Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(38)/2006
Галерэя

ТАЎЛЬСКІЯ ФРЭСКІ
На кніжнай паліцы
Год Яна Паўла ІІ

СВЯТЫ АЙЦЕЦ
Пераклады

УГО ФОСКАЛА

ПАХАВАННІ
Біблія і літаратуразнаўства
Паэзія

ВЕРШЫ
Хрысціянская думка
З архіваў часу

ЗА СПЕВЫ Ў КАСЦЁЛЕ
Мастацтва

500-ГОДДЗЮ БІТВЫ ПАД КЛЕЦКАМ ПРЫСВЕЧАНА

МАХНЮК Надзея САСНОЎСКАЯ Алена

500-ГОДДЗЮ БІТВЫ ПАД КЛЕЦКАМ ПРЫСВЕЧАНА

Дадатак да артыкула - Галерэя
Так нараджаецца атмасфера пачатку XVI стагоддзя… Тонкія і прыгожыя постаці жанчын і вояў, мужныя вершнікі, сцягі… Сціплы Скарына гутарыць з віленскімі панамі… Клецкая харугва, Гарадзенская харугва… Цяжкія каменныя крыжы на магілах рыцараў. Пільныя вочы радавітых шляхціцаў. Вялікія вочы анёлаў на іконах. Дзёрзкая прыгажосць Настассі Слуцкай… Такая атмасфера экспазіцыі Беларускага саюза мастакоў.

Чаму такая назва? Гэта — адказ усім ворагам Беларусі на іх спробы паставіць нашу Радзіму на калені. А штуршком для арганізацыі выставы стаў пяцісотгадовы юбілей бітвы пад Клецкам, якую гісторыкі па значнасці параўноўваюць з бітвай на Сініх Водах і з Грунвальдскай, але людзі, далёкія ад гісторыі, ведаюць пра яе значна менш — яна «не на слыху».

Ніякай выставы не было б увогуле, калі б не ініцыятыва аднаго неабыякавага да гістарычнай спадчыны Радзімы чалавека — Міколы Купавы, старшыні Нацыянальнага арганізацыйнага камітэта. Гэта ён запрасіў да ўдзелу ў выставе каля ста мастакоў (удзел у выставе бралі толькі пятнаццаць).

Урачыстае адкрыццё экспазіцыі адбылося спачатку ў Клецку, а праз пэўны час выстава пераехала ў сталіцу, у касцёл святых Сымона і Алены. Але і гэта быў не апошні «пераезд»: потым экспазіцыя перамясцілася ў бібліятэку імя А. Талстога па вуліцы Маскоўскай, 18.

На запрашэнне Міколы Купавы ўдзельнічаць у стварэнні гістарычнай экспазіцыі адгукнуліся народны мастак Беларусі Арлен Кашкурэвіч, мастакі Міхась Басалыга, Мікола Аўчыннікаў, Рыгор Мяжуеў, Валянціна Свентахоўская, Валянціна Праўдзіна, Уладзімір Кандрусевіч, Міхась Будавей, Іван Пратасеня, Віктар Сташчанюк, Марына Цімафеева, Хведар Ладуцька.

А цяпер — кароткі экскурс у гісторыю беларускага Адраджэння, калі квітнела не толькі слава Скарыны, але і ваенныя подзвігі беларускіх вояў.

…У ліпені 1506 г. 20-тысячная Перакопская арда пад ваяводствам сыноў Мянглі-Гірэя Біці-Гірэя і Бурнаш-Салтана неспадзявана ўварвалася ў межы ВКЛ і стала асноўным табарам пад Клецкам, разаслаўшы загоны па ўсёй Беларусі. Вестка пра нашэсце татараў застала хворага Вялікага князя і караля Аляксандра ў Вільні. Аляксандр абвясціў паспалітае рушэнне (народнае апалчэнне шляхты). Месцам збору была вызначана Ліда як галоўны горад усяго нёманскага правабярэжжа. Вялікі князь паставіў на чале рушэння вялікага гетмана і маршалка гаспадарскага, у 1493 г. намесніка Лідскага, Станіслава Пятровіча Кішку, а першым намеснікам быў прызначаны маршалак дворны князь Міхайла Глінскі. У першыя дні жніўня 1506 года войска ВКЛ пад кіраўніцтвам С. Кішкі і М. Глінскага выйшла з Ліды. Тры дні войска прастаяла пад Наваградкам, рассылаючы аддзелы для вылоўлівання татарскіх загонаў з мэтай дакладнага выведвання месца знаходжання асноўнага татарскага кошу. Прачуўшы пра рух войска, многія татарскія загоны кінулі рабаваць Беларусь і пачалі вяртацца пад Клецк да агульнага табару. Такім чынам 10-тысячнае ліцвінскае войска 5 жніўня 1506 года выйшла на войска татараў. Паміж імі ляжала рэчка Лань. Улічваючы, што частка татарскіх загонаў была пабіта, а частка не паспела вярнуцца, бо нічога не ведала пра выхад ліцвінаў, пад Клецкам было не больш за 15 тысяч татараў. Падчас паходу цяжка захварэў 60-гадовы С. Кішка, які афіцыйна перадаў камандаванне на войскам ВКЛ маршалку дворнаму князю Міхайлу Глінскаму. Ваяваць з татарамі па-рыцарску, весці супраць 15 тысяч 10 тысяч шляхты «ў лоб» Глінскі і не думаў. Пасля шматгадзіннай перастрэлкі беларускія харугвы перайшлі раку Лань і атакавалі татар у бок, рассеклі папалам: Адну частку заціснулі паміж сваімі двума флангамі, другую пагналі ў бок Цэпры. Мноства татараў было патоплена ў Цэпры і прыбярэжных балотах. Невялікае возера на полі бою было чырвонае ад крыві і дагэтуль называецца Чырвоны Стаў. Частка татараў вырвалася ў бок Капыля, куды кінула свае аддзелы Настасся Слуцкая, якая ўзначальвала абарону Слуцка.

Татараў гналі і білі да Украіны і па Украіне. Было вызвалена 40 тысяч вязняў, узята 30 тысяч коней. Толькі мізэрная жменька «захопнікаў» дабралася да Крыма, а крымскі хан Менглі-Гірэй тэрмінова пачаў перамовы аб замірэнні…

На жаль, шаноўныя чытачы «Нашай веры» ўжо не здолеюць пабачыць самой выставы, таму мы дазволім сабе правесці для вас невялічкую экскурсію па экспазіцыі.

Марына Цімафеева. «Эскіз партрэта лучніка XVI ст.». Цікавыя атрымліваюцца творы ў гэтых маладых мастачак. Тонкая постаць выглядае напружана. Ён адвярнуўся ад гледача, і твару не бачна, але здагадваешся, што ён малады і прыгожы. Чорныя птушкі кружацца над галавой лучніка. Сум. Адзінота... Як пасля бітвы, калі лічаць забітых. Доўгі-доўгі лук, стрэлы. Усё напісана пяшчотнымі карычневымі фарбамі. Гістарычны рамантызм вайны.

Творы Арлена Кашкурэвіча — гэта нешта незвычайнае. Толькі тры колеры (не лічачы адценняў), а якая выразнасць, якая прыгажосць! Чорны, чырвоны, шэры — «нежаночыя» фарбы — такімі, здаецца, прыгажуняў не малююць, але як удала зайгралі гэтыя колеры ў партрэце Настассі Слуцкай! Горды профіль, засяроджаны выраз твару. Пяшчотная абаронца сваёй малой радзімы, якая адчувае адказнасць не толькі за сябе і абстрактныя ідэал, але і за жыхароў роднага Слуцка.

Цікава паглядзець на партрэт Міхайлы Глінскага, гэтага прыгожага вяльможы, амбіцыйнага авантурыста (так называюць яго некаторыя гісторыкі) і, безумоўна, таленавітага палкаводца.

Творы Міколы Купавы — мініяцюры «Гарадзенская харугва», «Наваградская харугва», «Клецкая харугва», «Вільня» — яркія, маленькія, выразныя і вельмі запамінальныя. Яны нагадваюць каляровыя ілюстрацыі ў дзіцячых кніжках — сонечныя і вясёлкавыя.

Ружовы ўзыход сонца. У халодным ранішнім паветры лунаюць сцягі. На сцягах — герб «Пагоня». Харугвы вырушваюць на поле бітвы. Што чакае іх там — смерць альбо перамога? — ніхто не ведае. Прадчуванне стыне ў халодным паветры гэтай ружовай раніцы...

Твор Міхася Басалыгі «Грунвальдская бітва» зусім не выбіваецца з кантэксту, хоць і прысвечаны іншай славутай гістарычнай падзеі. Ён служыць добрай ілюстрацыяй для тлумачэння назвы выставы, падкрэсліваючы неместачковасць, неадзінкавасць беларускага «адказу» заваёўнікам, якія хацелі прынізіць гонар Беларусі.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY