У сваім рэфераце аўтар разглядае праблематыку суадносінаў паміж Касцёлам паўсюдным і партыкулярнымі Касцёламі ў навучанні і заканадаўстве Яна Паўла ІІ. Рэферат друкуецца ў скарочаным выглядзе.
Падкрэсліваючы праўду аб тым, што Касцёл з’яўляецца «супольнасцю Божага люду», Другі Ватыканскі Сабор паклаў тым самым пачатак «каперніканскай рэвалюцыі ў эклезіялогіі», якая прывяла да больш глыбокага разумення сутнасці «партыкулярнага Касцёла» і «паўсюднага Касцёла» як «супольнасці партыкулярных Касцёлаў — communio Ecclesiarum Particularum». Святы Айцец Ян Павел ІІ пераклаў гэтыя багаслоўскія катэгорыі на мову Кананічнага Права. Гэта знайшло адлюстраванне ў Кодэксе Кананічнага Права (1983), Кодэксе Канонаў Усходніх Касцёлаў (1990) і ў іншых нарматыўных актах (асабліва ў апостальскай адгартацыі Pastores gregis ад 14 кастрычніка 2003 г. і ў дырэкторыі Кангрэгацыі па справах біскупаў ад 22 лютага 2004 г. аб пастырскіх заданнях біскупаў Apostolorum successores)1. (...)
Істотная перамена ў разуменні універсальнага бачання Касцёла наступіла ў паслясаборавы перыяд, калі ўдакладнілі паняцце «партыкулярны Касцёл» і аўтаномію дыяцэзіяльных біскупаў. Першым крокам у гэтым кірунку стала больш глыбокае разуменне праўды аб тым, што арыгінальнай маніфестацыяй «збаўчай справы Хрыста» з’яўляецца Касцёл, які існуе на пэўнай тэрыторыі2. (...)
Гэтая праблематыка стала зместам новых дэкларацый вучэння Касцёла3, асабліва пасяджэнняў Агульнага сіноду біскупаў у 2001г., падсумаваннем якіх была паслясінадальная апостальская адгартацыя Яна Паўла ІІ Pastores gregis (PG) ад 16 кастрычніка 2003 г., у якой Папа сцвярджае, што «рэчаіснасць камуніі ляжыць у аснове ўсіх адносінаў унутры Касцёла» (PG 56).
Другі Ватыканскі Сабор выкарыстаў два тэрміны для таго, каб акрэсліць адну і тую ж рэчаіснасць: «мясцовы Касцёл» (КК 23) і «партыкулярны Касцёл» (Ecclesiae Sanctae I, 3 § 1; 34 § 2). Ян Павел ІІ, як найвышэйшы касцёльны заканадаўца, ужыў тэрміны «дыяцэзія» (кан. 368 КРК) і «епархія» (кан. 117 KKKW), каб акрэсліць тую эклезіальную рэчаіснасць, якою з’яўляецца партыкулярны Касцёл, у той час як эклезіальныя рэчаіснасці, аналагічныя дыяцэзіі, ён назваў вікарыятам і апостальскай прэфектурай, абацтвам і тэрытарыяльнай пралатурай і апостальскай адміністрацыяй (кан. 368).
Для азначэння тэалагічнага зместу «дыяцэзіі» (кан. 369 КРК), «епархіі» (кан. 177 KKKW) і «экзархату» (кан. 311 par. 1 KKKW) заканадаўца кодэксаў ужыў саборавую назву portio populi Dei — «частка Божага люду». Узнікае пытанне: якія тэалагічныя і прававыя элементы сведчаць аб тым, што супольнасць веручых хрысціянаў, якою з’яўляецца партыкулярны Касцёл, сталася часткай Божага люду4?
а) Першым тэалагічным элементам , які зацвярджае партыкулярны Касцёл, з’яўляецца абвяшчэнне і прыняцце Евангелля — праўды, аб’яўленай людзям Хрыстом. Прымаючы Евангелле, чалавек навяртаецца, змяняецца стыль яго жыцця, і ён уключаецца ў супольнасць тых, хто верыць у таямніцу смерці і ўваскрасення Хрыста.
б) Па-другое, пра гэта сведчыць Дух Святы. Найвышэйшы касцёльны заканадаўца гаворыць, што партыкулярны Касцёл утвараецца «ў Духу Святым» (кан. 369 КРК; кан. 177 par. 1 KKKW). Касцёл — гэта справа Духа Святога, таму што ў сакрамэнтах хросту і бежмавання чалавек атрымлівае Духа Святога разам з харызмамі. Харызмы даюць чалавеку здольнасць узаемапагаднення з іншымі па-над моўным бар’ерам і, падобна першым вучням на Панскай Вячэры, робяць яго здольным будаваць супольнасць і надаваць актуальнасць у свеце Божаму Валадарству.
в) Трэцім элементам з’яўляецца Эўхарыстыя. Заканадаўца кодэксаў сцвярджае, што дыяцэзія паўстае «праз Эўхарыстыю» (кан. 369 КРК). У эўхарыстычнай цэлебрацыі Другі Ватыканскі Сабор бачыць поўнае адлюстраванне справы збаўлення, якой ёсць Касцёл (SC 41). Ян Павел ІІ абвяшчае, што: «Асноўнаю і адначасова экзістэнцыяльнаю, а не толькі дактрынальнаю праўдаю з’яўляецца тое, што Эўхарыстыя будуе Касцёл, будуе сапраўдную супольнасць Божага люду»5.
г) Наступны істотны элемент, які зацвярджае партыкулярны Касцёл, — гэта харызма і адначасова сакрамэнт святарства, што даецца тым, хто ўзначальвае «частку Божага люду», г. зн. біскупам і прэзбітэрам, якія супрацоўнічаюць з імі (кан. 369 КРК, кан. 177 KKKW). Дзякуючы гэтаму Касцёл мае сакрамэнтальна-харызматычна-інстытуцыйную прыроду6. Па сутнасці гэтая харызма развівае заданне паказваць Хрыста як Галаву супольнасці, распазнаваць і каардынаваць харызмы для рэалізацыі поўнай камуніі паміж усімі вернікамі і гарантыі камуніі паміж дадзенай супольнасцю і іншымі супольнасцямі. (...)
Ксёндз прафесар Ю. Крукоўскі ў сваім рэфераце таксама звярнуў увагу на тыя аспекты, якія дапамагаюць зразумець партыкулярны Касцёл як portio populi Dei, а менавіта на:
– культуру і тэрыторыю існавання дадзенага Касцёла; (...)
– паўсюдны Касцёл як Communio Ecclesiarum (...), дзе спачатку адзін і адзіны Каталіцкі Касцёл з’яўляецца супольнасцю ўсіх партыкулярных Касцёлаў, а потым існуе ў кожным з іх;
– калегіальнасць біскупаў і першынство Папы; (...)
– іерархічную супольнасць (...), бо кожны партыкулярны Касцёл у паўнаце з’яўляецца Касцёлам Хрыста, у якім існуюць першынство біскупа Рыма, улада Калегіі Біскупаў(PG 56) і некаторыя іншыя аспекты. (...)
На падставе ўсяго сказанага аўтар сцвярджае, што праўда пра паўсюдны Касцёл як «камунію партыкулярных Касцёлаў» дапамагае нам лепш зразумець універсальнае і партыкулярнае вымярэнне таямніцы Касцёла. Паўсюдны Касцёл — гэта «арганічная супольнасць партыкулярных Касцёлаў», дзе ўнёсак у яе будаванне і развіццё робяць біскупы ў лучнасці з Калегіяй Біскупаў і яе галавою — біскупам Рыма, са святарамі, якія супрацоўнічаюць з біскупамі, і свецкімі вернікамі. Гэтая камунія праяўляецца ва ўзаемным падпарадкаванні і супрацоўніцтве ў духу адказнасці за дабро Касцёла, якое яны самі ўтвараюць (PG 44). Такое супрацоўніцтва адбываецца праз матэрыяльную і духоўную ўзаемадапамогу ў духу салідарнасці, якая пераўзыходзіць межы паміж дзяржавамі дзеля супольнага дабра гэтых людзей.
- Гл. Ustrój hierarchiczny Kościoła Powszechnego. Wybór źródeł (укл. W. Kacprzyk, M. Sitarz), Люблін, 2006, сс. 310–711.
- S. Napierała, Pojęcie Kościoła partykularnego w dokumentach i aktach Soboru Watykańskiego II, Познань, 1985; A. Longhitano, Il diritto nel mistero della Chiesa, II, Рым, 2001, с. 269.
- Павел VI, ап. адгартацыя Evangelii nuntiandi (1975); Інструкцыя Кангрэгацыі па справах біскупаў Ecclesiae imago (1973); Дырэкторый Кангрэгацыі па справах біскупаў і Кангрэгацыі па справах інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця Mutuae relationes (1978); Loghitano, op. cit., с. 271.
- J. Krukowski, Komentarz do Kodeksu Prawa kanonicznego, т. II/1, Познань, 2005, сс. 220–222.
- Ян Павел II, энц. Redemptor hominis, AAS 71 (1979) с. 257–324; энц. Ecclesia de Eucharіstia, AAS 95 (2003), сс. 47–48.
- G. Ghirlanda, Criteri di organizzazione del Popolo di Dio e di inserzione delle persona nell’economia della salvezza alla luce del libro II del CIC 1983, у: Territorietа e personalitа nel diritto canonico ed ecclesiastico. Il diritto canonico di fronte al terzo millenio. Atti dell’XI Congresso Internazionale di Diritto Canonico e del XV Congresso Internazionale della Societa per il Diritto delle Chiese Orientali. Будапешт, 2–7 верасня 2001г., (рэд. P. Erdö, P. Szabö), Будапешт, 2002, с. 101.