|
|
№
2(44)/2008
Галерэя
Арцыбіскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧ
РОЛІ І ЗАДАЧЫ ЦЭРКВАЎ Год Божага слова
Ксёндз Андрэй ЗАЙЧЫКAd Fontes
Тамаш КЭМПІЙСКІПераклады
Нашы святыні
Аляксей ЯРОМЕНКАГісторыя
Ксёндз Андрэй ЗНОСКАНа кніжнай паліцы
Жанна НЕКРАШЭВІЧ-КАРОТКАЯВЕРА & CULTURA
Пётра РУДКОЎСКІПаэзія
Аксана ДАНІЛЬЧЫКАла КАЖЭРА Пераклады
Андрыс РУБЭНІСГісторыя
Алена ВАЛЬЧУКСведчаць архівы
Людміла СЯЛІЦКАЯКніжныя скарбы
Юры ЛАЎРЫКМастацтва
Данута БІЧЭЛЬ
|
КВЕТАЧКІ СВЯТОГА ФРАНЦІШКА
У імя Пана нашага ўкрыжаванага Езуса Хрыста і Яго Маці Панны Марыі ў гэтай кнізе выкладзеныя некаторыя справы Пана, цуды і прыклады добрапрыстойнасці слаўнага нябогі Хрыстовага месэра святога Францішка ды іншых яго святых паплечнікаў.
Пачатак у №3(41) 2007
Частка ХІІІ Цудоўны служка і паслядоўнік Хрыста месэр святы Францішак імкнуўся ва ўсіх справах прыпадабняцца Хрысту, які згодна з тым, што кажа Евангелле, адправіў парамі сваіх вучняў ва ўсе гарады і кляштары, куды Ён павінен быў ісці; дык вось, у той момант, як святы Францішак падобна Хрысту аб’яднаў вакол сябе дванаццаць паплечнікаў, то адправіў іх па двое прапаведаваць. А каб даць ім узор сапраўднага паслушэнства, пайшоў першы па прыкладзе Хрыста, які перш чым вучыць іншых, стаў рабіць сам. Пасля таго як святы Францішак размеркаваў паміж паплечнікамі розныя бакі свету, ён сам з братам Масеем у якасці спадарожніка выйшаў на дарогу і рушыў у правінцыю Францыі. Аднойчы трапілі яны вельмі галодныя ў адзін горад і пайшлі, згодна з рэгулай дзеля любові да Бога, прасіць хлеба; святы Францішак пайшоў у адно паселішча, а святы Масей у другое. Але паколькі святы Францішак быў чалавекам вельмі някідкім і маленькага росту, то тыя, хто яго не ведаў, сустракалі святога Францішка як нявартага ўвагі жабрака, а таму ён не сабраў нічога, акрамя шматлікіх аб’едкаў і маленькіх лустак хлеба; затое брату Масею, які быў высокі і прыгожы, давалі добрыя і вялікія лусты, і нават цэлыя боханы. Назбіраўшы тое, што назбіралася, сышліся яны, каб паесці, за горадам у тым месцы, дзе была прыгожая крыніца, а каля яе вялікі і шырокі камень, на які кожны з іх паклаў тое, што назбіраў. І калі ўбачыў святы Францішак, што лустаў хлеба ў брата Масея было болей і былі яны большыя за ягоныя, то вельмі ўзрадаваўся і сказаў так: «О, брат Масей, мы не заслугоўваем такога вялікага скарбу». І пасля таго як паўтарыў ён гэтыя словы шмат разоў, адказаў брат Масей: «Ласкавы ойча, як можна называць скарбам тое, што ёсць вялікая беднасць і недахоп таго, у чым маецца патрэба?» Мовіў тады святы Францішак: «Гэта і ёсць тое, што я лічу вялікім скарбам, бо заключаецца ён не ў тым, што дадзена рукою чалавечаю, а ў тым, што дадзена Божым Провідам, як бачна з гэтага шырокага каменя-стала і з такой чыстай крыніцы. Але я хацеў памаліцца Богу, каб Ён дапамог нам усім сэрцам палюбіць гэты скарб святой беднасці, настолькі высакародны, што мае ён за служку самога Бога». Пасля гэтых словаў і малітвы, падмацаваўшы цела лустай хлеба і крынічнай вадой, падняліся яны і пайшлі ў Францыю. І калі дайшлі яны да аднаго касцёла, сказаў святы Францішак свайму паплечніку: «Зойдзем у гэты касцёл і памолімся». І пайшоў святы Францішак да алтара і пачаў маліцца, і ў гэтай малітве атрымаў найвялікшую Божую ласку, якая запаліла так моцна яго душу любоўю да святой беднасці, што змяніўся колер яго твару, і калі раскрываў ён вусны, здавалася, што вылятае з іх полымя любові. І так палаючы, падышоў ён да паплечніка свайго і сказаў яму: «А! А! А! Брат Масей, аддай мне сябе самога». І сказаў ён так тры разы, і на трэці раз святы Францішак адным дыханнем падняў брата Масея ў паветра і кінуў яго на адлегласць вялікай жэрдзіны, а брат Масей вельмі гэтаму здзівіўся. І распавёў пасля паплечнікам, што калі святы Францішак падымаў яго і кідаў адным дыханнем, то адчуваў ён такую вялікую душэўную пяшчоту і суцяшэнне Святога Духа, як ніколі яшчэ ў жыцці. І зрабіўшы гэта, сказаў святы Францішак: «Дарагі мой сябар, хадзем да святога Пятра і святога Паўла і папросім, каб яны навучылі нас і дапамаглі нам у валоданні бясцэнным скарбам святой беднасці, паколькі яна ёсць такім, найбольш годным Божым скарбам, што мы не заслугоўваем таго, каб захоўваць яе ў нашых вартых жалю сасудах, бо гэта тая нябесная цнота, што ўсё зямное і нявечнае ператварае ў пыл і вызваляе душу ад усіх перашкодаў, каб змагла яна свабодна з Богам у вечнасці паяднацца. Гэта тая цнота, якая дазваляе душы, што знаходзіцца яшчэ на зямлі, размаўляць з нябеснымі анёламі. Гэта яна спадарожнічала Хрысту на крыжы, з Хрыстом была пахаваная і з Хрыстом уваскрэсла і ўзнялася на неба; і якая таксама ў гэтым жыцці дазваляе закаханым у яе душам лятаць па небе; бо ёсць яна зброяй сапраўднай пакоры і міласэрнасці. А таму папросім святых Апосталаў Хрыстовых, якія былі сапраўднымі прыхільнікамі гэтай евангельскай перліны, каб мы змаглі прыняць гэтую ласку ад нашага Езуса Хрыста, а Ён па сваёй вялікай міласці дазволіў нам стаць сапраўднымі яе прыхільнікамі, паслядоўнікамі і пакорлівымі вучнямі найкаштоўнейшай і найлюбімейшай евангельскай беднасці». Так размаўляючы, дайшлі яны да Рыма і ўвайшлі ў касцёл святога Пятра; святы Францішак пачаў маліцца ў адным кутку касцёла, а брат Масей у другім. І пакуль святы Францішак, моцна плачучы, так пабожна маліўся, з’явіліся яму ва ўсім сваім бляску святыя апосталы Пётр і Павел і сказалі: «Паколькі ты просіш і жадаеш служыць таму, чаму Хрыстус і святыя Апосталы служылі, наш Пан Езус Хрыстус пасылае нас паведаміць табе, што твая малітва пачутая, а таму дорыць ён табе і тваім паслядоўнікам найдасканалейшы скарб святой беднасці. А яшчэ са свайго боку кажам табе, што той, хто ўслед за табою будзе выконваць гэтае жаданне, можа быць упэўнены ў благаслаўленні вечнага жыцця, а ты і твае паслядоўнікі будуць Богам благаслаўлёныя». Пасля гэтых словаў яны зніклі, пакінуўшы святога Францішка поўным суцяшэння. Узняўся святы Францішак пасля малітвы, знайшоў свайго паплечніка і спытаўся ў яго, ці не адкрыў яму што-небудзь Бог, а ён сказаў, што не. Тады святы Францішак расказаў, як яму з’явіліся святыя Апосталы і што яны яму адкрылі. Пасля чаго, поўныя радасці, яны вярнуліся ў даліну Спалета, адмовіўшыся ісці ў Францыю. У славу Хрыста. Амэн. Аднойчы, калі святы Францішак быў яшчэ на пачатку свайго манаства, сабраўся ён са сваімі паплечнікамі ў адным месцы, каб пагаварыць пра Хрыста, і ў захапленні духу загадаў аднаму з іх у імя Бога раскрыць свае вусны і гаварыць пра Бога тое, на што яго натхніць Святы Дух. Калі брат выканаў загад і гаварыў цудоўным чынам пра Бога, святы Францішак спыніў яго і загадаў тое ж самае наступнаму. А калі той паслухаўся і пачаў гаварыць пра Бога найвытанчаным чынам, святы Францішак гэтаксама спыніў яго і загадаў трэцяму гаварыць пра Бога. А той, як і папярэднія, пачаў гаварыць такія глыбокія і таемныя рэчы пра Бога, што, безумоўна, святы Францішак пазнаў, што ён, як і двое іншых, гаварыў з дапамогай Святога Духа. І выявілася гэта ў выразным знаку; у той час як яны размаўлялі так паміж сабою, з’явіўся Хрыстус благаслаўлёны між іх у выглядзе вельмі прыгожага юнака і, благаславіўшы, напоўніў іх такой пяшчотай, што ўсе яны страцілі ад захаплення прытомнасць і ляжалі, нібы мёртвыя, не адчуваючы нічога з гэтага свету. А калі ачунялі, сказаў ім святы Францішак: «Браты мае дарагія, падзякуйце Богу, які пажадаў праз вусны простых людзей адкрыць скарбы Боскай Мудрасці, паколькі Бог раскрывае вусны нямых і вымушае прасцякоў гаварыць наймудрэйшыя рэчы». У славу Яго. Амэн. Калі святы Францішак быў у Асізі, то часта наведваў святую Клару, даючы ёй святыя павучанні. І мела яна вялікае жаданне неяк разам з ім паабедаць, і прасіла аб гэтым шмат разоў, а ён усё не хацеў даць ёй гэтага суцяшэння. А паколькі паплечнікі святога Францішка бачылі жаданне святой Клары, то казалі святому Францішку: «Айцец, здаецца нам, што такая строгасць несумяшчальная з міласцю Божай, каб святую Клару, такую святую дзеву, пасвечаную Богу, ты не задаволіў у такой дробязі, як сумесны абед, і асабліва ўлічваючы, што дзеля тваіх казанняў яна пакінула багацце і славу свету. І сапраўды, нават калі б яна прасіла цябе аб большай ласцы, чым гэтая, ты павінен быў бы задаволіць просьбу свайго духоўнага парастка». Тады святы Францішак сказаў: «Вы лічыце, што я павінен задаволіць яе?» І паплечнікі сказалі: «Айцец, так, было б добра, каб ты даў ёй гэтае суцяшэнне». Тады адказаў святы Францішак: «Раз вы так лічыце, то так лічу і я. Але каб яна была яшчэ больш задаволеная, я хачу, каб гэты абед адбыўся ў святой Марыі ад Анёлаў, паколькі яна доўгі час была замкнёная ў касцёле святога Дам’яна, і ёй будзе прыемна пабачыць кляштар святой Марыі, дзе яна была пастрыжана і стала нявестаю Езуса Хрыста, і мы там у імя Бога разам паабедаем». Калі ж надышоў прызначаны для гэтага дзень, святая Клара выйшла з кляштара з адной паплечніцай і ў суправаджэнні паплечнікаў святога Францішка прыйшла да святой Марыі ад Анёлаў. І пасля таго як яна пабожна павітала Дзеву Марыю перад тым самым алтаром, дзе была пастрыжаная і дала запавет, яе павялі паглядзець кляштар, аж пакуль не надышоў час абеду. А між тым святы Францішак загадаў сабраць абед проста на зямлі, як звычайна рабілася. І калі прыйшоў час абедаць, селі разам святы Францішак і святая Клара, потым адзін з паплечнікаў святога Францішка з паплечніцай святой Клары, а пасля ўсе іншыя паплечнікі пакорліва селі вакол трапезы. І за першаю страваю святы Францішак пачаў гаварыць пра Бога так салодка, так высока, так цудоўна, што сышла на іх ад Бога вялікая ласка і ўсе яны былі натхнёныя Богам. І вось, калі ў захапленні з вачыма і рукамі ўзнятымі да неба яны стаялі, людзі з Асізі і з Бетоны, і з наваколля бачылі, што святая Марыя ад Анёлаў і ўвесь кляштар, і лес, які тады падыходзіў да кляштара, ярка палымнелі, і здавалася, што там было вялікае полымя, якое ахапіла касцёл і кляштар, і лес разам. Таму жыхары Асізі ў вялікай спешцы пабеглі ўніз, каб патушыць пажар, думаючы, што там сапраўды ўсё палае. Аднак калі яны прыбеглі да кляштара, то зразумелі, што нічога не гарыць. Яны ўвайшлі ў сярэдзіну і пабачылі святога Францішка са святой Кларай і з усімі іх паплечнікамі, якія, захопленыя Богам, сядзелі ў кантэмпляцыі вакол гэтага сціплага абеду. Таму яны, безумоўна, зразумелі, што гэта быў Боскі агонь, а не сапраўдны, які з’явіўся цудоўным чынам дзякуючы Богу, каб паказаць полымя Боскай любові, ад якога палалі душы тых святых братоў і святых манашак, пасля чаго людзі пайшлі прэч у вялікім суцяшэнні ў сэрцах сваіх і ў святым павучанні. Потым, калі пасля вялікага перапынку святы Францішак і святая Клара разам з іншымі паплечнікамі вярнуліся ў сябе, то адчулі сябе добра суцешанымі ежаю духоўнаю і мала ўвагі звярталі на ежу цялесную. І завяршыўшы такім чынам гэты благаслаўлёны абед, святая Клара ў вялікім суправаджэнні вярнулася ў касцёл святога Дам’яна, а сёстры, пабачыўшы яе, вельмі ўзрадаваліся, бо яны баяліся, што святы Францішак адашле яе кіраваць іншым кляштарам, як ён ужо адаслаў сястру Аньезэ, святую сваю сястру, стаць абатысаю і кіраваць кляштарам Мантычэлі ў Фларэнцыі; а святы Францішак ужо некалькі разоў гаварыў святой Клары: «Будзь гатовая да таго, што я адпраўлю цябе ў іншы кляштар», і яна, як дачка святога паслушэнства, адказвала: «Айцец, я заўсёды гатова ісці туды, куды вы мяне адправіце». І таму сёстры вельмі ўзрадаваліся, калі яна зноў апынулася між імі, а святая Клара з таго часу была і надалей вельмі суцешаная. У славу Хрыста. Амэн.
Пераклад з італьянскай мовы
Аксаны Данільчык.
|
|
|