![](../img/pic-w.gif) |
* * *
Шпаклюе шчыльна восень каляіны,
Дажджом на вокнах пішуцца тамы,
І раптам напамінкам аб язміне —
Раскоша белых шалікаў зімы.
Яшчэ скарбонку жыццядайнай сілы
Не вынішчыў неспачувальны лёс.
Зіма якраз падсерабрыла крылы,
і радуе крамянасцю мароз.
|
* * *
Вакол мяне начныя гукі
Шугаюць безліччу званоў,
І ткуць ткачыхі без прынукі
Сваё спрадвечнае радно.
Душа трымаецца ў знямозе,
Яшчэ глыток сівой тугі,
А ў ночы велічным астрозе
Скавалі тайна ланцугі.
Навошта для душы — малечы —
Такая важкасць ланцугоў,
Уздрыгнуць стомленыя плечы
Бяскрыллем белых галубоў.
|
Не карайце зямлю
Калі ў небе зорак не злічыць,
І ноч свае шатры табе адкрые,
Прыслухайся, як велічна гучыць
Нябеснае трывогі літургія.
Жалобны голас роднае зямлі,
Што нам адна — адзіная спрадвечна,
На грудзі ёй каменнямі ляглі
Людская жорсткасць і бесчалавечнасць.
Калі гучыць набатам хор званоў
І кліча за жыццё усіх на бітву,
Прыслухайся, як за сваіх сыноў
Зямля гаворыць ціхую малітву.
Пачуй размову стомленых ялін,
Абарані паніклую травінку,
Сустрэнь прыветна жураўліны клін,
Збяры крынічкі кожную слязінку.
|
* * *
Непадуладнасць небу — гэта боль,
Што мучае цябе пякуча доўга,
Маю руку падаць табе дазволь,
Бо не асіліш без мяне дарогу.
Не утрымаеш кветку вераска
І чыстае не знойдзеш ты крыніцы,
І твой міраж загіне ў пясках,
Не падарыўшы хоць глыток вадзіцы.
І ўсё ж такі табе зайздрошчу я,
Калі ты смела вымяраеш неба,
Непадуладнае душы патрэба
Ляціць адна на покліч жураўля.
|
* * *
У сховы нямыя
Хаваецца час,
Мае дарагія,
Я помню пра вас.
Вятрыскі пачулі,
Ваш голас не згас,
Матуля, бабуля,
Я помню пра вас.
Вось ноч рассцяліла
Радно напаказ,
Нястомная сіла
Пакліча да вас.
І з вашым святлом
Не канчаецца час,
Мае дарагія,
Хінуся да вас.
|
* * *
Такія сосны розныя,
Хаця і сёстры родныя,
Па лесе разбягаюцца
Ці ў карагод збіраюцца.
Адна вось нахілілася, нібы спагады
просячы
У грыбніка няўдалага на пратаптанай
просецы.
А тая як патрапіла да дуба
неабдымнага,
Уцякла з сямейкі роднае, бы да свайго адзінага.
Любуюся сасонкаю, што ля бацькоў
нявесціцца,
Яна дзяўчынкай гонкаю ля роднай маці
песціцца.
Лёс на свавольствы гэтыя глядзіць і
усміхаецца,
І песні, шчэ няспетыя, пад ціхі шэпт
складаюцца.
|
|
![](../img/pic-w.gif) |