Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(26)/2003
Галерэя
З жыцця Касцёла
Мастацтва
У свеце Бібліі

СУСВЕТНЫ ПАТОП
На шляху веры
Сведчаць архівы
Проза

ТРАЙНЫ АГЕНТ
Паэзія

СІЛА АД РОДНАЙ ЗЯМЛІ

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Нашы святыні
Мастацтва
Проза

МОЙ БРАТ ДУХОЎНЫ
Культура

Уладзімір ДЗЯНІСАЎ

МАЛАВЯДОМЫЯ СТАРОНКІ З ГІСТОРЫІ МІНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ


Катэдральны касцёл на Высокім рынку. 1870-я гады.

Даследчыкі, якія займаліся вывучэннем гісторыі Мінскай рыма-каталіцкай дыяцэзіі, заўсёды адзначалі, што захавалася вельмі мала дакументаў з былога дыяцэзіяльнага архіва. Пасля ліквідацыі дыяцэзіі царскімі ўладамі ў 1869 г. яе тэрыторыя ўвайшла ў склад Віленскай рыма-каталіцкай дыяцэзіі, а былы дыяцэзіяльны архіў перавезлі ў Вільню. Але ў 1883 г. паводле царскага «Высочайшего указа» ўсе касцёлы на тэрыторыі Мінскай губерні былі выключаны з складу Віленскай дыяцэзіі і падпарадкаваны магілёўскаму арцыбіскупу. Тады ж архіўныя дакументы былі перавезеныя з Вільні ў Санкт-Пецярбург, дзе знаходзілася рэзідэнцыя магілёўскага каталіцкага арцыбіскупа.

Падчас перадачы дакументаў высветлілася, што архіў захоўваўся ў вельмі дрэнных умовах. Як адзначалася ў справаздачы спецыяльнай камісіі, дакументы былі раскіданыя па розных будынках, а частка з іх нават апынулася на гарышчы віленскага катэдральнага касцёла1.


Галоўны алтар катэдральнага касцёла. Пачатак ХХ ст.
У сталіцу Расійскай імперыі трапілі не ўсе матэрыялы, якія ў свой час захоўваліся ў Мінску. Відаць, найбольш старажытныя дакументы засталіся ў Вільні, а частка архіва нават апынулася за межамі Беларусі. Так, у Польшчу трапілі паперы, якія належалі першаму мінскаму біскупу Якубу Дадэрку.

Архівістамі Магілёўскай кансісторыіі была выканана вялікая праца па апрацоўцы матэрыялаў па гісторыі Мінскай дыяцэзіі. Архіварыус кансісторыі Я. Дулевіч адзначаў, што «…справы былі перададзены ў крайнім беспарадку і нават без падрабязных вопісаў»2. Частка дакументаў адсутнічала. Асноўная праца па ўпарадкаванні архіва была скончана ў чэрвені 1887 г., а да канца 1888 г. да вопісаў архіўных спраў былі складзены алфавітныя паказальнікі. Пасля гэтага яшчэ некалькі разоў дакументы мінскага архіва перадаваліся з Вільні ў архіў Магілёўскай архідыяцэзіі, але некаторая іх частка так і засталася ў Вільні (напрыклад, частка архіўных кніг з 1790 па 1869 гады, у тым ліку і падрабязнае інвентарнае апісанне Мінскага дэканата за 1790 год).

Пасля 1917 г. былы архіў Магілёўскай рыма-каталіцкай дыяцэзіі, дзе захоўваліся і дакументы былой Мінскай каталіцкай дыяцэзіі, апынуўся ў Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве ў Ленінградзе. Менавіта тут і была знішчана найбольшая колькасць архіўных дакументаў па гісторыі рыма-каталіцкага Касцёла на тэрыторыі Расійскай імперыі. Некаторыя вопісы былога архіва трапілі ў макулатуру.


Будынкі кляштара дамініканцаў, дзе ў XIX ст. знаходзілася каталіцкая семінарыя. Пачатак XX ст.
На старонках вопісаў архіўных спраў, складзеных яшчэ ў ХІХ — пачатку ХХ ст., увесь час сустракаецца казённая пячатка са словам «Выбыло». Гэта азначае, што дакументы былі знішчаны. Яскравым прыкладам з’яўляецца архіўны «Вопіс справаў былой Мінскай семінарыі і біскупа з 1808 па 1853 год». Гэты вопіс быў складзены ў 1892 г. і ўдакладняўся ў 1907 г. Тады ў ім налічвалася 1132 справы. Пасля 1951 г. у гэтым вопісе засталося толькі 99 спраў3. У лік знішчаных дакументаў трапіла і справа «Па скаргах Вікенція Марцінкевіча на біскупа Ліпскага за пазбаўленне яго пасады і нявыплату грошай за пераклады», датаваная 1837 годам. Так сталася, што гэтая старонка жыцця класіка беларускай літаратуры страчаная назаўсёды. Цалкам знішчаны ўсе дакументы, якія былі дадаткова перададзены з Вільні ў Пецярбург. Гэтыя матэрыялы далучаліся ў канцы ХІХ ст. да архіўнага вопіса пад назвай «Справы касцёлаў па Мінскай губерні, перададзеныя з Віленскай Р.К.Д. Кансісторыі». У асноўным, гэта былі справы па будаўніцтве і рамонце, іншай гаспадарчай працы з 1844 па 1883 год. Усяго было знішчана 380 спраў4. Так былі незваротна страчаны сотні унікальных пісьмовых крыніцаў па гісторыі рэлігіі і культуры Беларусі.


Касцёл і кляштар бернардынцаў. На пярэднім плане — бернардынскія крамы “віленчукі”. Пачатак ХХ ст.
Вельмі мала захавалася дакументаў пра жыццё і дзейнасць святароў, у тым ліку і асобаў, якія ўзначальвалі дыяцэзію. Так, не захавалася ніводнай архіўнай справы пра жыццё і дзейнасць першага мінскага біскупа Якуба Дадэркі.

Апошнім мінскім біскупам у ХІХ ст. быў ксёндз Адам Вайткевіч. Пра яго жыццё і дзейнасць таксама няшмат звестак. У першую чаргу, адсутнічае фармулярны спісак пра яго службу, куды ўносіліся ўсе найважнейшыя біяграфічныя звесткі. Удалося знайсці выпіску з метрычных кніг антокальскага парафіяльнага касцёла св. апосталаў Пятра і Паўла ў Вільні, з якой вынікае, што будучы мінскі біскуп нарадзіўся 6 лютага 1796 года ў сям’і шляхціцаў Адама Вайткевіча і Францішкі з Багінскіх і быў ахрышчаны 13 лістапада гэтага ж года ксяндзом Карлам Кшталтам5. На жаль, не ўдалося знайсці ніякіх звестак пра дзіцячыя гады і адукацыю А. Вайткевіча. Вядома толькі, што перад прызначэннем на пасаду мінскага біскупа ён працаваў рэктарам Мінскай семінарыі, але, як ужо згадвалася, большасць дакументаў з архіва семінарыі была знішчаная. Пра дзейнасць Адама Вайткевіча на пасадзе біскупа захавалася ўжо больш сведчанняў.

У архіве былой Мінскай рыма-каталіцкай кансісторыі захавалася справа «Аб прызначэнні рэктара Мінскай семінарыі Вайткевіча мінскім дыяцэзіяльным біскупам»6. Пачалася гэта справа 28 лістапада 1852 года.

Аляксандр Ельскі ў сваім грунтоўным «Нарысе па гісторыі Мінскай дыяцэзіі» згадваў, што Адам Вайткевіч, «…прымаючы біскупства 22 лютага [1853 г.], зачытаў цудоўны пастырскі ліст разам з буламі Апостальскай Сталіцы»7.

Адаму Вайткевічу давялося кіраваць Мінскай дыяцэзіяй у самы складаны і трагічны перыяд яе гісторыі. Пасля задушэння паўстання 1863–64 гадоў пачаліся масавыя рэпрэсіі супраць каталіцкага духавенства. Зачыняліся кляштары, адна за адной ліквідоўваліся парафіі, вернікаў гвалтоўна прымушалі пераходзіць у праваслаўе. Паступова рыхтавалася і ліквідацыя самой Мінскай дыяцэзіі (у 1869 г. Аляксандр ІІ падпісаў указ аб яе скасаванні).

Пасля атрымання царскага ўказа аб скасаванні Мінскай дыяцэзіі віленскі генерал-губернатар 24 ліпеня 1869 г. тэрмінова накіраваў ліст віленскаму біскупу Жылінскаму, у якім паведаміў, што Адам Вайткевіч пераязджае на службу ў Вільню8. Адначасова А. Вайткевіч атрымаў загад тэрмінова перадаць кіраўніцтва ўсімі каталіцкімі касцёламі і парафіямі скасаванай дыяцэзіі віленскаму біскупу. Была зачыненая і Мінская семінарыя, а яе студэнтаў перавялі ў Віленскую каталіцкую семінарыю. Былы кляштар францішканцаў, дзе знаходзілася кансісторыя, а таксама пабудовы семінарыі, канфіскавалі і перадалі дзяржаўным уладам. 25 ліпеня 1869 г. датуецца апошняе распараджэнне біскупа Адама Вайткевіча аб перадачы спраў.

Аляксандр Ельскі адзначаў, што, прымусова адхілены ад сваіх абавязкаў, Адам Вайткевіч сумленна адмовіўся ад усялякіх некананічных зменаў. Ён вельмі моцна перажываў гэты страшэнны ўдар, бо адчуваў сваю маральную адказнасць за справу, якой аддана служыў шмат гадоў. Душэўныя пакуты і хваробы канчаткова падарвалі яго здароўе. 26 снежня 1869 г. Адам Вайткевіч ціха памёр у старой віленскай камяніцы па вуліцы Замкавай 8 і быў пахаваны на могілках Роса9.


Біскуп Адам Вайткевіч. Пачатак ХХ ст.
У мінскай катэдры знаходзіўся вельмі прыгожы алейны партрэт з выявай біскупа Адама Вайткевіча. Сімвалічна, што ён быў змешчаны ў закрыстыі касцёла побач з партрэтам першага мінскага біскупа Якуба Дадэркі і віленскага біскупа К. Бжастоўскага, які ў 1710 г. асвяціў касцёл. Гэтыя партрэты, як і ўвесь інтэр’ер катэдральнага касцёла, былі знішчаны ў 1930-я гады. У славутай бібліятэцы Ягелонскага універсітэта ў Кракаве захоўваецца унікальны фотаздымак Вайткевіча, зроблены адным з першых мінскіх фатографаў Эмерыкам Адамовічам10. Здымак мае памеры 105 х 62 мм. Унізе пад партрэтам — подпіс «Adam Wojtkiewicz biskup Miсski». На зваротным баку адціснуты надпіс «PHOTOGRAFHIE // Emerik Adamowicz // a MINSK. // Rue Szirokaia // pres du pont de Lavy». Ёсць падставы меркаваць, што фатографія была зроблена паміж 1865 і 1869 гадамі.

Усе публічныя справы адміністрацыя каталіцкай дыяцэзіі ўзгадняла з губернскімі і гарадскімі ўладамі. Усе святочныя мерапрыемствы праходзілі пад кантролем паліцыі, таму, калі планаваліся ўрачыстасці з нагоды прызначэння Адама Вайткевіча на пасаду біскупа, патрабавалася зрабіць поўнае апісанне святочнай працэсіі і аддаць яго на разгляд і зацвярджэнне. У архіўным фондзе «Мінская гарадская дума» захавалася справа пад назвай «Пра цырыманіяльнае шэсце рыма-каталіцкага біскупа»11. Гэтая справа пачалася 14 лютага 1853 года. На жаль, большая частка дакументаў з яе страчана назаўсёды. Калі ў канцы ХІХ ст. упарадкаваўся архіў Мінскай гарадской думы, у гэтай справе было пранумаравана толькі чатыры аркушы. Першы дакумент, які захаваўся, датаваны 21 лютага 1853 года. Гэта адносіна № 1871 Мінскай гарадской паліцыі ў Мінскую гарадскую думу, дзе гаворыцца пра цырыманіяльнае шэсце Адама Вайткевіча. Самы каштоўны дакумент, які захаваўся ў архіўнай справе, — вельмі падрабязнае апісанне гэтага святочнага цырыманіялу12.

Як мы ўжо падкрэслівалі, дакументаў з архіва самой Мінскай рыма-каталіцкай дыяцэзіі захавалася вельмі мала. Пры гэтым няма ніводнага апісання таго, як мінчукі адзначалі ў ХІХ ст. найбольш важныя падзеі ў рэлігійным жыцці горада. Аднак дзякуючы менавіта бюракратычнаму апарату, які імкнуўся захаваць усялякія паперы (значныя і не вельмі значныя), апісанне адной, бадай з самых галоўных падзей у жыцці Мінскай дыяцэзіі, дайшло да нашага часу.

Фотаздымкі старога Мінска са збораў
Інстытута мастацтва Польскай
Акадэміі навук у Варшаве.

  1. НГАБ, ф. 1781, воп. 32, спр. 212, арк. 131 адв. –132.
  2. НГАБ, ф. 1781, воп.25, спр. 42, арк. 105.
  3. НГАБ, ф. 1781, воп. 33.
  4. НГАБ, ф. 1781, воп. 4, арк. 29 адв. – 50 адв.
  5. НГАБ, ф. 147, воп. 3, спр. 6939, арк. 10.
  6. НГАБ, ф. 1781, воп. 24, спр. 4981, арк. 1-2адв.
  7. Ельскі А. Нарыс па гісторыі Мінскай дыяцэзіі // Наша вера, 2002, № 4, с.35.
  8. НГАБ, ф. 1781, воп. 32, спр. 212, арк. 4.
  9. НГАБ, ф. 147, воп. 6939, арк. 21 адв.
  10. Oddział Zbiorów Graficznych Biblioteki Jagellońskiej w Krakowie, Teka 172, IF 5973
  11. НГАБ, ф. 24, воп. 1, спр. 608.
  12. Тамсама, арк. 3—4.

Глядзі таксама:
Цырымонія ўрачыстага ўступленння на мінскую біскупскую катэдру вялебнага Адама Вайткевіча, біскупа мінскага...


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY