|
|
№
4(26)/2003
Галерэя
З жыцця Касцёла
Мастацтва
У свеце Бібліі
На шляху веры
Сведчаць архівы
Проза
Паэзія
Нашы святыні
Мастацтва
Проза
Культура
|
Калі другі раз я трапіў у лагер, каталіцкі ксёндз падказаў мне методыку ачышчэння сябе малітвай, а я дапоўніў яе ўласнымі практыкаваннямі. Сутнасць методыкі такая: у поўдзень і перад сном я раблю рахунак сумлення і запісваю ў спецыяльны разграфлёны нататнік: па шырыні — грахі (іх адзначаю мінусамі), па вышыні — даты (адсутнасць грахоў адзначаю плюсамі). Ранкам, апоўдні і ўвечары малюся і прашу Бога, каб вёў мяне да добрага, адводзіў мяне ад правінаў. Кожны дзень раздумваю з медытацыяй, які я грэшны, які агідны ў грахах. Кожны дзень малюся Ружанец з разважаннем пра жыццё Езуса Хрыста і Маці Божай, чытаю Евангелле, колькі маю на гэта часу, пры настроі малюся. Малюся, колькі маю сілы, колькі хачу. Калі дапускаю грэх, перажываю, плачу, душа баліць, цела на нарах курчыцца ад жалю, бо зняважыў я Таго, хто палюбіў мяне, зневажаю сваімі нікчэмнымі ўчынкамі майго міласэрнага Бога. Караю сам сябе двухдзённым галаданнем за кожны грэх і двухтыднёвым маўчаннем, калі адказваю людзям толькі словамі «так» або «не». Ранкам і ўвечары малюся на нарах пад коўдрай — лепшага месца самоты ў лагеры няма. Удзень я шукаю месца, дзе менш людзей, малюся ў думках, моўчкі, каб людзі не бачылі, што я малюся. Перад пачаткам малітвы заплюшчваю вочы і ўяўляю ўсюдысутнага Бога. Думаю, што Ён пры мне, што Ён бачыць мяне, давяраю Богу сваю скруху, нікчэмнасць, свой боль, жаль, аддаю сябе ў Яго добрыя рукі, пачынаю, супакоены, маліцца. Пакуль мае думкі блукалі невядома дзе, я не пачынаў маліцца. Пакуль мая душа не пераставала хвалявацца, спадзявацца на сябе, не на Бога, я маліцца не пачынаў. Нельга наліць у збанок віна, пакуль у збанку ёсць вада. Толькі ў пакоры мы кленчым перад Богам. Я думаю пра гонар чалавека ганарыстага. Чалавек ганарысты выглядае перад міласэрнасцю Бога нікчэмным. Быць пакорлівым перад абліччам Бога зусім не тое самае, што поўзаць перад людзьмі. Быць пакорлівым перад справядлівым Богам — гэта памятаць заўсёды, з якой пакорай ідзе Адзіны Сын Бога на Крыж, каб збавіць людзей. Так я думаў і маліўся, думкамі і малітвамі ачышчаў свае цела і душу. Я плакаў ад віны перад Богам, гонар ўва мне знікаў. Я спрабаваў дзяліцца сваімі думкамі, каб дапамагаць іншым людзям. Людзі слухалі мае прымітыўныя пропаведзі, выказвалі свае думкі. Спачатку я пераказваў тое, што чуў сам ад святароў. Але стаў заўважаць, як быццам ёсць нехта ўва мне, хто падказвае мне, калі і што трэба казаць. Ксёндз і праваслаўны святар патлумачылі, што мне дапамагае Святы Дух. З’явіўся ўва мне таксама голас перасцярогі. Размаўляю з чалавекам, хачу яму запярэчыць, а голас як бы штурхае мяне — «не гавары так». Але я не стрымаўся, запярэчыў, — дрэнна зрабіў, былі непрыемнасці. Пачаў я слухаць той голас. Ішоў аднаго разу дарогаю праз лагер, голас мне кажа, каб не ішоў па гэтай дарозе — я паслухаў і не сустрэў варожага мне чалавека. Атрымаў пасылку з дому і згубіў дарагую мне рэч са скрынкі, вярнуўся, каб знайсці тую рэч, пайшоў на голас — і знайшоў. І разумеў я, што гэты голас не мой, а дае мне разумную параду з тае галавы, хто пасылае да мяне свой голас. І ўспомніў Езуса Хрыста: «Дух дыхае, дзе хоча, і чуеш голас Яго, а не ведаеш, адкуль і куды Ён прыходзіць» (Ян, 3, 8). Са мной адбывалася тое самае — прыходзіў голас і знікаў, я не ведаў — адкуль і куды. Я падумаў і зразумеў, што духі маюць сваё жыццё і сваю волю. А святары патлумачылі, што голас належыць майму Анёлу-ахоўніку. Я дасканаліўся ў малітвах. Спачатку розумам маліўся, адчуваў Бога сэрцам. Аднойчы я маліўся, і так мне цёпла стала, у сэрца ўлілася прыемная хваля цеплыні. І падумаў я, што цеплыня гэтая ідзе ад маёй пакоры, удзячнасці да Бога, ад ачышчэння майго цела і маёй душы, але заўважыў, што цеплыня гэтая не толькі ад мяне залежыць, але ад Божай волі таксама. Мае думкі ачышчаліся, удзячнасць да Бога расла, пачуццё пяшчоты аж захлынала ўсё маё цела. І вялікай асалодай было адчуваць гэтую ласку, калі я маліўся. І здаралася — пяшчота гэтая захоплівала мяне без асаблівых намаганняў. І тады я падумаў, што людзей я не люблю так, як любіць людзей добры Бог. І пачаў прасіць я Усявышняга, каб дапамог мне палюбіць людзей. Быў у лагеры адзін украінскі хлопец — малады, спакойны, як бы ўмацаваны Божаю харызмаю. І пачаў я думаць, што людзі ў сваёй сутнасці ўсе такія, як гэты напэўна веруючы хлопец. І калі я маліўся за людзей, я думаў пра ўсіх, нібы пра гэтага хлопца, каб палюбіць усіх. Аднойчы малюся я на сваіх нарах, думаю пра таго хлопца — мяне ахінае цяпло, з Рафаэлевай Сіксцінскай Мадонны паўстаюць перада мною Божая Маці і Езус Хрыстус, я ажно захлынаюся ад шчасця, у грудзях маіх разгараецца такое цяпло, як ад блізкага вогнішча, і раптоўна ўспыхвае ў грудзях полымя, як бы ў вогнішча нехта лінуў бензіну. Словамі не выкажаш, што са мною было. Нябесная асалода, вялікі прыліў шчасця. Душа мая прытулілася да Бога, адгавелася Богам. Але не доўга гэта трывала. Зноў я шукаў у малітве гэтую слодыч, зноў яе знаходзіў. Плакаў і смяяўся, у поўным забыцці дзякаваў Богу і славіў Бога, у поўным здранцвенні лячыў сябе Богам, нічога не заўважаў навокал. Але каб вельмі хацеў, то пачуў бы і ў такім стане людзей, якія былі ў бараку, але як бы недзе далёка. Душа мая гаілася ў невыказнай слодычы, падараванай мне харызматычнай ласкай. Але праміналі месяцы — гэтай ласкі было ўсё меней і меней, пакуль яна зусім не знікла. Засталося пачуццё, што блізка, за дзвярыма. Адчыніш дзверы — яна ўвойдзе ў сэрца. А сэрца цёплае, як прысак ад вогнішча. Пацямнела маё жыццё. Каталіцкі і праваслаўны святары супакоілі мяне, што нельга знаходзіцца ўвесь час у харызматычнай ласцы, але яна ўмацавала мой дух. Ізноў праміналі месяцы. Аднойчы я на нарах чытаў Евангелле ад Лукі. Калі дайшоў да таго месца, дзе Езус Хрыстус вылечыў жанчыну ад крывацёкаў, сказаўшы ёй «Вера твая цябе выратавала» (Лк, 8, 48), адчуў, што мяне ўдарыла высокай напругай. Мне захацелася гаварыць пра Бога, здавалася, каб пачаў я гаварыць, голас мой загрымеў бы, як гром, вочы мае гарэлі б агнём. Такая сіла была ўва мне, што я мог бы праламіць сцяну ў бараку. І нібы прыбой мора накацілася на мяне такое тройчы. Гэтак, як у кнізе Генрыха Сянкевіча «Quo vadis» Урс звярнуў на арэне цырку шыю быку. Гэтак місіянеры з дапамогай Святога Духа навяртаюць адразу вялікія натоўпы людзей. Скончыліся прыгоды маёй душы. Рэлігійнае жыццё ў лагеры ішло спакойна, як у бальшыні людзей. Але дужым я стаў. Паверыў ва ўсемагутнасць Бога. Калі ўжо Бог са мной захацеў учыніць такое, то чаму ж бы Ён не мог тварыць цуды праз Хрыста, аб якіх расказваюць свету апосталы Езуса Хрыста ў Святым Евангеллі?
Пераклад з рускай мовы
Д. Бічэль.
|
|
|