Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(26)/2003
Галерэя
З жыцця Касцёла
Мастацтва
У свеце Бібліі

СУСВЕТНЫ ПАТОП
На шляху веры
Сведчаць архівы
Проза

ТРАЙНЫ АГЕНТ
Паэзія

СІЛА АД РОДНАЙ ЗЯМЛІ

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Нашы святыні
Мастацтва
Проза

МОЙ БРАТ ДУХОЎНЫ
Культура

Тамара ГАБРУСЬ

СВЯТЫНІ ОРДЭНА ПРАПАВЕДНІКАЎ


Касцёл у Дунілавічах. Сучасны выгляд. Фота А. Клешчука.

Працяг. Пачатак у №3(25)/2003

У сферы мураванага храмабудаўніцтва на працягу ўсяго ХVІІІ ст., як і ў папярэдні перыяд, дамініканцы заставаліся найбольш актыўным і эканамічна стабільным каталіцкім ордэнам, гэтаму відавочна спрыяла мецэнацтва шляхецкага саслоўя. Большасць кляштарных комплексаў ордэна ў Беларусі заснавана ў другой палове ХVІІ ст. у перыяд росквіту ідэалогіі сарматызму. Некаторыя дамініканскія касцёлы, як мы ўжо адзначалі, былі змураваны ў стылі «сармацкага» барока. Невыпадкова, на наш погляд, тое, што значная колькасць дамініканскіх святыняў прысвечана Арханёлу Міхалу – сімвалічнага пачынальніка еўрапейскага рыцарства: «таксама як войска зямное і рыцарства чалавечае ўяўляе сабою зямны вобраз анёльскага войска, што абкружае прастол Пана Бога».


Партал дамініканскага касцёла Святога Духа ў Вільні.
Новы ўздым мураванага храмабудаўніцтва дамініканцаў прыпаў на другую палову ХVІІІ ст., што адпаведным чынам адбілася на яго стылёвых характарыстыках і геаграфіі распаўсюджання. У манументальным сакральным дойлідстве ордэн дамініканцаў імкнуўся да актуалізацыі сваёй місіянерскай дзейнасці сродкамі мастацтва і праявіў сябе чуллівым да эстэтычных запатрабаванняў часу. Шматлікія святыні ордэна былі пабудаваны і перабудаваны ў стылі позняга беларускага барока, так званага віленскага. Першаўзорам для іх стала перабудова дамініканскага касцёла Св. Духа і іншых храмаў Вільні пасля вялікага пажару ў 1748 г. Вызначальная роля ў фармаванні мастацкай плыні віленскага барока належала архітэктару І.К. Глаўбіцу, які прымаў удзел як праектант і кіраўнік будаўніцтвам у адбудове ў Вільні двух езуіцкіх касцёлаў (св. Яна і св. Казіміра), двух дамініканскіх касцёлаў (Св. Духа і святых Якуба і Піліпа), а таксама касцёлаў ордэнаў візітак, бенедыктынак, місіянераў, базыльянскага кляштара Св. Тройцы і інш.

Аўтарства архітэктурнага шэдэўра віленскага барока — касцёла св. Юр’я ў фальварку Забелы (вёска Валынцы Верхнядзвінскага раёна) — таксама належыць І. К. Глаўбіцу. Драўляны касцёл дамініканцаў, які фундавалі ўладальнікі маёнтка Забель- скія-Шчыты, існаваў тут з 1716 г. У будаўнічым кантракце 1749 г., дзе заказчыкам выступаў ксёндз Рэгінальд Ленартовіч, пазначана, што архітэктар павінен толькі «скласці абрыс» мураванага касцёла, а кіраваць будаўніцтвам на месцы мусіў май- стар Лаўбе. У дадзеным выпадку Глаўбіц амаль дакладна паўтарыў архітэктурныя формы сваіх больш ранніх вілен- скіх пабудоў. Гэта быў аднанававы храм, накрыты высокім клінаватым дахам з фігурнымі франтонамі на абодвух тарцах: на галоўным фасадзе і над больш нізкай алтарнай апсідай, што накшталт дыядэмаў каранавалі святыню.

Вышынная пласціна двухвежавага фасада-нартэкса выступала за межы навы на шырыню чацверыкоў вежаў. Незалежная ад агульнай тэктонікі храма структура галоўнага фасада, рытм яго вертыкальных і гарызантальных чляненняў, тэлескапічная будова ярусаў вежаў, вытанчаны малюнак абрысаў франтонаў, праёмаў, валютаў з «грабеньчыкамі», дэкаратыўных вазонаў, рафінаваная пластыка ўваходнай крухты — усё гэта характэрныя прыкметы творчага почырка І.К.Глаўбіца. Бакавыя алтары былі выкананы «штукатарамі з Вільні» і асвечаны ў 1759 г., галоўны алтар завершаны і асвечаны ў 1766 г. Аздоба інтэр’ера мела стылістычныя рысы ракако. Адначасова ў 1764-1768 гг. узводзіліся вежы і ўваходная крухта.

Мураваны двухпавярховы кляштарны корпус, які злучаўся з касцёлам перахадной галерэяй, быў пабудаваны ў 1731 г. Цэнтральны рызаліт кляштара паўтараў пластычнае вырашэнне галоўнага фасада святыні, ствараючы з ёю адзіны мастацкі ансамбль. Пры ўсіх кляштарах ордэна існавалі школы. У Забелах школа дамініканцаў з’явілася адначасова з касцёлам у 1716 г. па фундацыі Гільзен-Шадурскіх (пры ёй дзейнічаў школьны тэатр). У 1811 г. касцёл ператварылі ў праваслаўную царкву, а школу — у гімназію (існавала да 1836 г.), якую скончыў беларускі пісьменнік-дэмакрат, адзін з арганізатараў паўстання 1863-1864 гг. на Віцебшчыне А.Вярыга-Дарэўскі.

У ХVІІ ст. асветніцка-місіянерская дзейнасць дамініканцаў прыпадала пераважна на цэнтральную і заходнюю часткі сучаснай Беларусі (Міншчыну і Гродзеншчыну), а ў ХVІІІ ст. асноўнымі рэгіёнамі пашырэння сферы іх уплыву і будаўніцтва кляштарных комплексаў становяцца Падзвінне і Падняпроўе, як, дарэчы, і ордэнаў францішканцаў, базыльянаў, піяраў і іншых. Полацк, Віцебск, Орша, Магілёў і шматлікія мястэчкі паўночна-ўсходняй Беларусі ўпрыгожылі велічныя касцёльныя гмахі з маляўнічымі сілуэтамі стромкіх вежаў. Ужо ў «постглаўбіцкі» перыяд, пасля смерці вялікага архітэктара ў 1767 г., яскравыя рысы позняга барока, нават яшчэ больш экстатычныя і нервовыя, параўнальна з часам яго росквіту, набылі касцёлы дамініканцаў у Друі, Уле, Смалянах, Дунілавічах, Ушачах (усе на Віцебшчыне). Як і віленскія дамінканскія касцёлы, яны належалі да Літоўскай правінцыі ордэна, якая была створана ў 1647 г. і ахоплівала кляштары паўночных і заходніх тэрыторый Вялікага Княства Літоўскага (г.зн. тэрыторыі сучаснай Беларусі, Літвы, часткова Латвіі і Польшчы).


План касцёла дамініканцаў у Друі.
Кляштар дамініканцаў у Друі быў заснаваны ў 1697 г. па фундацыі падчашага браслаўскага Пятра Казіміра Качалоўскага (дадатковыя фундацыі адбыліся ў 1702 і 1706 гг.). Касцёл Апекі Маці Божай і двухпавярховы кляштар адначасова (пасля 1763 г.) манахі-дамініканцы змуравалі самі пад кіраўніцтвам Людвіка Грынцэвіча, які па накіраванні ордэна вывучаў архітэктуру ў Рыме. Аўтарства праекта гэтай святыні звязваюць таксама з імем архітэктара-італьянца Антонія Парака, родам з Венецыі, які на працягу 30 гадоў працаваў у Вялікім Княстве Літоўскім (ім узведзены вежа-званіца парафіяльнага касцёла св. Антонія ў Друі, касцёлы ў Асвеі і Краслаўцы).

У 1832 г. друйскі кляштар дамініканцаў ліквідавалі, а касцёл у 1839 г. перарабілі ў царкву, аднак у 1898 г. расійскія губернскія архітэктары Чагін і Прозараў пастанавілі яго разабраць, і ў 1909 г. святыню зруйнавалі. Будынак меў памеры 17 х 9 сажэняў, падлогу і скляпенні з цэглы, быў накрыты гонтам і часткова бляхай. Кляштар быў Г-падобны ў плане, адзін з карпусоў даўжынёю 25 сажняў, другі — 15 сажняў, як пазначана ў інвентары 1907 г.

Паводле чарцяжоў, што захоўваюцца ў аддзеле рукапісаў навуковай бібліятэкі Віленскага універсітэта (НБВУ. АР, ф.4, спр. 1936), друйскі касцёл дамініканцаў уяўляў трохнававую базыліку з трансептам і меў план у выглядзе выцягнутага лацінскага крыжа. Цэнтральная нава была перакрытая крыжастымі скляпеннямі з пульсуючым рытмам спараных падпружных арак і завяршалася прэзбітэрыем з паўкруглай алтарнай сцяной. Купал на сяродкрыжжы быў толькі ў інтэр’еры, а звонку хаваўся ў канструкцыях перакрыжаваных кроквенных дахаў. Хаця трансепт быў роўны па шырыні і вышыні цэнтральнай наве, але па характары перакрыццяў не залежаў ад яго, што з’яўляецца характэрнай рысай архітэктонікі лацінскай крыжовай базылікі ў тагачасным беларускім дойлідстве.

Прапорцыі двухвежавага галоўнага фасада-нартэкса друйскага дамініканскага касцёла, адпаведна стылістыцы віленскага барока, надзвычай вытанчаныя. У маляўнічым абрысе франтона выкарыстаны валюты з «грабеньчыкамі», але ў цэлым пластычная аздоба даволі стрыманая. Асноўны мастацкі акцэнт у тагачаснай касцёльнай архітэктуры гэтага рэгіёна надаваўся стварэнню ўжо не выпуклых, як на пачатку фазы позняга барока, а пераважна ўвагнутых фасадных паверхняў з дапамогай дыяганальных разваротаў вуглавых пілонаў ад самой асно- вы вежаў, чаго, дарэчы, яшчэ не было ў творах Я.К.Глаўбіца.

План і франтон касцёла дамініканцаў у в. Смаляны.
Аналагічны прыём ужыты ў хвалістай глыбінна-прасторавай структуры галоўнага фасада касцёла Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі і св. Гераніма кляштара дамініканцаў у мястэчку Смаляны (Аршанскі раён), змураванага ў апошняй трэці ХVІІІ ст. атрыбутыўна таксама Л.Грынцэвічам, магчыма, самым таленавітым мясцовым архітэктарам-дамініканцам Літоўскай правінцыі. Кляштар дамініканцаў у Смалянах, заснаваны князем Геранімам Сангушкам разам з жонкай Тэадорай Канстанцыяй (з Сапегаў) у 1678 г. (НБВУ. АР, ф.4, спр. 1977), быў акрыты дэкрэтам 1832 г. У канцы ХІХ ст. комплекс аднавілі намаганнямі ксяндза Герасімовіча і віленскага архітэктара В.Даўкшты, па малюнках якога выкананы новыя алтары і жырандоль, што прыўнесла ў аздабленне святыні элементы рамантызму. Але ў гады савецкай улады выдатны помнік дойлідства напаткалі новыя выпрабаванні: з 1930-х гг. і па сённяшні дзень ён знаходзіцца ў заняпадзе. Па сваіх архітэктанічных характарыстыках смалянскі касцёл шмат у чым паўтарае разгледжаныя вышэй святыні дамініканцаў. Цэнтральная нава, перакрытая пашыранымі ў познім барока крыжастымі скляпеннямі са спаранымі падпружнымі аркамі, мае апорныя слупы складанага абрысу і завяршаецца прэзбітэрыем з паўкруглай алтарнай сцяной і сіметрычнымі закрыстыямі па баках выцягнутай вімы. Рамёны трансепта выяўлены толькі ў верхнім сячэнні прамавугольнай у плане трохнававай базылікі і падкрэслены фігурнымі франтонамі на тарцах перакрыжаваных у выглядзе лацінскага крыжа дахаў, што стварае «карону» ў вяночных масах збудавання.

Першае гарызантальнае чляненне галоўнага фасада хвалістым антаблементам праходзіць на вышыні цэнтральнай навы. Ніжняя частка фасада аздоблена пілястрамі вялікага ордэра, у прасценках размешчаны вялікія выцягнутыя аконныя праёмы. Па баках фасада ўзлятаюць у вышыню двух’ярусныя тэлескапічнай будовы вежы, паміж якімі размешчаны фігурны франтон. Вуглы вежаў і франтон аздоблены валютамі «з грабенчыкамі». Вытанчанасць прапорцый, гарэзлівы малюнак абрысаў фасада смалянскага касцёла характэрныя для стылістыкі віленскага барока.

Знешні выгляд і план касцёла дамініканцаў у в. Дунілавічы.
Троіцкі касцёл дамініканцаў у Дунілавічах (Пастаўскі раён) фундаваны ў перыяд першага росквіту дзейнасці ордэна дамініканцаў на Беларусі, у 1683 г., Эльжбетай Ісайкоўскай-Белазор, але, паводле інвентара, у 1766 г. ён быў яшчэ драўляны. Пры ім, побач з кляштарам, размяшчаўся старажытны 2-павярховы драўляны лямус. Касцёл змураваны з цэглы толькі ў 1769-1773 гг. (апошняя дата кансэкрацыі святыні тагачасным віленскім біскупам Феліксам Тавяньскім). Адначасова законнікамі быў змураваны двухпавярховы кляштар, закрыты пасля паўстання 1830-1831 гг. Касцёл у 1866 г. перарабілі ў праваслаўную царкву, пры гэтым над сяродкрыжжам надбудавалі вялізны несапраўдны цыбулепадобны купал, змянілі завяршэнні вежаў, над імі і над франтонам галоўнага фасада паставілі псеўдарускія цыбулепадобныя галоўкі, што бачна на фотаздымку канца ХІХ ст. У 1890 г. будынак пацярпеў ад пажару. У 1919 г. святыню вярнулі католікам і рэстаўравалі.

Троіцкі касцёл у Дунілавічах – трохнававая базыліка з двухвежавым фасадам-нартэксам і трансептам, роўнавысокім і роўнашырокім з цэнтральнай навай. Асноўныя аб’ёмы ўтвараюць лацінскі крыж у верхнім сячэнні і накрыты двухсхільнымі дахамі з фігурнымі барочнымі франтонамі на тарцах. Купала над сяродкрыжжам няма, а ў інтэр’еры яго замяняе магутнае крыжовае скляпенне. Форма прэзбітэрыя, як і ў большасці дамініканскіх святыняў, строга прамавугольная. Па баках яго месцяцца сіметрычныя невысокія закрыстыі, злучаныя ў інтэр’еры памяшканнем з крыжовымі скляпеннямі, накшталт абхадной галерэі.

Тарцам трансепта, наадварот, нададзены пластычны лучковы абрыс і мастацка-вобразная свабода. Пругкі лучковы абрыс маюць таксама завяршэнні аконных праёмаў і нішаў. Усё гэта разам з выкарыстаннем моцна выцягнутых пілястраў вялікага ордэра і валютаў арыгінальнага малюнка надае збудаванню яскравую познебарочную стылістыку, хаця і больш стрыманую, чым у папярэдніх помніках.

Канструкцыйна перакрыцці рамёнаў трансепта вырашаны аналагічна друйскаму касцёлу дамініканцаў, што зноў сведчыць пры творчы почырк Л.Грынцэвіча.

Кляштар дамініканцаў у мястэчку Ула (Бешанковіцкі раён) заснаваны ў 1669 ці 1678 гг. сакратаром караля Яна ІІІ Сабескага Самуэлем Яўстахіем Лукомскім і войскім вялікамірскім Браніславам Пшысецкім. Касцёл Святога Духа змураваны ў 2-й палове ХVІІІ ст., закрыты ў 1832 г. Выгляд гэтай святы- ні вядомы па малюнку Напалеона Орды 1876 г. У 1910-я гг. святыня была капітальна адрамантава- на, але з таго часу прыйшла ў поўнае занядбанне. Архітэктанічна гэта трохнававая базыліка з паўкруглай апсідай прэзбітэрыя і двухвежавым фасадам-нартэксам, дзе над уваходам мясціліся арганныя хоры. Вежы мелі над вянчальным карнізам усяго адзін, але высокі ярус і завяршаліся барочнымі фігурнымі купаламі-«банькамі». Галоўны чатырохкалонны алтар завяршаўся лучковым франтонам і скульптурамі святых. Унутры алтарная і бакавыя сцены былі ўмацаваныя разгрузачнымі арачнымі нішамі, што характэрна для познебарочнай архітэктурнай стылістыкі.

Кляштар дамініканцаў у мястэчку Ушачы заснаваны ў 1716 г. па фундацыі яго ўладальніка ваяводы полацкага Гераніма Жабы з жонкай. У 1780-1796 гг. па фундацыі іх нашчадка Яна Косціша Жабы манахі-дамініканцы самі ўзвялі мураваныя будынкі касцёла Найсвяцейшай Дзевы Марыі і злучанага з ім праз паўднёвую закрыстыю двухпавярховага прамавугольнага ў плане кляштарнага корпуса з аднабаковай калідорнай планіроўкай. Ён быў накрыты вальмавым дахам з заломам, аздоблены пілястрамі вялікага ордэра, што надавала яго архітэктуры познебарочную вытанчанасць. Пры ім да 1839 г. існавала 6-класная школа (у асобным драўляным будынку) і сад з лекавымі раслінамі. Кляштар быў закрыты ў 1833 г., а касцёл зроблены парафіяльным. Захаваліся абмерныя чарцяжы комплексу гэтага часу (захоўваюцца ў архіве Расійскага Сінода).

У 1863 г. касцёл закрылі, а яго начынне перанеслі ў касцёл св. Веранікі ордэна бернардынцаў у вёсцы Селішча, побач з Ушачамі. Амаль зруйнаваны былы касцёл дамініканцаў вярнулі католікам у 1905 г. На яго месцы ў 1908-1913 гг. быў пабудаваны парафіяльны касцёл у неагатычным стылі.

Архітэктоніка ушачскага касцёла дамініканцаў вельмі нагадвала святыню гэтага ордэна ў Друі. Гэта таксама была трохнававая базыліка з трансептам і выцягнутай паўкруглай апсідай прэзбітэрыя і сіметрычнымі закрыстыямі па баках. Архітэктурныя формы такіх манументальных пабудоў заўсёды вызначаюцца варыяцыямі і не маюць дакладнага паўтарэння. Агульная архітэктурна-мастацкая стылістыка больш позняга ушачскага касцёла адметная рысамі класіцызму, што асабліва відавочна ў сухаватай пластыцы цэнтральнай часткі галоўнага фасада. Тут больш свабодна трактаваны трансепт, які не адпавядаў унутраным слупам базылікі, у сваю чаргу, нартэкс вылучаны не канструкцыйна, а толькі планіровачна. У архітэктурным вырашэнні высокіх трох’ярусных вежаў адчуваюцца рэмінісцэнцыі барочнага сарматызму. Усе ярусы мелі аднолькавае чацверыковае сячэнне і былі накрыты пакатымі самкнутымі купаламі, накшталт мясцовых шатроў-»каўпакоў», што надавала вежам пэўную архаічнасць. Унутры святыня была размаляваная фрэскамі, выкананымі самімі законнікамі.



Абмерныя чарцяжы фасадаў і планы касцёла і кляштара дамініканцаў у Віцебску. 1839 г.
Да гэтага ж рэгіёну і архітэктанічнага тыпу належаў касцёл кляштара дамініканцаў у Віцебску, заснаваны мясцовым падкаморыем Адамам Кісялем у 1682 г. Будаўніцтва мураванага касцёла ў гонар Міхала Арханёла пачалося ў 1771 г., а завяршылася ўжо ў ХІХ ст. у вельмі спрошчаным варыянце, як гэта вынікае з абмерных чарцяжоў, зробленых пры перадачы касцёла віцебскаму гарнізоннаму батальёну ў 1839 г. (РДВГА, ф. 349, воп. 8, спр. 1436).

Гэта была трохнававая прамавугольная ў плане базыліка з паўкруглай алтарнай часткай і сіметрычнымі закрыстыямі па баках вімы прэзбітэрыя. Унутры яна мела апорныя слупы ў выглядзе васьміканцовага латарынгскага крыжа і адпаведныя ім тонкія спараныя падпружныя аркі, якія падтрымлівалі цыліндрычнае з распалубкамі скляпенне цэнтральнай навы. У інтэр’еры мелася шэсць прысценных разьбяных алтароў. Хвалістая познебарочная ў ніжняй частцы структура галоўнага фасада-нартэкса не была стылістычна завершаная ў ХVІІІ ст. Вышэй карніза цэнтральнай навы мясціўся трохвугольны класіцыстычны франтон і пакатыя шатры над бакавымі вежападобнымі аб’ёмамі.

Дакладна тая ж гістарычная і архітэктанічная схема паўтораная ў касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі ў Полацку пры кляштары дамініканцаў, заснаваным у 1672 г. па ініцыятыве віленскага біскупа Аляксандра Сапегі (вядомы таксама фундацыі 1670 г. віленскага каноніка Казіміра Горскага і 1680 г. земскага слонімскага Стэфана Бжахоўскага). Мураваны касцёл быў закладзены ў 1774 г., але з-за недахопу сродкаў (гэта адбывалася ўжо пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай) завяршэнне яго будаўніцтва прыпала ў асноўным на 1801-1804 гг., у выніку чаго стылістыка святыні набыла рысы класіцызму.

Касцёл будаваўся з улікам перапланіроўкі галоўнай плошчы Полацка, якая праводзілася губернскім архітэктарам Іванам Зігфрыдэнам пасля стварэння Полацкай губерніі ў 1776 г. Вышыня гэтай адзінай у горадзе бязвежавай трохнававай базылікі была абумоўлена агульным модулем забудовы і раўнялася палове вышыні кампазіцыйнай дамінанты ансамбля — касцёла езуітаў святога Стэфана. Цэнтральная нава завяршалася вялікім прэзбітэрыем з паўкруглай алтарнай сцяной. Чатыры іянічныя пілястры вялікага ордэра, завершаныя магутным антаблементам, падзялялі галоўны фасад на тры часткі. Бакавыя часткі нагадвалі вежы і мелі двух’ярусную будову з аконнымі праёмамі і філянговымі нішамі. Цэнтральную частку ўпрыгожвала і ўмацоўвала магутная паўкруглая арачная ніша, дакладна паўтораная на франтоне, што надавала структуры фасада своеасаблівы рытм.

Першапачаткова фасад полацкага дамініканскага касцёла завяршаўся масіўным познебарочным фігурным франтонам з рудыментамі валютаў, які пазней быў заменены строгім класіцыстычным трохвугольным франтонам. Уваходны партал быў аформлены шасцікалонным іянічным порцікам, дробны маштаб якога не адпавядаў буйнай барочнай пластыцы збудавання. Над порцікам мясціўся балкончык для музыкаў, злучаны з арганнымі хорамі над уваходам. У інтэр’еры святыні было пяць прысценных алтароў, упрыгожаных разьбой і размалёўкай. Двухпавярховы Г-падобны кляштарны будынак меў калідорную планіроўку. Комплекс закрылі, як і ўсе дамініканскія кляштары, у 1832 г. Касцёл у 1864 г. перавялі ў статус парафіяльнага. Пасля 2-й сусветнай вайны яго не стала.

Да Літоўскай правінцыі ордэна належаў кляштар дамініканцаў у Нясвіжы, заснаваны пазней за іншыя святыні гэтага горада, фундаваныя на мяжы ХVІ- ХVІІ стст. князем М.К.Радзівілам Сіроткам. Першы драўляны касцёл дамініканцаў быў пабудаваны каля 1690 г. па фундацыі падстольніка смаленскага Базыля Шарапы-Баканоўскага (НГАБ, ф. 1781, воп. 27, спр. 294).

Мураваны касцёл узведзены быў у гонар Яна Хрысціцеля, па дадзеных вядомага віленскага архівіста Э.Лапацінскага, ксяндзом-дамініканцам Людвікам Грынцэвічам «з уласнага помыслу» у 2-й палове ХVІІІ ст. і стылем нагадваў «тып касцёлаў дамініканскіх, які сустракаецца часта ў краі». У 1866 г. ён быў перабудаваны пад праваслаўную царкву. Пры кляштары існавала школа, у якой у 1833-1835 гг. вучыўся вядомы паэт, фалькларыст і краязнаўца Уладзіслаў Сыракомля. На базе кляштара, працавала

ў 1873 г., створана настаўніцкая семінарыя, якую ў 1882 г. скончыў вядомы беларускі этнограф і фалькларыст Адам Багдановіч, бацька Максіма Багдановіча, у 1902 г. — Якуб Колас, у 1919 г. — Кузьма Чорны. Падчас 1-й Сусветнай вайны будынкі нясвіжскага дамініканскага кляштара былі разбураныя.

Як і іншыя творы Л.Грынцевіча, нясвіжскі касцёл дамініканцаў уяўляў трохнававую прамавугольную ў плане базыліку з двухвежавым познебарочным фасадам і паўкруглай алтарнай часткай, аб’яднанай з цэнтральнай невай агульным дахам, у сярэдзіне якога ўзвышаўся купал на светлавым барабане, магчыма, надбудаваны пазней. У аздобе інтэр’ера былі 11 шыкоўных алтароў і амбона, выкананыя ў тэхніцы стука, падлога з «шведскага» мармуру. Сцены і скляпенні ўпрыгожваў ілюзіяністычны фрэскавы жывапіс. Пад касцёлам знаходзілася вялікія крыпта з захаваннямі клірыкаў, якія былі перанесены на гарадскія могілкі падчас перабудовы святыні пад царкву.

План і франтон дамініканскага касцёла святога Яна Хрысціцеля ў в. Васілішкі.
Яскравыя прыкметы віленскага барока захаваў касцёл Яна Хрысціцеля ў Васілішках былога Лідскага павета (Шчучынскі раён), змураваны каля 1769 г. манахамі-дамініканцамі на сродкі роду Францкевічаў. Першы драўляны парафіяльны касцёл тут заснаваны ў 1652 г., з 1658 г. пры ім існаваў кляштар дамініканцаў, фундаваны лідскім земскім Марцінам Даменікам Лямонтам (скасаваны ў 1832 г.). Касцёл у 1868 г. пераабсталявалі пад праваслаўную царкву, у 1919 г. вярнулі католікам, у 1922-1928 гг., у часы 2-й Рэчы Паспалітай, рэканструявалі.

Унутры святыня мае трохнававую структуру і плоскую падшыўную драўляную столь. Алтарная частка вырашана паўкруглай конхавай апсідай (без вімы прэзбітэрыя.) з закрыстыяй з паўднёвага боку, перакрытай скляпеннямі. Галоўнаму двухвежаваму фасаду-нартэксу нададзена глыбінні-прасторавая кампазіцыя: вуглы вежаў вылучаны і канструкцыйна ўзмоцнены вязкамі пілястраў, прасценкі паміж імі маюць увагнутую паверхню. Высокую ніжнюю частку фасада з вытанчанымі прапорцыямі вялікага ордэра вянчае хвалістая цяга карніза. Вышэй яго дынаміка і пластычнысць формаў яшчэ больш узмацняецца: ярусы вежаў тэлескапічна скарачаюцца, па вуглах нібыта сцякаюць дыяганальна разгорнутыя пілястры-валюты вытанчанага малюнку. У завяршэнні цэнтральнай часткі фасада відавочныя сляды пазнейшай рэканструкцыі. Інтэр’ер касцёла ў Васілішках вызначаецца дасканалай барочнай арганізацыяй прасторы: стварэннем планаў-куліс з дапамогай шэрагу алтарных кампазіцый каля апорных слупоў і на тарцах наваў, якія рытмічна накіроўваюць верніка да велічнай мураванай архітэктанічнай кампазіцыі галоўнага алтара. Багатае стукавае аздабленне алтароў імітуе паліхромны мармур са шматлікімі пазалочанымі ракайльнымі элементамі. У тоўшчы фасаднай сцяны знаходзяцца сіметрычныя ўсходы на арганныя хоры, якія маюць мудрагелісты абрыс плана.

Пабудаваны па фундацыі Андрэя і Дароты Абнорскіх у 1667 г. драўляны касцёл дамініканцаў у Ашмянах у сярэдзіне ХVІІІ ст. быў знішчаны пажарам, адбудаваны ў 1797 г., але ўсяго праз паўстагоддзя, у 1850 г., знесены расійскімі ўладамі (НБВУ. АР, спр. 2431). Касцёл Арханёла Міхала ў маёнтку Шумск пры кляштары дамініканцаў, заснаваным Міхалам Шумскім ў 1696 г., спачатку быў драўляным. Мураваную святыню дамінікане пабудавалі да 1767 г., у 1866 г. яе прыстасавалі пад праваслаўную царкву. Кляштар закрылі ў 1833 г. (НБВУ. АР, спр. 2438). З 1680 г. кляштар дамініканцаў існаваў у вёсцы Валеўка, каля возера Свіцязь, па фундацыі рода Курчаў. Касцёл пры ім быў драўляны і цяпер знаходзіцца ў занядбанні.

Касцёл і кляштар дамініканцаў ў мястэчку Ружанасток былога Сакольскага павета заснаваны ў 1658 г. графамі Феліксам і Яўстахіем Тышкевічамі. Першыя будынкі былі драўлянымі. Будаўніцтва мураванага касцёла распачалося ў 1758 г., а ў 1785 г. яго асвяціў віленскі біскуп М.Зянковіч (НБВУ. АР, спр. 329). Святыня пабудавана ў выглядзе лацінскага «крыжа, закругленага ў алтары» (ксёндз В. Францкевіч). Паводле фотаздымка пачатку ХХ ст. Я.Балзункевіча, на той час яна мела прыгожы спакойна-стрыманы фасад-нартэкс з дзвюма трох’яруснымі чацверыковымі вежамі, накрытымі шатрамі-«каўпакамі» (рэмінісцэнцыі «сармацкага» барока). Унутры, апрача галоўнага, было яшчэ 12 прысценных і кулісных алтароў. Там жа знаходзіліся партрэты фундатараў. З правага боку да касцёла далучаўся двухпавярховы мураваны кляштар, за якім знаходзіўся манастырскі сад.


Касцёл і кляштар дамініканцаў у Ружанастоку.

Працяг >>


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY