|
|
№
4(38)/2006
Галерэя
На кніжнай паліцы
Год Яна Паўла ІІ
Кардынал Зянон ГРАХАЛЕЎСКІ
КАТАЛІЦКІЯ ВЫШЭЙШЫЯ НАВУЧАЛЬНЫЯ ЎСТАНОВЫ
Ксёндз Юзаф КРУКОЎСКІ
АДНОСІНЫ ПАМІЖ ПАЎСЮДНЫМ КАСЦЁЛАМ Пераклады
Біблія і літаратуразнаўства
Паэзія
Хрысціянская думка
З архіваў часу
Мастацтва
|
Апрацоўка вышэйзгаданай тэмы абапіраецца на дзейнасць і выказванні Папы Яна Паўла ІІ, на тыя факты, сведкам якіх я быў, а таксама на мой асабісты вопыт у Касцёле на Беларусі. Па меры магчымасці падзеі падаюцца храналагічна, у сінтэтычнай форме. Пачынаючы з 1917 года, на працягу 70 гадоў на ўсходніх тэрыторыях і 50 гадоў на заходніх тэрыторыях Беларусі савецкі рэжым паслядоўна і бескампрамісна рэалізоўваў сваю атэістычна-матэрыялістычную праграму. У выніку рэпрэсій савецкіх уладаў Каталіцкі Касцёл на Беларусі панёс велізарныя страты сярод духавенства, былі знішчаны і адабраны шматлікія святыні і кляштары. З сапраўды сатанінскай лютасцю пераследавалі тых, хто вызнаваў Бога і спрабаваў выконваць рэлігійныя практыкі. З дапамогай паўсюднай атэістычнай прапаганды — у прэсе, на радыё, тэлебачанні, у школах, на сходах — дзяцей, моладзь і дарослых пазбаўлялі веры ў Бога, пакідаючы ў душах людзей духоўную пустку. Тыя ж, хто, нягледзячы на жахлівы прыгнёт, трываў у вернасці Богу і Касцёлу, трапілі ў няміласць савецкіх уладаў, былі пазбаўленыя правоў на свабоду сумлення, шанавання годнасці чалавека, адчувалі сябе пакінутымі і безабароннымі. Магчыма, Захад (хоць там і была вядомая сітуацыя Касцёла ў Савецкім Саюзе), па пэўных прычынах, між іншым, палітычных, каб не настройваць супраць сябе магутную ў той час Краіну Саветаў, выразна не выступаў у абарону веруючых, прыгнечаных і пераследаваных атэістычным рэжымам. А тым часам Касцёл на Беларусі, пазбаўлены адпаведных касцёльных структураў, церпячы і не раз сыходзячы крывёю, трываў — і выжыў. І менавіта ў перыяд надыходзячых пераменаў у Еўропе Папа Ян Павел ІІ у сваім «крыжовым паходзе» супраць камунізму і матэрыялізму прыйшоў «гучным заклікам, звернутым да ўсяго Касцёла, Еўропы і свету, нагадаць пра забытыя нацыі і народы». Па ўсім свеце прагучаў цудоўны папскі заклік: «Не бойцеся, адчыніце дзверы Хрысту!». І тады Папа Ян Павел ІІ асаблівым чынам звярнуў свой позірк, а яшчэ больш — сваё сэрца, на жахлівы пераслед вернікаў на Беларусі. І распачаліся канкрэтныя папскія дзеянні. У кастрычніку 1989 года Папа Ян Павел ІІ прызначыў і кансэкраваў у Рыме біскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які — як Апостальскі Адміністратар — распачаў душпастырскую апеку над усімі католікамі на тэрыторыі Беларусі. Такім чынам Святы Айцец засведчыў прыгнечаным вернікам збаўчую памяць, запэўніў ратунак і дапамогу, распачаў працэс аднаўлення веры, Касцёла і рэлігійнага жыцця на Беларусі. Новапрызначаны біскуп распачаў арганізацыю дзейнасці Касцёла прызначэннем трох генеральных вікарыяў, аднаўленнем парафій і адбудову вернутых касцёлаў, прыняццем большай колькасці святароў з Польшчы, а таксама арганізацыяй і адкрыццём Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Гэта была яго велізарная і плённая праца, здзейсненая на працягу семнаццаці месяцаў. 13 красавіка 1991 года Папа Ян Павел ІІ здзейсніў гістарычны акт рэарганізацыі дыяцэзіяльнай структуры Касцёла на Беларусі. З часткі былой Магілёўскай архідыяцэзіі і Мінскай дыяцэзіі была ўтворана Мінска-Магілёўская мітраполія, у склад якой увайшлі Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, адноўленая ў іншых межах Пінская дыяцэзія і новаствораная Гродзенская дыяцэзія. Арцыбіскупам Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім і Апостальскім Адміністратарам Пінскай дыяцэзіі быў прызначаны ксёндз Казімір Свёнтэк, які да таго часу быў Генеральным вікарыем Пінскай дыяцэзіі і пробашчам катэдральнай парафіі ў Пінску. Дыяцэзіяльным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі быў прызначаны ксёндз Аляксандр Кашкевіч, які да таго часу быў пробашчам парафіі Святога Духа ў Вільні. Такім чынам Святы Айцец паказаў усяму свету Касцёл на Беларусі — Касцёл, які да гэтага часу прыгняталі, знішчалі, — як Касцёл непераможаны, які распачынаў сваё аднаўленне пасля гадоў цяжкога пераследу, але ўжо пад кіраўніцтвам усталяванай касцёльнай іерархіі. Праз паўгода Папа Ян Павел ІІ ужо даў магчымасць Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму публічна выступіць ад імя партыкулярнага Касцёла на Беларусі на Першым Спецыяльным Сінодзе Біскупаў Еўропы ў Рыме. Гэтую прамову Святы Айцец пазначыў словамі bene dixisti. Тым часам адбыўся распад Савецкага Саюза і стварэнне незалежнай Рэспублікі Беларусь. Спыніўся яўны пераслед Касцёла і вернікаў, усталявалася прынамсі адносная рэлігійная свабода. Свабода перастала быць марай, але стала заданнем. Самым малодшым католікам было як правіла па 60-70 гадоў! Яны апынуліся перад абліччам жорсткай рэлігійна-грамадскай рэчаіснасці, у тым ліку перад ментальнай спадчынай атэізацыі, шматкультурнасцю і шматканфесійнасцю, складанымі эканамічнымі ўмовамі жыцця. Насталі гады інтэнсіўнага, поўнага энтузіязму і ахвярнасці ўдзелу духавенства і Божага народа ў адраджэнні Касцёла і аднаўленні рэлігійнага жыцця на Беларусі. Было пабудавана некалькі дзесяткаў новых касцёлаў на месцы тых, што былі цалкам разбураныя, была адрамантавана вялікая колькасць вернутых святыняў, але моцна спустошаных ці перабудаваных для свецкіх мэтаў. Гэта стала магчымым дзякуючы значнай дапамозе Епіскапатаў Італіі, Германіі, Польшчы і Злучаных Штатаў Амерыкі. Гэтыя матэрыяльныя дасягненні дазволілі яшчэ больш скіраваць душпастырскую працу на аднаўленне і развіццё ўнутранага Касцёла ў чалавечых душах. Пазітыўныя вынікі аднаўлення сталі магчымымі дзякуючы актыўнай працы мясцовых святароў, законніц і Божага народа, а ў значнай ступені дзякуючы ахвярнай душпастырскай і інвестыцыйнай дзейнасці святароў і сясцёр законных, якія прыбылі на дапамогу з Польшчы. З нагоды 10-годдзя (2001 г.) аднаўлення дыяцэзіяльных структураў Касцёла на Беларусі Папа Ян Павел ІІ даслаў Папскае слова з падзякай Богу за «новую вясну жыцця і душпастырскай актыўнасці», а таксама пажаданні, «каб гэтая радасная гадавіна абудзіла новы запал у сведчанні Евангелля». На працягу 15 гадоў аднаўлення у значнай ступені былі навярстаны тыя вялікія страты, якія Касцёл на Беларусі панёс за сямідзесяцігадовы перыяд пераследу з боку атэістычна-матэрыялістычнай савецкай сістэмы. Мінская архікатэдра — вернутая католікам, адбудаваная і адноўленая ў цудоўнай сваёй архітэктурнай прыгажосці звонку і ўнутры, — стала бачным і красамоўным знакам Каталіцкага Касцёла на Беларусі, які адраджаецца. 21 кастрычніка 1997 года адбылася ўрачыстая рэкансэкрацыя святыні, у якой прынялі ўдзел 4 кардыналы (у тым ліку — Папскі легат кардынал Эдмунд Шока), 7 біскупаў, каля 100 святароў, а таксама шматлікія вернікі. Святы Айцец разам з каштоўнымі дарамі скіраваў вялікі ліст, у якім, між іншым, напісаў: «Няхай гэтая падзея стане для вернікаў вашай краіны шчаслівай магчымасцю, дадзенай Богам, каб нанава стаць у пэўным сэнсе жывымі камянямі на будаўніцтве духоўнай святыні!». А значна пазней, 10 снежня 2005 г., адбылася ўзнёслая ўрачыстасць у мінскай архікатэдры. У святыні з адноўленымі фрэскамі я асвяціў новы цудоўны арган — дар Епіскапату Аўстрыі, а ў новапабудаваным галоўным алтары з папскім гербам быў змешчаны прыгожы, вялікі абраз Імя Марыі Беззаганна Зачатай — дар Святога Айца Яна Паўла ІІ, укаранаваны мною па распараджэнні Папы залатой каронай. 19 лістапада 1992 г. у Ватыкане была абвешчана навіна аб наладжванні дыпламатычных адносінаў паміж Апостальскай Сталіцай і Рэспублікай Беларусь. Вынікам гэтага стала стварэнне Апостальскай нунцыятуры ў Мінску. Першым нунцыем быў прызначаны арцыбіскуп Габрыэль Мантальво (1993 г.), замест арцыбіскупа Франчэско Каласуоно, рэзідэнцыя якога знаходзілася ў Маскве і які спаўняў абавязкі нунцыя на тэрыторыі тагачаснага Савецкага Саюза. Наступнымі нунцыямі былі: арцыбіскуп Агостыно Маркетто (1994 г.), арцыбіскуп Дамінік Грушоўскі (1996 г.), арцыбіскуп Іван Юркавіч (2001 г.). Цяпер гэтую пасаду займае арцыбіскуп Марцін Відавіч (з 2004 г.). На Звычайнай Кансісторыі 26–27 лістапада 1994 года Папа Ян Павел ІІ уручыў арцыбіскупу Мінска-Магілёўскаму кардынальскія берэт і пярсцёнак, прызначаючы яму тытулярны касцёл пад тытулам святога Джэрардо Маёлі ў Рыме. У сваім лісце Святы Айцец выказаў новапрызначанаму кардыналу сваю сардэчнасць і добразычлівасць. Ва ўступе да гэтага ліста Папа Ян Павел ІІ піша: «Ад усяго сэрца вітаю таксама ўмілаваны Касцёл на Беларусі. Як жа блізкі для мяне гэты Касцёл, які ў апошнія дзесяцігоддзі так шмат пацярпеў дзеля імя Хрыста. Думкамі сваімі ахопліваю ў гэты момант шматлікую колькасць святароў і ўсіх тых свецкіх людзей, якіх за вернае трыванне пры Евангеллі Хрыста таталітарны камуністычны рэжым асуджаў на жахлівыя цярпенні, прыніжэнні і пераследаванні. Колькі ж з іх страцілі жыццё ў лагерах Сібіры, былі асуджаны на працу ў нечалавечых умовах, колькі ёсць такіх, лёс якіх ведае толькі Бог. Вы, Эмінэнцыя, з’яўляецеся як-раз адным з гэтых непахісных абаронцаў хрысціянскай веры». Узвядзенне Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага ў кардынальскі сан у значнай ступені пасадзейнічала ўзмацненню аўтарытэта Каталіцкага Касцёла на Беларусі. Па меры развіцця Касцёла на Беларусі адбыліся наступныя прызначэнні і дапаўненні ў яго іерархіі і структуры: 4 ліпеня 1998 г. ксёндз Антоні Дзям’янка, пробашч і дзекан у Наваградку, быў прызначаны дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі. 14 снежня 2004 г. ён быў адкліканы з Гродна і прызначаны дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў Мінску. 6 мая 1999 г. ксёндз Казімір Велікаселец ОР, пробашч і дзекан у Баранавічах, быў прызначаны дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі. 13 кастрычніка 1999 г. ксёндз Кірыл Клімовіч, пробашч і дзекан у Глыбокім, быў прызначаны дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. 17 красавіка 2003 г. гэты біскуп быў прызначаны біскупам ардынарыем дыяцэзіі святога Юзафа ў Іркуцку. 15 кастрычніка 1999 г. з часткі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі была створана новая дыяцэзія — Віцебская, біскупам ардынарыем якой быў прызначаны ксёндз Уладзіслаў Блін, былы пробашч і дзекан у Магілёве. 28 лістапада 1998 г., пасля атрымання дазволу ад Папы Яна Паўла ІІ на стварэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў на Беларусі, Кангрэгацыя па справах біскупаў 25 студзеня 1999 года выдала дэкрэт, якім зацвярджаўся Статут гэтай Канферэнцыі. Старшынёй Канферэнцыі быў абраны арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі. Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў на Беларусі аб’ядноўвае ў сабе іерархаў Рыма-Каталіцкага Касцёла і Грэка-Каталіцкай Царквы, у якой да таго часу не было свайго біскупа. На сённяшні дзень адбыліся ўжо два візіты «Ad limina apostolorum» біскупаў з Беларусі. Поспехі ў аднаўленні Касцёла на Беларусі былі ўхвалены Святым Айцом і Кіраўнікамі Ватыканскіх Кангрэгацый. Красамоўнымі былі словы Святога Айца, з якімі ён звярнуўся да біскупаў Беларусі 7 красавіка 1997 г.: «Каталіцкі Касцёл жадае быць таксама і на Беларусі знакам надзеі для ўсіх тых, хто прысвячае свае сілы дзеля лепшай будучыні ва ўзаемным супакоі і згодзе (...). Езус Хрыстус перамог свет, з Ім і вы ўжо з’яўляецеся пераможцамі», а таксама 11 лютага 2003 г.: «Дзякуючы Богу гэты суровы перыяд скончыўся і ўжо на працягу некалькіх гадоў адбываецца рашучае, натхнёнае аднаўленне». Вялікае значэнне ў жыцці і дзейнасці Касцёла на Беларусі мае праведзены на працягу 4-х гадоў (з 28.09.1996 па 30.09.2000 гг.) Сінод Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Пінскай і Віцебскай дыяцэзій. Сінадальныя статуты, якія ўступілі ў моц 6 студзеня 2001 г., дапамагаюць у трэцім тысячагоддзі аднаўляць усё ў Хрысце — у Касцёле і ва ўсім грамадстве Беларусі. Яскравым знакам удзелу Папы Яна Паўла ІІ у жыцці Касцёла на Беларусі з’яўляецца тое, што на ўрачыстым заканчэнні Сіноду прысутнічаў папскі пасланнік, Генеральны вікарый Рымскай дыяцэзіі кардынал Каміллё Руіні. У сваім лісце да кардынала Руіні Папа між іншым напісаў: «Усіх удзельнікаў Сіноду і прысутных, якіх там сустрэнеш, мы жадаем запэўніць у нашай адданасці і духоўнай еднасці: хоць нас раздзяляюць вялікія адлегласці — духоўна мы разам». Адным з самых важных заданняў Касцёла на Беларусі, які адраджаецца, з’яўляецца фармацыя кандыдатаў да святарства. З гэтай мэтай ужо ў 1990 г. у Гродне была адчынена Вышэйшая духоўная семінарыя, якая на працягу 20 гадоў выхавала больш за 100 святароў. Аднак пастаянна хвалявала думка, якую падтрымліваў Папа Ян Павел ІІ, аб аднаўленні даваеннай духоўнай семінарыі ў Пінску, заснаванай біскупам Зыгмунтам Лазінскім у 1925 г. і зачыненай у 1939 г. савецкімі ўладамі. Пасля адпаведнай падрыхтоўкі і пасля атрымання 12 верасня 2001 г. дазволу ад Кангрэгацыі па справах каталіцкай адукацыі, семінарый і навуковых інстытутаў на адкрыццё семінарыі, пасля 62-гадовага перапынку, была адкрыта Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семінарыя імя святога Тамаша Аквінскага для Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Пінскай і Віцебскай дыяцэзій. Святы Айцец Ян Павел ІІ скіраваў вялікі ліст, у якім выказаў шчырую задаволенасць, а таксама «моцнае жаданне свайго сэрца, каб тут адбывалася сур’ёзная фармацыя будучых слугаў алтара, каб семінарыя стала кузняй шматлікіх і святых святароў». Важным элементам аднаўлення рэлігійнага жыцця, асабліва марыйнага культу, на Беларусі, па жаданні Папы, тры святыні сталі Меншымі базылікамі: у Гродне (17.03.1991 г.), Будславе (11.06.1993 г.) і ў Пінску (6.02.1996 г.), а таксама былі каранаваны папскімі каронамі 4-ы цудадзейныя абразы Найсвяцейшай Панны Марыі: у Брэсце (30.06.1996 г.), Лагішыне (10.05.1997 г.), Будславе (2.07.1998 г.) і Гродне (2005 г.). Сярод 108 беатыфікаваных 13 чэрвеня 1999 г. Святым Айцом Янам Паўлам ІІ у Варшаве — мучанікі з Беларусі: 4 дыяцэзіяльныя святары, 4 законнікі (2 францішканаў і 2 марыянаў), 2 сястры непакалянкі і 1 свецкая жанчына. Пазней, 5 сакавіка 2000 г., кола беатыфікаваных павялічылася на 11 сясцёр назарэтанак з Наваградка. Вялікі духоўны плён, паводле рэкамендацый Яна Паўла ІІ, прынесла святкаванне Вялікага Юбілею 2000 года ў катэдрах, парафіяльных касцёлах і юбілейных святынях, куды прыбывалі шматлікія пілігрымкі, каб атрымаць адпусты. У межах юбілейнага года здзейснілі пілігрымкі з Беларусі ў Рым на сустрэчу са святым Айцом 45 святароў, 44 законніцы, больш за 700 маладых людзей, 8 сем’яў і 42 настаўнікі. Вялікае значэнне мае ўдзел партыкулярнага Касцёла на Беларусі ў дзейнасці і рэлігійным жыцці паўсюднага Касцёла. Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі з’яўляецца членам рады Канферэнцыі Біскупаў Еўропы і прымае ўдзел у штогадовых яе пасяджэннях. Паасобныя біскупы з Беларусі таксама ўдзельнічаюць у розных кангрэсах і сімпозіумах у шматлікіх краінах свету і маюць магчымасць сустрэцца з Папам. Аб прысутнасці Касцёла на Беларусі на міжнароднай арэне сведчаць шматлікія замежныя пілігрымкі, злучаныя з сустрэчай са Святым Айцом Янам Паўлам ІІ. З 25 мая па 3 чэрвеня 1997 г. каля 1000 вернікаў з Беларусі выехалі на спецыяльным цягніку ў Вроцлаў, каб прыняць удзел у 46-м Міжнародным эўхарыстычным кангрэсе і сустрэцца з Папам. Памятнай з’яўляецца таксама шматлікая пілігрымка вернікаў з Беларусі на Украіну ў чэрвені 2001 года падчас візіту Папы Яна Паўла ІІ у Кіеў і Львоў. З вялікаю радасцю і сардэчнасцю была перажыта аўтобусная пілігрымка каля 900 вернікаў з усёй Беларусі ў Рым з 14 па 20 кастрычніка 1998 г. на 20 гадавіну пантыфікату Папы Яна Паўла ІІ. У спецыяльнай і эксклюзіўнай аўдыенцыі, у зале Паўла VI, у сваёй прамове Святы Айцец сказаў: «Хто ж палічыць усе цярпенні свецкіх вернікаў, святароў, законнікаў і законніц на беларускай зямлі! (...) Глыбока ў сваім сэрцы я захоўваю ўсё тое, што стала вашым лёсам (...), я хацеў бы ўшанаваць тых, хто ў нечалавечых умовах захаваў сваю годнасць, даючы неаднойчы гераічнае сведчанне любові да Бога і Касцёла». На перададзенае мною запрашэнне ад Епіскапату Беларусі наведаць Касцёл на Беларусі Святы Айцец адказаў: «Магчыма, што Божы Провід дазволіць, каб я мог калісьці адказаць на гэтае дарагое для мяне запрашэнне. Будзем верыць, што так станецца. Трэба горача маліцца ў гэтай інтэнцыі». На заканчэнне спецыяльнай аўдыенцыі ў зале Паўла VI Папа, нягледзячы на нямогласць, па маёй вялікай просьбе прайшоў праз усю залу сярод узрушаных і расчуленых да слёз беларускіх пілігрымаў, аказваючы ім асаблівую сардэчнасць і зычлівасць і ад усяго сэрца іх благаслаўляючы. Абагульняючы факты, падзеі, дасягненні за мінулы перыяд вяртання рэлігійнай свабоды і аднаўлення Касцёла на Беларусі неабходна сцвердзіць, што Касцёл пад кіраўніцтвам Папы Яна Паўла ІІ шмат учыніў, каб залячыць маральныя і матэрыяльныя раны, якія былі нанесены яму савецкай сістэмай, што ён стараецца ўсё больш рупліва адказваць на заклікі Евангелля, рэалізоўваць пастановы Другога Ватыканскага Сабору, папскія рэкамендацыі і прадпісанні Апостальскай Сталіцы. Пазіцыя Касцёла на Беларусі настолькі ўзвысілася, што дзякуючы аўтарытэту Папы Яна Паўла ІІ ён здабыў павагу і пашану не толькі сярод веруючых, але нават сярод тых, хто 15-20 гадоў таму прыкладалі ўсялякія намаганні, каб яго цалкам знішчыць. Таксама ў колах Захаду Касцёл на Беларусі, які адраджаецца, атулены асабліваю падтрымкаю Папы Яна Паўла ІІ, атрымаў прызнанне і нават выклікаў здзіўленне і сёння займае ў паўсюдным Касцёле належнае яму месца нароўні з іншымі партыкулярнымі Касцёламі. Прадбачлівы клопат Папы Яна Паўла ІІ залатою стужкаю бацькоўскай любові атульваў гэтыя мінулыя гады цяжкіх выпрабаванняў і нялёгкай справы аднаўлення Касцёла на Беларусі. Асабліва ўдзячныя мы Святому Айцу Яну Паўлу ІІ за ратаванне Касцёла на Беларусі ад згубы, за выратаванне чалавечых душаў ад страты веры, за захаванне чалавечых сэрцаў ад знішчэння ў іх любові Бога і вернасці Касцёлу, за аднаўленне касцёльных структур і іерархіі. Вялікіх справаў Божых нельга забываць. Неабходна пра іх памятаць, натхняцца іх значэннем. Святы Айцец Ян Павел ІІ заахвочваў нас да такой паставы, калі казаў: «Трэба, каб мы з удзячнасцю ўзгадвалі мінулае, усім сэрцам перажывалі сучаснае і былі адкрытымі на будучыню». На 27 годзе пантыфікату здароўе Папы Яна Паўла ІІ усё больш пагаршалася. Як ва ўсім Каталіцкім Касцёле ў свеце, так і на Беларусі паплылі з заклапочаных сэрцаў вернікаў нястомныя маленні аб здароўі, аб сілах у цярпеннях для Святога Айца Яна Паўла ІІ. На жаль, сталася: моцаю наканаванняў Божага Провіду 2 красавіка 2005 г. у 21.37, у вігілію свята Божай Міласэрнасці, Папа Ян Павел ІІ адышоў у вечнасць. Ва ўсім свеце насталі дні смутку, журбы і жалобы. Адразу ж я прыбыў у Рым, у Ватыкан, і як жа цяжка мне было ўкленчыць пры катафалку ў базыліцы святога Пятра, на якім у велічы смерці спачывала цела нашага дарагога Айца Святога Яна Паўла ІІ... Ад імя біскупаў з Беларусі я скіраваў ліст да Яго Эмінэнцыі кардынала Мартэнэза Самалё, камерлінга Святога Рымскага Касцёла, у якім напісаў: «Мы, біскупы Рыма-Каталіцкага Касцёла на Беларусі, разам з усім духавенствам і народам Божым з глыбокім болем перажываем адыход у вечнасць нашага Папы. У гэтых балесных перажываннях мы яднаемся з усім Паўсюдным Касцёлам і прабываем разам з ім у малітоўным чуванні. Мы асабліва ўдзячныя Божаму Провіду за вялікую любоў, з якою Святы Айцец Ян Павел ІІ ставіўся да народаў, якія жывуць ва Усходняй Еўропе, за тое, што сёння мы можам радавацца адраджэнню Касцёла на нашых землях. Нябеснаму Айцу, багатаму на міласэрнасць, даручаем душу нашага Айца Святога Яна Паўла ІІ». Дасылаючы шаноўным святарам, шаноўным сёстрам і слаўнаму народу Божаму на Беларусі вестку аб смерці Папы Яна Паўла ІІ і выказваючы самую шчырую падзяку за цудоўны пантыфікат, я рэкамендаваў ва ўсіх касцёлах цэлебраваць святую Імшу ў інтэнцыі памерлага Папы, а 8 красавіка, у дзень пахавання Святога Айца, з 11.00 і на працягу 30 хвілін біць у званы. На заканчэнне пахавальных абрадаў, калі труну Папы Яна Паўла ІІ змаглі ўбачыць сотні тысяч людзей, сабраных на плошчы Святога Пятра, пачуліся падвойныя воклічы:
У мёртвай цішыні труна з целам Папы Яна Паўла ІІ сярод шэрагу кардыналаў, якія схілілі галовы і знялі піускі, была перанесена пустою галоўнаю наваю базылікі святога Пятра ў папскія падзямеллі. Перад тым як пакінуць Ватыкан, я яшчэ раз наведаў капліцу ў крыпце базылікі і ад імя ўсяго Каталіцкага Касцёла на Беларусі пацалаваў надмагільную пліту з кароткім надпісам: Ян Павел ІІ. Сваю прамову я заканчваю пакорлівым заклікам:
|
|
|