|
|
№
3(89)/2019
Вялікія містыкі
Інтэрв’ю
Размова Крыстыны ЛЯЛЬКО з біскупам Аляксандрам КАШКЕВІЧАМ
«БУДЗЬМА АПТЫМІСТАМІ І ДАВЯРАЙМА БОЖАМУ СЛОВУ» У святле Бібліі
Інтэрв’ю
Постаці
Мастацтва
Прэзентацыя
Музыказнаўства
Святлана ШЭЙПА
«КАРОТКІ НАРЫС УПАДКУ КАСЦЁЛЬНАЙ МУЗЫКІ Ў ЗАХОДНІХ ГУБЕРНЯХ ІМПЕРЫІ Ў ХІХ СТАГОДДЗІ» А. МІЛЕРА Спадчына
Паэзія
Асобы
Архітэктура
|
У 1985 годзе мінскі кампазітар, арганіст Яўген Паплаўскі, унучаты пляменнік ксяндза Станіслава Глякоўскага, знайшоў у родным доме свайго бацькі, у сяле Поразава на гарышчы дзве карціны — моцна пашкоджанага «Прарока» пэндзля Язэпа Драздовіча і «Партрэт ксяндза Станіслава Глякоўскага» Пётры Сергіевіча. Яўген Паплаўскі прадаў карціны Нацыянальнаму мастацкаму музею, бо рэстаўраваць іх самастойна не рашыўся, хаця і прапанаваў зрабіць гэта свайму сябру — мастаку Алесю Цыркунову. Але Цыркуноў, які трымаў у сябе партрэт ксяндза амаль тры гады, разумеў, што аўтарскі жывапіс мастакоў такога ўзроўню нельга дапісваць, што было непазбежна пры непрафесійнай рэстаўрацыі. Партрэт чакаў свайго часу ў пашкоджаным стане да 2006 года, да адкрыцця новай экспазіцыі музея, і нарэшце быў адрэстаўраваны для экспазіцыі беларускага мастацтва 1930-х гадоў. У экспазіцыю ён не трапіў, але быў надрукаваны ў колеры добрай якасці ў другім томе альбома «Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь» у 2006 годзе. Беларускі Матэйка, мастак літасцю Божай, мастак ад сэрца — так высока характарызавалі Сергіевіча яго сучаснікі — беларускія адраджэнцы. «Ён быў сапраўдны маэстра, заўсёды гаварыў на сваёй прыгожай мове. Гэта была нейкая паўночная беларуская гамана. Такая вясковая, сакавітая. Мне на ўсё жыццё запомнілася, як ён бязмежна любіў свой край», — так успамінаў пра Сергіевіча яго сябра, дырэктар Літоўскага мастацкага музея Рамуальд Будрыс. Сергіевіч нарадзіўся ў вёсцы Стаўрова, над Богінскім возерам на Браслаўшчыне, але ўсё сваё сталае жыццё правёў у Вільні. Там ён вучыўся ва Універсітэце імя Стэфана Баторыя, там была яго майстэрня і нават званне заслужанага дзеяча мастацтва ён атрымаў у 1960 годзе ў Літоўскай ССР, а не ў БССР пры ўсёй сваёй падкрэсленай беларускасці. Першая і адзіная кніга аб ім Арсеня Ліса, які сябраваў з мастаком звыш 10-ці гадоў, выйшла толькі ў 1970 годзе. Праўда, у 2016 г. у серыі «100 выдатных дзеячаў» (выдавецтва «Харвест») выйшла брашура з нарысам Янкі Шутовіча (1904–1973) — былога вязня Гулагу, рэдактара віленскіх часопісаў «Студэнцкая думка», «Калоссе», «Шлях моладзі».
Усе свае даваенныя творы Сергіевіч падпісваў беларускай лацінкай. У Літве ён быў паважаным і сваім, але іначай было ў БССР, у Мінску. Першая выстава Сергіевіча ў Мінску, якая меркавалася яшчэ да вайны, адбылася толькі ў 1978 годзе: народныя і заслужаныя мастакі Беларусі звысоку, як мастацкія генералы, глядзелі на свайго сівога калегу з Вільні. Сергіевіч тушаваўся на адкрыцці сваёй выставы: усім дзякаваў і не аспрэчваў нічыіх меркаванняў і крытычных заўвагаў. Для былых ветэранаў і мастакоў-партызанаў Пётра Сергіевіч быў падазроным: можа, і не калабарацыяністам, але ж мастаком, які арганізоўваў у Вільні сваю персанальную выставу ў 1943 годзе — «пад немцамі». Многія шапталіся, што ў касцёле ў Солах, пад Смаргонню, ёсць роспісы Сергіевіча, і ёсць «Цуд па-над Віслай», дзе польскія жаўнеры гоняць бальшавікоў арміі Тухачэўскага. Мастак адмовіўся ад запрашэння Панцеляймона Панамарэнкі ў 1946 годзе пераехаць у Мінск (але і ў Варшаву не паехаў, хаця і туды запрашалі), не здрадзіў Вільні, у якой даўно быў сталым жыхаром і яе патрыётам. Адным словам, у савецкія гады Сергіевіч быў «не зусім наш». З 1946 года ён быў сябрам Саюза мастакоў Літвы і такім застаўся, хаця Алена Васільеўна Аладава, дырэктар Мастацкага музея, з 1946 года пачала збіраць партрэты яго пэндзля, але справа йшла цяжка, і ў зборы музея іх усяго толькі восем, прычым тры былі перададзены ў дар ужо ў ХХI стагоддзі. У савецкія гады Сергіевіч не афішаваў сваіх творчых дачыненняў да Касцёла — гэта было небяспечна. У 70-я гады ў савецкай Беларусі ім бы непазбежна зацікавіліся б і КДБ, і свае ж пільныя калегі з Саюза мастакоў Літвы. Таму ўсе, хто пісаў пра яго ў савецкі час, пазбягалі тэмы рэлігійнага жывапісу* Сергіевіча і аналізу партрэтаў святароў (а іх было нямала), каб не зашкодзіць мастаку. Пра партрэт кс. Станіслава Глякоўскага, апублікаваны ў 1993 годзе, пісалі мала, толькі светлай памяці культуролаг Сяргей Гваздзёў прысвяціў яму цэлы раздзел у сваёй кнізе «Крэскі з жыцця заходнебеларускіх мастакоў» (2016 г.). Гісторыя стварэння гэтага партрэта не высветленая, але рэканструіраваць яе магчыма па некалькіх дакументах і ўспамінах сучаснікаў. 30-я – пачатак 1940-х гадоў — гэта перыяд найбольш плённага супрацоўніцтва Сергіевіча з дзеячамі Касцёла. Самыя раннія працы мастака — партрэты святароў і цыкл яго роспісаў (паліхромій) ствараюцца з 1932 года. Першыя звесткі пра гэты партрэт былі змешчаны ў каталогу штогадовай выставы Віленскага таварыства незалежных мастакоў-пластыкаў, сапраўдным сябрам якога стаў Сергіевіч. У каталогу гэтай выставы 1932 года значыцца партрэт ксяндза Станіслава Глякоўскага і «Праект паліхроміі касцёла». Першая сустрэча мастака з ксяндзом Станіславам Глякоўскім (ён нарадзіўся ў 1896 годзе ў Прозараве пад Ваўкавыскам) магла адбыцца ў 1910-я гады падчас вучобы Сергіевіча ў Віленскай школе мастацтваў акадэміка Івана Трутнева і вучобы ў семінарыі Глякоўскага. Але верагодней, што знаёмства адбылося ў 1929 годзе, пасля вяртання маладога ксяндза, доктара тэалогіі, з Грыгарыянскага ўніверсітэта ў Рыме, дзе ён абараніў дысертацыю пра жыццё святога Яна Крандштадскага. 33-гадовы Глякоўскі з’явіўся ў Вільні, каб служыць у касцёле св. Яна і для беларусаў — у касцёле св. Мікалая. З 1928 года ён выкладаў Закон Божы ў Віленскай беларускай гімназіі, пазней стаў сябрам Беларускага навуковага таварыства і Беларускага каталіцкага выдавецтва ў Вільні. Сергіевіч быў уражаны постаццю ксяндза, яго моладасцю, яго буйным тэмпераментам, гарачым жаданнем паслужыць Беларусі, яе адраджэнню. Глякоўскі верыў у абуджэнне нацыі. «Маладыя беларускія адраджэнцы ствараюць сваё асабістае жыццё і жыццё свайго народа. І паколькі наша Нацыя адорана для вялікіх маршаў <...>, мы ўсё адно скажам слова ў гісторыі чалавецтва», — пісаў святар Глякоўскі ў віленскай беларускай газеце. Амаль равеснікі і аднадумцы, яны пасябравалі. Аб гэтым сведчыць лаканічны, але вельмі трапны малюнак — сяброўскі шарж на кс. Глякоўскага 1930-х гадоў, які захаваўся ў фондах Мастацкага музея. Усе адзначалі харызму кс. Глякоўскага, яго ўплыў на маладыя душы, яго артыкулы ў «Нашай долі» і «Беларускай крыніцы», якія ён падпісваў то як «Стасюк з-пад Немана», то як С. Гляк. Станіслаў Глякоўскі распрацаваў цэлую праграму беларусізацыі Касцёла: імкнуўся ўвесці беларускую мову ў сваёй парафіі, выдаваў і фінансаваў часопіс на беларускай мове для дзяцей «Пралескі», чым выклікаў незадавальненне польскіх уладаў. Найлепшымі сябрамі ксяндза сталі мастакі — Язэп Драздовіч і Пётра Сергіевіч, які шмат працаваў над роспісам касцёлаў па замове ксяндза.
...Угледзімся ў гэты незвычайны партрэт. Яго прыўзнятая рамантычнасць найперш кідаецца ў вочы. Станіслаў Глякоўскі намаляваны на фоне вясковага пейзажа з драўляным дамком, плотам, дрэвамі і сажалкай. Па небе плывуць шэрыя аблокі, лісце дрэваў трапеча ад ветру... Сергіевіч намаляваў разварот фігуры ксяндза ў профіль, з левага боку, як гэта часта сустракаецца ў партрэтах эпохі рамантызму. Глякоўскі выглядае строгім і задуменным. Ён падаваўся Сергевічу незвычайным рамантычным павадыром, духоўным Праметэем, які нясе святло веры людзям. Гэта захоплены хрысціянскай ідэяй Герой, Змагар за праўду і веру насуперак усім абставінам. Гэты партрэт можна было б назваць «Супраць буры», бо яго герой гатовы змагацца са стыхіяй — такі любімы матыў твораў Сергіевіча даваеннага перыяду. Як вольнае крыло ці сцяг калышацца ад ветру сутана... «Да партрэта трэба падыходзіць з налёту, захоўваць першае ўражанне», — гаварыў майстра сваім вучням. Менавіта так, з напорам юнацтва, эмацыйна і хутка быў напісаны гэты партрэт. Мастак працаваў над ім на Браслаўшчыне: пісаў эцюды пейзажаў з хаткай і дрэўцамі для фона гэтага партрэта. Пейзаж напісаны вельмі свабодна, амаль з сезанаўскай фармальнай раскладкай зялёных і сініх тонаў. «Прырода на палотнах Сергіевіча заўсёды як бы прапушчана праз прызму глубокае паэтычнае душы, надзвычай чулай да хараства», — так пісалі пра пейзажы мастака крытыкі. Ёсць успаміны сучаснікаў пра варыянт партрэта — выяву ксяндза Глякоўскага з кнігай. Значыць, у гэтага партрэта былі і іншыя варыянты. Гістарычная значнасць партрэта большая за мастацкую, хаця партрэт запамінаецца сваёй выразнасцю, дынамікай, нават экзальтаванасцю. У ім ёсць нешта ад манеры самавука, наіўнага сялянскага мастака. Жывапісныя сродкі Сергіевіча ў ім гранічна простыя. Мастацтвазнаўцы часта гаварылі пра гэтую асаблівасць манеры пісьма Сергіевіча — няроўнасць яго творчасці: побач з партрэтамі высокай якасці, з псіхалагічнай характарыстыкай і нават элегантнасцю, відавочная нейкая саматужная карцінка, што асабліва бачна ў жанравых кампазіцыях мастака 1940-х гадоў. Мастак і сам усведамляў гэта. Ён наогул доўга пісаў свае карціны і быў да сябе вельмі патрабавальны: «Вечна са сваіх прац незадаволены, так мучаюся ад зары да зары. Малюю, не хапае мне часу паесьці, неспакойны мой дух — дзе тая граніца? Выйду на вуліцу — хараство, колер захапляе мяне, усё здаецца так проста — бяры фарбы і малюй, а памалюеш і самому не хочацца глядзець. Нявольнік я вечнага хараства, не спачну да сьмерці», — пісаў ён у дзённіку 13 чэрвеня 1929 года. Разумеючы эскізны характар гэтага партрэта, Сергіевіч праз шэсць гадоў напісаў другі партрэт ксяндза (Літоўскі нацыянальны музей, Вільнюс) — больш прафесійны, рэалістычны, спакойны, хоць і з унутраным напружаннем. Кс. Глякоўскі напісаны буйным планам, у анфас, як мудры настаўнік, добры пастыр. Першы партрэт характэрны для эстэтыкі пачуццёвай «Рушчыцавай школы», а другі партрэт, 1938 года, зроблены ўжо з папраўкай уплыву кракаўскай Акадэміі, у якой Сергіевіч вучыўся ў 1924–1925 гадах. Пётра Сергіевіч скончыў у Віленскім універсітэце трохгадовыя студыі ў прафесара Фердынанда Рушчыца, што сфарміравала яго адметную манеру з моцным імпрэсіяністычным адценнем, у якой вызначаліся яго мастацкі тэмперамент, уласны почырк, дынаміка. Хуткасць жывапісу выдатна адчуваецца ў гэтым палатне, па якім літаральна «гуляе вецер». Калі мастак паехаў удасканальвацца ў Кракаў, у якім правёў толькі год, прафесар кракаўскай Акадэміі мастацтваў Юзаф Пяткевіч са здзіўленнем глядзеў, як яго вучань з Вільні арлом накідваецца на палатно, малюючы натуру з віхурным тэмпераментам. «Нашто так шмат траціць энергіі? Натура ж не ўцячэ!», — гаварыў ён свайму нецярпліваму вучню. Кракаўская школа ўсё паставіла на месца: гэта была больш акадэмічная рацыянальная школа з перавагаю акадэмічнага малюнку (нездарма Рушчыц не змог ужыцца ў ёй — не знайшоў агульнага з калегамі-прафесарамі). Гэта самы ранні па часе твор Сергіевіча ў беларускіх зборах. Партрэт датаваны 1932 годам, калі Сергіевіч стаў сябрам Таварыства незалежных мастакоў-пластыкаў і пачаў удзельнічаць ва ўсіх выставах таварыства ў Вільні і Варшаве. У савецкай Беларусі ў той жа год быў створаны Саюз мастакоў і была забаронена ўсялякая «незалежнасць» і «фармалізм». У Заходняй Беларусі ўсё было іначай: там цанілі менавіта ўласны індывідуальны стыль і мастацкі густ. Апошнія сустрэчы Сергіевіча з ксяндзом Глякоўскім адбыліся ў Мінску падчас вайны. У гэтыя цяжкія гады святары духоўна дапамогалі вернікам, аб’ядноўваючы людзей вакол Касцёла. Улетку 1941 г. некалькі беларускіх ксяндзоў прыбылі ў акупаваны Мінск, каб адрадзіць дзейнасць парафій, разбураных савецкімі ўладамі. Ксёндз Глякоўскі запрасіў мастакоў папрацаваць над аднаўленнем касцёла св. Сымона і Алены (Чырвонага касцёла, у якім у савецкія гады быў гараж кінастудыі «Беларусьфільм»). Разам з прыехаўшым з Вільні Сергіевічам працавалі і мінскія мастакі, якія не паспелі эвакуіравацца — Анатоль Тычына, Мікола Дучыц, скульптар Міхаіл Kерзін. Яны аднаўлялі старыя карціны і роспісы. Пётра Сергіевіч у 1941 годзе ўзнавіў абраз Маці Божай, асабліва шанаваны ў гэтай парафіі. У канцы 1941 года ў касцёле аднавіліся службы. Каля 200 дзяцей прынялі там Першую Камунію. «Дзіцячыя беларускія песні і пропаведзі святара С. Глякоўскага ў Беларусі стварылі ў царкве атмасферу», — пісала «Менская газета» ў 1941 годзе. Ксёндз перавыдаў «Кароткі катэхізіс для каталікоў БССР». Гэта была першая кніга па-беларуску, якая выйшла ў Мінску падчас нямецкай акупацыі. Але ўжо 15 снежня 1941 года падчас канферэнцыі беларускіх школьных інспектараў у Мінску ксёндз Станіслаў Глякоўскі па даносе быў арыштаваны гестапа і знік без следу: дакладная дата, месца і абставіны яго смерці невядомыя. Пётра Сергіевіч вярнуўся ў Вільню, дзе пачаў працаваць у Беларускім музеі імя Івана Луцкевіча.
Гл. таксама:
|
|
|