Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(26)/2003
Галерэя
З жыцця Касцёла
Мастацтва
У свеце Бібліі

СУСВЕТНЫ ПАТОП
На шляху веры
Сведчаць архівы
Проза

ТРАЙНЫ АГЕНТ
Паэзія

СІЛА АД РОДНАЙ ЗЯМЛІ

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Нашы святыні
Мастацтва
Проза

МОЙ БРАТ ДУХОЎНЫ
Культура

Збігнеў НАСОЎСКІ

КАСЦЁЛ ПОСТСАВЕЦКІ, КАСЦЁЛ НАРМАЛЬНЫ

«Скончыліся часы пераследу, але не скончыўся час выпрабавання веры», — з такімі словамі арцыбіскуп Станіслаў Рылка (да нядаўняга часу — сакратар, а цяпер — кіраўнік Папскай Рады па справах свецкіх) звярнуўся да свецкіх католікаў былога Савецкага Саюза, якія сабраліся ў Кіеве.

Кангрэс свецкіх католікаў Усходняй Еўропы быў арганізаваны па ініцыятыве гэтай жа Рады, якая займаецца падобнымі праектамі ў тых рэгіёнах свету, дзе касцёльныя структуры больш слабыя, і таму ім патрэбна дапамога з Ватыкана. Мерапрыемствы адбываліся з 8 па 12 кастрычніка гэтага года ў Кіеве, а дакладней, — у санаторыі «Азёрная пушча», які належыць МУС (што для многіх удзельнікаў было спецыфічным знакам часу). Месца правядзення кангрэса было выбрана з практычных меркаванняў: у самым Кіеве цяжка знайсці памяшканне, дзе 300 чалавек маглі б адначасова жыць, маліцца і весці дыскусіі.

Капліца ў танцавальнай зале

Гэта было нешта незвычайнае, калі нашай часовай капліцай стала зала, прызначаная для танцавальных вячорак у санаторыі — ва ўрадавым цэнтры, які вельмі добра ахоўваецца. Зрэшты, цікава, што крыж цудоўна ўпісаўся ў арыгінальнае афармленне залы. Калі пасля заканчэння кангрэса я ўбачыў гэтую ж залу без крыжа, яна здалася мне незвычайна пустой...

Удзельнікамі кангрэса былі перадусім свецкія дэлегаты з 14 дзяржаваў, якія ўзніклі пасля распаду Савецкага Саюза: католікі з рыма-каталіцкага і грэка-каталіцкага Касцёлаў Эстоніі, Латвіі, Літвы, Расіі, Беларусі, Украіны, Малдовы, Грузіі, Азербайджана, Казахстана, Узбекістана, Туркменістана, Кыргызстана і Таджыкістана. На жаль, не было толькі асобных прадстаўнікоў Арменіі, дзе структуры рыма-каталіцкага Касцёла агульныя з грузінскімі (апостальская адміністратура Каўказа для католікаў лацінскага абраду), па гэтай жа прычыне армянка, якая прымала ўдзел у кангрэсе, прыехала ў складзе грузінскай дэлегацыі.

235 свецкіх ўдзельнікаў кангрэса былі дэлегаваныя канферэнцыяй епіскапату сваіх краінаў альбо (калі ў краіне няма канферэнцыі епіскапату) іншымі, адпаведнымі для дадзенай краіны касцёльнымі структурамі. Акрамя дэлегатаў з асобных краінаў у Кіеў прыехалі таксама прадстаўнікі хрысціянскіх рухаў аднаўлення, якія актыўна дзейнічаюць на гэтай тэрыторыі. Прысутнічалі заснавальнікі альбо актыўныя дзеячы такіх супольнасцяў, як «Рух Факаляры», «Супольнасць св. Ідзія», рух «Святло-Жыццё» (у тым ліку, «Хатні Касцёл»), «Сужэнскія сустрэчы», «Неакатэхуменальны шлях», «Эмануэль», «Арка». Зразумела, удзельнікамі кіеўскага кангрэса былі таксама біскупы і святары.

Атмасфера, якая панавала ў зале, у кулуарах і ў сталовай, дазваляла зрабіць першую выснову: у Касцёле на гэтых тэрыторыях вядучую ролю адыгрывае духавенства. У кангрэсе ўдзельнічала шмат выдатных людзей, з якімі варта было наладзіць больш цесны кантакт. На жаль, пераважная большасць іерархаў лічыла за лепшае спажываць пасілкі за «біскупскім» сталом замест таго, каб выкарыстаць гэтую непаўторную магчымасць пазнаёміцца са свецкімі вернікамі з розных краінаў. З гэтага пункту гледжання адрозніваліся ад іншых іерарх украінскай грэка-каталіцкай Царквы кардынал Любамір Гузар і арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч з Масквы. Абодва яны, незвычайна шчырыя, адкрытыя, увесь час былі акружаны людзьмі, якія жадалі з імі паразмаўляць.

Постсавецкі свет?

Афіцыйная назва сустрэчы ў Кіеве — Кангрэс свецкіх католікаў Усходняй Еўропы — нараджала сярод яго ўдзельнікаў пэўныя сумненні. Па-першае, паўнапраўнымі і вельмі значнымі ўдзельнікамі гэтай сустрэчы былі дэлегаты з постсавецкіх азіяцкіх краінаў. Іх сітуацыя і да гэтага часу ў чымсьці нагадвае перыяд камунізму. Тыповай мадэллю развіцця палітычнай сітуацыі ў гэтых краінах стала аўтарытарная, часам пажыццёвая, улада прэзідэнта, а найчасцей — былога першага сакратара камуністычнай партыі. Лёс нешматлікіх групкаў католікаў у гэтых мусульманскіх краінах бывае вельмі складаны.

Па-другое, узнікалі пэўныя сумненні адносна абмежавання ўдзельнікаў кангрэса толькі постсавецкімі краінамі. Літоўцы нават казалі, што арганізацыя касцёльнай сустрэчы паводле крытэрыяў краінаў былога Савецкага Саюза — гэта працяг савецкага, штучнага падзелу свету, а яны самі, як і прадстаўнікі іншых балтыйскіх краінаў, не адчуваюць сябе часткай постсавецкай прасторы.

Выбар фармулёўкі кангрэса быў, напэўна, складанай задачай. Калі б кола ўдзельнікаў сустрэчы дапоўнілася яшчэ іншымі прадстаўнікамі посткамуністычных краінаў, гэта вымагала б непараўнальна большых арганізацыйных намаганняў і велізарных выдаткаў.

Спадчына мучанікаў і бабулек

Савецкая сістэма імкнулася да цалкавітага знішчэння рэлігіі. Быў прыняты нават план бязбожнай пяцігодкі, згодна з якім усе касцёлы ў Савецкім Саюзе меркавалася знішчыць да 1936 г., а яшчэ праз год павінна было знікнуць і слова «Бог» як увогуле непрымальнае.

Гэты д’ябальскі план, на шчасце, не рэалізаваўся, аднак вызнаўцы ўсіх рэлігій панеслі велізарныя страты. Кіеўскі кангрэс прыгадаў іх сведчанні ва ўспамінах і ў малітвах. Аповеды пра падзеі савецкіх часоў былі найбольш хвалюючай часткай сустрэчы. Найвялікшае ўражанне на слухачоў зрабілі ўспаміны 89-гадовага кардынала Казіміра Свёнтка, які 10 гадоў правёў у савецкіх лагерах, а з 1991 г. з’яўляецца мітрапалітам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Усе запомнілі яго аповед пра тое, як да варкуцінскіх вязняў падчас ламання аплаткам знянацку прыйшоў начальнік лагера. «Я выцягнуў да яго руку і прапанаваў падзяліцца з намі аплаткам з нагоды свята Божага Нараджэння, — успамінаў кардынал. — Узнікла своеасаблівая і поўная напружання сітуацыя. Дзве працягнутыя рукі: мая — з аплаткам, і кадэбіста — з пісталетам. Хто першы апусціць руку? Першая апусцілася з пісталетам. Начальнік схаваў пісталет у кабуру, папрасіў прабачэння за тое, што не можа прыняць аплатка на службе, аднак дазволіў працягваць нашу цырымонію».

Успаміны кардынала Свёнтка выклікалі нечаканае прызнанне. Грэка-каталіцкі святар з Закарпацця, а. Ян Ісаевіч, расказаў, як ён, былы вайсковец, быў прызваны ў падраздзяленне АМАП, якое займалася ўціхамірваннем імкненняў да незалежнасці ў савецкіх рэспубліках. Ён апынуўся ў Мінску, дзе перад запланаванай сутычкай з мірнай маніфестацыяй Беларускага Народнага Фронту, зайшоў памаліцца ў каталіцкую святыню. Там да яго падышоў ксёндз і запытаў, ці мае ён намер страляць у беларускіх хрысціянаў. Гэтае пытанне змяніла жыццё маладога чалавека. На шчасце, падчас сутычкі з БНФ яму не давялося страляць. Пазней ён вырашыў стаць святаром. Толькі на кіеўскім кангрэсе ён зарыентаваўся, што той ксёндз з Мінска — гэта цяперашні кардынал... Сваё сведчанне кс. Ісаевіч назваў актам пакуты за грахі хрысціянаў, якія, несучы службу ў АМАП, падчас падаўлення дэманстрацый за незалежнасць у розных частках тагачаснага СССР, пралівалі кроў бязвінных людзей.

Вялікім перажываннем падчас кангрэса была таксама літургія, якую цэлебраваў кардынал Любамір Гузар у кіеўскай царкве айцоў базыльянаў. Падчас яе ўспаміналіся мучанікі розных краінаў. На жаль, прагучалі імёны толькі каталіцкіх мучанікаў, а між тым літургічны ўспамін пра хрысціянаў іншых веравызнанняў, якія аддалі жыццё за Хрыста, быў бы добрым прыкладам веры ў экуменізм мучаніцтва. Дапускаліся таксама істотныя памылкі, напрыклад, адзін з літоўскіх мучанікаў быў згаданы як латыш...

Хрысціянская вера захавалася ў савецкім свеце не толькі дзякуючы мучанікам. Безыменнымі гераінямі барацьбы за веру былі бабулькі — жанчыны, якія патаемна вучылі сваіх дзяцей і ўнукаў асноўным малітвам. Часам ім даводзілася дзесяткі гадоў чакаць вяртання святара ў пакінутую і знішчаную святыню. Ім горача апладыравалі ў Кіеве, хаця іх, зразумела, не было ў зале. Шмат такіх бабулек многія з удзельнікаў маглі б пералічыць пайменна...

Вяртанне да нармальнасці?

Кіеўскі кангрэс не канцэнтраваўся выключна на мінулым: ён праходзіў пад лозунгам «Быць сведкамі Хрыста сёння». І свецкія, і духоўныя ўдзельнікі сустрэчы былі вельмі зацікаўленыя ў дыскусіі пра жыццё Касцёла, яго будучыню. Сітуацыя свабоды патрабуе сёння новага падыходу, нават калі грамадска-палітычную рэчаіснасць у некаторых постсавецкіх краінах складана назваць словам «свабода».

У пасланні кангрэса гаворыцца, што самай важнай праблемай сёння з’яўляецца менавіта тое, як трэба карыстацца свабодай. Не варта ліць маладое віно ў старыя мяхі. Як жа быць? Адказ на гэтае пытанне нараджаўся ў дыскусіях, прысвечаных ролі хрысціянаў у сям’і, у школе, ва універсітэце, у грамадскім жыцці. Прагучалі цікавыя даклады, вяліся дыскусіі пра моладзь, пра тое, як на практыцы рэалізаваць экуменізм, прымаючы пад увагу напружаныя адносіны паміж католікамі і праваслаўнымі.

Сённяшнюю сітуацыю Каталіцкага Касцёла на постсавецкіх тэрыторыях можна ахарактарызаваць як вяртанне да нармальнасці. Я маю на ўвазе не нейкую ідылію, а рэальнае жыццё, поўнае праблемаў і напружання. Такі ўжо лёс хрысціянаў — ніхто ім не абяцаў лёгкага жыцця. Адноўлены Касцёл яшчэ не да канца ўсведамляе сваю абранасць, значнасць. На жаль, ёсць відавочнае напружанне паміж памяркоўнай палітыкай Ватыкана ў адносінах да Масквы і імкненнямі расійскіх католікаў, якія проста кажуць пра тое, што калі-небудзь ім, магчыма, трэба будзе адказваць перад Богам за душы, якія яны маглі б прывесці да Хрыста, але, нягледзячы на рэлігійную свабоду, не зрабілі гэтага з-за палітыкі, якую праводзіць Касцёл...

Пра глыбокі крызіс экуменічнага руху гаварыў таксама біскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У яго прамове адчуваўся жаль за тое, што людзі з Захаду, якія маглі б дапамагчы Каталіцкаму Касцёлу ў Расіі, не разумеюць альбо не хочуць разумець спецыфічнай сітуацыі ў гэтым рэгіёне. Мітрапаліт з Масквы падкрэсліў таксама існаванне небяспекі ўплыву спецслужбаў і ўрадавай палітыкі на дзейнасць Цэркваў.

Застаецца незразумелай сітуацыя Грэка-Каталіцкай Царквы і яе роля ў напружаных адносінах паміж католікамі і праваслаўнымі. Уніяты скардзяцца, што рыма-католікі не разумеюць спецыфікі іх Царквы. Праваслаўныя таксама ігнаруюць факт існавання уніяцкай Царквы. Аднак бывае і наадварот: адзін з грэка-каталіцкіх удзельнікаў дыскусіі ўжываў фармулёўку «Царква гэтак званая праваслаўная»...

Характэрнай праявай такога напружання было пытанне, з якім іерарх Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы звярнуўся да кс. Юзафа Мая, польскага езуіта, які працуе ў Ватыканскай Радзе падтрымкі еднасці хрысціянаў. Пасля таго як быў прачытаны рэферат кс. Мая, кардынал Гузар запытаўся, якія меры прымаюцца для таго, каб у Расіі мог афіцыйна дзейнічаць Каталіцкі Касцёл усходняга абраду. Адказу на пытанне ён не атрымаў і не мог атрымаць: справамі Усходніх Касцёлаў у Ватыкане займаецца іншая кангрэгацыя. Істотна тое, што, па словах кардынала Гузара, экуменічная дыпламатыя да гэтага часу прыносіла больш шкоды, чым карысці.

На сітуацыю хрысціянскіх супольнасцяў на гэтых тэрыторыях значна ўплывае і той факт, што ў многіх месцах і пры розных нагодах выяўляе сябе трывалы прадукт савецкай сістэмы — homo sovieticus. Сляды камуністычнай прапаганды ў чалавечай свядомасці вельмі глыбокія і ўплываюць на сённяшнюю мараль і стыль жыцця. Я маю на ўвазе як узровень практычнага ці тэарэтычнага атэізму, так і ігнараванне нормаў маралі (распаўсюджанасць абортаў, хабарніцтва і г. д.). У такой сітуацыі Касцёлы павінны адыграць вялікую ролю не толькі ў рэлігійнай сферы, але таксама ў маральным адраджэнні ўсяго грамадства.

Час свецкіх, час пастыраў?

Нягледзячы на намаганні арганізатараў кангрэса, сведчанні ўсё ж атрымалі перавагу над дыскусіямі. Не было сфармулявана ні планаў пастырскай дзейнасці, ні захапляльных канцэпцый супрацоўніцтва католікаў розных краінаў. Зразумела, што такія планы не распрацоўваюцца ў падобным шматлюдным коле, да таго ж, гэта была першая такога тыпу сустрэча. Я не мог, аднак, пазбавіцца думкі, што яна была і апошняй.

Чым даўжэй мы будзем жыць у XXI стагоддзі, тым меншае значэнне для касцёльнага «сёння» будзе мець факт пераследу ў савецкі час. Пра яго трэба будзе памятаць, бо без усведамлення палітыкі атэізму камуністычнай сістэмы немагчыма зразумець многіх тутэйшых рэаліяў. Аднак будучыню будуць вырашаць іншыя фактары, залежныя перадусім ад тых, хто сёння стварае і ўзначальвае Касцёл.

Удзельнікі кіеўскага кангрэса ў адзін голас казалі, што ён быў для іх вялікім дарам. Кангрэс адбываўся якраз перад юбілеем 25-годдзя пантыфікату Яна Паўла ІІ, таму ён стаў дарам і для Святога Айца, які шмат зрабіў дзеля вызвалення краінаў Усходняй Еўропы ад ярма камунізму.

Дар гэтай сустрэчы адначасова з’яўляецца заданнем. Найбольш важных заданняў, як мне здаецца, два. Адносна мінулага — неабходна зрабіць тэалагічныя і пастырскія высновы з вопыту камуністычнага пераследу; стварыць тэалогію пасля Гулагу, якая стане дарам Касцёла гэтай часткі Еўропы для паўсюднага Касцёла. Адносна будучыні — трэба ўрэшце зразумець, што час свецкіх настаў на гэтых тэрыторыях не цяпер, а значна раней, калі людзі стыхійна пераходзілі ў новыя хрысціянскія супольнасці. Сёння здаецца, што надышоў час пастыраў — энтузіязм і запал неафітаў патрабуе мудрага духоўнага кіраўніцтва. Неабходна, каб дзейнасць паасобных рухаў і супольнасцяў каардынавалася душпастырамі. Не абысціся нам без бачання пазіцыі Касцёла як у адносінах да іншых веравызнанняў, так і ў адносінах да грамадства. Самі свецкія, нават калі яны маюць самыя шчырыя памкненні, рэалізаваць гэтага не могуць.

Ці будуць у стане хрысціяне гэтых краінаў добра зразумець свае заданні? Ці атрымаюць яны адпаведную падтрымку з боку сваіх пастыраў? Ці не рызыкуюць яны апынуцца ў сітуацыі, якую трапна апісаў Юрый Підлісны, старшыня студэнцкага каталіцкага таварыства «Аднова», якое ўтварае маладая грэка-каталіцкая інтэлігенцыя: «Шмат свецкіх католікаў у нас ведаюць, што трэба нешта рабіць, але не ведаюць, што...».

«Więź» №11.
Пераклад з польскай мовы
Т. Мухляды


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY