![](../img/pic-w.gif) |
|
Падмуркі неадноўленых касцёлаў
Над намі праляцелі сотні смерчаў,
Над намі завывалі завірухі
І сеялі вакол насенне смерці,
Адчаю і глухой, нязводнай скрухі.
Не абміналі сэрцаў і святыняў
І душ не шкадавалі чалавечых,
Хацелі ў нашай песеннай краіне
Зламаць усё вакол і панявечыць.
І падалі паўсюль званы ў прадонні,
Знішчаліся няшчадна нашы храмы,
Да неба не ўзнімаліся далоні,
А на зямлі раслі няўмольна шрамы.
Мінуў той час — мы выракліся злога.
Наш люд паўстане зноў і не загіне!
І погляд мы скіроўваем да Бога.
Ізноў да неба выраслі святыні.
Маленні разліваюцца ракою,
Сягаюць да нябеснага парога,
А мне чамусь няма яшчэ спакою,
І ў сэрцы ўсё ж жыве пакуль трывога.
Нясцерпны боль, бяссоніца да ранку.
Маркота. Нейкі одум невясёлы.
Мне ў сэрца стукаюць бесперастанку
Падмуркі неадноўленых касцёлаў.
|
|
* * *
Дні пралятаюць, як птушкі над выспамі,
Свет перайначыць няўрымслівых нас;
Сніцца мне сон, што я ўзняўся над высямі
І паказаўся мне будучы час.
Бачу вакол краявіды знаёмыя:
Рэкі, лагчыны, пагоркі, палі,
Бачу лясы гаманкія зялёныя —
Ціха і ўтульна на нашай зямлі.
Новыя песні і рытмы імклівыя,
Родная мова — люстэрка душы,
Добрыя словы і людзі шчаслівыя —
Мабыць, ніколі ніхто не грашыў.
Лёс чалавека — сцяжыначка вузкая,
Лёсы народа — азораны шлях.
Выбрана Богам зямля беларуская —
Будзе ў сыноў яе годны працяг.
Бачу жыццё, як у казцы заможнае,
Чую сакральны і радасны звон —
Сонцу ўсміхайся, травіначка кожная.
Гэта не мроі і гэта не сон.
Бачу святыні, святыні вялікія —
Толькі да Бога імкнецца нашчадзь,
Толькі святыя крыжы каталіцкія
Над Беларуссю маёй зіхацяць.
|
|
* * *
Ля барочных вежаў лёталі анёлы,
Зіхацелі вокны бляскам вітражоў,
Урачысты поўдзень, сонечна-вясёлы,
Падыходзіў ціха да святла крыжоў.
І шчымела сэрца мілай асалодай —
Працінала сэрца нешта, як страла,
Боскі дух нябачна ўсімі завалодаў —
На вышынях Богу слава і хвала!
Як тут не згадаеш, што калісь Тэрэзу
Ашчаслівіў гэткі непаўторны цуд.
Ці ўратуюць цуды, падкажы нам, Езу,
Ці лагодным будзе справядлівы суд?
Я ўвайшоў у дзверы, нібы ўзняўся ў неба,
Слёзы свайго шчасця не кранаў рукой,
Боль адчуў прыемны, нібы так і трэба,
Я раней не ведаў радасці такой.
Ля барочных вежаў ззяла, як ніколі,
І ліліся спевы незямной ракой —
З вышыні зыходзіў, асядаў паволі
Людзям добрай волі на зямлі спакой.
|
|
На крылах веры
На крылах веры ты ўзляціш да сонца,
Спасцігнеш непаўторны мілы свет,
Паверыш ты ў свой светлы шлях бясконцы
І будучыні ўбачыш сілуэт.
Ты ўбачыш прыгажосць ва ўсім прыгожым
І светлае цудоўным назавеш,
Палюбіш дабрыню ў стварэнні Божым.
Сябе любоўю радаснай пацеш.
На крылах веры людзі твораць цуды
І ўзносяцца над грэшнаю зямлёй,
І свет наш ажывае зноў, усюды —
Жывём пад небам мы адной сям’ёй.
Паволі таямніцы спасцігаем,
Знаходзім, дзе вяршыня, дзе вянец.
У глыбіню, у вышыню і ўшыр сягаем.
Адно ў адказ — пачатак і канец.
На крылах веры... Зноў на крылах веры.
Ты пакідаеш свет нязбыўных сноў.
На крылах веры ты адчыніш дзверы
У свет, што ёсць аснова ўсіх асноў.
|
|
![](../img/pic-w.gif) |