Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(26)/2003
Галерэя
З жыцця Касцёла
Мастацтва
У свеце Бібліі

СУСВЕТНЫ ПАТОП
На шляху веры
Сведчаць архівы
Проза

ТРАЙНЫ АГЕНТ
Паэзія

СІЛА АД РОДНАЙ ЗЯМЛІ

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Нашы святыні
Мастацтва
Проза

МОЙ БРАТ ДУХОЎНЫ
Культура

Айцец Віктар нарадзіўся ў Яраслаўлі 20 ліпеня 1927 года. Быў асуджаны на 10 гадоў за палітычныя перакананні. Пасля вызвалення зноў быў арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў за рэлігійную дзейнасць. Адсядзеў сем з паловай гадоў. Вызвалены па амністыі ў 1955 г., скончыў Яраслаўскі універсітэт і фінансавы тэхнікум; падпольна — духоўную семінарыю. Святарскае пасвячэнне атрымаў з рук грэка-каталіцкага мітрапаліта Уладзіміра Старнюка ў 1976 г.

Працаваў падпольна святаром на абшарах былога СССР. Пераклаў і напісаў кнігі па тэалогіі і гісторыі Касцёла. Жыве і працуе ў Гродне.

Айцец Віктар згадзіўся адказаць на пытанні нашага карэспандэнта.

 
Данута БІЧЭЛЬ

«І ПРЫВЯДЗІ ДА ПОЎНАЙ ЕДНАСЦІ»

Гутарка з протапрэсвітарам, дэканам грэка-каталіцкай Царквы айцом Віктарам Данілавым

Унія мне ўяўляецца мілым дзіцяткам, якое бярэ за рукі католіка і праваслаўнага, бо яны ж яго «нарадзілі», і вядзе па светлай дарозе да Бога і да еднасці. Унія была ўтворана ў ХVІ ст. як нацыянальная канфесія. Які сённяшні стан уніяцкай Царквы?

— За апошнія болей як 10 гадоў колькасць католікаў на Гродзеншчыне вырасла ў шмат разоў. У людзей знік страх пераследу, і яны вяртаюцца да Бога. Захавалася традыцыя і гістарычная памяць.

Унія ў гэтых краях практыкавалася 243 гады (ад 1596 да 1839), была забароненая царскімі ўказамі, пераследавалася і вынішчалася больш, чым усе іншыя канфесіі.

Асновай адраджэння грэка-каталіцкага ці ўсходняга абраду сталі якраз інтэлігенты, моладзь, хто праз выхаванне ў сям’і і праз вывучэнне гісторыі і культуры адчувае сябе уніятам. Гэта медыкі, выкладчыкі ВНУ і школаў, мастакі, тэхнічная інтэлігенцыя. Для росквіту і пашырэння уніі патрэбна мазольная праца духавенства.

Уніяцкіх святароў на Беларусі ўсяго 9, некаторыя працуюць на тры парафіі. Святары старэйшага ўзросту не маюць магчымасці хадзіць у пілігрымкі альбо ездзіць на супольныя малітвы да уніятаў Украіны ці Польшчы. Цэрквам, капліцам патрабуецца адбудова, рэстаўрацыя. Мы ў Гродне доўга маліліся ў розных месцах — клубах, вучэльнях. Гэта ўсё не спрыяла росквіту нашай Царквы.


На сустрэчы з Святым Айцом. Архімандрыт Сяргей Гаек і а.Вiктар Данілаў.
Католікі ўсходняга абраду так, як і католікі заходняга, маюць магчымасць запрашаць да сябе місіянераў.

— У нас у Полацку працуе святар з Украіны, але на Украіне таксама не хапае уніяцкіх святароў...

У Будслаўскім санктуарыі ноччу з 1 на 2 ліпеня адбывалася Святая Імша пры цудатворным абразе Божай Маці.

Католікі з вёсак спачатку глядзелі на маленне уніятаў як на нешта незвычайнае, але вельмі хутка яны ўбачылі і зразумелі, што хоць уніяты моляцца і крышку не так, як яны, але вельмі спеўна, прыгожа і ўзнёсла славяць Бога... У чым сутнасць традыцыі грэка-каталіцкага абраду?

— Грэка-каталіцкі абрад улічвае ментальнасць, традыцыйную культуру народа. Калі гаварыць спрошчана, на пачатку ўтварэння уніі была дамоўленасць: нас прымае Апостальская Сталіца, але мы застаемся ва ўсходнім абрадзе. Святары лацінскага абраду, якія перайшлі ў грэка-каталіцкі, па звычцы перанеслі шмат чаго з лацінскага абраду: элементы прамаўлення (а быў толькі спеў), арганы, званочкі.

Замойскі Сінод узаконіў усё, але крытыкі уніі пачалі выкарыстоўваць гэта, і так некаторы час вагалася.

Але цяпер усе уніяты Беларусі моляцца аднолькава. А мае вернікі так мне тлумачаць: ім падабаецца уніяцкая літургія сваёй эмацыйнасцю, спеўнасцю і зразумеласцю, а яшчэ тым, што уніяцкае набажэнства цягнецца шмат даўжэй, чым Святая Імша ў лацінскім Касцёле...

Я імкнуся на казаннях падрабязна тлумачыць Божую навуку. Нашы вернікі вельмі актыўна моляцца ў час рэкалекцый. Мы практыкуем гутаркі вернікаў на пэўныя тэмы з абмеркаваннямі і дыскусіямі, з высновамі святара.

У нашай супольнасці ёсць 10 хлопцаў, якія маюць патрэбу ў апостальскай працы. Ёсць група, якая працуе са студэнтамі. Езус сказаў: «Сейбіт выйшаў на сяўбу», — то студэнты — гэта добры грунт для сяўбы.

Працую з вернікамі ў кірунку не нацыянальнай, а каталіцкай свядомасці; мала місійнасці, містычнасці, звышдухоўнасці. Мала такіх вернікаў, якія здольныя на ахвяру, хоць парафія наша складаецца з інтэлігенцыі: з вучоных, выкладчыкаў ВНУ, банкаўскіх работнікаў, мастакоў, лекараў.

Я выбрала для перакладу з Вашай кнігі ўрывак, дзе Вы пішаце, як маліліся ў лагеры. Мне здалося гэта павучальным і вельмі далікатным, інтымным. Але патлумачце, як Вы перадаеце лагерную методыку містычнага жыцця сваім вернікам.

— Вучу вернікаў правільнай споведзі. Першая ўмова: не паўтараць тыя самыя грахі, трэба навучыцца ўзненавідзець грэх. Другая ўмова — захапленне Божай хвалою, Божай міласэрнасцю, Божай справядлівасцю.

Гэта мудры і добры Бог у план нашага збаўлення ўключыў пакуту за грахі і чысцец для ачышчэння душы ад грахоў зямнога жыцця. Гэта міласэрны і ўсемагутны Бог аддаў на найбольшую пакуту Адзінага Сына, каб адкупіў усе людскія грахі.

І трэцяя ўмова — гэта Божая ласка. Вернік мусіць наталіцца асвячальнаю ласкаю, наплакацца ад каяння, зведаць асалоду і цяпло асвячальнай дабрыні. Праз любоў і ласку ідзе ашляхотненне чалавека. Святы Дух працуе ў чалавеку і тады, калі чалавек перастае маліцца, у прамежках паміж малітвамі. Для прыкладу, можна прывесці параўнанне практыкаванняў з гантэлямі: мышцы ад гантэляў растуць і тады, калі мы перастаем іх падымаць.

— Ці можна маліцца за ўсю сям’ю, не называючы імёны, ці ўсё ж імёны трэба называць выразна і дакладна, каб Бог не пераблытаў?

— Бог ведае наперад, за каго мы молімся. Дакладна называць імёны трэба для таго, каб сканцэнтраваць розум. Таму мы ўглядаемся ў аблічча Бога. Але можна бачыць аблічча Бога ў небе. Можна маліцца ў думках, у свядомасці.

Малітвы-паўторы дапамагаюць «загнаць» розум у сэрца, тады знікае разгубленасць, прыходзіць містычны настрой. Глыбокая, сканцэнтраваная малітва даводзіць да яснабачання, але гэта ў выключных выпадках.

— Дзякуй Вам за шчырую навуку.


На Святой Імшы ў каплiцы Святога Айца Яна Паўла II у Ватыкане. Дапамагаюць весцi Імшу архiмандрыт Сяргей Гаек i айцец Вiктар Данiлаў з Гродна. Чэрвень 2000 г.

Размаўляла з а. Віктарам
Данута Бічэль.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY