Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(38)/2006
Галерэя

ТАЎЛЬСКІЯ ФРЭСКІ
На кніжнай паліцы
Год Яна Паўла ІІ

СВЯТЫ АЙЦЕЦ
Пераклады

УГО ФОСКАЛА

ПАХАВАННІ
Біблія і літаратуразнаўства
Паэзія

ВЕРШЫ
Хрысціянская думка
З архіваў часу

ЗА СПЕВЫ Ў КАСЦЁЛЕ
Мастацтва

500-ГОДДЗЮ БІТВЫ ПАД КЛЕЦКАМ ПРЫСВЕЧАНА

Сястра Зоф’я ЗДЫБІЦКА

РАЗУМЕННЕ ЧАЛАВЕКА
Ў ТРАКТОЎЦЫ ЯНА ПАЎЛА ІІ

Рэферат друкуецца ў скарочаным выглядзе

Увесь свет аднадушна лічыць Яна Паўла ІІ вялікім і святым Папам, чалавекам глыбокай веры, нязломнай надзеі і палымянай любові да Бога і ўсіх людзей. Падчас свайго доўгага пантыфікату ён шмат зрабіў не толькі для Касцёла, але і для ўсяго свету, для чалавечай культуры. Адно з такіх дасягненняў — яго «паслуга мысліцеля», што прынесла плён поўнай праўды пра чалавека, якая мае важныя вынікі для належнага разумення асабістых і грамадскіх з’яваў, для разумення культуры, у якой жыве і развіваецца чалавек.

Праўда пра чалавека патрэбная кожнаму (...), патрэбная чалавечай культуры, усім галінам матэрыяльнай і духоўнай культуры. На пачатку свайго пантыфікату Ян Павел ІІ сцвердзіў, што сучасная культура перажывае крызіс, выкліканы памылковым разуменнем чалавека («антрапалагічная памылка»). Часта чалавек памяншаецца да матэрыяльнай істоты, якая жыве толькі на зямлі, ці лічыцца, што чалавек цалкам вольны (пазіцыя лібералізму) або паддаецца панаванню розных структураў.

Менавіта таму Ян Павел ІІ лічыў, што сучасная культура — на Захадзе і Усходзе, ва ўсім свеце — найбольш патрабуе адпаведнага разумення чалавека з улікам усіх істотных вымярэнняў чалавечай асобы: матэрыяльнага і духоўнага, асабістага і грамадскага, а перадусім з улікам яго адкрыцця на Бога, ад Якога чалавек паходзіць і да Якога ўсё жыццё накіроўваецца.

Ян Павел ІІ быў перакананы ў тым, што кожны чалавек як разумная істота здольны пазнаць навакольны свет, а таксама пазнаць (зыходзячы з уласнага вопыту), кім ёсць чалавек. (...)

Чалавек мае трансцэндэнтнае вымярэнне — адкрыты на праўду (пазнае), дабро (любіць), прыгажосць (творыць), адкрыты таксама на Бога — Поўню ПРАЎДЫ, ДАБРА і ПРЫГАЖОСЦІ. Ён створаны Богам з любові і таму будзе існаваць вечна.

Такім чынам, чалавек мае маральную і рэлігійную структуру. Ён паходзіць ад Бога і праз свае свядомыя і вольныя ўчынкі стварае з Ім маральную і псіхалагічную сувязь, імкнецца да поўнага паяднання з Богам. Адсюль вынікае, што чалавек мае боскае паходжанне і боскае прызначэнне, (...) дзякуючы гэтаму вартасць і годнасць чалавека вельмі вялікія. Гэтая праўда вызначае ягонае месца ў кожным калектыве: «Чалавечая асоба, — сцвярджаў Ян Павел ІІ у энцыкліцы Veritatis splendor, — з’яўляецца і павінна быць асновай, прадметам і мэтай усіх грамадскіх інстытутаў»1. Чалавек мае мэту ў сабе, а ўсе супольнасці — сям’я, народ, дзяржава, Касцёл — павінны служыць чалавеку і дапамагаць яму ў ягоным развіцці. (...)

Аднак чалавек можа памыляцца і з цяжкасцю разумець таямніцу свайго існавання, пра што сведчаць памылковыя ўяўленні чалавека, якія ўвесь час спадарожнічаюць культуры.

Паўната зразумення чалавека адбылася дзякуючы дапамозе «з неба», дзякуючы Аб’яўленню і веры ў Хрыста — Бога-Чалавека, які з’яўляецца Словам пра Бога і чалавека. (...)

Прыняцце аб’яўленай праўды не нішчыць асобу чалавека. Чалавек са сваёй асабоваю структурай уключаны ў звышнатуральны свет. (...) Праз сваё ўцелаўленне і Адкупленне Хрыстус зрабіў нас удзельнікамі Боскай натуры. (...)

Евангелле — Добрая Навіна, якая «паўстае перад намі як самае вялікае прароцтва. Гэта прароцтва пра чалавека. Ян Павел ІІ піша ў сваёй апошняй кнізе «Памяць і самасвядомасць», якая з’яўляецца своеасаблівым запаветам: «Па-за Евангеллем чалавек застаецца драматычным пытаннем без адказу. Бо сапраўдным адказам на пытанне пра чалавека ёсць Хрыстус — Redemptor hominis»2. (...)

«Чалавек можа цалкам рэалізавацца, толькі прымаючы прышчапленне да боскасці Хрыста. Адпрэчваючы гэтае прышчапленне, ён асуджае сябе ў нейкім сэнсе на няпоўную чалавечнасць»3. (...)

Ян Павел ІІ даў новую інтэрпрэтацыю актуальных асабістых і грамадскіх, свецкіх і рэлігійных праблемаў, а перадусім разумення чалавечай культуры, яе галінаў і прыярытэтаў (...) у духу паслядоўнага персаналізму. Ён зрабіў гэта праз своеасаблівае «вяртанне да чалавека» (антрапалагічнае вяртанне). (...)

У сацыяльных энцыкліках — Laborem exercens, Solicitudo rei socialis, Centesimus annus — Ян Павел ІІ узняў і інтэрпрэтаваў таксама ў духу хрысціянскага персаналізму важныя грамадскія, гаспадарчыя і палітычныя праблемы. У прапанаваных Папам вырашэннях гэтых праблемаў на першым плане заўсёды знаходзіцца клопат пра чалавека і сапраўднае развіццё ягонай чалавечнасці. Паслядоўны персаналізм дазволіў Яну Паўлу ІІ узняцца над індывідуалізмам з яго тэндэнцыяй да лібералізму і крайнім камунітарызмам.

Ян Павел ІІ звярнуў асаблівую ўвагу на асноўныя грамадскія супольнасці — сужэнства і сям’ю. Ягоная праца «Мужчынам і жанчынаю стварыў іх»4 — найвыдатнейшы твор у гісторыі нашай культуры, прысвечаны каханню паміж мужчынам і жанчынаю, надзвычай важны ў кантэксце непаразуменняў, якія нагрувасціліся вакол гэтых праблемаў.

Важным дасягненнем Яна Паўла ІІ з’яўляецца персаналістычная інтэрпрэтацыя культуры. (...) Чалавек — гэта суб’ект культуры, той, хто стварае культуру, а таксама яе прадмет і мэта, такім чынам, чалавек стварае сябе, развіваецца, рэалізуе сябе праз культуру і ў культуры. (...) «Першае і асноўнае заданне культуры (...) — гэта выхаванне, бо выхаванне, гэта значыць культура, мае важнае значэнне для фармавання міжасабовых і грамадскіх адносінаў»5.

Ян Павел ІІ падкрэсліваў «першынство сям’і ва ўсёй справе выхавання сапраўднай чалавечнасці. У сям’і чалавек атрымлівае першыя і вырашальныя ўяўленні аб праўдзе і дабрыні. Ён вучыцца любіць і быць любімым, а значыць вучыцца быць асобаю. Сям’я — гэта асноўны асяродак культуры жыцця»6.

Важным культурастваральным асяроддзем з’яўляецца таксама народ як сям’я сем’яў — супольнасць людзей, якіх аб’ядноўвае найперш культура. Іншыя супольнасці павінны фармавацца на ўзор сям’і і забяспечваць чалавеку сапраўднае развіццё.

Чалавек як матэрыяльна-духоўная істота стварае матэрыяльную культуру — цэлы свет рэчаў і прыладаў, якія робяць магчымым і аблягчаюць ягонае жыццё на зямлі. Ён стварае перадусім духоўную культуру, рэалізуючы сваю магчымасць пазнаваць праўду, дабро, стварае прыгажосць і здзяйсняе святасць. (...)

Навучанне і адносіны Яна Паўла ІІ да чалавека сталі натхненнем для будавання цывілізацыі праўды і любові чалавека. Папа рашуча супрацьпаставіў «культуры смерці» (войнам, тэрарызму, абортам, эўтаназіі) «культуру жыцця». Усё гэта зрабіла Яна Паўла ІІ творцам новай формы хрысціянскага персаналізму — Папам «новага гуманізму».

 


  1. Энцыкліка Veritatis splendor, § 97.
  2. Ян Павел ІІ, «Памяць і самасвядомасць», Мінск, 2006, с.125.
  3. Тамсама, с.108.
  4. Jan Paweł II, Mężczyzną i niewiastą stworzył ich, Ватыкан, 1989.
  5. Ян Павел II, Przemówienie w UNESCO 2 чэрвеня 1980 г.
  6. Энцыкліка Centessimus annus, § 39.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY