|
Як вядома, у нашай краіне правы грамадзяніна на свабоду сумлення і веравызнання рэгулююцца Законам Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях», які быў прыняты 17.01.1995 г., зменены і дапоўнены ў 1999 г. і дзейнічае ў новай рэдакцыі ад 31.10.2002 г.1 Не выклікае сумнення, што далейшае развіццё і актуалізацыя заканадаўства будзе адбывацца мэтазгодна і прадуктыўна толькі пры выкарыстанні прынцыпа гістарызму і ў праватворчым працэсе будуць улічаны ўсе гістарычныя перадумовы станаўлення, развіцця і функцыянавання дзяржавы і права ў рэтраспектыве2. Калі ўжыць параўнанне Тамаша Аквінскага, мы, выкарыстоўваючы досвед прадзедаў, становімся мудрэйшымі за іх, падобна тым карлікам, што ўскараскаліся на плечы гігантаў і таму бачаць далей за іх. Прафесар Доўнар зазначае, што «ў сувязі з тым, што пытанні прававой гісторыі Беларусі доўгі час амаль не падвяргаліся навуковай распрацоўцы, існавалі і існуюць шматлікія прабелы, якія тычацца праблемаў развіцця прававой навукі, фарміравання заканадаўства, эвалюцыі асобных інстытутаў і галін права, у тым ліку такіх важных, як канстытуцыйнае, грамадзянскае, крымінальнае права»3. Гэты пералік шэрагу галін права можа быць дапоўнены рэлігійным правам, якое мае ўласную адметную спецыфіку. Апошнім часам выйшла некалькі працаў, прысвечаных пытанню гісторыі развіцця дзяржаўнага рэгулявання канфесійных адносінаў. Спадзяюся, што дадзеная спроба акрэсліць кірунак магчымых даследаванняў гістарычных умоваў развіцця дзяржаўна-рэлігійных суадносінаў на землях нашай Бацькаўшчыны спрычыніцца да пераемнасці сучаснага законатворчага працэсу ў адносінах да пазітыўнага досведу продкаў.
Каб асэнсаваць значэнне рэлігійнай талерантнасці, якая існавала ў Вялікім Княстве Літоўскім у XVI ст., неабходна ведаць агульны гісторыка-геаграфічны кантэкст фармавання і дзеяння тагачаснага беларускага права.
Да пачатку XVI ст. наш кантынент дасягнуў крытычнай кропкі ў сваім эканамічным, палітычным і рэлігійным развіцці. Еўропа, аб’яднаная лацінскай культурай, Каталіцкім Касцёлам і феадальнымі адносінамі, незваротна канула ў Лету, саступаючы месца новай у сваім кшталце сям’і народаў з нарастаючай роляй нацыянальнага элементу ў тоеснасці паасобных краінаў, ператварэннем рэлігійнага адзінства ў талаку бязлікіх канфесійных дэнамінацый, з яшчэ слабым, але падаючым усе прыкметы будучай перамогі голасам мяшчанскай буржуазіі, прагнай да пашаны, роўнасці і ўлады4.
XVI ст. стала для Еўропы векам рэлігійных войнаў, узнятых хвалямі пратэстанцкай Рэфармацыі і каталіцкай Контррэфармацыі. Характэрным для дзяржаўна-рэлігійных праваадносінаў таго часу з’яўляецца так званае ius reformandi, права рэфармацыі, заснаванае на лапідарным прынцыпе, усталяваным юрыстамі Аўгсбургскага прымірэння 1555 г.: cuius regio — eius religio, чыё панаванне, той і акрэслівае веравызнанне5. Такім чынам адбывалася ператварэнне рэлігіі ў сродак для атрымання, утрымання і падкрэслення ўлады. Аб паўсюднасці такой метамарфозы ролі рэлігіі ў грамадстве сведчыць прыклад далёкай ад рэфармацыйных спрэчак Іспаніі, дзе кароль Фердынанд Арагонскі дамогся ў Папы Рымскага зацвярджэння трыбуналу веры, славутай іспанскай інквізіцыі, якая, будучы свецкім органам, атрымала паўнамоцтвы ў духоўнай сферы і ад пачатку сваёй дзейнасці служыла рэалізацыі дзяржаўна-палітычных мэтаў6.
У 1453 г. Еўропа аслупянела ад захопу туркамі Канстанцінопаля, пасля чаго Візантыйская дзяржава, спадкаемца Рымскай імперыі, перастала існаваць. Аднак неўзабаве, у 1492 г., месца захопленых мусульманскім нашэсцем земляў у арэале хрысціянскай цывілізацыі заняў Новы Свет, Амерыка, адкрытая Хрыстафорам Калумбам. Для тубыльскіх культураў Азіі, Афрыкі Амерыка XVІ ст. стала пачаткам каланіяльнай экспансіі хрысціянскай цывілізацыі коштам прыніжэння і паступовага заняпаду нацыянальнай самасвядомасці аўтахтонаў, што было абумоўлена непрызнаннем еўрапейцамі роўнасці правоў людзей розных расаў, нацыянальнасцяў і вераў.
Захаваныя ў гістарычных катаклізмах помнікі выяўленчага мастацтва і сакральнага дойлідства Беларусі XVI ст. сведчаць пра тое, што гэты перыяд гісторыі нашай краіны можна смела назваць Залатым векам рэлігійных свабодаў. Як зазначыў Адам Мальдзіс: «У нас усе святыні маглі стаяць на адной плошчы, і не было ніякага супрацьстаяння. Яно пачалося толькі ў XVII ст., пад уплывам розных палітычных памкненняў, але ўсё ж Варфаламееўскіх ночаў не было»7. Красамоўным сведчаннем унікальнасці цывілізаванага развіцця Вялікага Княства Літоўскага з’яўляюцца помнікі старабеларускай літаратуры, у якіх «адбіўся паўнавартасны дыялог паміж сацыяльнымі станамі, якія прадстаўлялі чатыры адгалінаванні хрысціянства — Праваслаўе, Каталіцтва, Рэфармацыю і Уніяцтва, а таксама Іудаізм і Мусульманства»8. Тут дарэчы ўзгадаць аўтабіяграфічныя сведчанні прадстаўнікоў кальвінізму, нашага суайчынніка Фёдара Еўлашоўскага (1546 — пасля 1616) і цюрыхскага дзеяча Рэфармацыі Генрыха Вольфа (1551–1594). Першы з іх, успамінаючы прыяцельскія кантакты з католікамі, піша, што аднойчы «сядзеў за сталом у каноніка Віленскага з валахамі. Тыя, даведаўшыся, што ён евангелік, дзівіліся вельмі, як смеў князь канонік запрашаць яго на свой абед. А калі ён ім пераклаў, што ў нас з таго нянавісць не бывае і любім мы адзін другога, як добрыя прыяцелі, хвалілі тое валахі, мовячы, што тут Бог жыве, і ганілі свае хатнія законы, а дакладней, сваркі»9. У «Перэгрынацыі, або кароткім і сціслым апісанні вандраванняў Генрыха Вольфа з Цюрыха» пад датаю 6 лютага 1573 г. распавядаецца аб побыце кальвіністаў у Вільні, дзе ім было дазволена свабодна наведваць лекцыі па філасофіі, якія праводзілі езуіты10. Факт мірнага суіснавання хрысціянскіх канфесій не толькі ў сталіцы дзяржавы, але і на месцах пацвярджаюць абласныя граматы і гарадскія прывілеі на магдэбурскае права. Так, у Грамаце Віцебскай зямлі ад 16.07.1503 г. кароль Аляксандр абяцае: «Которыи будуть, Литвин, або Лях, крещены были у Витебску в Рускую веру, а хто из того роду и тепере живет, того нам не рушити, права их хрестияньского ни в чом не ломити»11. Прывілей караля Жыгімонта Навагародку на магдэбурскае права ад 26.07.1511 г. прадугледжваў захаванне прынцыпу канфесійнай роўнасці пры фармаванні складу гарадскога кіраўніцтва: «Теж в том то месте нашом шесть радец а осм прысяжников, половица закону рымского, а половица закону греческого, с которых жо шести радец воит поспол з радцами мають в каждыи год выбрать промежку себе двух бурмистров, одного закону римского а другого грецкого»12. Што тычыцца прававога становішча вызнаўцаў нехрысціянскіх рэлігій, то яго можна ўявіць на прыкладзе пераследаваных па ўсёй Еўропе яўрэяў. Польская даследчыца Ханна Венгжынэк піша: «Касцёльныя дакументы 1530–1540 гадоў сведчаць аб тым, што хрысціяне і яўрэі падтрымлівалі добрыя эканамічныя і сацыяльныя сувязі. Абмяркоўвалася пытанне аб канкубінаце паміж хрысціянамі і яўрэямі і дзецях, народжаных ад такога рода сувязяў»13.
Такі выдатны status quo мог быць захаваны толькі ва ўмовах мудрага і дакладна выпрацаванага дзяржаўнага рэгулявання, заснаванага на выкананні нормаў адпаведнага права. «У ХVI ст. у Вялікім Княстве Літоўскім актывізуюцца працэсы дзяржаўнай цэнтралізацыі і уніфікацыі заканадаўства адносна ўсёй сферы грамадскіх адносін» і хоць дзяржаўна-рэлігійныя суадносіны не былі апрацаваны ў адзіным нарматыўна-прававым акце, яны знайшлі адлюстраванне і прававое забеспячэнне ў фундаментальных помніках юрыдычнай думкі нашых продкаў — Статутах Вялікага Княства Літоўскага 1529, 1566 і 1588 гадоў14. Коратка разгледзім палажэнні Статута 1929 г., адзначыўшы пры гэтым неабходнасць правядзення параўнаўчага даследавання нормаў усіх трох Статутаў у аспекце дзяржаўна-рэлігійных суадносінаў15. Так, адразу ва ўступе акрэсленая норма, якая нівеліравала гістарычна абумоўленую розніцу прававога становішча католікаў і праваслаўных: «Коренным жителям земель нашего Великого Княжества Литовского, какого бы сословия и происхождения они ни были, все их права и церковные привилеи как для лиц католического, так и православного вероисповедания, а также светские привилеи, которые были ими получены, желаем считать имеющими силу»16. Роўнасць усіх жыхароў Вялікага Княства сцвярджаецца implicite ва ўсеагульнай падсуднасці адным нормам права: «Все наши подданные равно и одинаково должны быть судимы по этим писаным законам»17. Негатыўнае па сваёй форме палажэнне аб тым, што «никому из чужестранцев не будем давать земель, замков и чинов», пазітыўна сведчыць пра роўнасць перад дзяржаваю «местных уроженцев земель Великого Княжества» незалежна ад вызнаванай рэлігіі і нацыянальнай прыналежнасці18. Непазбежны канфлікт паміж свецкай і рэлігійнай уладамі ў сферы размежавання іх паўнамоцтваў у Статутавым правадаўстве вырашаецца па прынцыпу парытэтнасці, сутнасць якога ў тым, што ўнутранае жыццё канфесіяў арганізуецца паводле царкоўных правілаў і канонаў, а грамадзянскія аспекты вызначаюцца Статутам19. Так, калі справа тычыцца пазітыўнага абавязку выконвання велікакняжацкай або земскай службы тымі, хто мае ва ўласнасці або трымае ў якасці залогу маёнтак, то незалежна ад таго, з’яўляецца такі ўласнік духоўнай асобаю ці свецкай, ён павінен выконваць павіннасць асабіста ці пасылаючы другога здатнага чалавека20. Падобным чынам, забарона на парушэнне дзяржаўнай манаполіі прадукцыі алкагольных вырабаў мае дачыненне да «духовных или светских, панов и всех вообще»21. Што ж тычыцца правоў нацыянальных меншасцяў, то ў Статуце 1529 г. змешчаны артыкул, які дазваляе праз прызму забароны ўтрымлівання яўрэямі і татарамі хрысціянаў у няволі і абавязку выпускаць іх на свабоду пры ўмове атрымання працоўнай кампенсацыі ўбачыць пазітыўнае права азначаных групаў насельніцтва на ўдзел у сацыяльна-эканамічных суадносінах тагачаснага грамадства22.
Напрыканцы хацелася б закрануць пытанне вытокаў дасканалай рэлігійнай талерантнасці беларускага права ХVI ст. Імі з’яўляюцца:
Геапалітычны матыў. Дзяржава і права Вялікага Княства Літоўскага развіваліся на памежжы цывілізацыйных арэалаў трох макрарэгіёнаў: праваслаўна-візантыйскага, каталіцка-раманскага, а з ХVI ст. і пратэстанцка-германскага, уяўляючы сабою арыгінальны сінтэз запазычанняў і самабытнага «звычаёвага і пісанага права, выпрацаванага ў старажытныя часы і замацаванага ў граматах і статутах» на грунце гістарычна перспектыўнай дактрыны талерантнасці, мірнага суіснавання ў межах адной краіны людзей розных нацыянальнасцяў і рэлігій23.
Гуманістычны матыў. Залаты ХVI век — гэта час, калі грамадства нашай Бацькаўшчыны развівалася паводле агульнаеўрапейскіх гуманістычных канонаў24. Грамата караля Казіміра ад 02.05.1447 г. дала права «выехати для лепшого шчастья набытия», адкрыўшы шматлікім беларусам — Скарыну, Гусоўскаму, Буднаму, Сапегу і іншым — шлях да адукацыі ва універсітэтах Кракава, Прагі, Лейпцыга, Падуі, Балоньі25. Яны вярталіся, поўныя гуманістычнага пераканання ў тым, што «чалавеку прыстойнаму нічога не можа быць даражэй за свабоду»26.
Гістарычны матыў. Зацвярджэнне рэлігійнай цярпімасці ў заканадаўстве Вялікага Княства Літоўскага праходзіла шляхам рэалізацыі працяглага ў часе заканатворчага працэсу, які меў наступныя вехі:
— прыкры досвед дыскрымінацыі праваслаўных на карысць католікаў — граматы Ягайлы 1387 г. і яго ж Гарадзельскі прывілей 1413 года.
— спробы выхаду з патавага становішча і дасягнення дзяржаўна-рэлігійнай раўнавагі — Гродзенская грамата Ягайлы 1432 г., грамата Жыгімонта Кейстутавіча 1434 г., «малая феадальная канстытуцыя» Аляксандра 1492 г. і грамата Жыгімонта І ад 1506 года.
— найважнейшыя палажэнні граматаў і прывілеяў былі зацверджаны ў кадыфікаванай форме Статутаў Вялікага Княства Літоўскага.
Такім чынам, нават кароткі аналіз крыніцаў права Вялікага Княства Літоўскага дазваляе зрабіць выснову аб тым, што беларускі народ, актыўны стваральнік шматлікіх матэрыяльных і духоўных каштоўнасцяў, унёс свой адметны ўклад у стварэнне еўрапейскай і сусветнай цывілізацыі, заснаванай на грунце ўзаемнай цярпімасці і роўнасці правоў кожнага чалавека27.
- Паводле: Уступ да Закона Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» у рэд. ад 31. 10. 2002 г. (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2002 г., № 123, 2/886).
- Паводле: Вишневский А. Ф., Горбатюк Н. А., Кучинский В. А., Общая теория государства и права, под ред. А. Ф. Вишневского, Мн., 1999, с. 20.
- Доўнар Т. І., Развіццё асноўных інстытутаў грамадзянскага і крымінальнага права Беларусі ў ХV–ХVI стст., Мн., 2000, с. 8–9.
- Паводле: Акінчыц С., Залаты век Беларусі, Мн., 2002.
- Tüchle H., Historia Kościoła. 1500–1715 // Historia Koњcioіa, pod red. L. J. Rogier, R. Aubert, M. D. Knowles, Warszawa, 1986, s. 93.
- Tüchle H., op. cit., s. 6.
- Мальдзіс А., Прамова на канферэнцыі «Рэфармацыя і Залаты век Беларусі» 01.06.2002 г. // www.library.by.
- Саверчанка І., Феномен старабеларускай літаратуры // Старажытная беларуская літаратура (XII — XVII стст.), Мн., 2007, с. 39.
- Еўлашоўскі Ф., Гістарычныя запіскі // Старажытная …, op. cit., с. 341.
- Паводле: Перэгрынацыя, або кароткае і сціслае апісанне вандраванняў Генрыха Вольфа з Цюрыха // Спадчына, № 3,1998, с. 172–195.
- Юхо Я., Абрамовіч А., Доўнар Т., Сатолін У., Дагаворы і граматы як крыніцы беларускага права, Мн., 2000, с. 97.
- Юхо Я., Абрамовіч А., Доўнар Т., Сатолін У., Дагаворы …, op. cit., с. 124
- Венгжинек Х., Ксенофобия, М., 2003, с. 7–16; гл. таксама: Ісламская культура татараў-мусульман Беларусі, Літвы і Польшчы і яе ўзаемадзеянне з беларускай і іншымі культурамі, М., 1996.
- Доўнар Т. І., Прамова на канферэнцыі «Рэфармацыя і Залаты век Беларусі» 01. 06. 2002 г. // www.library.by.
- Статут Великого Княжества Литовского 1529 г., Мн., 1960.
- Тамсама, р. 1, ст. 9, с. 132.
- Тамсама, р. 1, ст. 9, с. 135.
- Тамсама, р. 3, ст. 3, с. 148.
- Паводле: Саверчанка І., Феномен …, op. cit., с. 39–40.
- Статут 1529 г., р. 2, ст. (3) 2, с. 143–144.
- Тамсама, р. 3, ст. 17, с. 152.
- Тамсама, р. 11, ст. (6) 5, с. 203.
- Юхо І., Крыніцы беларуска-літоўскага права, Мн., 1991, с. 231.
- Мальдзіс А., Прамова …, op. cit.
- Юхо Я., Абрамовіч А., Доўнар Т., Сатолін У., Дагаворы …, op. cit., с. 81.
- Леў Сапега, Зварот да ўсіх станаў Вялікага Княства Літоўскага // Старажытная …, op. cit., с. 252.
- Паводле: Вішнеўскі А. Ф., Гісторыя дзяржавы і права Беларусі, Мн., 2003, с. 3.
|
|