Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(89)/2019
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Інтэрв’ю
Размова Крыстыны ЛЯЛЬКО з біскупам Аляксандрам КАШКЕВІЧАМ
«БУДЗЬМА АПТЫМІСТАМІ І ДАВЯРАЙМА БОЖАМУ СЛОВУ»
У святле Бібліі
Інтэрв’ю

ПАПА-ВАЛАДАР

НЕ ЎЦЯКАЙ АД СТРАХУ
Постаці
Мастацтва
Прэзентацыя
Музыказнаўства
Спадчына

МІЛЕЙЧЫЦЫ. ЦАРСКАЯ БРАМА
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ

ПАЛАТНО ДЛЯ МАМЫ
Асобы
Архітэктура

Тамара ГАБРУСЬ

ШЛЯХ АД ГОТЫКІ ДА СУЧАСНАСЦІ

Заканчэнне. Пачатак у № 2 за 2019 г.

Царква св. Кірылы Тураўскага. Лондан, 2016.

У канцы XVIII ст., пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і далучэння земляў Вялікага Княства Літоўскага да Расійскай імперыі, у прафесійнай сакральнай архітэктуры края, у тым ліку ў традыцыйным драўляным храмабудаўніцтве, сталі адчувальнымі павевы эстэтыкі класіцызму. Як зазначае ўкраінскі даследчык архітэктуры І. Могытыч, пасля далучэння ў 1773 г. Галіцыі і Закарпацця, багатых на самабытныя ўзоры драўлянага дойлідства, да Аўстра-Венгрыі, «стала абавязковым «у цэрквах „хатняга тыпу“ над зрубам алтара і навы ставіць корабавае скляпенне, а над бабінцам узводзіць каркасную вежу-званіцу, у большасці выпадкаў фальшывую, без званоў». Таму шэраг украінскіх даследчыкаў вызначае падобны архітэктанічны тып як «тэрэзіянскі» (ад імя аўстрыйскай імператрыцы Тэрэзіі), з якой звязвае яго пашырэнне ў заходнеўкраінскай архітэктуры.

У гісторыі беларускага дойлідства, якое не мае дачынення да Аўстра-Венгрыі, у тыпе драўлянага храма з вежаю над бабінцам канцэптуальна спалучаныя формы заходнееўрапейскай раманікі і готыкі з элементамі рускага класіцызму. Характэрнымі прыкметамі класіцызму сталі калонныя порцікі і ганкі, паўцыркульная форма арачных праёмаў і імпастаў, ордэрныя элементы з імітацыяй рустоўкі, гарызантальная шалёўка, што надавала збудаванням, пры захаванні традыцыйных прапорцый, візуальную прысадзістасць і статычнасць. Мастацкі вобраз класіцыстычных драўляных храмаў дапаўнялі спічастыя завяршэнні вежаў, у інтэр’еры — люстэркавыя на падугах скляпенні з паліхромнай размалёўкай плоскіх сафітаў.

Юр’еўская царква. Альба. Івацэвіцкі р-н. 1790.

Юр’еўская царква ў вёсцы Альба (Івацэвіцкі р-н) пабудавана ў 1790 г. Трохзрубавы храм з вежаю над бабінцам мае стылёвыя рысы класіцызму. Аснову кампазіцыі стварае вялікі прамавугольны аб’ём кафалікона з плоскай столлю на падугах (люстраное скляпенне). Да яго далучаны роўныя па вышыні, невялікія па памерах пяцігранная алтарная апсіда і вузкі правугольны бабінец, прыбудаваны ў 1904 г., (у 1970-я гг. яшчэ не быў ашаляваны). Чацвярык званіцы над бабінцам урэзаны ў канструкцыю даха над асноўным зрубам і завершаны высокім шатром з галоўкай. У наш час будынак абшыты сайдзінгам з вуглавымі накладкамі, якія імітуюць руст. Вокны завершаны паўцыркульнымі арачнымі імпастамі.

Царква Нараджэння Багародзіцы ў в. Голдава (Лідскі р-н) была пабудаваная ў 1795 г. па фундацыі Ф. Важынскага як уніяцкая. Мае рысы барочнага класіцызму. Будынак складаецца з трох зрубаў роўнай вышыні пад агульным дахам з застрэшкамі абапал 5-граннай алтарнай апсіды. Над бабінцам пастаўлена чацверыковая вежа, накрытая шатром-«каўпаком». Шалёўка вертыкальная, з нашчыльнікамі, вокны і ўваходныя дзверы — з лучковымі арачнымі перамычкамі. У інтэр’еры — двух’ярусны іканастас карынфскага ордэра. Наўзбоч ад царквы знаходзіцца двух’ярусная званіца каркаснай канструкцыі, накрытая «каўпаком». На ўзор царквы ў Голдаве ў гэтым жа рэгіёне ў 1810 г. пабудавана Крыжаўзвіжанская царква ў в. Бабры (Лідскі р-н). У архітэктуры храма спалучаныя традыцыйныя рысы з элементамі класіцызму. Гарызантальная шалёўка сценаў аздоблена руставаным цокалем.

Мікалаеўская царква ў в. Вежын (Пружанскі р-н) была пабудаваная ў 1799 г., не існуе. Вядома па матэрыялах віленскага Таварыства аматараў навукі. Мела рысы класіцызму. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя складалася з выцягнутага асноўнага зруба з трохграннай алтарнай апсідай, накрытых агульных двухсхільным дахам з вальмамі і цыбулістай галоўкай над алтарнай часткай. Над унутраным бабінцам размяшчался двух’ярусная вежа (васьмярык на чацверыку), завершаная высокім шатром. Фасадная грань чацверыка вежы працягвала франтон даха і вылучалася шырокім прычолкам. Сцены будынка мелі традыцыйную вертыкальную шалёўку з нашчыльнікамі і сцяжкамі-«лісіцамі».

Касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў мястэчку Ігумен (з 1923 г. Чэрвень).
Фота канца ХІХ ст.

Парафіяльны драўляны касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў мястэчку Ігумен (з 1923 г. Чэрвень) быў пабудаваны ў 1799 г. на сродкі ігуменскага дэкана Міхала Гродзкага, у 1867 г. пераабсталяваны пад праваслаўную царкву, знішчаны ў 1930-я гг. Вядомы па фотаздымках канца ХІХ ст. У архітэктуры храма сумяшчаліся рысы барока і класіцызму. Прамавугольны ў плане будынак быў накрыты двухсхільным дахам. Унутры аб’ёма вылучаўся прэзбітэрый з сіметрычнымі сакрыстыямі па баках і бабінец, увянчаны чацверыковай вежай, накрытай перакрыжаванымі двухсхільнымі дахамі. Фасад быў аформлены рызалітам з накладным порцікам з атыкавым франтонам. Пластыку фасада ўзбагачалі ордэрныя элементы з двухколернай афарбоўкай.

Царква Яна Хрысціцеля ў в. Лісоўчыцы (Камянецкі р-н).
Фота пач. ХХ ст.

Царква Яна Хрысціцеля ў в. Лісоўчыцы (Камянецкі р-н) была пабудаваная ў цэнтры вёскі, верагодна, на мяжы XVIII і XIX ст. як уніяцкая, даследавалася ў 1970-я гг., зруйнаваная ў 2010-я гг. Паводле аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі гэта быў двухзрубавы храм з вежай над бабінцам. Аб’яднанне асноўнага і алтарнага памяшканняў ў адзіны зруб было, відавочна, характэрнай рысай мясцовай камянецкай лакальнай школы (цэрквы ў вёсках Дзмітравічы і Войская). Пасярэдзіне гонтавага вальмавага даха мясцілася невялікая двух’ярусная вежачка з галоўкай. Васьмерыковая вежа-званіца над шырокім прамавугольным бабінцам была накрыта пірамідальным шатром-«каўпаком» з крыжам на штыберы. Да паўночнай сцяны храма была прыбудавана невялікая рызніца. Над уваходам у асноўны аб’ём мясціліся хоры.

Успенская царква ў в. Васільчыцы (Капыльскі р-н) была пабудаваная як уніяцкая, верагодна, таксама ў канцы XVIIІ ст., у 1839 г. перададзеная праваслаўным і перабудаваная. У 1970-я гг. знаходзілася ў занядбаным стане, але цяпер дзейнічае. Трохзрубавы храм складаецца з роўнавышынных прамавугольных асноўнага і алтарнага зрубаў, аб’яднаных агульным вальмавым дахам з трохвугольнымі застрэшкамі ў месцы злучэння, і квадратнага бабінца з шырокім прычолкам, завершанага васьмерыковай вежай-званіцай з высокім шатром, увенчаным крыжам на штыберы. Пакрыццё дахаў раней было гонтавае, цяпер бляшанае, шалёўка сценаў гарызантальная. Унутры асноўнага зруба ўкампанаваны сіметрычныя рызніцы па баках апсіды і хоры на 4-х слупах над уваходам, што сведчыць пра ўніяцкі генезіс храма.

Царква Нараджэння Багародзіцы ў в. Комсічы (Капыльскі р-н) пабудавана як уніяцкая на мяжы XVIII і ХІХ стагоддзяў. Рэгіянальна, храналагічна і стылістычна блізкая да царквы ў Васільчыцах таго ж раёна. Пераведзена ў праваслаўе ў 1836 г. Знаходзіцца ў амаль зруйнаваным стане. Складаецца з выцягнутага прамавугольнага зруба, які ўключае кафалікон і алтарную частку, накрытыя асобнымі гонтавымі дахамі. Больш нізкі квадратны ў плане бабінец завершаны чацверыковай вежай-званіцай і шатром-«каўпаком» з галоўкай. Характэрна, што вышыня шатроў у храмах гэтага рэгіёна была большая за палову дыяганалі асновы, але меншаю за вышыню псеўдарускіх вастраверхіх шатроў. Пры ўваходзе ў асноўны зруб на 2-х слупах размешчаны хоры. Рызніца прыбудавана з паўднёвага боку.

Юр’еўская царква ў в. Карачоўшчына (Капыльскі р-н) была пабудаваная на вясковых могілках у канцы XVIII ці ў першай палове ХІХ ст., мела агульныя рэгіянальныя рысы з храмамі ў Васільчыцах і ў Комсічах. Даследавалася ў 1970-я гг., пазней была зруйнаваная. Складалася з трох роўнавышынных зрубаў, аб’яднаных агульнай цягай карніза. Асноўны амаль кубічны зруб завяршаўся магутным светлавым чацверыком з пакатым чатырохсхільным шатром. Алтарны зруб быў накрыты вальмавым дахам, бабінец завяршаўся чацверыковай вежай званіцы, накрытай шатром-«каўпаком». Дахі мелі гонтавае пакрыццё. Сцены часткова былі ашаляваныя вертыкальна.

Міхайлаўская царква ў вёсцы Вострава (Слонімскі р-н) была пабудаваная ў 1808 г. як уніяцкая. Адносіцца да тыпу псеўдабазылікі з чацверыковай вежай над бабінцам. У архітэктуры храма спалучаныя рысы барока і класіцызму. Усе тры кананічныя часткі аднолькавай вышыні з агульным вальмавым дахам над асноўным і алтарным зрубамі. Унутры чатыры слупы падзяляюць асноўны аб’ём на тры нефы. Пры ўваходзе вылучаны вузкі нартэкс з хорамі над ім. Шалёўка вертыкальная, з нашчыльнікамі. Аконныя праёмы маюць паўцыркульныя арачныя завяршэнні. У канцы ХІХ ст. над вежай пастаўлены вастраверхі шацёр, у псеўдарускім стылі зменена форма галовак.

Выразным прыкладам драўлянага дойлідства ў стылі рускага класіцызму з’яўляецца праваслаўная царква св. Аляксандра Неўскага ў вёсцы Стрэльна (Іванаўскі р-н), пабудаваная ў 1800 г. як уніяцкая, асвечаная як праваслаўная ў 1816 г., аднаўлялася ў 1930-я гг. У архітэктуры храма своеасабліва перададзены ўрачысты дух ампіру. Аб’ёмна-прасторавае вырашэнне характарызуецца строгасцю і прастатой задумы. Адназрубавы храм з трохграннай алтарнай часткай і вузкім унутраным бабінцам з квадратнымі бакоўкамі накрыты двухсхільным дахам з вальмамі над алтаром, які арыентаваны на поўдзень. Галоўны фасад завершаны трохвугольным франтонам, над якім узвышаецца чацверыковая вежа з усечаным самкнутым купалам. Будынак увенчаны манументальным шпілем з масіўным каваным крыжам з люстранымі паверхнямі і ордэнскай эмблемай. Вокны на галоўным фасадзе маюць паўкруклыя імпасты. Шалёўка гарызантальная, са сцяжкамі-«лісіцамі». Унутры над уваходам на 2-х калонках размешчаны хоры. Адметныя рысы эстэтыкі класіцызму: ацалелыя ў алтарнай частцы двух’ярусныя канеліраваныя пілястры, паліхромны жывапісны фрыз у выглядзе трыгліфаў і метоп з разеткамі на фасадзе і на плафоне столі.

Васкрасенская царква. Альгомель. Столінскі р-н, 1817.

Падобнаю выразнаю і лаканічнаю кампазіцыяй вызначаецца таксама Васкрасенская царква ў вёсцы Альгомель (Столінскі р-н), пабудаваная 1817 г., але тут чацвярык вежы над бабінцам яшчэ накрыты традыцыйным шатром-«каўпаком», а вокны маюць барочныя лучковыя перамычкі. У 1994 г. побач была пастаўлена значна большая, эклектычная па архітэктуры мураваная царква св. Марыі Магдалены, якая сваімі памерамі прыціскае і прыніжае старажытны помнік.

У перыяд росквіту ампіру, пры захаванні базылікальнай канцэпцыі агульнай кампазіцыі храмаў клецевага тыпу, вырашэнню вежы на галоўным фасадзе надавалася асаблівая ўрачыстасць і пафаснасць, што асабліва ўзмацніліся пасля перамогі Расіі ў вайне 1812 г. Яскравым прыкладам ампірнай стылістыкі можа служыць архітэктура Міхайлаўскай царквы ў вёсцы Такары (Камянецкі р-н), пабудаванай у 1816 г., дзе чацвярык вежы над бабінцам аформлены высокімі праёмамі з паўцыркульнымі завяршэннямі і руставанымі пілястрамі. На яе ўзор у гэтым жа рэгіёне ў першай палове ХІХ ст. пабудавана Спаса-Праабражэнская царква ў вёсцы Трасцяніца (Камянецкі р-н) з васьмерыковай вежай над бабінцам і руставанымі вуглавымі пілястрамі.

Надзвычай арыгінальнае спалучэнне дамінанты вежы над бабінцам з шатровым дахам васьміграннага асноўнага зруба прадстаўляюць помнікі лакальнай пінска-лунінецкай школы дойлідства: Пакроўская царква ў в. Лунін (1824 г., Лунінецкі р-н), Пакроўская царква ў в. Пінкавічы (1830 г., Пінскі р-н), у якіх сакральная сімволіка актагона арганічна ўзаемадзейнічала з эстэтычнай канцэпцыяй архітэктуры класіцызму.

Ільінская царква ў в. Бялавічы (Івацэвіцкі р-н) была пабудаваная ў 1630 г. як уніяцкая, перабудаваная ў 1838 г. у стылі класіцызму (арх. А. Лазінскі). Складаецца з асноўнага выцягнутага зруба з 2-граннай алтарнай часткай і больш нізкага прамавугольнага бабінца. Схілы дахаў над зрубамі маюць агульным вугал нахілу, што надае гармонію тэктоніцы збудавання. Асноўны кампазіцыйны акцэнт зроблены на чацверыковай вежы з пукатым стажковым купалам з галоўкай на васьміграннай «шыйцы». Сцены ашаляваныя вертыкальна дошкамі з нашчыльнікамі і ўмацаваныя сцяжкамі-«лісіцамі». Вокны прамавугольныя, у простых ліштвах. Над уваходам на 2-х слупках размешчаны хоры, што сведчыць пра больш ранняе ўніяцкае паходжанне храма. Сцены ўнутры дэкараваныя ордэрнымі пілястрамі. У 1885 г. перад царквою была ўзведзена трох’ярусная, змураваная з бутавага каменю званіца-брама.

У другой палове ХІХ ст., у перыяд панавання ў айчынным дойлідстве гістарычных стыляў, формы і мастацкі вобраз храмаў з вежаю над бабінцам у праваслаўнай і каталіцкай канфесіях прынцыпова размежаваліся. У сінадальных праваслаўных чатырохчасткавых цэрквах псеўдарускага напрамку, так званых «мураўёўках», традыцыйны бабінец замянілі «трапезныя», а ролю бабінца пачалі выконваць прыбудаваныя ўваходны прытвор ці вежа-званіца. Пры гэтым верхні ярус вежы-званіцы звычайна быў васьмерыковы і завяршаўся вастраверхім шатром з цыбулістай галоўкай. Пераход ад граняў васьмерыка да шатра часам афармляўся востравугольнымі шчытамі-вімпергамі, што выяўляла запазычанне формаў неаготыкі з тагачаснага каталіцкага храмабудаўніцтва.

Касцёл Яна Хрысціцеля ў мястэчку Гарадок (Маладзечанскі р-н).
Фота пач. ХХ ст.

Матывы неаготыкі ў спалучэнні з мадэрнам больш яскрава пачалі праяўляцца ў драўляным сакральным дойлідстве Заходняй Беларусі ў міжваенны перыяд, у 1920–1930-я гады, падчас актыўнага пошуку архітэктарамі віленскай школы нацыянальнага стылю. Тып храма з вежаю над бабінцам часам спалучаўся з архітэктонікай базылікі, напрыклад, касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Баранавічах, Маці Божай Анёльскай у Мяжанах, касцёл святых Пятра і Паўла ў Дрысвятах (Браслаўскі р-н). Трохзрубавы драўляны касцёл Яна Хрысціцеля ў мястэчку Гарадок (Маладзечанскі р-н), пабудаваны ў 1932 г., — гэта яскравае спалучэнне формаў традыцыйнага храмабудаўніцтва з рысамі неараманскага стылю, што характэрна для сакральнага дойлідства часоў 2-й Рэчы Паспалітай. Аснову будынка складалі моцна выцягнутая прамавугольная нава і роўная з ёю па вышыні пяцігранная апсіда, накрытыя агульным дахам з вальмамі над алтаром. Да прэзбітэрыя прылягалі невысокія сіметрычныя сакрыстыі. У аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі дамінавала магутная трох’ярусная чацверыковая вежа на галоўным фасадзе. Ярусы мелі аднолькавае папярочнае сячэнне і завяршаліся высокім чатырохгранным шатром, што рабіла вежу масіўнай. Знішчаны падчас вайны.

Касцёл Узвышэння Святога Крыжа
ў Баранавічах
Касцёл святых Пятра і Паўла.
Дрысвяты. Браслаўскі р-н.
1927–1929.

З разгледжанага вынікае, што найбольш пашыраным тып царквы з вежаю над бабінцам быў у часы барока ва ўніяцкім храмабудаўніцтве заходніх рэгіёнаў Беларусі. У перыяд Расійскай імперыі ён набыў іншыя архітэктурна-мастацкія характарыстыкі з элементамі псеўдарускага стылю.

Характэрна, што менавіта традыцыйны тып храма з вежаю над бабінцам стаў узорам для сучаснай царквы св. Кірылы Тураўскага беларускай грэка-каталіцкай дыяспары ў Лондане, якая разлічана ўсяго на 40 прыхажанаў. Беларуская царква стала першым драўляным храмам у горадзе пасля вялікага пажару ў 1666 г. Яе аўтар — Со Цзыўай, брытанскі архітэктар кітайскага паходжання, натхняўся мастацкім вобразам беларускіх храмаў XVIII ст. У інтэрв’ю газеце «Звязда» (29 ліпеня 2017 г.) ён зазначае: «Можна вельмі многаму навучыцца ў вашага традыцыйнага дойлідства». У сваім праекце архітэктар дакладна ўвасобіў стрыманасць формаў і натуральнасць колеру, гарманічны прапарцыянальны лад і пластыку вянчаючых масаў беларускіх драўляных храмаў, спалучэнне ў іх эстэтычных уплываў Усходу і Захаду Еўропы. Дзякуючы арыгінальнаму канструкцыйнаму вырашэнню, якое імітуе вертыкальную з нашчыльнікамі шалёўку і адначасова забяспечвае выразную падсветку архітэктурных формаў, царкву прызналі адным з найбольш энергаэфектыўных будынкаў Лондана. Святыня атрымала ўзнагароды самых разнастайных архітэктурных конкурсаў, сярод якіх узнагарода Каралеўскага інстытута брытанскіх архітэктараў, а паводле інтэрнэт-галасавання перамагла ў намінацыі «Народны выбар» конкурсу New London Architecture, у якім бралі ўдзел больш за 400 будынкаў, узведзеных у Лондане ў 2016 г. У 2018 г. грэка-каталіцкую царкву беларускай дыяспары ў Лондане прызналі лепшай сакральнай пабудовай на Сусветным фестывалі архітэктуры ў Амстэрдаме. Архітэктурны поспех гэтага збудавання азначае трыумфальны шлях традыцыі ў сучаснасць але, на жаль, не ў нашай краіне і не з дапамогаю айчынных дойлідаў.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY