Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(44)/2008
Галерэя
Год Божага слова

Ad Fontes

Пераклады
Нашы святыні

Гісторыя

На кніжнай паліцы

ВЕРА & CULTURA

Паэзія


Пераклады

Гісторыя

Сведчаць архівы

Кніжныя скарбы

Мастацтва

Людміла СЯЛІЦКАЯ

ЯК ЗАЧЫНЯЛI КАСЦЁЛЫ

ХРОНІКА ВАЯЎНІЧАГАГА АТЭІЗМУ Ў ДАКУМЕНТАХ 1937 ГОДА

Ва ўяўленні большасці з нас 1937 год асацыюецца з масавымі рэпрэсіямі ў СССР мільёнаў ні ў чым не вінаватых людзей, у адзін момант стаўшых «ворагамі народа». Але ў тым страшным годзе ў Савецкім Саюзе акрамя масавых расстрэлаў працягвалася не меншае па маштабах знішчэнне духоўнасці — веры ў Бога. У загадным парадку зачыняліся і ліквідоўваліся храмы ўсіх канфесій, адпраўляліся ў турмы ці высылаліся ў лагеры святары. Якая гэта была па ліку хваля бязбожжа? Першая, другая, трэцяя? Бадай, яны ішлі бесперапынна, накрываючы вернікаў адна за другой.

У Нацыянальным архіве Беларусі нам удалося знайсці цудам ацалелыя дакументы, якія да нядаўняга часу мелі грыф сакрэтнасці. Яны расказваюць аб тым, як у нашай рэспубліцы савецкая ўлада вяла барацьбу не толькі з веруючымі людзьмі, але і з культавымі збудаваннямі. У ваяўнічага атэізму былі канкрэтныя твары і прозвішчы.

 
Масква патрабуе ахвяраў

7 жніўня 1937 года — пачатак бархатнага сезону, самая пара для адпачынку на курорце ў Сочы ці Ялце, куды штогод напрыканцы лета збіраецца для папраўкі здароўя савецкая партнаменклатура. Праўда, сёлетні год выдаўся напружаны — чорныя «варанкі» кожную ноч адвозяць арыштаваных грамадзянаў у невядомым напрамку. Так што лепш не дражніць лёс і сядзець у Мінску. Працаваць і працаваць — і тады ёсць шанец, што начны «варанок» прыедзе не па цябе, а па іншага, сапраўднага «ворага народа». Ці такого шанца ў яго няма?

Загадчык аддзела партпрапаганды і агітацыі ЦК КП(б) Б.Л. Готфрыд паднёс да вачэй паперу, якую яму прынеслі на подпіс: дакладную запіску, складзеную спецыяльна для Масквы, на адрас ЦК Усесаюзнай Кампартыі бальшавікоў. Няхай маскоўскія кіраўнікі і таварыш Сталін асабіста пабачаць, які ён, Готфрыд, сумленны бальшавік, як палымяна і бескампрамісна змагаецца з рэлігіяй. Называецца запіска проста — «Па пытанні аб касцёлах».

Перад тым як узяць у рукі самапіску з чорнымі чарніламі і паставіць размашысты аўтограф, Готфрыд яшчэ раз уважліва праглядае прыведзеныя для Масквы лічбы: «Па дадзеных ЦВК БССР на тэрыторыі Баларусі да 1917г. было малітоўных дамоў усіх культаў 2262, з іх:
цэркваў — 1445,
сінагогаў — 704,
касцёлаў і капліцаў — 113 (па некаторых дадзеных — 140)».

Недакладная лічба касцёлаў не вельмі падабаецца загадчыку аддзела партпрапаганды і агітацыі, але тут нічога не зробіш: час прыспешвае. Масква не будзе ні чакаць, ні тым больш слухаць спасылкі на адказных таварышаў з Цэнтральнага выканаўчага камітэта БССР, якім даручалася падлічыць існуючыя ў рэспубліцы храмы і якія толькі вінавата развялі рукамі: маўляў, ксяндзы настойваюць, што касцёлаў да савецкага часу існавала не менш за паўтары сотні ды разбурылі іх атэісты-бязбожнікі. Добра, што хоць такія лічбы ўдалося сабраць з дапамогай новага кіраўніка ЦВК М. В.Скакуна.

Далейшая статыстыка прыведзена быццам без розначытанняў.

«Служыцеляў релігійных культаў было:
папоў — 2155,
равінаў — 271,
ксяндзоў — 113.
Усяго — 2539.

На 20 снежня 1936г. у Беларусі было:
зачыненых цэркваў — 1371, дзейных — 74
зачыненых сінагогаў — 633, дзейных — 71
зачыненых касцёлаў — 95, дзейных — 18».

А вось і лічба па святынях, якія адабралі ў вернікаў у 1936 годзе: 81 царква, 21 сінагога і 9 касцёлаў.

Ну што ж, Масква можа быць задаволена: наступленне на «опіум для народа» ідзе ўдарнымі тэмпамі — кожны беларускі горад унёс свой уклад у барацьбу з рэлігіяй.

«Асабліва паказальная карціна атрымліваецца пры разглядзе становішча па асноўных гарадах і асобных раёнах Беларусі, так, напрыклад:

Па Мінску:
цэркваў было — 17, зачынена — 15, дзейнічаюць — 2, зачынена — 90%;
сінагогаў было — 63, зачынена — 53, дзейнічаюць — 10, зачынена — 80,8%;
касцёлаў было — 4, зачынены — 1, дзейнічаюць — 3, зачынена — 25%.

Па Віцебску:
цэркваў было — 17, зачынена — 16, дзейнічае — 1, зачынена — 94%;
сінагогаў было — 51, зачынена — 42, дзейнічаюць — 9, зачынена — 82%;
касцёлаў было — 2, зачынена — 0, дзейнічаюць — 2, зачынена — 0.

Па Магілёву:
цэркваў было — 18, зачынена — 15, дзейнічаюць — 3, зачынена — 83%;
сінагогаў было — 17, зачынена — 13, дзейнічаюць — 4, зачынена — 76%;
касцёлаў было — 3, зачынены — 1, дзейнічаюць — 2, зачынена — 33%».

У цэлым лічбы закрыцця выглядаюць унушальна. Толькі па каталіцкіх святынях працэнт малы. У чым прычына?

Вось хаця б у Шклоўскім раёне.

« …З маючыхся 25 цэркваў зачынены ўсе, а з двух маючыхся ў раёне касцёлаў — 1 у горадзе ўзяты пад склад «заготзерно», але канфіскацыя не аформлена, а другі — фашчаўскі, дзейнічае бесперашкодна».

Чаму ж ён да гэтае пары дзейнічае бесперашкодна?

Тлумачэнне ў наступным абзацы.

«Дырэктар Фашчынскай МТС, член партыі, расказвае, як яны заставілі ксяндза зрабіць капітальны рамонт касцёла. «Мы прапанавалі ксяндзу зрабіць капітальны рамонт касцёла, маючы на ўвазе, што ён гэтага не выканае, і тады мы зробім канфіскацыю касцёла, а атрымалася, што ў двухтыднёвы тэрмін касцёльная рада сабрала каля 60000 руб. і за дэкаду правялі рамонт».

Готфрыд нахмурыў бровы: актывісты сельсавета хацелі як мага лепш выканаць указанне партыі: пазбавіцца ад храма, а атрымалі адваротны вынік. Пра тое, што ў імя веры парафіяне аддалі на выратаванне касцёла, магчыма, апошнія грошы, партыйнаму чыноўніку думаць зусім не хочацца.

 
Інтрыга з Рыжскай дамовай

…Парадокс айчыннай гісторыі: калі б у СССР не было асабліва заўзятых даносчыкаў, шматлікія таямніцы мінулага так бы і канулі ў Лету. У тым ліку — прозвішчы высакародных людзей, чые самавітыя, смелыя ўчынкі неадкладна-аператыўна ператвараліся з дапамогай стукачоў у кампрамат для Народнага камісарыята ўнутраных справаў. Насамрэч: не было б шчасця ды няшчасце дапамагло. Праўда, падзякаваць за педантызм хочацца не даносчыкам, а архівістам, што захавалі ў сваіх папяровых нетрах хроніку мінулага.

Готфрыд з задавальненнем перачытаў канкрэтныя прыклады выяўленых духоўных «шкоднікаў».

«У Бярэзінскім раёне да апошняга часу ксёндз Тамашэўскі здзяйсняў рэлігійныя абрады і для праваслаўных у двух касцёлах — Багушэвічы і Бярэзіно, прычым здзяйсняў абрады па больш нізкіх цэнах, чым поп».

«Звяртаюць на сябе ўвагу выключна нахабныя паводзіны да апошніх дзён мінскага ксяндза. Групоўка вакол касцёла жабракоў, раздача грошай дзецям, адкрытая дэманстрацыя яго сувязі з польскім консулам, арганізацыя дзіцячых шэсцяў у спецыяльных адзеннях па польскіх могілках, яўная сувязь мінскага касцёла з польскай школай, размешчанай каля дома спецыялістаў».

Вось так: нахабствам савецкія партапаратчыкі назвалі тое, што ва ўсе часы лічылася душпастырствам.

З ксяндзамі сітуацыя зразумелая. Але няўжо ў рапарце няма больш важных асобаў і больш важкіх прыкладаў шкодніцтва? Адных ксяндзоў для Масквы малавата.

Ну, нарэшце — ёсць і фігуры больш паважныя: дальнабачны Скакун пастараўся. Не проста адмежаваўся ад сваіх арыштаваных папярэднікаў па пасадзе, а знайшоў сапраўдны негатыў.

«Напярэдадні каталіцкай Пасхі былы сакратар ЦВК Беларусі, выкрыты як вораг народа, Ляўкоў, ён жа і старшыня Саюза ваяўнічых бязбожнікаў, прапанаваў сакратару Сіроцінскага райкама адчыніць на Пасху касцёл».

Пакінем на хвіліну Готфрыда ў яго кабінеце і скажам: ох, які страшэнны грэх дапусціў Максім Архіпавіч Ляўкоў — асмеліўся з разуменнем аднесціся да пачуццяў вернікаў! Больш за тое, разам cа сваім непасрэдным шэфам — былым старшынёй ЦВК БССР Чарвяковым выступіў супраць разбурэння храмаў у Беларусі. Нават міжнародную прычыну для гэтага два кіраўнікі ЦВК прыдумалі — Рыжскую дамову.

«Ворагі народа польскія шпіёны Чарвякоў, Ляўкоў шырока распаўсюджвалі па Беларусі версію аб тым, што, быццам, згодна з Рыжскай дамовай паміж СССР і Польшчай, чапаць касцёлы нельга». І шмат каго пераканалі — у тым ліку, самога ўпаўнаважанага Народнага камісарыята знешніх справаў таварыша Каліну. Той таксама спасылаўся на Рыжскую дамову, забараняючы разбураць касцёлы, пакуль у НКЗС спецыяльна не прыбыў інструктар ЦК КП(б)Б Лакіза для кантрольнага вывучэння ўсіх пунктаў дакумента. Толькі дзякуючы гэтым абставінам ў рэшце рэшт і высветлілася, што ў дамове няма «нічога асаблівага, што магло быць вытлумачана ў абарону касцёлаў».

Такім чынам, Чарвякоў і «іншыя польскія шпіёны», заканчвае чытаць дакладную запіску Готфрыд, праводзілі «свядомую палітыку ў напрамку …паланізацыі Беларусі».

Здаецца, усё сказана і падсумавана. Цяпер можна ставіць на паперы для Масквы свой аўтограф.

 
Што вырашыла бюро ЦК КП(б)Б?

Літаральна на наступны дзень пасля таго, як Готфрыд адправіў завізаваную справаздачу аб атэізацыі рэспублікі ў Маскву, адбылося паседжанне Бюро ЦК КП(б)Б, якое даручыла спецыяльнай камісіі ў тэрміновым парадку ажыццявіць у Беларусі дзве меры: па-першае, жорстка праверыць яшчэ раз спісы дзейных касцёлаў, па-другое, пакінуць адчыненымі толькі тыя, дзе «значная маса каталіцкага насельніцтва, але не больш за аднаго касцёла ў горадзе». Астатнія — зачыніць, «каб выключыць магчымасць нелегальнай контррэвалюцыйнай работы вакол гэтых касцёлаў».

Члены створанай камісіі ў тэрміновым парадку прыняліся за справу, і ўжо 21 жніўня прапанавалі гатовы тэкст аналітычнай запіскі для бюро ЦК КП(б)Б.

Праўда, з першых жа дзён высветлілася, што канкрэтных фактаў шкодніцкай дзейнасці Каталіцкага Касцёла ў наяўнасці няма.

«Апарат ЦВК, у якім увесь час існавала спецыяльная камісія па культах, а таксама саюз бязбожнікаў, не маюць літаральна ніякіх дадзеных як пра стан каталіцызму, так і пра контррэвалюцыйную дзейнасць клерыкалаў» — такі вывад вымушаны запісаць тры адказныя члены камісіі — Н.В.Скакун, 7 ліпеня 1937 года назначаны старшынёй ЦВК, ужо вядомы нам Л.Готфрыд, таксама зусім нядаўна, 20 чэрвеня 1937 года, абраны кандыдатам у члены бюро ЦК КП(б)Б, і ўсёмагутны Б.Д.Берман, які з сакавіка 1937 года ўзначальвае беларускі Народны камісарыят унутраных справаў. І, падобна, з падачы Б.Бермана, аўтары рапарта дадаюць: «У апошнія гады барацьба супраць антысавецкай контррэвалюцыйнай дзейнасці клерыкалаў, по сутнасці справы, вялася толькі органамі НКУС».

Ну, гэта ведамства, як вядома, магло знайсці ворагаў дзе заўгодна і ў якой заўгодна колькасці. Нават у храме!

Каб папярэдзіць магчымыя папрокі і зняць з сябе адказнасць за безвыніковыя пошукі шкоднікаў у стане святароў, члены камісіі перакладваюць віну за адсутнасць ворагаў народа сярод духавенства на нізавыя партыйныя звенні. «Райкамы, гаркамы і акружкамы КП(б)Б у большасці выпадкаў не разумеюць сур’ёзнага палітычнага значэння для партыі і будаўніцтва сацыялізму поўнага разгрому каталіцызму ў БССР як пажыўнага асяроддзя для антысавецкай контррэвалюцыйнай дзейнасці дыверсантаў і шкоднікаў розных масцяў».

З вышыні сённяшніх дзён бальшавіцкая рыторыка дакумента выглядае элементарна непісьменнай і нават смешнай — асабліва, калі ўгледзецца ў першы варыянт тэксту, у якім замест выразу «пажыўнае асяроддзе» надрукавана словазлучэнне «пажыўны сродак». Але ж занадта трагічны сэнс мелі гэтыя словы ў 1937 годзе.

 
Па дадзеных НКУС

Паколькі на гэты раз спісы касцёлаў і святароў складалі чэкісты, лічбы ў новай справаздачы прыведзены да агульнага знамянальніка.

