Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(84)/2018
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Дыскусія

НОВАЯ ЎСПРЫМАЛЬНАСЦЬ КАСЦЁЛА?

«СТАТАК ВЕДАЕ, КУДЫ ІСЦІ»
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Асобы
Мастацтва

ПАЛЕСКІ ІКАНАСТАС
З архіваў часу
Кніжныя скарбы
Постаці

ХІЛЬДЭГАРДА БІНГЕНСКАЯ
Паэзія

ВЕРШЫ

НЕБА СЯГНУЦЬ
Успаміны
На кніжнай паліцы

«ПЕРАКАЖЫЦЕ ГЭТА ДАЛЕЙ»
In memoriam

СЛОВА ЎДЗЯЧНАСЦІ
Спадчына

З КАГОРТЫ ПАЧЫНАЛЬНІКАЎ
Літаратурная спадчына

СТВАРАЮЧЫ ЖЫВЫЯ ВОБРАЗЫ

ЗА І СУПРАЦЬ
Культура
Архітэктура

Данута БІЧЭЛЬ

СВІРОНАК З МАЙГО ШЧАСЛІВАГА МАЛЕНСТВА

Свіронак цёткі Яніны застаўся ў маёй памяці як дарагі майму сэрцу будынак. Крыжык быў на шчыце пад яго стрэшкаю, гарышча было падобным да мансарды ў багатых дамах, на вузкім балкончыку можна было забаўляцца, але туды не было драбінаў. Ды нам, малым, хапала прызбачкі…

Свіронак быў зрублены па ўсіх правілах лямуса — ніводнага металічнага цвічка, толькі драўляныя…

У дзяцінстве я працавала — пасвіла каровак і коней, дакладней, сваю кабылку і жарэбчыка, якога несвядома аб’ездзіла: захацелася мне на маладым жарэбчыку пакатацца, злавіла яго на лужку ў Перакопе за вобрудзь (у нас так называюць аброць), падвяла пад бераг Гаўі, каб было зручна залезці на спінку, ды і скокнула; ён трымаў, але брыкаўся… Паляцеў жарэбчык дадому, скінуў мяне на іржышчы перад нашай хатай і ўскочыў у адчынены хлеў. Мяне тата падняў і прынёс дахаты...

Свіронак стаяў на самай высокай горцы ў Масцішчах, вышэй нічога не было. І я думала, што дзед Юзук Пінчукоў быў вялікім майстрам, бо гэта быў яго свіронак. Гэта нейкае дзіва: як вясковы чалавек мог так пабудавацца, выбраць такое прыгожае месца для сядзібы!..

Калі людзей з Біскупцаў перасялялі на выселкі — за гасцінец, сярод іх былі бедныя і самыя бедныя. І самымі беднымі былі тыя, хто атрымаў зямлю за гасцінцам не збоку вёскі, а збоку лесу… Гэта — Яська з Марыляй, Рэняй і мною, Ігналь з Марыляй і трыма сынамі, і Пінчукі… Ужо ўсе памерлі, хто мог сказаць дакладна, чаму Юзук Міхаловіч меў мянушку Пінчук. Яго ўнучка Геня кажа, што нехта з жанчын у іх родзе быў з Пінска, але ці прабабуля, ці прапрабабуля — Геня не ведае. У Юзука былі сыны — Бронюсь, Міхась і Янка. Янка скончыў у Лідзе каледж, уладкаваўся на працу, стварыў сям’ю ў вёсцы Навапрудцы каля Ліды, саромеўся сваёй беднай радні. Зямельны надзел Юзук падзяліў з Бронюсем. Юзук з Міхасём жылі адной сям’ёй, а ў Бронюся з жонкай Манькай, дачкой асадніка Кятлінскага, было пяцёра дзяцей. Абедзве сям’і пабудаваліся на горцы, паміж ляском за могілкамі і Масцішчамі, каля сенажаці — крыху асокаў, крыху мурагу. Сенажаць з аднаго боку канчалася горкай, якую таксама касілі, а мы з той горкі куляліся і качаліся; з другога боку Масцішчаў пачынаўся змешаны лясок аж да Гаўі...

За могілкамі, каля ручая, стаяла сядзіба старога асадніка Кятлінскага, ён займаў нейкую лясную пасаду. Зямлі ў яго было мала. А мы, малыя, лазілі па вадзе паміж кустоў па маліну, пані Кятлінская ганяла нас, ад бяссілля задзірала перад намі спадніцу… Сын Кятлінскага меў вялікі абшар зямлі за ручаём. Яго сям’ю саветы вывезлі «на Сібір», як усіх асаднікаў, а старога бацьку і дочкаў, якія павыходзілі замуж за бедных біскупскіх хлопцаў, не чапалі.

Бронюсь трапіў у армію Андэрса, але пасля вайны не вярнуўся ў вёску — памёр у Англіі. Пад старасць сустрэўся ў Варшаве з малодшай дачкой Марыяй, якая скончыла ў Львове фармацэўтычны факультэт і працавала ў Гародні загадчыцай аптэкі — лячыла ўсю вёску Біскупцы без дактароў. Цяпер яна адна з гэтай вялікай сям’і дажывае пры дачцы Гражыне, якая выйшла замуж у Польшчу.

Ручай канчаўся на нашай сенажаці. Крынічка прабівалася да ручая, і ўсё гэта пералівалася ў агульны струмень і сплывала міма азярца ў Гаўю. Каля лясочку ў алешніку рос куст малінаў, сакаўных, вадзяных — я тую смакату і цяпер памятаю.

Пакуль я не пасвіла каровак, спала, колькі хацела. Мяне кармілі блінамі са смятанкай, бульбачкай з малаком, а часам якой-небудзь кашай і дазвалялі ісці да цёткі Яніны… Цётчын муж Міхась памёр у вайну: адзін недаростак запусціў у яго каменем і трапіў у цемя, два тыдні Міхась цярпеў моцны боль галавы і памёр, лекараў у вайну, ды і пасля вайны, у нас не было…

Не было ў вёсцы і ўлады, каб пакараць забойцу. Усе трымаліся такой думкі, што гэта быў дурны ўчынак хворага на галаву недаростка, але тата казаў, што паміж свіронкам і тым схронам, які выкапалі ў вайну, быў лаз, і гэты недаростак залез туды і выцягваў мяшок з жытам, а Міхась зачыніў злодзея ў свіронку, патрымаў яго некалькі содняў, а пасля адлупцаваў дзягай па голым азадку. Тата мой быў добрым і праўдзівым і сваіх жывёлак ён любіў гэтаксама, як нас. А Юзук абадраў скуру з нашага бурыка, тата такое не забыў...

Па ўсім полі ад нашай да цётчынай сядзібы была пратаптана сцяжынка. Спачатку яна пралягала праз жыта, пасля абыходзіла яму, дзе некалі капалі гліну, а як выкапалі, то на той зямлі раслі і морква, і буракі, і капуста, і гарох. Ніхто з дзяцей не зважаў, у чыім агародзе расце гарох — латашылі струкі, колькі хацелі…

Паміж нашым і Юзуковым полем быў вузкі ўзлесак, такі маленькі, як для дзяціннай гульні, і на ім раслі ўсялякія грыбы, ягады, цвіў верасок і бзумкалі пчолкі… Казка на паўдарозе да цёткі Яніны! Можна было падзюбаць якой-небудзь смакаты, а пасля ўжо бегчы напрасткі да таго свіронка, з прызбы якога быў відаць сусвет. Ён стаяў на самай горцы, за ім быў круты збег да азярца, на якім плавалі качкі і гускі, а перад ім бяліліся палотны. Падворак быў прасторны. З паўднёвага акна хаты таксама быў відаць наш Загасцінец (так, не па правілах граматыкі, мы яго называлі). Бліжэй да азярца на падворку галоўнае месца займала студня з жураўлём, недалёка ад яе рос куст белага бэзу і куст каліны, вясной у белым квеце, а з восені да вясны — чырвоны. А за плотам — пясчаная горка, дзе мы будавалі з жоўтага пяску замкі і ўмацаванні. Хіба мы тады маглі падумаць, што гэта будуць адзіныя ў нашым жыцці замкі? Паміж Юзуковай і Бронюсевай хатамі бегла сцяжынка па дзікім папары, на якім раслі шчытнік, адмежнік, сухавейкі, чабарок, дзятлінка.

Бацька і сыны мелі агульнае гумно пад ляском, які цягнуўся аж да гасцінца і да таго ручая, а яшчэ ў самым цэнтры сядзібы стаяў хлеў. Мяне, малую, здзіўляла тое, што Юзукоў хлеў быў большы і лепшы за нашу хату, усім яго насельнікам жыць было шыкоўна… Нядаўна Франя растлумачыла, што калі асаднікаў вывезлі ў Сібір, іх хаты заставаліся пустымі і тады Юзук перабудаваў сабе на хлеў пустую хату і перанёс свіронак…

Юзукова хата мела тры пакоі, вялікі, пасярэдзіне, быў кухняй, ад акна стаяў вялікі стол, у кутку — шырокі ложак. Цётка Яніна з Яняй жылі ў цеснай баковачцы з адным акенцам, якое выходзіла на хлеў, гумно, лес і Загасцінец. Генін ложак стаяў у светлым пакоі, дзе спаў дзед Юзук. Юзукова дачка Маня хварэла на сухоты і памерла маладой, у сонечным пакоі застаўся яе партрэт у прыгожай рамцы і, відаць, засталіся сухоты, якія праз шмат гадоў перадаліся Гені. Юзукова жонка Марыля была маленькай, цярплівай і маўклівай, нібы яе зусім не было. Пра Марылю казалі: смех, як у Марылі з благога жыта…

Жыта на некаторых прагалах, дзе адзін пясочак, зусім не расло, але яго ўсё роўна сеялі, спадзеючыся на цуд, то Марыля глядзела на жыта і смяялася. Бо чаго там плакаць усё жыццё? І так неяк перабіваліся, Юзук шмат што ўмеў рабіць. Умеў вырабляць скуру, шыць боты, лячыць хваробы зёлкамі, дзікім мёдам, лавіць у сваім возеры рыбу, аднекуль нешта цягаць. Шчодрая зямелька сама падкідвала пад ногі неспадзяваныя падарункі.

Мы падрасталі на прасторнай прызбе свіронка пад прыгожым, з разьбянымі балясінкамі, падстрэшкам. Мы там у шчылінках мелі свае тайнічкі, у якіх складвалі лялек, каменьчыкі, арэшкі, розныя знаходкі з нашага шчодрага наваколля. Часамі цётка паіла нас сырадоем, а калі не паіла, то мы, занятыя гульнёй, не адчувалі голаду. І сунічкі, і чарнічкі, і брусніцы спелі адразу за свіронкам з паўднёвага боку — можна было наскубаць па жменьцы ды перакусіць. А пасярэдзіне ўсёй гэтай Паднябеснай рос разгалісты дуб, які быў нашым казачным дубам. І ў гумне мы скакалі на тарпах. І плюскаліся з мосціка на возеры...

Аднойчы гулялі на мосціку ў казку пра сынка Васілька, Бабу-Ягу і гусачак… Гусачкі плавалі на возеры непадалёку. Ніхто не заўважыў, як Яня звалілася з мосціка ў возера, — мы спалохаліся, што Яню ўкрала Баба-Яга… Але на ёй была сукеначка ў чырвоныя гарошкі, мы тыя гарошкі згледзелі ў вадзе і самі выцягнулі Яню. Але трэба было яе, мокрую, занесці дахаты...

Цётка Яніна мела швейную машынку і сама шыла сваім дзяўчаткам сукенкі. Геня ўспамінае, што да Першай Камуніі маці пашыла ёй з выбеленага палатна сукеначку, сумачку на абручы з арэшынкі і белыя тапачкі — Геня ва ўсім гэтым разам з дзяўчаткамі сыпала пялёсткі кветак наперадзе працэсіі. Маці добра падрыхтавала Геню да першай споведзі. Яна ведала катэхізіс лепей за тых дзяцей, якія доўга хадзілі вучыцца да катэхеткі. Калі прыехаў ксёндз і пачаў пытаць, Геня на ўсе пытанні ўмела адказваць.

...Палотны бяліліся ўсё лета. Здаецца, возера было не такое і чыстае, але жанчыны з Загасцінца прыносілі на тую кладачку сувоі, вымочвалі іх, пранікамі перылі і рассцілалі бяліцца. Мы не лазілі па палотнах. Чамусьці ніхто з маіх сёстраў так не захапляецца свіронкам, як я, але гэта Геня мне цяпер у размове ўспомніла пра той схрон, у які шмат хто лазіў, каб схавацца. А яшчэ ў іх быў склеп пад хатаю з лазам у бакоўцы, і Франін бацька Вінцук сядзеў у тым склепе некалькі дзён: хаваўся, каб яго не забралі немцы ў абоз. Сям’я трэцяга Юзуковага сына Янкі ўцякла ад вайны да Юзука, і неяк усім знайшлося месца ў той хаце.

Цётка Яніна жыла пры свёкры, ён не крыўдзіў яе і дапамагаў выхоўваць дзяўчынак. Ладзік Валіцкаў хацеў узяць нашу цётку замуж, але яна адмовілася. Неяк яна супакоілася малітвай. У цёткі Броні быў дзядзька Вінцук, у мамы быў тата Яська, а ў цёткі Яніны былі ўспаміны пра кароткае замужжа і былі ўсе мы… Мы любілі цётку Яніну, кожны па-свойму. Яна была Франінай хроснай маці, то Франя і называла яе мамай. Рэня з ёю дзялілася сваімі дзявочымі таямніцамі. Я любіла яе на адлегласці. Засталося ў маёй памяці, як выходзіць з лесу цётка Яніна са снапком ляснога зеллечка, і сонейка ўтварае німб з прамення над яе гладка прычасанай галоўкай; яна садзіцца каля мяне на дзяружку пад грушкай на гумнішчы, перабірае сціплыя кветкі і расказвае, ад чаго якая зёлка і як яе засушваць і запарваць...

На жаль, цётка Яніна захварэла на рак, прыехала ў Гродна на апраменьванне. Вельмі пакутна пераносіла лячэнне. Я наведвала, калі яе вызвалялі з той доўгай цемры, як магла, супакойвала яе. Пасля апраменьвання яна пражыла шэсць гадоў… Нарадзілася на Яна, 24 чэрвеня 1912 года, памерла ад інсульту 14 чэрвеня 1979 года, перад смерцю пакутавала дома шэсць тыдняў…

Лёсы яе дачушак Гені і Яні таксама балесныя. Геня скончыла толькі пачатковую школу, працавала на ферме даяркай. Старалася, выдойвала сваіх каровак, падкармлівала іх мукой. А іншыя даяркі толькі пысы каровам у муку папэцкаюць, то кароўкі малака даюць меней, таму што галодныя… Даяркі пачалі падліваць у малако ваду. Дзядзька Трунец з Пятроў вазіў малако на млячарню і сказаў загадчыку фермы, што даяркі здаюць разбаўленае вадой малако; іх падпільнавалі, калі яны падлівалі ваду… Яня Петрукова павесіла сякеру і сказала, што заб’е Геню за тое, што яна адна ваду не падлівала.

Геня рабіла кветкі з каляровай паперы, любіла прыбіраць крыж на скрыжалях дарог каля лесу. А тут захварэла, не магла дайсці да крыжа. Броня Жыбарава, сваячка па дзеду, запрасіла Геню ў дружкі. Панесла Геня ў Ліду самагонку прадаваць, каб купіць туфлі. Ішла ранкам басанож праз балота, прастудзілася, стала ёй яшчэ горай. Вясковыя фельчаркі лячылі яе горкаю соллю. Дзед Юзук запрог кабылку і павёз яе ў Ліду, там зрабілі рэнтген і аналізы, знайшлі туберкулёз у лёгкіх і туберкулёзныя палачкі ў жываце. Паклалі ў туберкулёзную бальніцу на калідоры. Зрабілі аперацыю. Дзевяць разоў адкачвалі ваду і паддувалі лёгкія, бо ад адкачвання ўтвараліся раны ў лёгкіх. Праляжала восем месяцаў і чатыры месяцы прабыла ў санаторыі. Каб у вёсцы не абгаворвалі яе, пасля лячэння пайшла да Сашы ў Дакудава вучыцца на краўчыху. Там пазнаёмілася з Меткам, які прыйшоў з войска. Метак у маленстве перанёс менінгіт, і гэтая хвароба паўплывала на яго разумовае развіццё. Працаваў на трактары, шмат што ўмеў рабіць, але часам рабіў некантраляваныя ўчынкі — напрыклад, мог заехаць з трактарам у сажалку. Лішніх работнікаў у калгасе не было, і таму яго не звальнялі з працы. Вырашылі яны пераехаць у Ліду. Жылі на прыватнай кватэры ў тым жа доме, дзе жылі мы з Франяй, калі вучыліся ў педвучэльні. Гаспадыня дома Ядвіга памерла, а дом падаравала хлопцу Раману, які яе даглядаў да смерці — ён пахаваў пані Ядвігу і паставіў над яе магілай скульптуру Маці Божай Нястомнай Дапамогі. Калі выязджаеце з Ліды ў бок Гародні, можаце глянуць — і ўбачыце на могілках Ясную Панну Марыю...

Бабуля Рамана была роднай сястрой Марылі, таму Геня з Меткам не плацілі за пакой. Туберкулёз вылечваўся, зноў пачынаўся, пераходзіў з адной часткі цела на другую... З 1974 года па 2004 год Геня лячылася ў Гродзенскай туберкулёзнай бальніцы. Метак лячыўся ў Астроўлі каля Ліды. Дзяцей у іх не было. У Метка пачалася дэпрэсія — ён ляжаў і чакаў смерці. Смерць прыйшла. Геня вярнулася ў Біскупцы да сястры Яні — адзінокім сёстрам лягчэй трымацца разам...

26 чэрвеня Гені споўнілася 80 гадоў. Зноў яе пакрыўдзілі: усім прыбавілі да пенсіі па 45 рублёў, а ёй толькі 11...

Магчыма, Янін лёс быў бы крыху лягчэйшым, каб не той свіронак…

Нехта няпрошаны пасяліўся там і пакрыўдзіў Яню, калі яна была падлеткам — гэта яе таямніца...

Памятаю, як мы яе апраналі і прычэсвалі на вечарынку. Яня жыла пры маці, яны перабраліся ў вёску, але пераставілі не сваю хату. Яня выйшла замуж за Паўлюка, хату перанеслі з Міхалаўкі, што пад балотам. Старэйшыя Паўлюковы браты мелі свае хаты: Юрка — у Бярозаўцы, Пеця — у Першамайскім. Свіронак перанеслі на новую сядзібу, паставілі за хлявамі на роўным месцы… І знікла яго значнасць.

Усё ў іх было б добра, каб Яня перайшла ў праваслаўе, а з ёю і цётка Яніна — дзве каталічкі раздражнялі Паўлюка. Урэшце, ён дапіўся да інфаркта, у яго адняўся правы бок, стала безуладнаю рука, ён цягнуў нагу і гаварыў так, што толькі Яня яго і разумела. Паўлюк памёр.

Неяк прыехаў з Воранава Казімір Місюра, рэстаўратар і разьбяр скульптураў Езуса, Маці Божай і святых у святынях Беларусі, убачыў фотку Яні і кажа: «Якая прыгожая дзяўчына, вобраз прыгажуні Сярэдневечча!»

Вось так: не радзіся красны, а радзіся шчасны...

Геня моліцца кожны дзень на ружанцы. Яна ўжо не даходзіць да хаціны, якую ксёндз з першамайскага касцёла святога Казіміра выбраў, каб у нядзелю цэлебраваць святую Імшу. Геня моліцца па радыё з касцёлам Святога Крыжа ў Варшаве — гэта традыцыя нашай вёскі пасля таго, як драўляны касцёл Перамянення Пана, які стаяў паміж рэчкай Гаўяй і каналам, спачатку зрабілі складам, пасля падпалілі, а святара адправілі ў высылку, адкуль дазволілі выехаць у Польшчу.

...Яня яшчэ лётае, як падбітая птушка, але на ровары ўжо не ездзіць у барок па баравікі ды па ягадкі — баляць калені. Ездзіла да хірурга, каб паставіў ёй «металічныя» калені, але ён яе пераканаў, што гэта надта балючая аперацыя. Найгорш, што няма каму пакасіць падворак — Яня касіць умее, ды ногі баляць.

Любоў не мінае. Любоў нас ратуе ад болю і смутку, асабліва ў старасці. Вобраз таго, каго любіш, вяртаецца ў сны, уваскрасае ў памяці, узвышае, узмацняе дух, нават калі той чалавек быў не самы лепшы на свеце.

Калі б свіронак цёткі Яніны стаяў на тым самым пагорку, схадзіла б туды і залезла б нават на яго паддашша, каб на імгненне ўбачыць сваё шчаслівае маленства. Зрэшты, я часта сню тое месца...

Ліпень 2017 г.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY