|
|
№
4(38)/2006
Галерэя
На кніжнай паліцы
Год Яна Паўла ІІ
Кардынал Зянон ГРАХАЛЕЎСКІ
КАТАЛІЦКІЯ ВЫШЭЙШЫЯ НАВУЧАЛЬНЫЯ ЎСТАНОВЫ
Ксёндз Юзаф КРУКОЎСКІ
АДНОСІНЫ ПАМІЖ ПАЎСЮДНЫМ КАСЦЁЛАМ Пераклады
Біблія і літаратуразнаўства
Паэзія
Хрысціянская думка
З архіваў часу
Мастацтва
|
Пан Бог даў мне ласку быць далучанай да пачэснай, хоць і нялёгкай працы над перакладамі тэкстаў Вялікага Папы, над пашырэннем і папулярызацыяй яго апостальскага слова ў беларускамоўным свеце. А гэтае слова было заўсёды такім чаканым, бо адкрывала новыя глыбіні праўды пра чалавека, пра яго душу, умацоўвала ўсіх нас у веры. «Чалавек не перастае быць вялікім нават у сваёй слабасці, — не стамляўся паўтараць Ян Павел ІІ. — Не бойцеся сведчыць аб годнасці кожнай чалавечай асобы — з хвіліны зачацця і ажно да смерці...». Нам так патрэбны былі сіла яго пераканання, непахіснасць яго веры, яго высокі маральны аўтарытэт. Нас, як магнітам, цягнула туды, дзе быў ён — нястомны Божы пілігрым, бо нават кароткая сустрэча з ім дадавала сілы, станавілася адным з самых шчаслівых момантаў жыцця. Я бязмежна ўдзячная Пану Богу за дзве такія сустрэчы з Янам Паўлам ІІ. Яны да скону будуць у маёй памяці і ў сэрцы, а сёння я дазволю сабе толькі кораценька згадаць пра іх, бо яны маюць непасрэднае дачыненне да тэмы майго рэферата і ўвогуле — да пачатку тае рэадакцыйна-выдавецкае справы, якая з Божае ласкі і з апостальскага благаславення Вялікага Папы ўзнікла і развілася за гэтае дзесяцігоддзе ў нас у Мінску. Быў пачатак 90-х. Быў пачатак духоўнага і рэлігійнага адраджэння ў нашай краіне і на ўсёй посткамуністычнай прасторы. Нашы сэрцы поўніліся надзеяй, новымі ідэямі і энтузіязмам. Акурат тады, на хвалі гэтага ўсеагульнага ўздыму ў невялікай групы беларускіх католікаў-аднадумцаў узнікла ідэя распачаць выданне двух каталіцкіх часопісаў на роднай мове: спачатку штомесячніка «Ave Maria», а потым і квартальніка «Наша вера». Што й казаць, задума тая была сама па сабе наколькі смелая, настолькі й рызыкоўная... Але, відавочна, што спадабалася яна не толькі нам, слабым звычайным людзям, але таксама й Пану Богу, і Ён вырашыў паспрыяць і дапамагчы. А, як вядома, Божая дапамога заўсёды прыходзіць праз добрых спагадлівых людзей. Так сталася, што ў верасні 1994 года (гэта акурат год выхаду першага нумара часопіса «Ave Maria») я ўпершыню выехала ў Італію: была запрошана Польскім інстытутам хрысціянскай культуры на двухмесячны курс італьянскай мовы. Едучы ў Вечны горад, нават не марыла, што буду мець шчасце сустрэцца і паразмаўляць з Папам Янам Паўлам ІІ. Але менавіта так сталася. 25 верасня ў летняй рэзідэнцыі Святога Айца ў Кастэль Гандольфо адбылася тая першая незабыўная сустрэча. І я расказала Яну Паўлу ІІ пра нашы рэдактарскія планы і атрымала яго апостальскае благаславенне на гэтую справу. У тую восень 1994 года якраз выйшла ў свет амаль адначасова на італьянскай і польскай мовах кніга Яна Паўла ІІ «Пераступіць парог надзеі»: дыялог вядомага італьянскага журналіста і пісьменніка Віторыё Мессоры з Папам. Памятаю, як з першых старонак уразілі і захапілі адказы Святога Айца на самыя нечаканыя, а часам і проста правакацыйныя пытанні журналіста: «Бог — гэта любоў, але чаму ў свеце столькі зла?» «Бяссілле Бога?» «Чаму так шмат рэлігій?» «Няўжо праўда толькі за Каталіцкім Касцёлам?» «Чаму мы падзеленыя?» «Ці існуе яшчэ жыццё вечнае?» «Верыць: але якая з гэтага карысць?»... Кніга стала сапраўдным адкрыццём «рэлігійнага і інтэлектуальнага свету Яна Паўла ІІ», своеасаблівым «ключом да разумення і інтэрпрэтацыі ўсяго яго вучэння», бо на яе старонках былі адлюстраваны «асабістыя прызнанні, рэфлексіі і духоўныя парады, містычная медытацыя (...), тэалагічныя, а таксама філасофскія разважанні» Вялікага Папы. Было зразумела, што кніга вельмі неабходная ўсім нам, закладнікам нялюдскай таталітарнай сістэмы, бо яна можа паслужыць важнаю дапамогаю і падтрымкаю многім людзям, якія прагнуць вызваліць сваю душу і сваё сумленне ад страшнай камуністычнай «спадчыны». Менавіта тады падумалася пра тое, як добра было б мець такую кнігу на беларускай мове... Неяк у размове з Яго Эмінэнцыяй кардыналам Казімірам Свёнткам падзялілася гэтаю думкаю і адразу сустрэла разуменне. Больш за тое, кардынал папрасіў неадкладна ўзяцца за тлумачэнне. Пасля некаторага роздуму — згадзілася. Гэта быў, па сутнасці, мой першы перакладчыцкі вопыт, звязаны з такою тэматыкаю, а таму быў ён вельмі нялёгкі. Не хапала адпаведнай лексікі і адпаведных ведаў... Пачынала пераклад і адкладвала, ізноў пачынала... Бо тады, як я ўжо казала, пачыналася ўсё. І праца Камісіі па перакладзе літургічных тэкстаў, і гарачыя, упартыя дыскусіі, і развагі над кожным словам, над кожным тэрмінам. Рыхтаваліся першыя выданні Імшала па-беларуску, малітоўніка, святых сакрамэнтаў... Тады ж, у сакавіку 1995 года, выйшаў 1-ы нумар квартальніка «Наша вера» і ў ім быў змешчаны пачатак кнігі «Пераступіць парог надзеі». Неўзабаве рэдакцыя атрымала першыя чытацкія водгукі: чытачы дзякавалі за публікацыю і чакалі яе працягу. Гэта абавязвала і натхняла, а да таго ж увосень 95-га адбылася мая другая сустрэча з аўтарам гэтага незвычайнага бестселера, незабыўным Янам Паўлам ІІ.
Згадваючы працу над перакладам першай кнігі Яна Паўла ІІ, не магу не згадаць таксама ўдзячным словам тагачаснага нунцыя Апостальскай Сталіцы ў Беларусі арцыбіскупа Аўгустыно Маркетто. У яго адкрытай зычлівасці і падтрымцы, у яго жывой і заўсёднай зацікаўленасці і працаю над перакладам і нялёгкім пачаткам нашай рэдакцыйна-выдавецкай дзейнасці нам заўсёды бачылася падтрымка самога Святога Айца... Ужо сёння, з адлегласці дванаццаці гадоў, на працягу якіх спаўна хапіла і цяжкасцяў, і перашкодаў, і выпрабаванняў, той няпросты час успамінаецца як самы светлы і благаславёны. Іншы раз думаецца, што наўрад ці змаглі б мы пазней выстаяць, не расчаравацца і не пакінуць пачатага, калі б не было таго ўпэўненага старту, таго моцнага першапачатковага імпульсу, які падтрымлівае і дадае сілы яшчэ й сёння... Кніга «Пераступіць парог надзеі» была амаль цалкам надрукавана ў квартальніку «Наша вера», а потым, праз тры гады, у 1997 годзе, выйшла асобным выданнем. З таго часу ў нас склалася добрая традыцыя: усе перакладзеныя кнігі (ці хоць бы ўрыўкі з кніг) Святога Айца абавязкова друкаваць спачатку ў часопісе. Гэта заўсёды служыла добраю рэкламаю і спрыяла ўдасканаленню самога тэксту: ён праходзіў праз дзве рэдактуры — часопісную і кніжную. У апошнія гады да справы папулярызацыі і нашых перыядычных выданняў, і кніг выдавецтва «Pro Christo» актыўна далучыўся Інтэрнэт. Пра тое, што гэта віртуальная прастора становіцца ўсё больш асвоенаю і запатрабаванаю, сведчыць колькасць наведвальнікаў на нашых сайтах: толькі часопіс «Наша вера» штомесяц набірае, так бы мовіць, патройны наклад... А значыць, слова Слугі Божага Яна Паўла ІІ трапляе да сэрцаў усё большай колькасці тых, хто прагне ўспрымаць яго на беларускай мове. Гэта яшчэ больш павялічвае не толькі ўпэўненасць у правільнасці аднойчы абранага шляху, але й адказнасць як перакладчыкаў і рэдактараў, так і ўсіх супрацоўнікаў нашага дружнага выдавецка-рэдакцыйнага калектыву... Увогуле, трэба сказаць, што каталіцкія мас-медыя зрабілі шмат для папулярызацыі вучэння Вялікага Папы ў нас у Беларусі. У гэтым сэнсе хачу яшчэ раз згадаць часопіс «Ave Maria», на старонках якога пастаянна друкаваліся матэрыялы з усіх замежных пілігрымак Святога Айца, урыўкі з яго выступленняў і гамілій, а то й цэлыя гаміліі ў перакладзе на беларускую мову. Да больш шырокага знаёмства католікаў Беларусі з Апостальскімі лістамі, адгартацыямі, пасланнямі Папы актыўна спрычыніўся ў свой час бюлетэнь «Каталіцкія навіны», які выходзіў з благаславення Мітрапаліта Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кардынала Казіміра Свёнтка на дзвюх мовах — беларускай і польскай. Зусім юныя каталікі нашай краіны мелі і маюць магчымасць чытаць і ведаць пра Святога Айца дзякуючы свайму добраму сябру — часопісу «Маленькі рыцар Беззаганнай», які паспяхова рэдагуе пісьменніца Ірына Жарнасек... Тут варта згадаць таксама трохмоўны часопіс «Дыялог», які выдаюць айцы вербісты ў Баранавічах, газету Гродзенскай дыяцэзіі «Слова жыцця», што выходзіць на дзвюх мовах — беларускай і польскай, газету «Царква», якую выдаюць беларускія грэка-католікі, бо на старонках гэтых выданняў з’яўляліся як урыўкі з працаў Вялікага Папы, так і матэрыялы пра найбольш значныя падзеі з яго апостальскага жыцця... І ўсё ж, калі сёння агледзець спадчыну Слугі Божага Яна Паўла ІІ, што выдадзена ў нас у краі па-беларуску, то яе колькасць зусім невялікая. Ды на тое заўсёды былі і ёсць, на жаль, свае аб’ектыўныя прычыны. Але, мабыць, на гэтым урачыстым форуме не час і не месца пра іх казаць. Сёння, наадварот, хочацца парадавацца таму, што маем. А маем, калі браць агулам, апроч усяго надрукаванага ў перыёдыцы, дзесятак кніг Вялікага Папы. Сярод іх — энцыклікі: «Fides et ratio», «Ecclesia de Eucharistia», «Evangelium vitae»; адгартацыя «Christifidelis laici», Апостальскі ліст пра Ружанец «Rosarium virginis Mariae», Апостальскае пасланне «Святло Усходу», выдадзенае Грэка-каталіцкаю Царквою ў Беларусі, некалькі асабістых кніг Яна Паўла ІІ: названая ўжо тут «Пераступіць парог надзеі», «Дар і Таямніца», томік паэзіі з «Рымскім трыпціхам» уключна, зусім нядаўна выдадзеная апошняя кніга Папы «Памяць і самасвядомасць». Перакладзена і падрыхтавана да друку аўтабіяграфічная кніга Яна Паўла ІІ «Устаньце, хадзем!» — своеасаблівы працяг «Дару і Таямніцы». Што праўда, яна яшчэ толькі чакае выдання... Дасць Бог — прычакае. У сумныя дні развітання з Вялікім Папам быў перакладзены на беларускую мову яго «Тэстамэнт» і змешчаны ў прысвечаных святой памяці Слугі Божага нумарах часопісаў «Ave Maria» і «Наша вера»... Вельмі важнаю падтрымкаю ў папулярызацыі спадчыны Вялікага Папы ў асяроддзі беларускай інтэлігенцыі былі артыкулы, якія час ад часу з’яўляліся ў свецкай рэспубліканскай перыёдыцы. Сярод іх хацелася б удзячна згадаць эсэ «Ззянне праўды» вядомай пісьменніцы і крытыка Алы Сямёнавай, якое было надрукавана ў тыднёвіку «Літаратура і мастацтва», інтэрв’ю і артыкулы ў газетах «Культура», «Кніжны свет» і іншых... На працягу ўсяго гэтага года, які прайшоў у Каталіцкім Касцёле на Беларусі пад знакам Яна Паўла ІІ, каталіцкая перыёдыка змяшчала ўрыўкі з тых яго працаў, якія не былі дасюль выдадзеныя па-беларуску... Зразумела, што ўсё гэта — толькі нейкі адсотак ад створанага за ахвярнае святарскае і пантыфікальнае жыццё Яна Паўла ІІ. І тым не менш, сёння варта падзякаваць Богу, самому Папу і ўсім тым дабрачынцам, якія паспрыялі выданню хоць бы й гэтай часткі надзвычай багатай духоўнай спадчыны Слугі Божага Яна Паўла ІІ. Хочацца таксама падзякаваць яшчэ раз Яго Эмінэнцыі кардыналу Казіміру Свёнтку за пастырскі давер да нас, свецкіх перакладчыкаў і супрацоўнікаў, за падтрымку і кансультацыі, зычлівасць і павагу, якія мы заўсёды адчувалі і якія так дапамагалі нам у гэтай нялёгкай працы. Не магу не згадаць з удзячнасцю таксама былога нунцыя Апостальскай Сталіцы ў Беларусі арцыбіскупа Івана Юркавіча, бо менавіта пры яго падтрымцы ўбачыла свет такая важная энцыкліка Папы як «Evangelium vitae», якая з-за адсутнасці сродкаў даволі доўга чакала часу свайго выдання. Хочацца сёння шчыра падзякаваць рэцэнзенту і рэдактару многіх працаў Яна Паўла ІІ на беларускай мове, рэктару Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску ксяндзу-доктару Яну Саламону за яго дапамогу ў падрыхтоўцы да друку спадчыны Вялікага Папы. Дзякуй усім тым кансэкраваным і свецкім асобам, хто працаваў і працуе ў Камісіі па перакладзе літургічных тэкстаў за іх ахвярную працу, бо без яе немагчымая была б праца над спадчынаю Слугі Божага Яна Паўла ІІ, а яна нам так патрэбна на роднай мове. Нам трэба пастаянна да яе вяртацца, перакладаць, чытаць і вывучаць, каб па-сапраўднаму яе адкрыць, каб убачыць і зразумець увесь яе духоўны скарб. Каб зноў пачуць жывы голас Вялікага Папы і Вялікага Чалавека, які вучыць нас, а часам па-айцоўску дакарае і папярэджвае, які запрашае ўсіх без выключэння ў сваю школу любові і пакоры, без якіх не можа быць сапраўднага хрысціяніна. Як перакладчыца, а найперш як захопленая і ўдзячная чытачка гэтай спадчыны, я шчыра радуюся выхаду апошняй кнігі Яна Паўла ІІ «Памяць і самасвядомасць», бо гэта (без перабольшвання) — вялікая кніга, «кніга-роздум, кніга-перасцярога, кніга-запавет». Гэта філасофскае і тэалагічнае асэнсаванне эпохі, пазначанай злом дзвюх таталітарных сістэмаў, эпохі, у якой большасці з нас давялося таксама жыць, і якая так ці іначай параніла нашыя душы і нашае сумленне. Мне не даводзілася за апошні час чытаць нічога больш актуальнага і глыбокага ў сферы даследавання прыроды зла гэтых сістэмаў, але самае, бадай, важнае, што менавіта на старонках апошняй кнігі Яна Паўла ІІ кожны з нас, чытачоў, можа знайсці хрысціянскія шляхі пераадолення гэтага зла дабром. Якія ж актуальныя сёння яе раздзелы, прысвечаныя паняццям Айчыны, народа, гісторыі, культуры, патрыятызму! Асабліва ў нашай беларускай рэчаіснасці словы Святога Айца кладуцца, як гаючы бальзам на збалелую душу, бо вучаць пашане да аднойчы і назаўсёды дадзенай нам мовы, культуры, гісторыі народа і радзімы. «Патрыятызм, — піша Ян Павел ІІ, — гэта менавіта такая ўнутраная пазіцыя ў адносінах да айчыны, якая для кожнага сапраўды з’яўляецца маці. Гэтая духоўная спадчына, якою адорвае нас айчына, прыходзіць да нас праз бацьку і маці і ўгрунтоўвае ў нас абавязак гэтай pietas. Патрыятызм азначае любоў да ўсяго роднага: любоў да гісторыі, традыцыі, мовы, да родных краявідаў. Гэта любоў, якая ахоплівае таксама творы землякоў і плён іх генія...». Вялікі патрыёт свае любай айчыны, Папа-паляк заўсёды разумеў і падтрымліваў гэтыя святыя пачуцці ў кожным чалавеку, незалежна ад яго нацыянальнасці ці веравызнання. І гэта, лічу, яшчэ адзін вельмі важны ўрок ў яго школе, які нам усім трэба добра засвоіць. У сваім вершы «Калі вакол гавораць на мовах...» Караль Вайтыла піша:
Далучаючыся да думкі вядомай беларускай паэткі і перакладчыцы паэзіі Караля Вайтылы Дануты Бічэль, у заключэнне хачу сказаць, што перакладаць спадчыну Яна Паўла ІІ — «нялёгкае, але вялікае шчасце». Дзякуй Богу, што даў нам і гэтае шчасце, і гэтую вялікую ласку і гонар на працягу цэлага дзесяцігоддзя жыць словам Вялікага Папы, перакладаць яго на родную мову, спасцігаючы глыбіню інтэлектуальнага і духоўнага свету незвычайнага чалавека і Пастыра, вучыцца ў яго школе Любові, пакоры і цярплівасці. Без гэтай навукі ўжо не ўяўляю свайго жыцця. Дзякуй Богу за дар Вялікага Папы для Каталіцкага Касцёла і для ўсяго чалавецтва.
|
|
|