«Па дадзеных НКУС, у Беларусі да ўстанаўлення савецкай улады (так, менавіта з малой літары самі члены парткамісіі называюць сваю ўладу. — Заўвага аўт.) было 90 касцёлаў і 58 капліцаў, якія абслугоўваліся 48 ксяндзамі. З іх па розных прычынах зачынена, разбурана і знесена — 83. Застаюцца дзейнічаць 11 касцёлаў, а пра астатнія звестак не маецца. З агульнага ліку бяздзейных аформлена закрыццё пастановай ЦВК БССР толькі 46 касцёлаў і капліцаў, а астатнія … перасталі дзейнічаць проста механічна, без усялякага ўмяшальніцтва з боку савецкіх органаў і, галоўным чынам, у выніку арышту ксяндзоў».

Далей правяраючыя прыводзяць канкрэтную статыстыку па гарадах Беларусі.

«У Мінску — 3 касцёлы: катэдральны на плошчы Свабоды, зачынены пасля арышту ксяндза Барэвіка; кальварыйскі — зачынены па тых жа прычынах, златагорскі — дзейнічае. Перыядычна наведвае для адбыцця богаслужэння барысаўскі ксёндз Ярашэвіч. Касцёл наведвае ў рэлігійныя святы да 1000 чалавек, галоўным чынам, жанчыны, якія прыводзяць з сабой дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту. У касцёл прыязджаюць таксама шмат веруючых палякаў з іншых раёнаў БССР — Мінскага, Заслаўскага, Смалявіцкага, Смілавіцкага, Пухавіцкага, Лагойскага, Капыльскага і нават з далёкіх раёнаў, як Слуцкі, Бобруйскі, Старадарожскі і іншыя».

Згодна з назіраннямі чэкістаў, рэгулярна праходзяць службы таксама ў дзейных касцёлах Віцебска, Оршы, Чавусаў, дзе па-ранейшаму працуюць святары, якія пакуль што не трапілі пад махавік савецкіх рэпрэсій.

Аднак нават у тых храмах, святары якіх ужо арыштаваныя і сасланыя ў Сібір, працягваюцца службы і малітвы, якія ладзяць самі вернікі. І такіх касцёлаў, адзначаюць супрацоўнікі НКУС, нямала.

«У горадзе Магілёве, нягледзячы на арышт ксяндза Аўгло, касцёл дзейнічае, збіраюцца вернікі амаль штодзённа, каля 300–400 чалавек, галоўным чынам, жыхары Магілёва, а ў святочныя дні — з суседніх раёнаў».

Аналагічным спосабам, як сведчыць наш архіўны дакумент, паступалі і парафіяне Гомеля, сяла Хвошчаўка Шклоўскага раёна, мястэчка Свіслач Асіповіцкага раёна, вёскі Шацілкі Парыцкага раёна, з якіх святары былі прымусова выгнаны і арыштаваны.

Тутэйшыя ж людзі не хацелі аддаваць на разбурэнне бязбожнікам ні свае веры, ні сваіх храмаў.

 
Касцёл знесці, а цэглу выкарыстаць

Лёгка здагадацца, якое рашэнне прпанавалі члены партыйнай камісіі ў падрыхтаваным праекце для Бюро ЦК КП(б)Б. Зразумела, зачыніць касцёлы — амаль усе, пакінуўшы толькі нязначную частку.

Але паколькі нават самай адыёзнай уладзе для подобнага рашэння патрабуецца нейкая і фармальная падстава, а яшчэ лепш, некалькі падставаў, то партыйныя таварышы іх у тэрміновым парадку адшукалі.

«Касцёл у мястэчку Асвея, які на працягу 7-мі год бяздзейнічаў і выкарыстоўваўся польскімі шпіёнамі пад складское памяшканне, у ім было знойдзена 14 пудоў бабіту і цэлы шэраг іншых каштоўных рэчаў, да персідскіх дываноў уключна, пастановай ЦВК задаволена хадайніцтва Асвейскага РВК аб зносе гэтага касцёла і выкарыстанні цэглы для пабудовы школы».

Аднак жа персідскія дываны знайшліся не ва ўсіх касцёлах. Так што ў іншых населеных пунктах давялося выдумляць больш простыя прычыны для закрыцця касцёлаў. Так, у Рагачове, Глуску, Уле, вёсцы Шацілкі Парыцкага раёна, Воўчкавічах Мінскага раёна касцёлы адабралі ў парафіянаў з-за іх «безгаспадарчага стану», прыстасаваўшы пад культурныя ўстановы.

Самай смяхотнай атрымалася вынайдзеная падстава для канфіскацыі ў вернікаў касцёла ў вёсцы Амнішава Плешчаніцкага раёна. «З-за яго безгаспадарчага стану і пагрозы абвалу, у сувязі з тым, што на працягу многіх гадоў у ім не праводзіўся рамонт, Прэзідыум задаволіў хадайніцтва калгаснікаў калгаса «Чырвоная Слабада» аб закрыцці гэтага касцёла і передачы яго калгасу пад клуб».

Вось так: для спакойных малітваў сцены храмы небяспечныя і могуць абрынуцца, а для бадзёрых танцаў і гуляў — самае тое!

Цынізм уладаў на гэтым не заканчваецца.

Ведаеце, якія рэкамендацыі прапанавала камісія для найбольш эфектыўнай канфіскацыі храмаў у вернікаў?

«Арганізаваць праз саюз бязбожнікаў і савецкую грамадскасць збор подпісаў палякаў і беларусаў-католікаў на закрыццё гэтых касцёлаў і, такім чынам, закрыццё правесці па хадайніцтве самога насельніцтва».

«Па просьбах працоўных» — старэйшае пакаленне яшчэ памятае гэты савецкі выраз-слоган.

Аднак самае парадаксальнае ў гэтай трагічнай гісторыі ўсё ж такі нават не бессаромная партыйная парада нізавым райкамам, а канчатковая развязка «сюжэта». Справаздачу разам з праектам адпаведнай пастановы па каталіцкіх храмах для бюро ЦК КП(б) Б рыхтаваў, калі меркаваць па аўтографе, сам старшыня ЦВК БССР М.В. Скакун. 7 кастрычніка 1937 года члены бюро на «строга сакрэтным» паседжанні заслухалі яго даклад пад назвай «Аб польскіх касцёлах», даручыўшы самому выступоўцу і выконваць намечанае.

Але нядоўга яму давялося змагацца з рэлігіяй. 13 лістапада 1937 года М.В. Скакун быў зняты з пасады старшыні ЦВК, саступіўшы месца Н.Я. Наталевічу. Крыху раней — а менавіта 25 кастрычніка 1937 года — быў выведзены са складу кандыдатаў у члены Бюро ЦК КП(б)Б і Л. Готфрыд, таксама звольнены з работы. Прычына простая — Барыс Давыдавіч Берман, камісар дзяржаўнай бяспекі ІІІ рангу, калі ўвабраўся ў сілу, то адразу забыў, што працаваў у адной «бязбожнай» камісіі з Готфрыдам і Скакуном, падпісваючы сумесныя рашэнні для Бюро. Калі прыйшоў час, галоўны на той момант чэкіст Беларусі з лёгкай душой даў санкцыю на арышт сваіх партыйных паплечнікаў. Нават такіх, як Скакун, які, згодна з паўнамоцтвамі, меў мандат на права асабістай недатыкальнасці і запыту да любога народнага камісара рэспублікі.

Нашы палымяныя змагары з рэлігіяй, якія з асалодай даносілі ў Маскву на пасаджаных за краты былых саратнікаў па партыі Чарвякова і Ляўкова, у хуткім часе самі трапілі ў спіс трацкістаў і ворагаў народа.

Праўда, і палач Берман не намнога перажыў сваіх ахвяраў — 22 лютага 1939 ён таксама быў арыштаваны сваімі калегамі па прафесіі і прыгавораны да расстрэлу.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY