|
|
№
4(26)/2003
Галерэя
З жыцця Касцёла
Мастацтва
У свеце Бібліі
На шляху веры
Сведчаць архівы
Проза
Паэзія
Нашы святыні
Мастацтва
Проза
Культура
|
Пасля таго, калі палкоўнік Зайцаў на пачатку года з’ездзіў у затоены Мінск, прабыў там некалькі не толькі месяцаў, а часамі ўжо нясцерпных дзён і прывёз сюды, у Вільню, самому Мураўёву даклад, што выкрыў у Мінскай губерні ўсе патаемныя антыдзяржаўныя суполкі, арыштаваў усіх падазроных, пазабіраў у бунтоўных памешчыкаў маёнткі, набыў розныя сакрэтныя паўстанцкія паперы, знакі і, галоўнае, зусім лёгка натрапіў на віленскі след завадатара мецяжу Каліноўскага, – дык вось пасля ўсяго гэтага ён чакаў адпачынку. Стаміўся ад сваіх допытаў, упіранняў, ад сваёй злосці, якую ўвесь час трэба было хаваць, ад сваіх гульні, хлусні, ад вялікай павуціны, якую плёў і плёў кожную хвіліну і ў якую завабліваў сваіх ахвяраў, каб заблытаць іх, усё выпытаць і вызначыць, каму што – вісельня ці расстрэл, высылка ў Сібір або пад тайны нагляд. Нават і за тое, што, хоць і не браў у рукі вінтоўку, а толькі даў акраец хлеба ці словам паспачуваў паўстанцу. Ды не ўдалося насалодзіцца спакоем і моцным сном: не адпусцілі са службы. Не так старшыня камісіі генерал Весяліцкі, што расследаваў мяцеж, як сам уладар Паўночна-Заходняга краю граф Мураўёў. Нідзе не дзенешся – падпарадкаваўся. Ды мацнейшае за стому было іншае – давер, пахвала, абяцанка новых чыноў і выгодаў. Маладзейшыя службоўцы глядзелі на яго з захапленнем, як на героя, які адзін зрабіў больш за ўсю мінскую жандармерыю, старэйшыя і аднагодкі – з павагай і зайздрасцю, а хто і з нянавісцю як на самага выбітнага з іх. Менавіта ён, адзін, без ротаў салдат і гарматаў дабіў мяцежнікаў. Саслужбоўцы ведалі, як гэтага дамогся, бо спазналі за доўгі час яго характар: ён і з імі гуляў, ні з кім не шчыраваў і нікога не шкадаваў, мог з усмешкай аддаць на згубу, за што яго за вочы абзывалі «кровопийцей». Але ён не мяняўся і не думаў мяняцца, яшчэ болей раздвойваўся, ажно часам разгубліваўся: а дзе, у чым ён сапраўдны? Радня лічылася з ім, той-сёй дзеля сваёй карысці ліслівіў, але амаль усе баяліся і, значыць, у душы ненавідзелі; некалі прыгожая, гарэзлівая жонка, дачка яго былога шэфа, якую ён зачараваў «приличными манерами», трапіўшы ў сямейнае павуцінне, спакваля пачала задыхвацца, знясільвацца і вар’яцець, ведучы па гэтай сцязіне і дачку; сын-афіцэр загінуў на Каўказе, «покоряя его дикие народы», і ён, бацька, неаднойчы спажываў сынаву пагібель для свайго поспеху. Як на службе ці на людзях, так і пры допытах палітычных: ты, малады, здаровы, адукаваны, бунтуеш супраць Айчыны, а мой такі ж сын загінуў за яе! І пры гэтым плакаў, слёзы ручаём, хоць праз хвіліну мог усміхнуцца і да арыштаванага з ласкай, просьбай, угаворамі, нават з бацькоўскім спачуваннем і са згодай памагчы выратавацца ад «бездны»...
Вырой такую яму, чтобы в неё свалить если не всех полячишек, то белорусцев. Этих надо навечно закопать, дабы мы напрямую вышли к Польше и Европе». «Дурнота і вялікая, – і раней, і цяпер мог сказаць Зайцаў. – Беларусцы нам патрэбны як буфер, як наш эксперымент над малымі народнасцямі, як козыр геапалітыкі. Іх, не ўсіх, а некаторых, самых адданых, паслужлівых, трэба пакінуць, аберагаць, падкормліваць, каб яны сталі нашай падпіткай». Але ўголас такога цяпер абачліва не сказаў: нечалавечая цяпер ярасць у Мураўёва на палякаў, літоўцаў, беларусаў, а таксама і на Украіну. Іх усіх ён бачыць толькі пад магільнаю плітою. Дурань. Такое не вынішчыш і за стагоддзі. Калі ёсць хоць адзін іх пісьменнік. А ў беларусцаў ёсць такі. І здольны. Дунін-Марцінкевіч. Яго не падкупіш і нават на дробязі не падловіш. Толькі можна заткнуць яму рот, не друкаваць яго беларускіх твораў. Дунін-Марцінкевіч і астатнія – вялікі клопат. І ў далёкай будучыні. Але няхай гэтым ужо займаюцца іншыя, мне, Зайцаву, цяпер трэба злізваць з нашай перамогі самае смачнае. Уголас гэтага я нікому не скажу, нават жонцы, якая можа начаўпсці знаёмым. А на тое, што могуць плявузгаць пра маю чорную душу, пра кроў і слёзы лепшых сыноў тутэйшага краю, якіх я загубіў, мне напляваць. Ёсць свая вабнасць у тым, што я сапраўды крывапіўца, што іншыя, разумнейшыя і дабрэйшыя, мае ахвяры, чэрві перада мною. Каго захачу, таго і растапчу. Улада мая цяпер вялікая. Як ніколі. Трэба быць олухам цара нябеснага, каб не паўпівацца ёю, каб нечым не падпарадкаваць нават Мураўёва, не паставіць сабе на службу Пецярбург, які ўгодліва дазваляе мне ўсё! Абы я «закрыл польско-литовско-белорусский вопрос»! Закрыю, ці, як кажуць тыя ж беларусцы, зачыню! Не горш за Суворава са штыкамі ды за Мураўёва з гарматамі, якімі ён спапяляў да звання цэлыя вёскі! Цешачы сябе патаемнымі думкамі-развагамі, Зайцаў спакойна, удумна перачытаў сотні прысланых з Пецярбурга спраў, дзе на чысценькай казённай вокладцы красаваўся горды двухгаловы арол, іменавалася справа, а ў сярэдзіне папкі ляжалі хораша напісаныя чарніламі, якія ніколі не выцвітуць, дбайна падшытыя паперыны – даносы, пратаколы, даведкі, заключэнні, што сведчылі: была беларуская мова, культура, гісторыя, дзяржаўнасць, і гэта некаторыя, каму яшчэ як след не апаласкалі мазгі, каму не затуманілі розум, ведаюць, ганарацца і спрабуюць нешта аднавіць. Як кажуць тут, усё яшчэ бруіцца крынічка пад каменем і пяском... Зайцаў уважліва перачытаў серыю спраў «О революционном духе народа в России» за 1862 год, тое-сёе адабраў у іхнюю цяперашнюю справу «О беспорядках в Царстве Польском и западных губерниях», дзе, безумоўна, збярэцца не адна сотня папак і дзе будзе «осветлён вопрос», апісана, як трэба ў люду, што хоча быць народам, вырываць язык, нішчыць ягоную памяць, свядомасць, будучыню, рабіць яго сваёй «ветвью»... Усеўшыся, як хіхікалі незычліўцы, «жалезным задам» на сваё цвёрдае крэсла і ўнурыўшыся ў паперы, завочна пазнаёміўся з сотняй тайных агентаў, што адсочвалі тутэйшыя нацыянальныя настроі, і па почырку, складзе напісанага пазнаваў, хто верны як пёс, але тупагаловы, хто прадажны ці вельмі хітры, а хто, як і ягоныя жонка ды дачка, хворыя на галаву. За шмат гадоў ён навучыўся «бачыць» і «чуць» паперы, почыркі, напісанае. Часам – цікава, але бывае і гэтак сумна, нудотна, што і яму, «жалезназадаму», хочацца завыць ад казённай руціны, тупаць нагамі, трэсці кулакамі і скрыгітаць зубамі ад выдаткаў іхняй службы не толькі з прыстойнымі людзьмі, а і з розным быдлам – п’яніцамі, зайздроснікамі, прадажнікамі, ахвотнікамі да лёгкага хлеба, чые хібы можна і трэба спрытна спажыць ім, жандарам, хоць у душы і ненавідзіш брыду. Міжволі затрымаў у руцэ паперчыну з дасье 1861 года на аднаго тайнага агента. Лісток, почырк на ім былі яму вельмі знаёмыя. «Письмо неизвестного за подписью Владимир от 10 августа». Подпіс гэты зрабіў яго памочнік, а лісту, сапраўды невядомага ім Уладзіміра, даваў ход ён, Зайцаў, а пасля па волі былога генерал-губернатара паслаў яго, гэты ліст, у Пецярбург. Яшчэ не чытаў, а ўжо, маючы выключную памяць, прыгадаў: «Ваш покорный слуга Владимир» быў малады чалавек, студэнт Пецярбургскага універсітэта. На чымсьці ў сталіцы яго падлавілі, і ён стаў платным агентам ахранкі, пачаў віжаваць за сваімі землякамі з гэтага краю. Так-так, тады той віж прыслаў ліст віленскаму паліцмайстару, сам, вельмі ахвотна, падмеўся выдаць у Мінску, Гродне, Коўна, Вільні тутэйшыя зямляцкія тайныя «общества», дзе той-сёй – так-так, Зайцаў зазірнуў у ліст, – са шляхты «по крестьянскому делу» і «возвращенных из Сибири» пасля мецяжу 1830–1831 гадоў), з мінска-коўна-віленскіх студэнтаў замышляе антыдзяржаўнае. Зразумела, тут, у Вільні, гэтым данослівым лістом вельмі зацікавіліся, хуценька паказалі яго самому генерал-губернатару Назімаву. Той прачытаў і абурыўся: «Однако же какой нахалюга и подлец!» Рэч у тым, што «покорный слуга» не проста з-за адданасці веры, цару і Айчыне хацеў шчыра памагчы ім, а патрабаваў узнагароду і пры гэтым цанаваўся, тузаўся, прыпалохваў: «В случае ежели вы мне откажете, я буду пробовать счастья в Петербурге». Назімаў абурыўся, але ж «сволочь да наша», паразважыў і вырашыў, што трэба паслаць нягодніку на яго тайны адрас і прозвішча задатак, а ягоны ліст – у Пецярбург, у Трэцяе аддзяленне, няхай яны, адсочнікі, самі разбіраюцца, што за птахі такія прадажнікі, якія шукаюць грашовае шчасце тут, у правінцыі. Натрапіўшы цяпер на гэты ліст, Зайцаў, як кажуць паляўнічыя, ваўчыным нюхам учуў уедлівы след, што можа вывесці на вялікую здабычу. Ён папрасіў у Пецярбурга даслаць яму ўсё, што датычыць справы «покорного слуги Владимира». Толькі шпарка-шпарка, з нецярпеннем пагартаў новыя прысланыя паперы, зірнуў на апошні сказ і... ахнуў, бадай, упершыню ў жыцці мацюкнуўся. Ён зразумеў кожнаю жылкаю: тады, у 1861-м, азнаёміўшыся з дасланымі імі, віленцамі, дакументамі, сталічныя жандары-фанабэрнікі, як гусакі, ускіпелі-зашыпелі і больш за Назімава на свайго платнага даносчыка, адразу ж схапілі таго за каршэнь: «Ты что, сволочь? Трехглавый змий? С полячишками и белорусцами? С нами и еще втайне для себя на стороне приторговываешь? Позоришь нас перед губернией, перед сундуками?» Карацей, завялі на яго іншую справу, а прынесеныя ім самім новыя паперы аформілі як тайна хаваныя ім, абвінавацілі ў антыўрадавасці і пагналі яго этапам у Архангельскую глушэчу да мядзведзяў і камароў. Пстрыкаўся, зразумела: я ж ваш! Ну, памыліўся, каюся, даруйце. Клянуся: буду служыць яшчэ больш верна. Не даравалі, пазбавіліся ад гнюсніка. Не, Зайцаў ахнуў не ад таго, што так несправядліва пацярпеў паслужлівы ім віж, чорт з ім, замест аднаго здрайцы будзе дзесятак яшчэ больш здрадлівых. Накінуць на іх ашыйнік зусім лёгка – за пасады і грошы многія могуць і маці родную прадаць, а не толькі сяброў, сваю мову, Радзіму. Зайцава ўразіла іншае, недаравальна дурное, што ўчынілі перцярбургскія напышлівыя гусакі. Міжволі яны... Зайцаў загарнуў лёсаносную папку, патрымаў яе ў чамусьці раптоўна успацелых руках, пасля паклаў на стол, што прапахнуў архіўным пылам, і падняўся, натужліва падышоў да акна, па любімай сваёй звычцы падважыў важкі жывот складзенымі далоньмі, павагаўся на дыбках хромавых ботаў і спеўна замармытаў: – Гм-гм-гм... Ён яшчэ і сам не ведаў, што такое яногае гэтае «гм» – навіна, што ён адкрыў і цяпер падступаўся абдумаць, мысленна мацаў, ціснуў, камячыў абшчыкваў нейкім невядомым чуццём. Адчуваў: з гэтага «дельца» можна раздзьмухаць вялікае «дело». «Однорукий садист», Весяліцкі, можа і павінен урэшце апынуцца поўным балваном, на задвор’і. «Аднарукі садыст» – гэта па іхніх, жандарскіх пацешках за тое, што генерал сапраўдны аднарукі, але кат з катаў: арыштаваных мяцежнікаў, іхніх памагатых, нават спачуваючых не дапытвае, а б’е неміласэрна, адзіным кулаком выбіваючы прызнанне. Многім наляпіў сінякоў, выбіў зубы, пераламаў рэбры, пусціў кроў, а сам ператвараўся ў такога мясніка-секача, што было агідна глядзець. «Пускай бьет, выбивает из непослушных всю дурь», – ухваляе Мураўёў. Гэта ж для веры, цара і Айчыны. Праўда, як расказалі яму, і мардоўца не скарыў на сваім «допыце» з заламанымі за паясніцу і звязанымі рукамі Каліноўскага. Абражаў, здзекаваўся, тоўк-малаціў скрываўленым кулаком, перабіў нос, ссінячыў, выбіў пярэднія зубы, твар зрабіў месівам, а знявечаны Каліноўскі аніяк не адступіўся ад свайго, нікога жывога не назваў, з апошняе сілы агідліва плюнуў крывёю Весяліцкаму ў лоб: «Кат! Імя тваё, як і Мураўёва-вешальніка, будзе навек клятае! Я не вораг Масковіі, я больш за вас люблю рускую мову і культуру, але ненавіджу вашу дурную ўладу, якой рана-позна будзе канец. Я – за незалежную нашу старажытную Літву! Ці за Беларусь! Як вы ні высільвайцеся, нас не знішчыце! Устоім! Выжывем і ў створаным вамі пекле! Будзем народам! Дзяржаваю! І даможамся, што ў нас будзе не народ для ўрада, а ўрад для народа!» Весяліцкі выцер (яшчэ больш скрывавіў) лоб і адступіўся: такога бі, забі, але пакаяння не даб’ешся. У яго такая сіла, што яе не пераможаш. Можна толькі знішчыць. Куляй ці пятлёю. Па-свойму пераможаны, зганьбаваны Весяліцкі пабег да Мураўёва, пачаў апраўдваць сваё бяссілле. Той зірнуў на яго з прыкрасцю, але, каб не паказаць сваёй слабасці, загадаў: «Никаких разговоров! Расстрелять! Всю ответственность беру на себя! История меня и осудит, и оправдает! Такие, как мы с тобой, генерал, всегда будем нужны! Если даже будем и охаяны! Бей! Бей! Выбивай все, делай их тупыми и послушными! Они не нужны нам умные и образованные, сознательные! Они должны стать для нас рабочим скотом! Благодарить нас, господ, за свой же кусок хлеба, за нашу маленькую милость!» Каліноўскага не расстралялі. Павесілі. І зноў жа гэты малады, адукаваны чалавек не збаяўся кары, смерці: ішоў да вісельні горда, дапытліва ўзіраўся ў натоўп. Ці вышукваў позіркам сваіх, ці хацеў угледзець жаданую будучыню. На эшафоце назвалі дваранінам – адмахнуўся: няма ніякіх дваранаў, усе мы людзі роўныя! Мураўёў на гэта сказаў так: «Наивный глупец с какими-то социалистическими бреднями, но личность! Надо приложить все усилия, дабы из этого героя для его же народа сделать врага!» І на гэтым Мураўёў не суцішыўся, гаварыў яму, Зайцаву: «Александр Михайлович, голубчик, ты умный, придумай, что и как сделать, чтобы имя этого Калиновского не сверкало для белорусцев светящейся точкой будущего». – «Да вы, граф, уже сами и придумали, – падліслівіў ён. – Сделаем его врагом. Мол, он боролся не за свободу Беларуси, а за независимость шляхетской Польши. Это коварный удар, но точный, прямо в белорусское сердце, а для их будущего надо воспитывать анти-калиновских. Это уже задача чиновников, школы, церкви, газет и журналов». – «Да-да, голубчик Александр Иванович (Мураўёў агаварыўся). Будь добр, подготовь мне подробную записку». – Гм-гм-гм... Пазіраючы ў акно, Зайцаў ажно здзівіўся: вясна ўжо на дварэ. Высокае, блакітнае, з кучмамі белых воблакаў неба, сухія чырвона-рудыя дахі, шэрыя сцены дамоў, паўпразрыста зялёныя дрэвы, лёгка апранутыя, але на ўсялякі выпадак з парасонікамі прахожыя, гучны гарадскі шум, далёкі паравозны гудок, вазок з важнай персонай... Жыццё ідзе сваім ходам. Не, не зусім сваім. Яго хочуць перайначыць розныя каліноўскія, але на іх былі, ёсць і будзем мы, ахоўнікі заведзенага ладу і ходу. І мы вечныя, хоць некаму і ненавісныя. Часамі нават сваім. Як вось я. Саслужбоўцам, радні, жонцы і дачцы. Нават часамі сам сабе непрыемны. Ды трэба несці свой крыж. Хоць бы для абранай ідэі: без яе, вялікай ідэі, кожны толькі рабсіла, люд – статак. Ці трэба ісці да Весяліцкага з дакладам? Не. А да Мураўёва? Можа, напісаць адразу ў Пецярбург? Не. Самому туды вытыркацца не варта: не дужа да спадобы будзе там ягоны ліст. Няхай пойдзе да іх запіска з подпісам Мураўёва, няхай той спатоліць на сталіцу сваю злосць. Што да яе, злосці Мураўёва на Пецярбург, то гэта нікому не сакрэт: той, калі быў там міністр дзяржаўнай маёмасці, выступаў супраць адмены прыгону, пярэчыў нават самому цару («Будзе развал імперыі, вялікай дзяржавы, бо падзе апора ў асобе памешчыкаў-дваранаў, а просты люд стане незалежны»), дык цар меўся пагнаць яго ў адстаўку. Імператар асцерагаўся вялікага сялянскага бунту, новага Пугачова. Ды не хацеў выглядаць рэтраградам перад светам: вунь у Амерыцы рабства адмяняюць, а вялікая Расія – што, будзе ўтрымліваць яго і даваць глебу для розных рэвалюцыянераў? Калі ўспыхнула ў Польшчы і тут паўстанне, цар з радасцю сплавіў Мураўёва сюды: едзь, дабі тое, што не дабіў раней. «Не дабіў!» – у думках перадражніў імператара Мураўёў: дабіў бы, але ж Мікалай І не ўсё мною задуманае дазволіў чыніць, лічачы, што тое-сёе празмернае і накліча вялікі гнеў. Зайцаў перадаў справу на «покорного слугу Владимира» Мураўёву. Той праз некалькі дзён паклікаў яго. Выйшаў з-за стала, ветліва сустрэў. Здаецца, шчыра паважае, цэніць за розум і паслугі. Немалады ўжо, гадоў пад семдзесят, але яшчэ жвавы, напорысты. «Старый осёл», «бульдог». Апошняе – ад таго, што быў азызлы, нізкалобы, з жорсткімі валасамі, шыракатвары, з масіўным падбародкам, нібы абсечаным носам, з халодна-пранізлівым позіркам, ад чаго ў таго-сяго ажно стыла кроў, з абвіслымі па-сабачаму шчокамі. – Слушай, – калі парукаўся, дабрадушна абурыўся Мураўёў, – зачем ты всучил мне дело про какого-то неудачливого агента-белорусца? Он же уже давно сидит. Или ему надо ещё добавить? «Не разабраўся ўсё ж. Асёл». – Можна дадаць, Міхаіл Мікалаевіч, – як і прасіў Мураўёў, Зайцаў звярнуўся да гаспадара па-сяброўску, – а можна вызваліць і папрасіць выбачэння. – Нават так? – здзівіўся Мураўёў, цяжка і важна ўзяў папку, апусціўся на канапу, рукой запрасіў прысесці побач. – Але ж, дружа, доказна выкрылі яго злачынства. Яркія дакументы антыўрадавага характару выявілі ў яго. – Гэтыя паперы, Міхаіл Мікалаевіч, ён прынёс ім сам. І збіраў іх менавіта для ахранкі. – Не разумею нічога, – прызнаўся Мураўёў. – Вельмі ж хітрамысна пляце павуціну ваша служба. – Гэтае дасье, Міхаіл Мікалаевіч, прэцэндэнт. І вялікі. Я сказаў бы нават больш: велізарны промах пецярбургскай ахранкі, калі ўважліва чытаць не столькі жандарскія высновы, а лісты, даносы, асабліва першыя, асуджанага. У іх уся соль. Я, Міхаіл Мікалаевіч, вельмі здзівіўся, як пецярбуржцы ахвотна перадалі нам гэтую выкрывальную для іх справу! Не мы тут, а яны там «сундуки»! – Ну, дружа! – І стары Мураўёў, які шмат чаго пабачыў, чыніў, уразіўся. – Не тамі, патлумач атупеламу старцу свае пільныя назіранні. – Уся соль, Міхаіл Мікалаевіч, у тым, што ніякага мецяжу тут магло не быць. Каб не промах пецярбуржцаў. Яго, мяцеж, мог прадухіліць вось гэты студэнт-беларусец, наш тайны агент. У Мураўёва выцвілыя, цяпер вадзяна-шэрыя вочы палезлі на лоб. – Гэты «покорный слуга Владимир», як вы, Міхаіл Мікалаевіч, заўважылі, – пачаў далікатна тлумачыць Зайцаў, – мясцовы, родам з-пад Ашмянаў. Тут, у Вільні, скончыў гімназію і паступіў у Пецярбургскі універсітэт, сустрэўся там з землякамі, сышоўся з нелаяльнымі да нашага ладу, асабліва з нацыянальна настроенымі. Праўда, сярод іх было нямала і нашых, рускіх, выкармленых на злачынных трызненнях герцэнаў ды чарнышэўскіх, а таксама палякаў і ўкраінцаў. Жыў ён, як і той жа Каліноўскі, у нястачы. Гэта і спажыла наша ахранка, падлавіла на дробязі, пагаварыла мякка і спакусіла грашыма. Вось і з’явіўся наш «покорный слуга Владимир», «Владимир Иванов». Часта прыязджаў сюды, у наш край, зразумела, па даверы «паплечнікаў», па іхніх паролях і яўках знаўся тут з апазіцыйна настроенымі, выведваў ад іх патаемнае. Як заўважылі, якраз ён перасцярог нас, што ў красавіку 1861-га будзе тут студэнцкая зборня, пачаў пакрысе асочваць будучых мяцежнікаў, эмісараў, такіх, як вольны слухач Маскоўскага універсітэта Юльян Чаноўскі. Яго, «Владимира», спецыяльна пасылалі з Пецярбурга ў Мінскую губерню выявіць, хто і дзе там піша крамольныя адозвы, і ён падаў думку, што, скажам, падбухторніцкую «Гутарку старога дзеда» мог скласці Дунін-Марцінкевіч. Сённяшнія платныя тайныя мінскія агенты, той жа вершаплёт-шызафрэнік Скублаў, настойваюць на гэтым, мінская ахранка ўзяла Дуніна-Марцінкевіча пад пільны нагляд, робіць усё, каб ён не надрукаваў ні радка на беларускай мове. «Владимир» яшчэ памог выкрыць некалькіх ксяндзоў-падбухторшчыкаў, кадэта інжынернага вучылішча Мінейку, што летась валадарыў мяцежнікамі каля Ашмянаў, нелегальную бібліятэку ў Пецярбурзе. Мураўёў слухаў вельмі ўважліва і, было відаць, яго вельмі цікавіла інтрыга з Пецярбургам. – Увесну 1862-га, як ведаеце, Міхаіл Мікалаевіч, тут, у Вільні, палячышкі, беларусцы і літоўцы пачалі выдаваць падпольны рукапісны часопіс «Jednoњж» – «Еднасць». Мы, зразумела, кінуліся шукаць пісакаў, што цешылі сябе ідэяй Рэчы Паспалітай, Вялікага Княства Літоўскага, – вёў далей Зайцаў. – І тут у чэрвені таго года трапляе нам у рукі ліст з подпісам невядомага нам «Уладзіміра», прабачце, «Уладзіміра Іванова». Уважліва чытаем. Адразу было бачна: аўтар-ананім яшчэ малады, кемлівы, дасведчаны ў патаемных справах зламыснікаў, але галяк. І, галоўнае, прадажны. Як кажуць тут, за капейку вош у Маскву пагоніць альбо родную маці прадасць. «Чуў, – піша, – што вы можаце даць 1600 рублёў за тое, калі хто падкажа, дзе рэдакцыя насцярожлівага для вас часопіса. Я не пасягаю на столькі, але мне цяпер трэба 800 рублёў срэбрам. Калі дасцё 200 ці 300 задаткам, то адкрыю вам таямніцу. Не дасцё – буду шукаць шчасця ў Пецярбурзе». Мураўёў «апусціў» вочы з лоба, захітаў галавою, але не падаў голасу, слухаў. – Мы, Міхаіл Мікалаевіч, – не стрымаўся, пацешыўся сваёй праніклівасцю Зайцаў, – зразумела, абнюхалі, абмацалі кожнае слова. «Чуў» пра 1600 рублёў – сапраўды, мы тайным агентам абяцалі такія вялікія грошы за лухту, але на самай справе за агромністай сілы бомбу. Значыць, ананім ці з нашай службы, ці з нашых тайных агентаў, ці, чорт ведае, хто. «Мне цяпер трэба 800», але возьме нашмат меншы задатак за ўведанае ім. І да ўсяго, дарагі Міхаіл Мікалаевіч, усіх нас не магло не насцярожыць апошняе: «буду шукаць шчасця ў Пецярбурзе». У разгадцы гэтай імпрэзы нямала патаемнасцяў: ён у адчаі? палохае? Але для нас, сышчыкаў, выбачайце, Міхаіл Мікалаевіч, была і яшчэ адна пагроза: а раптам ён, гэты тыпус, коціць на нас, «сундуков», бочку па загадзе пецярбужскіх разумнікаў? – А ці не быў гэта звычайны сукін сын? – усклікнуў Мураўёў, трасучы «сабачымі» шчокамі. – Ці не бессаромны вымаганец? – Выбачайце, Міхаіл Мікалаевіч, але амаль так жа ўсклікнуў і генерал-губернатар Назімаў, калі я паказаў яму гэты ліст. Ды мая роля, Міхаіл Мікалаевіч, сціплая: я сказаў яму, што не трэба пасылаць к чорту нягодніка, але нашага ж, яго трэба выціснуць, каб як след спажыць. Ён, заўважце, намякае і на іншыя вывіжаваныя ім тайныя суполкі. А ён, дарагі Міхаіл Мікалаевіч, як відаць з сённяшняга дня, выводзіў нас ужо тады на такіх верхаводаў мецяжу, як Аляксандр Аскерка, Францішак Далеўскі. мог, чуеце, мог вывесці і на генія беларусцаў ці іхняга дыктатара Каліноўскага. Назімаў мяне паслухаў, загадаў паслаць ананіму задатак. Яшчэ ён падумаў-падумаў і выклікаў мяне: пашлі гэты ліст у пецярбургскую ахранку, няхай яны ведаюць, што ёсць такі «покорный слуга Владимир», што мы зачапілі яго на кручок. Але няхай яны, сталічныя, самі разбіраюцца, што ён за пеўнік, які інтрыгуе і нас, і іх. – Ліс! – усклікнуў Мураўёў. – І я, паверце, дарагі Міхаіл Мікалаевіч, – і шчыра, і лісліва імгненна прыляпіў правую руку да левай грудзіны, як кажуць, «да сэрца», Зайцаў, – менавіта так тады падумаў я. Такім чынам ён падстрахаваўся. Нават на будучыню. А Пецярбург, паўтаруся, заваліў справу. Мы тут з яе маглі многае вывудзіць, прадухіліць. – А можа, і добра, Аляксандр Іванавіч, што не прадухілілі. Цяпер ёсць большы і спрыяльнейшы шанец выкараніць тут усю заразу, – сказаў Мураўёў, – так што давай, дружа, Назімава не чапаць. Мы з табой возьмем на сябе і ўвесь цяжар расправы, і поспех ды славу пераможцаў. Адразу ж воўчыным нюхам-духам учуўшы змену настрою Мураўёва, Зайцаў абачліва падхапіўся: – Ёсць, граф... ваша... – Ды сядзі, – махнуў-загадаў правай рукой Мураўёў. – Я цяпер зразумеў: у Пецярбурзе, калі займелі на руках ліст з Вільні на «покорного слугу Владимира Иванова», ускіпелі: а ты водзіш за нос, страшыш і нас? На праціўніках імперыі і яе шчырых абаронцах хочаш, мярзотнік, нажыцца? – Так-так, Міхаіл Мікалаевіч, – падтакнуў Зайцаў. – Менавіта так. Вы ўсё мудра разгадалі. Агент-двайнік ці трайнік раздражніў іх. Вось яны загадалі яму прынесці ўсё ім сабранае, патайное, разлічанае для продажу, а пасля ўсё гэта аформілі як здабытае іменна імі, злачынна ўчыненае ім, злачынным польска-беларусцам. Гэта, Міхаіл Мікалаевіч, подлы метад, але без яго часамі не абысціся. Разумею, – вяла сказаў Мураўёў. Памаўчаў, а потым жвава-напорыста папрасіў: – Падкажы, даражэнькі Аляксандр Міхайлавіч, што цяпер рабіць асабіста мне пасля твайго дакладу? Я маю вялікі козыр у руках супраць Пецярбурга. Тым больш цяпер, калі нейкія (ён сказаў не «нейкія», а мацюговыя словы) лемантуюць (замест гэтага таксама лаянка з лаянкі), Аўстрыя, Францыя і Англія сіпяць, што Пецярбург, я тут паводзімся як драпежныя звяры. Пецярбургу такой бяды, пашумяць-пакрычаць і сціхнуць, бо з ім нельга не лічыцца. А што са мной? Усё звярынства тут зноў браць мне? Ці, лепш сказаць, скідваць на мяне? – Гэта ваша вялікая місія, Міхаіл Мікалаевіч... – Ды перастань, – шчыра, груба абарваў яго Мураўёў. – Я зусім не «стары асёл», «бульдог» ці «мопс», як лічыце вы, ахранка. Я ўзваліў на свае плечы непамернае, грубае, злоснае, але для Расійскай імперыі неабходнае: я дзесяцігоддзямі тапчу, затоптваю, выразаю, высякаю тут усе парасткі мясцовага. Мяне хваляць, узнагароджваюць і мяне за гэта ненавідзяць у маёй любай Расіі. – Ды што вы, Мі... – Ціха! – зноў груба абарваў яго Мураўёў. – І ты, і я ведаем – і добра ведаем, – што робім тут страшэнную, нечалавечую работу, каб адразу ж знішчыць узыход кожнай нацыянальнай раслінкі, зрабіць край падуладным нашым дзецям, унукам і праўнукам*. – Міхаіл Мікалаевіч... Мураўёў, узгарачаны, успацелы, зноў перапыніў яго ўзмахам рукі: – Ладна, палкоўнік, – сказаў. – Ты не чуў, што я сказаў у эмоцыях апошняе. Я быў, ёсць цвёрды: па маім загадзе не менш як 128 мяцежнікаў пакараем смерцю, больш за 12 тысяч вышлюць на катаргу і пасяленне ў Сібір. Я даю табе, дарагі мне Аляксандр Міхайлавіч, даручэнне вялікай важнасці: складаць і складаць спісы ўсіх, хто не толькі прагне, але нават імкнецца, як тут кажуць, «дыхаць на поўныя грудзі». Абарвем, не дадзім такога дыхання. Гэта – мой загад. І на далёкую будучыню! – Ёсць! – зноў падхапіўся Зайцаў. На гэты раз Мураўёў, стомлена, але вальяжна седзячы на канапе, на аблакотніках якой ляжалі выразаныя з дрэва львы, раптам жвава, з гуллівымі чорцікамі ў вачах, неяк помсліва пасміхнуўся: – Аддай гэтую папку Весяліцкаму. Няхай ён, балван, вывучыць яе і па ёй пашле свой даклад у Пецярбург. «Во стары асёл, – здзівіўся ўжо праніклівы Зайцаў. – Ды ты большы крывапіўца, чым я». Але ўголас сказаў: – Ёсць. Зробім усё так, як вы, Міхаіл Мікалаевіч, загадалі. ...«Патриот», «ветеран присоединения польско-белорусско-литовского края», Мураўёў пажыў сыта, са старэчай буркатнёй на новыя «порядки», але няшмат. У 1866 годзе памёр. У нечым ён сам вызначыў свой лёс, сваё месца ў гісторыі, у нечым меў рацыю Кастусь Каліноўскі: адным імя, справы яго патрэбныя, іншымі – клятыя. Зайцаў займеў генеральскі чын, багацце, «благочинно» дажываў сваё; «Владимир Иванов» віжаваў на Поўначы за ссыльнымі, пісаў на іх даносы, каб такім чынам выслужыцца і выбавіцца са ссылкі, вярнуцца на радзіму, хоць яшчэ ў 1870 годзе мітусіўся ў Архангельскай губерні. Мне вядомыя сапраўдныя прозвішчы следчага Зайцава і тайнага агента «Владимира Иванова», але я лічу нявартым называць іх.
* Мураўёву пасля ягонай смерці паставілі ў Вільні помнік як «усмирителю» края. Ды помсціла яму тутэйшая моладзь: абмазвала помнік воўчым тлушчам, уночы з усёй Вільні збягаліся блудныя сабакі і аббрэхвалі пастамент. Ставілі варту, але сабакі рабілі сваё і здалёк. Перад наступленнем кайзераўцаў на Вільню помнік Мураўёву вывезлі ўглыб Расіі.
|
|
|