Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(44)/2008
Галерэя
Год Божага слова

Ad Fontes

Пераклады
Нашы святыні

Гісторыя

На кніжнай паліцы

ВЕРА & CULTURA

Паэзія


Пераклады

Гісторыя

Сведчаць архівы

Кніжныя скарбы

Мастацтва

«Святы Павел» — карціна з алтара «Мадонна з Дзіцем і святымі». 1473 г.
Дрэва, тэмпера. Сабор св. Эмідзіо ў горадзе Асколі Пічэно.
Валеры БУЙВАЛ

КАРЛО КРЫВЭЛЛІ.
СВЯТЫ ПАВЕЛ

Карло Крывэллі (1430/35–1495) — адзін з арыгінальнейшых жывапісцаў італьянскага кватрачэнта (ХV стагоддзя). Усё сваё творчае жыццё ён захоўваў арганічную сувязь з гатычнай традыцыяй, але час ад часу рабіў смелыя крокі на рэнесансавым шляху, вырываючыся наперад перад многімі сваімі сучаснікамі. Напрыклад, у ягонай знакамітай карціне «Звеставанне» (1486), дзе мастак прадэманстраваў цудоўнае валоданне прыёмамі лінейнай перспектывы і перадаў трохмерную прастору. Крывэллі не баяўся знешніх супярэчнасцяў у трактоўцы формы і матыву. Ягоны погляд на свет зямны і нябесны быў вельмі індывідуальны. Пра гэта сведчыць ягоны шэдэўр — паліптых алтара ў капліцы Найсвяцейшага Сакрамэнту сабора св. Эмідзіо ў італьянскім горадзе Асколі Пічэно. Дарэчы, гэта адзіны з усіх твораў мастака, які застаўся ў тым самым касцёле, для якога ён быў намаляваны больш за 500 гадоў таму. Саракагадовы жывапісец у поўным росквіце творчых сілаў падарыў гораду і свету вялікі (280х280 см) алтар «Мадонна з Дзіцем і святымі» з 21-й часткі.

Карло Крывэллі нарадзіўся ў Венецыі ў сям’і жывапісца. Вучыўся жывапісу ў родным горадзе, а таксама ў Падуі. Найбольшы ўплыў на развіццё ягонай манеры аказала творчасць братоў Белліні і Андрэа Мантэньі. У 1457 годзе ён трапіў у турму па абвінавачванні ў пазашлюбнай сувязі з замужняй жанчынай і назаўсёды пакінуў Венецыю, але да канца жыцця падпісваў свае творы як венецыянец — «Caroli Crivelli Veneti». Некаторы час ён жыў у Далматыі (цяперашняя Харватыя), а ў 1468 годзе назаўсёды пасяліўся непадалёк ад Асколі Пічэно ў італьянскім рэгіёне Маркэ. Ягоныя творы можна сустрэць у некаторых касцёлах і музейных зборах рэгіёна. У 1490 годзе неапальскі кароль Фердынанд ІІ надаў мастаку шляхецкі тытул.

У пластычнай частцы алтара ў саборы св. Эмідзіо суцэльна пануе гатычны стыль. Гэта была тыповая з’ява для ўсяго еўрапейскага мастацтва: жывапіс алтароў заўсёды апераджаў пластыку. Алтар карануюць крохкія гатычныя пінаклі, якія вызначаюць пяць асноўных вертыкальных лініяў агульнай шматфігурнай кампазіцыі. Пілястры працягваюць гэтыя лініі да самага ніжняга яруса паліптыха, дзе ўступае ў сілу дадатковае дзяленне жывапіснай плошчы на драбнейшыя часткі. Ад готыкі застаецца таксама яркае ззянне золата, якое пакрывае ўсю пластыку і ўрачыста гучыць фонам у кожнай з 21-й фігурнай кампазіцыі. Верхні ярус мае цэнтрам сцэну аплаквання Хрыста («П’ета»). Ніжэй — самая вялікая па памерах кампазіцыя «Мадонна з Дзіцем» — сапраўдны галоўны цэнтр усяго твора. Ніхто з італьянскіх жывапісцаў не маляваў гэтай сакральнай сцэны так, як Крывэллі. Мадонна дае Немаўлятку Хрысту яблык і пяшчотна нахіляе галаву над Сынам Божым. Але гэта не проста выява забавы, а сімвалічная рэмінісцэнцыя райскага яблыка са Старога Запавету, сімвал выкуплення першароднага граху чалавецтва. Ідылічная сцэна шчаслівага мацярынства нечакана набывае драматычную інтанацыю дзякуючы каларыту твора. За плячыма Мадонны, якая сядзіць на класічных формаў троне, апускаецца яркая чырвоная драпіроўка – сімвал крывавай ахвяры Хрыста. Але Крывэллі ў кожнай выяве Мадонны з Дзіцем на працягу ўсёй сваёй творчасці падкрэсліваў яшчэ адзін момант — выразны нацюрмортны акцэнт, які сведчыць пра жыццярадаснасць светапогляду мастака. Творца ў кожнай з’яве прыроды, у яе багацці і разнастайнасці бачыў прысутнасць Боскага пачатку, першастваральніка ўсяго існага. Гірлянда з садавіны, якая замыкае кампазіцыю пад самай аркай у верхняй яе частцы, уносіць у твор жывы подых італьянскай натуры, якую, безумоўна, любіў мастак.

У верхнім ярусе карцін паліптыха мастак змясціў вакол сцэны «П’еты» выявы (злева направа) святых Кацярыны Александрыйскай, Гераніма з мадэллю баптыстэрыя, Георгія і Урсулы, якая трымае Сцяг Хрыста – белае палотнішча з чырвоным крыжам. Гэтыя фігуры маюць падпарадкаванае значэнне, яны паказаны крыху больш, чым па пояс. Ад іх пачынаецца развіццё рытму шматфігурнай кампазіцыі алтара. Кульмінацыя дасягаецца ў цэнтральным ярусе, дзе святыя паказаны ў поўны рост вакол сцэны «Мадонна з Дзіцем». Фланкуюць гэты шэраг постаці святых Пятра і Паўла, а справа і злева ад цэнтральнай кампазіцыі знаходзяцца выявы Яна Хрысціцеля і святога Эмідзіо. У ніжнім ярусе змешчаны выявы апосталаў і святых, а таксама выява Хрыста, які благаслаўляе.

Карціна з алтара, прысвечаная святому Паўлу, — адно з найвышэйшых дасягненняў не толькі Карло Крывеллі, але і італьянскага мастацтва кватрачэнта. Які яркі і суровы характар! Фігура Апостала-змагара, здаецца, статычная, як і іншыя постаці, заключаныя ў залатых арках алтара. Але ў ёй столькі ўнутранай моцы і энергіі, якую здольны стрымаць толькі сам мастак сваёй воляй творцы. Галава Апостала павернута амаль у тры чвэрці. Твар з чорнай барадой, вострым, доўгім носам і пранізлівымі вачыма намаляваны ў звычайнай для Крывэллі тонкай лінеарнай манеры, але кожная рыса твару і ў цэлым галавы вырашана рэзкімі кантрастамі святла і ценю, якія ствараюць выразны пластычны эфект. Жыццёвасць твару Паўла падкрэсліваецца зіхаценнем геаметрычнага арнаменту на залатым фоне кампазіцыі. Зірнуўшы раз у вочы гэтага святога, ніколі не забудзеш ягоны грозны позірк.

Правая рука святога Паўла ўпэўнена сціскае рукаяць вялізнага рыцарскага мяча, які дасягае ўзроўню вуснаў Апостала. А ў левай руцэ ён трымае разгорнутую Кнігу. Але гэта не жэст кніжніка, які жыве ў скрыпторыі-бібліятэцы ў ціхім дыялогу з Боскай мудрасцю. Моцныя пальцы нават крыху скамечылі старонкі Кнігі. Для Апостала гэта такая ж зброя, як і меч, — зброя духоўная, зброя Боскай праўды. Гарманічнае спалучэнне зялёных, светла-карычневых, сініх і блакітных колераў стварае на залатым фоне вытанчаную каларыстычную гаму. Але чырвоная рукаяць мяча рассякае гэтую збалансаваную гармонію і стварае яшчэ адзін напружаны драматычны акцэнт.

...Цудоўны алтар у правінцыі, куды рэдка трапляюць падарожнікі-чужынцы, — яшчэ адно сведчанне культурнага багацця каталіцкага народу Італіі.
 

Алтар «Мадонна з Дзіцем і святымі»
1473 г. Дрэва, тэмпера.
Сабор св. Эмідзіо ў горадзе Асколі Пічэно.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY