Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(44)/2008
Галерэя
Год Божага слова

Ad Fontes

Пераклады
Нашы святыні

Гісторыя

На кніжнай паліцы

ВЕРА & CULTURA

Паэзія


Пераклады

Гісторыя

Сведчаць архівы

Кніжныя скарбы

Мастацтва

Арцыбіскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧ

РОЛІ І ЗАДАЧЫ ЦЭРКВАЎ І ЦАРКОЎНЫХ СУПОЛЬНАСЦЯЎ ПЕРАД ВЫКЛІКАМІ СУЧАСНАСЦІ

Выступленне на пасяджэнні працоўнай групы ў рамках праекта
«Прымірэнне ў Еўропе: місія Цэркваў Германіі, Польшчы, Беларусі і Украіны»
г. Мінск, 5–8 мая 2008 г.

 
Глыбокашаноўныя іерархі розных хрысціянскіх Цэркваў і царкоўных супольнасцяў Германіі, Польшчы, Беларусі і Украіны, прадстаўнікі дзяржаўных уладаў Рэспублікі Беларусь, браты і сёстры!

Дазвольце перш за ўсё падзякаваць арганізатарам гэтага пасяджэння працоўнай групы ў рамках праекта «Прымірэнне ў Еўропе: місія Цэркваў Германіі, Польшчы, Беларусі і Украіны» за запрашэнне. Падчас працы ў Маскве я ўважліва сачыў за гэтымі сустрэчамі. Цяпер, пасля майго вяртання на Радзіму, я вельмі радуюся тым, што сам магу браць у ёй удзел.

Такія сустрэчы маюць вялізнае значэнне. Хрыстус падчас Апошняй Вячэры, прадбачыўшы падзелы сярод хрысціянаў, маліўся, «каб усе былі адно» (Ян 17, 21). Гэта — імператыў нашага Пана, які мы ўсе павінны захоўваць. Мне неаднойчы даводзілася чуць ад свецкіх вернікаў — і католікаў, і праваслаўных, і пратэстантаў — такі папрок: «Вось усе вы кажаце практычна адно і тое ж, асабліва ў тым, што датычыцца праблемаў сучаснага свету, але чаму мы не бачым вас разам у абвяшчэнні той самай праўды і ў абароне маральных каштоўнасцяў? Бо тады ваш голас быў бы больш гучным і яго, напэўна, пачула б значна больш людзей».

Немагчыма аспрэчыць справядлівасць гэтага папроку. Так, раз на год, у студзені, мы праводзім тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў. Але ці можна абмяжоўвацца толькі гэтым? Ні ў якім выпадку! Імкненне да адзінства павінна быць пастаянным і ўвасабляцца ў сумесных дзеяннях са значна большай рэгулярнасцю.

Добрым прыкладам з’яўляецца вопыт працы Хрысціянскага міжканфесійнага кансультатыўнага камітэта, які паспяхова дзейнічаў на прасторах Садружнасці Незалежных Дзяржаваў у 1994–2002 гг. Менавіта ягонымі намаганнямі ў 1996 г. у Мінску была праведзена канферэнцыя на тэму: «Хрысціянская мараль і сацыяльная адказнасць». Вялікае значэнне мелі саміты лідэраў сусветных і традыцыйных рэлігій, праведзеныя ў Астане ў 2003 і 2006 гг., а таксама Сусветны саміт рэлігійных лідэраў, які прайшоў у Маскве ў 2006 г.

Праблемы нашага часу і яго выклікі, асабліва спакуса будаваць цывілізацыю без Бога ці нават у супрацьстаянні Яму, вядуць нас да ўсё больш глыбокага ўсведамлення неабходнасці адзінства, якое, не адмаўляючы існуючых адрозненняў, тым не менш звязвае розныя куточкі свету і Еўропы. Гэтае адзінства, што сягае сваімі каранямі ў агульную хрысціянскую спадчыну, можа прымаць разнастайныя культурныя і духоўныя традыцыі. Яно заахвочвае нас пастаянна паглыбляць узаемнае веданне і быць адкрытымі для ўзаемнага абмену каштоўнасцямі.

Знамянальнаю з’яўляецца і сама назва праекта: «прымірэнне». Усе мы з’яўляемся прадстаўнікамі розных нацый, маем розную гісторыю, традыцыю, мову. Па-рознаму на працягу стагоддзяў складаліся нашыя ўзаемаадносіны. У цяперашні час Германія і Польшча ўваходзяць у Еўрасаюз і ў НАТА, Беларусь і Украіна належаць да Садружнасці Незалежных Дзяржаваў. Пасля падзення Берлінскай сцяны паміж намі ўсё яшчэ застаецца нейкі «след падзелу».

Аднак, з іншага боку, усе мы — еўрапейцы, жыхары кантынента, гісторыя і культура якога выраслі з хрысціянства. Мы з’яўляемся членамі адной хрысціянскай сям’і, хоць і належым да розных хрысціянскіх Цэркваў і супольнасцяў. Прытрымліваючыся прынцыпу аўтаномнасці Царквы і дзяржавы (пар. GS 36), мы, тым не менш, не абыякавыя да выклікаў сучаснага свету. Царква, хоць і не з гэтага свету, але яна ў ім.

У сваёй першай энцыкліцы Deus caritas est — «Бог ёсць любоў» — Папа Бэнэдыкт XVI піша, што Касцёл не можа і не павінен браць на сябе цяжар удзелу ў палітычнай барацьбе, каб дамагацца ўтварэння максімальна справядлівага грамадства. Ён не можа і не павінен замяшчаць сабою дзяржаву. У той жа час ён не павінен заставацца ў баку, але мусіць быць зацікаўлены ў дасягненні справядлівасці дзякуючы асвеце розуму і волі ў адпаведнасці з патрабаваннямі супольнага дабра (пар. DCE 28).

Сёння ўсіх нас аб’ядноўвае добрая задума пошуку шляхоў прымірэння і развіцця братніх адносінаў у нашым еўрапейскім доме. Суседзяў не выбіраюць, ім трэба жыць разам і таму неабходна шукаць свой, адпаведны патрабаванням і выклікам часу modus vivendi — лад жыцця. У духу ўсёдаравальнай хрысціянскай любові мы сабраліся ў сталіцы Беларусі, прыгожым горадзе Мінску. Аб’яднаныя за адным сталом, мы ў знак прымірэння падаем адзін аднаму рукі. Занепакоеныя праблемамі нашага часу, мы разам шукаем адказу на яго небяспечныя выклікі.

Нам сапраўды ёсць над чым паразважаць. Сучаснаму свету ўласцівая вялізная культурная, антрапалагічная, этычная і духоўная нявызначанасць, якая пераходзіць у працяглы крызіс. Грамадства, якое імкліва секулярызуецца, асабліва ў Еўропе, прымушае нас пачуць новы заклік Святога Духа і рашуча сустрэцца тварам у твар з новымі выклікамі, — падкрэсліваў Папа Ян Павел ІІ (пар. EiE 3).

Наш час «паліткарэктнасці» і рэлятывізму часта выглядае як час разгубленасці. Многія людзі дэзарыентаваныя, не ўпэўненыя ў сабе і ў сваіх сілах, згубілі надзею, расчараваныя, стаміліся ад бясконцых зменаў, якія часта ні да чаго не вядуць. Усё гэта нярэдка выклікае настальгію па мінулых часах. Асабліва небяспечныя з’явы — гэта адмаўленне ад хрысціянскіх каранёў, хрысціянскай памяці і спадчыны, размыццё хрысціянскіх каштоўнасцяў, што вядзе да жыццёвага агнастыцызму і рэлігійнай абыякавасці. На жаль, усё больш людзей у нашых краінах жыве так, як быццам Бога няма.

Насцярожвае і тое, што паўсюдна робяцца спробы стварыць Еўропу, якая ігнаруе рэлігійную спадчыну, пазбавіўшы яе хрысціянскай душы. Прычым усё гэта робіцца ў імя правоў чалавека, але разам з тым тыя, хто гэта робіць, забываюцца «прышчапіць» гэтыя правы да іх камля, па якім цячэ жыццядайны сок хрысціянства. Цяжка зразумець, чаму Еўрапейскі Саюз, 82 % насельніцтва якога складаюць хрысціяне, не жадае ўключыць у прэамбулу сваёй Канстытуцыі ўспамін пра Бога і хрысціянскія каштоўнасці. Еўропа ж вырасла з хрысціянства!

Сёння існуе рэальная небяспека таго, што пад націскам секулярызму і з-за ўкаранення маральнага рэлятывізму, які становіцца чымсьці накшталт новага вызнання веры, хрысціянства можа застацца толькі здабыткам гісторыі. Сучасны чалавек вельмі часта няздольны спалучыць Евангельскую вестку са сваім штодзённым жыццём. Усё цяжэй практыкаваць веру ў Бога ў сацыяльным і культурным асяроддзі, у якім яна сутыкаецца з пастаяннымі выклікамі і нават пагрозамі. Часам лягчэй і прасцей быць агностыкам, чым веруючым.

Пачынае складвацца ўражанне, што нявер’е само па сабе зразумелае і прымальнае, а вера патрабуе своеасаблівай сацыяльнай легітымізацыі. Бо парламенты многіх еўрапейскіх дзяржаваў большасцю галасоў бессаромна прымаюць законы, якія супярэчаць Божаму Закону. Напрыклад, зусім нядаўна — 16 красавіка — Парламенцкая Асамблея Савета Еўропы (ПАСЕ), якая так шмат гаворыць пра правы чалавека, заклікала да поўнай легалізацыі абортаў у тых краінах кантынента, дзе яны ўсё яшчэ застаюцца па-за законам, большасцю галасоў ухваліўшы на пленарным пасяджэнні адпаведны дакумент. Адбываецца абуральнае аддзяленне закона ад маралі.

У наш час існуе нездаровая тэндэнцыя спажывальніцтва і спадзявання на эканамічнае развіццё, а таксама на прагрэс навукі і тэхнікі. У сувязі з гэтым вельмі павучальна гучаць словы Папы Бэнэдыкта XVI, які ў сваёй энцыкліцы Spe salvi — «Збаўленыя ў надзеі» — недвухсэнсоўна падкрэслівае, што чалавек не з’яўляецца толькі прадуктам эканамічных умоваў і што яго духоўнае аздараўленне немагчымае выключна звонку, гэта значыць, дзякуючы зручным эканамічным умовам жыцця.

Разам з крытыкай секулярнага часу неабходна і самакрытыка хрысціянства, якое павінна нанава вучыцца разумець сябе, вяртаючыся да сваіх каранёў. Неабходна таксама памятаць і пра тое, што надзея на вырашэнне ўсіх праблемаў, якая ўскладаецца на развіццё навукі і тэхнікі, не апраўдала сябе. Сёння выразна відаць два вектары чалавечага прагрэсу. Без сумнення, ён прапануе шмат добрага, але, у той жа час, адкрывае новыя магчымасці для распаўсюджвання зла — магчымасці, якіх раней проста не было, напрыклад, такія, як зброя масавага знішчэння, выкарыстанне навуковых дасягненняў у падрыхтоўцы тэрарыстычных актаў, праблемы кланавання і гэтак далей. Сёння мы ўсе становімся сведкамі таго, як прагрэс навукі ў нядобрасумленных руках становіцца прагрэсам зла. Калі навуковы прагрэс не ідзе поруч з прагрэсам у этычнай фармацыі чалавека, тады ён з’яўляецца не прагрэсам, а пагрозай для чалавецтва (паp. SS 21).

Існуе і іншая вельмі небяспечная тэндэнцыя — тэндэнцыя да так званай «прыватызацыі» веры, калі папулярызуецца ідэя пра тое, што вера — гэта прыватная справа чалавека і таму яна не можа мець праяваў у грамадстве. Падчас нядаўняга візіту ў Злучаныя Штаты Амерыкі Папа Бэнэдыкт XVI сустракаўся з амерыканскімі біскупамі. У сваёй прамове Святы Айцец падкрэсліў адказнасць хрысціянаў і заклікаў іх да публічнага сведчання сваёй веры: «Неабходна супрацьстаяць усялякай тэндэнцыі лічыць рэлігію выключна прыватнаю справаю. Толькі калі Евангеллем будуць прасякнуты ўсе аспекты жыцця, хрысціяне стануць па-сапраўднаму адкрытымі для яго ператваральнай сілы.

Хрысціянскія сімвалы ў грамадскіх месцах — там, дзе яны знаходзіліся шмат стагоддзяў, — аказваецца, ужо непатрэбныя і непажаданыя, бо яны, маўляў, абражаюць пачуцці няверуючых ці вызнаўцаў нехрысціянскіх рэлігій. Але чаму ніхто не клапоціцца пра пачуцці людзей, якіх абражае рэклама алкаголю, тытунёвых вырабаў, абартыўных клінік, а таксама прапаганда насілля, тэрарызму, амаральнасці, высмейванне сужэнскай вернасці і цнатлівасці ў сродках масавай інфармацыі? Ці гэта таксама толькі «прыватная справа»? Ці гэтага не бачаць і не чуюць іншыя, у тым ліку дзеці і моладзь?

Усяму гэтаму спадарожнічае страх перад будучыняй, унутраная спустошанасць, страта сэнсу жыцця, пачуццё самоты і роспачы, паглыбленне падзелаў і абвастрэнне канфліктаў, крызіс сям’і, з’яўленне праблемаў біяэтыкі, уздым ксенафобіі, этнічных, міжканфесійных і міжрэлігійных канфліктаў, эгаізму, ігнаравання этычных прынцыпаў. Пашырэнне працэсаў глабалізацыі без уліку прынцыпаў маральнасці і сацыяльнай справядлівасці можа прывесці да павелічэння колькасці бедных і яшчэ больш абвастрыць сацыяльную напружанасць. У выніку распаўсюджвання індывідуалістычных тэндэнцый слабне пачуццё салідарнасці паміж людзьмі.

Акрамя таго, тэндэнцыя разглядаць чалавека асобна ад Бога вядзе да таго, што чалавек успрымаецца як абсалютны цэнтр сусвету і быцця і, у выніку, займае месца Бога. Усё гэта стварае клімат, спрыяльны для развіцця нігілізму, маральнага рэлятывізму, лібералізму, геданізму і прагматызму. Сучасная цывілізацыя нібы запала ў «маўклівую апастазію» — адступніцтва.

На нашых вачах узнікае новая цывілізацыя, на якую моцны ўплыў маюць сродкі масавай інфармацыі, чый змест і характар часта супярэчаць маральным каштоўнасцям і годнасці чалавечай асобы. Ёй уласцівае распаўсюджанне рэлігійнага агнастыцызму, маральнага і юрыдычнага рэлятывізму, а таксама «культуры смерці» (пар. EiE 7–9).

Кіраўнік Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскай Патрыярхіі Мітрапаліт Смаленскі і Калінінградскі Кірыл кажа, што еўрапейская інтэграцыя грунтуецца не на хрысціянскай дактрыне, а на палітычным і эканамічным прагматызме, які выкарыстоўвае ідэі ліберальна-гуманістычнага светапогляду. Новы «герой нашага часу» — гэта жывая інструкцыя са сферы бязбожнай антрапалогіі. Уся яго жыццёвая філасофія абмежавана добра вядомым лацінскім выразам carpe diem — «схапі дзень», гэта значыць, карыстайся жыццём, пакуль маеш час.

Выйсце з гэтага надзвычай складанага становішча людзі часта шукаюць у абяцаным навукаю і тэхнікаю раі на зямлі, спажывальніцтве, задавальненнях, наркотыках, розных праявах міленарызму, нетрадыцыйных рэлігіях, эзатэрычных вучэннях, варажбе і эзарэтыцы, рухах накшталт «Нью Эйдж» і г. д. Аднак, як паказвае жыццё, усё гэта толькі ілюзія, якая лопаецца, нібы мыльная бурбалка, і не ў стане задаволіць імкненне чалавека да шчасця, што крыецца ў ягоным сэрцы.

Гаворачы пра еўрапейскія праблемы, Папа Ян Павел ІІ вучыць, што Еўропе патрэбна рэлігійнае вымярэнне. Каб быць «новаю», падобнай да «новага горада», як святы Ян Багаслоў называе нябесны Ерузалем (пар. Ап 21, 2), яна павінна адкрыцца для дзеяння Бога. Нельга пабудаваць больш справядлівы і дастойны чалавека свет без усведамлення таго, што чалавечыя намаганні марныя, калі ім не спадарожнічае дапамога звыш, бо «калі Пан не збудуе дома, дарэмна працуюць будаўнікі» (Пс 127 (126),1). Для таго, каб будаваць Еўропу на трывалым падмурку, неабходна звяртацца да сапраўдных каштоўнасцяў, якія грунтуюцца на ўсеагульным маральным законе, запісаным у сэрцы кожнага чалавека (ср. EiE 116).

Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Алексій ІІ падкрэслівае, што абавязак хрысціяніна ў тым, каб заставацца верным хрысціянскай спадчыне, а не прыстасоўвацца да патрабаванняў лаіцызаванага свету.

Сярод мноства прапанаваных спосабаў аздараўлення сучаснага свету, яго духоўнага ажыўлення і амаладжэння на першае месца варта паставіць вяртанне да хрысціянскіх каранёў, да заўжды жывога і актуальнага духу Евангелля. Гэта — задача не толькі кожнай асобна ўзятай Царквы ці царкоўнай супольнасці, але таксама сумесная задача ўсіх хрысціянаў, каб ва ўмовах маральнага і рэлігійнага плюралізму сумесна вызнаваць і абвяшчаць праўду пра Хрыста — адзінага Адкупіцеля свету.

Таму абавязак экуменічнага супрацоўніцтва паўстае перад намі як неадкладны імператыў. Лёс новай евангелізацыі, ці рэевангелізацыі, будзе залежаць ад нашых супольных намаганняў, ад таго, як мы будзем разам і салідарна сведчыць пра маральныя каштоўнасці і абараняць іх. Ад таго, ці будзем супрацьстаяць секулярным тэндэнцыям сучаснасці, што ставяць чалавека на месца Бога і схіляюць яго жыць так, як быццам Бог наогул не існуе; як будзем ставіцца да таго, што рэлігія ўсё часцей зводзіцца да прыватнай сферы жыцця чалавека ці выпіхваецца на яго перыферыю. Ад таго, як будзем абараняць устаноўлены Богам інстытут сям’і як адзіны саюз паміж мужчынам і жанчынаю, а таксама права на жыццё як найкаштоўнейшы дар Божы. Ад таго, як будзем ставіцца да праблемаў біяэтыкі і геннай інжынерыі. Клапоцячыся пра правы чалавека, ці не будзем мы забывацца пра права жыць у адпаведнасці са сваімі рэлігійнымі перакананнямі? Ці выступім разам у абарону правоў вернікаў не дапусціць прымання, няхай сабе нават дэмакратычным шляхам, законаў, што супярэчаць Божаму і натуральнаму праву? Ці будзем салідарна вырашаць экалагічныя праблемы, што захлістваюць нашую планету, і г. д.?

Свету, які загразнуў у багне амаральнасці і апынуўся пад пагрозаю небяспечнейшых выклікаў сучаснай постмадэрнісцкай цывілізацыі, што характарызуецца лаіцызацыяй і дэсакралізацыяй, патрэбны супольны і салідарны ўдзел усіх хрысціянаў, каб даць на іх адказ. Задача евангелізацыі ўключае ў сябе збліжэнне і сумесную дзейнасць усіх хрысціянаў, якая павінна сыходзіць знутры: евангелізацыя і адзінства непарыўна звязаныя адно з адным, — кажа Ян Павел ІІ (пар. EiE 54). А Папа Павел VI, звяртаючыся да Сусветнага Патрыярха Афінагора І, заклікаў, каб Святы Дух вёў нас шляхам прымірэння, аж пакуль адзінства нашых Цэркваў не стане непагасным знакам надзеі і суцяшэння для ўсяго чалавецтва (ср. EiE 54).

Кажуць, што ХХІ стагоддзе будзе векам веры або яго наогул не будзе. Чалавецтва, якое адмаўляе Бога і Ягоны Закон, знаходзіцца на краі бездані. Здаецца, што ўжо няма збаўлення, што чалавечыя дасягненні павярнуліся супраць самога ж чалавека, што катастрофа непазбежная. Але заўсёды застаецца надзея, нават насуперак надзеі (пар. Рым 4, 18). І гэтая надзея — у Хрысце. Хоць часам нам можа здавацца, як здавалася вучням у аповедзе пра суцішэнне навальніцы на моры (пар. Мк 4, 35–41), што Хрыстус заснуў і пакінуў свой карабель на волю раз’юшаных хваляў, аднак гэта не так. Нашыя Цэрквы і царкоўныя супольнасці павінны няспынна ўмацоўвацца ва ўпэўненасці ў тым, што Пан Бог у дары Святога Духа прысутнічае ў іх, таксама, як прысутнічае і ў гісторыі ўсяго чалавецтва. Ён працягвае сваю місію, перамяняючы нашыя Цэрквы і супольнасці і спасылаючы нам новыя знакі надзеі. Трэба толькі дазволіць Яму дзейнічаць, бо Хрыстус — гэта надзея, а мы збаўленыя ў надзеі (пар. Рым 8, 24). Ён дорыць вечнае жыццё.

Ён — «Слова жыцця» (1 Ян 1, 1). Ён паказвае, што сэнс жыцця чалавека не абмяжоўваецца толькі гэтым светам, але скіраваны да вечнасці.

У сувязі з гэтым Папа Бэнэдыкт XVI падкрэслівае, што адрознаю асаблівасцю хрысціянаў з’яўляецца тое, што яны маюць будучыню. Хоць ім і невядомы будучы лёс, тым не менш яны ведаюць, што іх жыццё не заканчваецца пусткаю. Толькі тады, калі ёсць упэўненасць у будучыні як у пазітыўнай рэальнасці, можна жыць у сучаснасці (пар. SS 2).

Таму роля Цэркваў і царкоўных супольнасцяў у тым, каб стаць светачам у змроку секулярнага, поўнага выклікаў свету; стаць соллю, што будзе захоўваць свет ад псавання грахом; стаць якарам надзеі і збаўлення для сучаснага чалавека.

Іх найпершае і асноўнае заданне — стаць салідарнаю апораю маральнасці, абараняць хрысціянскія і агульначалавечыя каштоўнасці, абараняць найкаштоўнейшы Божы дар жыцця і інстытут сям’і, лячыць самую трагічную ў гісторыі чалавецтва «эпідэмію» — эпідэмію бязбожнасці. Гэтае «лячэнне», аднак, павінна быць сістэматычным і салідарным, няспынным і міласэрным, настойлівым і бескампрамісным.

Мы павінны аднымі вуснамі і адным сэрцам нястомна абвяшчаць і абараняць праўду Евангелля. Таму станьма вуснамі Пана, якія абвяшчаюць Добрую Навіну. Станьма Ягонымі рукамі, якія благаслаўляюць, робяць учынкі міласэрнасці і абдымаюць кожнага чалавека паасобку і ўсіх разам. Станьма Ягонымі нагамі, якія нясуць Евангелле збаўлення ўсім народам, каб свет паверыў, атрымаў новую надзею і будаваў цывілізацыю, вартую чалавека, бо нашае жыццё павінна абапірацца не на амаральныя «еўразаконы», а на непрамінальныя, непахісныя прынцыпы Дэкалогу і Евангелля.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY