|
|
№
2(44)/2008
Галерэя
Арцыбіскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧ
РОЛІ І ЗАДАЧЫ ЦЭРКВАЎ Год Божага слова
Ксёндз Андрэй ЗАЙЧЫКAd Fontes
Тамаш КЭМПІЙСКІПераклады
Нашы святыні
Аляксей ЯРОМЕНКАГісторыя
Ксёндз Андрэй ЗНОСКАНа кніжнай паліцы
Жанна НЕКРАШЭВІЧ-КАРОТКАЯВЕРА & CULTURA
Пётра РУДКОЎСКІПаэзія
Аксана ДАНІЛЬЧЫКАла КАЖЭРА Пераклады
Андрыс РУБЭНІСГісторыя
Алена ВАЛЬЧУКСведчаць архівы
Людміла СЯЛІЦКАЯКніжныя скарбы
Юры ЛАЎРЫКМастацтва
Данута БІЧЭЛЬ
|
Сяргей Грыневіч вельмі высокі. Ён пэндзлем дастае да хмараў і ўсімі колерамі нябёсаў малюе на бялюткіх доўгіх хмарах карціны. Палотны хмараў плывуць у майстэрню праз высокае акно — яно паміж сцяной і дахам з сонечнага боку. «На Купалле сонца грала» ... «Куст гарыць, але не згарае...» (Зых 3, 2). Таямніца метафары промня, зламанага рухам Творцы. Далягляд не знікае ў бялюткіх яснотах. Шквал навальнічных вясновых грымотаў. Абвал гукаў, матываў і думак... Хрыплы метал року. Сонечны пажар. Шчаслівы атамны выбух каметаў з нябёсаў далёкіх галактык. Буйнасць таго, што расце, гарыць, свеціць, імкнецца ў вышыні, у няроўныя рытмы нязмернай прасторы. Я крыху ашаломленая, што асмелілася ўвайсці ў гэтае зыркае, стракатае каляровае відовішча, дзе ўсё дапаўняецца, контрапунктуецца, збліжаецца... . Не бачу на палотнах Грыневіча супярэчнасці колеру і пластыкі, хоць Сяргей і кажа пра нейкую такую супярэчнасць, — мае на ўвазе той момант, калі творыць карціну? Не верыцца, што ён бярэцца за пэндзаль і не ведае, што атрымаецца на палатне, — ці агонь, ці агністая птушка з ключыкам на спіне, — усё ў ягоных карцінах на месцы, дакладна заселена кожная лапінка палатна — смела, спакойна, мудра і нечакана, іначай, чым было да яго: выразныя дыялогі вясёлай і ціхай палітры, выбух нямой каляровасці і крыклівай імклівасці, хрыпаты і сквірчэння фарбаў... Бог стварае яго рукамі нешта новае ў відочным каляровым сусвеце. Кожны ад нараджэння мае ў вачах свае адбіткі сваіх краявідаў, сімвалы, музыку, мову, квяцістыя знакі і адчуванне сяброўства, стратнасці. Сяргей кажа: «Абстрактная форма сама дастаткова дасканалая». І тут жа гаворыць пра іншае: «Няма цяпер у мастацтве глабальна новага стылю, постмадэрнізм устарэў»... Не асмелюся запытаць, якім будзе той новы стыль, пра які думае Сяргей Грыневіч, чаго яму не хапае ў постмадэрнізме... Магчыма, і праўда ў свеце мастацтва постмадэрнізм устарэў, ён вынаходніцтва мінулага веку... Але тут, дзе мы такія недасканалыя, такія прыгнечаныя, такія адзінокія, такія галодныя, здзічэлыя і наіўныя, нібы дзеці... Трэба, каб нехта будзіў нашае стомленае ўяўленне, наталяў нас прагненнем таямнічасці, невядомасці, узбуджаў, абуджаў нашу кволасць сучаснымі рытмамі, танцамі энергічных ветраных вадаспадаў. Няволя рэалізму абазначае, што праз яго краты мы бачым тое, пра што ведаем. Свабода мастацтва хоча паказаць нам тое, пра што мы зусім нічога не ведаем. Мастак не шукае паняццяў, ён уяўляе. Яго прыгода заключаецца ў выяўленні невядомасці. Усе падзеі свету праходзяць праз свядомасць пакаленняў, адбіваюцца добрым стваральным рэхам у постмадэрнізме. Мастак бярэ на свае плечы цяжар смелых справаў, якія прыводзяць у шок простага сучасніка, і мовай квяцістых метафараў малюе версеты постмадэрновых рэчаў, што з’яўляюцца ў новым сусвеце, які жыве імклівым змяненні і застанецца вечна нязменным, як прастата, міласэрнасць, паэзія, воля... Куды імкнецца мастак услед за хуткасцямі касмічных сродкаў лёту?! ...Я пішу пра Сяргея Грыневіча ўспамін. Гэта настальгічны ўспамін пра будучыню Беларусі, з якой у свеце не будуць кпіць, — будуць паважаць за яе цёплую, у агністых чыстых барвах душу, за яе таленавітых творцаў. Іх ужо сёння паважаюць. Мова беларускага мастацтва не схаваная ў шкарлупінне арэха, не патрабуе перакладу на іншыя мовы — цывілізаваны свет разумее яе ў арыгінале і прымае ў свае прасторныя галерэі. Гэта цудоўна. Але я не мастацтвазнаўца, не даследчык свабоднага постмадэрнізму. Я не мела магчымасці вывучыць гэта... Я любуюся карцінамі Сяргея Грыневіча і бачу на іх вельмі шмат з таго, што бачыла на перабіранках, якія ткала мая сястра, — гэта радасць нацыянальнай неўміручай душы, дакладнасць, чысціня і смеласць фарбаў, прастата і бясконцасць. Тое, што вочы бачылі і вушы чулі і ўжо ніколі не ўбачаць і не пачуюць, застанецца ў мастацтве. Дык нашыя вясковыя ткаллі — папярэдніцы постмадэрну? «Мне бы сёння на красёнцах сонейка снаваць...» — пісала ў паэме «Куфар» Ларыса Геніюш... Сяргей Грыневіч гадаваўся і выхоўваўся ў той самай прасторы роднасці, пад тымі самымі нябёсамі, пад тымі самымі промнямі і навальніцамі, што і наша паэтка, — ён гэта ведае і гэтым ціха ганарыцца. Колеры, якімі захапляецца бабуля, перабіраючы ў куфры свае скарбы, — вось яны, на палотнах Сяргея Грыневіча... «Узор пяе на ўлонні пражы белай, шнурок квадратаў роўненька бяжыць, як вылічыць, як заснаваць сумела ты свой дыван, каб так заваражыць, так акуратна, анідзе памылкі, на бель асновы колерам лягло, так ад калыскі да самой магілкі жыццё людское выткана было...». І ў Гародні ёсць з якіх узораў браць прыклады — з каменнай перабіранкі на сцяне старажытнай Каложскай царквы. Гэта я так думаю. У мастака свае пошукі, яны маюць сваю геаграфію... Калі б у нашым Краі склаліся творчыя эліты, шмат у якіх месцах блуканні ў пошуках новых метафараў і формаў, матываў і думак паэтаў і мастакоў маглі б судакранацца. Але мы хаваем свае нацыянальныя эмоцыі... У 1986 годзе Сяргей Грыневіч падараваў Музею Максіма Багдановіча ў Гародні партрэт паэта. Музей не меў тады статуса самастойнага, называўся «літаратурным аддзелам гісторыка-археалагічнага музея». Сяргей кажа: «У мяне ў той час яшчэ не было сваёй майстэрні, маляваў Максіма Багдановіча ў сінагозе». Аўтар захаваў традыцыйныя дэталі, да якіх прывыклі аматары Максіма Багдановіча, але партрэт постмадэрновы. Уявіце, як нехта вельмі высокі заходзіць у хату, згінаючы ў праёме дзвярэй плечы, — галава ў праёме не змяшчаецца, а ног яшчэ не відаць за парогам. Сяргей Грыневіч па сабе ведае, як заходзяць высокія ў вясковыя хаты — Сяргей і Максім прыкладна аднолькавага росту... Валасы на партрэце ўзвеяныя, перад акном у збаночку сіні снапок васількоў свеціць юнаку ў сінія вочы. А прасторы перад вачыма мала, таму што наперадзе мала жыцця... У засмужаным туманам небе ўзяў Сяргей колеры для партрэта Паэта, адценні пастэльныя, далікатна замглёныя... Партрэт удаўся маладому мастаку, і лепшага партрэта маладога паэта Максіма Багдановіча, дзе дэманструецца дзёрзкасць маладосці і глыбіня таленту і мужнасць асобы, я не ведаю. Мікола Таранда, кіраўнік клуба «Паходня», прывёў у музей вучоных-генэтыкаў, дзве асістэнткі трымалі пад рукі вельмі паважанага сталага вучонага. Пакуль я апавядала пра нашага паэта, вучоны драмаў... Калі развітваліся, вучоны спытаў: «Так ваш поэт болел туберкулёзом?» Я пра гэта апавядала, але вучоны не слухаў, таму я спытала: «Вы ведаеце пра гэта?» Ён адказаў: «Нет, но я увидел его портрет», — і назваў медычны тэрмін, а па-расейску патлумачыў мне і ўсім, што пры туберкулёзе мяняецца форма грудзей. А я ўспомніла, як Зоська Верас казала, што Максім крыху сутуліўся ад свайго высокага росту, інстынктыўна баронячы хворыя грудзі... Сяргей Грыневіч мог не ведаць пра такое, але ён угадаў гэта. Магчыма, несвядома ён паказаў праз вышыню постаці, якая не змяшчалася ў рамцы, і вышыню таленту Паэта, хворага целам, але моцнага духам, які ўзняў столь нацыянальнай духоўнай прасторы так высока, што духоўны зрок беларусаў не мае сілы да яе дацягнуцца... З першага студзеня 1995 года музей атрымаў статус самастойнага — мы сталі смелымі і заказалі Сяргею Грыневічу партрэт Вацлава Іваноўскага, заснавальніка выдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша ваконца». Мы змясцілі гэты партрэт у звод нашых продкаў, дзе ён выдзяляўся выразнай пластыкай і характарам на тле партрэтаў традыцыйнай школы, — а нібы так і трэба было... Каб не было Вацлава Іваноўскага, беларусы не паўсталі б у пачатку ХХ стагоддзя... У сумежнай з музеем верандзе кватэры № 2 жыла цешча юрыста, якую гарадскія ўлады ніяк не маглі выселіць (не згаджалася ні на якія прапановы абмену кватэры), таму музею аддалі кватэру № 3, ізаляваную ад галоўнай плошчы. Там стварылі сціплую экспазіцыю «Літаратурнай Гродзеншчыны», афармляў яе Косця Латынцаў, па прафесіі архітэктар, які па-сяброўску працаваў у музеі рабочым на паўстаўкі. У квадраце прыхожай мы змясцілі вобразы дзвюх вялікіх дамаў літаратуры Гродзеншчыны — вяльможнай пані Элізы Ажэшкі і паэткі Ларысы Геніюш, духоўнай маці свядомай беларускай інтэлігенцыі. Пані Элізу Сяргей стварыў у стылі сармацкага партрэта — у барвовых з пазалотай фалдах сукенкі, у бляску і хвале, якую яна мела, далучаючы сваёй творчасцю крэсы да Польшчы. Ларысу Геніюш Сяргей пераўстварыў у вобразе маладзенькай Музы, у цёплай гаме вясновай зеляніны, — лёгкую Ластаўку, яшчэ не стомленую Крыжам, у чаканні бязмежнага шчасця ў сумоўі са сваім прыгожым народам. Толькі цёмны каснічок сцягваў яе валасы. У 1998 годзе, не думаючы пра тое, што хутка ў музеі мяне не будзе, я папрасіла Сяргея Грыневіча стварыць святочны партрэт Максіма Багдановіча для вялікіх залаў, каб можна было ўпрыгожваць сцэну на святы яго паэзіі. Сяргей апрануў Максіма ў модны гарнітур Янкі Купалы пецярбургскага часу, а твар напісаў з фатаграфіі 1912 года, з яшчэ не змучанага хваробай юнака, якім мы яго бачым праз прызму нашага захаплення і бязмежнай удзячнасці. Супольнасцю музея мы адсвяткавалі прэзентацыю партрэта за кошт мастака, які злёгку быў здзіўлены, што яму зашмат заплацілі... Гэты прыгожы святочны партрэт мы не вынеслі на сцэны гарадскіх залаў, не паспелі правесці з ім ніводнага вечара — ён застаўся ў цесным пакоі пад дахам, а з ім засталася фатаграфія Максіма Грыневіча, малога сына мастака. Я сумавала па партрэтах, як па жывых... ...Калі людзі паводзяць сябе так, быццам Бога няма, яны правакуюць вайну. Калі людзі жывуць, як дзеці Божыя, яны ствараюць і захоўваюць спакой... Каб залячыць раны, нанесеныя мне савецкімі начальніцамі, і застацца ў спакоі з Богам, мне спатрэбілася некалькі гадоў прабывання ў смутку. Але сам паэт Максім дапамог мне сваім высокім прыкладам выйсці з крыўды, гаркаты і дакору і падзякаваць Богу за малы пробліск вечнасці ў сэрцы, які Ён мне падараваў. Я змяншалася ў грамадскай прасторы горада і абмяжоўвала сваю зацікаўленасць яго жыццём. Мала хто мог мяне здзівіць. Многія былыя знаёмыя перасталі мяне пазнаваць, але мая дарога выраўнялася да дасканаласці — ад дому да касцёла і назад. Сяргей Грыневіч быў заўсёды адкрыты на размову, я зрэдку звярталася да яго, як да знаўцы ў мастацтве. Неяк на выставе ўбачыла яго карціну «Начны сад»: ствалы яблыняў выглядалі, нібы ваўчыныя морды, прасветы паміж стваламі свяцілі, як ваўчыныя вочы, але вочы і пашчы ваўкоў усміхаліся, бо Сяргей Грыневіч — мастак дабрыні. Убачыла карціну з караблікаў — цёмныя караблікі плывуць уверх мачтамі-дзюбкамі, а светлыя плывуць уверх днамі... Палатняны сусвет маляваных, нібы вытканых на кроснах або складзеных, як мазаіка, караблікаў, бясконцасць у няволі рамы... І марафон рыбаў у бязмежным космасе акіянаў... Дык вось якое наша мора, у якім можна акунуцца духоўным зрокам, вось мора, у якое Апостал нашага часу заклікаў: «Выплыві на глыбіню»... Голенькія сарамлівыя дзяўчаты... Ім зручней павярнуцца да гледача спінкамі. А яшчэ лепей ім заплюшчыць вочы, заснуць. Нават цыганачка, якая ідзе ў глыбіню прасторы, какетліва трымаючы драпіраваную тканіну, што з’язджае з яе далікатнай красы, віруючы ў танцы, зусім не распусная. «І адкрыліся ў іх абоіх вочы, і пазналі яны, што голыя...» — сказана ў Кнізе Быцця (3, 7)... Карціна «Тры крэслы»: тры драўляныя, простыя, моцныя, элегантныя , тонкія, дасканалыя, высокія класічныя крэслы... Столі святло падсвятляе, перасякаюцца, крэсляцца цені на доле. Трое на крэслах сядзелі? Трое будуць весці перамовы на крэслах? Не... Невідочныя Трое сядзяць на высокіх крэслах. Некалі скінуцца з крэслаў высокіх? Трое ў Адной Асобе Невідочныя ёсць усюды. ...Ішла па вуліцы Ажэшкі, праз вокны заўважыла выставу Сяргея Грыневіча. Захавалася ў памяці карцінка з архаічным казачным зместам: драўляны дзед запрог у драўляныя санкі драўлянага коніка і едзе ў лес па дровы. Уся выстава была, нібы дзіцячая вясёлая казка, такая цёплая, добрая, старажытная, фантастычная... А пасля мяне прыцягнуў аўтапартрэт мастака Сяргея Грыневіча... Я ведаю, што адным моцным паэтычным радком можна прабіць стагоддзе наскрозь... А тут я ўбачыла ўсю трагедыю Беларусі ў адным твары на партрэце! ... «Фота на пашпарт» — мела назву гэтая карціна... Правы бок твару ў святле, левы бок у цемры. Беспрасветную доўгую ноч перажыў гэты мужчына, твар яго ўвесь у падцёках, сіняках, ссадзінах, з паламаным носам, павыдзіранымі, збітымі ў куцукі, коратка падстрыжанымі валасамі. На вуснах запяклася кроў. Праз іранічную горкую ўсмешку ўсё ж прабіваецца годнасць асобы, якая памятае, адкуль родам і хто былі яго продкі... У німбе таямнічасці, трымаючы ўсіх на дыстанцыі... Ашаломленая — стаяла перад гэтым абразом Беларусі, прыкаваная да трагічнай гісторыі, да Крыжа нашых продкаў... А ўнізе два тоненькія зігзагі — імітацыя арнаменту, які напамінае арнамент дзяржаўнага сцяга... «Нічога сабе, вясёлая апакаліпса», — думала я... У кнізе водгукаў я напісала: «Няхай беражэ цябе Бог!», бо што яшчэ можна было напісаць? Мастак гуляў сабе, фантазіраваў, блазнуючы, і адчыніліся яму неіснуючыя дзверы, і раскрылася недасяжная глыбіня душы, — магчыма, ён і не планаваў такога эфекту... Само атрымалася, як гэта бывае ў вельмі таленавітых творцаў... А магчыма, і прадумаў усё, да апошняй дэталі... Сяргей кажа: «Князь Вітаўт аддаў ваяводу Верацілу Краснае Сяло на вечнае ўладанне. Продкі мае, па маці Верацілы, валодалі Красным Сялом, і цяпер мой стрыечны брат Валянцін з’яўляецца дырэктарам усіх тых заводаў... Дзяды Зося і Пятро жылі ў вёсцы Навасёлкі, недалёка ад пасёлка Краснасельскага... Збіральнік, паэт і мастак Міхась Вераціла, паэт Сяргей Вераціла, мастачка габеленаў Людміла Пятруль і яе сын Максім, усе яны мае сваякі. Мае дзяды Сямён і Малання Грыневічы мелі 40 гектараў зямлі, футар каля вёскі Харужанцы. Так, у нас кажуць «футар», а Максім Багдановіч ужываў слова «хурманка». У нас кажуць «Забаліна» замест «Ізабелін»... У назвах вёсак і мястэчак паўтараецца корань ружа — гэтыя назвы так і цягнуцца ланцужком, як ружанец: Харужанцы, Ружанцы, Ружаны, Пружаны... Ёсць недалёка Ваўкавыска вёска Грынявічы, там паўтараецца наша прозвішча. Нашы Грыневічы рассяліліся тут... Мой дзядзька скончыў перад вайной Ваўкавыскую гімназію, у якой раней вучылася Ларыса Геніюш. Дзядзька выкладаў беларускую мову. Яго дзеці жывуць у Польшчы. Цётка Насця жыве ў Ваўкавыску. Дзядзька Коля жыве ў Эстоніі. Дзядзька Міхась загінуў на вайне. Мой тата Аркадзь Грыневіч быў малодшым у сям’і. Ажаніўся з Нінай Вераціла, у мяне ёсць сястра Гэля. Бацькі жывуць у Навасёлках. Я нарадзіўся 25 лютага 1960 года. Маці казала, што я спачатку навучыўся маляваць, а пасля хадзіць. У пачатковай школе наведваў студыю выяўленчага мастацтва з дарослымі. Адзін хлопчык з нашай школы паступіў у Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і мастацтву, ён быў таленавіты музыка... Праз год паехаў туды я. Маці некалькі разоў хацела мяне забраць, — жанчыны яе асуджалі, што аддала хлопца невядома куды. Але я не даўся... Калі мы канчалі 11-ы клас, прафесар мастак Гаўрыла Вашчанка наведаў школу, паглядзеў нашыя працы і сказаў мне, што возьме ў сваю студыю ў Акадэміі мастацтваў. У 1978 годзе я скончыў школу-інтэрнат і паступіў у Акадэмію на манументальна-дэкаратыўнае аддзяленне. Скончыў у 1983-м. Удзельнічаць у выставах пачаў з другога курса. У Гародні працаваў у камбінаце «Мастацтва», ствараў вітражы і роспісы. Сябра Саюза мастакоў з 1987 года... Першая персанальная выстава адбылася ў 1992 годзе». ...Вяртаемся да «Фота на пашпарт». Сяргей кажа: «Гэта зусім прыватны твор, усяго фота на пашпарт. Бо каб гэта быў аўтапартрэт, то мастак павінен глядзець сам сабе ў вочы ў люстэрку. Ну не хацелася мне на іх глядзець! ... Але начальнікам горада гэты твор вельмі не спадабаўся. А ў Галандыі яго зразумелі як абагулены вобраз Беларусі, адчынілі ім выставу маіх карцін»... Сяргей паказвае мне відэафільм з адкрыцця выставы, якая адбылася гэтай зімой у горадзе Эндховен. Прыгожая галерэя, карціны размешчаны прасторна, паважаныя людзі аглядаюць мастацтва, пераходзячы з адной залы ў другую, размаўляюць, усміхаюцца ў камеру. Сяргея Грыневіча на адкрыцці не было. Знаёмыя карціны: вырай крыжыкаў узлятае ў нябёсы... Сяргей кажа: «Я іх падгледзеў у адным касцёле ў Варшаве, карціна называецца «Промень», якраз засвяціла сонца — і я ўбачыў, як яны заззялі ў промнях на калоне, — мазаіка з рознакаляровых крыжоў, якія ўзнімаюцца ў нябёсы»... Карціна «Тарка», крыху па памерах большая, чым тая, якой я тру бульбу на дранікі. Сяргей кажа: «У Галандыі маю тарку пазналі». Уяўляю ўспамін галандцаў пра тое, як шоргае бульба па парваных дзірках металу, як смачна пахнуць дранікі са смажаным сальцам і цыбулькай, і якая чароўная магія святлаценяў у рытме гэтых філасофскіх дзірак... На карціне «Бабіна лета» — жанчына, сама, нібы ўрадлівая бульба, выбірае самую смачную ежу Беларусі з баразны ў кошык... Пачула па радыё, што 2008 год будзе годам бульбы: вучоныя і палітыкі свету будуць вырашаць, як гэтай гароднінай накарміць планету. А беларусы ўжо ведаюць гэта са сваёй векавой гісторыі... Сяргей Грыневіч на карціне спаборнічае з натурай, дэманструе, што бульбіна ягонай фантазіі нават яшчэ больш апетытная... Шмат у Сяргея Грыневіча розных архаічных, сплеценых з лазы і карэння, прадметаў нашага самастойнага прыгожага бытавання без цывілізацыі... Цікавая кампазіцыя «Рыбы і журавель», якую Сяргей прывёз з галандскай выставы дадому, бо жонка Наталля не хоча з ёю развітвацца... З Галандыі частку выставы забралі ў горад Цюрых, у Швейцарыю. Сяргей кажа: «Калі доўга малюеш рытмічныя пейзажы, дзе рытм вымагае дасканаласці і нельга хлусіць, пасля хочацца намаляваць такую кампазіцыю, як «Знакі прыпынку»: яна не вымагае ўвагі, яе можна змясціць нават на прахадной, — на хаду страляе і адпускае, ідзі далей»... Гэта густоўная, з нечаканымі спалучэннямі кантрастных плямінаў, складаная прастата... На дыскатэках ствараюць такія агністыя выбухі ірваных рытмаў. Адпачынак, гульня, спосаб правядзення часу ў сумоўі з прыемным чалавекам — з сабой самім. Уяўляю магічны круг майстроўні, у якім зачыняецца Сяргей Грыневіч, каб пагуляць, як малое дзіця, з квадратамі канструктара ці з костачкамі мазаікі, з каляровымі каменьчыкамі, з караблікамі, з рознымі цацкамі. Пасля складае іх у кошык або пакідае на агністых зорах, «на палатне змяінага цара»... Правакацыя ўяўлення. ...Ёсць прадметы, якія тояць у сабе глыбокую філасофію. Вось «буч», у нашай мясцовасці кажуць «верша», у іншай мясцовасці кажуць «нерат», а на Шчары, напрыклад, гэты прадмет называюць «кломля»... Сплеценая з лазы прылада для лоўлі рыбы з лейкападобным горлам у сярэдзіне. Гэта замкнёная пастка, уцёкі ў самога сябе, выйсце ў безвыходнасць, замкнутасць у межах уласнай абмежаванасці, філасофія тупіка, — гэта своеасаблівы лёс Беларусі, пераплецены з яе гісторыяй... У Сяргея некалькі варыянтаў буча — на сушы, пустога і з блакітнай рыбінай у пастцы, з некалькімі наіўнымі блакітнымі рыбінамі... Спрытны вораг у буч сам не залезе... Сяргей кажа: «Калі мне нехта гаворыць, што пазнае мяне на выставах па почырку, мне гэта вельмі не падабаецца. Мне цікава здабываць у сабе новыя і новыя магчымасці. Ёсць два спосабы пошукаў: падглядваць у прыродзе і прыдумваць самому. Трэці спосаб — гэта шукаць дасканалы варыянт праз параўнанне». Рамка карціны «Рыбкі» не трымае зрокавай думкі, ад віру ў цэнтры шугаеш у бязмежнасць акіяна, у якім крычаць касякі нямых рыбак. У экстазе ультрамарынаў... І адна зялёная рыбка. Карціна не адпускае. І мастак сам нейкі час уважліва разглядае, нібы бачыць свой твор упершыню... Гэтая зялёная рыбка справакавала яго стварыць карціну «Зялёныя рыбкі», але і гэтым не абышлося — мастак стварае трэцюю карціну без зялёнай рыбкі... У канчатковым выглядзе мастак бачыць, што атрымалася дасканалай першая карціна... І ўзнікае яшчэ адзін сюжэт — «Журавель і рыбкі», больш складаны кампазіцыйна: журавель з наіўнай дзіцячай казкі пасе рыбак у бязмежным акіяне. Сюжэт у сюжэце... Цыбаты журавель хацеў запыніць адно імгненне, а нечакана для сябе затрымаў цэлы акіян... Перад тым як паказаць новыя карціны, Сяргей зачыняе дзверы ключом, каб не зайшоў ніхто выпадковы, таму што новыя карціны людзі павінны першы раз убачыць на прэзентацыі... Сяргей кажа: «Мне цяпер хочацца рабіць партрэты». І паказвае новы партрэт, выкананы ў чорна-белых колерах, нібы гэта чорна-белая фатаграфія з мінулага стагоддзя. Сяргей кажа: «Ніколі фатаграфія не дасць таго ўяўлення пра асобу, якое можа стварыць мастак... Мастак мае магчымасць карыстацца знаходкамі фатаграфіі, тэлеэкрана, кампутара, кіно, але ніякія спецэфекты, ніякія алхімічныя спалучэнні не могуць спаборнічаць з таямніцай мастакоўскага зроку, які здольны падсвядома ўхапіць проблеск хвіліны натхнення»... Вельмі прадстаўнічы вобраз палітыка, які вызначыўся ў завяршэнні сюжэта Другой сусветнай вайны, Уінстана Чэрчыля. У англійскім белым з чорнай стужкай капелюшы... Два пальцы левай рукі паднятыя. На чырвонай палосцы знізу паўтараюцца словы, імітацыя бягучага радка: no comment... Сяргей выстаўляе некалькі квадратаў удоўж сцяны — і паўстае чорны трактар у натуральную велічыню. Сяргей кажа: «Я замалёўваў яго з натуры ў Панямоні, гэта прыгарад Гародні... Надпіс на баку трактара белай фарбай я капіраваў да міліметра, — гэта вельмі важны дакумент:
ГРОДНО (Я так не намалюю на кампутары, каб літара Р была адной у словах Гродна і Рай...) Горкая іронія з настальгічным замілаваннем да роднай зямлі. З любоўю, калі хочаце... Нехта павінен быў гэта зрабіць... Назва гэтай карціны простая —„Беларусь“...» Дзве карціны з адной назвай «Споведзь», ці дыптых, — твар на абедзвюх карцінах — той самы. Далікатныя рысы твару зямной мадонны ў скрусе за правіны чалавецтва — перад спавядніцай. Акенца спавядніцы крыжыкамі рашоткі адбіваецца на вуснах, на носіку, на вачах, — на адной карціне твар дзяўчыны ў профіль, а на другой — як яе бачыць ксёндз... Сяргей кажа: «Я хадзіў у касцёл і падглядаў, як гэта адбываецца»... Сам Сяргей праваслаўны. Паказаў мне папку з замалёўкамі людзей у сне, там нават ёсць «калега» Сяргея па пятым класе школы-інтэрната, які спіць на школьнай парце. Мастак Коўзусь, які з Гародні выехаў у Амерыку, спіць на стале, сонныя жанчыны, пераважна, дачка і жонка... Сяргей кажа: «Найсмачней спяць заўсёды стомленыя салдаты»... Ва ўсіх сонных людзей не сонная жывая душа... Адну карціну бачу на слайдзе — тры гарыстыя краявіды Гародні, раздзеленыя калонамі, вышыня пагоркаў яшчэ больш павышаецца за кошт вышыні святыняў на пагорках, у ззянні сонца. Сяргей кажа: «Гэта роспіс на сцяне ў кабінеце аднога начальніка»... Ёсць такія ў Гародні начальнікі? ! Сяргей называе прозвішча начальніка жыллёва-камунальнай гаспадаркі — Пятровіч Іван Іванавіч... Сама кантора месціцца ў прыгожым двухпавярховым доме ў стылі позняй гародзенскай сецэсіі, на фасадзе якога найпрыгажэйшая ў Гародні лепка расліннага арнаменту, дата пабудовы дома — 1912 год... І я не буду называць цяперашні адрас таго дома, дзе створана гэтая ілюзіяністычная сцяна з касцёламі Гародні, а назаву яе даўнейшы адрас — гэта рог вуліц Пясочнай і Лістоўскага... Недалёка ад касцёла брыгітак... Яшчэ адна карціна: Анёл з вежы катэдры над горадам, які ўвесь змяшчаецца пад крыламі Анёла. Спытала, ці ёсць у Сяргея любімыя мастакі, ён адказвае, што добрых мастакоў многа, напрыклад, галандзец Эшэр... І ў Гародні ёсць шмат мастакоў, славутых у свеце, і называе прозвішча графіка, які мне здаецца халодным і нацыянальна не вызначаным. Сяргей кажа: «Да сябе трэба адносіцца па-філасофску, лепей быць да сябе крыху іранічным, каб не выглядаць смешным». Каб захаваць духоўнае здароўе, трэба захаваць у сабе маленства... На карціне «Сон імператара» — Сяргееў сын Максім, змаляваны з чорна-белай фатаграфіі, спіць, а навокал яго грувасцяцца каляровыя мары, і каляровая карона на яго галаве, а сонны тварык супакоены споўненым прароцтвам сну. Мастак Сяргей Грыневіч заняты сур’ёзнай працай і стварае неймаверна смелыя творы, але прыдумаў такі спосаб, нібы ён усё яшчэ сніць каляровыя сны імператара, як яго сын Максім, і застаючыся крыху ў маленстве, ён працуе, нібы весела бавіць час. Гуляючы, ён забывае пра атавістычныя страхі продкаў, пра небяспечныя гульні палітыкаў, пазбаўляецца смутку, ляноты, банальнасці, штучнасці, амбітнасці, гульня супакойвае, паглыбляе і вяртае ў забытае дзяцінства чалавецтва, у старадаўняе, у гістарычную прыгоду, у зачараванае царства. Ізноў напрошваецца параўнанне з тым, што мне найбліжэй, — з «Вянком» Максіма Багдановіча, з яго рэляцыямі ў цыклах вершаў «Малюнкі і спевы», «Старая Беларусь», «У зачарованым царстве», «Места»... «Вечар на захадзе ў попеле тушыць кучу чырвоных кавалкаў вугля...» Аж дзіўна, як шмат увагі наш класік аддаваў колерам, усё гэта ўжо было створана і нейкім спосабам, нейкімі флюідамі засмакталася ў душы нашчадкаў... І гэты трактар у натуральную велічыню — дзіцячая гульня ў сапраўднае жыццё дарослых, і ўсе падробкі пад фатаграфіі, сны малых імператараў, — гэта любоў да Радзімы, якую не вырвеш з сэрца. Элемент гульні ў мастацтве Сяргея Грыневіча — гэта сур’ёзны занятак сталага творцы на мяжы рэальнасці і фантастыкі на «белым палатне змяінага цара»... Гэта змёртвыхперасяленне малой памерлай гісторыі ў яшчэ ненароджаны сусвет гармоніі і хараства... Чым маці займаюць дзяцей, каб ім не было сумна? Даюць у рукі каляровы аловак, мел або вугаль — і дзіця ўжо там, у свеце фантазіі Святога Духа. І гэта перажываецца як найбольш інтымнае, успрымаецца як найбольш універсальнае... У мастацтве Сяргея Грыневіча няма сумнення, адмаўлення, адчаю, злосці, агрэсіі, фальшу, бруду, змроку, няпраўды, крыку. Колеры смела кладуцца адзін пры другім, але менавіта так, як павінны, — густ мастака папраўляе наша прымітыўнае ўяўленне аб узаемаадносінах фарбаў і рэчаў. У мастацтве Сяргея Грыневіча ёсць спакойная станоўчасць, мудрасць, гуманнасць, удзячнасць, хвала, любоў, дабрыня, чысціня, благаслаўленне, крыху шкадавання і скептычнасці, сугучча блакітаў і прамяністасці, сакрум рытуалу, просьба, малітва, кліч... Не прапаную чытачам спіс тых галерэяў і выставачных залаў, дзе прэзентаваліся карціны мастака Сяргея Грыневіча. Мне так здаецца, што лягчэй пералічыць тыя галерэі свету, дзе не было ягоных выставаў. Вось ён для нашага «Успаміну пра будучыню» прапануе свой фотапартрэт з Парыжа, з Мастацкага цэнтра «Пампіду» на фоне Сабора Нотр-Дам дэ Пары... Ён можа спакойна разважаць, што яму добра малюецца ў Галандыі, у Францыі і ў Харватыі... Але найлепей — у майстроўні, у ціхім дамку за дзвюма старымі гарадзенскімі вежамі, якія ў Гародні па-ранейшаму называюць воданапорнымі, хоць іх даўно займаюць пад свае майстроўні мастакі пакалення Сяргея Грыневіча. Разважаючы пра смеласць, навізну, дынамічнасць, зрокавую інакшасць, адначасна відочную тутэйшасць палотнаў Сяргея Грыневіча, хачу паставіць яго ў адзін рад з нацыянальнымі продкамі нашай духоўнай культуры. Мастак павінен стаяць у адным шыхце з тымі постацямі, якія ён увекавечвае на палатнінах Краіны белай доўгай хмары... У глыбокім сэнсе цяперашняга часу. Наш Край стараецца пераймаць іншых, аднак застаецца заўсёды ззаду. Сяргей Грыневіч — чалавек з будучыні, таму што ён пазбаўлены комплексу залежнасці ад іншых, талент мастака ён пераўтварыў у шчаслівую прыгоду свайго жыцця... А сваім прыхільнікам мастак даруе гарманічную краіну-браначку, у якой хацелася б плакаць, сумаваць, успамінаць, пайсці і зноў у яе вярнуцца... А пабыўшы там, ці выйдзеш такі самы, ці паплывеш на карабліках сваіх дзіцячых летуценняў у свой начны сад, дзе ўсё ясна яснее і нібы ў густой імгле... Час даецца нам, каб усё, што маем, ператварыць у любоў, ад якой вызваляе толькі Бог, калі прымае нас у нябёсы.
|
|
|