Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(44)/2008
Галерэя
Год Божага слова

Ad Fontes

Пераклады
Нашы святыні

Гісторыя

На кніжнай паліцы

ВЕРА & CULTURA

Паэзія


Пераклады

Гісторыя

Сведчаць архівы

Кніжныя скарбы

Мастацтва

Мінск. Гравюра 1772 г.
Аляксей ЯРОМЕНКА

МІНСКАЯ ФАРА

План Мінска 1793 года добра вядомы вучоным, даследчыкам, а таксама тым, хто проста цікавіцца гісторыяй нашай сталіцы. І ўсё ж, калі чарговы раз углядваешся ў яго, узнікаюць асаблівыя пачуцці... Сетка вуліц і вулачак, якія падзяляюць горад на кварталы... Многія з іх ёсць і сёння, толькі называюцца па-іншаму. Выгін Свіслачы, які амаль не змяніўся... Сама тэрыторыя горада, зусім немаленькая на тыя часы, і такая невялікая ў параўнанні з сённяшнім вялізным мегаполісам: да вул. Гарадскі вал на захад (а як жа ёй яшчэ называцца — вось яна, лінія вала, агінае горад з захаду на поўдзень, прыкладна да сённяшняй вул. Карла Маркса); крыху далей за вуліцы Варвашэні і Казлова на ўсход і паўночны ўсход, заканчваецца ж тэрыторыя горада за старажытным замчышчам на поўначы.

Вось вялізны корпус езуіцкага калегіума — ён займае ўвесь квартал... Сёння захаваўся толькі касцёл — нашая прыгажуня катэдра. Вось комплекс бернардынскіх кляштараў, яны даволі добра захаваліся — цяпер тут праваслаўны кафедральны сабор, архіў, вядзецца будаўніцтва... «Нічога каталіцкага — проста бізнес». Вось кляштары дамініканаў, францішканаў, бэнэдыктынак і бэнэдыктынцаў, кармэлітаў... Ад гэтых не засталося і следу. А ў тым маленькім Мінску, які па дыяганалі не пераўзыходзіў даўжыні дзвюх станцый сённяшняга метро, было 11 рыма-каталіцкіх кляштараў! А яшчэ ж мар’явіткі, рахіты, баніфратры... Ды тры базыльянскія кляштары...

А вось і яна — мінская фара, самы старажытны, самы першы касцёл у горадзе... Крыху ўбок, у паўночна-ўсходняй частцы Мінска, за ракою, каля «дарогі на Маскву» — цяпер вул. Максіма Багдановіча, там, дзе сёння сквер каля опернага тэатра. Чаму ж не ў самым цэнтры? Выселкі?!.. Не! Гэта сёння стала звыкла, «дзеля зручнасці», каб было як мага бліжэй да дома, чым хутчэй, з пад’езда ў пад’езд... А паўтысячагоддзя таму да СВЯТЫНІ павінна была весці ДАРОГА, бо ахвяра БОГУ пачыналася з паломніцтва, трэба было прайсці ШЛЯХ...

План Мінска 1793 года.

Зноў углядаемся ў карту 1793 года. Прамавугольная апсіда фарнага касцёла кананічна арыентаваная на ўсход, а дакладней — на паўночны ўсход, верагодна, для таго, каб бакавы фасад быў паралельны вуліцы Віленскай1. Пры алтарнай частцы выступаюць два «квадрацікі» — гэта сакрыстыі. Яшчэ два «квадрацікі» каля ўваходу — гэта капліцы-вежачкі. Паміж імі яшчэ «квадрацік» — гэта ўваходны бабінец. Тэрыторыя вакол святыні — касцёльны цвінтар — даволі вялікая, на ёй не паказаныя ніякія забудовы. Але, хутчэй за ўсё, гэта ўмоўнасць — дзесьці павінна была быць і плябанія з гаспадарчымі прыбудовамі, і месца для пахавання, і, магчыма, садок з дрэвамі. Касцёл драўляны і адносна невялікі, калі параўнаць яго план з планамі езуіцкага або бернардынскіх касцёлаў, і тым больш самага велічнага — дамініканскага. Але гэта САМЫ ПЕРШЫ касцёл у нашым горадзе.

Фрагмент плана з парафіяльным (фарным) касцёлам Найсвяцейшай Тройцы.

Паводле падання, фарны касцёл быў заснаваны ў Мінску яшчэ ў 1390 г. самім Уладзіславам Ягайлам, незадоўга да гэтага — вялікім князем літоўскім, а ў гэтым годзе ўжо чатыры гады як польскім каралём2. Некаторыя матэрыялы згадваюць святыню ў 1460 г. або каля гэтай даты, калі касцёлу быў перададзены ва ўладанне фальварак Чурыловічы, які знаходзіўся на поўдзень ад горада. Існаванне ў гэты час каталіцкай святыні звязваюць і з фальваркам Плябанцы «за тры мілі ад горада». Інвентар фары за 1807 г. таксама сцвярджае, што святыня была заснаваная гадоў 400 таму. Але нават калі гэта не толькі легенда (сапраўды, цяжка ўявіць, каб у горадзе, які яшчэ ў 1444 г. быў названы ў каралеўскай грамаце адным з найбольш развітых гарадоў Вялікага Княства Літоўскага і ў хуткім часе стаў цэнтрам ваяводства, не было каталіцкай святыні), першы мінскі касцёл згарэў разам з горадам у 1505 г., калі татарскае нашэсце спаліла горад дашчэнту (1, 2, 3, 7, 9-г).

Гісторыкі ж за дакументальна пацверджаную згадку пра мінскі фарны касцёл прымаюць 1508 год, калі ён быў пабудаваны з дрэва і асвечаны пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы. Святыню ўзвялі на ўзгорку на левым узбярэжжы Свіслачы, адкуль яна была добра бачная амаль з кожнай кропкі Мінска. Таму ўзгорак і атрымаў назву Траецкая гара, а ўтульнае гарадское прадмесце, што раскінулася каля яго падножжа і стала адной з візітовак сталіцы, — Траецкае прадмесце. Сёння католікі беларускай сталіцы святкуюць 500-гадовы юбілей менавіта гэтай даты — заснавання мінскай фары (6, 9-а,-б).

Касцёл Найсвяцейшай Тройцы і святога Роха на Залатой Горцы — пераемнік тытула фарнага касцёла.

Акрамя тытула Найсвяцейшай Тройцы мінская фара ў архіўных дакументах згадваецца і пад тытулам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, а ў 1632 г. — пад тытулам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і Міхала Арханёла3. Святыня была пабудаваная яе тагачасным пробашчам ксяндзом Мікалаем4. Пра знешняе аблічча касцёла вядома толькі тое, што ён быў крыжападобным у плане, пабудаваны з дрэва, пакрыты гонтаю. Пры касцёле дзейнічаў шпіталь, дзе брацтва, аднайменнае з тытулам святыні, даглядала нямоглых (8, 9-в,-д).

Апошні драўляны будынак «касцёла фарнага пад тытулам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ... на мінскім прадмесці Траецкая гара каля вуліцы Віленскай» быў узведзены на самым пачатку XVIII стагоддзя. Ігнацы Ходзька ў сваім рукапісе прыводзіць і дакладную дату — 1720 год. На жаль, даследчыкамі пакуль што не выяўлена ніякіх графічных адлюстраванняў фары, ды і паводле нядаўна вынайдзенай гравюры Мінска 1772 г. цяжка сказаць, якая з дамінантаў у панараме горада належыць ёй.

Але вось як апісаная святыня ў інвентарах 1784 і 1807 гг.: «в крест кавалерский будованы, гонтами крытый5 ... с двумя спереди каплицами четырехгранными «с лавками для выгоды христиан, слухающих набоженствы», по левой стороне — св. Тадевуша, по правой — св. Антония, над которыми 2 вежачки с крестами. В середине купол округлый большой, под крестом дюжим». Уваход у касцёл пазначаўся «крыльцом на 2 колоннах», над нартэксам былі хоры з арганам «о 7 голосах», 2 сакрыстыі фланкавалі прэзбітэрый. У галоўным алтары, упрыгожаным залочанаю разьбою, быў абраз Найсвяцейшай Тройцы, якая карануе Найсвяцейшую Панну Марыю, у срэбнай шаце і ў атачэнні залочаных статуй святых Яна і Мацвея Евангелістаў. Бакавыя алтары размяшчаліся ў тарцах крылаў трансепта (таму іх называлі таксама капліцамі): правы бакавы алтар быў прысвечаны Пану Езусу — тут быў устаноўлены крыж, у левым быў абраз Маці Божай з Дзіцяткам на руках (3, 9-б,-г).

Мінск, XVII ст. Верхняе места. Мастацкая рэканструкцыя Міколы Купавы.

Паміж касцёламі бернардзінак і бернардзінцаў у далечыні, на Траецкай гары, знаходзіўся фарны касцёл Найсвяцейшай Тройцы.

Званіца стаяла асобна ад касцёла, была таксама драўлянаю, трох’яруснай, з маленькім купалам. «За 50 крокаў» ад святыні стаяла плябанія з «халоднымі гаспадарчымі забудовамі» (9-а,-г).

Парафіяльныя могілкі знаходзіліся за горадам, на т.зв. Залатой Горцы, дзе ў 1796 г. была ўзведзена драўляная капліца, асвечаная пад тытулам Усіх Святых. Апроч таго, больш чым пяцітысячная парафія мінскай фары абслугоўвалася філіяльнымі касцёламі ў Анопалі і Халаўшчызне (цяпер Раўбічы), а таксама капліцамі ў Лошыцы і Скарынічах. Пры троіцкай парафіі дзейнічала брацтва «Шчаслівай смерці», заснаванае пробашчам Панцаржынскім у 1709 г. (9-б,-в).

14 жніўня 1809 г. моцны пажар, які разбушаваўся ў Мінску, знішчыў будынак старажытнай фары, такім чынам, у наступным годзе можна згадаць і сумны юбілей — 200-годдзе з дня гібелі першай каталіцкай святыні горада. На ранейшым месцы касцёл так і не адрадзілі...

Аднак парафія Найсвяцейшай Тройцы працягвала існаваць. З 1832 па 1840 гг. тытул Свята-Троіцкага насіў касцёл, які належаў да зачыненага дамініканскага кляштара і стаў у той час парафіяльным. Пасля таго як гэтая святыня таксама была зачыненая, набажэнствы перанеслі ў капліцу на могілках, што на Залатой Горцы, якая ў 1842 г. была ўзведзена ў ранг парафіяльнага касцёла Найсвяцейшай Тройцы. А неагатычны касцёл, пабудаваны на месцы драўлянай капліцы і асвечаны пад старажытным тытулам у 1864 г., дзейнічае і сёння (9-а).

 
ЛІТАРАТУРА І КРЫНІЦЫ

1. Ks. J. Żyskar. Nasze kościoły. Warszawa, 1913.
2. Ochmański J. Biskupstwo Wileńskie w średniowieczu: Ustrój i uposaźenia. Poznań. 1972.
3. Ignacy Borejko Chodźko. Diecezja Mińska około 1830 roku. T 1–2. Wyd. Marian Radwan. Lublin. 1998.
4. Архiтэктура Беларусi. Энцыклапедычны даведнiк. Мн.,1993.
5. а — А. М. Кулагін. Праваслаўныя храмы на Беларусі. Мн., 2007.
    б — А. М. Кулагін. Каталіцкія храмы на Беларусі. Мн., 2008.
6. Ул. Дзянiсаў. а — Касьцёл сьв. Сымона i сьв Алены. Мн., 1996.
    б — Площадь Свободы в Минске. Мн., 1985.
7. Энцыклапедыя гiсторыi Беларусi. Мн., 1994–2001.
8. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. 24. воп.1, спр.: 468. Акт агляду мінскага касцёла і парафіі кс. Грыгорыем Тышкевічам. Інвентарнае апісанне мінскага фарнага касцёла. 1636 г.
9. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. 1781. воп.26, спр.:
    а — 1497. Візітнае апісанне мінскага касцёла Найсвяцейшай Тройцы на Залатой Горцы за 1908 г.
воп.27, спр.:
    б — 220. Інвентары касцёлаў і парафіяў Мінскага дэканата за 1782–1790 гг.
    в — 256. Візіты касцёлаў белага і законнага духавенства Мінскага павета і губерні за 1797 г.
    г — 311. Інвентары парафіяў і касцёлаў Мінскага павета за 1807–1810 гг.
воп. 32, спр.:
    д — 3. Ведамасць касцёлаў Мінскай губерні. 1806 г.

 


  1. На плане Мінска 1793 года вуліца называецца «дарогаю на Маскву». Інвентарнае апісанне мінскай фары за 1807 г. згадвае яе як Віленскую («дарога на Вільню» з Мінска XVIII ст. праходзіла крыху на поўнач адсюль і дагэтуль называецца вул. Старавіленскай). Пад канец ХІХ ст. вуліца насіла назву Аляксандраўскай, потым — М. Горкага, а цяпер, як ужо згадвалася, перайменаваная ў гонар М. Багдановіча.
  2. А. М. Кулагін у сваёй вядомай кнізе «Каталіцкія храмы Беларусі», спасылаючыся на яшчэ больш вядомую кнігу «Нашы касцёлы» кс. Ю. Жыскара, прыводзіць дату знішчэння той першай святыні пажарам — 14 жніўня 1409 года. Але гэта, хутчэй за ўсё, памылка, бо мінская фара сапраўды згарэла, але 14 жніўня 1809 г. (6, 9-а).
  3. У суседнім квартале, бліжэй да ракі, з ХVІ ст. была вядомая царква Святой Тройцы, парафія якой адна з першых у Мінску прыняла Унію ў апошнія гады таго ж стагоддзя. У 1630 г. пры царкве быў заснаваны манастыр базыльянак. Будынкі яго корпусаў і сёння складаюць частку комплексу 2-й гарадской клінічнай больніцы. Але як рыма-каталіцкі касцёл «дзяліўся» тытулам з грэка-каталіцкім, яшчэ не выяўлена (4, 5-а).
  4. Яго прозвішча ў дакуменце напісана неразборліва, выразна відаць толькі першая літара «М».
  5. У 1762 г. гонтавае пакрыццё было заменена, наступны раз гонтавы дах абнаўляўся ў 1796 годзе (9-б,-г).


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY