Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(26)/2003
Галерэя
З жыцця Касцёла
Мастацтва
У свеце Бібліі

СУСВЕТНЫ ПАТОП
На шляху веры
Сведчаць архівы
Проза

ТРАЙНЫ АГЕНТ
Паэзія

СІЛА АД РОДНАЙ ЗЯМЛІ

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Нашы святыні
Мастацтва
Проза

МОЙ БРАТ ДУХОЎНЫ
Культура

Яўген ЛЕЦКА

БЕЛАРУСКІ ГОЛАС РАДЗІВІЛАЎ


Нясвіж. Малюнак Напалеона Орды.

Факт неаспрэчны: наша гісторыя спакваля вяртаецца да нас. І мы пакутліва развітваемся са сваім мінулым, пазбаўляемся колішняй савецкай зашоранасці і перастаём глядзець на сябе як на дзівацкі на еўрапейскім абшары феномен нейкай выключнай, нібыта спрэс сялянскай беларускай нацыі. Усё больш стала і пераканана ўсведамляем сябе народам дзяржаўным, пачынаем мераць свой узрост не ад накінутых прышэльцамі штучных датаў, а ад сапраўднага нараджэння, тых праўдзівых нацыянальных вытокаў, адкуль з прадоння вякоў нязрушна высвечвае хрысціянскай прамяністасцю Полацкае княства ды ва ўсё большай велічы паўстае магутнае (па сутнасці імперыя) Вялікае Княства Літоўскае з першасталіцай у старажытным Навагародку…

Пра валадароў Полацкага і асабліва Вялікага Княства Літоўскага за дзесяцігоддзе незалежнасці напісана шмат цікавага, але князям Радзівілам, якія таксама адыгралі вызначальную ролю ў беларускай гісторыі, пашанцавала куды менш. Мабыць, найперш па той прычыне, што вялікакняжацкай, а тым больш каралеўскай кароны прадстаўнікі гэтага надзвычай магутнага, заможнага, уплывовага ў Еўропе і разгалінаванага роду так і не здабылі. Іх суб’ектыўным магчымасцям і амбіцыям поўнасцю здзейсніцца перашкодзілі аб’ектыўныя абставіны, бо на шырокую гістарычную арэну Радзівілы выйшлі тады, калі Беларуская дзяржава, гэта значыць Вялікае Княства Літоўскае праз унію з Польшчай пазбавілася ўласнай дзяржаўнасці, а з ёю і права весці незалежную ўнутраную і асабліва вонкавую палітыку.

У часы княжання Радзівілаў усходняя і заходняя дзяржавы-суседкі акрыялі і ўмацаваліся так, што іх, як калісьці, нельга ўжо было перамагчы войскамі Вялікага Княства Літоўскага ў сумленным і адкрытым змаганні. Таму і даводзілася жыць у змушаным «шлюбе», хітраваць і лавіраваць ці шукаць новых саюзнікаў, як, скажам, у час вайны Швецыі з Расіяй, нават мяняць веравызнанне. Але магутнасць, як і незалежнасць, дзяржаўнасць Вялікага Княства Літоўскага так і не была адноўленая. Менавіта ў гэтым бачыцца гістарычная трагедыя як князёў Радзівілаў, так і ўсяго беларускага народа…

Але ніякім чынам нельга пазбавіць народ гістарычнай памяці. І ў яго асвечаным асяроддзі з прадоння стагоддзяў нязгасна высвечвала колішняя слава... Незалежніцкія настроі на абшарах колішняга ВКЛ па сутнасці ніколі не згасалі і нават час ад часу, прынамсі тады, калі Беларусь была гвалтоўна ўключана ў склад Расійскай імперыі, выбухалі паўстаннямі.

Вельмі няпростай і неадназначнай у вызваленчым руху была пазіцыя вышэйшых пластоў грамадства, беларускіх магнатаў, князёў Радзівілаў у прыватнасці. Аб’ектыўнае асэнсаванне іх месца і ролі ў гісторыі Беларусі ўсё яшчэ наперадзе і чакае сваіх удумлівых даследчыкаў.

Што датычыць бэсэсэраўскага перыяду ў нашай гістарыяграфіі, дык ці ж невядома, паводле якіх крытэрыяў тады ацэньваўся ўвесь дакастрычніцкі перыяд беларускай мінуўшчыны. Пра Радзівілаў калі і згадвалася, дык толькі як пра заклятых ворагаў працоўнага беларускага люду. А яно і не магло быць інакш у дзяржаве, дзе адзіна «верным і правільным», як у тэорыі, так і на практыцы, прызнавалася ленінскае вучэнне. Пра яго сутнасць яскрава сведчаць і нядаўна адшуканыя ў архівах КДБ вядомым расійскім гісторыкам-леніназнаўцам Анатолем Латышавым два распараджэнні «вялікага правадыра» свайму вернаму паслядоўніку і выканаўцу Феліксу Дзяржынскаму. Першае датуецца 19 снежня 1919 г. і датычыць лёсу узятых у палон амаль мільёна казакоў, якіх Уладзімір Ільіч загадаў «расстрелять всех до одного». Мінае ўсяго некалькі месяцаў і крыважэрны «вождь» 11 траўня распараджаецца, што «…необходимо как можно быстрее покончить с попами и религией. Попов надлежит арестовывать как контрреволюционеров и саботажников, расстреливать беспощадно и повсеместно. И как можно больше. Церкви подлежат закрытию. Помещения храмов опечатывать и превращать в склады».

Ад падобнай долі Радзівілаў выратавала эміграцыя. А ў гісторыі БССР, якая па незразумелай логіцы ахоплівала і часы ад сівой даўніны, пра род Радзівілаў не згадвалася, за выключэннем, бадай, адной княгіні Магдалены, дый толькі дзеля таго, каб згадкай яе імя збэсціць «Нашу Ніву», якая, маўляў, не магла быць прагрэсіўным дэмакратычным выданнем, бо фінансавалася са скарбонкі «заклятых ворагаў працоўнага народа». Спрычынілася яна ў якасці фундатаркі, дарэчы, не толькі да гэтага выдання. Вось як ацэньваецца яе роля ў толькі што выдадзеным 6-м томе «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі»: «Была выхавана ў духу беларускай культуры, сімпатызавала хрысціянскім дэмакратам. Фінансавала выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца», Беларускае выдавецкае таварыства, газету «Беларус», таварыствы цвярозасці, шпіталі, сельскія крамы і іншыя. Адкрыла беларускія школы ў сваіх уладаннях у Кухцічах (цяпер пасёлак Першамайск Уздзенскага раёна), Уздзе, Каменцы. Яе маёнтак у Кухцічах наведвалі В. Іваноўскі, І. і А. Луцкевічы, Р. Скірмунт, А.

Уласаў і іншыя дзеячы беларускага нацыя- нальна-культурнага руху. Аказвала матэрыяльную падтрымку ў выданні першых кніг М. Багдановіча, К. Буйло і іншых; у знак удзячнасці ёй Іваноўскі і А. Луцкевіч змясцілі герб Завішаў «Лебедзь» (княгіня паходзіла з роду Завішаў. — Я. Л.) на тытульным аркушы зборніка вершаў Багдановіча «Вянок». Пасля 1917 г. у эміграцыі ў Польшчы, Літве, Германіі, з 1922 у Швейцарыі. Дапамагала беларускім арганізацыям у Заходняй Беларусі, літоўскаму і яўрэйскаму культурным рухам».

У гэты ж перыяд, хоць па часе і крыху пазней, на беларускай ніве праявіў сябе і Антоні Альбрэхт Вільгельм Радзівіл, які згодна з «Энцыклапедыяй гісторыі Беларусі» «пасля абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ездзіў у лістападзе 1918 г. разам з Р. Скірмутам у Берлін і Швейцарыю забяспечыць ёй падтрымку». Потым, праўда, ён адышоў ад беларускіх спраў, да смерці заставаўся тыповым польскім абшарнікам і займаў грамадскую пасаду віцэ-прэзідэнта Саюза абаронцаў «крэсаў усходніх».

Асобнай гаворкі і, зразумела, даследавання патрабуе мастацкая, музычна-кампазітарская і літаратурная дзейнасць Радзівілаў. Пра творчасць кампазітараў з гэтага слаўнага роду мы шмат даведаліся дзякуючы нястомнай энергіі опернага спевака Віктара Скорабагатава і яго «Беларускай капэлы», а таксама Вялікаму тэатру оперы, дзе выконваўся «Доктар Фауст» Антонія Радзівіла.

А вось сакавіцкі нумар часопіса «Полымя» парадаваў нас вершамі ХVІІІ ст. Уршулі Радзівіл і ўступным словам да гэтай публікацыі Наталлі Русецкай, з якога мы даведаліся, што ў «Беларускім кнігазборы» падрыхтаваны да выдання том выбраных твораў гэтай пісьменніцы, які, дарэчы, гэтымі снежаньскімі днямі якраз выйшаў. Квартальнік «Наша вера» ў № 2 змясціў матэрыял Н. Русецкай «Збавенныя перасцярогі Францішкі Уршулі Радзівіл» і пераклад гэтых перасцярогаў. Пісала Уршуля па-французску і па-польску, таму асаблівую значнасць набывае знойдзенае ў польскім архіве доктарам гісторыі, прафесарам Кіева-Магілянскай акадэміі протаіерэем Юрыем Мыцыкам, маім і ўвогуле Беларусі даўнім і шчырым сябрам-пабрацімам. Гэтая знаходка важная не так сама па сабе, як у кантэксце ўсталяванага стэрэатыпу мыслення, паводле якога да самага апошняга часу ўвесь разгалінаваны радзівілаўскі род лічыўся пазбаўленым святога патрыятычнага пачуцця любові да свайго, роднага, паважлівага стаўлення да духоўных, у тым ліку і моўных, набыткаў беларускага народа, створаных на зямлі, дзе Радзівілы валадарылі на працягу стагоддзяў. Варшаўская знаходка слыннага ўкраінскага навукоўцы кладзе канец такому меркаванню. Звязана яна з імем Леана Уладзіслава Радзівіла, малодшага брата згаданага вышэй Альбрэхта Радзівіла. Імя пакуль што мала вядомае і амаль загадкавае. Яму ў «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» прысвечана літаральна два радкі: «Леан Уладзіслаў (22.12.1886–8.4.1959) у 1935–1939 быў апошнім ардынатарам (гэта значыць уладальнікам. — Я. Л.) нясвіжскім і клецкім, памёр у Парыжы».

Прапаную чытачу спакваля падысці да гэтай своеасаблівай сенсацыйнай знаходкі, прачытаўшы спачатку ліст шаноўнага даследчыка, які папярэднічаў знаходцы і перадае сутнасць характару гэтай неардынарнай асобы, абсяг творчых інтарэсаў даследчыка, а потым той, што быў пасланы з Варшавы адразу ж пасля архіўнага адкрыцця.

Яўген ЛЕЦКА

Дарагі пане Яўгене!

Прабачце, што даўнавата не пісаў. 2 сакавіка маюся выехаць да Варшавы, дзе буду месяц стажыравацца. Таму спрабую завяршыць прынамсі частку сваіх спраў. (...)

У Варшаве я буду вывучаць польскую і нямецкую прэсу, дзе пішацца пра Украіну і Беларусь з 1662 года па першую палову ХVІІІ стагоддзя. (...)

 

Дарагі пане Яўгене Лецка!

Пішу Вам гэты ліст з Варшавы, дзе працую ў архівах. Шукаю пераважна старадрукі (ХV–ХVІІІ стагоддзяў), у якіх бы гаварылася пра падзеі на Украіне і Беларусі. Знайшоў шмат цікавага. Пра нас добра ведалі далёка за межамі Рэчы Паспалітай: у Нямеччыне, Італіі, Францыі, Іспаніі і г.д.

Цяпер не маю часу на доўгі ліст. Як прыеду дахаты, дык разбяруся са здабытымі матэрыяламі, тады і напішу цыкл артыкулаў. А пакуль што высылаю Вам адну маленькую нататку.

У ГАПА (Галоўны архіў прававых актаў) ёсць фонд «Архіў Казіміраў», там цэлае мора інфармацыі па гісторыі Беларусі. Нядаўна польскія архівісты зрабілі вопіс 10 і 27 аддзелаў гэтага фонду, і я адразу акунуўся ў іх даследаванне. Ужо ў першы дзень я выхапіў адну цікавую справу: ГАПА, фонд архіва Радзівілаў; аддзел ХХVІІ, справа 138. Тут захоўваецца невялікі (на 5 аркушаў) матэрыял: гэта праца Ляона Уладзіслава Радзівіла, якая збераглася ў копіі, зробленай нясвіжскім архівістам Баляславам Таўрэгіньскім (1904–1974) «Палескія вераванні», створанай 2 ліпеня 1940 года.

Князь Ляон Уладзіслаў Радзівіл (1888–1959) быў 17-м Нясвіжскім ардынатам і 15-м Клецкім ардынатам. Ён быў малодшым сынам Ежы Фрэдэрыка Радзівіла (1860–1914) і ўнукам Антонія Вільгельма Радзівіла (1833–1904), праўнукам Вільгельма Радзівіла (1791–1833). Гэтая лінія Радзівілаў цягнецца ад Мікалая Фаустына Радзівіла (1688–1746), мечніка літоўскага і наваградскага ваяводы — малодшага сына Дамініка Мікалая Радзівіла (1653–1697). Але досыць генеалогіі.

Дык вось, Л.-У. Радзівіл напісаў верш на беларускай мове, а таксама — невялікі лірычны нарыс (таксама па-беларуску), а напрыканцы змясціў 4 беларускія прымаўкі. Увесь тэкст напісаны лацінскімі літарамі. Я буду цытаваць у зваротнай транскрыпцыі — кірыліцай.

(...) Вось верш, якім адкрываецца гэты невялікі рукапіс:

«Зялёны дубочак, што не зелянееш,
Ці ветру баішся, ці лугу жалееш?
Ветру не баюся, лугу не жалею,
А сам, адзінокі, дык не зелянею.
Малады малойчык, чаго зажурыўся,
Ці ў салдаты клічуць, ці ў дзеўку ўлюбіўся?
У салдаты не клічуць, вайны не баюся,
А сам адзінокі, дык таму журуся…» (...)

Юрый МЫЦЫК
9.03.2003 г.

На гэтым можна было б і кропку паставіць. Ды з матэрыялам шаноўнага ўкраінскага пабраціма пазнаёміўся наш слынны навуковец, доктар філалагічных навук А.С. Ліс. Вось яго каментар: «Сапраўды, знаходка неардынарная, найперш з пункту гледжання аўтарскай прыналежнасці. Невялікі, на 5 аркушаў, матэрыял — копія запісаў беларускага фальклору, зробленая князем лявонам Уладзіславам Радзівілам (1888-1959), семнаццатым нясвіжскім ардынатарам.

Ю. Мыцык называе «невялікі лірычны нарыс, якім адкрываецца запіс», прыводзіць у транслітарацыі з лацінкі 4 беларускія прыказкі і падае тэкст верша-песні «Зялёны дубочак». У гэтым апошнім і заключаецца інтрыга публікацыі шаноўнага ўкраінскага сябра. Так, Радзівілы не былі далёкія беларускай культуры, як гэта часам нам падавалі, дый, што граху таіць, нам самім магло здацца. У апошні час гісторыкі і культуролагі доказна паказалі гэта.

Што ж тычыцца цікавасці Радзівілаў да беларускай традыцыйнай духоўнай культуры, то не ў адным Лявоне Уладзіславе — магікане славутага роду, яна праяўляецца. У архіве РАН у Санкт-Пецярбургу захоўваецца рукапіс князя Канстанціна Радзівіла пад назвай «Этнаграфічныя звесткі пра жыхароў Навагрудскага павета». Вядомы рускі этнограф Д. Зяленін, які даў апісанне рукапісу, адносіць яго да 50-гадоў ХІХ стагоддзя. У рукапісе памерам 32 старонкі ўтрымліваюцца тэксты дзвюх класічных купальскіх песень, 39 прыказак, 29 жартаў і праклёнаў, падрабязнае апісанне абрадаў вяселля, праілюстраванае 27-мю песнямі, і апісанне Дзядоў.

Шаноўны ўкраінскі даследчык, аднак, паўтараю, інтрыгуе нас вершам-песняй «Зялёны дубочак», прапануючы тэкст як аўтарскі Радзівілаў твор. Фактычна ж мы маем адзін з варыянтаў лірычнай народнай песні, вядомы ў запісах незабыўнага Р. Шырмы, у свой час уключаны ў рэпертуар слыннага беларускага спевака Міхала Забэйды-Суміцкага».

Што ж, жыццё ідзе — пошукі і даследванні працягваюцца. Будзем спадзявацца на новыя адкрыцці ў асэнсаванні Радзівілаўскай спадчыны.

Я. Л.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY