Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(44)/2008
Галерэя
Год Божага слова

Ad Fontes

Пераклады
Нашы святыні

Гісторыя

На кніжнай паліцы

ВЕРА & CULTURA

Паэзія


Пераклады

Гісторыя

Сведчаць архівы

Кніжныя скарбы

Мастацтва

Кс. Андрэй ЗАЙЧЫК

ЕВАНГЕЛIСТ МАЦВЕЙ

Гвідо Рэні. Святы Мацвей.
Мацвей — адзін са сведкаў аб’яўлення Божага Сына. Ягонае Евангелле лічыцца першым. І не толькі таму, што ў большасці старажытных манускрыптаў гэты тэкст змешчаны на першым месцы, але таксама таму, што гэтае Евангелле мае апостальскае паходжанне. Перад нашымі вачыма — твор не толькі пісьменніка, структураліста-тэолага, але і апостала-сведкі евангельскіх падзеяў, сябра Хрыста. Сімвалам Евангеліста з’яўляецца чалавек (тэкст распачынаецца апісаннем радаводу Збаўцы).

Сведчанняў пра Мацвея захавалася мала. З Евангелля можна даведацца, што ён быў мытнікам, які збіраў падаткі для рымскай улады. Тэкст Святога Пісання далучае Мацвея да кола апосталаў Хрыста. Само першае Евангелле да імя Мацвея дадае акрэсленне «мытнік» (Мц 10, 3), прычым на ўвазе маецца эпізод паклікання Апостала (Мц 9, 9). Марк называе гэтага чалавека Левіем Алфеевым (Мк 2, 14), Лука — мытнікам Левіем (Лк 5, 27). У сувязі з тым, што ўсе іншыя сведчанні пра Апостала супадаюць, няма сумнення, што гаворка ідзе пра таго самага чалавека. Наш Мацвей — Апостал, імя якога змешчана ва ўсіх спісах апосталаў.

Пакліканы Хрыстом чалавек, які збіраў падаткі, меў двайное імя: Левій-Мацвей. Такая практыка была вядомай. Але чаму Марк і Лука называюць Мацвея Левіем? Святы Геранім, мабыць, найвядомейшы даследчык і перакладчык Бібліі, адказваў на гэта так: «Іншыя евангелісты з пакорай і пашанай не хацелі называць Мацвея ягоным свецкім імем і назвалі Левіем». У сваёй далікатнасці евангелісты вырашылі абмінуць тое «непрыемнае» імя, пад якім Апостала ведалі як капернаўмскага мытніка.

Да нашых часоў дайшлі і іншыя звесткі, але яны ў большасці няпоўныя і часта супярэчлівыя. Так, сцвярджаецца, што пасля заканчэння прапаведніцкай дзейнасці ў Палестыне, сярод габрэяў, для якіх і было напісана Евангелле, Апостал звярнуўся да язычнікаў. Некаторыя старажытныя аўтары кажуць, што месцам яго працы была Эфіопія. Святы Геранім у сваім Мартыралогу паведамляе, што месцам евангелізацыі і мучаніцкай смерці Мацвея была Персія. Існуе таксама кніга «Дзеяў апостала св. Мацвея», але твор гэты мае тыпова легендарны характар. Яшчэ менш звестак у «Грэчаскай гісторыі» Нікіфара Каліста і «Гісторыі» Метафраста.

Мацвей прызначаў свой твор для юдэа-хрысціянаў (хрысціянаў з юдэяў), каб падтрымаць іх у веры. Зразумела, што свае словы аўтар скіроўваў і да тых юдэяў, якія яшчэ не паверылі ў Збаўцу.

Св. Ірэнэй запісаў наступнае: «Евангелле ад Мацвея было напісана для юдэяў (грэч. προζ Iουδαιοζ), якія падзялялі погляд аб паходжанні Хрыста з роду Давіда. Тое самае прызнаваў і Мацвей, адкрываючы Евангелле радаводам Хрыста». Арыген удакладняе, што словы Мацвея былі адрасаваныя «веруючым юдэям» (грэч. τοιζ απο Iουδαισμου πιστευσασιν). Св. Геранім услед за Папіем пісаў: «Мацвей вырашыў скласці сваё Евангелле на габрэйскай мове (грэч. εβραιδι διαλεκτω), мэтай якога было, каб былыя юдэі паверылі ў Хрыста».

Чалавек (анёл) — сімвал святога Мацвея.
З больш дакладнага аналізу самога Евангелля відавочна, што Мацвей звяртаўся перадусім да габрэяў. Аўтар спадзяваўся, што ягоныя чытачы не толькі ведаюць габрэйскую мову (дакладней, арамейскую, якая была дыялектам габрэйскай), але ім знаёмыя норавы і звычаі, а таксама геаграфія Палестыны. Накаторыя аўтары называлі Евангелле паводле Мацвея «найбольш юдэйскім» або найбольш «палестынізаваным» з усіх. Пра гэта сведчыць нават сама сістэма апрацоўкі матэрыялу. Толькі Мацвей выкарыстоўвае параўнанне хрысціянскіх нормаў з Законам Майсея, цытуючы адпаведныя месцы са Старога Запавету.

Адносна часу стварэння грэчаскага тэксту Евангелля (пра першапачатковы арамейскі тэкст гавораць шмат старажытных аўтараў, але ён не захаваўся) існуе некалькі поглядаў. Частка даследчыкаў лічыць, што рэдакцыя тэксту была завершана каля 70 года, непасрэдна пасля падзення Святога горада ад рук рымлянаў. Некаторыя кажуць пра ранейшы час, але большасць лічыць, што грэчаскі тэкст узнік бліжэй да 80-х гадоў, чым да 70-х. Аднак дакладная дата ніяк не ўплывае на значэнне Евангелля як вернага сведчання падзей з жыцця Хрыста і Ягоных словаў.

Гаворачы пра месца ўзнікнення тэксту, даследчыкі прызнаюць яго палестынскае паходжанне, але таксама называюць такія месцы, як Сірыя, ці больш дакладна — Сірыйская Антыёхія. Гэта нічога не дадае, бо Палестына ў геаграфічным і адміністрацыйным значэнні належала да рымскай правінцыі, таксама званай Сірыяй, хоць Антыёхія фактычна была зыходным пунктам у распаўсюджванні Евангелля сярод іншых народаў.

Твор Мацвея мае надзвычай прадуманы змест, дзе лёгка адшукаць унутраную логіку і сюжэтны стрыжань (усё, зразумела, залежыць ад крытэрыяў пошуку). Прапануецца некалькі поглядаў на структуру Евангелля Мацвея. Біяграфічная парадыгма: радавод — падрыхтоўка да служэння — служэнне ў Галілеі — месіянскія падарожжы ў Ерузалем — Пасха. Падыход, названы «інтэрпрэтацыйным», малюе ідэю: Аб’яўленне Хрыста — адмова юдэяў — збаўленне праз Муку. Калі за крытэрый бярэцца тэма «Божага Валадарства», структура Евангелля выглядае як «Новае Пяцікніжжа», якое складаецца з пяці вялікіх кніг: першая — праграма Валадарства; другая — Валадарства як місія; трэцяя — таямніцы Валадарства; чацвёртая — ажыццяўленне Валадарства; пятая — спаўненне Валадарства. Яшчэ адной парадыгмай можа быць ідэя «Новага Зыходу», дзе Хрыстус адкрываецца як новы Майсей.

Евангелле Мацвея створана габрэем і для габрэяў. Аўтар разлічваў, што ягоныя чытачы не павінны мець клопату з разуменнем семіцкай лексікі і формаў выказвання, таму ўзнікаюць такія выразы, як «Кароль Нябёсаў» замест «Бог», «Святы горад» замест «Ерузалем» (4, 5), «геена» (23, 23), «цела і кроў» (16, 17), «звязваць і развязваць» (18, 18). Акрамя таго, амаль нідзе не тлумачыцца сэнс выкарастаных габрэйскіх словаў.

Караваджо.
Святы Мацвей і анёл.
Мацвей лічыць, што ягоная аўдыторыя ведае таксама традыцыі і звычаі габрэяў: святы (26, 17), ахвяры (5, 23), законы жыцця фарысеяў (6, 1–6), рытуал абмывання (15, 2), закон дзесятай часткі (23, 23) ды шмат іншых. Яскрава відавочны ў творы Апостала семіцкі падыход да значэння лічбаў. «Тры» абазначае паўнату. У Мацвея будзе тры спакусы (4, 1–11), тры ўчынкі справядлівасці (6, 1–18), тры малітвы ў Гетсыманскім садзе (26, 39–44), тры разы адракаецца Пётр і г. д. Аўтар выкарыстоўвае гэтую лічбу аж 25 разоў. Дасканалая лічба «сем» таксама ўзнікае часта: сем просьбаў да Нябеснага Айца (6, 9–13), сем пракляццяў у адрас фарысеяў (23, 1–32), сем прытчаў (13), сем хлябоў, сем нячыстых духаў, сем братоў, сем разоў па сем трэба прабачаць… Але любімая лічба аўтара — «пяць». Пяць вялікіх прамоваў Хрыста, пабудаваных па сістэме Пяцікніжжа Майсея, пяць тысяч чалавек (14,17–21), пяць спрэчкаў з фарысеямі, пяць разумных і неразумных дзеваў, пяць талантаў і г.д.

У цэлым твор Мацвея добра распрацаваны, дакладна спланаваны і прадуманы. Так, Апостал спецыяльна ўводзіць некаторыя «ключавыя» словы, якія павінны дапамагчы зафіксаваць у памяці галоўныя элементы вучэння. Лепшаму ўспрыманню тэксту служыць і падобная структура эпізодаў, якія пачынаюцца і завяршаюцца пэўным тэматычным словам ці выразам. Аўтар змяшчае ў сваім Евангеллі 15 формулаў, якія перыядычна паўтараюцца. Акрамя таго, евангеліст удакладняе храналагічныя і тапаграфічныя межы аповеду.

Пра ўсе Евангеллі гаворыцца як пра адзіны літаратурны жанр, аднак кожны з аўтараў мае свае асаблівасці, на якія варта звярнуць увагу.

Асноўнай рысай тэксту Мацвея з’яўляецца багацце і цэльнасць мовы яго персанажаў. Нават сам аб’ём матэрыялу звязаны з вялікай колькасцю і завершанасцю дыдактычнага матэрыялу, выкладзенага ў Евангеллі. У Марка галоўная структура будавалася на біяграфічнай паслядоўнасці. Мацвей групуе «логіі» (асабістыя словы Збаўцы) у сюжэтную сетку, у новыя структурныя адзінкі — тэматычныя мовы. Гэты тэкст — найбольш прыдатны для даследавання вучэння Хрыста.

У параўнанні з Маркам наратыўныя (апавядальныя) эпізоды ў Мацвея здаюцца спрошчанымі і скарочанымі. Часам знікаюць маляўнічыя дэталі, якія «ажыўлялі» апавяданне Марка. Мацвей выкарыстоўвае факты толькі як фон, які павінен дапамагчы зразумець і прыняць вучэнне. Галоўнай для нашага аўтара з’яўляецца дактрына — праз увесь твор дамінуе тэалагічная думка, ідэя, якая «перамагае» сюжэт.

Мацвей — выдатны пісьменнік. Матэрыял, які ён сабраў, укладзены так добра, што здаецца цэльным, а каментарыі евангеліста — мінімальнымі.

Але больш, чым пісьменнік, Мацвей адкрываецца перад намі як тэолаг. Разгледзім галоўныя думкі, якія фармулюе вялікі евангеліст.

Езус — гэта новы Майсей. Аўтар праводзіць паралелі паміж прарокам і Хрыстом. Евангеліст бачыць у Езусе Таго, хто выводзіць Народ з Егіпецкай няволі: Хрыстос павінен малым уцякаць у Егіпет, а потым вярнуцца на бацькаўшчыну; як Майсей сорак гадоў правёў у гарах у размове з Богам Ягвэ, так Збаўца сорак дзён знаходзіўся ў пустыні, пакуль не пачаў прапаведванне; праз смерць і Уваскрасенне Езус сапраўды вызваліў чалавецтва з няволі граху і смерці, як некалі Майсей вывеў Ізраэль з няволі фараона.

Езус — прадказаны ў Пісанні Месія. Вялікая колькасць цытаванага матэрыялу Старога Запавету, выкарыстанага Мацвеем для рэалізацыі гэтай тэалагічнай ідэі, паказвае на тое значэнне, якое евангеліст надае дадзенай тэме. Пачынаючы з зачацця ад Святога Духа, Нараджэння, прапаведвання Яна, праз цуды і прыпавесці, праз месіянскі ўваход у Ерузалем і Муку аўтар прасочвае спаўненне прадказанняў Старога Запавету. У Хрысце Мацвей бачыць дакладную рэалізацыю плану збаўлення, які быў запісаны на старонках Старога Закона.

Пакаранне евангеліста Мацвея.
Гравюра XVII ст.
Прапаведванне да Новага Ізраэля з новага Сінаю. Тапаграфічная лакалізацыя падзеяў, запісаных Мацвеем, змушае звярнуцца да Старога Запавету. «Казанне на гары», натоўпы слухачоў, загад несці Ягонае слова ўсім народам — гэтыя сюжэтныя лініі выразна адлюстроўваюць погляды аўтара. У час завяршэння тэксту Евангелля маладая хрысціянская супольнасць перажывае балючы падзел з Сінагогай. Аўтар не хоча адмяжоўвацца ад спадчыны Ізраэля, аднак разумее надыход новых часоў. Незразуменне місіі Хрыста кіраўнікамі Выбранага Народу і натоўпаў прыводзіць да таго, што хрысціянства застаецца адзіным спадкаемцам Божага благаслаўлення. Касцёл — гэта новы Ізраэль, сапраўдны Ізраэль.

Езус — Заканадаўца. У новым Ізраэлі павінен існаваць Новы Закон. Мацвей разумее яго як дасканалую рэалізацыю Старога. Ніводнае правіла, уведзенае Законам Майсея, не павінна змяніцца (5, 18–19). Хрыстус адназначна падтрымлівае Закон, аднак побач з гэтым прасочваецца жаданне Хрыста адысці ад юдаізму, які ператварыў нормы, дадзеныя Богам, у «мёртвы» закон.

Езус абвяшчае Евангелле Валадарства. Ідэя Валадарства Ягвэ, моцна закаранёная ў Старым Запавеце, атрымлівае ў Мацвея новае гучанне. Звяртаючыся да старажытнага разумення «Валадарства Нябёсаў», евангеліст указвае на Бога як на Адзінага Караля Ізраэля.

Мацвей змагаецца з дыскрымінацыяй, якую прапагандавалі правадыры юдэяў. Яны лічылі, што наблізіцца да Бога здольны толькі габрэй. Дактрына Новага Валадарства — універсальная. Не толькі юдэям адчынены брамы Неба. Прыпавесці, якія прапануе сваім чытачам Мацвей, — пра двух сыноў (21, 28–32), дрэнных вінаградараў (21, 33–46) і працаўнікоў адзінаццай гадзіны (20, 1–16) — малююць новую перспектыву далучэння да Валадарства Нябёсаў. Дарогай да Бога з’яўляецца супольнасць Новага Ізраэля. Зямны перыяд — толькі прэлюдыя да поўнага здзяйснення Божага Валадарства, якое прыйдзе напрыканцы вякоў.

...Новы народ змяняе стары, але змена павінна адбывацца перадусім у сэрцах вучняў. Праведнасць фарысеяў і кніжнікаў — дасканалае захаванне ўсіх запаведзяў і іншых нормаў Закона Майсея, — гэта толькі фундамент, стартавая кропка ў дарозе да сапраўднай праведнасці. У гэтым сэнсе «Нагорнае казанне» з’яўляецца той праграмай, на якую павінны абапірацца «новыя» вызнаўцы Бога. Аднак галоўнае заданне хрысціяніна — следаванне за Хрыстом. Новы Запавет — гэта не збор законаў, а асабістая сустрэча са Збаўцам.

Заахвочваю шаноўных чытачоў часопіса «Наша вера» перажыць асабістую прыгоду — сустрэчу з жывым Хрыстом праз пасрэдніцтва апостала і евангеліста Мацвея.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY