Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(38)/2006
Галерэя

ТАЎЛЬСКІЯ ФРЭСКІ
На кніжнай паліцы
Год Яна Паўла ІІ

СВЯТЫ АЙЦЕЦ
Пераклады

УГО ФОСКАЛА

ПАХАВАННІ
Біблія і літаратуразнаўства
Паэзія

ВЕРШЫ
Хрысціянская думка
З архіваў часу

ЗА СПЕВЫ Ў КАСЦЁЛЕ
Мастацтва

500-ГОДДЗЮ БІТВЫ ПАД КЛЕЦКАМ ПРЫСВЕЧАНА

Хрыстус Валадар Сусвету.
Фрэска з касцёла Сан-Клемэнтэ ў Таўлі. Каля 1123 г. (цяпер знаходзіцца ў Музеі Каталонскага мастацтва ў Барселоне).
 
Валеры БУЙВАЛ

ТАЎЛЬСКІЯ ФРЭСКІ

Размова паміж іспанцам і беларусам заўсёды поўная адкрыццяў для абодвух. Мы распавядаем пра Тураў, Наваградак, Полацк і Вільню, пра Вялікае Княства Літоўскае, Вітаўта, Скарыну і пра тое, што Крэмль, — «гэта не ў нас». А жыхар кожнага з рэгіёнаў каралеўства паведаміць вам, што «Іспанія — краіна пятнаццаці нацыяў». Астурыйцы, баскі, андалузійцы, касцільцы ганарацца сваёй адметнай гісторыяй і культурай, літаратурай і былой ваеннай славай. Асобнае месца ў яркай мазаіцы пірэнейскіх народаў належыць Каталоніі — вечнаму суперніку сталіцы аб’яднанага яшчэ ў XVІ стагоддзі Іспанскага каралеўства. Каталонія — вялікая тэрыторыя на самым Паўночным Усходзе паўвыспы — з’яўляецца найбольш індустрыяльна высокаразвітым рэгіёнам каралеўства. Каталонскі народ захоўвае сваю непаўторную мову і культурную спадчыну, з кожным пакаленнем узбагачаючы еўрапейскую скарбонку новымі талентамі і шэдэўрамі. Нагадаем, што выдатныя мастакі ХХ стагоддзя Сальвадор Далі і Жоао Міро былі менавіта каталонцамі. У мінулым стагоддзі, у часы дыктатуры Франко, афіцыйны Мадрыд жорстка пераследаваў патрыётаў, забараняў каталонцам размаўляць на сваёй мове і адмаўляў ім у праве на нацыянальнае існаванне. Цяпер у Каталоніі назіраецца імклівы ўздым нацыянальнага адраджэння. Каталіцкі Касцёл прымае актыўны ўздзел у гэтым працэсе аднаўлення гістарычнай справядлівасці.

Невялікае мястэчка Таўль у пірэнейскіх гарах з’яўляецца апірышчам тысячагадовай хрысціянскай культуры Каталоніі. У 1123 годзе тут былі асвечаны два раманскія касцёлы. Ананімныя майстры стварылі на сценах параўнальна невялікіх храмаў велічныя цыклы фрэсак. У мінулым стагоддзі з выкарыстаннем найсучаснейшых метадаў фрэскі былі знятыя са сценаў і перанесены ў экспазіцыю Музея Каталонскага мастацтва ў Барселоне.

У касцёле Santa Maria de Tahull працавалі два мастакі. Найвышэйшае майстэрства прадэманстраваў Мадэруэльскі Майстар, іншыя творы якога таксама здолелі ідэнтыфікаваць каталонскія даследчыкі. У апсідзе касцёла ён намаляваў кампазіцыю Пакланення Каралёў Мадонне з Хрыстом. У цэнтры ўзвышаецца постаць Марыі, якая сядзіць на троне і трымае на руках Сына Божага. Яе фігура падпарадкавана амаль поўнай сіметрыі. Складкі адзення, выявы рук і ног, сілуэт і арнаментальныя дэталі трона — усё паўтараецца, няхай сабе не люстрана, у правай і ў левай частцы цэнтру кампазіцыі. Хрыстус на Яе каленях – не немаўлятка, а падлетак, які (мы ведаем з Пісання) ужо вучыў мудрасці людзей у святынях. Правая Ягоная рука ўзнята, галава ледзь павернута, а ў левай руцэ Ён трымае скрутак – сімвал Слова Божага. Трактоўка жывапісных формаў выканана майстрам паводле законаў раманскага мастацтва. Ва ўсім ён зыходзіць з плоскасці, не імкнучыся да ілюзорнага адлюстравання рэчаіснасці. Для яго галоўнае — перадаць духоўную сутнасць падзеі і вобразаў.

Мастак апантана любіць арнамент, які запаўняе сабой і плоскасную масу трона, і тонка тканыя аблямаванні мантыяў Мадонны і Хрыста. З рэгулярнасцю і рытмічнасцю, уласцівай арнаменту, намаляваны і ўсе фігуры кампазіцыі. Умоўнымі блікамі мастак вызначае толькі ніжнюю частку постаці Марыі, якая сапраўды глядзіцца найбольш пластычным фрагментам усёй фрэскі. У фігурах Яе і Хрыста галоўнай з’яўляецца строгая геаметрычная лінія, якая вострымі гранямі вызначае жывапісныя масы не толькі складак вопраткі, але і выяваў рук. Абліччы Мадонны і Хрыста таксама сведчаць пра імкненні мастака да ўрачыстай сіметрыі, якая ў Сярэднявеччы была прыкметай нябеснай гармоніі. Вялікія, шырока расплюшчаныя вочы Марыі (як і ў цэлым у абліччы Яе і Хрыста) выкананы паводле той жа мастацкай схемы, што і абліччы астатніх персанажаў фрэскі: у іх самае галоўнае — графічны пачатак, а не жывапіс, даволі тоўстыя лініі вызначаюць бровы, тонкія вусны, арачку падбародка. Але ў абліччы Мадонны выказаны такія моц і веліч (яны водгукам гучаць у твары Хрыста), што выявы каралёў і святых неяк адыходзяць на другі план, нягледзячы на ўсю непаўторную партрэтнасць іх рысаў. Цэнтр кампазіцыі ўладарна замкнёны мандорлай, ззяннем святасці, якое зыходзіць ад Марыі і Хрыста.

Верхняя, паўкупальная частка апсіды, на паверхні якой выканана фрэска, надае кампазіцыі нечаканы дынамізм. Справа і злева мастак намаляваў каралёў-магаў, што прынеслі дары Збаўцу. Ён нават пазначыў іх імёны, а над галовамі ў цемры ночы змясціў адразу дзве звеставальныя зоркі (яшчэ адно сведчанне любові раманскіх творцаў да сіметрыі). Увагнутая паверхня паўкупала прымушае каралёў пакланіцца Мадонне з Дзіцем. Ніжні ярус кампазіцыі (шэраг апосталаў пад намаляванай аркадай) служыць трывалай статычнай базай галоўнай фігурнай групе.

Венгерскі мастацтвазнаўца Андраш Сэкель так пісаў пра каларыт таўльскіх фрэсак: «Іх колеры маюць амаль такую ж вытанчанасць, як абстрактнае мастацтва. І не выпадкова, што пасля таго, як іх прыгажосць была адкрыта на пачатку ХХ стагоддзя, мастакі і крытыкі адразу ацанілі майстроў каталонскіх насценных размалёвак і алтарных карцін ХІІ стагоддзя як непасрэдных папярэднікаў сучаснага мастацтва»1.

Сапраўды, каларыстыка каталонскіх шэдэўраў уражвае чысцінёй і гучнасцю. У касцёле San Clemente de Tahull працаваў ананімны Таўльскі майстар. І зноўку цэнтр усяго фрэскавага цыклу знаходзіцца ў галоўнай апсідзе храма. Паўтараецца і пабудова кампазіцыі: на паўкупале — выява Хрыста ў атачэнні чатырох евангелістаў, а ніжні ярус займае шэраг фігураў святых. І тут мандорла замыкае цэнтральную фігуру Хрыста. Але ў гэтым творы каталонскага генія лінія раптам губляе сваё прыярытэтнае месца сярод сродкаў выразнасці. У хоры фарбаў дамінуе жывы блакіт. Фрагменты белага колеру — німб Збаўцы, стылізаваная геаметрыя выявы кнігі ў Ягонай руцэ і нібыта пад лінейку акрэслены ўчастак на грудзях Ягонай фігуры — толькі ўзмацняюць гэтую велічную нябесную мелодыю, але ад гэтага графічная мова не становіцца менш прыгожай. Лініі то разыходзяцца вахляром у складках пад правай рукой Хрыста, то плаўна перацякаюць, вызначаючы формы ў ніжняй частцы Ягонай фігуры. Ego sum lux mundi («Я ёсць святло свету») — чытаем мы на старонках Кнігі. А над плячыма Збаўцы халодна ззяюць грэчаскія літары альфа і амега, сімвал таго, што менавіта Ён ёсць пачаткам і канцом усяго існага. Трактоўка рук і твара Хрыста адрозніваецца ад манеры фрэскі ў касцёле Панны Марыі. І тут мастак не вызначае рэальных аб’ёмаў, але надае выявам больш інтэнсіўны характар, далікатна распрацоўваючы падпарадкаваную раманскай жывапіснай схеме пластыку формаў.

Касцёлы і фрэскі ў Таўлі былі створаны ў перыяд найвышэйшага ўздыму краіны. На шляху Рэканкісты каталонцы вызвалілі сваю радзіму ад чужынскага панавання і злучыліся ў магутную унію з Арагонам. Іх манархі пакінулі стары княжаскі тытул conde de Barcelona і пачалі называцца каралеўскім тытулам el seсor rey. Каталонія вырвалася з рамак правінцыйнай манархіі і пачала ўтварэнне еўрапейскай дзяржавы, якая валодала вялікімі абшарамі ў паўднёвай Францыі, Балеарскімі выспамі і нават на працягу трох пакаленняў займала Пелапанэс і Афіны. Але галоўным было Florecimiento espiritual — духоўны росквіт. Менавіта тады расквітнела паэзія каталонскіх трубадураў (trovatores), створаная на народнай мове. Каталонцы дамагліся ўсталявання свайго біскупства. Пад сцягам Хрыста нацыя дасягнула духоўных вышыняў і заняла пачэснае месца сярод еўрапейскіх народаў.

Наступныя стагоддзі прынеслі каталонцам перамогі і драмы, шчасце і расчараванне. Але менавіта духоўная сіла, што ўвасобілася ў вялікіх творах хрысціянскага мастацтва, зрабіла несмяротнымі народ і ягоную краіну, пра якую так мудра напісаў каталонскі гісторык Фэрран Сольдэвіла: «Каранаваная Пірэнеямі, аблямаваная водамі Сяродземнамор’я, Каталонія — гэта зямля мора і гор. Зямля ёсць фундаментам будынку, у якім праходзіць жыццё народа. Пакаленні нараджаюцца, жывуць і паміраюць. Мінаюць. А яна застаецца...»2.

Пакланенне Каралёў.
Фрэска з касцёла Панны Марыі ў Таўлі. Каля 1123 г.

 


  1. 1 Szekel Andras. Spanyol Festeszet. Budapest, 1972.
  2. C. 11.
  3. Ferran Soldevila. Sintesis de historia de Cataluсa. Barcelona, 1973. C. 7.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY