|
|
№
4(26)/2003
Галерэя
З жыцця Касцёла
Мастацтва
У свеце Бібліі
На шляху веры
Сведчаць архівы
Проза
Паэзія
Нашы святыні
Мастацтва
Проза
Культура
|
Восенню 1819 г. у гарадской бібліятэцы Іены Гётэ натрапіў на старажытны лацінскі рукапіс, у якім апавядалася пра трох святых каралёў. Захоплены тэкстам, паэт напісаў свайму знаёмаму: «Гісторыя і паданне, магчымае і неверагоднае, казачнае і натуральнае, магчымае і сапраўднае спалучана тут у адзінае і, як казка, не паддаецца ніякай крытыцы» (Иоанн Хильдесхаймский. Легенда о трёх святых царях. М., 1998, с. 10). Гётэ вельмі зацікавіўся аўтарам рукапісу і хутка даведаўся, што ім быў нямецкі (ці то вестфалец, ці то саксонец) манах-кармеліт, доктар тэалогіі і прафесар у Авіньёне Ян Хільдэс-хаймскі (1310/1320–1375 гг.). Памёр ён як прыёр кармеліцкага кляштара на сваёй радзіме, у Марыенаў. Гётэ надрукаваў кароткі пераказ аповесці і пажадаў, каб яна, як найхутчэй, была надрукаваная па-нямецку: «У перакладзе на нямецкую мову гэтая кніжка далучылася б да народных кніг, бо яна задумана і напісана для народа...». Перакладчык Густаў Шваб так быў натхнёны сярэднявечнай легендай, што напісаў на яе тэму дванаццаць рамансаў. Гётэ блаславіў выхад перакладу Шваба з яго рамансамі ў 1821 г. і дадаў у кніжку ўласны невялікі верш.
Кароткае паведамленне евангеліста Мацвея пра трох каралёў-магаў ву- чоны кармеліт разгарнуў у аповесць-легенду з маляўнічым апісаннем розных краін і народаў Усходу, болей ці меней праўдзівым, часцей казачна-фантастычным. Гісторыя трох каралёў пачынаецца тут са згадкі пра старазапаветнага прарока Валаама, які прадказаў нараджэнне Месіі і ўзыход «зоркі Якуба». Потым аўтар «пераскокнуў» адразу ў часы апошніх крыжовых паходаў і апавёў пра прывезеную з Усходу ў Акону (Акру) карону караля Мельхіёра, якую за вялікія грошы купіў магістр тампліераў (яна нібыта знікла пазней, пры разгроме ордэна храмоўнікаў). Наступны раздзел пераносіць чытача ў Кнігі старазапаветных прарокаў, нагадвае пацверджанні прароцтва Валаама пра «зорку Якуба» і апавядае пра дванаццаць астраномаў-халдзеяў, якія з гары Фус церпяліва назіралі за небам, каб заўважыць доўгачаканую зорку.
Тады ж над гарой Фус узыходзіць яркая, як сонца, зорка накшталт факела, і цэлы дзень яна стаіць нерухома, выпускаючы з сябе праменні. Больш за тое, на зорцы бачнае аблічча Дзіцяці і знак святога Крыжа, а голас з яе абвяшчае нараджэнне Цара Юдэйскага і загадвае ісці да Яго на паклон. Атрымаўшы паведамленне астраномаў, святыя каралі з Індыі, Персіі і Халдэі, кожны самастойна, з вялікай світай адпраўляюцца ў дарогу «з ахвярамі і дарамі, у багатых каралеўскіх адзеннях, на конях, мулах і вярблюдах...І ўсю незлічоную паклажу сваю паслалі наперад, а з ёю кароў і авец; пасцелі і ўсё патрэбнае ў дарозе на ўсіх везлі на падводах вярблюды і іншая цяглавая жывёла...». Гэты тэкст, напэўна, мелі ў памяці мастакі італьянскага Адраджэння, малюючы на сваіх карцінах велізарныя караваны на падыходзе да Ерузалема.
У «Легендзе» спачатку дакладна пераказваецца Евангелле ад Мацвея: як каралі сустракаліся і гаварылі з Ірадам, пайшлі зноў за зоркай у Бэтлеем, адшукалі дом, дзе была Марыя з Дзіцем, і паднеслі Яму дары. Але потым аўтар у некалькіх раздзелах дае ўласную трактоўку эпізода. Ён задаецца пытаннем, чаму каралі не адразу пайшлі ў Бэтлеем, і лічыць галоўнай прычынай тое, што яны згубілі зорку, і былі вымушаныя трапіць у Ерузалем, каб там удакладніць у дасведчаных кніжнікаў месца нараджэння Езуса. Гэта рацыянальнае тлумачэнне аўтар дапаўняе яшчэ меркаваннем, што такім чынам было прадугледжана, каб юдэі і ўсе іншыя, хто ведаў прароцтвы аб нараджэнні Пана і месцы гэтай падзеі, не маглі пазней апраўдацца ў сваім бязвер’і. Далей «Легенда» апісвае, як каралі выйшлі з Ерузалема ў дзве гадзіны, сустрэліся па дарозе з пастухамі, якія ўжо наведалі Хрыста, убраліся ў царскія адзенні і ў сем гадзін дайшлі да Бэтлеема. «І з таго часу над навесам... зорка стала вышэй за глінабіт- ную сцяну... і далей не пайшла... Потым зорка зноў узнялася ўвысь і завісла нерухома». Аўтар піша, што Езусу было ўжо 13 дзён ад нараджэння. Ён ляжаў у яслях на сене, спавіты падранаю хусткаю, і выглядаў як здаровенькае Дзіця. Марыя таксама была ў поўным росквіце, твару крышку смуглявага, у простым блакітным плашчы, які Яна прытрымлівала леваю рукою, у ільняной наметцы. Яна сядзела на краі ясляў і праваю рукою трымала галаву Дзіцяці. Каралі знялі з вярблюдаў багатыя дары, але, уражаныя незвычайна яркім святлом у пячоры, зусім забыліся пра іх. Яны пацалавалі зямлю перад яслямі і рукі Дзіцяці і паднеслі Яму тое, што трапілася пад руку. У Мельхіёра былі 30 залатых манетаў і залаты яблык — не большы, чым магла ўзяць рука. Балтазар выбраў наўгад са сваіх скарбаў ладан, а Яспар (Каспар) са слязьмі падаў Пану трошкі смірны на далоні. Ян Хільдэсхаймскі дае розныя тлумачэнні дароў (гістарычна-побытавыя і тэалагічна-сімвалічныя), а потым гаворыць пра невысокі рост усходніх каралёў: дарэчы, самым нізкім быў Мельхіёр, а самым высокім — эфіоп Яспар (Каспар). У «Легендзе» маляўніча апісаны зваротны шлях каралёў. У Бэтлеем яны дабіраліся пад апекай зоркі толькі 13 дзён, а вярталіся з вялікімі цяжкасцямі на працягу двух гадоў. Тут жа тлумачыцца, што слаўных каралёў назвалі вешчунамі паганскія кніжнікі, якія нічога не ведалі пра Нараджэнне Пана і якіх на гэта падбухторвалі юдэі. І так вядзецца да гэтага дня. Ісціна ж у тым, што вешчуном прынята называць усялякага мудраца, які разумее ход нябесных свяцілаў, а вялікія магутныя каралі і былі такімі. Вярнуўшыся, яны загадалі пабудаваць на гары Фус капліцу і намаляваць у ёй абраз Дзіцяці, а потым разышліся па сваіх краінах і жылі да Ушэсця Гасподняга. Далей апавяданне набывае апакрыфічна-фальклорны змест: Марыя з Дзіцем і Юзафам сорак дзён хаваюцца ў іншай пячоры (у першай ацалела сарочка Марыі і пялюшкі Дзіцяці аж да царыцы Алены). Святая Сям’я ўцякае ў Егіпет і жыве там сем гадоў, да смерці Ірада. На зваротным шляху Марыі, як памяць пра тое, вырастаюць ружы, якія бедуіны збіраюць і мяняюць на хлеб у паломнікаў, а тыя разносяць па ўсім свеце. Вельмі падрабязна апісаны бальзамавы сад у Егіпце паблізу месца, дзе жыла Марыя, і сам працэс збору лекавага бальзама. Выкладзена абсалютна неверагодная гісторыя 30 залатых «пенязяў»: яна пачынаецца ад Абрагама і царыцы Саўскай, а потым гэтыя грошы разам з ладанам і смірнаю Марыя губляе ў пустыні, дзе іх знаходзіць пастух і прыносіць у храм. У выніку яны трапяць да Юды Іскарыёта пад назвай «сярэбранікаў». Аўтар даказвае іх ідэнтычнасць і чамусьці старанна апісвае абрад пасвячэння ў «рыцары» (воіны) на Усходзе. У наступным разделе ён пачынае апавядаць пра місіянерскую дзейнасць апостала Тамаша ў Індыі, дзе яго сустрэлі яшчэ здаровыя, хоць вельмі старыя, тры каралі. Тамаш ахрысціў народ той краіны, пасвяціў каралёў у арцыбіскупы і накіраваўся ў верхнюю Індыю, дзе быў замучаны. Каралі-арцыбіскупы аб’язджалі свае землі, будавалі і асвячалі храмы, а потым да сканчэння сваіх дзён пасяліліся пад гарой Фус, каб быць там пахаванымі. Праз два гады, незадоўга да свята Нараджэня Хрыста, на небе ўзышла новая зорка, і неўзабаве каралі адзін за адным спачылі ў Богу ў горадзе Скуле, але целы іх заставаліся нятленнымі, пакуль там не пашырылася ідалапаклонства. У далейшых трох раздзелах апавядаецца пра пабудову святой Аленай храмаў у Бэтлееме, Назарэце і на гары Фавор. Потым яна накіравалася ў Індыю і вывезла целы Мельхіёра, Балтазара і Яспара (Каспара) у Канстанцінопаль, у храм святой Сафіі. Пры імператары Маўрыкіі целы перанеслі ў Мілан. У 1164 г. арцыбіскуп кёльнскі Райнольд перанёс целы святых каралёў у Кёльн, дзе пры іх адбыліся многія цуды. На заканчэнне крытычна апісваюцца хрысціянскія народы Усходу і іх рэлігійныя звычаі, асабліва нестарыянаў. У апошнім раздзеле змешчана «Пахвала Кёльну», дзе і цяпер у саборы захоўваюцца рэліквіі трох святых каралёў.
|
|
|