|
|
№
4(26)/2003
Галерэя
З жыцця Касцёла
Мастацтва
У свеце Бібліі
На шляху веры
Сведчаць архівы
Проза
Паэзія
Нашы святыні
Мастацтва
Проза
Культура
|
Кардынал Казімір Свёнтэк, (...) Неспасцігальная воля Божага Провіду стала прычынай таго, што ўсё маё жыццё святара, а працягваецца яно ўжо амаль 65 гадоў, праходзіць на тэрыторыі Беларусі, за выключэннем дзесяці гадоў савецкіх турмаў і лагераў у Сібіры і на Далёкай Поўначы. Такім чынам, у мяне была вялікая магчымасць не толькі для назірання і разумення, але і для асабістага ўдзелу ў розных праявах і сітуацыях Каталіцкага Касцёла і не толькі ў Беларусі. Таму ў мяне, акрамя маіх уласных шматлікіх сведчанняў, ёсць і сведчанні святароў, законнікаў і законніц, а таксама свецкіх вернікаў, якія пацвярджаюць, з аднаго боку, факты барацьбы з Касцёлам як вестуном веры ў Бога, а з другога – захаванне і абарону гэтай веры ў Бога і вернасці Каталіцкаму Касцёлу. Безумоўна, перш за ўсё мы нізка схіляем галовы перад 23 мучанікамі з Беларусі, якія былі далучаны да шэрагу благаславёных у 1999 і 2000 гг. – гэта чатыры дыяцэзіяльныя святары, два францішканцы, два марыяніны, чатырнаццаць законніц, у тым ліку адзінаццаць назарэтанак з Навагрудка і адна свецкая асоба. Усе яны павялічылі лічбу беларускіх мучанікаў, пачатак якім далі ў ХVІІ стагоддзі біскуп Язафат Кунцэвіч і святы Андрэй Баболя. Новыя благаславёныя мучанікі складаюць невялікую, можна сказаць, як бы сімвалічную лічбу благаславёных сярод мільённых ахвяраў сталінскага і гітлераўскага рэжымаў. Згодна з дадзенымі афіцыйнай статыстыкі паведамлялася, што толькі ў часы праўлення Сталіна загінула 49 мільёнаў чалавек у Савецкім Саюзе. Па сутнасці, увесь Савецкіх Саюз уяўляў сабою адзін вялікі, абнесены плотам з калючага дроту ГУЛАГ, у асобных лагерах якога паміралі ў выніку жудасных умоў працы і жыцця тысячы вязняў. Дазволю сабе некаторыя ўласныя ўспаміны. Пасля таго як я двойчы пабываў у савецкіх лагерах, у тым ліку два месяцы правёў у камеры смяротнікаў, мяне кінулі ў лагеры спецыяльнага рэжыму прымусовай працы спачатку ў сібірскую тайгу, а потым у паўночную тундру. Знаходзячыся ў ізаляцыі, я не сустрэў ніводнага каталіцкага святара і быў пазбаўлены магчымасці спавядацца. Толькі ў апошнія гады знаходжання ў лагеры я раздабыў аплаткі і разынкі, і ўжо мог ва ўкрыцці цэлебраваць Святую Імшу. У якасці келіха мне служыў маленькі фаянсавы кубачак, а кансэкраваныя дары я разносіў католікам у пустым карабку з-пад запалак. На Вялікдзень у прысутнасці некалькіх вязняў-католікаў я адслужыў Святую Імшу ў пральні сярод густой пары. Якім жа красамоўным і кранальным быў пасхальны спеў «Wesoły dzień nam dziś nastał», які я заспяваў. Гэта была самая памятная велікодная рэзурэкцыя ў маім святарскім жыцці. А ў Варкуце я арганізаваў вігілію Божага Нараджэння. З нараў мы зрабілі стол і паставілі на яго розныя стравы. Я паклаў дзве дзённыя порцыі хлеба, зэканоміўшы сваю пайку за два дні. Іншыя, а было нас больш за дзесяць, паклалі лепшыя стравы, якія атрымалі ў харчовых пасылках ад сем’яў. Былі таксама аплаткі. Трымаючы ў руках аплатак, я звярнуўся да сабраных. Голас мой дрыжаў, прысутныя выціралі слёзы. І раптам расчыніліся дзверы і ўвайшоў начальнік рэжыму з пісталетам у руцэ, а за ім салдат з карабінам і штыком. «Што вы робіце?» – запытаўся начальнік. Я стаў насупраць кадэбіста і пачаў тлумачыць абрад вігіліі. Працягнуўшы руку з аплаткам, прапанаваў яму падзяліцца ім і павіншаваць са святам Божага Нараджэння. Узнікла арыгінальная і поўная напружання сітуацыя. Былі дзве працягнутыя рукі: мая – з аплаткам, і кадэбіста з пісталетам. Начальнік схаваў пісталет у кабуру, перапрасіў, што не можа па службовых абставінах прыняць аплатак, але дазволіў працягваць гэту нашу вігілію і выйшаў з салдатам з камеры. Калі ён выходзіў, я заспяваў нашу традыцыйную калядную песню «Wśród nocnej ciszy». Раніцаю наступнага дня я быў пераведзены з Варкуты ў глухую паўночную тундру. І яшчэ адзін эпізод быў вырашальным у маім лёсе ў апошні дзень знаходжання ў лагеры. Мяне пад канвоем прывялі ў канцылярыю КДБ, якая знаходзілася па-за межамі лагера. За сталом сядзеў маёр КДБ, а я павінен быў стаяць каля сцяны. Маёр пачаў уважліва правяраць вельмі вялікую папку з дакументамі майго знаходжання ў турмах і лагерах. Час ад часу ён глядзеў на мяне і са здзіўленнем круціў галавою. Нарэшце, дайшоўшы да апошняй старонкі, ён запытаўся ў мяне: «Як гэта ты ўсё перажыўшы, застаўся жывы?». Для яго ўсё гэта было незразумелым, таму што прынцып КДБ быў ясны і адназначны: для такога, як я, шкада кулі, яна можа спатрэбіцца на фронце, а забіць мяне можна цяжкой працай звыш чалавечых сілаў і жудаснымі ўмовамі жыцця ў лагеры. І таму ён быў вельмі здзіўлены. Мой адказ быў выразны і рашучы: «Грамадзянін маёр, мне захавала жыццё мая моцная, непахісная вера ў Бога. Ён мне захаваў жыццё». Маёр не стаў адмаўляць існаванне Бога, толькі засумняваўся «а ці ёсць гэты Бог?» і яшчэ больш задумаўся. Ад яго залежала рашэнне аб маім далейшым лёсе, аб маім жыцці. Стоячы каля сцяны, я горача маліўся, просячы Бога аб выратаванні, аб захаванні жыцця, аб свабодзе. І вось пасля доўгага роздуму ён добразычліва глянуў на мяне – гэта была ўпершыню праяўленая да мяне добразычлівасць з боку кадэбіста. Ён узяў ручку і размашыста напісаў, кажуча ласкава: «Вы вольныя». Я выйшаў з канцылярыі КДБ без канвоя, я быў вольны! Божа, які Ты магутны, які Ты добры! Пасля 50-гадовага перапынку і поўнай ізаляванасці ад рэчаіснасці свету, а асабліва ў Беларусі, я паспрабаваў зарыентавацца ў рэальным і, як выявілася, вельмі цяжкім становішчы Касцёла на Беларусі. Пачынаючы з 1917 года на працягу 70 гадоў на ўсходніх тэрыторыях і 50 гадоў на заходняй тэрыторыі Беларусі савецкая сістэма паслядоўна і бескампрамісна ажыццяўляла сваю атэістычна-матэрыялістычную праграму. У выніку рэпрэсійных акцый савецкай улады Каталіцкі Касцёл на Беларусі панёс вялікія страты сярод духавенства, а таксама ў касцёльных і кляштарных пабудовах. Напрыклад, у касцёльнай Мінска-Магілёўскай правінцыі з ліку 406 святароў Магілёўскай правінцыі ў 1917 годзе да кастрычніка 1989 г. пратрымала- ся толькі 52, а з 309 касцёлаў у 1917 г. да кастрычніка 1989 года захавалася толькі 117. Сапраўды з сатанінскай лютасцю пераследавалі тых, хто верыў у Бога і імкнуўся выконваць рэлігійныя практыкі. Праз паўсюдную атэістычную прапаганду ў прэсе, па радыё, тэлебачанні, у школах і на сходах дзяцей, моладзь і дарослых пазбаўлялі веры ў Бога, ствараючы ў душах людзей духоўную пустку. Тыя ж, хто, нягледзячы на страшны прыгнёт, заставаўся верным Богу і Касцёлу, знаходзіўся ў апале ў савецкай улады, быў пазбаўлены права на свабоду сумлення, пашану чалавечай годнасці, адчуваў сябе пакінутым і безабаронным. Нягледзячы на тое, што Захад ведаў пра сітуацыю Касцёла ў Савецкім Саюзе, па некаторых прычынах, дарэчы кажучы, палітычных, можа, каб не выклікаць незадаволенасці магутнага ў той час Савецкага Саюза, яўна не ўмешваўся, заступаючыся за веруючых, якіх прыгнятаў і пераследаваў атэістычны рэжым. Некаторыя лічылі, што рэлігія і Касцёл у Савецкім Саюзе былі цалкам знішчаныя і толькі можа калі-небудзь у будучыні з’явіцца магчымасць на гэтых прыгнечаных тэрыторыях ізноў пачаць місіянерскую і евангелізацыйную дзейнасць. А тым часам Касцёл на Беларусі, пазбаўлены касцёльных структур, пакутуючы, а часам крывавячы, існаваў і функцыянаваў. І, вядома, у такой сітуацыі пасля вяртання свабоды маё месца пастырскай працы магло быць толькі ў Беларусі. Бо падчас святарскіх пасвячэнняў у пінскай катэдры ў 1939 годзе я прысягаў на паслухмянасць і вернасць. І ў гэтай прысязе заключалася ўсё маё будучае жыццё. Пасля кароткачасовага знаходжання на Украіне ў Палонылі, у святара Антонія Хаміцкага, куды быў накіраваны пасля вызвалення з лагера, я з цяжкасцю дабраўся да Пінска. І так пасля дзесяці гадоў адсутнасці ўвайшоў у катэдру. Была нядзеля. У першых лаўках сядзела каля трыццаці пажылых жанчын. Каля галоўнага алтара мітусіўся стары кульгавы мужчына. Я стаў пад хорамі, абапёршыся аб калону. Можна сабе ўявіць, што адбывалася ў маім сэрцы, перапоўненым радасцю і ўдзячнасцю. А тым часам той стары мужчына займаўся падрыхтоўкай алтара да Святой Імшы. Ён паклаў на алтар арнат, келіх, запаліў свечы, стукнуў у званок каля дзявярэй закрыстыі... але святар не выйшаў да алтара. Жанчыны ўсталі, адна з іх перажагналася ў голас, аб’явіла, якая сёння нядзеля і пачала з жанчынамі чытаць уступныя малітвы Святой Імшы. А значыць, Святая Імша без святара! Пасля чытанняў са Старога і Новага запаветаў усе жанчыны ўсталі, і адна з іх пачала чытаць Святое Евангелле... Тут я не вытрываў. Заплакаў. Як такое можа быць, што святар стаіць каля калоны, а жанчына чытае Евангелле, прызначанае на гэту нядзелю? Калі закончылася гэта незвычайная Святая Імша, я ўвайшоў у закрыстыю і завёў размову з тым старым чалавекам. Высветлілася, што ўжо шэсць гадоў таму пробашч катэдры быў арыштаваны і асуджаны на 25 гадоў зняволення. Я запытаўся: «Ці хацелі б вы мець святара?». «Вядома, але дзе яго ўзяць?». Тады я прызнаўся, што я святар і што мяне вызвалілі з савецкага лагера, што я магу тут, у катэдры, распачаць душпастырскае служэнне. На жаль, як святара мяне тут ніхто не ведаў, у Пінску я толькі вучыўся ў семінарыі, якую закончыў у 1939 годзе. На наступны дзень прапанаваў правесці Святую Імшу, каб даказаць, што я – святар. Толькі тады парафіяне прызналі мяне, і мы разам пачалі дамагацца ва ўлады маёй рэгістрацыі як пробашча катэдры. Праверка, расследаванні працягваліся пяць месяцаў. У гэты перыяд мяне не раз хапалі на вуліцы, садзілі ў машыну, везлі ў будынак КДБ і трымалі да світання. Мяне ўгаворвалі адмовіцца ад святарства, а ўзамен абяцалі прыбытковыя пасады дырэктара, начальніка і іншыя. Калі я катэгарычна адхіляў гэтыя гнюсныя прапановы, пагражалі, што адашлюць мяне назад у турму, у лагер. Толькі праз пяць месяцаў дарэмных намаганняў мяне выклікалі ў Брэсцкі аблвыканкам і ўручылі пасведчанне, якое давала права выконваць абавязкі пробашча пінскай парафіі. Пра каварнасць савецкай улады сведчыць ліст, копія якога знойдзена ў дзяржаўным архіве Мінска. Накіраваны ён быў упаўнаважаным Савета па справах рэлігійных культаў пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь у Мінску абласному ўпаўнаважанаму па справах рэлігійных культаў у Брэсце. Канцоўка гэтага ліста гучыць так: «Парайцеся адносна кіраўніцтва і дыпламатычна пагутарце са Свёнткам наконт яго меркавання аб змене прафесіі. Калі з гэтага нічога не выйдзе, то яго трэба зарэгістраваць у адной з функцыянуючых парафій вобласці, і не зацягвайце, даючы тым самым падставу для нездаровых настрояў і апраўданняў». Каментар, як кажуць, залішні. 1 снежня 1954 года я пачаў легальную, адпаведную дзяржаўным законам, пастырскую дзейнасць пробашча катэдральнай парафіі ў Пінску і выконваў гэтыя абавязкі да 30 красавіка 1991 года, да таго часу, калі Папа Ян Павел ІІ прызначыў мяне Арцыбіскупам, Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім і Апостальскім Адміністратарам Пінскай дыяцэзіі. Гэты доўгі перыяд 37-гадовага пастырскага служэння ў парафіі ўключае ў сябе шматлікія сведчанні, часта поўныя самаадрачэння і ахвярнасці, асабліва людзей старэйшага пакалення, у вызнаванні веры, малітоўнай і сакрамэнтальнай адданасці, касцёльнай прыналежнасці, парафіяльнай супольнасці і клопаце пра святыню. У першыя гады майго служэння ў Пінску пінская парафія ахоплівала тэрыторыю на Захадзе ад ракі Буг і да Ціхага акіяна на Усходзе. Веруючыя, якія жылі далёка за тысячы кіламетраў ад Пінска, рэдка наведвалі катэдру. Іх сямейнае і сужэнскае становішча, як правіла, не адпавядала патрабаванням кананічнага права, але яны пераадольвалі доўгі шлях да касцёла, да святара і, магчыма, ужо ў наступны раз яны маглі і не прыехаць, таму трэба было кіравацца не так кодэксам, як Евангеллем. У вёсках і паселішчах вернікі збіраліся ў дамах і пры зачыненых аканіцах разам удзельнічалі ў набажэнствах і малітвах. Таксама вечарамі збіраліся на могілках, дзе маліліся, спявалі рэлігійныя песні, але нягучна, каб не было чуваць у сельскім савеце. Часцей за ўсё маліліся на ружанцы, пацеркі якога рабілі з хлеба. У катэдру не раз прыязджалі групы пажылых людзей, якія сядзелі ў лаўках і на працягу некалькіх гадзінаў спявалі песні са сваіх моцна патрапаных кніжачак ці школьных сшыткаў, у якіх ад рукі былі напісаны рэлігійныя спевы на польскай мове, часта кірыліцай. Якія ж гэта каштоўныя сведчанні вернасці Богу і Касцёлу. Менавіта гэтыя славутыя бабулі захавалі веру ў Бога ў перыяд пераследу, калі не было касцёлаў і святароў. Менавіта ім трэба дзякаваць, што вера не знікла бясследна з гэтых моцна прыгнечаных тэрыторый, што іх унукі і праўнукі былі навучаныя хаця б малітвам «Ойча наш» і «Вітай, Марыя». А колькі яны выцерпелі, ахвяравалі і перажылі нягодаў, будучы залічанымі да «ізгояў» грамадства. І, нягледзячы на тое, што яны не пралілі крыві за веру, за Касцёл, усё ж іх жыццё мела мучаніцкі характар. Яны сапраўдныя героі, толькі ім ніхто не паставіць помнікаў, іх прозвішчы адыдуць у нябыт. Хвала і пашана вам, дарагія, любыя, залатыя бабулі! З 1991 года я, ужо як Арцыбіскуп, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі і Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі, калясіў па тэрыторыі Беларусі, іншы раз праязджаючы больш за тысячу кіламетраў на працягу аднаго дня, і магу канстатаваць розныя сведчанні захавання веры, асабліва прадстаўнікамі старэйшага пакалення. Згадваю маю першую кананічную візітацыю парафіі ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Сустрэў мяне вельмі малады святар, які прыехаў з Польшчы, каб весці пастырскую дзейнасць у Беларусі. Ён даў пажылому чалавеку крыж, і мы накіраваліся да касцёла. Ад яго засталіся толькі чатыры абшарпаныя сцяны без страхі, акон і дзвярэй, ляталі толькі галубы і вароны. Перад сцяной фасада стаяла больш за дваццаць пажылых жанчын, якія, як толькі ўбачылі мяне, усе хутка падышлі і, не зважаючы на моцную збянтэжанасць, прыпалі да маіх ног і пачалі іх цалаваць. Гэта ўзрушыла мяне, але не было магчымасці супраціўляцца. Іх можна зразумець. Яны ўпершыню ў жыцці ўбачылі каталіцкага біскупа, убачылі пасля столькіх гадоў пераследу і каля іх зруйнаванага касцёла. Потым яны ўсталі, падышлі да сцяны касцёла і дрыжачымі старэчымі галасамі заспявалі «Serdeczna Matko». Ці магчыма было біскупу не плакаць, бачачы такое сведчанне веры ў Бога і Касцёл?! А таго маладога святара я запытаўся, што яго прымусіла пакінуць родных, дыяцэзію, радзіму і прыехаць сюды на пустыннае месца Беларусі. Адказ быў кароткі: «Таму што я належу да Божых вар’ятаў». Я абняў яго, пацалаваў і шапнуў на вуха: «У такім выпадку, шаноўны святар, вар’яцей далей». А ён і «вар’яцее». Ужо аднавіў з руінаў тры касцёлы. Я не паспяваў іх асвячаць! Дзякуючы шматлікім сведчанням вернасці Богу і Касцёлу Касцёл на Беларусі не толькі існаваў, але і вытрываў у тыя доўгія і цяжкія гады пераследу. Напярэдадні пераменаў у Еўропе, Папа Ян Павел ІІ звярнуў свой позірк, а дакладней сваё сэрца на веруючых Беларусі, якія пакутавалі ад страшнага пераследу. На спецыяльнай аўдыенцыі ў зале Паўла VІ Святы Айцец сказаў 900 пілігрымам з Беларусі: «Хто злічыць усе пакуты свецкіх, святароў, законнікаў і законніц зямлі беларускай!.. я нашу глыбока ў сэрцы сваім усё тое, што стала вашым лёсам... хачу ўшанаваць памяць тых, хто ў нялюдскіх умовах змог захаваць сваю годнасць, не раз гераічна пацвярджаючы любоў да Бога і Касцёла». Святы Айцец запэўніў у тым, што памятае пра іх у малітве, запэўніў у сваёй падтрымцы і дапамозе, і пачаў працэс адраджэння веры, Касцёла і рэлігійнага жыцця на беларускіх землях. Ён здзейсніў гістарычны акт рэарганізацыі дыяцэзіяльнай структуры Касцёла на Беларусі, устанаўліваючы дыяцэзіі і прызначаючы касцёльную іерархію. У той час адбылося падзенне Савецкага Саюза і стварэнне незалежнай Рэспублікі Беларусь. Спыніўся адкрыты пераслед Касцёла, і для вернікаў настала, прынамсі, адносная рэлігійная свабода. Настаў перыяд інтэнсіўнага, поўнага энтузіязму і ахвярнага ўдзелу духавенства і люду Божага ў адраджэнні Касцёла і ў аднаўленні рэлігійнага жыцця на Беларусі. Будаўніцтва некалькіх дзесяткаў новых святыняў на месцы цалкам зруйнаваных, аднаўленне некалькіх сотняў вернутых, але моцна спустошаных, параўнальна шмат перабудаваных касцёлаў дазволілі яшчэ больш зарыентаваць пастырскую дзейнасць на аднаўленне і будаўніцтва духоўнага касцёла ў душах людзей. Пачалі напаўняцца парафіянамі старыя і новыя святыні, у тым ліку ўсё больш і больш дзецьмі і моладдзю, якія ахвотна прымаюць удзел у катэхізацыі. Усё расце і расце лічба парафіянаў, якія ўдзельнічаюць у Святой Імшы, прымаюць святыя сакрамэнты, а асабліва сакрамэнты пакаяння і Святой Камуніі. Бязмежна радуецца маё святарскае сэрца і дзякуе Богу, што дазволіў мне перажыць доўгія гады цяжкіх выпрабаванняў і пераследу веруючых і быць сведкам і ўдзельнікам вызвалення, адраджэння і развіцця Касцёла на Беларусі. Нашмат павялічыўся колькасны склад Касцёла на Беларусі. Пра гэта сведчаць статыстычныя дадзеныя 2002 года:
парафій – 400; святыняў – 326; святароў – 354; мясцовых святароў – 184; новапасвечаных святароў – 102; замежных святароў – 170; святароў-законнікаў – 156, у тым ліку 90 замежных; законнікаў – 10; законніц – 347, у тым ліку 140 мясцовых; семінарыстаў у двух духоўных семінарыях – 138. На працягу 12 гадоў адраджэння ў значнай ступені кампенсаваныя вялікія страты, якія пацярпеў Касцёл на Беларусі за 70 гадоў пераследу савецкай атэістычна-матэрыялістынай сістэмай. Мінскі архікатэдральны касцёл вернуты, адбудаваны і адноўлены ў сваім найпрыгажэйшым архітэктурным выглядзе ў сярэдзіне і звонку, ён стаў відавочным і яскравым знакам адраджэння Каталіцкага Касцёла на Беларусі. У перыяд адраджэння Касцёла на Беларусі адбыліся розныя падзеі, якія ўсё больш дакладна і канкрэтна фармуюць воблік мясцовага партыкулярнага Касцёла. У слаўную старонку гісторыі Касцёла на Беларусі ўпісаны светлы вобраз Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага. Перад яго труною, якая бачна ў прыадчыненай крыпце капліцы Маці Божай Вастрабрамскай у пінскай катэдры, пастаянна стаяць жывыя кветкі і ўзносяцца малітвы аб далучэнні яго да шэрагу благаславёных і аб прыездзе Папы Яна Паўла ІІ на Беларусь. Аўтарытэт Касцёла на Беларусі настолькі ўзрос, што ён атрымаў заслужанае прызнанне, павагу і пашану не толькі сярод веруючых людзей, але нават і сярод тых, хто яшчэ дзесяць-пятнаццаць гадоў таму прыкладаў усе намаганні, каб цалкам яго знішчыць. У прэамбуле Закона Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» ад 31 кастрычніка 2002 года падкрэсліваецца «духоўная, культурная і гістарычная роля Каталіцкага Касцёла на тэрыторыі Беларусі». Таксама і ў заходніх асяроддзях Касцёл на Беларусі, які адраджаецца, атрымаў сваё прызнанне, ім захапляюцца, і сёння ў Паўсюдным Касцёле ён займае належнае месца на ўзроўні з іншымі партыкулярнымі Касцёламі. Хвала тым, хто, нягледзячы на пераслед, захаваў у сваіх сэрцах і душах веру ў Бога і прыналежнасць да Каталіцкага Касцёла і перадаў гэтыя вечныя каштоўнасці сваім дзецям, унукам і праўнукам. Хвала таксама тым, хто, пераняўшы веру ад сваіх бацькоў, дзядуляў і бабуль, рэалізоўвае яе ў сваім жыцці і справах і садзейнічае адраджэнню Каталіцкага Касцёла на Беларусі. Пра вялікія справы Божыя нельга забываць. Трэба памятаць пра іх, іх значэннем умацоўвацца. Святы Айцец Ян Павел ІІ заклікае нас да такой пазіцыі, калі гаворыць: «Трэба з падзякаю згадваць мінулае, усім сэрцам перажываць цяперашняе і быць адкрытым для будучыні». З бязмежнаю надзеяю Касцёл на Беларусі даручае сваю будучыню Міласэрнай волі Божага Провіду, рупліваму клопату Найсвяцейшай Панны Марыі – Маці Касцёла пад кіраўніцтвам і бацькоўскай апекай Святога Айца Яна Паўла ІІ.
Кардынал Дж. Ф. Стаффард з удзельнікамі кангрэсу
Фота Караліны Ігнатовіч
|
|
|