  |   
 | 
МАЛІТВА ВЯРТАННЯ
 
На неба гляджу з-пад рукі. 
Спявае яно ці галосіць? 
Там выраю два радкі 
Рыфмуе самотная восень. 
 
Паэма мая ў два радкі 
Двухкрыла ляціць за аблокі. 
Дзе стрэліся два вякі, 
Ты ў шлях адлятаеш далёкі. 
 
О, як іх трывожна звяло – 
Нязвыкла ажно чалавеку – 
Мінулага веку крыло 
З крылом ужо новага веку. 
 
Раздзелены шлях надвая 
І блізкім крылом, і далёкім. 
Вяртайся, паэма мая, 
Пад кроны ў мае Налібокі. 
Да рэчкі сваёй, 
Ручая, 
З якімі адзін я застаўся. 
Пра гэта й малітва мая: 
– Вяртайся, 
Вяртайся, 
Вяртайся!.. 
  |   
 | 
*  *  *
 
Цётка Альбіна, 
 			    на ваш хутарок 
Ценямі воўчымі 
 			        ціснецца змрок. 
Думна маўчыць 
 			      рыжаваты каштан, 
Дожджык танцуе 
 			          на вялых кустах. 
Дзе той куфэрак, 
 			         куды ён прапаў, 
Можа, сам час яго 
 			            дзесь закапаў. 
З медзі акоўка, 
 			   востраны кант. 
Сам ён глядзеўся, 
 			         як той фаліянт. 
Пахлі старонкі 
 			    газоўкай старой. 
Пахла запеччу  
 			   і глінай сырой, 
Але не пахла зусім  
 			              забыццём. 
Ды закруціла 
 		             вірамі жыццё. 
Так закруціла, 
 		              хоць крыкма крычы, 
Воўчыя зграі 
 		            нясліся з начы. 
Зграі завей 
 		       выядалі акно. 
Што за акном тым, 
 			             дасюль не відно. 
Можа, сама ты 
 			   з ружанцам трывог, 
Можа, чужы нехта 
 			             ў ложак прылёг? 
Як запацела  
 		          часу акно, 
Твар твой навечна 
 			             схавала яно. 
Цётка Альбіна... 
 			     Суцішваю крок. 
Дзе ж вы? 
 		  І дзе ж ваш святы хутарок? 
Ціха запальвае свечкі 
 				        каштан. 
Дожджык сцякае па рыжых лістах...  
  |   
 | 
ЖЫРАНДОЛЬ
 
Высвеці дзень мой нанова, 
Так, каб не згас ён ніколі. 
Як ты гарыш прамянёва 
У вечаровым касцёле. 
 
Вечнасць, сама нават бачыць – 
Хто яна ўрэшце такая? – 
Гэта святлом гарачым 
Сэрца паэта палае. 
 
Як я хачу сваю долю 
З яснымі бачыць вачыма. 
Цёпла ў гняздзе жырандолі 
Жаваранкам Багрыма. 
 
Як яны выпырхнуць потым 
І паляцяць над Шчарай 
Столькі ж у кожным пяшчоты, 
Столькі пад крыламі жару! 
 
Светла і ў час найдрымотны. 
Значыць, не знікну нідзе я, 
Нават як птушкай самотнай 
Выпырхне з рук надзея. 
 
Выкаваць можна, што хочаш, 
Выкаваць цяжка долю. 
Свецяцца ясныя вочы 
Свечкамі жырандолі. 
 
Ціхай малітвай да Бога 
Пэўна, ты будзеш пачуты. 
І каваля самога 
Можна скаваць у путы. 
 
Але нідзе і ніколі 
Не змоўкне малітва тая. 
Зноўку з гнязда жырандолі 
Жаваранак узлятае. 
  |   
 | 
*  *  *
 
Паўстала здань самотная ў акне, 
І знікла ўсё. 
Плылі кудысь аблокі. 
Ксёндз Тарасевіч,  
 			          што хрысціў мяне, 
Прымроіўся у вобразе далёкім. 
 
Вярнуў хрышчонай маці прыпамін 
Далёкую ваенную суботу: 
Дарога, што звужаецца, як клін, 
Дзве ніці лёсу цягне за сабою. 
 
Калі парвецца тонкая адна, 
Дай Божа за другую мне ўхапіцца. 
У час, калі далёка дзесь вясна, 
Ну, трэба ж мне зімова нарадзіцца. 
 
О, як рыпяць балюча палазы! 
Як рэжуць гурбы палазамі сані! 
Нібыта два халодныя лязы 
З вачэй слязу ці іскру выкрасаюць. 
 
І як далёка ўсё ж сягае зрок. 
Хоць немаўля, 
А ўжо глядзець умее. 
Качуся я, 
 		  нібыта снегірок, 
Спавіты і захутаны ў завею. 
 
Сцюдзёная марозная зара. 
Здаецца, снег палае і дыміцца. 
У час такі, што трэба паміраць, 
Ну, трэба ж мне зімова нарадзіцца. 
 
Паліце ў печы, 
Не шкадуйце дроў! 
Няхай гасцей пушчанскі дом склікае. 
Прыходзьце з пушчы, 
З самых гушчароў! 
Вайна хай за парогам пачакае! 
  |   
 | 
ЛЕТА
 
У свірне гэтым ластаўка свіргоча, 
Пакуль у ім яшчэ начуе змрок. 
У ліпеня ад мёду ліпнуць вочы, 
У ліпеня такі мядовы зрок. 
 
Яму ўжо сонца выпаліла бровы, 
Ён коласам прыгнуўся да зямлі. 
Зноў сну не будзе ў сне гаспадаровым, 
Не будуць спаць і свірны, і палі. 
 
Не змрок, а сонца заліе засекі. 
Шырока, лета, дзверы расчыняй! 
Не ў ручайкі, 
 		           а ў залатыя рэкі 
Даспелая плыве далечыня. 
 
Зліваюцца бары з далечынёю. 
Усё трымціць, як мройлівасці ўзвар. 
Я прыкрываю сонца даланёю, 
Каб лепш разгледзець дня стамлёны твар. 
  |   
 | 
*  *  *
 
Аддавалі мне продкі 
Не на дзень, а навекі, 
Лёгкаходныя лодкі, 
Лодкаходныя рэкі. 
 
І наказвалі строга, 
Каб не быў я зацятым, 
Каб бярог сваю стронгу, 
Як страху сваёй хаты. 
 
Каб з бароў, 
 		         з Налібокаў, 
Не ўцякаў без аглядкі. 
Каб глядзеў я далёка, 
Аж у вочы нашчадка. 
 
Што давалі навекі, 
Страціў я гэтак лёгка: 
Хутка высахлі рэкі 
І рассохліся лодкі. 
 
І стаю я самотны, 
Як забытая хата. 
Плачуць ліўнямі вокны: 
– Сам ты, брат, вінаваты... 
  |   
 | 
ДВОЕ
 
Згадай, было гэта калі, 
У час які, 
У дзень каторы: 
Мы, як два воблакі, плылі, 
Не адчуваючы прасторы. 
 
Плыла з тваёй мая душа. 
Так светла не было ніколі. 
Ужо канчалася Імша 
У рубяжэвіцкім касцёле. 
 
І вострых вежаў два крыжы 
У дзве рукі мой свет жагналі. 
На вострым часу рубяжы 
Дзве весткі нас з табой дагналі. 
 
Яны ляцелі напрасткі, 
Каля Ячонкі і Засулля. 
Яны ў два розныя бакі 
За дзве рукі мяне цягнулі. 
 
Адна – што цяжкі выбар мой, 
Што трэба зноў назад вярнуцца, 
Другая звабаю самой 
Маліла шчасцю прыўсміхнуцца. 
 
Адно я ліха выбраў з двух, 
Хоць і з другім не размінуўся. 
За лес садзіўся сонца круг, 
І круг трывог за мной замкнуўся. 
 
І колькі раз яшчэ праз сон 
Мне тая, першая, крычала. 
Ляцела рэхам наўздагон, 
Зрывала голас у адчаі. 
 
Плылі аблокі ўслед за мной 
І боль мой даўні варушылі. 
Цыганкі з Дражні колькі ёй 
Пра лёс мой страшны варажылі. 
 
Усё мінулася даўно 
Хоць часта ў памяці ўсплывае. 
І не пачнеш усё наноў. 
Так не бывае. 
  |   
	
  
  | 
  |