Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(26)/2003
Галерэя
З жыцця Касцёла
Мастацтва
У свеце Бібліі

СУСВЕТНЫ ПАТОП
На шляху веры
Сведчаць архівы
Проза

ТРАЙНЫ АГЕНТ
Паэзія

СІЛА АД РОДНАЙ ЗЯМЛІ

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Нашы святыні
Мастацтва
Проза

МОЙ БРАТ ДУХОЎНЫ
Культура

Віланэла
Водзіць дождж ціхімі пальцамі
па літарах сумных аліў:
чытае Біблію памяці.

У нагрэты пясок асыпаюцца
словы старой малітвы…
Водзіць дождж ціхімі пальцамі
па тварах ліхтарняў запаленых,
а нехта ў гэту хвіліну
чытае Біблію памяці

і глядзіць за вакно, купанае
дотыкамі мокрых галін…
Водзіць дождж ціхімі пальцамі —

піша кірыліцай парасткаў
вечную кнігу зямлі.
Чытае Біблію памяці:

скрозь пустату праступаюць
невядомых людзей абліччы,
і па іх
водзіць дождж ціхімі пальцамі…

* * *
Ці ведаеш ты,
што ў небе над намі
віруе маўклівая зорная намець
і вогкае шкло нябёснага споду
люструе позірк Гасподні,
нябачны нікому з жывых…
вяртае разгублены слых
ужо ня Слова — Уздых,
разліты ў начы зямной:
мы праз нябёсаў вакно
ці тыя
(ты й я)?

* * *
…промні гаснуць,
як топкі воск…
на аргане
мядзяных водбліскаў
грае «Такату» Баха
нязбыўная прага
адхлання…
ў малітве
прашу вяртання
да дрэва,
дзе анямелай Эвай
стаю
між спакусай і верай,
за крок да прадоння,
пад ценем
віны неадольнай,
падобнай да каменя,
якому на сэрца ўпасці
як срэбнік раскаяння…

Ты мяне чуеш, Пане?
дазволь мне
выбраць
Цябе і каханне,
што спіць пад выгбай
ацішных акацый…

* * *
З Тваёй жмені прымаю дні:
матылямі яны разлятаюцца.
Рукі ў змозе мае апускаюцца,
і чакае душа цішыні.

Ні хвіліны не моўкні, малітва,
пупавінай перавіся з Панам
і праз сэрца маё пералі ты
мір любові Яму на раны.

Калі гэта жыццё пакіну,
Ойча, Любы, сустрэнь на ганку
у краіне Тваёй адзінай,
дзе не гаснуць світанкі…

Тыдзень
Ты — мой дзень:
падзенне святла
падзелена ў зрэнках:
Ты бачыш мяне
ці неба
блакітнае сненне?
Сябе не знаходжу
нідзе —
з паходняй
ці ў нечым ценю…
Ты — дзень мой,
што йдзе скрозь церні…

Слова
Слова —
невымоўнага плоць
і плод
сакральны:
не скрадзены —
ў храме пакладзены
на асвячэнне.
Слова не для вачэй —
слыху душы спасланае,
Яно,
як малітва
ля Ног,
на крыжы цалаваных…

За што…
За што Ты так любіш мяне?
Ойча, скажы, за што…
Я ведаю: ўсё міне,
застанецца вечнае толькі.
Застанецца Твая рука
і непазбыты боль.
Калі сэрца пачне сьціхаць,
я пачую ў ім подых Твой:
я пачую, як падае сьнег,
як дрыжыць на мяжы імгненьне…
і з ласкавых абдымкаў сьненьня
зноў прыду да Цябе на калені…

Малітва за мужа
Малітва мая — на ціхмяным лісьці.
Засну на сэрцы тваім, як калісьці,
сьняжынкай
на самай мяжы
самоты,
ва ўзгалоўі пяшчоты.
Ня чуеш,
як цёплай сьлязінай,
мой чуйны,
растала на веях бясьсільна
трывога за твой спакой:
і хай не парушаць ніколі
яго недавер
ці няшчырасьць.

Пане мой, навучы
захаваць нашы душы
чыстымі…

Мы сыходзім
Мы сыходзім у вечнасьць.
Ты за руку мяне вазьмі.
Міма прывідных вежаў,
збудаваных людзьмі,
мы сыходзім у вечнасьць —
я, ты і вецер.
Мы ідзем па старых сьлядах,
і ніколі ня скончыцца далеч…
мы зьліваемся ў плыні сьвятла
па той бок, дзе мінаюць і страх,
і пакута…ты ахутай мяне
цішынёй,
што струменіцца ў райскай даліне,
і пад дрэвам вечнай алівы
ціха вымавіў маё імя…

Літасьць
Апускаецца мне на рукі
цёплы ветрык нечай душы.
Ён слабенькі, зусім пушынка,
не варушыцца, а дрыжыць,
моўчкі слухае і драмае…
Божа, бачыш: яна жывая,
натамілася толькі, прыстала —
гэтак доўга Цябе шукала
і баялася разьмінуцца,
памыліцца…
можна мне дакрануцца
малітвай?

На руках маіх ветрык душы…
яму цяжка у целе жыць,
хоць прыгожым, для ўсіх прывабным,
а душа без цяпла саслабла,
як завялы восеньскі ліст,
што ня можа падняцца зь зямлі…

Маленьне
Астывалі росы палахлівыя,
асыпаліся ў пыл туліпаны.
…толькі сонца сышло маўкліва
і да ног Ягоных упала…

Раскалялася гнеўнае рэха
у бяздумнай людскай злабе.
Хто зь іх быў на зямлі чалавекам,
што ягнём бы аддаў сябе?

...і пачуў толькі Матчын слых:
“Працягні мне рукі, Адзіны!”
Стаў збавеньнем апошні ўздых —
і Гасподзь абняў Свайго Сына…

Рым
У мігдалёвай квецені
вуліца вія Вянета…
кідае стрэчны вецер
на дно фантанаў манеты:

як мы, спадзяецца вярнуцца,
каб неасьцярожна заснуць
на лесьвіцы Скаліната
і плыць на “Чоўніку”* з намі
у сьне, падобным на рай.

Запросім ў кавярню“Грэка”
назло ўсім астатнім вятрам
яго, як сябра давеку,
як лепшага весьляра.

На плошчы Сьвятога Пятра,
ў базыліцы ўсіх спадзяваньняў,
будзе нас з табой шлюбаваць
біскуп з сонцам у галавах…

Пад аркай Сакра і Ціта
згарну твой цень у хусьцінку
і накіну на косы даўгія —
табе падабаецца, гід мой?

У Санта Марыя Маджоры
сьпяваюць літанію зоры,
і грае на хвалях “Аргана” *
у смутку постаць Ёгана…


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY