Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(26)/2003
Галерэя
З жыцця Касцёла
Мастацтва
У свеце Бібліі

СУСВЕТНЫ ПАТОП
На шляху веры
Сведчаць архівы
Проза

ТРАЙНЫ АГЕНТ
Паэзія

СІЛА АД РОДНАЙ ЗЯМЛІ

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Нашы святыні
Мастацтва
Проза

МОЙ БРАТ ДУХОЎНЫ
Культура

Генрых ДАЛІДОВІЧ

СІЛА АД РОДНАЙ ЗЯМЛІ

Казіміру Камейшу — 60


Генрых Далідовіч і Казімір Камейша перад сустрэчай з чытачамі.
Казімір Камейша і я закончылі адну школу — у Дзераўной Стаўбцоўскага раёна. Мы — выхадцы з невялікіх суседскіх вёсак: Казімірава — перад Дзераўной па стаўбцоўскай дарозе на Кляцішча, а мая — за ёю. Там, у шматлюднай сярэдняй школе, безумоўна ж, бачыліся, але не запомнілі адзін аднаго. Можа, яшчэ і таму, што я хадзіў у дзераўнянскі касцёл, Казімір — у рубяжэвіцкі, ён пісаў у сваю, стаўбцоўскую, раённую газету (там у 1959 г. апублікаваў першы верш), а я — у сваю раёнку, былую «Ивенецкую правду». Не спазналіся і на філфаку БДУ: Казіміра ўзялі на тры гады ў войска, дзе ён пасля вучэбкі пабыў крыху бравым сяржантам (стаць служакам замінала паэтычная душа-вольніца). Пасля арміі ён перавёўся на завочнае і падаўся зарабляць хлеб, вастрыць пяро ў «раёнцы». Потым вярнуўся ў Мінск, працаваў на радыё (я ў гэты час настаўнічаў на Барысаўшчыне), у часопісах «Полымя» і «Вясёлка». У 1988 г. ён перайшоў загадваць аддзелам паэзіі ў часопісе “Маладосць”, дзе я быў намеснікам галоўнага, дык вось тут мы, выпускнікі адной школы, фактычна і пазнаёміліся. Праз гады тры ўжо разам цягнулі да ліпеня 2002 г. «маладосцеўскія сані»: я — галоўным, ён — намеснікам.

«Сані» — Казіміраў верш, прысвечаны мне з нагоды 50-годдзя. У наша вучнёўства з многіх стаўбцоўскіх вёсак зімой раненька спяшаліся за Кляцішча, на Шубін, трактары з вялікімі, з бярвенняў, санямі — па сена. Казімір выходзіў таксама раненька на ўгурбаваны снегам шлях, каб злаўчыцца, ускочыць на сані і амаль дзесятак кіламетраў пад’ехаць да Дзераўной, а далей выходзіў і я, каб такім чынам, можа, і на тых жа санях, пад’ехаць кіламетраў з сем да Налібацкай сямігодкі. Аднойчы я не ўцэліў на санях на дошкі: трапіў у шырокую шчыліну, мог апынуцца пад тоўстай, у тры бервяны, абвязаных трасамі, перакладзінай і, адпаведна, быць раструшчаным ёю. Ды Бог выратаваў, даючы шанец не апусціць рукі ад страху, змагацца за жыццё праз сілу...

Ужо не едучы, а цягнучы адны «сані» ў «Маладосці», мы дружна стараліся друкаваць там усё таленавітае, здольных пачаткоўцаў. Як маглі, утрымлівалі для маладых літдадатак «Бібліятэка часопіса «Маладосць» — 12 кніг паэзіі, прозы, крытыкі і публіцыстыкі моладзі ў год. Многія з яе менавіта па гэтых кніжках сталі сябрамі Саюза беларускіх пісьменнікаў, зрабілі годныя творчыя заяўкі.

Як паэт К. Камейша побач з тымі, хто нарадзіўся ў 1930-я, таксама заявіўся як «шасцідзесятнік», па-новаму асэнсоўваючы свет, жыццё пад знакам хрушчоўскай «адлігі». Але ўжо ў першай кнізе («Восеньскія позвы», 1969) не імкнуўся перакрычаць іншых дэмакратызмам, моднічаць, дэклараваць, а напаўняў свае вершы, паэмы зместам, зачэрпнутым з родных мясцін, — выявамі своеасаблівай занямонскай і пушчанскай прыроды, тутэйшымі былымі і сучаснымі паданнямі, расказамі пра жыццё ў Заходняй Беларусі, пры савецкай і нямецкай уладах, вобразамі каларытнага, з нялёгкім лёсам знаёмага люду, — і ўсё гэта, знаходзячы свае выяўленчыя сродкі, свае арыгінальныя метафары, ажыўляючы сваім дапытлівым розумам і шчырымі пачуццямі, а часам і тонкім гумарам, выплаўляў у паэзію. Гэта — у паэмах «Кромань», «Галоўная вярста», у кнігах «Мембрана», «Нектар», «Лірыка», «Плёс», «Пярэймы дня» і інш. Як бачна, нават загалоўкі зборнікаў адлюстроўваюць настрой, задуму яго паэзіі, што няспешна і нягучна, але трывала ўвайшла і заняла сваё пачэснае месца ў паэзіі ўсебеларускай.

Плённа працуе К. Камейша і ў літаратуры для дзяцей (зборнікі вершаў «Гаёўка», «Буслянка», «Дзятлава кузня», «Добры дзень, шафёр» і інш.), шмат перакладае з іншых моў, піша рэцэнзіі і артыкулы, выступае перад чытачамі, а ў апошнія гады хораша далучаецца да прозы ў жанры мініяцюры, дзе заваблівае свежасць, пільнае назіранне за прыродай, чалавечымі ўчынкамі і грамадскімі (антыграмадскімі) з’явамі, трапнае, дасканалае мастацкае слова, у адносінах да якога ён адзін з самых дасведчаных, высокакультурных нашых творцаў. А паэтам, і паэтам добрым, ён, можа, і загадзя быў падрыхтаваны: вершы (на беларускай і польскай мовах) складае і ягоная маці, цётка Ядвіга, якая пасля нядаўняй смерці мужа, мудрага і гаспадарлівага дзядзькі Вікенція, адна жыве, як некалі весела жартаваў Анатоль Вялюгін, у «Малых Навіках, дзе нарадзіўся вялікі паэт», і якую часта адведвае яе сталы ўзростам, з нялёгкімі жыццёвымі перыпетыямі, але яшчэ малады, мужны, творча актыўны сын-паэт. Дапамагае ёй і заадно прычашчаецца роднай зямлёю, набірае ад яе сілы.

Здароўя, веры і надзеі, плёну табе, дружа!

[Казімір КАМЕЙША. ВЕРШЫ]


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY