|
Deorum Manium Iura Sancta Sunto1
Прысвячаецца Іполіто Піндэмонтэ
1 |
|
У кіпарысаў ценю між магілаў
слязьмі суцешаных хіба лягчэйшы
смяротны сон? І калі Сонца болей
мяне жыццём сям’і цудоўнай не пацешыць
|
5 |
|
раслінаў і жывёлін на зямлі,
і будучыня поўная надзей шчаслівых
наперадзе не будзе болей таньчыць,
і не пачую, мілы дружа2, тваіх вершаў
з гармоніяй тужлівай, іх царыцай,
|
10 |
|
калі я ў сэрцы духа не адчую
цнатлівых Музаў, полымя кахання —
у снах выгнанніка адзіных суцяшэнняў,
што дасць за страчаныя дні мне камень,
які пазначыць мае косткі сярод іншых,
|
15 |
|
раскіданых па моры і па сушы шчодрай смерцю?
Вось яно як, Піндэмонтэ! З кладоў адыходзіць
нават Надзея — Багіня апошняя; рэчы
ўсе забыццё акаляе ў начной цішыні,
іх безупынна нястомная сіла
|
20 |
|
перастварае; людзей, іх магілы,
сляды прысутнасці,— усё, што ад зямлі
і неба застаецца, час змяняе.
Але чаму заўчасна так смяротны
ілюзію губляе, што ля межаў Дзіта3
|
25 |
|
яго, памерлага, спыніць магла б?
Ці не працягвае ён жыць і пад зямлёю,
калі яму змаўкае музыка сусвету,
і ці не можа ён праз сумны клопат
у родных памяці яе трымаць? Ідзе ад неба
|
30 |
|
такая сувязь сэрцаў дарагіх,
нябесны дар людзям; і часта
цераз яе душа жыве з памерлым сябрам,
і з намі ён, калі зямля, што міласэрна
яго дзіцёнкам прыняла і ўзгадавала,—
|
35 |
|
у мацярынскім чэраве сваім апошні
даючы прытулак, абараняе мёртвыя парэшткі
ад бур раз’юшаных і ног неасцярожных
натоўпу, а імя каменне захавае,
і сябар, што струменіць водар кветак,
|
40 |
|
суцешыць прах яго сваім пяшчотным ценем.
І толькі той, хто ў спадчыну пачуццяў не пакіне,
магілай не суцешыцца, і ў думках
пасля хаўтураў беспрытульны дух свой бачыць
між плачу ў сутарэннях Ахерона4 ,
|
45 |
|
або прынятым пад крылом магутным
ўседаравання Боскага5: але свае парэшткі
пакіне ў крапіве пустэльнай глебы,
дзе не памоліцца каханая жанчына,
і не пачуе ўздыхаў рэдкі падарожнік,
|
50 |
|
што нам з кладоў Прырода пасылае.
Новы закон між іншым загадвае сёння,
каб пахаванні схавалі ад сумных паглядаў,
і забірае імёны ў нябожчыкаў. Спіць без магілы
святар6 твой, Талія7; спяваючы табе пашану,
|
55 |
|
ён лаўр8 узгадаваў пад бедным дахам
з такой любоўю і вянок табе ўскладаў,
а ты сваімі жартамі ўпрыгожвала куплеты,
што джалілі ламбардскага Сарданапала9,
якому толькі рык быкоў прыемны:
|
60 |
|
яны са стайняў Адды і Цічына10
яго суцешваюць заганы і патрэбы.
О, Муза мілая, ты дзе? Не чую я
амброзій водару — нябеснасці прыкметы —
між тых раслін, дзе я сяджу і ўспамінаю
|
65 |
|
свой родны дом. А ты сюды злятала,
каб сустракаць паэта ўсмешкаю пад ліпай,
што шамаціць сваім схілёным веццем.
Чаму не закрывае, о, Багіня, пахавальню,
таго, каму раней дарыла ціш і прахалоду?
|
70 |
|
Магчыма, ты сярод магіл плебейскіх
шукаеш месца, дзе святая спачывае
твайго Парыні галава? Бо гэты горад,
юрлівы спакушальнік вылегчаных спевакоў,
не даў яму між сцен сваіх ні ценю,
|
75 |
|
ні каменя, ні слова; і, магчыма, яго косткі
скрываўленыя галавой бандыта,
што аплаціў грахі свае на пласе.
Ты чуеш, як скрабецца між развалін
і вецця ссохлага бадзяга-пёс, блукае
|
80 |
|
сярод магіл і з голаду скуголіць;
як з чэрапа выходзіць, дзе ад поўні
схаваны быў, шакал і скача між крыжамі,
параскіданымі па полі пахавальным,
і брудны папракае сваім плачам
|
85 |
|
праменні, што так шчодра дораць зоркі
забытым могілкам. Цяпер дарэмна,
расе няшчаснай ночы над паэтам, о Багіня,
ты молішся сваім. Ах! Болей кветка,
якой патрэбныя жывых пашана і каханых
|
90 |
|
слёзы, над памерлымі не ўзыдзе.
Ад дню таго, як людзям першабытным
алтар, суды і шлюб11 адкрылі міласэрнасць
як да саміх сябе, так і да іншых, жывыя
ад дрэннага паветра і жывёлаў
|
95 |
|
няшчасных рэшткі забіралі, для якіх Прырода
спрадвечным рухам сэнс інакшы вызначае.
Магілы славы сведчаннем былі
і алтаром сынам; ад іх адказы
хатніх Лараў12 сыходзілі, трымалі людзі
|
100 |
|
над прахам продкаў дадзенае слова:
свяшчэнны культ, што ў розных рытуалах
радзімы гонар, шкадаванне родных
перадаваў на працягу стагоддзяў.
І не заўжды служылі надмагіллі
|
105 |
|
падлогамі ў катэдрах; дзе змяшаны
з ладанам іх пах малельнікаў бянтэжыць,
а гарады не засмучаліся шкілетаў
прывідамі, бо начной парою маці
перапалоханыя прачынаюцца і цягнуць
|
110 |
|
аголеныя рукі да галоўкі любай
сваёй малечы, каб яе не патрывожыў
душы памерлай несупынны лямант,
што са святыні просіць у нашчадкаў
аплочаных малітваў. Кедры й кіпарысы,
|
115 |
|
струменячы ў паветры чысты водар,
вечназялёныя галіны над кладамі прасціралі
у гонар вечнай памяці, і вазы
каштоўныя прымалі слёзы запаветаў.
Сябры скрадалі сонечныя промні,
|
120 |
|
каб асвятліць начныя сутарэнні13,
бо вочы чалавека перад смерцю шукаюць
Сонца; і апошнія грудзей усіх уздыхі
святлу, якое знікне, узыходзяць.
Фантаны, разліваючы ваду жывую,
|
125 |
|
вырошчвалі фіялкі, амаранты
на глебе могілак; і хто садзіўся,
каб малако разліць і выказаць свой смутак
памерлым дарагім, той найсвяцейшым пахам дыхаў,
бы тым, які лунаў над Елісейскімі палямі14.
|
130 |
|
Ілюзія, народжаная сумам,
што робіць мілымі гаі кладоў вясковых
ангельцам маладым, пакліканым любоўю
да маці страчаных, дзе Геніям15
яны маліліся, каб той герой вярнуўся,
|
135 |
|
які з галоўнай мачты карабля
ім пераможанага16 вырабіў труну.
Ды там, дзе прага слаўных дзеянняў заснула,
дзе страх і сквапнасць грамадой кіруюць,
пампезнасць непатрэбная магільных
|
140 |
|
калон і новых манументаў мармуровых
паказвае праклятай Смерці вобраз.
А мудры люд, багаты люд, шляхетны17,
краса і розум італійскіх земляў,
жывым у пышных залах пахаваны
|
145 |
|
і герб яму адзіным суцяшэннем.
І нам прытулак ціхі смерць рыхтуе,
дзе ўрэшце задаволіцца фартуна
сваёй вендэтай, дзе сябры спадкуюць
не скарбніцу багацця, а пачуцці
|
150 |
|
высокія і вольных вершаў прыклад.
Да спраў шляхетных запальваюць моцных духам
моцных магілы, о Піндэмонтэ, і робяць
для пілігрымаў святой і прыгожай зямлю,
у якой іх прытулак. Калі я знайшоў надмагілле,
|
155 |
|
дзе спачывае цела таго велікана18,
што, гартаваўшы жазло для далоні ўладарнай,
лаўраў пазбавіў яго і тлумачыў народу,
колькі крывавай слязы па-над ім пралілося;
і мастака надмагілле19, што ў Рыме Анёлам
|
160 |
|
новы Алімп збудаваў; і таго, хто пабачыў20
рухі пад купалам вечным нябёсаў
іншых планет у святле нерухомага Сонца,
хто ўпершыню для Ангельца21, каб крылле
змог распрасцерці, дарогі Сусвету разведаў,
|
165 |
|
то закрычаў: «Блаславёнаю будзь за паветра22,
поўнае моцы жыццёвай, за рэкі,
што праліваюць з вяршыняў сваіх Апеніны.
Радасны Месяц з празрыстых вышыняў
ясным святлом апранае пагоркі
|
170 |
|
ад вінаграду вясёлыя; кветкі
з поўных сядзіб і аліўкавых дрэваў далінаў
тысячы водараў небу твайму пасылаюць:
слухала першай, Фларэнцыя, ты песняспевы,
што залагодзілі сум Гібеліна23 ў выгнанні,
|
175 |
|
ты і бацькоў дарагіх, ты і мову
вуснам салодкім дала Каліёпы24,
тым, што Любоў, распранутую ў Грэцыі й Рыме,
зноў захінаючы ў вэлюм бялюткі вярнулі
чыстым абдымкам Нябеснай Венеры;
|
180 |
|
ды шчаслівейшая болей, бо ў храме адзіным25
гонар сабраны Італіі ты зберагаеш,
можа апошні з часоў, як трыклятыя Альпы
і пераменлівы лёс чалавечай фартуны
зброю тваю захапілі і скарбы, і веру,
|
185 |
|
і захапілі радзіму, — усё, апроч успамінаў, —
дзеля таго, каб у час, як надзея на славу
дзецям Італіі розумам смелым заззяе,
мы б атрымалі натхненне адсюль. І да мармураў гэтых
часта Віторыё26 натхняцца прыходзіў.
|
190 |
|
Моўчкі блукаў на багоў раззлаваны радзімы
па берагах апусцелых Арно27, прагна
палеткі сузіраючы і неба; а паколькі
нішто не супакойвала трывогі,
суровы прыпыняўся; і на твары
|
195 |
|
надзею замяняла бледнасць суму.
Тут, сярод волатаў духу, ён вечна жывы, а косці
любоў да радзімы хвалюе. О, так! Богі
вяшчаюць з той цішыні найсвяцейшай:
грэкаў адвагу і ярасць натхнялі яны супраць персаў
|
200 |
|
у Марафоне28, калі асвяцілі Афіны
слаўных герояў магілы. Морапраходзец,
што бараздзіў тыя хвалі навокал Эўбеі,
бачыў праз цемру начную, як іскры ляцелі
ад сутыкнення са шлемамі мечаў,
|
205 |
|
як узнімаліся дым і агонь, і як здані
салдатаў бліскалі зброяй жалезнай, —
бойкі шукалі; між жахаў начной цішыні
доўга грымелі па полі і ўдалеч ляцелі
грукат фалангаў і заклікі трубаў,
|
210 |
|
і набліжэнне шалёнае коней,
што на скаку паміраючых шлемы тапталі,
лямант і гімны, і Паркаў29 трывожныя спевы.
Шчаслівы ты, бо вольную краіну ветру30,
парою маладой, Іполіта, наведаў.
|
215 |
|
І калі плыў твой карабель за выспы
мора Эгейскага, чуў ты, бясспрэчна,
спеў Гелеспонта аб справах мінулых, аб бітвах,
чуў, як трывожнае мора шумела,
што па-над целам Аякса Ахілаву зброю
|
220 |
|
несла да мыса Рэтэйскага: шчодрым
смерць справядліва пашану адмерыць:
зброяй здабытай пацешыцца хітрага розуму
і дапамогі цароў не хапіла Улісу 31, —
у карабля беспрытульнага хваля яе адабрала,
|
225 |
|
што замагільныя богі паслалі.
Але мяне, каго часы і гонару пачуцці
ісці змушаюць у чужыя людзі,
мяне згадаць герояў клічуць Музы,
якія думак ход падказваюць смяротным.
|
230 |
|
Яны садзяцца вартаўніцамі магіл і ў момант,
як час сваім халодным крыллем там змятае
руіны нават, радуюць Пімплеі32
сваімі спевамі пустэльні, і перамагае
гармонія тысячагоддзі цішыні.
|
235 |
|
І сёння ў незасеянай Траядзе33
наведвальнікаў прываблівае месца,
што ўвекавечыла сабою Німфа,
Юпітэра нявеста, бо дала яму Дардана-сына34,
і ад яго пайшлі і Асарак, і Троя,
|
240 |
|
і пяцьдзесят сыноў, і царства Юліі людзей.
Аднак калі пачула Паркі спевы,
што да Элізіума клікалі Электру
з жыццёвае прасторы, то апошні
Юпітэру паслала заклік свой. Казала:
|
245 |
|
«Калі мой твар і косы дарагімі
табе былі і ночы, поўныя бяссоннае пяшчоты,
а воля Лёсу для мяне не мае лепшых падарункаў,
абарані, хаця б, ад неба мёртвую сяброўку,
каб памяць пра тваю Электру засталася».
|
250 |
|
І так гаворачы памерла. Плакаў несуцешна
па ёй Алімп; ківаючы бяссмертнай галавою,
ліў з валасоў сваіх амброзію на німфу
і асвячаў ёй цела і магілу35.
Тут Эрыхтоній36 спачыў, дрэмлюць рэшткі
|
255 |
|
мудрага Іла37; тут валасы дарэмна распускалі
траянскія жанчыны, ай! прасілі
сваіх мужоў, каб аддалілі лёс няўмольны;
сюды Касандра, калі Бог прадбачыць
ёй ранак дапамог смяротны Троі,
|
260 |
|
прыйшла і ценям праспявала спеў журботны,
сюды скіроўвала нашчадкаў і вучыла
журботным лямантам траянцаў юных.
Казала, уздыхаючы: «О, як дазволіць
вам воля неба з Аргасу38 вяртанне,
|
265 |
|
дзе давядзецца вам пасці каней Лаэрта сына
і Цідзіда39, дарма вы будзеце радзіму
шукаць! Муры, стварэнне Феба40,
дыміцца будуць у сваіх руінах!»
Ды родны дом Пенаты41 Троі знойдуць
|
270 |
|
у пахавальнях, дадзеных Багамі,
каб славу захаваць высокую ў нягодах.
Вы, кіпарысы з пальмамі, якіх нявесткі
Прыамавыя42 садзяць, вырасціце хутка,
удовінай палітыя слязою;
|
275 |
|
абараніце маіх продкаў; ну а той, хто зможа
адвесці ад свяшчэнных дрэў сякеру,
адчуе за памерлых боль слабейшым
і алтара кранецца блаславёна.
Абараніце маіх продкаў! І аднойчы
|
280 |
|
убачыце: сляпы жабрак43 блукае
пад вашым ценем старажытным, і рукамі
махаючы, у пахавальні зазірае, гладзіць урны
і задае пытанні ім. Паскардзяцца глыбіні
таемныя, распавядуць усе магілы
|
285 |
|
пра двойчы зруйнаваны Іліён і двойчы
адроджаны над вулкамі нямымі,
каб прыгажэйшым стаў трафей апошні
Пелеевых сыноў44 пасланых фатам.
Святы паэт пакуты лірай супакоіць,
|
290 |
|
і ўвекавечыць Грэцыі цароў па свеце
усім, што бацька Акіян вялікі абдымае.
Ты гонар слёз таксама атрымаеш, Гектар45:
паўсюдна кроў, якая льецца за радзіму,
святою і аплаканаю будзе, покуль Сонца
|
295 |
|
над бедамі ўзнімаецца людскімі.
|
- «Правы памерлых ёсць святыя» (лац.) — адзін са старажытнарымскіх законаў.
- Іполіто Піндэмонтэ, якому прысвечаны твор.
- Дзіт — антычная назва царства памерлых.
- Ахерон — рака ў язычніцкім Пекле.
- Некаторыя крытыкі бачаць у гэтых радках спасылку на хрысціянскі чысцец, супрацьпастаўлены язычніцкай традыцыі антычнасці.
- Маецца на ўвазе Джузэпэ Парыні (1729–1799), міланскі паэт, у чыёй асобе Фоскала бачыў прыклад грамадзяніна і патрыёта. Быў пахаваны ў агульнай магіле.
- Талія — муза камедыі і сатырычнай паэзіі.
- Лаўр — сімвал паэзіі.
- Сарданапал — асірыйскі цар, вядомы сваімі заганамі; у паэме «Дзень» Дж. Парыні апісваў адзін дзень з жыцця маладога міланца, іранізуючы з яго эгаізму і пустога баўлення часу.
- Адда і Цічына — дзве ракі, якія перасякаюць Паданскую раўніну і пазначаюць межы Ламбардыі.
- Маюцца на ўвазе грамадскія інстытуты сям’і, юстыцыі і рэлігіі.
- Лары — у антычным Рыме абагаўлёныя душы памерлых, якія абаранялі дом.
- Гаворка ідзе аб магільных лампадках.
- Елісейскія палі — язычніцкі рай, тое, што Элізіум.
- Геній — у антычным Рыме боства, якое суправаджала чалавека на працягу ўсяго жыцця, а пасля смерці знаходзілася каля яго магілы. Былі геніі, пад чыёй абаронай знаходзіліся дзяржава, горад або пэўная мясцовасць.
- Гаворка ідзе пра адмірала Нельсана. Лічыцца, што пасля бітвы пры Абукіры (1798) ён з драўніны караблёў пераможанага флота Напалеона вырабіў труну.
- Маюцца на ўвазе тры выбарчыя калегіі, вызначаныя Напалеонам: інтэлектуалы, багатая буржуазія і арыстакраты.
- Гаворка ідзе пра Мак’явэлі і асветніцкую канцэпцыю яго кнігі «Уладар» («Il Principe»).
- Мікеланджэла Буанароці.
- Галілеа Галілей.
- Ісаак Ньютан.
- Аўтар звяртаецца да Фларэнцыі.
- У ХІХ ст. Дантэ часта называлі гібелінам за падтрымку імператарскай улады, хоць ён і быў гвельфам.
- Гаворка ідзе пра Франчэска Петрарку, які ўслаўляў духоўнасць кахання; Каліёпа — муза паэзіі.
- Храм Санта Крочэ (Святога Крыжа) у Фларэнцыі.
- Віторыё Альф’еры (Vittorio Alfieri, 1749–1803) — італьянскі паэт і драматург, разам з Парыні найбольш паважаны Фоскала. Пахаваны ў храме Санта Крочэ, помнік пабудаваны славутым італьянскім скульптарам Антоніо Канова.
- Арно — рака, што працякае праз Фларэнцыю.
- У бітвы пры Марафоне (490 да н.э.) грэкі перамаглі персаў.
- Паркі — міфічныя істоты, якія прадказвалі лёс чалавека ад нараджэння да смерці.
- Маецца на ўвазе Грэцыя.
- Фоскала выкарыстоўвае наступны міф: Аякс, да якога па праве павінна была перайсці зброя Ахілеса, памёр ад смутку, калі Уліс падманам яе адабраў; аднак Богі выцягнулі яе з карабля Уліса, каб пакласці на магілу Аякса.
- Пімплеі — музы з гары Пімпла.
- Траяда — рэгіён, у якім знаходзілася Троя.
- Дардан — заснавальнік царскай дынастыі Троі і роду Энэя (Юліі людзей), аднаго з самых значных у Рыме.
- Магіла Электры стала пахавальняй траянскіх цароў.
- Эрыхтоній — міфічны цар Афінаў, сын Гефеста і Геі.
- Іл — праўнук Зеўса (Юпіцера) і Электры, заснавальнік Троі.
- Пад Аргасам маецца на ўвазе Грэцыя, куды траянцы трапілі ў якасці рабоў.
- Цідзід — сын Цідзія Дыямед, сын Лаэрта — Уліс (Адысей), адныя з пераможцаў Троі.
- Феб (Апалон) — адзін з самых старажытных багоў Грэцыі, які з цягам часу пачаў апекавацца мастацтвам, паэзіяй і музыкай.
- Пенаты — богі-абаронцы радзімы.
- Прыам — апошні цар Троі, у якога было пяцьдзесят сыноў.
- Гамер, аўтар «Іліяды» і «Адысеі».
- Сыны Пелея (або Пеліды) — Ахіл і Пір, у Фоскала маюцца на ўвазе «грэкі».
- Гектар — адзін з абаронцаў пераможанай Троі, забіты ў двубоі Ахілам; мёртвае цела Гектара замест пахавання было зняслаўлена былым ворагам.
Пераклад з італьянскай мовы і каментарыі
Аксаны Данільчык
Глядзі таксама: Аксана ДАНІЛЬЧЫК :: УГО ФОСКАЛА ::
|
|