014), «Планета» (2016). Усе тры кнігі выйшлі ў выдавецтве «ЮрСаПрынт», разышліся ў Гродне.

Алесь Чобат нарадзіўся 23 жніўня 1959 года ў мястэчку Скідзель. У 1981 годзе скончыў Беларускі тэхналагічны інстытут у Мінску. Быў тэхнолагам, канструктарам, начальнікам КБ і вядучым канструктарам на заводах «Аўтамагнітола» і ВА «Азот» у Гродне. У канцы 80-х заняўся палітыкай, журналісцкай і літаратурнай творчасцю.

...Борхес пасля цяжкай аперацыі думаў, што не зможа пісаць, але каб праверыць сябе, вырашыў напісаць артыкул, бо на вершах нельга праверыць свае здольнасці.

Калі Чобату пасля шматлікіх абяцанняў, што зрок яму вернуць, перад Калядамі сказалі, што яго выпісваюць сляпым, з ім здарыўся шокавы прыступ: ён стаяў пасярод палаты ў поўнай цемры, згубіўшы ўсе арыенціры — зямля пакацілася з-пад ног... Яго, непрытомнага, нянечка неяк транспартавала ў рэанімацыю. Лекары хацелі «спісаць» яго ў псіхушку, запрасілі псіхіятра з Бараўлянаў, які, правёўшы даследаванне, зрабіў заключэнне, што пацыент псіхічна здаровы.

Мабільнік падказаў суседу па палаце, каму патэлефанаваць. Ёсць у Гародні прыгожы чалавек — Францішак Лука, які згадзіўся паехаць са мной і забраць Алеся Чобата са шпіталя пад распіску.

...Стаяць на падворачку таго дома, куды вяртаецца сляпы Чобат, яго бацька Фёдар Андрэевіч і родная цётка Марыя Андрэеўна, якую ў Скідзелі называюць «вучыцелька». Я вяду Алеся, які трымаецца за мяне... Бацька хутка памрэ. Алесь застанецца ў дзедавай хаце. Каб да яго не чапляліся, ён напіша некалькі лістоў «на высочайшее»… Паважаць яго пачалі, калі Святлана Алексіевіч ад прэміі Нобеля пачала высылаць яму дапамогу. Тады ўсе скідзельцы паверылі, што ён сапраўды сляпы, а не прыкідваецца...

«Нічога не пабудавана на камені, усё будуецца на пяску, але мы павінны будаваць так, нібы пясок быў каменем.» — гэтак сказаў Борхес...

Чобат жыве ў хаце, пабудаванай на пяску над прорваю. Хата добрая тым, што ён там нарадзіўся, і яму не трэба лічыць крокаў, ходзіць, нібы бачыць... Часам стукнецца аб вушак, ды гэта здараецца і з тымі, хто мае вочы...

У літаратуры Алесь Чобат працаваў з 1990 г., калі беластоцкі тыднёвік «Ніва» змясціў падборку яго вершаў, і да 2013 года.

І цяпер ноччу вечнаю, зорнай
соллю белай над багнай чорнай
сам Хрыстос ідзе і жыве
у маёй сляпой галаве…
Бо датуль ты не ўбачыш Бога,
пакуль больш не ўбачыш нічога…

Алесь Чобат быў інжынерам-кантруктарам. Са школы ён гуляў у шахматы. У вершах гэта адчуваецца, няма нічога падсвядомага… Але «Сны Евангелістаў» — гэта суцэльная містыка. Тэма дыктуе паэту форму… «Калі чалавек стаміўся захапляцца, ён будуе свой твор па закасцянелых нормах, у такіх рамках заціскае ўсе эмоцыі і прыгажосць, у гэтым сакрэт верша...»

Важна, як, у якой паслядоўнасці складзена кніга. У скупых мастацкіх рыфмаванках Чобат напісаў «Кароткую гісторыю Беларусі». Гродзенскі гісторык Андрэй Чарнякевіч сказаў: «Дык Чобат напісаў кнігу па гісторыі, пачне перапісваць прозай, то змарнуе!».

