|
|
№
2(44)/2008
Галерэя
Арцыбіскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧ
РОЛІ І ЗАДАЧЫ ЦЭРКВАЎ Год Божага слова
Ксёндз Андрэй ЗАЙЧЫКAd Fontes
Тамаш КЭМПІЙСКІПераклады
Нашы святыні
Аляксей ЯРОМЕНКАГісторыя
Ксёндз Андрэй ЗНОСКАНа кніжнай паліцы
Жанна НЕКРАШЭВІЧ-КАРОТКАЯВЕРА & CULTURA
Пётра РУДКОЎСКІПаэзія
Аксана ДАНІЛЬЧЫКАла КАЖЭРА Пераклады
Андрыс РУБЭНІСГісторыя
Алена ВАЛЬЧУКСведчаць архівы
Людміла СЯЛІЦКАЯКніжныя скарбы
Юры ЛАЎРЫКМастацтва
Данута БІЧЭЛЬ
|
Жана НЕКРАШЭВІЧ-КАРОТКАЯ
КАБ ПАЗНАЦЬ СВАЁ ПАКЛІКАННЕ
Митрополит Тадеуш Кондрусевич. Пакліканы Богам на служэнне ў Беларусь, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў новы этап свайго пастырскага шляху адметным сведчаннем уласнага творчага плёну — зборнікам «Адплыві на глыбіню». У гэтую кнігу ўвайшлі пасланні, казанні, даклады — адным словам, духоўны і інтэлектуальны даробак Пастыра. Салідны аб’ём выдання (пры тым, што ў ім сабраныя працы, напісаныя ў перыяд з канца 1999 да канца 2005 года) сведчыць пра руплівасць і нястомнасць аўтара ў яго паўсядзённым імкненні несці людзям святло Божай праўды. Гэтая кніга напісана не толькі адукаваным тэолагам, філосафам і прапаведнікам; яна выяўляе таксама глыбокія веды аўтара ў галіне ўсеагульнай гісторыі, сацыялогіі, палітыкі, псіхалогіі, сведчыць пра грунтоўную філалагічную падрыхтоўку аўтара, які сабраў пад адной вокладкай творы не толькі на рускай, але на англійскай, беларускай, італьянскай, нямецкай, польскай, французскай мовах. Што да лаціны, то Тадэвуш Кандрусевіч не толькі шматразова цытуе Вульгату, прыводзячы побач рускамоўныя адпаведнікі, але і трапна выкарыстоўвае лацінскія прыказкі. Інтэлектуальны патэнцыял аўтара дапаўняецца яго здольнасцю свабодна арыентавацца ў сучаснай інфармацыйнай прасторы: для ілюстрацыі тых ці іншых тэарэтычных палажэнняў аднолькава аргументавана і лагічна паслядоўна выкарыстоўваюцца, з аднаго боку, цытаты з Святога Пісання, з твораў Айцоў Касцёла, з папскіх дакументаў, а з іншага боку — матэрыялы Internet-рэсурсаў (гл., напрыклад, тэкст даклада «Талерантнасць і дыялог», с. 385–394). Усе творы арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча сабраныя ў чатырнаццаці раздзелах, вылучаных паводле ідэйна-тэматычнай дамінанты кожнага з іх. Нават са зместу кнігі выпраменьваецца постаць сапраўднага Настаўніка веры ў Хрыста. Загалоўкі многіх артыкулаў маюць тлумачальны характар, дазваляючы зразумець сутнасць фундаментальных паняццяў хрысціянства: «Хрыстус — сапраўдны Збаўца свету», «Пасха — абвяшчэнне трывалай прысутнасці Хрыста», «Уваскрослы Хрыстус — наш Пан і наша надзея», «Нараджэнне Хрыстова — сустрэча чалавека з Богам», «Эўхарыстыя — дар прысутнасці Хрыста, які адкрываецца занава» і да т. п. Іншыя назвы, пабудаваныя ў форме пабуджальных сказаў, з’яўляюцца своеасаблівымі духоўнымі арыенцірамі для вернікаў: «Пакайцеся і верце ў Евангелле», «Спяшайцеся чыніць дабро», «Пашлі мяне, Пане, каб паказаў іншым Хрыста», «Адплыві на глыбіню і пазнай сваё пакліканне». У першым раздзеле — «Ласка вялікага юбілею хрысціянства» — раскрываецца сэнс подзвігу Хрыста з вышыні прамінулых дзвюх тысяч гадоў, выказваецца пажаданне, каб «новая эпоха сталася часам сапраўднага Богаз’яўлення» (с. 23). Творы другога раздзела — «З Хрыстом у новы час надзеі» — скіраваныя да сучаснікаў, найперш да прадстаўнікоў «трох пакаленняў на галгофе ХХ стагоддзя» (с. 39) і іх нашчадкаў, якія стаяць на шляху да духоўнага навяртання. Аўтар паказвае канкрэтныя шляхі да Бога і збаўлення — праз пакаянне, малітву, пост і справы міласэрнасці (с. 51–53), тлумачыць сэнс асноўных падзей хрысціянскай гісторыі — Божага Нараджэння, Пасхі, а таксама асноўных формаў сучаснага жыцця хрысціяніна («Усё аднавіць у Хрысце», с. 64–85). Вялікае значэнне, на маю думку, мае невялікае казанне пад назваю «Не бойцеся святасці». Звычайная чалавечая рэакцыя пры сутыкненні з Боскім, якая зафіксавана словамі Анёла Божага ў перадачы евангеліста Мацвея — «Nolite timere vos!» («Не бойцеся!», Мц 28, 5), — часта суправаджае ўсё, што звязана з праявамі Боскасці і святасці. Мітрапаліт гаворыць, што святасць у нашы дні зусім не азначае «як бы смерць пры жыцці», прыводзячы ў доказ зямны шлях святога Аўгустына. «Святым, — піша аўтар, — можа і павінен зрабіцца кожны. Святасць — гэта доля не толькі святароў або манахаў, бо да святасці пакліканы ўсе» (с. 59). Успамінаю, як падчас катэхезы, на якой мне пашчасціла прысутнічаць, пробашч касцёла святога Андрэя ў Слоніме айцец Вітальд Жыльветра сказаў прысутным: «Жыві па Божых законах, святкуй Божыя святы — будзеш святым»… І сапраўды, няма падставаў для сумненняў або страху, бо «народжаны ў бэтлеемскіх яслях Хрыстус — крыніца святасці» (с. 98). У кантэксце гэтых разважанняў, распавёўшы гісторыю пакутніцкага адыходу ў вечнасць Папы Яна Паўла ІІ, аўтар звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што ўшанаванне памерлага Пантыфіка ўзнікла «імгненна пасля яго спачыну і бурна распаўсюдзілася па ўсім свеце ў нашы дні» (с. 213). «Sancto subito» («Святы тут жа») — найлепшае сведчанне і найлепшы аргумент на карысць беатыфікацыі. Вельмі важнай часткай большасці гамілій Мітрапаліта Тадэвуша з’яўляецца тлумачэнне біблейскіх сімвалаў. Так, у пастырскім пасланні на Вялікдзень 2005 года «Уваскрослы Хрыстус — наш Пан і наша надзея» шляхам разгортвання метафарычнай канструкцыі аўтар сведчыць, як нам, гэтаксама як Магдалене, «часта даводзіцца шукаць Хрыста ў цемры, навобмацак»; што «адкрываць прысутнасць Хрыста і набліжацца да Яго — трывалая духоўная патрэба для кожнага хрысціяніна» (с. 119), а «ўсведамленне суўваскрашэння з Хрыстом у таямніцы хросту не дазваляе нам задавольвацца зямным, яно пабуджае шукаць “таго, што ўверсе”» (с. 121). Наогул, хранатоп напісанага арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам арыентаваны як па вертыкалі («Шукайце таго, што ўверсе», с. 121), так і па гарызанталі (раздзел «Каб усе былі адно», дзе акцэнтуюцца актуальныя для сённяшняга духоўнага жыцця ідэі экуменічнасці). Але дзівоснае спалучэнне двух гэтых вектараў прыхаванае ўжо ў самой назве кнігі і ў тэксце паслання «Duc in altum! З надзеяй у новы час» гэтая касмічнасць раскрываецца самім аўтарам. «Лацінскае слова «altum», — піша ён, — мае два значэнні: глыбіня і вышыня. Мы, святары, дзейнічаючы ад імя Пана, які паклікаў нас да гэтай найвялікшай годнасці, павінны выплыць на глыбіню нашых абавязкаў, каб узняцца да вяршыняў святасці і да яе весці даручаны нашаму пастырскаму нагляду Народ Божы» (с. 400). Асаблівай слоўна-мастацкай вытанчанасцю вызначаюцца казанні, звернутыя да моладзі, што яшчэ раз падкрэслівае абачлівасць Пастыра, які заклапочаны неабходнасцю дбаць пра «прырост» свайго статку. Яркі, сімвалічны вобраз стронгі, якая не баіцца плысці супраць цячэння, або евангельская алегорыя «соль зямлі» (с. 449) дапамагаюць маладым людзям усвядоміць свой хрысціянскі абавязак. Вуснамі евангеліста Мацвея аўтар заклікае моладзь не ставіць свечку веры пад сасуд (c. 450), быццам бы нагадваючы пра тое, што сам Бог «inluxit nobis» («прасвятліў нас», Пс 117, 27). Вялікую сілу ўздзеяння маюць словы Мітрапаліта, звернутыя да моладзі: «Мы часта падобныя да каменя, які ляжыць на дне ракі або возера. Ён увесь мокры. Але разаб’ем яго і ўбачым, што ўнутры ён сухі» (с. 453). І ўсё ж, на маю думку, не стае менавіта ў гэтым раздзеле казання накшталт «Кароткага каментара да энцыклікі Бэнэдыкта XVI «Deus caritas est»» (с. 220–222). Словы з гэтага артыкула — «Любоў Бога да чалавека — грунт хрысціянскай веры» — вельмі важныя менавіта для маладых людзей. Працуючы з моладдзю ў працэсе універсітэцкага выкладання, я прыйшла да высновы, што «глыбока ўсвядоміць і перажываць нашу хрысціянскую ідэнтычнасць» (с. 457) маладым людзям дапамагае не толькі разуменне свайго абавязку ў адносінах да Бога, але таксама ўпэўненасць у тым, што Бог ніколі не пакідае чалавека. «Deus meus, ne elongeris a me, Deus meus, ad auxiliandum mihi festina» («Божа мой, не аддаляйся ад мяне, Божа мой, паспяшайся мне на ўспамогу», Пс 70, 12) — не менш важныя для маладога чалавека словы побач з пакорлівым «Deus, propitius esto mihi peccatori» («Божа, будзь літасцівы да мяне, грэшніка», Лк 15, 18). Выслоўе з Евангелля ад Лукі, вынесенае ў загаловак кнігі, паводле славянскіх перакладаў розніцца ў параўнанні з арыгіналам. «’Epana2gage e„j to1 ba2qoj», «Duc in altum» — гэта, даслоўна, «Кіруй на глыбіню», або «Вядзі на глыбіню». Звяртаючыся з гэтымі словамі да Сымона-Пятра, Хрыстус меў на ўвазе яго маленькую рыбацкую лодку (якую Збаўца раіў кіраваць на глыбіню, а не плаваць у плыткай вадзе) і адначасова — яго будучую вялікую паству — як святароў, так і свецкіх людзей, — рассеяную па ўсёй зямлі, якую Ён прызначыў Пятру весці да глыбіняў хрысціянскага самаўсведамлення. Так сёння мы з вялікім спадзяваннем чакаем новых твораў-казанняў, артыкулаў, разважанняў Яго Эксцэленцыі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, якія для многіх змогуць стаць сапраўдным стырном у сучасным духоўным жыцці. Няхай яго мудрыя словы вядуць нас да спасціжэння новых глыбіняў хрысціянскай веры.
|
|
|