|
|
№
1(47)/2009
Галерэя
Год святога Паўла
Інтэрв’ю
Ad Fontes
Пераклады
Magisterium
ВЕРА & CULTURA
Роздум
Паэзія
Мастацтва
Нашы святыні
In memoriam
Ніл ГІЛЕВІЧ
СЛОВА ПРА НЕЗВЫЧАЙНУЮ ЛІРА-ЭПІЧНУЮ ПАЭМУ НІНЫ МАЦЯШ «ГАРНУСЯ!», ЯКУЮ ЯНА ПІСАЛА АМАЛЬ ТРЫЦЦАЦЬ ПЯЦЬ ГАДОЎ Вачыма візітатара
|
Патрыярх роду, бацька Луцыі, Вінцэнт Балзукевіч (1835–1907), быў скульптарам-самавукам і працаваў як рамеснік у драўлянай сакральнай скульптуры, аздабляючы касцёлы Беларусі і Літвы. Адораны Панам Богам мастацкімі здольнасцямі і ўражлівым сэрцам, бацька рана заўважаў парасткі таленту ў сваіх дзяцей, рупіўся пра іх развіццё і дбаў пра добрую адукацыю. Старэйшы брат Луцыі Юзаф Балзукевіч (1866–1915) скончыў Школу малюнка ў Вільні, навучаўся ў Пецярбургскай акадэміі мастацтваў, а пасля вяртання ў Вільню выкладаў рысунак у Школе мастацкіх рамёстваў Юзафа Мантвіла. Працягваючы бацькоўскую традыцыю, ён працаваў у сакральным жывапісе, пісаў таксама пейзажы, партрэты, інтэр’еры касцёлаў, жанравыя сцэнкі, займаўся выкладчыцкай дзейнасцю. Універсальныя мастацкія здольнасці прыдаліся яму пры рэстаўрацыі старажытных абразоў. Менавіта Юзаф Балзукевіч рэстаўраваў абразы Шымана Чаховіча ў віленскім касцёле св. Рафала.
Луцыя была ў сям’і малодшай. Услед за братамі яна прыйшла ў скульптурную майстэрню бацькі, дзе распачала сваю мастацкую адукацыю. У 1906 г. дзяўчына запісалася ў віленскую Школу малюнка, якой у той час кіраваў Іван Рыбакоў, выхаванец Пецярбургскай акадэміі мастацтваў, аўтар вядомых у Вільні рэалістычных пейзажаў. Пасля рэформы Школы, да якой прычыніўся Ю. Мантвіл, у ёй, як і раней, у першыя тры гады выкладалі тэорыю перспектывы, гісторыю мастацтва і анатомію, а ў дададзены чацвёрты год навучання праходзілі спецыялізацыю — рысунак з натуры, акварэль і алейны жывапіс, скульптуру, архітэктурную графіку, тэхнічны чарцёж, роспіс па дрэве і парцаляне. Школа рыхтавала як рамеснікаў, так і мастакоў. У Школе працаваў выкладчыкам брат Луцыі Юзаф. З 1904 г. у Школе дазволілі выкладанне на польскай мове, што садзейнічала прытоку мясцовых маладых талентаў, якіх штогод навучалася каля 360.
Але ў 1907 г. для Луцыі адкрываюцца новыя магчымасці: пры падтрымцы брата Баляслава яна на тры гады выязджае ў Парыж, каб стаць вучаніцай вядомай польскай мастачкі, прадстаўніцы «Mіodej Polski» Вольгі Базнаньскай. У Парыжы старанная маладая мастачка капіявала шмат твораў старых майстроў у экспазіцыі Луўра, працавала ў майстэрні, назірала за працаю старэйшых калегаў і мэтраў, уважліва праглядала творы на мастацкіх выставах, прыслухоўвалася да шумных размоваў на тэмы мастацтва, культуры і патрыятызму ў колах шматлікай парыжскай калоніі выхадцаў з земляў былой Рэчы Паспалітай. Каля 1912 г. Луцыя вярнулася ў родную Вільню, з якой ужо не раставалася да свайго выезду ў Польшчу ў 1946 годзе. Прафесійнае мастацкае жыццё Луцыі Балзукевіч было напружаным і плённым. Яна працавала ў партрэтным і пейзажным жывапісе, кветкавым нацюрморце, пісала інтэр’еры архітэктурных помнікаў, займалася сакральным жывапісам. Яе творы з 1911 г. часта выстаўляліся ў Вільні. У 1914 г. Луцыя прадставіла сваю творчасць варшавянам у вядомым мастацкім салоне Фелікса Рыхлінга. У роднай Вільні, у міжваенны перыяд, яна ўдзельнічала ў вядомай выставе мастацтва і рамёстваў 1924 г., дзе экспанаваліся чатыры яе карціны, і выставе віленскіх мастакоў 1931 г., на якой гледачы ўбачылі восем яе твораў. Сярод архітэктурных інтэр’ераў Луцыі Балзукевіч ёсць напісаны ў 1913 г. «Помнік Тызенгаўзу ў фарным касцёле ў Гродне», які сведчыць пра тое, што мастачка прыязджала ў горад над Нёманам.
Луцыю Балзукевіч зацікавіў не так інтэр’ер знакамітага помніка архітэктуры барока, як помнік, прысвечаны славутай постаці, памяць пра якую заўжды жыла на Гродзеншчыне не толькі ў сэрцах людзей, але і ў тых буйнамаштабных горадабудаўнічых пераўтварэннях, што пакінуў пасля сябе граф Антоні Тызенгаўз, стварыўшы новы адміністратыўны, культурны і гаспадарчы цэнтр горада на Гарадніцы, пабудаваны з улікам архітэктурных навацый тагачаснай Еўропы. Мастачка падае помнік гродзенскаму рэфарматару ў рэалістычнай манеры. Памер палатна — 55 х 35 см, але, калі глядзіш на яго, ствараецца ўражанне манументальнага, буйнапамернага твора, што дасягаецца кампазіцыйнай пабудовай, у якой цэнтральнае месца адводзіцца выцягнутаму па вертыкалі помніку, прыбудаванаму да канструктыўнай апоры скляпення, што падзяляе ўнутраную прастору касцёла на цэнтральную і бакавую навы. Святло, што падае на помнік злева, высвечвае і падкрэслівае аб’ём мармуровай жаночай постаці і барэльефныя часткі абеліска. Больш асветленыя прасторы наваў па баках помніка паглыбляюць прастору карціны і падкрэсліваюць яе манументальнасць. Падобны эфект ствараюць і дзве прыступкі перад абеліскам, на гарызанталях якіх разліваецца святло з вокнаў бакавой навы. Колеравая гама карціны цёплая, стрыманая, пабудаваная з адценняў карычневага, ажыўленая дробнай жывапіснай прапрацоўкай асобных элементаў. Заўважная адсутнасць дэкаратыўнай каванай агароджы, да якой сёння ўсе прызвычаіліся і нават не ўяўляюць помнік без яе. Магчыма, агароджы яшчэ не было, а магчыма, мастачка прыбрала яе са сваёй кампазіцыі для надання большай выразнасці і манументальнасці ўсяму твору.
Каля 1910 г. Луцыя намалявала жанравую карціну «Падворак. Жанчына, якая корміць птушак», у якой гучаць каларыстычныя водгукі твораў вельмі папулярных у тыя часы на Гродзеншчыне і Віленшчыне мастакоў В. Вайса «Макі» і Г. Вейсенхофа «Поле макаў»: сіне-зялёная колеравая гама з дадаткам сонечнай жоўтай і яркай чырванню кветкаў мальвы. У Балзукевічавай амаль цэнтрычнай кампазіцыі, што разгортваецца вакол часткова спілаванага дрэва, на якім месціцца галубятня, пануе рух сярод стлумленых птушак, нахіленай постаці жанчыны, спалоханых, у палёце, галубоў і перакрыжаваных лініяў цэнтра кампазіцыі, створаных актыўнай дыяганаллю драбіны, прысунутай да галубятні, і сцежкі, лінія якой скіравана ў іншы бок. Пры гэтым дынаміка твора ўспрымаецца жывой, але не экспрэсіўнай. Дзякуючы плаўным лініям сцежкі, лёгка і мякка скрыўленаму плоту, ледзьве заўважнай дэфармацыі ў абрысах сонечнай драўлянай хаты пад старою пацямнелаю страхою. У гэтым творы банальны сюжэт праз сакавіты каларыт і арыгінальна пабудаваную дынамічную кампазіцыю стварае небанальны настрой. Партрэты, створаныя мастачкаю, вылучаюцца пачуццёвым пранікненнем у індывідуальнасць яе герояў, дэманструюць глыбокі эмацыянальны дыялог паміж аўтарам і мадэллю, адлюстроўваюць здольнасць аўтаркі да выяўлення сродкамі мастацкай мовы найбольш значнага ў асабовасці мадэлі, вакол чаго арганічна будуецца вобраз. Так, у партрэце В. Сляндзінскага, напісаным у 1913 г. ужо пасля смерці вядомага на Віленшчыне і Гродзеншчыне мастака ў другім пакаленні, вучня К. Русецкага, студзеньскага паўстанца, бацькі першага мэтра міжваеннага віленскага жывапісу Людаміра Сляндзінскага, Луцыя Балзукевіч перадае нам сваё жывое ўражанне пра гэтую магутную постаць. Сляндзінскі на гэтым партрэце не стары, прыгнечаны багатым жыццёвым досведам чалавек, а магутная асоба з праніклівымі і журботнымі вачыма, буйным носам і глыбокімі, але мяккімі па малюнку складкамі амаль праз усю шчаку, асоба, якая выпраменьвае духоўнае напружанне і моц. Агульны рэалістычны падыход да трактоўкі вобраза ахутваецца рухомай аўрай светлавых плямаў на твары, валасах, адзенні і фоне, што надае вобразу таямніцу і рамантычны настрой.
Абраз, заключаны ў дэкаратыўную разьбяную дубовую раму з выявамі лістоў дуба і жалудоў, звярнуў нашу ўвагу і заваражыў сваёю нязвыклаю стылёвасцю і прыгажосцю яшчэ ў 1994 годзе. Сюжэт абраза звязаны з цудам: Губерту падчас палявання з’яўляецца алень з залатым крыжам паміж рагамі, што прымусіла разгульнага арыстакрата кардынальна перамяніцца ў глыбокаверуючага духоўнага чалавека, якога за хрысціянскае дабрадзейнае жыццё пазней прызналі святым. Невядома, хто заказаў гэты абраз для касцёла, але натуральна, што выява св. Губерта з’явілася ў касцёле на мяжы Берштаўскай пушчы — месцы велікакняжацкіх паляванняў на Гродзеншчыне, дзе, між іншым, у 1496 г. падчас велікакняжацкіх ловаў быў напісаны і замацаваны асабістаю пячаткаю вялікага князя Аляксандра прывілей на магдэбурскае права гораду Гродна. Гэты гістарычны факт надае асаблівы сімвалічны характар абразу — адзінаму, які сёння вядомы ў нашым жывапісе, на сюжэт цуда св. Губерта, хаця культ св.Губерта быў вельмі распаўсюджаны не толькі сярод гродзенцаў, якія гарадскім святам штогод адзначалі дзень св. Губерта, але і сярод паляўнічых Гродзеншчыны, пра што сведчаць радкі паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш»:
Відавочна, што «Святы Губерт» Луцыі Балзукевіч працягвае традыцыі ХІХ ст., калі практычна кожны майстар жывапісу, ад Францішка Смуглевіча да Казіміра Альхімовіча, працаваў у сакральным жывапісе, ствараючы абразы, у якіх адлюстроўваў духоўныя пошукі нашага народа і стылістычныя навацыі часу. Пасля вайны Луцыя Балзукевіч жыла і пісала ў Любліне. Яе адзінкавыя, захаваныя з даваеннага перыяду творы, зберагаюцца нашчадкамі ў Варшаве і ў музейных зборах Вільні, Варшавы і Коўна. Захоўваюць багатую культурную спадчыну нашага народа, у тым ліку і творы мастачкі, касцёлы Гродзеншчыны, пра што сведчыць абраз «Святы Губерт», які, маем надзею, дапаможа нам успомніць таленавітую мастачку Луцыю Балзукевіч і вярнуць яе імя ў гісторыю беларускай культуры.
|
|
|