Чобат у дзевяностыя гады апублікаваў шэраг гістарычных эсэ, сярод якіх «Вайна 1920 года. Хроніка», «Армія Краёва на Беларусі. Хроніка», «Трансфармацыя беларускай нацыянальнай ідэі»…

Алесь Чобат напісаў мноства публіцыстычных твораў — штосьці перадумаў ад школы, ад шахматаў, ад інстытута і вайсковых збораў, ад працы на двух заводах у Гродне. Ён супрацоўнічаў з газетаю будаўнікоў «Высота», з газетамі «Перспектива», «Вечерний Гродно», «Літаратура і мастацтва», беластоцкім тыднёвікам «Ніва», з «Czasopisam», які выдаваў Сакрат Яновіч… Начальнік гродзенскага абласнога ўпраўлення культуры Вячаслаў Брыкач запрасіў яго як навуковага супрацоўніка ў Музей Максіма Багдановіча, калі стваралася расшыраная экспазіцыя, і Чобат дапамог укласці шматлікія дакументы, кнігі і прадметы, якія мы збіралі, у строгую, абгрунтаваную форму на той прасторы, якая была, каб за экскурсійную гадзіну апавесці гасцям, асабліва дзецям і моладзі, пра духоўныя скарбы Беларусі, неацэнным скарбам якой з’яўляецца паэт Максім, пра якога Алесь Чобат напісаў лепшыя свае вершы.

У каталіцкі квартальнік «Наша вера» Алесь Чобат трапіў праз любоў да Чэслава Мілаша, вершы якога ён пераклаў так дасканала, што не адчуваецца перакладу. Чобат укараніўся ў складаныя канструкцыі польскай мовы і ў тэалагічныя нюансы мовы евангельскай. Вершы-медытацыі Караля Вайтылы, святога Яна Паўла ІІ, такія, як «Узбярэжжы, поўныя цішы», дасканала пераклала б Крыстына Лялько, але яна прапанавала іх мне, а я не спраўлялася з гэтым высокім шквалам Духу, паклікала Чобата на дапамогу. Цяпер яго пераклады чытаюцца, нібы прароцтвы:

Што гэта значыць — магу столькі заўважыць,
калі нічога не бачу…
Значыць, у змроку ёсць столькі святла,
колькі жыцця ў расквітнелай ружы,
колькі Бога, які ступае берагамі душы.

Дакрануўшыся да паэзіі Яна Паўла ІІ, пасланніка ад Духа Святога, і перакладчык яго паэзіі Алесь Чобат атрымаў крыху святасці.

У выдавецтве «Про Хрысто» выдалі яго кніжку вершаў «Край мой шчаслівы» (2007) — пра наш шчаслівы беларускі Край, у якім жыве любоў, і яна — паўсюль.

У адным позірку дзіцячым,
засяроджаным у лагоднай Гостыі,
сустрэўся з Айцом Нябесным,
які глядзеў з любоўю бязмежнай…

Гэта радкі з перакладу «Песні пра невычарпальнае сонца» Караля Вайтылы, з чаго і вынікае, што Чобат любіць Бога. А яшчэ Чобат любіць адну малую істоту, якую называе Сінічкаю:

Калі Сінічка ў Кракаў адлятае,
ёй вецер з Нёмна крылы авявае
і светлы вечар хмаркай залатой
махае ўслед Сінічцы маладой.

А вось кароткі верш з цыклу «Калядная хроніка Чорнай і Белай Русі»:

Прашу Цябе — няхай нас лёс міне,
перакаціся сэрцам да мяне
і будзь ізноў шчаслівай Пані тою,
як Ты была адзінай і святою
пры тым стварэнні свету на зямлі,
калі мы ў Чыстым Лузе
          ўдвух былі…

няхай Табе Луг ножак не намуліць,
няхай Цябе сам Бог рукой патуліць,
а я з уздыхам збоку пагляджу —
няхай пажоўклы свет зазелянее
і прыйдуць Вера, Міласць і Надзея,
а смерць адступіць
          за сваю мяжу…

А яшчэ Чобат любіць коцікаў, і пра котку Слаўку, з якой у старым доме ён не адчувае цемры, ёсць у той кніжцы таксама цёплы верш:

…Сядзіць на стосе кніжак,
лапкі мые — адну, другую,
кажа: добрых кніжак ты напісаў —
і самой ёсць месца, і хвосцік пакласці…
Слаўка,
айчынка малая з меткаю белай…

Атрымаўшы ад святога Яна Паўла ІІ, перакладаючы яго вершы, моцы Духа Святога, Алесь Чобат стварыў вершы пра ксяндза Юзафа Трубовіча, казанні якога слухаў у фарным касцёле імя Францішка Ксавэрыя ў Гродне, пра кардынала Казіміра Свёнтка. У тэтрапціх «Фарны касцёл» да вышэйназваных аўтар дадае Пятра і Паўла, піша пра «Касцёл Вітаўта Вялікага ў Коўне» (гэта ў паэме «Грунвальд»), і там жа — пра «Касцёл святой Ганны ў Вільні»…

Па паэме «Грунвальд» невядомы нам кампазітар напісаў музыку, яе выконвалі ў сталічнай філармоніі да юбілею бітвы пад Грунвальдам, але Алеся Чобата там не ўспаміналі — аб гэтым яму напісала жанчына (Марыя), якая была на той імпрэзе.

Як агонь гарыць каменнае дрэва
касцёла з чырвонай цэглы.
Шлях да неба — ад Крэва,
а канец другі ў цемры.

У Алеся з’явіліся малітвы да Маці Божай на цудоўных абразах Вялікага Княства і Беларусі: Жыровіцкай, Вастрабрамскай, Кангрэгацкай (у Гродне), Тракельскай і Будслаўскай. Ён ажно бянтэжыцца, што так шчыра памаліўся, як бы недаацэньвае сваіх малітваў, але Маці Божая слухае ўсе малітвы...

«Добры чытач сустракаецца радзей, чым добры пісьменнік», — так лічыў Хорхе Борхес.

У Беларусі ёсць аматары творчасці Чобата. Яго цанілі Янка Брыль, Іван Шамякін і Ніл Гілевіч. Маладыя барды напісалі добрую музыку да вершаў Алеся Чобата. Сярод іх — Андрэй Мельнікаў, слухала ў яго выкананні песню на верш «Ноччу на хутары». Андрэй называе гэты твор геніяльным. Алесь Дзянісаў запісаў дыск «Кароткая гісторыя Беларусі», выступае з ім на канцэртных пляцоўках. З Валерам Руселікам яны знялі кліп на верш «Турма», у якім Чобат ходзіць па Гродне, сляпы, але паказвае дарогу, а Дзянісаў спявае пад гітару. Гурт «Дзецюкі» выконвае песні «Панятоўскі», «Калі над лугам бусел праляцеў...». Алесь Дзянісаў пра Алеся Чобата гаворыць так: «Я лічу, што гэта геніяльны паэт, які цудоўна адчувае як мінулае, так і будучыню...».

Алесь Чобат напісаў толькі праўду жыцця, нават у тых творах, дзе праўда выглядае, як у казцы. Для прыкладу прапаную ўрывак з сентыментальнага аповеду пра яцвягаў «На дзікай прэрыі над Котрай, Гаўяй і Шчарай».

«Лета. Спелы колер Айчыны. Гарачы подых палёў. Нізкія чорныя хмары, грыбныя дажджы. На стоках Гаўі і Нёмана лётаюць ластаўкі-берагавушкі, Біскупцы і Залейкі шчыруюць сена, праходжваюцца маладыя буслікі, над лугам таўкуцца камары, сінія матылі і залатыя анёлы — як пад скляпеннямі храма. Пацаны з вудамі звесілі ногі з абрыва. Нерухома ляжаць манументальныя пярэстыя каровы. Чырвоныя і белыя конікі цягаюць стажкі на вазах. І ціхі вечар апускаецца на прэрыю, на стрэхі хат, на гарачы асфальт шашы, на сабачы брэх, на чорную сцяну блізкага бору. Сонца дыхае, як выняты з печы бохан гарачага хлеба. Вечар над прэрыяй.

А гасцінцам у брычцы едзе Міцкевічаў Адась і ўсё піша свае вершы, піша і піша. А новай шашой абганяе яго на сваім рабочым „лэнд-ровары“ закерзонскі мастак Лёнік Тарасэвіч, які пасля Нью-Йоркаў і Гётэборгаў хлебануў такі ў незалежным Мінску сацыялістычнага рэалізму „как он есть в натуре“... Едзе Лёнік уздоўж бясконцых палёў, лугоў, торфараспрацовак, па спелым жоўтым моры, кіруе на чырвоны, спадаючы ў бездань сонечны дыск. Спелы колер Айчыны стаіць у вачах. Сосны адкідваюпь свае цені. Жоўтае жыта цягнецца стужкай па зеляніне бору. Горы торфу змрочна ззяюць пад вячэрняй зарой. Хаты, размаляваныя, як лялькі, укапаныя ў гэтую зямлю моцна, як валуны...

Зямля была да нас і будзе, калі мы станем зямлёй. Вось і ўвесь сэнс чалавечага існавання. Жыццё кароткае, Айчына вечная... Зямля над Котрай, Гаўяй і Шчарай не лепшая і не горшая за другія — яна проста адна і другой няма...

І будзе ноч, і ранак, і новы дзень... І так без канца...»

Данута Бічэль-Загнетава,
Гродна, чэрвень 2019 г.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY